ГАЗЕТА «БЕЛАРУСКАЯ ВЁСКА» Ў ПРАЦЭСЕ САЦЫЯЛІЗАЦЫІ ВЯСКОВАГА НАСЕЛЬНІЦТВА 20-х гг.
20-я гады ХХ ст. увайшлі ў гісторыю БССР як перыяд аднаўлення і пабудовы новага грамадства. Насельніцтва вырашала надзвычай складаныя праблемы. Эканоміка краіны была знішчана вайной. Гарады разбураны. Сельская гаспадарка апынулася ў заняпадзе. Сацыяльнае і культурнае жыццё патрабавала змен.
Новая эканамічная палітыка, прынятая на Х з’ездзе РКП(б), дазволіла вывесці краіну з глыбокага эканамічнага крызісу. Запрацавалі прадпрыемствы, наладжвалася сельскагаспадарчая вытворчасць. Да прыкладу, «у 1925 г. у асноўным былі адноўлены даваенныя памеры пасяўной плошчы, ураджайнасць і валавы збор сельскагаспадарчых культур» [3, с. 101].
Адбываліся пазітыўныя змены ў палітычным жыцці. Умацоўвалася савецкая ўлада, знікала супрацьстаянне паміж нацыянальнымі сіламі і рэальнай уладай. Палітыка беларусізацыі спрыяла аднаўленню культурнага жыцця. Наладжвалася сістэма адукацыі, актыўна разгортвалася выдавецкая дзейнасць. Такім чынам, насельніцтва паступова прызвычайвалася да новых умоў.
У той жа час аднавіць неабходна было не проста разбураную гаспадарку, патрабавалася пабудаваць грамадства, якое ў поўнай меры адпавядала б задачам і інтарэсам савецкай ідэалогіі. Так, актуальным стала пытанне сацыялізацыі насельніцтва да новых умоў грамадскапалітычнага жыцця.
У разглядаемы перыяд пераўтварэнні ў значнай ступені закранулі менавіта вясковае насельніцтва. Па-першае, у вёсцы на пачатку 20-х гадоў пражывала больш за 80 % жыхароў Беларусі [2, с. 363]. Па-другое, узровень адукацыі дадзенай часткі грамадства быў адносна невысокі: у 1926 г. пісьменнасць склала 53 %, і толькі ў 1939 – 79 % [1, с. 350].
Менавіта вёска павінна была забяспечыць горад прадуктамі харчавання, а значыць, стаць трывалым падмуркам для развіцця прамысловасці.
Акрамя таго, вясковае насельніцтва неабходна было далучаць да актыўнага палітычнага і культурнага жыцця.
Агульнавядома, што менавіта сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць значную ролю ў працэсе фарміравання грамадскай свядомасці, асветы, адукацыі, павышэння агульнага культурнага ўзроўню насельніцтва.
На пачатку 20-х гг. гэтыя задачы ўскладваліся на газеты – практычна адзіную крыніцу інфармацыі, палітычнай асветы і адукацыі. Так, спецыяльнае выданне для сялянства спрыяла ўваходжанню сельскага насельніцва ў агульны працэс пабудовы сацыялістычнага грамадства, т. ч., ажыццяўляла сацыялізацыю (працэс фарміравання сацыяльных якасцей (ведаў, уменняў, каштоўнасцей) у новых умовах. 15 студзеня 1921 г. газета ЦК КП(б)Б «Звезда» пачала выдаваць дадатак «Беларуская вёска – Белорусская деревня» тыражом 3 тыс. экзэмпляраў у фармаце А3. Гэта знакавая для беларускага друку падзея была занатавана ў пратаколе за нумарам 19 пасяджэння Цэнтральнага бюро Камуністычнай партыі Беларусі ад 7 студзеня 1921. У пастанаўляючай частцы было адзначана: «Газету для вёскі выдаваць два разы на тыдзень». Тут жа быў прыняты і распрацаваны план выдання. Разделы ахоплівалі практычна ўсе сферы жыцця вясковага чалавека: ад пытанняў аб доглядзе за жывёлай да важных унутрыі знешнепалітычных падзей.
Важнай асаблівасцю разглядаемага выдання стала тое, што інфармацыя падбіралася такім чынам, каб задзейнічаць самога селяніна ў тых найважнейшых справах, якімі жыла ўся краіна. Менаваіта гэтая акалічнасць і з’яўляецца адной з умоў сацыялізацыі: яна (сацыялізацыя) патрабуе ўдзелу самой асобы ў працэсе пераўтварэнняў. Грамадства засвойвае культурныя і сацыяльныя нормы, адаптуючыся да новых умоў жыцця. «Беларуская вёска» дапамагала свайму чытачу разабрацца ў важнейшых грамадска-палітычных пытаннях. Спецыяльныя рубрыкі тлумачылі сутнасць палітыкі савецкай дзяржавы. Напрыклад, першая паласа друкавала раздел «По красному союзу», у якім змяшчаліся паведамленні: «Наши запасы» – у СССР перавытворчасць мясной прадукцыі; «Добыча нефти» – на Каўказе за апошні месяц дабыта 23 300 000 пудоў нафты; «Строим параходы» – ленінградскі судабудаўнічы завод прыступіў да пабудовы 6 гандлёвых параходаў. Перадавыя артыкулы расказвалі пра надзённыя праблемы: «Ксёндз адмовіўся ад касцёлу» – аб перамозе антырэлігійнай кампаніі; «Ні адзін пан не застанецца на свёй зямлі» – аб перасяленні заможных сялян са сваіх сядзіб; «У абарону селькора» – жыццё селькора Лапіцкага застрахавана ўправай Маскоўскага дзяржаўнага страхавання. Рубрыка «В чужих странах» паказвала ўсе перавагі жыцця ў савецкай краіне, запэўніваючы чытачоў, што з гэтым пагаджаюцца і ўрады іншых дзяржаў: «И Бельгия думает о признании нашего Союза», «Тов. Красин у французского президента». Рубрыка «Што чуваць ў Менску» давала апошнія канкрэтныя і цікавыя для сялян навіны: «Рыхтуйцеся да ўсебеларускага настаўніцкага з’езду», «З 15 снежня распачынаецца дапрызыўная падрыхтоўка 1903 і 1904 годоў», «Паляпшаецца дастаўка сялянам газет і пісем». Пастаянна друкаваліся матэрыялы аб жыцці ў горадзе, праблемах рабочых: «Селянин, читай, как живет твой друг-рабочий» – гэта пастаянная рубрыка, якая змяшчалася на старонках газеты ў 20-я гады.
Многія матэрыялы газеты давалі прамыя адказы на канкрэтныя пытанні: «Дзе ўзяць працаўнікоў для вёскі», «Вёска будзе мець ветэрынараў», «Збірайце і захоўвайце попел», «Пачалася выдача сялянам лесу ў крэдыт», «Ня добра ў печах сушыць лён», «Будуйце на зіму цёплыя куратнікі», «Як мы арганізавалі малочную арцель». Практычна кожны нумар газеты друкаваў рабрыку «Запытанні і адказы», дзе сяляне атрымлівалі інфармацыю па любым пытанні – юрыдычным, палітычным, прыватным і г.д.
Нельга не адзначыць высокі ідэйна-выхаваўчы ўзровень газеты.
Многія ўчынкі людзей ці асобныя падзеі на старонках «Беларускай вёскі» атрымлівалі сваю ацэнку: «Гэтыя непарадкі трэба знішчыць», «Трэба палепшыць справу», «Трэба знайсці “мышэй”» (аб раскраданні маёмасці). Праз трапныя выкрывальныя артыкулы, вершы, карыкатуры, гумарэскі да людзей даносілася важная грамадская інфармацыя. Калі гаварыць аб колькасці крычычных матэрыялаў у выданнях 20-х гадоў, то варта адзначыць, што яна дастаткова вялікая. Даволі шырокі дыяпазон ахопу падзей: ад звычайных бытавых (гультайства, п’янства) да вострых палітычных (шкодніцтва, палітычная несвядомасць). Тут нельга не звярнуць увагу на той факт, што менавіта крытыка з’яўляецца найбольш дзейсным сродкам вырашэння самых розных праблем. Ступень яе ўздзеяння, у першую чаргу псіхалагічнага, на свядомасць чалавека вельмі моцная. Разумеючы гэта, сучасныя сродкі масавай інфармацыі даволі асцярожна падыходзяць да падбору і размяшчэння крытычнай інфармацыі. У той жа час выданні пачатку мінулага стагоддзя менавіта праз крытыку ліквідавалі недахопы ў розных сферах сацыяльнага, палітычнага і культурнага жыцця.
Уключэнне беларускага сялянства ў актыўнае сацыяльнае жыццё ў 20-я гады адбывалася праз газету. «Беларуская вёска» стала для вясковых людзей галоўным сродкам асветы. Газета тлумачыла людзям неабходнасць атрымання адукацыі, спрыяла адкрыццю школ, хат-чытальняў, бібліятэк, заклікала запісвацца на курсы па навучанню пісьменнасці, сама вучыла грамаце. Практычна ў кожным нумары выдаўцы пераконвалі селяніна, што трэба вучыцца, засвойваць духоўныя набыткі, вывучаць мову і гісторыю свайго народа: «Наша чытальня – цэнтр культурнага жыцця», «Адчыняем хаты-чытальні», «Што наша школа дае сялянству», «Самі дапамаглі школе», «Дровы для школ адпушчаны». Вясковы чалавек быў упэўнены ў тым, што пра яго клапоцяцца, імкнуцца дапамагчы вырашыць многія праблемы. І гэта ўпэўненасць выхоўвала давер да партыі, урада і яго палітыкі.
Праз стагоддзе нельга прывесці дакладныя лічбы, якія сведчылі б аб значным уплыве на свядомасць людзей тагачасных перыядычных выданняў. Аднак падобныя высновы мы можам рабіць, зыходзячы толькі з аналізу кантэнту разглядаемай «Беларускай вёскі». У сувязі з гэтым неабходна адзначыць, што сама газета штодня змяшчала публікацыі, у якіх заахвочвала чытаць яе, выпісваць, дасылаць уласныя матэрыялы: «Мы выпісалі “Беларускую вёску”, бо пазналі, што многа карысці прынясе гэтая газета вяскоўцу», «Як чытаюць “Беларускую вёску” кулак, бядняк, лайдак», «Я буду пісаць, а за гэта высылайце мне газету», «Чырвонаармейцы-беларусы з Бранскай губерні вітаюць “Беларускую вёску” і яе чытачоў». Часта на старонках газеты змяшчаліся рэкламнаінфармацыйныя лісты: «“Беларуская вёска” – самая блізкая селяніну газета», «Да ведама падпісчыкаў “Беларускай вёскі”». Выказваючыся сучаснай мовай, выдаўцы праводзілі маштабную рэкламную кампанію, што паўплывала на павелічэнне колькасці падпісчыкаў, пазаштатных супрацоўнікаў і тыражу. У пацвярджэнне гэтага можна прывесці наступныя факты: у 1925 г. у газеты налічвалася 328 падпісчыкаў; у 1928 г. з выданнем супрацоўнічалі больш за 2000 селькораў; у 1931 г. тыраж газеты складаў 100 000 асобнікаў [4, с. 150].
Зварот да матэрыялаў газеты «Беларуская вёска» прыводзіць да наступных высноў: яе роля ў працэсе сацыялізацыі вясковага насельніцтва 20-х гг. была значная. Сучасныя сродкі масавай інфармацыі працягваюць захоўваць вельмі вялікі ўплыў на грамадства (у нейкім сэнсе, чалавек трапіў у поўную залежнасць ад іх), а гэта дае нам падставы і абавязвае выкарыстоўваць гэты ўплыў толькі на карысць людзей і краіны.
Літаратура:
1. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў – па 2008 г.: вучэб. дапам. / Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік; пад рэд. Я.К. Новіка. – Мінск: Выш. шк., 2009. – 512 с.
2. Гісторыя Беларусі: у 2 ч. Ч. 2. ХІХ–ХХ стагоддзі: курс лекцый / П.І. Брыгадзін, У.Ф. Ладысеў, П.І. Зялінскі і інш. – Мінск: РІВШ БДУ, 2002. – 656 с.
3. Нарысы гісторыі Беларусі: у 2 ч. Ч. 2 / М.П. Касцюк, І.М. Ігнаценка, У.І. Вышынскі і інш., Інстытут гісторыі АНБ. – Мінск: Беларусь, 1995. – 560 с.
4. Слука, А.Г. Беларуская журналістыка: падручнік / А.Г. Слука. – Мінск: БДУ, 2011. – 447 с. 5. Социология: учеб. пособие для вузов / под рреедд.. АА..НН.. ЕЕллссууккооввоойй,, ЕЕ..ММ.. ББаа-босовой, А.Н. Даниловой и др. – Минск: Тетра Системс, 2003. – 544 с.
Наталля Зубчонак
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт