Липов

Калінкавіцкая зямля не надта багатая на ўрадлівыя глебы. Таму з даўніх часоў лепшыя яе кавалачкі станавіліся ўласнасцю магнатаў і царквы. Адным з такіх спакуслівых кавалкаў сталі землі, на якіх некалькі стагоддзяў назад магнаты Горваты заклалі маёнтак Ліпава (Гарады і вёскі Беларусі.т.1.Мінск,”Беларуская энцыклапедыя”, 2004, с. 556-557).

Размяшчаецца аграгарадок Ліпаў за 35 кіламетраў на паўночны ўсход ад райцэнтра Калінкавічы. І дабрацца да яго можна аўтатранспартам па асфальтавай дарозе Калінкавічы — Гарочычы — Мікулінск — Ліпаў. А пры жаданні можна патрапіць і па чыгунцы: за 7 кіламетраў ад Ліпава знаходзіцца чыгуначная станцыя Халоднікі, а далей — пехатой альбо на папутцы.

Горваты

У даследаваннях Антонія Банецкага (A.Boniecki. Herbarz polski. T.VII. W-wa. 1905) Тадэвуш Горват, які нарадзіўся ў 1733 г., упамінаецца як першы гаспадар маёнтка Ліпаў. У 1771 г. Тадэвуш Горват займаў пасаду мазырскага ротмістра. Каб зразумець, наколькі значнае месца ў грамадстве таго часу займаў чалавек, які прызначаўся ротмістрам, патлумачым. Справа ў тым, што асноўнай тактычнай адзінкай кавалерыі ў Вялікім княстве Літоўскім выступала — харугва (рота).

Харугву кавалерыі наймалі толькі падчас вайны, на пэўны тэрмін з пазначанай колькасцю і жалаваннем салдат.

Набор ажыццяўляўся ў адпаведнасці з выдадзеным лістом, у якім згадваліся ўсе вышэйпералічаныя пункты. Прыпаведны ліст атрымліваў — ротмістр, які і павінен быў сабраць войска.

Гэта сёння чамусьці ў нашым грамадстве склалася ўражанне, што продкі беларусаў таго часу былі пацыфістамі, жылі ў балотах і ў войнах не ўдзельнічалі. Але гэта абсалютна не так. У тыя часы Рэч Паспалітая вяла вялікую колькасць войнаў. І літвіны, жыхары беларускіх зямель, мелі славу хвацкіх салдат, трохі дзікіх, але выдатна ведаючых сваю воінскую справу. Сабраць наёмную роту на тэрыторыі ВКЛ не ўяўлялася праблематычным, так як на нашай тэрыторыі пражывала вялікая колькасць загартаваных у войнах Рэчы Паспалітай салдат.

Харугва складалася з раз’ездаў (poczhet). Раз’езд складаўся з вершнікаў і падначаленых ім салдатаў (pocztowi). Раз’езды не мелі ўстойлівай колькасці і, як правіла, колькасць салдат у раз’ездзе залежала ад пасады (ротмістр — 12 коннікаў, паручнік — 6, харунжы-5, вершнік — ад 1 да 4-х).

Зразумела, што ўзначальваць роту давяралі чалавеку не толькі здольнаму да вайсковай справы, але і знатнаму.

Тадэвуш Горват быў двойчы жанатым. У першы раз на Марыяне Яленскай, другі – на Францішцы Багушэвіч. Меў чацвярых дзяцей: Джозэфа, Вінсента, Ігнація і N.

Ад бацькі па спадчыне Ліпаўскі маёнтак перайшоў да яго сына Ігнація, які нарадзіўся ў 1764 г. У пісьмовых крыніцах Ігнацій Горват ўпамінаеццца як мазырскі гарадскі суддзя (1787 г.), у 1798 -1802 гг. ён таксама выбіраўся дэпутатам ад дваранства па Рэчыцкаму павету Мінскай губерні. Яго жонкай была Джазэфа Рудніцкая, з якой ён нарадзіў васьмярых дзяцей: Аляксандра, Станіслава, Даніэля, Атона, Францішка, Марыю, Філіпіну і Катаржыну.

Наступным уладальнікам Ліпаўскага маёнтка стаў сын Ігнація Горвата Атон (1820-1894) — малады высокаадукаваны чалавек, які скончыў Мінскую гімназію і ўказам дэпартамента геральдыкі ад 20 жніўня 1828 г. за № 5986 быў зацверджаны ў дваранстве (НГАБ, ф.320, воп.1, с.76).

Атон Горват сумеў пабудаваць бліскучую палітычную кар’еру. Ён жаніўся на Людовіцы Ошторп, бацька якой у той час займаў пасаду Мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства.

Цесць перадаў гэтую пасаду свайму зяцю, аб чым № 6 за 1848 г. “Минских губернских ведомостей» не прамінуў паведаміць сваім чытачам. “Высочайшим приказом, отданным по Гражданскому ведомству 1847 года 27 ноября № 228, коллежский секретарь Горватт утвержден в должности Минского губернского предводителя дворянства”, — лаканічна паведаміла газета. Імя Атона Горвата затым сустракаецца ў ліку сапраўдных членаў Апякунства Мінскага дзіцячага прытулку. А ў 1852 г. Атон Горват яшчэ ўзначаліў і Мінскае дабрачыннае таварыства.

У 1853 г. Горват пакідае пасаду губернскага прадвадзіцеля дваранства. Але не развітваецца з палітычнай дзейнасцю. Ён яе працягвае только ўжо ў межах Рэчыцкага павета.

У перыяд сваёй палітычнай дзейнасці Атон Горват рэдка бываў у сваім Ліпаўскім маёнтку. Пасада губернскага прадвадзіцеля дваранства патрабавала пастаяннага знаходжання ў Мінску. І ўзорнага ўтрымання ўласнага дома. Атон і Людовік Горваты жылі на скрыжаванні вуліцы Кайданаўскай і Верхняга рынку, у флігелі дома купца Дзелпацэга. Па аўторках у сваім доме яны прымалі мясцовае дваранства і давалі вечары, якія сабіралі шмат народу. Вечары звычайна пачыналіся каля 17 гадзін, а заканчваліся далёка за поўнач.

Акрамя мінскага жылля ў Горватаў быў загарадны маёнтак у Прылуках, які дастаўся Людовіцы ад бацькі.

Другой жонкай Атона Горвата стала Міхайліна Вайніловіч, сястра Эдварда Вайніловіча, які пабудаваў у гонар сваіх памерлых дзяцей Сымона і Алены ў Мінску вядомы Чырвоны касцёл.

У Пасямейных спісах дваран Рэчыцкага павета за 1890 г. занатавана, што Міхайліне было 27 гадоў, а Атону Горвату – ужо за 70.

Атон Горват не пакінуў пасля сябе нашчадкаў. Ён памёр у 1894 годзе, знаходзячыся ў гасцях у сваіх родзічаў на Украіне, у маёнтку Хабно. Пахавалі яго ў Ліпаве.

Як успаміналі мясцовыя старажылы, у вёсках і мястэчках, праз якія праходзіла пахавальная працэсія, калі Атона вязлі на апошні спачын у радавы маёнтак, дарогу перад нябожчыкам усцілалі дыванамі, а яго родзічы шчодра частавалі насельніцтва добрымі порцыямі віна.

У Калінкавіцкім дзяржаўным краязнаўчым музеі і зараз захоўваецца частка надмагільнай пліты, пад якой навекі спачыў Атон Горват.

Пасля смерці Атона яго жонка Міхайліна на 12 гадоў здала Ліпаўскі маёнтак у арэнду пану Гваздзецкаму, а сама перабралася жыць на Украіну, у маёнтак Хабно (сёння пасёлак Палескі Кіеўскай вобласці – І.Г.), які па спадчыне ад сына кіеўскага губернскага прадвадзіцеля Аляксандра Горвата перайшоў да яго ўнука Станіслава (1866-1930).

Калі тэрмін арэнды Ліпаўскага маёнтка сцёк, паўстала пытанне аб перадачы яго па спадчыне ўнукам Аляксандра і Даніэля Горватаў – братоў Атона Горвата.

Станіслаў Горват, як адзін са спадчыннікаў, вельмі хацеў захаваць Ліпаўскі маёнтак у якасці спадчыны для свайго, толькі што народжанага сына Станіслава. Таму ён аплаціў родзічам іх долі за маёнтак і стаў поўнаўласным уладальнікам Ліпава.

Зразумела, што сам Станіслаў Горват у Ліпаве не жыў. Маёнткам кіраваў па яго даручэнні ўпраўляючы. У справах маёнтка яго гаспадар прымаў толькі тую долю ўдзелу, наколькі гэта было цікава яго камерцыйным інтарэсам.

Кастрычніцкі пераварот у Пецярбургу зрабіў з Ліпаўскім маёнткам тое ж, што і з іншымі панскімі ўладаннямі Расійскай імперыі. Станіслаў Горват страціў свае землеўладанні і маёмасць, і пераехаў на месца жыхарства ў Кіеў, дзе стаў старшынёй Савета землеўладальнікаў. А ў 1918 г. Горваты перабраліся ў Варшаву, дзе пан Станіслаў прымаў дзейны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Польшчы.

У 1930 г. апошні ўласнік Ліпаўскага маёнтка памёр. А яго жонка Сафія і дачка Алена загінулі пад абломкамі дома, які рухнуў пад час Варшаўскага паўстання ў 1944 г.

Пра сына Станіслава Горвата, да якога па спадчыне павінен быў адыйсці Ліпаўскі маёнтак, на жаль, нічога не вядома.

Маёнтак

Найлепшае ўяўленне аб тым, што з сябе ўяўляў Ліпаўскі маёнтак пару стагоддзяў назад, дае архіўны дакумент, які зараз захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ). Гэта інвентар маёнтка Ліпава за 1844-1845 годы (НГАБ, ф.142, воп. 1, с. 441). Прыводзім яго цалкам:

“Інвентар маёнтка, які належыць пану Атону Ігнатавічу Горвату, у паселішчы Ліпава з вёскамі
Да сяго маёнтка належаць фольваркі Атолін, Косетаў і Яўтушкавічы, і вёскі Вязавіца, Многаверш, Хамічы, Косетаў, Карпавічы, Ператок, Ракаў, Карані, Марцінавічы, Мармарычы, Людзвінаўка, Дальняя Людзвінаўка, Рудня, Узнаж, Зарэчча, Людзец і Асінаўка.

У маёнтку Ліпава па 8-й рэвізіі — 993 рэвізкіх мужчынскага полу і 1008 жаночага полу душ. Двароў цяглых — 313, агароднікаў — 2, бабылёў — не паказана.

У фольфарк Ліпава ўваходзяць вёскі: Вязавіца, Многаверш, Хамічы і Косетаў.

Вёска Вязавіца

Налічваецца двароў — 26, цяглых — 26; мужчынскіх душ — 58, жаночых — 64; зямлі ворыўнай — 450 дзес., сенакоснай — 135 дзес.

Маёмасць сялян: валоў уласных — 32, ад двара дадзеных — 35, коней — 2, быкоў уласных – 11, ад двара дадзеных – 14, кароў – 61, ялавіц – 22, цяліц – 19, авечак – 302, свіней – 90, пчол – 154 вуллі.

Павіннасці сялян: паншчыны ў тыдзень – 90 мужчынскіх і 90 жаночых дзён, згонаў альбо гвалтоў у год – 170 мужчынскіх і 156 жаночых, шарваркоў у год – 270 мужчынскіх і 270 жаночых. Подацей: мёду — 225 фунтаў, грыбоў – 135 фунтаў, кур – 90 штук, яек – 450.

Вёска Мнагаверш

Двароў цяглых – 27, мужчынскіх душ – 88, жаночых – 75; зямлі ворыўнай – 620 дзес., сенакоснай – 183.

Маёмасць сялян: коней – 1, валоў уласных – 48, дадзеных ад двара – 47, быкоў уласных – 16, дадзеных ад двара – 12, кароў – 64, ялавіц – 20, цяліц – 27, авечак – 322, свіней – 91, пчол – 294 вуллі.

Павіннасці сялян: паншчыны ў тыдзень – 122 мужчынскіх і 122 жаночых дні, згонаў альбо гвалтоў у год – 360 мужчынскіх і 270 жаночых, шарваркаў у год – 366 мужчынскіх і 366 жаночых. Подацей: мёду – 305 фунтаў, грыбоў – 183 фунты, кур 122, яек – 610.

Вёска Хамічы

Двароў цяглых – 26, мужчынскіх душ – 76, жаночых – 70; зямлі ворыўнай – 530 дзес., сенакоснай – 159.
Маёмасць сялян: коней – 4, валоў уласных – 33, дадзеных ад двара – 43, быкоў уласных – 14, дадзеных са двара – 19, кароў – 63, ялавіц – 24, цяліц – 28, авечак – 255, свіней – 92, пчол – 239 вулляў.

Павіннасці сялян: паншчыны ў тыдзень – 106 мужчынскіх і 106 жаночых дзён, згонаў і гвалтоў у год – 324 мужчынскіх і 246 жаночых, шарваркаў у год – 318 мужчынскіх і 318 жаночых. Подацей: мёду – 265 фунтаў, грыбоў – 159 фунтаў, кур – 106, яек – 530.

Вёска Косетава

Двароў цяглых – 22, мужчынскіх душ – 49, жаночых – 54; зямлі ворыўнай – 380, сенакоснай – 144.

Маёмасць сялян: коней – 1, валоў уласных – 32, дадзеных ад двара – 28, быкоў уласных – 11, дадзеных ад двара – 8, кароў – 78, ялавіц – 19, цяліц – 21, авечак 285, свіней – 56, пчол – 196 вулляў.
Павіннасці сялян: паншчыны ў тыдзень – 76 мужчынскіх і 76 жаночых дзён, згонаў альбо гвалтоў у год – 228 мужчынскіх і 150 жаночых, шарваркаў у год – 128 мужчынскіх і 128 жаночых. Подацей: мёду – 190 фунтаў, грыбоў – 114 фунтаў, кур – 76, яек – 380.

У фольварк Атолін уваходзяць вёскі Карпавічы, Ператок і Ракаў.

Вёска Карпавічы

Усяго двароў – 24, цяглых – 23, мужчынскіх душ – 84, жаночых – 69; зямлі ворыўнай – 451, сенакоснай – 136.

Маёмасць сялян: коней – 4, валоў уласных – 24, дадзеных са двара – 43, быкоў уласных – 14, з двара дадзеных – 12, кароў – 72, ялавіц – 1, авечак – 190, свіней – 82, пчол – 169 вулляў.

Павіннасці сялян: паншчыны на тыдзень – 91 мужчынскіх і 90 жаночых дзён, згонаў альбо гвалтоў на год – 282 мужчынскіх і 186 жаночых, шарваркаў на год – 270 мужчынскіх і 270 жаночых. Подацей: мёду – 90 фунтаў, грыбоў – 135 фунтаў, кур – 90, яек – 450.

Вёска Ператок

Двароў цяглых – 17, мужчынскіх душ – 54, жаночых – 50,; зямлі ворыўнай – 360, сенакоснай – 108.

Маёмасць сялян: валоў уласных – 21, дадзеных са двара – 15, кароў – 24, ялавіц – 14, цяліц – 9, авечак – 110, свіней – 32, пчол – 113 вулляў.

Павіннасці сялян: паншчыны ў тыдзень – 72 мужчынскіх і 72 жаночых дні, згонаў альбо гвалтоў у год – 228 мужчынскіх і 156 жаночых, шарваркаў у год – 198 мужчынскіх і 198 жаночых. Подацей: мёду – 180 фунтаў, грыбоў – 108 фунтаў, кур – 72, яек – 360.

Вёска Ракаў

Двароў – 17, цяглых – 16,мужчынскіх душ – 46. Жаночых – 51; зямлі ворыўнай – 331, сенакоснай – 100.
Маёмасць сялян: валоў уласных – 16, дадзеных са двара – 38, быкоў уласных – 7, дадзеных са двара – 6, кароў -28, ялавіц – 21, цяліц – 18, авечак – 120, свіней – 36, пчол – 95 вулляў.

Павіннасці сялян: паншчыны ў тыдзень – 66 мужчынскіх і 67 жаночых дзён, згонаў і гвалтоў у год – 198 мужчынскіх і 102 жаночых дні, шарваркаў у год – 198 мужчынскіх і 198 жаночых. Подацей: мёду – 165 фунтаў, грыбоў – 102 фунты, кур – 68, яек – 340.

У фольварак Каранёў уваходзяць сяло Карані і вёска Марцінавічы.

Вёска Рудня

Двароў цяглых – 7, мужчынскіх душ – 15, жаночых – 27,; зямлі ворыўнай – 110, сенакоснай – 33.

Маёмасць сялян: валоў уласных – 6, дадзеных са двара – 6, быкоў уласных – 3, дадзеных са двара – 3, кароў – 16, ялавіц – 6, цяліц – 6, авечак – 65, свіней – 19, пчол – 36 вулляў.

Павіннасці сялян: паншчыны на тыдзень – 18 мужчынскіх і 22 жаночых дні, згонаў альбо гвалтоў у год – 60 мужчынскіх і 54 жаночых, шарваркоў у год – 60 мужчынскіх і 60 жаночых. Подацей: мёду – 44 фунты,грыбоў – 33 фунты, кур – 22, яек – 110.

Вёска Узнаж

Двароў цяглых – 14, мужчынскіх душ – 54, жаночых – 41; зямлі ворыўнай – 300, сенакоснай – 90.

Маёмасць сялян: валоў уласных – 19, дадзеных са двара – 26, быкоў уласных – 9, са двара дадзеных – 11, кароў – 16, ялавіц – 17, цяліц – 18, авечак – 115, свіней – 34, пчол – 88 вулляў.

Павіннасці сялян: паншчыны ў тыдзень – 60 мужчынскіх і 60 жаночых дзён, згонаў альбо гвалтоў у год – 186 мужчынскіх і 138 жаночых, шарваркоў у год – 180 мужчынскіх і 180 жаночых.

Подацей: мёду – 150 фунтаў, грыбоў – 90 фунтаў, кур – 60, яек – 300.

Вёска Зарэчча

Двароў цяглых – 15, мужчынскіх душ – 49, жаночых – 47;зямлі ворыўнай – 260, сенакоснай – 78.

Маёмасць сялян: валоў уласных – 21, дадзеных са двара – 15, быкоў уласных – 7, атрыманых са двара – 11, кароў – 28, ялавіц – 13, цяліц – 10, авечак – 113, свіней -36, пчол – 77 вулляў.

Павіннасці сялян: паншчыны ў тыдзень – 52 мужчынскіх і 52 жаночых дні, згонаў альбо гвалтоў – 174 мужчынскіх і 138 жаночых, шарваркоў у год – 156 мужчынскіх і 156 жаночых. Подацей: мёду – 130 фунтаў, грыбоў – 78 фунтаў, кур – 52, яек – 260.

Па ўсяму маёнтку Ліпава

Маёмасць сялян наступная: коней – 16, валоў – 911, кароў -685, авечак – 2867, свіней – 950, пчол – 2291 вулле, быкоў – 298, ялоўніку – 556. У тым ліку дадзеных з панскага двара: валоў – 497, быкоў – 154.

Агульная прастора маёнтка па дадатковых звестках паказана 19642 дзесяціны. У маёнтку ўсёй зямлі: прысядзібнай — 1570 дзес., ворыўнай – 8222 дзес., сенакоснай – 4416 дзес., пад лесам – 5434 дзес., іншай – 1359 дзес.

З гэтай колькасці апрацоўваецца на карысць пана: ворыўнай – 1600 дзес., сенакоснай – 1179 дзес.

Зямлёю карыснаю, ворыўнай і сенакоснаю надзелены ў залежнасці ад гаспадарчай патрэбы і рабочай сілы сяляне, гэта значыць на кожны сялянскі двор альбо сямейства, якія маюць аднаго работніка і адну работніцу, па трынаццаць дзесяцін (10 дзесяцін прысядзібнай і ворыўнай і 3 дзесяціны сенакоснай), на сямейства, якое мае двух работнікаў і дзве работніцы, па дваццаць шэсць дзесяцін (20 дзесяцін прысядзібнай і ворыўнай і 6 дзесяцін сенакоснай) і на сямейства, якое мае трох работнікаў і трох работніц, па 39 дзес. (30 дзес. прысядзібнай і ворыўнай і 9 дзес. сенакоснай). Звыш таго сялянам у маёнтку дадзены ў карыстанне пашы, лясы, бортніцтва і рыбная лоўля ў р. Пціч.

Утрыманне сялянскай гаспадаркі ў гэтым маёнтку залежыць ад ворыва пры дапамозе заробкаў у памеснай эканоміі, а менавіта: пры хлебаробстве, сенакашэнні, пабудовах і лясных выдзелках у малой частцы, а таксама пры дапамозе рамёстваў, рыбнай лоўлі і бортніцтва.

Глеба зямлі ў гэтым маёнтку шэрапясчаная, урадлівасцю – добрая, сярэдняя прапорцыя ўраджаю ў чатыры і пяць зёран. Сенакосы – пабярэжныя, мурожныя, балоцістыя, сабіраецца з дзесяціны 200 пудоў сена.

Для выпасу скаціны панам адводзяцца сялянам выганы і пашы, і пры тым ім даецца магчымасць пасвіць жывёлу па лясах і дубравах.

Уладальнік маёнтка адпускае сялянам лес для пабудовы і рамонту дамоў і гаспадарчых пабудоў, на агароджу, атапленне і асвятленне, на лыкі і лапці, на гаспадарчыя прылады і посуд, і ўсе увогуле іх патрэбы. Пры тым яны маюць права вырабляць вуллі і борці для пчалярства, збіраць у лясах грыбы і ягады, лавіць звера: ваўкоў і ліс, куніц і зайцаў, а ў рэчцы лавіць рыбу без усякага плацяжу за ўсё гэта.
Павіннасці сялян галоўныя: прыгону ў тыдзень з аднаго цяглавага сямейства, надзеленага поўным участкам зямлі, з вупражжу два, пешых два, згонаў у год з кожнай рабочай душы па шасці пешых дзён. З кожнага двара, які мае два цяглы, і надзелены двайным участкам зямлі, прыгону ў тыдзень з вупражжу чатыры, пешых чатыры дні, з двароў жа, якія маюць тры ці чатыры цягла, і надзеленых у тры ці чатыры разы большымі ўчасткамі, патрабуецца адпаведна таму прыгона, а згоны ўсе увогуле выконваюць аднолькавыя, г.зн. з рабочай душы па шэсць дзён у год. Агароднікі ж адбываюць у тыдзень прыгону па аднаму дню мужчынскаму і аднаму жаночаму з двара і згонаў у год з кожнай душы па шэсць іншых дзён.

Дадатковыя павіннасці

Для будаўнічых работ: кожнае цяглавае сямейства, якое мае надзел у трынаццаць дзесяцін ворыва і сенакосу, павінна адбыць у год па шэсць мужчынскіх дзён, двары ж, у якіх ёсць два ці тры і чатыры цяглы, адбываюць гэтую павіннасць суразмерна такому надзелу.

Падводы: кожнае цяглавае сямейства павінна тры разы ў год адбыць падводную павіннасць з эканамічнымі вытворчымі да прыстані на рэках Прыпяці альбо Беразіне ў адлегласці 35 вёрст.

Вартаўніцтва адбываецца ў кожным фальварку па чарзе адным мужчынаю і адной жанчынаю без заліку ў паншчыну.

Начны патруль сяляне павінны адбываць пры дваровых пабудовах па чарзе.

Выраб палатна і сукна: з кожнага аднаго цяглавага сямейства па шэсць жаночых дзён для вырабу пражы, палатна і простага сукна. З двуцяглавага, які надзелены 26 дзес. зямлі, – дванаццаць, з трохцяглавага з 39 дзес. – васемнаццаць.

Даніна альбо рэчавыя зборы: кожнае сялянскае сямейства абавязана ўнесці ў эканомію з 1 кастрычніка кожнага года – тыя, у каго надзел 13 дзес.,мёду – 5 фунтаў,грыбоў – 3 фунты, кур – 2, яек – 10 штук. Двары ж, у якіх надзел 26 і 39 дзес., уносяць такую подаць удвая і ўтрая. Агароднікі ж абавязаны даваць са двара 3 фунты грыбоў, 2 курыцы і 10 яек.

Звыш таго: а)сяляне, якія выконваюць сельскія абавязкі: соцкіх, дзесяцкіх, старасты царкоўнага ці наглядчыка запаснага магазіна, вызваляюцца асабіста ад інвентарнай тыднёвай паншчыны і іншых павіннасцей, а толькі ўносяць подаці;

б) з вялікіх сялянскіх сямей бяруцца ў эканомію работнікі і работніцы для выканання розных пастаянных паслуг: гуменных, пастухоў і інш. з выдачай ім ад эканоміі адзення, харчу і ўзнагароджання іх сямей па меры іх заслуг;
в) за выкананнем усіх работ па хлебаробству і сенакашэнню пры фольварку ў застаўшыеся яшчэ незанятыя рабочыя дні сяляне выкарыстоўваюцца для работ пры вінакурных і смаляных заводах, для рубкі смаловай лучыны і для выдзелкі і вывазу лясных матэрыялаў на сплаў;
г) калі сяляне задаўжаюць эканоміі за ўзятыя ў яе рабочую скаціну, наяўных грошай для аплаты подацей, хлеба і іншае, то сяляне павінны асеннім часам аддаваць альбо ўносіць эканоміі наяўнымі грашыма альбо адпрацоўваць рабочымі днямі, па цане 12 кап. срэбрам за мужчынскі дзень са збруяй, 6 кап. за жаночы, а калі другога, то усякаму работніку, на эканамічных харчах будучаму, па 1 руб. 50 кап. срэбрам ад эканоміі залічваецца.

Рабочымі лічацца мужчыны ад 17 да 55 гадоў, а жанчыны ад 16 да 50 год.
Кошт рабочага дня для мужчын, як вышэй патлумачана, па 12, а жаночага — па 6 кап. срэбрам”.

Збіральніца гістарычнай спадчыны

Ураджэнка Вязавіцы, выпускніца Ліпаўскай сямігодкі Марыя Кавалёва пасля заканчэння гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага педінстытута ў 1959 г. атрымала размеркаванне на працу ў Шчучынскі раён. Толькі не змагла дзяўчына, якая за школьныя гады зведала ўсе сцяжынкі, лясы, палі і палянкі вакол старажытнага Ліпава, і палюбіла іх усёй душой і сэрцам, пакінуць сваю малую Радзіму нават на непрацяглы час. Яна паехала прама ў міністэрства адукацыі рэспублікі і дабілася пераразмеркавання ў Ліпаў.

З-за адсутнасці вольных гадзін гісторыі ў школе, першыя два гады выкладала беларускую мову і працавала піянерважатай. Але з першых дзён знаходжання ў школе малады педагог узялася за збор матэрыялаў пра мінулае вёскі, гісторыю ўзнікнення арганізацый і ўстаноў, якія існавалі ў ёй, лёс яе насельнікаў, запіс успамінаў старажылаў і ўдзельнікаў рэвалюцыйных і ваенных падзей.

Пад кіраўніцтвам Марыі Мікалаеўны ў школе быў створаны гурток чырвоных следапытаў і пачалася скрупулёзная пошукавая работа па збору гістарычных артэфактаў.

Школьнікі са сваім педагогам завялі перапіску са 157 сем’ямі воінаў-вызваліцеляў, якія загінулі ў час вызвалення Ліпава і навакольных вёсак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і былі пахаваны ў брацкіх магілах на тэрыторыі Ліпаўскага сельсавета.

Праз сем гадоў, у 1968 г., за высокую арганізацыю гісторыка-патрыятычнага выхавання школьны гурток пад кіраўніцтвам Марыі Кавалёвай быў узнагароджаны Ганаровай граматай Усесаюзнага камітэта ветэранаў вайны.

Калі вызвалілася месца настаўніка гісторыі, Марыя Мікалаеўна з задавальненнем заняла яго, а пошукавая і гісторыка-даследчая работа ў школе яшчэ больш актывізаваліся. Яна запрашала на вечары і ўрокі ў школу арганізатараў партызанскай барацьбы ў ліпаўскай зоне, герояў-землякоў Алісейку, Гарбачова, камсамольцаў 20-30-х гадоў, партызан і франтавікоў, вязняў нацысцкіх лагераў, вяла перапіску з рознымі архіўнымі ўстановамі.

Паступова сабраныя ўспаміны, фота- і архіўныя дакументы, асабістыя рэчы, прылады працы і дамашняга ўжытку ператварыліся ў музейныя экспазіцыі школьнага гісторыка-краязнаўчага музея, дапамогу ў стварэнні якога аказалі былы партызан, дырэктар школы Пётр Тарасавіч Пікун і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі — эксбазы “Ліпава”.

Дарэчы, грошы на стварэнне музея зараблялі і самі школьнікі: збіралі і здавалі металалом, макулатуру, працавалі на саўгасных палетках. Сама Марыя Мікалаеўна ўзначальвала ў школе вытворчую брыгаду, а частку грошай, якія зараблялі школьнікі, яны трацілі на турыстычныя паездкі са сваім педагогам па гістарычных мясцінах Савецкага Саюза. Мінск,Брэст, Гомель, Масква, Ленінград, Валгаград, Кіеў… Дзе толькі не пабывалі ліпаўскія школьнікі, дзякуючы свайму няўрымсліваму настаўніку!

Мы не аднойчы сустракаліся з Марыяй Мікалаеўнай і вельмі шмат гаварылі пра гісторыю Ліпава. Яна гадзінамі можа гаварыць на гэтую тэму, бо для яе яна не проста блізкая, а тэме гэтай Курыленка прысвяціла амаль ўсё сваё сумленнае працоўнае жыццё.

У час адной з такіх гутарак, Марыя Мікалаеўна акцэнтавала сваю ўвагу на неабходнасці ў час вывучэння гісторыі роднага краю звяртаць асаблівую ўвагу на розныя мясцовыя геаграфічныя назвы, якія абавязкова раскажуць шмат цікавага аб мінуўшчыне вывучаемага краю. Яна паведала пра паходжанне многіх урочышчаў, якія знаходзяцца вакол Ліпава і суседніх вёсак.

Вось, напрыклад, Татарскі круг. Так называецца вадаём круглай формы ля в. Хамічы, у якім вельмі празрыстая вада, і колькасць якой ніколі не змяншаецца. Па старажытным паданні, у гэтым вадаёме ў 13-м стагоддзі татары-захопнікі паілі сваіх коней.

Па дарозе на Халоднікі размяшчаецца ўрочышча Стража. Паводле паданню, калісьці тут, на лясной палянцы, стаяў вартавы домік, у якім жыў стражнік – чалавек, які ахоўваў панскі лес. У тыя часы сяляне не мелі права вольна секчы дровы, збіраць грыбы і ягады ў панскім лесе. І яго ад сялянскіх набегаў ахоўвалі стражнікі.

Нярэдка ў Вязавіцы можна і сёння пачуць: “Пайду ў Сваё па грыбы”. Так называецца ўрочышча, якое знаходзіцца непадалёк ад вёскі. Назва, відаць, узнікла ў часы прыгоннага права, калі зямля належала памешчыку, а прыгонным выдзяляліся надзелы, якія яны называлі «сваімі». Сяляне на «сваіх» надзелах пасвілі ўласную жывёлу, нарыхтоўвалі сена, збіралі грыбы і ягады.

Ці вось яшчэ. Бясплоднае поле побач з Ліпавам дагэтуль носіць назву — Лысае. Глеба на ім – адзін пясок. Як успамінаюць старажылы вёскі, у даўнія часы ніхто не хацеў, каб яго надзялілі тут зямельным надзелам.

Ёсць у ваколіцах Ліпава ўрочышча Сямёнава палянка. Гэта былы хутар, на якім жыў дзед заслужанай артысткі Беларусі Святланы Суседчык Сямён Суседчык. Сямён Мінавіч у пошуках лепшай долі ў пачатку мінулага стагоддзя падаўся ў Сібір, але там не разжыўся і вярнуўся з сям’ёй да бацькоўскага парога, пасяліўся на хутары. Потым уступіў у калгас.

Дарэчы, на Сямёнавай палянцы знойдзена радовішча нафты.

Вялікае поле побач з Ліпавам па дарозе на Халоднікі, што называюць Будай, таксама з’яўляецца месцам былога хутара, на якім жылі тры сям’і: Горбача Сяргея, Зайца Аляксандра і Гваздзя Трафіма. І цяпер тут захаваліся калодзеж, яблыні і грушы.

А вялікае поле за саўгасным паркам ля Ліпава называюць Маскалёўшчынай. Калісьці на гэтым месцы пракладвалі дрэнаж, капалі саджалку, каналы. Людзі, што тут працавалі, размаўлялі на рускай мове, а называлі іх ганакамі або маскалямі. Гэтых рабочых уладальнік маёнтка выпісаў з Магілёўскай губерні.
Вялікае поле, якое знаходзіцца недалёк ад Хамічоў і Ліпава, называюць Аэрадромам. У 1943 — 44 гг. яго выкарыстоўвалі як ваенна-палявы аэрадром, пакуль у Бабровічах не пабудавалі стацыянарны.

Ва ўрочышчы Падзерье мясцовыя сяляне дралі лыка для лапцей.

Гарадзінкай называецца старажытнае гарадзішча на высокім месцы сярод балота каля в. Гогалева. Рэчачкамі – балота, у якім рачулкі Сведзь і Ведрыч падыходзяць адна да другой вельмі блізка, але цякуць у розныя бакі, таму што Ведрыч бярэ пачатак у Ліпаве і ўпадае ў Днепр непадалёк ад Рэчыцы, а Сведзь бярэ пачатак у Падлуках і ўпадае ў Бярэзіну. Цагельняй – вялікае поле, дзе калісьці стаяў цагельны завод. Ясено – лес, у якім збіраюць ягады і грыбы жыхары Ліпава, Вязовіцы і Халоднік. У час Вялікай Айчыннай вайны жыхары гэтых вёсак хаваліся ў гэтым лесе ад немцаў. Брыкаў – цяжкадасяжнае месца, у якім жыхары Вязавіцы і Хамічоў у 1943 г. хаваліся ад немцаў. Арлоў мох – таксама цяжкадаступнае месца паміж вёскамі Лескі і Вязавіца, у якім у гады вайны мясцовыя жыхары таксама хаваліся ад акупантаў.

А яшчэ Марыя Мікалаеўна у час нашых размоў вельмі акцэнтавала ўвагу на выключнай ролі памешчыкаў Горватаў у развіцці прамысловасці, культуры і адукацыі на Прыпяцкім Палессі.

За вопытам да выдатнага гісторыка-краязнаўцы Марыі Курыленка ў Ліпава прыязджалі не толькі калегі са школ раёна, але і вобласці, і рэспублікі. Яе ўрокі былі заўсёды нестандартнымі, запамінальнымі. Яна шчодра дзялілася сваім вопытам на пасяджэннях раённых метадычных аб’яднанняў, у інстытутах удасканалення настаўнікаў у Гомелі і Мінску.

За самаадданую шматгадовую педагагічную і краязнаўчую работу, асабістыя заслугі ў развіцці адукацыйнага працэсу Марыя Мікалаеўна ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём” За працоўную доблесць“, знакамі “Выдатнік народнай асветы” і “Выдатнік асветы СССР”, шматлікімі граматамі.

У 1989 годзе ветэран педагагічнай працы магла пайсці на заслужаны адпачынак, але толькі ў 2015 г. па стане здароўя здала пост кіраўніка багацейшага гісторыка-краязнаўчага школьнага музея, які быў створаны пад яе непасрэдным кіраўніцтвам.

Фольварк

За гады нястомнага збіральніцтва фактаў аб гістарычнай даўніне Ліпава Марыя Мікалаеўна даведалася, што фольварк Ліпава, а затым і ўтварыўшаяся побач вёска ўваходзілі ў склад Карпавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага.

У 1772 годзе, у час першага падзелу Рэчы Паспалітай, тэрыторыя воласці ўвайшла ў склад Расійскай імперыі як частка Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1919 годзе Карпавіцкую воласць разам з Рэчыцкім паветам уключылі ў склад Гомельскай губерні.

Праз Карпавіцкую воласць праходзіў важнейшы транспартны шлях – Кацярынінскі тракт, вядомы таксама як старая Смаленская дарога, Сібірскі тракт, Маскоўскі тракт, Вялікі тракт – сухапутны транспартны шлях, які звязваў еўрапейскую частку Расіі, Сібір і Кітай. У 1915 годзе тут прайшла чыгунка.
Акрамя маёнтка Ліпава і аднайменнай вёскі ў склад воласці ўваходзілі вёскі: Бліжняя Людзвінаўка, Вязавіца, Дальняя Людзвінаўка, сяло Яўтушкавічы, маёнтак Яўтушкавічы, Яўтушкавіцкая Рудня, маёнтак Жэрдзь, Загор’е, Залье, Карпавічы, Кожын, Карані, Карма, Косетаў, Куннае, Лукі, Марморычы, Мартынавічы, Мядзведаў, Многаверш, Асіннае, Асінаўка, Асташкевічы, Ператок, Ракаў I, Ракаў II, Слаунь,Саламонаўка, Узнаж і Хамічы.

Марыя Мікалаеўна даведалася, што, па загаду Атона Горвата, у 1850 г. на ўсходнім баку вёскі быў закладзены вялікі парк, у якім было высаджана мноства рэдкіх дрэў і кустоў. Усцяж цэнтральнай вуліцы, якую сёння называюць Савецкай, пасадзілі фруктовы сад.

У 1855-62 гг. у парку быў пабудаваны цагляны палац, які ўключаўбу сябе тры корпусы: сярэдні,бў якім жылі, і дзве афіцыны,якія прымыкалі да жылога корпуса. Яны складалі адзінае цэлае архітэктурнае збудаванне, злучанае з сярэднім  корпусам крытымі галерэямі.

Жылы корпус уяўляў сабой дзевяцівосевы, двухпавярховы з прамавугольнікам у аснове будынак. Яго галоўны фасад на трох сярэдніх асях быў акцэнтаваны рызалітам з порцікам у чатыры калоны і тэрасай. Рызаліт з высокімі вокнамі, што выступаў у цэнтры паркавага фасада, быў у форме паўкруга. Адзінае французскае акно на асі мела выхад на балкон. Паркавы фасад на ўзроўні другога паверха з двух бакоў ад рызаліта быў абсталяваны зашклёнымі лоджыямі ў форме паўкруга. Пры адным з бакавых фасадаў, над галярэяй, знаходзіўся зашклёны зімні сад авальнай формы.

Уся паверхня палаца была пакрыта светлай атынкоўкай. Знешні дэкор складалі цяжкія міжпаверхневыя карнізы і абрамленні акон і дзвярэй.

Палац быў пакрыты не вельмі высокім, гладкім, чатырохскатным дахам. Над паркавым рызалітам і над лоджыямі дах быў у форме паўкупалоў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны палац вельмі пацярпеў ад пажару. Сёння тут ужо адсутнічаюць бакавыя афіцыны, няма зімовага саду, багатай бібліятэкі магнатаў Горватаў. Многае даўно канула ў Лету. Зараз у захаваўшайся частцы будынка былога панскага палаца размяшчаецца адміністрацыя СУП “Эксбаза “Ліпава”.

Разам з закладкай парка ў 1850 г. вакол яго пачаліся земляныя работы: былі выкапаны абвадныя канавы, закладзены дрэнаж. У самім парку, побач з вуліцай, выкапалі вялікую саджалку, якую абсадзілі івамі. Саджалку, як успамінаў былы панскі парабак І.Ф.Казлоў, выкарыстоўвалі не толькі як месца адпачынку, тут мылі і авечак, перад тым як іх стрыглі. Атон Горват разводзіў пародзістых авечак, воўна якіх цанілася вельмі дорага. Побач з саджалкай была ўзведзена будыніна, у якой стрыглі авечак. Дарэчы, панская саджалка, канешне, не ў тым першазданым выглядзе, захавалася да сённяшніх дзён.
Марыя Курыленка адшукала звесткі аб тым, што ў 1858 г. у Ліпава пабудавалі вінакурню, якая дзейнічала 136 дзён у гаду. На вінакурні ўстанавілі паравы кацёл і выраблялі спірт са збожжа і бульбы. Працавала тут 11 рабочых.

У фольварку Атолін (у 4-х км ад Ліпава – І.Г.) тым часам быў пабудаваны бачарна-лесапільны завод, на якім была арганізавана двухзменная работа. Першая змена працавала з 6.00 да 19.00, другая — з 19.00 да 6.00. Па суботах і ў перадсвяточныя дні, як сведчаць Правілы ўнутранага распарадку для рабочых бачарна-лесапільнага завода ў маёнтку Ліпава за 1902 год, якія захоўваюцца ў архіўным фондзе”Старшы фабрычны інспектар Мінскай губерні”, скарачаўся на адну гадзіну. Адміністрацыя завода магла звольніць рабочага без папярэджання, але з выплатай кампенсацыі за два тыдні. У 1910 г. пры гэтым заводзе была адкрыта фабрычная лаўка.

Дарэчы, у фольварку Атолін па панскаму загаду быў таксама высаджаны вялікі сад, частка пладовых дрэваў якога захавалася да сённяшніх дзён, і арганізавана буйная пчолапасека.

Для будаўніцтва шматлікіх аб’ектаў патрабавалася вялікая колькасць цэглы. І Горват побач з Ліпавам будуе цагляны завод. Ён пачаў працаваць з 1860 г.

А на наступны год ля панскага парка, цераз вуліцу, пабудавалі вялікі цагляны склад, у якім захоўвалі спірт, віно, гародніну і садавіну (у 2005 г. гэты будынак з-за старасці знеслі).

Згодна перапісу насельніцтва ў 1897 годзе ў вёсцы Ліпаў было 10 двароў, у якіх пражывалі 48 жыхароў. Тут дзейнічала царква, народнае вучылішча, 2 лаўкі, а ў маёнтку – вінакурня і кузня.
У 1899 г. ля вёскі пачала працаваць смалакурня.

Царква Параскевы

Расказала мне Марыя Курыленка і пра царкву ў імя Св.Вялікапакутніцы Параскевы, якую пабудавалі ў Ліпаве на сродкі прыхаджан і Горватаў у 1800 годзе, калі ў фольварку было ўсяго 6 двароў, а вёскі яшчэ ўвогуле не існавала.
Будынак царквы быў драўляным. Архітэктурна быў узведзены ў выглядзе падоўжанага прамавугольніка з двума купаламі, з якіх адзін, адкрыты, размяшчаўся пасярод царквы.
Дах на купале быў жалезным, а на самой царкве — з дранкі. Вокны размяшчаліся ў тры рады, дзверы былі адны.
Знешнія сцены пабелены вапнай, а дах пафарбаваны чырвонай маслянай фарбай.
Наогул царкоўны будынак, як занатавана у “Описании церквей и приходов Минской губернии» за 1883 год “…наўздзіў быў лядашчым і нетрывалым”.
Унутраная плошча царквы была квадратнай і складала прыкладна 43 м2. Столь была скляпеннай, узыходзіла да адкрытага купала; сцены — пабелены.
Царкоўны будынак не ацяпляўся. Алтар і салея — без узвышэння; клірасы пры іканастасе. Дашчаты, сталярнай работы іканастас пафарбаваны ў белы колер, з пафарбаванымі карнізамі і рамамі, складаўся з дзевяці ікон немастацкага пісьма, размешчаны ў два рады.
Рызніца і дзякоўня знаходзіліся ў асобнай пабудове з левага боку алтара.
З начыння ў царкве было: два прыборы літургійнага посуду, тры напрастольных крыжы, дзве даразахавальніцы, дараносіца, мірніца, антыдорнае блюда, шлюбныя вянцы, купель для хрышчэння дзяцей, панікадзіла і неабходная колькасць падсвечнікаў і лампад.
З пералічаных прадметаў толькі два прыборы літургійных сасудаў былі выраблены з серабра, астатнія рэчы – аплікавыя ці медныя, наогул, малакаштоўныя.
Як сведчыць архіўны дакумент: “Не хапала: усяношчнага блюда і вадасвятнага сасуда. Святарскіх рыз з мішурнай парчы – дзесяць прыбораў, у тым ліку новых толькі тры. Евангелляў для богаслужэнняў тры, усе яны абкладзены малінавым аксамітам, па якім упрыгожаны металічнымі ўпрыгожаннямі; іншыя бога-служэбныя кнігі ў поўным саставе.
У архіве царкоўным метрычныя кнігі захоўваюцца з 1824 г., за выключэннем 1834 і 1875 гадоў, іншыя прыходскія дакументы з 1872 г.”
Побач з царквой асобна была ўзведзена званіца, на якой размяшчаліся тры званы: 7, 4 пудоў і 30 фунтаў. Пагост царкоўны быў абнесены простай рубленай агароджай.
Могілак у прыходзе было чатыры, а таксама адна прыпісная царква ў сяле Карані. Царква тая была каменнай, пераробленай са скасаванай рымска-каталіцкай капліцы.
Кожны год 10 лістапада насупраць царквы святой Параскевы збіралася ярмарка, на якую з’язджаліся сяляне з навакольных вёсак.
Вёску, якая ўтварылася ў другой палове XIX ст. каля царквы, назвалі Нябытаў (цяпер гэта вул. Школьная – І.Г.). Яна не ўваходзіла ў склад маёнтка, бо жылі ў ёй людзі вольныя, не прыгонныя.
Справа ў тым, што ў пачатку 60-х гг. XIX ст. адбылася буйная міграцыя чэшскіх перасяленцаў у Беларусь. Гэтае перасяленне было следствам масавага абеззямельвання чэшскага сялянства, глыбокага прамысловага крызісу і, у выніку, масавага беспрацоўя і голаду ў чэшскіх землях.
У сваю чаргу ва ўмовах дэфіцыту мясцовай рабочай сілы, пасля адмены прыгоннага права ў Расійскай імперыі ў 1861 г., беларускія памешчыкі сталі запрашаць чэшскіх сельскагаспадарчых рабочых пасяліцца ў іх маёнтках у якасці каланістаў з мэтай выкарыстання іх працы ў асноўным на сельскагаспадарчых работах (Панютич, В. П. Наемный труд в сельском хозяйстве Беларуси 1861 – 1914 гг. / В. П. Панютич; под ред. П. Т. Петрикова. – Мінск: Навука і тэхніка, 1996, c. 41).
Чэхі-каланісты перасяліліся пераважна ў Рэчыцкі і Мазырскі паветы Мінскай губерні. Усяго іх прыбыло 818 чалавек (НГАБ. ф. 295.воп. 1.с.1502. Справа аб выдачы іншаземным падданым пашпартаў 1862 – 1870 гг. л. 10-523).
“Большасць чэшскіх каланістаў прыбыла для сельскагаспадарчых работ з Чэхіі ў Беларусь на працягу 1862 г. згодна з умовамі кантрактаў з беларускімі памешчыкамі, якія былі падпісаны на шэсць, сем ці восем гадоў,- сцвярджае ў сваім даследаванні беларускі даследчык Н.М Філюта. — Умовы кантрактаў прымаючым бокам выконваліся не цалкам, таму частка пасяленцаў вярнулася на Радзіму, але ў той жа час большасць каланістаў вырашыла застацца на землях, на якія запрасілі іх памешчыкі. Найбуйнейшыя чэшскія паселішчы ў Беларусі ў канцы XIX ст. размяшчаліся на тэрыторыі маёнткаў Галоўчыцы і Барбароў Рэчыцкага павета Мінскай губерні, якія належалі памешчыкам Горватам. Тут чэхі атрымалі найбольш выгадныя ўмовы пражывання і працы. Найбольш распаўсюджанымі прозвішчамі ў гэтых чэшскіх калоніях былі: Протывенскі, Лагодныя, Старек, Воженілек, Ружычка, Доуброва” (Филюта, Н. М. Чешский и словацкий этносы в истории Беларуси (XIX – начало XXI в.) / Н. М. Филюта // Этнокультурное развитие Беларуси в XIX – начале ХXI в.: материалы междунар. науч.-практ. конф. / редкол. : Т. А. Новогродский (отв. ред.) [и др.]. — Минск: БГУ, 2011, с. 219 – 223).
“Прапісаліся” чэшскія каланісты і на ліпаўскай зямлі. Як расказала Марыя Мікалаеўна, у паўночна-заходняй частцы Ліпава паявіўся цэлы пасёлак, які засялілі іншаземцы.
Так у Ліпава з’явіліся прозвішчы: Панглішы, Рода, Богачы, Корзуны, Бачуры, Жыжнеўскія, Давыдоўскія і Казлоўскія.
Чэхі пасяліліся там, дзе ніхто да іх не сяліўся: на пустэльным месцы, каля самага лесу. Яны пасяліліся на вузенькай вуліцы, насупраць царквы ў імя Св. Вялікапакутніцы Параскевы. У іншаземцаў у тыя часы не было зямельных надзелаў. Рэдка хто з іх меў невялікі агарод. Яны працавалі на лесапільні і вінакурні Атона Горвата.
Для рабочых вінакурні ў цэнтры фольварка пабудавалі вялікі дом, які празвалі “саламяным”. Для рабочых, якія працавалі ў садзе і на фермах, пабудавалі дом-барак на “Сахаліне” (цяпер вул. Крылова). Першы дом пазней перанеслі на вул. 50 гадоў Кастрычніка, другі – на вул. Інтэрнацыянальную. На Цагельні (так сёння называецца ўрочышча, дзе раней быў цагельны завод – І.Г.) таксама ўзвялі вялікі дом для рабочых цагельнага завода (Газета “Калінкавіцкія навіны”, № 68 за 2015 г.).
Па ўспамінах былога панскага батрака Казлова І. Ф.: «Рабочыя на заводах атрымлівалі спецвопратку, муку і грошы».
На гэтай жа вуліцы, што стала праасновай вёскі Ліпаў, пасяліўся і святар Мікалай Кміта, мяркуючы па прозвішчы, верагодна, таксама чэх.
У 1870 г. фольварк Ліпаў і вёска Нябытаў аб’ядналіся ў адзін населены пункт, які і цяпер называецца Ліпаў. Толькі сённяшнія жыхары аграгарадка дагэтуль тую яе частку, дзе размяшчалася в. Нябытаў, называюць Папоўкай, а месца, дзе размяшчаўся фольварк, Сахалінам (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”. 1999. с.781).
У 1883 г. да царквы ў імя Св. Вялікапакутніцы Параскевы было прыпісана 917 прыхажан жаночага полу і 902 – мужчынскага. Ва ўласнасці царквы знаходзілася 2,3 дзес. прысядзібнай зямлі, 75 дзес. ворыўнай, 15 дзес. сенакоснай і 100 дзес. лесу.
Настаяцелем царквы ў той час быў Сямён Бруй, у якога за плячыма было ўжо 15 гадоў стажу свяшчэннаслужыцеля, а псаломшчыкам царквы з’яўляўся Фёдар Мігай.
З Метрычнай кнігі Ліпаўскай царквы за 1891-1899 гг., якая захоўваецца ў аддзеле запісаў актаў грамадзянскага стану Калінкавіцкага райвыканкама, мы даведаліся, што свяшчэннікам у гэты перыяд у царкве быў Лявонцій Наркевіч, а псаломшчыкам да 1895 г. – Кіпрыян Нілулоўскі, а затым – Сямён Задзярноўскі.
У гэтай жа кнізе занатаваны факт заключэння шлюбу ў 1894 г. паміж селянінам в. Ліпава Канстанцінам Якаўлевым Крэсілам (26 год) і сялянкай гэтай жа вёскі Марыяй Рыгоравай Карэлікавай 21-гадовага ўзросту. З гэтага ж запісу вынікае, што многія сяляне ліпаўскай мясцовасці жылі не толькі ў навакольных вёсках, але і на хутарах, у паасобку. Аб гэтым сведчыць запіс у Метрычнай кнізе, дзе зарэгістравалі маладажонаў:
“…Паручыцелямі ў іх былі. Па жаніху: селянін вострава Касімаў Мікіта Лявонаў Бароўскі і Уладзімір Дзям’янаў Канстанцінаў. Ад нявесты: вострава Оспіна сяляне Антон Раманаў Белавод і Феадор Рыгораў Садлуска”.
…У кастрычніку 1924 года,калі вялася падрыхтоўка да выбараў у Ліпаўскі сельскі Савет, свяшчэннік ліпаўскай царквы ў імя Св.Вялікапакутніцы Параскевы Мікалай Кміта і псаломшчык Іван Дзяніс разам з мясцовымі земляробамі- царкоўнымі папячыцелямі Міхаілам Зайчанка, Вікенціем Кавалёвым, Аляксеем Турчанка, Карпам Качурай, Іпалітам Казловым, Піліпам Горбачам, Іванам Алісейка і Пятром Пікуном былі пазбаўлены выбарчых правов і аднесены ў разрад так званых “лішэнцаў” (Мазырскі архіў. ф.80,воп.1, с.8, л. 21).
Такім быў удзел у тыя гады ўсіх, хто з’яўляўся вернікам і прыхільнікам Царквы. Так Савецкая ўлада вяла барацьбу з рэлігіяй, якую аб’явілі
“опіўмам для народу”.

Улада Саветаў

У 1917 г. вёска Ліпаў адміністрацыйна ўваходзіла ў склад Рэчыцкага павета Мінскай губерні.
Падзеі, якія адбываліся паўсюдна па Расіі, не маглі абмінуць і Ліпаў. Весткі аб звяржэнні самаўладдзя дакаціліся і ў гэты ціхі куток. Хаця не такім ужо і ціхім ён быў, як сведчаць гістарычныя факты. Яшчэ у 1907 г. сяляне суседніх з Ліпавам вёсак Ракаў-1 і Ракаў-2 (вёскі былі раздзелены звычайным ручаём, праўда, даволі бурлівым у час веснавой паводкі – І.Г.) арганізавалі тут буйное выступленне супраць паноў Горватаў, у час якога Ліпаўскі маёнтак часткова быў разбураны.
Устанаўленне ўлады Саветаў адбывалася ў рамках жорсткай барацьбы з яе праціўнікамі і іншаземнымі інтэрвентамі. Хто толькі не квапіўся на беларускія землі ў тыя гады: і польскі корпус Доўбар-Мусніцкага, і германец, і гайдамакі Скарападскага з Пятлюрай, іншыя варожыя сілы.
Па некалькі разоў вёскі палешукоў пераходзілі з рук у рукі то да Чырвонай Арміі, то да іншаземцаў.
Напрыклад, у канцы студзеня 1919 г. тэрыторыі сённяшняга Калінкавіцкага раёна былі вызвалены ад кайзераўскіх войск.
27 студзеня 1919 г. старшыня Рэчыцкага павятовага рэвалюцыйнага камітэта Е. Міцкевіч, старшыня савецкай народнай гаспадаркі Абрамовіч і павятовы ваенком В. Рускі падпісалі пастанову Рэчыцкага павятовага камітэта, у якой гаварылася: “ Па распараджэнні ўрада РСФСР аб’яўлена мабілізацыя коней для войск Чырвонай Арміі ў тэрмін з 27 студзеня 1919 па 17 лютага 1919 г. Мабілізацыя коней распаўсюджваецца на воласці: Горвальская, Аўцюцэвіцкая, Дудзіцкая, Даманавіцкая, Карпавіцкая, Крукавіцкая, Юравіцкая…”
Тым самым падцвярджалася, што Саветы зноў бяруць уладу ў свае рукі. Але… не на доўга.
У сакавіку 1919 г. палякі рушылі на краіну Саветаў.
Да мая 1919 г. у Рэчыцкім павеце было створана 18 партыйных арганізацый. Да гэтага ж часу адносіцца і стварэнне камсамольскіх арганізацый, у тым ліку ў Ліпаве. Піянеры, напрыклад, дапамагалі сялянам апрацоўваць зямельныя ўчасткі, праводзілі гутаркі на атэістычныя тэмы. На заробленыя грошы набывалі піянерскую атрыбутыку, праводзілі нядзельнікі, вялі вялікую работу па ліквідацыі непісьменнасці. Піянеры Ліпаўскай школы, як сведчаць архіўныя звесткі, за перыяд з 1928 па 1930 гг. абучылі грамаце 17 чалавек. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”.1999. с. 125, 161).
У жніўні ў Рэчыцы адбыўся павятовы з’езд Саветаў, на якім, з нагоды набліжэння польскіх легіёнаў да межаў Беларусі, было прынята рашэнне аб мабілізацыі ад кожнай воласці па 10-20 чалавек з ліку бяднейшых і сярэднезаможных сялян для стварэння Камуністычнага атрада для барацьбы з захопнікамі. Байцы атрада затым прынялі ўдзел не ў адным баі з польскімі легіянерамі.
З 26 красавіка 1919 г. Рэчыцкі павет перайшоў у склад толькі што створанай кіраўніцтвам Савецкай Расіі Гомельскай губерні.
Доўгачаканы мір прыйшоў на гаротную ліпаўскую зямлю ў лістападзе 1920 г. Усе ворагі былі выгнаны за межы Беларусі. Пачалося станаўленне Савецкай улады.
У маі 1923 г. адбылося ўзбуйненне валасцей. Карпавіцкую воласць ліквідавалі, а Ліпаў увайшоў у склад толькі што створанай Калінкавіцкай воласці.
7 сакавіка 1924 г. была прынята пастанова Прэзідыума ЦВК СССР “Аб аб’яднанні ў складзе Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі ўсіх тэрыторый Савецкага Саюза з большасцю беларускага насельніцтва”. Тым самым было вырашана пытанне аб нацыянальна-тэрытарыяльным размежаванні з РСФСР і быў пакладзены пачатак адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе, якую зацвердзіла пастанова ЦВК БССР аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні Беларусі ад 20 чэрвеня 1924 г.
У складзе Мазырскай акругі 17 ліпеня 1924 г. быў створаны Калінкавіцкі раён, які складаўся з 12 сельскіх Саветаў. У яго склад увайшоў і Ліпаўскі сельсавет з цэнтрам у вёсцы Мнагаверш.
У даваенны час Ліпаўскі сельсавет некалькі разоў пераходзіў са складу аднаго раёна ў другі. Так, 27. 09. 1930 г. Калінкавіцкі раён быў перайменаваны ў Мазырскі. А 12.02.1935 г. быў створаны Даманавіцкі раён, у які з Мазырскага і быў перададзены Ліпаўскі сельсавет.
20.02. 1938 г. у складзе Палескай вобласці быў адноўлены Васілевіцкі раён, у які з Даманавіцкага раёна перадалі Зеляноцкі і Ліпаўскі сельсаветы (Административно-территориальное устройство БССР. Справочник. Т.1. (1917 – 1941 гг.). Мн., “Беларусь”.1985.сс., 168, 174).
У выніку ліквідацыі ў 1954 г. Палескай вобласці Васілевіцкі раён перадалі ў Гомельскую вобласць, а ў верасні 1959 г. раён таксама быў ліквідаваны. Яго тэрыторыю падзялілі паміж Калінкавіцкім і Рэчыцкім раёнамі. Так, Ліпаўскі сельсавет зноў апынуўся ў складзе Калінкавіцкага раёна.
…Што з сябе ўяўляў Ліпаўскі сельсавет напачатку свайго дзеяння добра вынікае са справаздачы яго першага старшыні Фёдара Іванавіча Молчана, ураджэнца Ракава, з якой ён выступіў на нарадзе 30 верасня 1924 г. Яго справаздачу зафіксавалі ў пратаколе, які захоўваецца ў дзяржаўным архіве. Вось што гаворыцца ў гэтым дакуменце: “Слухалі даклад аб рабоце райсельсавета, дакладчык тав. Молчан, які гаворыць, што за час з 20 жніўня па 30 верасня, як ён уступіў ва ўзбуйнены Ліпаўскі райсельсавет, зроблена наступнае: райсельсавет складаецца з 5 членаў — старшыні, яго намесніка сакратара, старшыні СККАЗ (сельскі кааператыў калектыўнай апрацоўкі зямлі – І.Г.). Работа р/с не вельмі здавальняючая, асабліва па СККАЗ, так як старшыня СККАЗ тав. Турчанка не адпавядае свайму прызначэнню, да таго ж ён увогуле не хоча працаваць, у дальнейшым яго трэба будзе убраць, так як работа па СККАЗ зусім храмае.
Пра намесніка свайго тав. Уласенка нават гаварыць не стану, бо яго нават не бачу. Што тычыцца сакратара тав. Богача , аб ім можна сказаць толькі добрае- цудоўны работнік, які даволі няблага вядзе канцылярыю.
У сельсавет уваходзяць 5 вёсак, колькасць гаспадарак – 721, жыхароў абодвух палоў – 2044 душы, усяго ворнай зямлі, якая стала аб’ектам падаткаабкладання -1128 дзес 80 с., сенакосу – 996 дзес. 85 с. (У Мнагавершы пражывала 514 жыхароў, у Ператоку – 409, у Вязавіцы — 522, у Ракаве – 441, у Ліпаве -158 – І.Г.).
Пасяджэнні сельсавета прахо-дзяць раз у тыдзень, пленарныя нарады – адзін раз у месяц. Разабрана 2 пісьмовыя заявы і 5 вусных, выдана 14 пасведчанняў, прынята 65 загадаў ад райвыканкама, не выканана – 9. Школы ў сельсавеце амаль адрамантаваны , за выключэннем Ліпаўскай, дзе толькі на шкленне падвойных рам патрабуецца 45 руб. Дровы ў школы завезены. Што датычыцца арэнднай платы за сенакос, то яна не спагнана, так як вяскоўцы, у тым ліку і члены сельсавета, адмовіліся яе уносіць” (Мазырскі архіў. Ф. 80.воп.1.с.12.лл. 17-18).
Ужо 7 студзеня 1925 г. на пасяджэнні сельсавета разам з абмеркаваннем пытанняў “Аб з’ездзе Саветаў Калінкавіцкага раёна” і “Аб сельгаспадатку” абмеркавалі пытанне “Аб сакратары сельсавета”. Старшыня савета Молчан далажыў, што 18 снежня 1924 г. у сельсавеце не стала сакратара. Івана Іванавіча Богача, які займаў гэтую пасаду, забілі. Спачатку ў забойстве абвінавацілі праціўнікаў новай улады, а пасля раследавання выявілі, што прычынай з’явілася саперніцтва з-за жанчыны.
Паколькі канцылярыскія справы былі запушчаны і далей такога становішча дапускаць было нельга, вырашылі зацвердзіць сакратаром члена сельсавета ад в. Ліпава Капітонаву Марыю Іванаўну.
Дарэчы, замест Турчанкі к таму часу СККАЗ узначальваў ужо Краўцоў П. (Мазырскі архіў. ф.80.воп. 1. с.9. лл. 35-36).
У лютым 1925 г. для ўпарадкавання работы па напрамках пры сельсавеце былі створаны камісіі: зямельна-лясная (Краўцоў Я., Краўцоў П., Богач К., Спірыдонаў П., Казлоў В.); дарожна-добраўпарадкавальная (Хруль А., Горбач З., Алісейка Ф., Молчан Ф., Казлоў С., Рукаў Д., Горбач К.); культурная (Кашавар А., Крэсік К., Ткач П., Старжыцкая З., Пікун В., Мікевіч М., Кажадуб А.); тэрытарыяльна-грамадская (Кавалёў Е., Перапеча А., Горбач І., Сафроненка П., Акісімовіч І.). (Мазырскі архіў. ф.80. воп. 1. с.9).

Стаўка на культуру

А жыццё ў вёсцы разгортвалася ў адпаведнасці з рэаліямі часу 20-х гадоў.
Індывідуальныя гаспадаркі сялян у абсалютнай большасці развіваліся цераз пень-калоду. Не лепш выглядала і першая калектыўная гаспадарка, якая была створана ў Ліпаве ў 1920 г. на базе былога панскага маёнтка, і названа саўгасам “Ліпава”.
У справаздачным дакладзе Калінкавіцкага райвыканкама за перыяд з 1 снежня 1923 г. па 14 кастрычніка 1924 г. адзначалася: “Састаў саўгасаў у Калінкавіцкім раёне – 1 агульнай плошчай да 500 дзес., але ў сувязі з недастатковасцю жывёлы ўся плошча не засяваецца, а здаецца ў арэнду, савецкая гаспадарка правільна не вядзецца” (Мазырскі архіў.ф.80. воп.1. с. 5. лл.56-58).
Згодна Плану правядзення восеньскай пасяўной кампаніі 1924 г. ў Калінкавіцкім раёне за Ліпаўскім сельсаветам налічвалася 438 га ворыўнай зямлі. Савету даводзілася заданне павялічыць пасяўны клін на 86 га. Агульная пасяўная плошча па сельсавету павінна была скласці 1714 га, агульная плошча сенакосаў – 2225,5 га. Саўгасу “Ліпава” ставілася задача дапамагчы беднякам у ворыве 15 га зямлі і сяўбе на 20 га, а таксама малацьбе на плошчы 6 га (Мазырскі архіў. ф.226. воп.1. с. 57. лл. 47-49).
Ва ўрочышчы Атолін, дзе быў вялікі сад, пасека і будынкі фольварка тады ж сіламі некалькіх сем’яў беднякоў з в. Ракаў была ўтворана сельскагаспадарчая камуна. Аднак першыя камунары не надта клапаціліся пра развіццё былой панскай гаспадаркі, а, наадварот, за непрацяглы час яе праелі і разбазарылі.
У праяданні панскай жыўнасці, дарэчы, райвыканкам абвінаваціў і першага ўпраўляючага саўгаса “Ліпава” Антона Іосіфавіча Мыку, якога ў 1920г. белапольскія акупанты, што прыйшлі ў Ліпава, як успамінала яго жонка, збілі да паўсмерці, як стаўленіка савецкай улады.
20 лютага 1925 г. на сходзе грамадзян у в. Мнагаверш са справаздачай аб стане спраў у саўгасе”Ліпава” далажыў новы яго ўпраўляючы Руноў. Ён паведаміў сялянам, у якім стане прыняў гаспадарку, і што ім зроб-лена за невялікі час: ”У першую чаргу адрамантаваны млын, паднята з зямлі агароджа вакол саду, пачаты работы па ўзнаўленні саўгаса, які ў дальнейшым павінен стаць паказальнай гаспадаркай для сялянства па развіцці палепшанай пароды жывёлы”.
Тут жа на сходзе разгледзелі пытанне аб забароне выпасу жывёлы на пасевах азімых, што наносіць непапраўную шкоду для сельскай гаспадаркі. (Мазырскі архіў. ф.80. воп. 1. с.34. лл. 6-7).
У справаздачы Калінкавіцкага райвыканкама за 1925 год даецца наступная характарыстыка першаму ў Калінкавіцкім раёне саўгасу: “У раёне ёсць саўгас “Ліпаў” з плошчай зямлі 427 дзес. сенаворыва, пры ім садова-агародная гаспадарка і паравы млын, які ў справаздачным годзе згарэў, але зараз адрамантаваны і працуе. Саўгас быў вельмі апустошаны пры пераходзе з Рэчыцкага ў Мазырскі павет, так як інвентар увесь быў вывезены і ледзь адноўлены ў цяперашні час, але ўсё-такі для поўнага аднаўлення саўгаса трэба шмат сродкаў і прыкласці максімум працы”. (Мазырскі архіў. ф. 80. воп.1. с.5. лл.147-149).
У Ліпава на той час таксама працавалі: цагельня, 2 кузні,маслабойня, стальмашня і крухмальны завод, які ў 1925 г. стварылі на базе былой панскай вінакурні. Як сведчаць звесткі са статыстычнага даведніка “Усе раёны БССР” (1933 г.), на Ліпаўскім крухмальным заводзе працавала 13 чалавек, якія стварылі валавы прадукт коштам у 30 тыс руб.
6 сакавіка гэтага ж года ў Ліпаўскі сельсавет наведаўся рэвізор з Калінкавіцкага райвыканкама. Гэта быў сакратар райвыканкама М.І.Круппа. У акце праверкі прадстаўнік раёна занатаваў наступнае: “Канцылярыя сельсавета знаходзіцца ў былым царкоўным доме, у якім займае два пакоі, у адным з якіх размяшчаецца канцылярыя, у другім – прыхожая, дзе адначасова змяшчаецца і хата-чытальня.
<…> Пастаянных платных работнікаў сельсавета – два: старшыня Молчан і сакратар Капітонава.
<…> Зарэгістравана ў 1924 годзе нараджэнняў – 25, смярцей – 8, бракаў – 2”.
У якасці заўваг рэвізор запісаў наступныя даручэнні:
“1. Ажыццявіць конскі ўлік у адпаведнасці з вызначанымі нормамі.
2.Здзейсніць улік ваеннаабавязаных.
3.Ажыццявіць улік пабудоў, жывога і нежывога інвентару, зямельных і лугавых угоддзяў і аб’ектаў абкладання.
4.Зрабіць улік павозак і вупражы.
5.Здзейсніць улік інвалідаў грамадзянскай і імперыялістычнай войн і іх сямей.
6.Прыступіць да састаўлення падворна-пасямейных спісаў” (Мазырскі архіў. ф.80. воп.1, с.34, л.50).
У пачатку мая 1925 г. адбыўся I-ы з’езд Саветаў Мазырскай акругі, на якім былі абазначаны праграмныя накірункі дальнейшага руху савецкай улады і насельніцтва акругі на бліжэйшы перыяд. Так, выступаючы перад дэпутатамі з’езда, сакратар акружнога камітэта партыі бальшавікоў т. Быкоўскі ў першую чаргу звярнуў увагу ўсіх на неабходнасць узняцця культурнага ўзроўню сельскай гаспадаркі і павышэння яе эканамічнага росту, паколькі сельская гаспадарка на той момант дасягнула ўсяго 60 % даваеннага росту.
Выступілі на з’ездзе і прадстаўнік прафсаюзаў: т.Блюмкін і ад маладзёжнага прафсаюза т.Галадко, якія выказаліся аб няправільных падыходах да клопату аб працаўніках. Па іх меркаванні нельга аддаваць перавагу толькі рабочым, трэба клапаціцца і пра сялян. Яны выказалі слушную заўвагу і аб неабходнасці самага цеснага супрацоўніцтва рабочых і сялян па ўзняцці сельскай гаспадаркі.
На з’ездзе ішла размова і аб умацаванні Чырвонай Арміі, яе скарачэнні і ўмацаванні быту; аб пераломе псіхалогіі дзяцей; аб піянерскай і камсамольскай арганізацыях; аб росце культурных сіл вёскі.
Аб усім гэтым прадстаўнікам вёсак Ліпаўскага сельсавета далажыў дэлегат з’езда, старшыня сельсавета Фёдар Молчан на пашыраным пасяджэнні сельсавета, якое адбылося 6 мая 1925 г. У адпаведнасці з рашэннем прэзідыума сельсавета па ўсіх вёсках прайшлі сходы, на якіх да ведама сялян былі данесены новыя праграмныя ўстаноўкі.
Дарэчы, 6 мая на пасяджэнні сельсавета быў абраны і новы састаў прэзідыума сельсавета, у які ўвайшлі : Молчан – старшыня, Капітонава – сакратар, Краўцоў – старшыня СККАЗ, Горбач і Краўцоў Я. – члены сельсавета. (Мазырскі архіў. ф.80 .воп. 1. с.9. лл. 170-171).

Пастанавілі: раскулачыць

У 1927 годзе ў СССР ўзнік крызіс хлебанарыхтовак. Іх план у Беларусі, напрыклад, быў выкананы толькі на 71,5%. Гэта стварала пагрозу выкананню планаў індустрыялізацыі і абвастрала сацыяльныя канфлікты у горадзе і вёсцы. І.В.Сталін і яго паплечнікі адхілілі прапанову М.І. Бухарына аб выхадзе з крызісу шляхам адмовы ад надзвычайных мер, пад’ёму сельскай гаспадаркі і развіцця рознабаковых форм кааперацыі. Гэтую прапанову яны назвалі ўступкай кулаку і праяўленнем правага ўхілу. Перавод сельскай гаспадаркі на шлях буйной абагуленай вытворчасці стаў разглядацца як сродак вырашэння праблемы збожжа і адначасова ліквідацыі кулацтва як галоўнага ворага савецкай улады.

У якасці першага сродку барацьбы з сапраўдным селянінам-гаспадаром на месцах згодна з інструкцыяй “з верху” пачалі выкарыстоўваць дзяленне ўсяго сялянства на кулакоў, сераднякоў і беднякоў і абкладанне першых павышанымі падаткамі.

Каб прасачыць, як гэта выглядала на справе, прывядзем наступны архіўны дакумент – выпіску з пратаколу пасяджэння Ліпаўскай сельскай падаткавай камісіі ад 11 кастрычніка 1929 г.:

“ Аб устанаўленні абкладаемага падатку з гаспадаркі в. Ліпава Бесяцкага Аляксея Янкава

Пастанавілі:

Гаспадарка Бесяцкага з’яўляецца яўна кулацкай, нягледзячы на тое, што зямлі 2,8 і сенажаці 2,2 дзес., аднак сам займае пасаду на працягу ўсяго лета. Зямлю і сенажаць апрацоўвае наёмнай працай, трымае па 2-3 тыдні, на працягу году наймае на сенажаць – 24 дні, на палявыя працы – жніво –16 дзён, мае агарод і пітомнік і на апрацоўку яго наймае — 37 дзён, а разам на працягу году наймае – 77 дзён” (Мазырскі архіў. Ф. 226, воп.1, с.55, л. 38).

Вось так проста па рашэнні сяброў (так тады называлі членаў савета – І.Г.) сельсавета аднавяскоўца, які меў ва ўласнаці зямлі ў два з паловай разы менш, чым прыгонны селянін у пана Атона Горвата, рабілі класавым ворагам. І гэта была агульнадзяржаўная палітыка сталінскага кіраўніцтва.
У Беларусі, напрыклад, народны камісар земляробства Д.Ф.Прышчэпаў і яго паплечнікі былі абвінавачаны ў праваухільных настроях. Іх абвінавацілі ў ідэі насаджэння хутароў, кулацкіх гаспадарак, недаацэнцы складанай машыннай тэхнікі, і, зразумела ж, перспектыў калгасна-саўгаснага будаўніцтва. У той жа час савецкія ўладарнікі зусім не звярталі ўвагу на тое, што савецкае заканадаўства прадугледжвала і свабодны выбар землякарыстання. Д.Ф.Прышчэпаў і 29 іншых беларускіх “праваухільнікаў” былі выключаны з бальшавіцкай партыі і рэпрэсіраваны.
Барацьба з правым ухілам суправаджалася фарсіраваннем калектывізацыі, наступленнем на яе галоўнага ворага, кулака. Да канца першай пяцігодкі планавалася абагуліць у Беларусі 185 тыс. га пасяўных плошчаў. Але хутка гэтыя лічбы былі перагледжаны. 5 студзеня 1930 г. ЦК ВКП(б) прыняў пастанову “Аб тэмпах калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву”. У адказ на яго Пленум ЦК КП(б)Б, які праходзіў 6 студзеня 1930 г., прыняў рашэнне да пачатку пасяўной калектывізаваць 75-80% сялянскіх гаспадарак.
На месцы былі спушчаны адпаведныя “ука-зіўкі”, і гвалтоўны загон у калгасы пайшоў. Не спынілася і барацьба з кулаком. Яна, наадварот, пачалася на поўную моц.
Так, 23 студзеня1930 г. на пасяджэнні прэзідыума Ліпаўскага сельсавета галоўнымі пытаннямі разгляду сталі “Аб узяцці на ўлік кулацкіх гаспадарак Ліпаўскага сельсавета” і “Аб накладанні нарадаў на вываз лесу на кулацкія гаспадаркі”.
З тымі, хто не выконваў рашэнні сельсавета, не цырымоніліся. Напрыклад, на гэтым жа пасяджэнні прэзідыума, у час разгляду пытання “Аб няздачы хлеба ў спажывецкае таварыства” просьбу жыхара в.Ператок Янкі Алісейкі аб зняцці з яго абавязку аб пастаўцы 7 пудоў збожжа, не толькі не задаволілі, а наадварот павялічылі яму размер здачы хлеба ў два разы. У пратаколе пасяджэння так і запісалі: “Прыменіць Алісейку двухкратны размер за несвоеўременую здачу хлеба у ліку 14 пудоў” (Мазырскі архіў. ф.226, воп.1, с.67, лл. 1-2).
Ужо праз чатыры дні, на пасяджэнне сельсавета было вынесена пытанне “Аб раскулачванні кулацкіх гаспадарак”. Як сведчыць архіўны дакумент, прапанову па персаналіях агучыў на пасяджэнні рабочы брыгады Пекун. Пастанавілі: “Раскулачыць індывідуальныя гаспадаркі 1) Варанцова Кандрата, 2) Алісейка Рыгора, 3)Алісейка Базыля Раманава, 4) Алісейка Аніса Раманава, 5) Захаранка Савы, 6) Апеева Лукі, 7) Алісейка Маісея Б.
І па раскулачванні перадаць усю маёмасць у Чырвоны Ліпаў (калгас в. Вязавіца – І.Г.)”
На гэтым жа пасяджэнні ліпаўскія сельсаветчыкі разгледзелі і пытанне “Аб канфіскацыі будынкаў у кулацкіх гаспадарках”. Яны пастанавілі: “Адну хату Варанцова перадаць пад Косетаўскую школу, другую хату — для канцылярыі праўлення калгаса “Чырвоная змена”. Усе халодныя будынкі перадаць калгасу “Чырвоная змена”.
Прапанаваць Варанцову вызва-ліць упамянутыя будынкі ў трохдзённы тэрмін, а самому Варанцову высяліцца за межы калгаса і часова перайсці ў новую хату на хутар пад лесам.
У Алісейкі Базыля Раманава ўзяць адну хату пад Чырвоны куток, а самому прапанаваць вызваліць памяшканне і перайсці часова ў хату Алісейка Рыгора Базылева”.
На гэтым жа пасяджэнні прэзідыума сельсавета было разгледжана і пытанне “Аб адкліканні сяброў сельсавета з яго складу”. Архіўныя дакументы данеслі да нашых дзён скупыя радкі рэалій тых дзён:
“Прызыдыум с/с згаджаецца са сходам беднаты вёскі Косетаў аб тым што сябры с/с не здольны працаваць у с/с асабіста ў сучасны момант, калі калектывізацыя ідзе буйнымі тэмпамі.
1)Хвей Мацвей, 2)Хвей Ульян, 3) Штурма Ігнат вядуць працу супраць калектывізацыі, у Хвея Мацвея сабіраюцца ўсе кулакі і заможнікі і вядуць агітацыю аб наступным. Кажа, што ў калгасі будуць кляйміць і будуць агульныя жонкі. Самі ў калгас не йдуць. Кажа, што ў калгасі лодыры. І самі ніколі не з’яўляюцца на сход і працы ніякай сярод беднаты не вядуць.
Прызыдыум с/с са свайго боку лічыць даць адвод названым сябрам с/с і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці і перадаць справу следчым органам” (Мазырскі архіў. ф. 226. воп.1, с.67, лл.3-4).
Савецкай уладзе, як бачна, са спачуваўшымі кулакам было не па шляху.
10 лютага 1930 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК ВКП(б) запіску, у якой прасіў уключыць Беларусь у шэраг раёнаў суцэльнай калектывізацыі. Для правядзення калектывізацыі ў вёску былі накіраваны сотні ўпаўнаважаных, якія ў большасці сваёй нават не ведалі інтарэсаў і жыцця сялян. Нярэдка пад пагрозай нагана яны складалі спісы “жадаючых” уступіць у калгас. Усіх тых, хто супраціўляўся, раскулачвалі і высылалі.
Так, 14 лютага 1930 г. на пасяджэнні прэзідыума Ліпаўскага сельсавета, на якім прысутнічалі яго члены: Ткач – старшыня сельсавета, Рэкіш, Кавалёў, Перапеча Ганна, Ясенкоў, Ясенкоў Антось – сябры сельсавета і яго сакратар Салаўянчык, было разгледжана пытанне “Аб высяленні кулакоў за межы БССР”.
Прэзідыум прыняў рашэнне ўсіх кулакоў сельсавета падзяліць на тры катэгорыі. Так, напрыклад, жыхары в. Косетаў Алісейка Аніс Раманавіч і Алісейка Рыгор Базылевіч былі аднесены да першай катэгорыі “як кулакі і варожыя аліменты, якія угражаюць зрыву калектывізацыі і вядуць агітацыю супраць калектывізацыі, а таксама сумелі разбазарыць сваю маёмасць да раскулачыванія і наблюдаюць угрозы на брыгадзераў”. Зразумела, што вердыкт сельсаветчыкаў да абодвух Алісейкаў быў адзін – раскулачыць і выслаць за межы Беларусі.
Косетаўцы Варанцоў Кандрат, Алісейка Маісей і Захаранка Сава, “як не яро уступаўшые проціў калектывізацыі но крэпко заможно-кулацкіе і якіе велі агітацыю супраць калектывізацыі”, былі аднесены да другой катэгорыі кулакоў, шлях якім таксама вызначаўся за межы раёна.
Іх аднавяскоўцаў Алісейку Базыля і Агеева Луку, “як неяро уступаўшых яднанню”, аднеслі да трэцяй катэгорыі.
Да трэцяй катэгорыі кулакоў аднеслі і сялян з в.Хамічы Журава Яўхіма Міканоравіча, Горбача Пятра Кандратавіча, Хадзько Аліхвера. А вось іх аднавяскоўца Молчана Льва, які ў царскія часы быў старастай вёскі, залічылі ў другую катэгорыю і выслалі за межы БССР.
Да першай катэгорыі кулакоў аднеслі сялян з в. Ператок Алісейка Янку Герасімавіча і Алісейка Паўліну Дзянісаўну. Па сцвярджэнню члена прэзідыума, члена КП(б)Б Рэкіша Рыгора , “гэтыя кулакі адкрыто уступаюць супроць сав. власьці і робяць насьмешку з працоўнікаў улады і Мая” (Мазырскі архіў. Ф. 226, воп.1, с.67, лл. 3-4).
Да мая 1930 г. у Беларусі было раскулачана 15629 гаспадарак. Узровень калектывізацыі хутка рос. Калі ў студзені 1930 г. было абагулена 20,9% сялянскіх двароў, то ўжо да сакавіка – 58%.
У выніку масавай калектывізацыі ў 1929 г. былі створаны калгасы: “Чырвоны Ліпаў” у Вязавіцы, “Карла Маркса” у Гогалева, “Камінтэрн” (затым быў перайменаваны ў “Чырвоны Ракаў”) у Ракаве; у 1930 г. – “Чырвоная Змена” у Косетаве, “12 год Кастрычніка” у Хамічах; у 1931 г. – “Імя Галадзеда” у Ператоку.
Вось што напісаў пра вынікі калектывізацыі ў Ліпаўскім сельсавеце яго старшыня Ткач 18 красавіка 1931 г. у газеце “Калгаснік Мазыршчыны”:
“У Ліпаўскім сельсавеце арганізавана 7 калгасаў, але ж дапамогі гэтым калгасам няма. Брыгады з раёна, што вылучаліся, толькі рабілі аб’езд вёсак, бралі звесткі аб колькасці ўвайшоўшых сяброў у калгас, практычна ж працы ніякой не вялі. Колькі не пісалі ў куст і ў РВК, карысці мала. Нерашуча бяруцца за справу і самі калгаснікі. Узяць да прыкладу хоць бы падрыхтоўку да пасеўкампаніі: плугі не адрамантаваны, насенне хоць і ачышчана, але вельмі дрэнна, абмену насеннем няма, куст і РВК аб гэтым не клапоціцца. Аграном адзін раз аб’ехаў па калгасах, узяў статыстычныя даныя і больш да гэтага часу не быў.Ужо трэба рабіць усадзьбу, а што і як будаваць – невядома… Калгаснікі гуляюць, працы няма. Іншым гэта нагода на руку, гэта тым, што жадаюць раскідаць калгас. Некаторыя калгасы парашылі самі адводзіць усадзьбу. Тут можа здарыцца небяспека – ці добрае месца яны абралі…”
У гэтым жа нумары газеты расказвалася і пра агітацыйна-інфармацыйную падтрымку калектывізацыі, якая праводзілася ў сельсавеце. Газета паведаміла:
“Ліпаўскай ячэйкай КП(б)Б зацверджаны рэдактарамі насценных газет наступныя таварышы. Газета “Іскра Ільіча” пры сельсавеце і сельпо — Арцюшэнка, “Трыер” (калгас “Камінтэрн”, в. Ракаў) – камсамолец Сцяпан Алісейка, “Калгаснік Хамічы” (калгас “12-летие Октябрьской революции”, в. Хамічы) – ніхто не назначаны, “Чырвоны Ліпаў”(калгас “Будаўнік калгаса”, в. Вязавіца – Трафім Ткач, “За новы быт” (калгас “Чырвоная змена”, в. Косетаў) – Вера Савянок, “Камуна” (калгас “Новы Мнагаверш”) – Арцюшэнка.
Перавыбрана рэдкалегія насценнай газеты “Усход” у саўгасе “Ліпаў”, яе ўзначаліў т. Ізотаў.
Аграработу па газетах вядуць т.Пінькоў – вёскі Ракаў, Ператок, Косетаў; т. Баркоўскі – вёскі Вязавіца, Хамічы, Мнагаверш. Пры сельсавеце і саўгасе – т.Пугач, старшыня Ліпаўскай ячэйкі КП(б)Б”.
Яшчэ раней, 27 кастрычніка 1927 г., газета “Савецкая вёска” паведамляла, што “да 10-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі на капейкі, сабраныя былымі батракамі, адкрыта радыё для сельскагаспадарчых рабочых саўгаса “Ліпава”. Жыхары Ліпава слухаюць навіны з Мінска і Масквы…”
…У другой палове 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў саўгас “Ліпаў” пераехала шмат сем’яў з Ельскага раёна, якія дагэтуль жылі і працавалі ў саўгасе “Марынкі”. Так у Ліпаве з’явіліся прозвішчы: Новік, Сянько, Літвінюк і інш.
У 1928 г. дырэктарам саўгаса “Ліпава” прызначылі Гнётава Аляксандра Сямёнавіча, 1909 г. н. Саўгас спецыялізаваўся на вырошчванні збожжа, агародніны і садавіны, разводзіў буйную рагатую жывёлу.
У 1934-39 гг. у Ліпаў прыйшоў новы паток перасяленцаў. У вёсцы паявіліся новыя прозвішчы: Балахонаў, Міруценка, Трухан, Фралоў, Якуш.

Смяротнае выпрабаванне

У 1985 г. газета Хабараўскага краявога камітэта ВЛКСМ “Молодой дальневосточник” надрукавала ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну жонкі Аляксандра Гнётава Антаніны Канстанцінаўны Дзмітрыевай, якая да вайны ўзначальвала ў Ліпаве саўгасныя дзіцячыя яслі. Вось што яна ўспамінала пра першыя дні вайны:
“Чэрвень 1941 года. Саўгас «Ліпава». Адно з цудоўнейшых месцаў Беларускага Палесся. Маленькія ўтульныя домікі саўгаса патанаюць у зеляніне. У палісадніках квітнеюць мальвы. Наліваюцца сокам яблыкі і грушы ў велізарным саўгасным садзе. Людзі адпачываюць перад пачаткам уборкі ўраджаю, які абяцае быць багатым.
Толькі па раніцах і вечарах раздаюцца гучныя галасы на ферме, а да позняй ночы — песні моладзі. Днём было вакол ціха. Кожны займаўся сваімі хатнімі справамі. На вуліцы гулялі дзеці…
І вось сярод гэтага яснага неба грымнуў раптам гром.
Як цяпер бачу. 22 чэрвеня. Нядзеля. Да репродуктора на высокім слупе ля садовай загарадзі, супраць будынка крухмальнага завода, бягуць святочна апранутыя людзі. Мужчыны, жанчыны, дзеці. Некаторыя спачатку не разумеюць, у чым справа, не вераць страшнаму слову: «Вайна!».
На некалькі хвілін натоўп заціхае, затаіўшы дыханне, слухае пра спасцігшую бяду. Строгія, нахмураныя твары мужчын. Жанчыны выціраюць слёзы, дзеці, якія яшчэ не зразумелі, у чым справа, прыціскаюцца да іх каленяў, са страхам зазіраюць у вочы.
А на другі дзень — першыя праводзіны на фронт. Тут жа, у загарадзі, каля саду, усе жыхары вёскі. Старыя, дзеці. Запрэжаныя ў вазы коні, нецярпліва чакаюць. Плачуць зноў, цяпер ужо наўзрыд жанчыны і дзеці…
Кожную раніцу людзі прагна ўслухоўваліся ў першыя зводкі з фронту. Яны не былі радаснымі. Дні праз тры-чатыры высока ў небе пачуўся дагэтуль незнаёмы злавесны гул самалёта. Усе адразу зразумелі: «Не наш, нямецкі». Трывожна ўзіраліся ў неба, здавалася, што фашыст, які сядзеў у самалёце, аглядае мясцовасць, і добра бачыць кожнага з нас.
Гэта было незвычайна і крыху страшна. Потым да іх прывыклі. Яны сталі лётаць часцей, але праляталі міма… Пакуль…
Як цяпер бачу, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны перад захадам сонца ўдалечыні, на прамой дарозе, з’явіўся нейкі дзіўны натоўп людзей. Падыйшлі бліжэй — старыя, жанчыны, дзеці з вузельчыкамі і клункамі за плячыма. Запыленыя, стомленыя, бледныя. Насустрач выбеглі ўсе жыхары саўгаса, спачатку не разумеючы, але потым усё зразумелі, зноў пабеглі ў свае дома, вяртаючыся назад з хлебам, малаком, яйкамі і іншай ежай у руках. Гэта былі першыя, убачаныя намі ўцекачы з Заходняй Беларусі.
3 ліпеня пакінула і я свае наседжанае гняздо, свой дом, і ўсё ў ім нажытае за кароткія, але шчаслівыя гады. У адзін дзень у спешным парадку пачалася эвакуацыя саўгаснага статка, з ім на калёсах і пешкі сыходзілі і даяркі. Рыхтавалася да адпраўкі і калона трактароў. На адну з пляцовак пагрузілі і нас, некалькі сем’яў з дзецьмі, з самымі неабходнымі рэчамі і адзеннем.
Дагэтуль помняцца тыя натоўпы бежанцаў, машыны, трактары, жывёла. Жанчыны і дзеці, якія плачуць. Наш раённы цэнтр Васілевічы, праз які рухалася трактарная калона. Спусцелыя вуліцы. Нядаўні налёт фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў. Першыя трупы на вуліцах, разбураныя дамы.
Наш шлях ляжыць да ст. Камарын. Гэта мяжа Беларусі і Украіны. Там, па нашых разліках, мы павінны былі «перачакаць».
І зноў рухаемся наперад павольна, цяпер у эшалоне, які стаў нам домам амаль на 20 дзён, да Саратава.
Потым я пасяляюся ў маленькім гарадку на Волзе, непадалёку ад Сталінграда. І адразу ж станаўлюся санітарнай дружынніцай ў шпіталі. Параненыя прыбываюць кожны дзень. Іх шмат, яны цяжкія.
Першыя горкія ўражанні, ад вынікаў вайны — абпаленыя целы лётчыкаў і танкістаў, раскрытыя раны ў жываце.
Першыя ночы я не магла спаць пасля праведзенага дня ў шпіталі. Мне снілася кроў, стогны параненых не змаўкалі ў маіх вушах. Але паступова нервы станавіліся мацней, сэрца больш жорсткім, і хацелася толькі аднаго — палегчыць пакуты параненых, дапамагчы ім вылечыцца.
Ночы ўжо не раздзяляліся з днямі. На нагах былі столькі, колькі было трэба, і ўжо нічога не снілася ў кароткія гадзіны, калі выпадала адпачыць. Я стала аперацыйнай санітаркай. Горка плакала, прыхінуўшыся да сцяны, калі ўпершыню на маіх руках, не вытрымаўшы цяжкай аперацыі, перастаў дыхаць малады салдат. Потым «прывыкла», сціснуўшы зубы і нервы ў кулак, асцярожна пакавала, аднятыя хірургам рукі і ногі ў спецыяльныя скрыначкі і адносіла іх «хаваць»…
Праз шмат гадоў — я і цяпер бачу гэтыя белыя з сінню скрываўленыя абрубкі і адчуваю іх халоднае дакрананне да маіх рук.
А зводкі па радыё прыходзілі ўсё страшней і страшней: «Нашы войскі пакінулі… Мазыр, Гомель, Мінск… Беларусь у руках фашыстаў”…
Што там, у нашым Ліпаве? Акрамя рабочых саўгаса, у ім засталося і яго кіраўніцтва, і сярод іх-мой муж — дырэктар саўгаса. І вось нечакана першая, хоць і невясёлая, але вестачка. І цяпер я чытаю паўсцёртые радкі дарагога мне ліста ад галоўнага агранома саўгаса Фёдара Іванавіча Фралова:
“12 верасня 1941 года, г. Курск.
Я знаходжуся ў Курскім саўгасным упраўленні праездам і вырашыў вам паведаміць пра лёс нашага саўгаса. Я быў у Ліпаве да апошняга дня. Ураджай быў вельмі добры на памідоры, яблыкі і мёд, але працаваць было цяжка, людзей засталося мала, але мы стараліся карміць нашых дарагіх байцоў, варылі ім абед у сталовай бясплатна.
Пакуль нашы войскі былі за саўгасам, побач з намі, нам было весялей, але калі яны сышлі раніцай 20 жніўня, мне ў саўгасе было заставацца небяспечна і ўвечары я паехаў на конях, а 21 жніўня раніцай саўгас занялі немцы.
Перад гэтым я пастараўся, каб усе рабочыя былі забяспечаны прадуктамі харчавання са склада і каб у ім не засталося нічога для немцаў, але пры ад’ездзе я ўсё-такі сказаў Міруценка (загадчык гаспадаркі саўгаса — І.Г.): “Глядзі за маёмасцю саўгаса”.
У Курску я даведаўся, што нашы трактары ў Пензе, а каровы і людзі, якія з імі сышлі — у саўгасе «Яраслаўка» Тамбоўскай вобласці. Вельмі турбуюся аб сваёй маці, якая засталася ў Арлоўскай вобласці, а ёй 83 гады. Але я веру, што мы вернемся ў наш Ліпаў. Да пабачэння!..»
Але не бачыліся мы ўжо больш ніколі з гэтым выдатным чалавекам — Фёдарам Іванавічам Фраловым. Не вярнуўся ён і ў Ліпаў.
Неўзабаве ў Камышыне мяне адшукалі некалькі чалавек з нашага саўгаса, якія трапілі ў адну вайсковую часць на фронце, сем’і якіх засталіся ў акупацыі. З адным з іх, Іллёй Казлоўскім, я перепісвалася ўсю вайну і, па яго словах у лістах, палегчыла яго фізічныя пакуты ў час лячэння ў шпіталі і маральныя ад растання з роднымі, якія засталіся ў акупацыі. Але нікога з іх я больш ужо ніколі не бачыла”.
Не давялося Антаніне Канстанцінаўне больш пабачыцца і са сваім мужам, які пасля эвакуацыі саўгаснай гаспадаркі з Ліпава з першых дзён знаходзіўся на фронце. 15 красавіка 1942 г. палітрук 3-га эскадрона 126-га кавалерыйскага палка Аляксандр Гнётаў, які ваяваў на Заходнім фронце, напісаў сваёй сям’і апошняе пісьмо:
“Добры дзень, мілая Тося і сын Юрык. Вось я зноў знаходжуся ў зоне баявых дзеянняў. 10-га прыбыў на месца, а 11-га прыняў эскадрон. Гэтыя дні я ўвесь час быў заняты, а сёння выбраў вольную хвіліну, каб напісаць вам. Пасылаў вам дзве паштоўкі з дарогі, вы іх, відаць, ужо атрымалі.
У нас тут сапраўдная вясна, снегу ўжо амаль няма, толькі вельмі гразка і ідзе дождж. Пра мяне не хвалюйцеся, я сябе адчуваю добра. Пішыце мне часцей. Чакайце мяне з перамогай.
Ваш папа Шура”.
У красавіку 1942 г. палітрук Аляксандр Гнётаў у час жорсткіх баёў прапаў без вестак.

Франтавікі

А Бохан Фёдар Ільіч, які пасяліўся ў Ліпаве ўжо пасля вайны, двойчы ўдастоены гэтай узнагароды. Да таго ж баявы шлях франтавіка адзначаны яшчэ ордэнамі Чырвонага Сцяга, Славы 3-й ступені і медалём “За баявыя заслугі”.
Першую сваю ўзнагароду — медаль “За баявыя заслугі” наводчык 2-га дывізіёна 57-га артпалка 95-й стралковай дывізіі Заходняга фронта малодшы сяржант Фёдар Бохан атрымаў, як паведамляецца ў прадстаўленні да ўзнагароджання “…за бой за вёскі Замошша і Сухі Пачынак, які адбыўся 31 жніўня 1943 г. Нягледзячы на на бесперапынны мінамётны і артылерыйскі абстрэл яго пазіцыі, Бохан вёў прыцэльную стральбу па пазіцыях ворага. У выніку чаго былі разбіты два варожых кулямёты (станкавы і буйнакаліберны) і знішчаны іх разлікі”.
Праз год загадам камандзіра 95-й стралковай дывізіі ад 28 жніўня 1944 г. камандзір гарматы 57-га артпалка сяржант Бохан за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Другі ордэн Чырвонай Зоркі адважны артылерыст атрымаў у студзені 1945 г. за баі на тэрыторыі Польшчы. “Пры прарыве абароны праціўніка ў раёне в. Кіянка сяржант Бохан агнём сваёй гарматы знішчыў дзве мінамётныя батарэі праціўніка з прыслугаю, тры станкавых і чатыры ручных кулямёты. Падавіў агонь адной мінамётнай батарэі і разбурыў чатыры ДЗОТы.
У раёне в. Шумячыцэ прамой наводкай адбіў контратаку праціўніка і знішчыў 10 нямецкіх салдат, у выніку чаго забяспечыў рух нашай пяхоты наперад”, — так сказана ў наградным лісце.
27 красавіка 1945 г. камандзір палка маёр Іванцоў прадставіў камандзіра гарматы Бохана да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені. У наградным лісце камандзір напісаў: “24 04.1945 г. у баі ў раёне в. Беескаў агнём сваёй гарматы Бохан Ф.І.прамой наводкай разбіў 4 дамы, у якіх былі агнявыя кропкі, падавіў агонь двух станкавых кулямётаў і адной гарматы, рассеяў і часткова знішчыў каля ўзвода пяхоты праціўніка”. Ордэн Славы салдат атрымаў непасрэдна ў День Перамогі – 9 мая 1945 г.
Ордэнам Славы 3-й ступені былі ўзнагароджаны і Пікун У.Ф., і Фомчанка А.М.
Калі пачалася вайна, Уладзіміру Фадзеевічу Пікуну ішоў усяго 21 год. Васілевіцкі райваенкамат мабілізаваў яго ў войска па першым прызыве ў ліпені 1941 г. На фронце баец апынуўся ў снежні 1941 г. Служыў разведчыкам у 44-й стралковай брыгадзе 1-й ударнай арміі на Паўночна-заходнім фронце. Нядоўга давялося чырвонаармейцу Пікуну ісці франтавымі дарогамі: 1 лютага 1942 г. у крывапралітных баях пад Стараю Русай разведчык атрымаў цяжкае раненне ў левае плячо, у выніку чаго рука ў плечавым суставе перастала працаваць.
Медалём “За адвагу” былі адзначаны П.І. Горбач, В.Ф.Драпеза, І.Д. Захаранка, Н.Ф. Краўцоў, У.А.Мацагуд, Н.Г. Маляўка, А.Ф.Навіцкі, І.І.Пырх, В.П. Тарасевіч і Ф.Д.Якуш.
Напрыклад, чырвонаармеец Пырх Іван Іванавіч, 1921 г.н., служыў у арміі з 1940 г. Вайна яго захапіла,калі ён знаходзіўся на сапраўднай вайсковай службе. Ваяваў у артылерыі. Быў арудзійным нумарам 76-міліметровай батарэі 176-га стралковага Пярнаўскага Чырвонасцяжнага палка 46-й стралковай Лужскай ордэна Суворава дывізіі. Удзельнічаючы ў наступальных баях з 26 па 30 красавіка 1945 года супраць нямецкіх акупантаў, чырвонаармеец Іван Пырх праявіў у чарговы раз мужнасць і адвагу. Нягледзячы на бесперапынны варожы агонь ён падбіў тры самаходных гарматы, разбіў прамой наводкай дзве 75-міліметровыя пушкі і 5 станковых кулямётаў, якія мяшалі руху нашых войск наперад. За гэты подзвіг камандзір палка прадставіў адважнага артылерыста да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені. Праўда, вышэйстаячае камандаванне пашкадавала салдату ордэна, ён атрымаў медаль “За адвагу”.
Калі пачалася вайна Мацагуду Уладзіміру Андрэевічу было ўсяго 16 гадкоў. Таму, зразумела, на фронт з землякамі па першаму прызыву ён трапіць не мог. Аднак, юны патрыёт не хацеў заставацца ў баку ад усеагульнай народнай барацьбы з акупантамі. Ў 1942 г. ён становіцца байцом партызанскага атрада імя Панамарэнкі. У адным з баёў атрымаў раненне. А пасля выгнання нямецкіх захопнікаў з роднай зямлі, уступіў у рады Чырвонай Арміі. Служыў мінёрам сапёрнай роты 275-га асобнага матарызованага Свірскага батальёна спецыяльнага прызначэння. У кастрычніку 1944 г., у час фарсіравання заліва Бек-Фьёрд і пры ўзяцці горада Кіркенес, малодшы сяржант Мацагуд, як запісаў яго камандзір батальёна падпалкоўнік Леўчанка у наградным лісце, “…праявіў выключную мужнасць і адвагу. Тав. Мацагуд перад пачаткам фарсіравання быў пасланы для ачысткі дарогі на подступах да заліва, і на беразе, які быў заняты праціўнікам.
Першым пераправіўшыся пад артылерыйска-мінамётным агнём праціўніка цераз заліў тав. Мацагуд зняў 75 супрацьтанкавых мін. У далейшым, рухаючыся ў першых радах наступаючых войск да горада Кіркенес, зняў яшчэ 55 супрацьтанкавых і супрацьпехотных мін. Акрамя гэтага ён яшчэ размініраваў тры артылерыйскіх склады на ўскрайку горада”. За гэты подзвіг паляшук атрымаў медаль “За адвагу”.
Вайну старшы сяржант Уладзімір Мацагуд закончыў на Далёкім Усходзе, пасля капітуляцыі Японіі. З фронта вярнуўся ўзнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны, медалямі: “За абарону Савецкага Запаляр’я”, “За адвагу”, “За ўзяцце Будапешта”, “За ўзяцце Вены”, “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй” і “За перамогу над Японіяй”.
У ліку кавалераў медаля “За баявыя заслугі” – К.І.Арлоўскі, У.Ф.Драпеза, І.І. Захаранка, Лахадыр А.Я., М.Ф.Краўцоў і інш.
Напрыклад, чырвонаармеец Уладзімір Філімонавіч Драпеза, 1921 г.н., у дзеючай арміі знаходзіўся з 12 ліпеня 1941 г. Ваяваў у складзе Паўднёва-Заходняга, Бранскага і Прыбалтыйскага франтоў. Яго вайсковая прафесія больш падобна была на мірную. Уладзімір Філімонавіч быў малатабойцам рухомых майстэрняў тэхнічнай роты 6-га маставога чыгуначнага батальёна. У прадстаўленні да ўзнагароды медалём “За баявыя заслугі” яго камандзір батальёна Цітоў напісаў:
“Чырвонаармеец Драпеза У.Ф, з’яўляючыся малатабойцам рухомых майстэрняў, дзякуючы асабістай энергіі, усведамлення адказнасці за даручаную справу, энтузіазму ў працы, паказаў высокую прадукцыйнасць працы пры вырабе паковак для работ па аднаўленню чыгуначнага маста цераз раку Заходняя Дзвіна.
Працуючы 25. 10.1944 г. у пары з чырвонаармейцам Бычковым А.І., яны вырабілі 410 балтоў рознай даўжыні пры норме 200, выканаўшы тым самым дзённае заданне на 205 %.
Высокая прадукцыйнасць працы Драпеза У.Ф. натхніла астатніх байцоў на перавыкананне даведзеных ім заданняў”.
За самаахвярную працу, яе высокую прадукцыйнасць, што дазволіла хутка адрамантаваць мост і аднавіць рух па ім ваенных цягнікоў, чырвонаармеец быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Толькі не за ўзна-гароды ваявалі ў тую грозную гадзіну савецкія людзі, яны на смерць біліся з ворагам, каб вызваліць сваю родную зямлю з-пад нямецка-фашысцкай няволі. Ваявалі на франтах, змагаліся з агрэсарам і на акупіраванай тэрыторыі.

Падпольшчыкі і партызаны

Немцы прыйшлі ў Ліпаў 21 верасня 1941 г. Акупанты ператварылі вёску ў сваю апорную базу. Ліпаў стаў цэнтрам воласці нямецкай улады, тут жа быў створаны нямецка-паліцэйскі гарнізон.
Аднак чужынцам яшчэ ні разу не ўдавалася скарыць талерантных і памяркоўных беларусаў. Ва ўсе часы беларускі народ паўставаў на непрымірымую барацьбу з чужынцам.
Уключыліся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі і жыхары Ліпава і навакольных вёсак. З жыхароў Ліпава, Вязавіцы і Мнагаверша (цяпер Міроненкі) ўтварылася падпольная група, у якую ўвайшлі М.Ф. Бачура, Ф.Р. Маладзянаў, М.І. Молчан , Я.Д.Пырх, В.С. Суседчык, А.Н.Траўнічак, Д.С. Хруль, В.К. Чайкоўскі (Памяць.Калінкавіцкі раён, Мн., “Ураджай”, 1999, с.263).
Кіраваў групай Павел Архіпавіч Пінчук, які затым стаў камандзірам атрада № 5 Васілевіцкай партызанскай брыгады імя Панамарэнкі.
А явачнай кватэрай для патрыётаў стаў дом настаўніка Ліпаўскай сямігодкі Васіля Міхайлавіча Яначкіна, ў якім сабіраліся падпольшчыкі.
Спачатку падпольшчыкі сабіралі зброю, распаўсюджвалі зводкі Савін-фармбюро, назапашвалі разведданыя.
Ліпаўскі камсамолец Іван Сідорскі, які па накіраванні саўгаса “Ліпаў” да вайны закончыў Саратаўскае вучылішча радыётэхнікаў і працаваў на саўгасным радыёвузле, сабраў радыёпрыёмнік, яго ўстанавілі ў хаце Марыі Варажун, якая жыла ў в. Гогалева. Па ім падпольшчыкі атрымлівалі апошнія весткі з Масквы і распаўсюджвалі іх сярод мясцовага насельніцтва.
У 1942 г. асноўная частка падполь-шчыкаў перайшла да актыўнай барацьбы з ворагам, яны ўліліся ў партызанскія атрады, якія дзейнічалі ў гэтай зоне.
Варожы гарнізон, што стаяў у Ліпава, даўно не даваў спакою народным барацьбітам, і ў канцы 1942 г. яго атакавалі. Вось што ўспамінаў аб гэтых падзеях былы партызан Даманавіцкай партызанскай брыгады М.Я Краўцоў:
“Партызанскае камандаванне даўно выношвала план разгрому найбольш буйнога ў раёне нямецка-паліцэйскага гарнізона ў в. Ліпава. Сіл у даманавіцкіх партызан для гэтай аперацыі недастаткова, трэба было аб’яднацца з калінкавіцкім атрадам. Падпольшчыкі з Ракава, Даманавіч вывучылі абарону гарнізона і перадалі партызанам план размяшчэння агнявых кропак. Партызанскім сувязным пашанцавала пабываць у самім гарнізоне, калі вазілі ў Ліпава на паравы млын зерне для памолу. Немцы і паліцаі нерваваліся, частымі былі беспрычынныя расправы над мірнымі жыхарамі…
25 снежня 1942 г. партызаны аб’яднанымі сіламі напалі на варожы гарнізон у Ліпаве. Бой быў нялёгкім і для партызан не вельмі ўдачным. Ворагі доўга адстрэльваліся, потым, хто застаўся жывы, адступілі ў бок Васілевіч. У баі загінулі два Мікалаі Алісейкі — з вёсак Ператок і Косетаў, 18-гадовы Фёдар Маладзянаў, Павел Молчан і іншыя.
З боку праціўніка страты былі больш значнымі, ён недалічыўся каля 10 немцаў і яшчэ больш паліцаяў.
У грамадскіх хлявах в. Ліпава ўтрымлівалася шмат жывёлы для патрэб нямецкай арміі. Частка яе загінула ў час бою і пайшла на харч партызанам і насельніцтву, частку раздалі людзям у карыстанне”.
А вось што ўспамінаў пра гэты бой Л.А.Волкаў, начальнік штаба партызанскага атрада імя Шчорса:
“У Ліпаве, дзе да вайны была вучэбна-вопытная гаспадарка, немцы стварылі сваю харчовую базу. Сюды звозілі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты, хлеб і жывёлу. Самі акупанты і іх паслугачы жылі ў двухпавярховым будынку былога панскага маёнтка ў старым парку.
Аперацыя была прызначана на адзін з марозных днёў напярэдадні Новага года. Вечарэла. Партызаны непрыкметна падбіраліся да будынка, дзе размяшчаліся ворагі. Хутка завязалася перастрэлка з аховай, у вокны паляцелі гранаты. Загарэліся будынкі, дзе захоўваліся прадукты, партызаны захапілі млын з вялікай колькасцю збожжа і мукі. Бой нечакана зацягнуўся, ворагі аказвалі жорсткае супраціўленне, галоўным чынам з гаспадарчага двара.
Паступіла каманда адступаць. У якасці трафеяў партызаны ўзялі дастатковую колькасць прадуктаў – у атрадзе якраз тады, у пачатку зімы, адчувалася вялікая патрэба ў іх, а галоўнае – захапілі станковы кулямёт, якога не было на ўзбраенні атрада.
Харчовая база была разгромлена. На месцы бою засталося шмат трупаў гітлераўцаў і паліцаяў. Але на жаль, вялікімі былі і нашы страты. У тым баі загінула сем чалавек, сярод іх – Міхаіл Фрыга, Круглікаў, Кіцук, Петрыкевіч…” (Памяць.Калінкавіцкі раён, Мн., “Ураджай”, 1999, сс.294,301).
Пад час таго бою з нямецка-фашысцкімі прыхвастнямі вельмі пацярпеў ад пажару палац Горватаў, згарэлі крухмальны завод і паравы млын.
Падпольшчыкі і партызаны змагаліся з акупантамі і гінулі ў няроўных баях. Так, у пачатку ліпеня 1942 г. гестапаўцы схапілі ў Васілевічах члена Ліпаўскай падпольнай групы М.І.Капітонаву, пра якую мы ўжо ўспаміналі вышэй. Трагічна склаўся і лёс падпольшчыкаў Якава Пырха, Васіля Суседчыка і Васіля Шыманоўскага.
Вось што ўспамінаў пра іх М.Я Краўцоў:
“Новы 1943 г. партызаны сустракалі ў в. Боруск. 1 студзеня ў вёсцы нечакана з’явіліся немцы з Калінкавіч. Вартавы, нядаўні паліцай, спалохаўся і схаваўся, не ўзняўшы трывогі. Ворагі зайшлі ў першую хату, убачылі чужых – не было сумненняў у тым, што партызаны , і расстралялі іх. Так загінулі 20-гадовы Павел Горбач і Васіль Шыманоўскі з в. Хамічы, цяжка паранены быў Якаў Пырх. Міхаіл Казлоў, якога куля толькі злёгку зачапіла, прыкінуўся забітым і застаўся жывы…
Васіль Суседчык, партызан з в. Вязавіца, выскачыў з хаты, наўздагон яму стралялі. Куля прабіла партызану грудзі навылёт, але Васіль змог дабегчы да цэнтра вёскі, дзе размяшчалася камандаванне атрада. Партызаны кінуліся ў бой. Немцы былі выбіты з Боруска, некалькі ворагаў забіта.
Нямецкія ўлады выслалі з Калінкавіч падмацаванне, каля в. Шаўлоў бой разгарэўся з новай сілай. Але на гэты раз партызаны далі акупантам належны адпор і адпомсцілі за гібель сваіх таварышаў у Боруску. Панкрат Алісейка снайперскім стрэлам забіў нямецкага афіцэра. Ворагі павярнулі назад. Атрад вярнуўся да месца свайго размяшчэння каля вёскі Мнагаверш, прынеслі параненага Васіля Суседчыка. Праз год на фронце былы адважны партызан загінуў”.
Увесь 1943 год быў годам напружанай і цяжкай барацьбы з захопнікамі. Сітуацыя асабліва абвастрылася ў асенні перыяд, калі гітлераўскія войскі пад ударамі Чырвонай Арміі пакаціліся да межаў Беларусі.
Камандаванне 2-й нямецкай палявой арміі, якое сур’ёзна баялася, што партызаны змогуць перарэзаць іх тылавыя камунікацыі, спланавала і правяло ў кастрычніку-лістападзе 1943 года тры маштабныя карныя аперацыі з прыцягненнем значнай колькасці войскаў і баявой тэхнікі.
У паўночнай частцы Калінка-віцкага і Васілевіцкага раёнаў Палескай вобласці 9-16 кастрычніка сіламі трох зводных фарміраванняў вермахта і падраздзяленняў палявой жандармерыі, у склад якіх увайшлі 105-ы грэнадзёрскі і 57-ы ахоўны палкі, сем асобных ахоўных батальёнаў, артылерыйскі дывізіён, некалькі інжынерных і сапёрных падраздзяленняў агульнай колькасцю больш за дзесяць тысяч чалавек, была праведзена аперацыя «Барбара». Колькасць немцаў, як бачна, амаль утрая перавышала колькасць партызан, якія дзейнічалі на гэтай тэрыторыі. Карнай групоўцы быў прыдадзены бронецягнік. Праводзілася суцэльнае прачэсванне лясных масіваў у трыкутніку Калінкавічы-Жлобін-Рэчыца з мэтай «…знішчэння партызан і спачуваючага ім мясцовага насельніцтва, а таксама рэквізіцыі ці знішчэння сельскагаспадарчай прадукцыі і ліквідацыі партызанскай харчовай базы».
Галоўны ўдар карнікаў прынялі на сябе 99-я і 101-я Даманавіцкая брыгады Палескага партызанскага злучэння. Трое сутак у лясах і балотах ішлі жорсткія баі, пасля чаго фашысты, карыстаючыся сваёй тэхнічнай і колькаснай перавагай, выйшлі на лінію Халоднікі-Давыдавічы, узяўшы 99-ю Калінкавіцкую партызанскую брыгаду ў кальцо.
Коштам крайняга напружання сіл і вялікіх страт 16 кастрычніка брыгадзе ўдалося прарвацца з акружэння на ўчастку Халаднікі-Ліпава і здзейсніць марш у глухія лясныя ўрочышчы на поўдні Калінкавіцкага раёна.
Але не паспелі партызаны адпачыць і папоўніць боезапас, як фашысты вялікімі сіламі зноў наваліліся на іх – пачалася нямецкая аперацыя «Асвячэнне храма».
Яна праводзілася 20-21 кастрычніка 1943 года ў паўднёвай частцы Калінкавіцкага і Васілевіцкага раёнаў сіламі 242-га і 587-га асобных ахоўных батальёнаў, а таксама некаторых падраздзяленняў са складу 612-га і 930-га ахоўных палкоў агульнай колькасцю каля трох тысяч чалавек.
Немцы рухаліся ланцугамі, праводзячы суцэльнае прачэсванне лясных масіваў у трыкутніку Калінкавічы-Рэчыца-Хойнікі.
Партызаны зноў ўступілі ў няроўны бой. Галоўныя сілы Калінкавіцкай брыгады прабіліся на злучэнне з Чырвонай Арміяй, якая знаходзілася ўжо побач. Частка партызан брыгады (4-ы атрад ім. Фрунзе), што аддзяліліся ў ходзе баёў ад яе галоўных сіл, змагалася ва ўзаемадзеянні са 101-й Даманавіцкай брыгадай. 22 кастрычніка гэты атрад быў разгорнуты ў 2-ю Калінкавіцкую партызанскую брыгаду ім.Фрунзе, якой ужо праз некалькі дзён давялося прыняць на сябе ўдар немцаў, у час правядзення імі чарговай аперацыі «Хубертус».
Аперацыя гэта праводзілася фашыстамі на тэрыторыях, якія прылягалі да чыгуначнай лініі «Калінкавічы-Васілевічы» ў два этапы: 24-28 кастрычніка і 3-6 лістапада 1943 года сіламі 628-га і 862-га ахоўных батальёнаў, 581-га дывізіёна палявой жандармерыі, некалькіх інжынерных і сапёрных падраздзяленняў агульнай колькасцю каля чатырох тысяч чалавек. Сілы былі няроўнымі, у партызан заканчваліся боепрыпасы і, прарваўшы варожае кальцо, яны пайшлі на поўнач у лясы Стрэшынскага раёна.

Вызваленне

Аднак час вызвалення няўмольна набліжаўся. Восенню 1943 года савецкія войскі ўступілі на шматпакутную беларускую зямлю.
Першымі ў Беларусі з ходу фарсіравалі Днепр войскі 13-й арміі Цэнтральнага фронту генерал-лейтэнанта Мікалая Пухава. 23 верасня 1943 г. байцы 360-га стралковага палка 74-й стралковай дывізіі пад камандаваннем падпалкоўніка Мікалая Сташэка вызвалілі гарпасёлак Камарын — першы райцэнтр на беларускай зямлі. А 26 верасня Чырвоная Армія адбіла ў ворага Хоцімск, 28-га — Клімавічы, Касцюковічы і Мсціслаў, 29-га — Крычаў, 1 кастрычніка — Краснаполле, 4-га — Брагін, 10-га — Добруш, 11-га — Навабеліцу, 17-га — Лоеў…
Вызваленне гэтых населеных пунктаў дазволіла войскам Цэнтральнага (з 20 кастрычніка — Беларускага, затым Першага Беларускага) фронту пад камандаваннем генерала арміі Канстанціна Ракасоўскага пачаць падрыхтоўку да вырашальных баёў за Гомель.
Горад над Сожам быў адным з важных апорных пунктаў «Усходняга вала» — глыбока эшаланаванай абарончай лініі, якая, па разліках Гітлера, павінна была стаць непераадольнай перашкодай на шляху праціўніка.
Камандуючы фронтам прыняў адважнае рашэнне: левым крылом нанесці ўдар па ворагу ў напрамку Рэчыцы і Калінкавіч, а правым — з поўначы, з выхадам у тыл Гомельскай групоўкі гітлераўцаў.
Аперацыя пачалася 10 лістапада пасля артпадрыхтоўкі і ўдараў з паветра. Войскі 48-й, 61-й і 65-й армій перайшлі ў наступленне і ў першы ж дзень прарвалі фашысцкую абарону.
Назаўтра з дняпроўскага плацдарма ў прарыў былі ўведзены два танкавых і два кавалерыйскіх корпусы.
Камандуючы 65-й арміяй генерал-лейтэнант Павел Батаў, удастоены 30 кастрычніка 1943 г. звання Героя Савецкага Саюза за фарсіраванне Дняпра, 17 лістапада прыняў адважнае рашэнне накіраваць дзве стралковыя дывізіі і дзве танкавыя брыгады ў тыл Рэчыцкай групоўкі фашыстаў.
Гэта стала поўнай нечаканасцю для акупантаў, і да чатырох гадзін раніцы Рэчыца была вызвалена.
Працягваючы наступленне, нашы воіны ўступілі 22 лістапада ў межы сённяшняга Калінкавіцкага раёнаў і ачысцілі ад ворага яго першыя населеныя пункты: Навінкі, Лукі, Залатуху.
Партызаны Гомельскага, Палескага і Магілёўскага злучэнняў дыверсіямі на жалезных дарогах пазбавілі фашыстаў магчымасці аказаць Гомельскай групоўцы якую-небудзь падтрымку. Савецкія войскі акружылі абласны цэнтр, у ваколіцах ішлі вельмі цяжкія баі. Вечарам 25 лістапада пачаўся рашучы штурм, і да раніцы наступнага дня Гомель быў поўнасцю ачышчаны ад ворага.
Да канца месяца былі вызвалены Косетаў, Хамічы, Ператок, Ракаў, Нахаў, Ужынец, Агароднікі, Юравічы.
Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя, якая пачалася 10 лістапада 1943 г., завяршылася 30 лістапада. Лінія фронта спынілася на рубяжы Казанск –Церабня – Халоднікі – Вязавіца, дзе праходзіў пярэдні край варожай абароны. На фронце ўстанавілася адноснае зацішша, якое перарывалася баямі мясцовага значэння.
У першыя дні снежня немцы, якія лютавалі ад адчаю незваротнай гібелі, спалілі ў Ліпаве Папоўку – вуліцу, з якой фактычна і пачалася гісторыя вёскі. Разам з жылымі дамамі і прысядзібнымі пабудовамі ў агні згінула і мясцовая царква ў імя Св.Вялікапакутніцы Параскевы.
8 снежня пакуты ліпаўчан нарэшце скончыліся, дзякуючы паспяховаму наступленню падраздзяленняў 44-й гвардзейскай стралковай дывізіі 65-й арміі, якая вызваліла в.Ліпава.
Аднак радавацца пакуль было рана: 20 снежня фашысты нанеслі магутны контр-удар сіламі трох пяхотных і двух танкавых дывізій па правым фланзе 65-й савецкай арміі. Пачаліся шматдзённыя баі з азвярэлым ворагам, які спрабаваў узяць рэванш. Вёскі па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Савецкія воіны стаялі на смерць.
Вось што расказвае аб падзеях тых дзён у суседняй з Ліпава вёскай Мнагаверш адзін з удзельнікаў вызвалення ліпаўскай зямлі гвардыі маёр у адстаўцы А.Крываротаў:
“У пачатку студзеня 1944 года 354-я Чырвонасцяжная стралковая дывізія 65-й арміі, вызваліўшы Шацілкі (цяпер Светлагорск – І.Г.) і чыгуначную станцыю Халоднікі, выйшла ў напрамак важнейшых стратэгічных пунктаў Калінкавічы—Мазыр. Але на яе шляху ляжала шмат добра ўмацаваных за гады акупацыі населеных пунктаў, якія гітлераўцы ператварылі ў непрыступныя крэпасці. Такім бастыёнам аказалася і беларус-кая вёска з цікавай назвай Мнагаверш, дзе вораг сканцэнтраваў вялікія сілы механізаваных, пяхотных і іншых вайсковых падраздзяленняў, ператварыўшы яе ў мацнейшы вузел супраціўлення наступаючым часцям Чырвонай Арміі.
Хто быў на вайне, той ведае, што такое разведка боем; мала хто вяртаецца з такога задання. Тым не менш такую разведку вырашыла правесці камандаванне дывізіі, правы фланг якой некалькі адстаў.
У адну з цёмных начэй група разведчыкаў з васьмі чалавек, якую ўзначаліў Герой Савецкага Саюза Іосіф Міроненка, выйшла ў напрамку Мнагаверша з заданнем выявіць і падавіць скрытыя агнявыя кропкі праціўніка, захапіць вёску і ўтрымліваць яе да падыходу асноўных сіл правага фланга дывізіі.
У мяцеліцу байцы праскочылі ў тыл ворага і ў палавіне трэцяй гадзіны ночы занялі зыходныя пазіцыі. У гэты час пачаўся артылерыйскі налёт, і Міроненка разам з байцамі кінуўся да дзота, які вёў шквальны агонь. Праз некалькі імгненняў дзот быў разнесены выбухамі супрацьтанкавых гранат. Шлях да вёскі Мнагаверш быў свабодны. Але гітлераўцы хутка апамяталіся і, падцягнуўшы пяхоту, пад прыкрыццём артылерыйска-мінамётнага агню перайшлі ў атаку.
Фашысты ішлі ў поўны рост, упэўненыя ў тым, што жменька савецкіх байцоў будзе раздаўлена імгненна. Толькі гэтага не здарылася. Нашы таксама не драмалі. Выкарыстаўшы момант атакі байцамі Міроненкі дзота ворага, на нашы пазіцыі былі падцягнуты ўзвод кулямётчыкаў, узвод супрацьтанкавых ружжаў, 82-міліметровая артылерыйская батарэя. Аддзяленне сапёраў паспела за гэты час устанавіць супрацьтанкавыя міны на танканебяспечным участку. Была наладжана і тэлефонная сувязь з камандаваннем дывізіі.
Падпусціўшы фашыстаў на адлегласць выстралу, нашы байцы адкрылі знішчальны агонь. На полі бою засталося ляжаць каля сотні ворагаў. Але, адступіўшы і перастроіўшыся, пры танкавай пад-трымцы гітлераўцы зноў пачалі атакаваць атрад з усіх бакоў, імкнучыся захапіць Мнагаверш. Бачачы гэта, Міроненка кінуў свой атрад у контратаку. Пачаўся рукапашны бой, дзе ў ход пайшлі штыкі і гранаты, прыклады і сапёрныя рыдлёўкі. Знішчаючы праціўніка, разведчыкі адкінулі яго астаткі ад сваіх пазіцый.
У гэтым баі старшына Міроненка паказаў сапраўдны прыклад геройства. Яго, кубанскага казака, які дасканала валодаў усімі відамі зброі і майстэрствам вядзення бліжняга і рукапашнага бою, можна было бачыць паўсюдна. Сам ён у гэтым баі знішчыў больш за два дзясяткі фашысцкіх галаварэзаў.
Па прыкладу свайго камандзіра ўсе байцы паказвалі прыклады геройства, не шкадавалі жыцця. Так, абараняючы ўваход у бліндаж, дзе знаходзіліся нашы цяжкапараненыя байцы, у крытычны момант, калі скончыліся патроны, ураджэнец далёкага Казахстана Сігудбаеў апошняй гранатай узарваў сябе і фашыстаў.
Сем танкаў, чатыры самаходныя гарматы, больш сотні трупаў пакінуў на полі бою вораг, які быў зноў адкінуты ад пазіцый атрада.
Раззлаваныя няўдачай, гітлераўцы кінулі на смельчакоў авіяцыю. Дзясяткі «юнкерсаў» з’явіліся ў халодным зімовым небе. Новы дзень пацямнеў ад чорнага пылу і копаці, узнятых выбухамі бомб, снарадаў, мін. На адлегласці выцягнутай рукі нічога не было відаць. Здавалася, што гэтага пекла не вытрымае ніхто, ніхто не застанецца жывым.
Дваццаць разоў за суткі падымаўся вораг у атаку. I кожны раз натыкаўся на яраснае супраціўленне разведчыкаў і адступаў з велізарнымі стратамі.
Восьмага студзеня байцы пад камандаваннем Міроненкі ажыццявілі начную атаку, уварваліся ў вёску. Яны знішчылі амаль роту праціўніка, захапілі ў палон 17 гітлераўцаў, тры самаходныя гарматы, два бронетранспарцёры, чатыры бронемашыны, дзевяць коней, пяць кулямётаў, шмат стралковай зброі і боепрыпасаў, чатыры крайнія хаты ператварылі ў непрыступныя крэпасці.
На зыходзе былі другія суткі. Вораг не даваў спакою разведчыкам, стараючыся выбіць іх з захопленых дамоў. Дачакаўшыся цемры, Міроненка даў загад устанавіць кулямётны разлік гамяльчаніна Цітаўца на адным з дамоў, каб фашысты не ўдарылі з боку Калінкавіч, а сам павёў байцоў на штурм суседніх дамоў, дзе заселі гітлераўцы. Але на шляху смельчакоў аказаўся скрыты дзот, які сустрэў байцоў шквальным агнём. Воіны залеглі. Тады сам камандзір і гвардыі яфрэйтар Дубкоўскі, выбраўшы момант, падпаўзлі з супрацьлеглага боку і закідалі дзот супрацьтанкавымі гранатамі. У гэтай сутычцы Дубкоўскі загінуў смерцю храбрых. Помсцячы за таварыша, воіны кінуліся ў атаку і занялі тры чарговыя хаты, узяўшы пры гэтым 27 гітлераўцаў у палон.
Але перадышкі не было. У гэты час Міроненка па рацыі атрымаў загад камандавання дывізіі: «Радзіма будзе лічыць вашу задачу выкананай, калі да падыходу асноўных сіл дывізіі вы пратрымаецеся яшчэ 24 гадзіны. Стаяць на смерць!»
Гэта ўжо былі трэція суткі. Байцоў жа ў атрадзе Міроненкі заставалася ўсё менш і менш. Але і да зыходу трэціх сутак гітлераўцам так і не ўдалося вярнуць свае пазіцыі.
Разумеючы важнасць гэтага населенага пункта, немцы падцягнулі да Мнагаверша свежыя сілы з Калінкавіч. На пазіцыі міроненкаўцаў пад прыкрыццём васьмі танкаў рынулася пяхота. Але разведчыкі вытрымалі. У танкі паляцелі гранаты, аўтаматчыкі агнём адсякалі ад іх пяхоту. Сам Міроненка з супрацьтанкавага ружжа падбіў два танкі, быў паранены, але поле бою не пакінуў. А фашысты ўводзілі ў бой усё новыя і новыя сілы. Нягледзячы на тое, што шэсць танкаў ужо палала агнём, яны кінулі яшчэ тры самаходкі і два бронетранспарцёры. Міроненка сам лёг за кулямёт. I калі трэцяя атака была адбіта, ён павёў астаткі атрада ў контратаку і ў рукапашнай схватцы адкінуў ворага, утрымліваючы вёску Мнагаверш да падыходу нашых часцей.
Гэты бой для Міроненкі стаў апошнім. Халодным студзеньскім днём 1944 года мы разам з нямногімі жыхарамі шматпакутнай палескай вёскі Мнагаверш хавалі загінуўшых байцоў-разведчыкаў і іх камандзіра, якія цаной свайго жыцця праклалі шлях асноўным сілам дывізіі для паспяховага завяршэння Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі”.
Удзячныя мнагавершаўцы ўжо пасля вайны выйшлі з хадайніцтвам перад урадам Беларусі аб ушанаванні імя героя перайменаваннем іх вёскі з Мнагаверша ў Міроненкі. З 1965 года вёска стала насіць імя Героя Савецкага Саюза Міроненкі Іосіфа Акімавіча.

Вялікую цану прыйшлося заплаціць за вызваленне калінкавіцкай зямлі. Па звестках, якія ёсць на сённяшні дзень, у час вызвалення Калінкавіцкага раёна загінула больш 18 тысяч салдат і афіцэраў савецкай арміі, партызан і падпольшчыкаў. Але гэта яшчэ далёка не поўны спіс паклаўшых свае жыцці на алтар незалежнасці Радзімы.

У брацкай магіле на Ліпаўскіх могілках пахавана 190 воінаў і партызан, якія загінулі ў час вызвалення вёскі, на Міроненкаўскіх – 180, Хаміцкіх – 167.

37 ліпаўчан не вярнулася да роднага парога з франтоў Вялікай Айчыннай вайны.
Вось што ўспамінала пра вайну жыхарка в. Ліпава Казлоўская Алена Пятроўна (да вайны яе звалі Элеанорай – І.Г.):
“Да вайны я працавала брыгадзірам фермы ў калгасе «12 гадоў Кастрычніка» (у в. Хамічы).
У 1932 годзе мяне як перадавіка вытворчасці паслалі на ўрачыстасці ў Мінск з нагоды 15-годдзя Савецкай улады. Мяне запрасілі на спартыўныя спаборніцтвы.
Запрашалі мяне ў Мінск і ў 1935 годзе, калі БССР была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Гэта было 12 ліпеня 1935 года ў 17.00 на іпадроме.
Я ездзіла і на сустрэчу з Калінінам, калі ён прыязджаў у Гомель, і выступала перад тысячамі людзей.
Вайна захапіла ўсіх людзей знянацку, у тым ліку і мяне. Муж пайшоў на фронт (Казлоўскі Ілля Парфёнавіч), а я засталася адна з трыма дзяцьмі.
У гады вайны я дапамагала партызанам. Але нехта данёс пра гэта паліцаям. Яны забралі мяне з дзяцьмі, паставілі нас перад кулямётам і вырашылі расстраляць. Я прыціснула дзяцей да грудзей, і яны не змаглі адарваць іх ад мяне. Дзеці таксама крычалі: «Страляйце і нас!»
Мабыць, штосьці перадумалі нямецкія памагатыя, ці ў некага зашчымела сэрца перад такой карцінай. Яны ўдарылі мяне па галаве прыкладам, я страціла прытомнасць, але дзеці плакалі каля мяне і нікуды не пайшлі. Я прыйшла ў прытомнасць, забрала дзяцей, якія яшчэ доўга плакалі, спалоханыя, што маглі страціць маму.
Пасля вайны мой муж прыйшоў з фронту дадому. Ен быў кантужаны і паранены. Вайна падарвала яго здароўе, і ён неўзабаве памер.
Мой старэйшы сын падарваўся на нямецкай гранаце. Вось што прынесла мне вайна. Будзь яна праклятая. Каб дзеці ніколі не гублялі сваіх блізкіх, бацькоў і маці”.
… Вясной 1944 г. на базе былога саўгаса ў Ліпаве была створана ваенная гаспадарка, у задачу якой уваходзіла вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі для пастаўкі яе на фронт, а таксама для забеспячэння харчовымі прыпасамі байцоў 218-га стралковага запаснога палка, які часова размясціўся ў сасновым лесе побач з вёскай, які і сёння ў народзе называюць няйнакш як Полк.
Вось што ўспамінала пра гэта жыхарка Ліпава Камарова Н.А.:
«Вёску нашу вызвалілі ў снежні 1943 г.
І адразу ж, г. зн. у студзені 1944 г., аднавіў працу саўгас «Ліпаў», дырэктарам яго быў нехта Курчанка.
Але ўжо ў лютым 1944 года сюды прыбыла ваенная часць.
У саўгасе працавалі толькі адны жанчыны і падлеткі, мы сталі рабочымі гэтай вайсковай часці. Чым мы займаліся? Будавалі дарогі, аэрадром. Так, я працавала на будаўніцтве дарогі ад Косетава да Садавітага (да Острава). Гэта дарога была пабудавана праз непраходнае балота. Другую дарогу мы будавалі ад Буды да Камуны (Авангард). Будавалі мы аэрадром у Бабровічах. Часта нямецкія самалёты бамбілі аэрадром, падчас адной такой бамбёжкі была паранена Пікун Матрона з в. Ператок.
Ваенгас займаўся нарыхтоўкай капусты, агуркоў і памідораў для фронту. Цэлыя плантацыі былі пад капустай, агуркамі, бульбай, нават не паспявалі прыбіраць. Была арганізавана нарыхтоўка капусты ў спецыяльных зацэментаваных ямах.
Да гэтага часу такія ямы захаваліся ў в. Ракаў, Ліпава і інш. У в. Гогалеў рабілі бочкі, потым капусту расфасоўвалі ў бочкі і адпраўлялі на чыгуначную станцыю «Халоднікі», а потым на фронт. З Халоднік прывозілі соль для засолкі гародніны.
Са мной працавалі Казлоўская Анастасія Мікалаеўна, Пігулеўская Зоя Фролаўна, Міруценка Яўген Аляксандравіч. За працу ў ваенгасе я была ўзнагароджана медалём «За добрасумленную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.».
У ваенгасе, як расказала краязнаўца Марыя Курыленка, працавалі таксама ліпаўчане: Голуб Марыя, Ажанілак Соф’я, Хруль Марыя Сямёнаўна, Пырх Ганна Аляксандраўна, Пікун Мікалай Антонавіч, Заяц Уладзімір Аляксандравіч. Усе яны затым былі ўзнагароджаны медалём ”За добрасумленную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.”
Першым пасляваенным дырэктарам гаспадаркі, з 1945 па 1950 г., быў Немчанка Марк Ізотавіч. Гэты кіраўнік вельмі шмат сіл прыклаў да таго, каб узрадзіць разбураную вайной гаспадарку. Пры Немчанку ў Ліпаве былі пабудаваны некалькі новых вуліц, у 1949-1950 гг. высаджаны новы сад.
Змяніў Марка Ізотавіча на дырэктарскім пасту франтавы палітрук Калкоў Аляксандр Антонавіч, які ўзначальваў гаспадарку з 1950 па 1953 г. Пры Аляксандры Антонавічу ў вёсцы быў пабудаваны новы будынак сямігодкі, адкрылася аддзяленне сувязі.
З 1954 па 1957 г. дырэктарам саўгаса працаваў Ваяводчанка.
Пасля вайны ў Ліпаў з Даманавіцкага раёна пераехалі сем’і: Алімбочка, Ахраменка, Капінскіх, Коршакаў, Крывашэенка, Маляўка, Шчэрбін і інш.
Вёска паціху адстройвалася і павялічвалася. Паводле перапісу насельніцтва 1959г., у Ліпаве пражывала 716 жыхароў.

Вопытная станцыя і эксбаза

Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 14 лютага 1956 г. № 253, ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР ад 5 красавіка 1956 г. № 174 і загада Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР ад 30 жніўня 1956 г. № 241-к для даследаванняў на лёгкіх глебах поўдня Беларусі ў Калінкавіцкім раёне на базе саўгаса “Ліпава” была створана Палеская сельскагаспадарчая вопытная станцыя. Разам з вопытнай станцыяй была створана і эксперыментальная база “Ліпава”.
Як напісаў у сваіх успамінах расійскі спецыяліст у галіне генетыкі і селекцыі, доктар біялагічных навук, сапраўдны член Міжнароднай акадэміі энергаінфармацыйных навук, у 1999 – 2007 гг. – прафесар кафедры матэматычных і прыродазнаўчанавуковых дысцыплін філіяла Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта ў г. Кашыра, у 2007 – 2010 гг. – вядучы навуковы супрацоўнік занальнага Інстытута садаводства і пітомнікаводства Рассельгасакадэміі, наш зямляк, ураджэнец в.Ракаў Молчан Ігар Маісеевіч,які з першага дня ўтварэння станцыі працаваў на ёй:
“ Станаўленне вопытнай станцыі як навуковага пад-раздзялення звязана з іменем Залеўскага Л.Д., які адразу ж пасля пачатку сваёй работы дырэктарам стварыў вучоны савет станцыі, старшынёй якога сам і з’яўляўся, намеснікам яго быў Холадаў А.Г., вучоным сакратаром – я, Молчан І.М.
Залеўскі Л.Д распрацаваў навукова-даследчую тэматыку самой станцыі і саміх супрацоўнікаў, якую прадставіў на разгляд і зацверджанне ў Інстытут земляробства, які знаходзіўся ў той час у Мінску.
Залеўскі Л.Д. пачаў уздымаць значнасць і аўтарытэт навуковага супрацоўніка станцыі. Ён пастаянна пераконваў тады яшчэ “неаперыўшыхся”, “зялёных” супрацоўнікаў у тым, што вучоны павінен самастойна мысліць. Ведаць усё ў сваёй галіне і адказваць за яе стан і ў раёне, і ў вобласці. Залеўскі Л.Д. літаральна выпіхваў нас у навуковыя камандзіроўкі. Так, напрыклад, ён камандзіраваў мяне ва Усесаюзны навукова-даследчы інстытут кукурузы. “Па кукурузе ты павінен ведаць усё. А па дарозе заглянь у Харкаў (Харкаўскі навукова-даследчы інстытут раслінаводства, селекцыі і генетыкі). Можа там даведаешся пра што новае і нам потым раскажаш”, — гаварыў ён.
Навукова-арганізацыйныя прынцыпы работы Л.Д. Залеўскага паспяхова працягваў дырэктар А.Г.Холадаў.
Даследаванні, якія я праводзіў на станцыі з кукурузай, былі звязаны з вывучэннем бяззменнага яе вырошчвання на пастаянных участках, а таксама халадастойкасці і біялогіі апладнення кукурузы. Па выніках гэтай работы быў апублікаваны артыкул у цэнтральным часопісе “Аграбіялогія”; напісана брашура аб вопыце работы вядомага кукурузавода калгаса “Чырвоны сцяг” Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, Героя Сацыялістычнай Працы І.Кулеш; арганізавана выстава ўзораў раслін новых гатункаў і гібрыдаў кукурузы, вывучаемых Палескай сельскагаспадарчай вопытнай станцыяй, на абласным аглядзе кукурузаводаў у г. Гомелі, за што быў удастоены першай у жыцці прэміі ў памеры двухтыднёвага заробка” (П.Т.Пикун. На берегах Припятского Полесья. Мозырь, “Белый Ветер”, 2013, сс. 9-10).
Са стварэннем у Ліпаве вопытнай станцыі да саўгаса “Ліпаў” далучылі суседні калгас імя Суворава, у які ўваходзілі вёскі Вязавіца, Хамічы, Гогалеў і Косетаў, і на базе аб’яднаных гаспадарак стварылі эксперыментальную базу “Ліпава”, якую узначаліў былы франтавы шафёр Ліхадзіеўскі Іван Антонавіч. Адбылося гэта 16 красавіка 1957 г.
Для спецыялістаў вопытнай станцыі на вуліцы Савецкай пабудавалі 5 двухпавярховых дамоў.
“У 60-я гады на Палескай вопытнай станцыі пад кіраўніцтвам кандыдата сельскагаспадарчых навук Б.Н.Жураўля пачаты даследаванні па селекцыі, – напісаў ва ўступе да зборніка навуковых прац “Земледелие и растениеводство Белорусского Полесья” (Мозырь, “Белый Ветер”, 2002, с.6). акадэмік ААН Рэспублікі Беларусь і ААН Украіны, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар В.М.Шлапуноў. – Вынікам сумеснай працы Малдаўскага навукова-даследчага інстытута кукурузы і Беларускага навукова-даследчага інстытута земляробства і кармоў з’явілася стварэнне тут высокаякасных гібрыдаў кукурузы БеМо 181, БеМо 182, БеМо 160, БеМо 172, БеМо 210.
Даследаванні па тэхналогіі вырошчвання кукурузы на сілас і зерне, выкананыя тут кандыдатамі сельскагаспадарчых навук З.М. Глушынай, М.Ф. Надтачаевым, дазволілі распрацаваць навукова абгрунтаваныя рэкамендацыі вытворчасці гэтай зоны. Іх прымяненне дазваляе атрымліваць 100 ц/га і больш кармавых адзінак, 60-70 ц/га зерня.
На палях вопытнай станцыі ў розныя гады праводзіліся даследаванні пад кіраўніцтвам акадэміка АН Беларусі В.І.Шэмпеля, члена-карэспандэнта АН П.Я.Пракопава, Героя Сацыялістычнай Працы прафесара М.Д.Мухіна, прафесараў І.Г.Стралкова, А.Л.Сямёнава і іншых знакамітых вучоных”.
Палескай сельскагаспадарчай вопытнай станцыяй да 1961 г. кіраваў Л.Д.Залеўскі. З 1961 па 1965 г. – А.Г.Холадаў, з 1965 па 1970 г. – І.Е.Мартыненка, з 1970 па 1973 г. – С.Г.Гулеўскі, з 1973 па 1975 г. – Н.М.Кульчыцкі. Усе яны мелі вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук.
Асобным нашым землякам Палеская сельскагаспадарчая вопытная станцыя дала пуцёўку ў навуку.
Так, Ігар Молчан, пра якога мы ўжо ўспаміналі вышэй, у 1960 паступіў у аспірантуру Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, пасля чаго паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю і дасягнуў значных вышынь у біялагічнай навуцы.
Яшчэ адзін наш зямляк, таксама ўраджэнец в. Ракаў, Пікун Павел Тарасавіч, брат дырэктара Ліпаўскай школы Пятра Тарасавіча Пікуна, у пачатку 60-х таксама прыбыў у Ліпаў.
Як расказала мне яго жонка Марыя Піліпаўна (Павел Тарасавіч, на жаль, ужо пайшоў з жыцця – І.Г.), напачатку жыццёвага шляху яе муж не сабіраўся звязваць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Пасля заканчэння сямігодкі, ён падаўся на вучобу ў Брэсцкую гандлёва-кааператыўную школу, дзе атрымаў спецыяльнасць бухгалтара спажыўкааперацыі. Толькі, відаць, зямля-матухна не хацела адпускаць ад сябе вясковага хлопца, які нарадзіўся ў звычайнай сялянскай сям’і, дзе паважалі хлебаробскую працу і прывучалі да яе з маленства ўсіх членаў сям’і.
Праз нейкі час Павел Тарасавіч паступіў у Гомельскую сельскагас-падарчую школу, дзе і атрымаў кваліфікацыю малодшага агранома.
“Убачыліся мы ўпершыню ў 1958 г., калі нас, навучэнцаў Гомельскага лесатэхнікума, прыслалі восенню ў в. Ракаў на ўборку бульбы, — успамінае Марыя Піліпаўна. – Павел таксама тады вучыўся і прыехаў у родную вёску, там на танцах у клубе мы і пазнаёміліся”.
“Прыгожая дзяўчына прыцягнула мяне адразу! А як разгаварыліся, адразу зразумеў: мая!” – расказаў Павел Тарасавіч карэспандэнту газеты “Жыццё Палесся” ў 2012 г.
Марыя Піліпаўна аказалася вернай і клапатлівай жонкай, якая таксама любіла працаваць на зямлі. Так, узяўшыся за рукі яны з 1960 г. і пайшлі разам па жыцці.
“У 1961 г. мы перабраліся ў Ліпаў. Павел да гэтага працаваў упраўляючым у саўгасе “Жлобінскі”, а тут атрымаў пасаду агранома. Я працавала лесатэхнікам, — успамінае Марыя Піліпаўна. – Павел паступіў на завочнае ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Яго ўсё больш пачала прыцягваць доследная работа. І ў пачатку 70-х ён пераходзіць з эксбазы на працу ў вопытную станцыю”.
На палях эксбазы “Ліпава” Павел Пікун упершыню ў Гомельскай вобласці распрацаваў тэхналогію атрымання насення люцэрны гатунку “Беларуская”.
За гады шматгадовай працы кандыдат сельскагаспадарчых навук Пікун выканаў вялізарны аб’ём навукова-даследчых работ, у выніку якіх створаны і перада-дзены ў Дзяржкамісію гатункі шматгадовых бабовых траў: лядвінца рагатага – гатунак “Ракаўскі”, люцэрны – гатунак “Марыя”, донніка белага – гатунак “Паляшук”, галегі усходняй – гатунак “Надзея” і інш. Пад кіраўніцтвам нашага земляка створаны і райаніраваны гатункі шматгадовых траў: люцэрны пасяўной – гатунак “Выдатная”, галегі ўсходняй – гатунак “Палеская”, лядвінца рагатага – гатунак “Мазыранін”, лісахвоста лугавога – гатунак “Крынічны”, двукістачніка трасніковага – гатунак “Прыпяцкі”.
Створаныя Паўлам Тарасавічам гатункі адроз-ніваюцца павышанай насеннай прадуктыўнасцю, устойлівасцю да хвароб і неблагапрыемных умоў навакольнага асяроддзя, стабільнай ураджайнасцю зялёнай масы па ўкосах.
У Ліпаве і сёння жыве былы старшы навуковы супрацоўнік Палескай вопытнай станцыі Кусава Ніна. Усё сваё жыццё таленавіты аграном прысвяціла бульбаводству. Яна не толькі старанна вывучала асаблівасці гэтай паважанай у Беларусі харчовай культуры, але і запатэнтавала выведзены ёю новы гатунак высокаураджайнай бульбы, якой дала назву “Камсамолец”. Добрасумленная праца Ніны Андрэеўны на палях вопытнай станцыі адзначана медалём “За доблесную працу”.
У 1975 г. Палеская сельскагаспадарчая вопытная станцыя перабазіравалася ў пасёлак Крынічны суседняга Мазырскага раёна. Але за час свайго існавання ў в. Ліпаў калектыў навуковых супрацоўнікаў станцыі ажыццявіў вялізную навуковую і даследчую работу. Напрыклад, была здзейснена ацэнка прадуктыўнасці сельскагаспадарчых культур на лёгкіх дзірванова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах; абгрунтавана эфектыўнасць вырошчвання культур прамежкавых пасеваў; распрацавана тэхналогія вырошчвання кармавога люпіна на зялёную масу і насенне; удасканалена сістэма прымянення вадкага ўгнаення, мінеральных тукаў пад бульбу, кармавыя і зерневыя культуры; распрацавана сістэма прымянення ўгнаенняў на выпрацаваных тарфяніках і сістэма карэннага паляпшэння натуральных угоддзяў у пойме ракі Прыпяць, сяўба розных траў і травасумясяў, прымяненне мінеральных угнаенняў.
За гады дзейнасці вучоныя станцыі ў супрацоўніцтве з асобнымі навукова-даследчымі інстытутамі іншых рэспублік СССР унеслі значны ўклад у развіццё навукі ў галіне земляробства, раслінаводства, аграхіміі, насенняводства, у пад’ём сельскагаспадарчай вытворчасці Палескага рэгіёна.
За гады існавання ў Ліпаве вопытнай станцыі змяніліся ў лепшы бок і паказчыкі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў эксперыментальнай базе “Ліпава”, якую з 1957 па 1974 г. узначальваў выдатны арганізатар і кіраўнік, аб якім мы ўжо ўспаміналі, Іван Ліхадзіеўскі. Напрыклад, калі ў 1956 г. надой малака на адну фуражную карову па саўгасу “Ліпава” складаў усяго 1500 літраў, то ў 1965 г. ён быў ужо ўдвая большым – 3000 літраў. Ураджайнасць зерневых у 1956 г. была 10 ц/га, а ў 1965 г. ужо больш 20 ц/га.
За выдатныя дасягненні ў развіцці гаспадаркі яе дырэктар Іван Ліхадзіеўскі ў 1973 г. быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі.
У склад эксбазы ў 1976 г. уваходзілі вёскі: Хамічы, Косетаў, Гогалеў, Вязавіца і Ліпаў. У гэтых вёсках пражывала 2179 чалавек. Агульная зямельная плошча гаспадаркі складала 5112 га, 4007 га якіх з’адносіліся да сельгасугоддзяў. У эксбазе налічвалася 2924 га ворыва, 486 га сенажацяў, 548 га пашаў і 228 га займалі прысядзібныя ўчасткі.
У гаспадарцы на той час была 2361 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 720 кароў і 1426 свіней. Машынна-трактарны двор эксбазы налічваў 43 трактары, 40 аўтамашын, 16 зернеуборачных камбайнаў, 8 корманарыхтоўчых камбайнаў, 10 бульбакапалак, 21 сенакасілку і іншыя сельгасмашыны.
З году ў год павялічваліся валавыя надоі малака і прывагі мяса, вытворчасць збожжа і бульбы.
Каб упэўніцца ў гэтым дастаткова паглядзець на ніжэй-прыведзеную табліцу.

З цемры да святла

У 1975 г. у Ліпаве адбылося вялізнае свята — школа перасялілася ў новы цагляны двухпавярховы будынак, які быў узведзены на паўднёвым ускрайку Ліпава.
Новая школа была прасторнай, утульнай і доўгачаканай. Да таго часу навучальная ўстанова, у якой жыхары Ліпава і навакольных паселішч атрымлівалі не толькі азы ведаў, але і надзейную пуцёўку ў дарослае жыццё, налічвала больш чым 110-гадовую гісторыю.
А пачалася яна ў другой палове XIX стагоддзя. Як сведчаць звесткі з Памятнай кніжкі Віленскай навучальнай акругі за 1885/86 навучальны год, народнае вучылішча ў Ліпаве адкрылася ў 1862 г. Утрымлівалася яно на сродкі дзяржаўнай казны і грамадства.
Паводле архіўных крыніц, у 1863 годзе дзяржаўная казна адпусціла на ўтрыманне вучылішча 200 рублеў.
У 1864 годзе народнае вучылішча размяшчалася ў грамадскім доме, які арандавалі для гэтых мэт. У вучылішчы займалася 32 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі, а ў 1867 годзе — 38 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. Выкладчыкамі былі Антаніна Гаткевіч і законатлумач Адам Фірасевіч.
Колькасць навучэнцаў у 1882 годзе знізілася да 28 хлапчукоў і адной дзяўчынкі, але ў 1885 годзе тут ужо налічвалася 32 хлапчукі і адна дзяўчынка.
Утрымлівалася ў дальнейшым навучальная ўстанова на сродкі дзяржаўнай казны і грамадства. Так, напрыклад, на 1885/86 навучальны год дзяржаўная казна выдзяліла на ўтрыманне вучылішча 172 руб., а грамадства — 406 руб.
З 1877 года настаўніцай вучылішча працавала Адамацкая Надзея Іванаўна, якая скончыла Парыцкае вучылішча дзяўчат духоўнага звання, і з 1886 г. — Боркун Максім Якімовіч, які навучыўся грамаце шляхам самаадукацыі. Закон Божы ў вучылішчы выкладалі мясцовыя святары: Адамацкі Георгій Апанасавіч, які скончыў Чарнігаўскую духоўную семінарыю, і Ждановіч Яфім Андрэевіч, які атрымаў духоўную адукацыю ў Мінскай семінарыі.
У 1908 г. народнае вучылішча пераймяноўваюць у царкоўна-прыходскую школу, якая праіснавала ў Ліпаве да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Навучала юных ліпаўчан і дзяцей з суседніх вёсак у ёй пляменніца мясцовага святара Мікалая Кміта – Аляксандра. У школе было чатыры класа-камплекты, а таксама прышкольны інтэрнат, у якім пражывалі дзеці з навакольных вёсак.
Вось што, напрыклад, успамінаў аб сваіх школьных гадах вучань Ліпаўскай дарэвалюцыйнай школы Богач Сцяпан Іванавіч:
«Я вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, якая была ў Ліпаве. Пайшоў ў першы клас у 1909 годзе, калі мне было 10 гадоў. Але спачатку мой бацька спытаў дазволу ў настаўніцы (клікаць яе Шура), сваячкі папа Мікалая Кміта. У 1-м класе пісалі на грыфільных дошках. А яшчэ выдавалі новы буквар, адзін на дваіх, майму брату і мне. Адзін раз у тыдзень прыходзіў поп Мікалай Кміта. За невыкананне хатняга задання каралі: садзілі на калені, ставілі ў кут, білі лінейкай (драўлянай) падчас абеду, які працягваўся адну гадзіну. Начавалі ў інтэрнаце вучні з далёкіх вёсак, ім кухарка варыла есці з прадуктаў навучэнцаў.
У адным класе займаліся дзеці 1-4 класаў, а настаўніца была адна. У класе была вельмі строгая дысцыпліна. На ўроках было чуваць, як ляціць муха. У класе стаяла чатыры рады парт, кожны рад — асобны клас. У кожным класе займалася 20-25 чалавек. У нядзелю хадзілі ў царкву ў Ліпаве адпраўляць абедню.
Пасля новага года два тыдні былі канікулы, на іх задавалі вельмі шмат вучыць. Напрыклад, у другім класе ўсе вучылі на памяць верш «Казка пра залатую рыбку». Акрамя гэтага вучылі і іншыя вершы, выконвалі пісьмовыя работы, гэтак жа вучылі на памяць «Закон Божы». У школе вывучалі царкоўнаславянскую мову. Навучальны дзень працягваўся з раніцы да вечара. Падчас вучобы вучні прапускалі шмат навучальных дзён, асабліва восенню і вясной, так як дома даводзілася пасвіць кароў і выконваць іншыя сельскагаспадарчыя работы. У каго была магчымасць, заканчвалі чатыры класы, а я скончыў два”.
У першыя гады савецкай улады ў краіне нарадзіўся лозунг: «Ты расправіўся з царом, дык распраўся і з букваром»- пачалася ўсеагульная ліквідацыя неадукаванасці. У 1920 г. адкрыўся «лікбез» і ў Ліпаве. Грамаце ў ім навучала не толькі дзяцей, але ўжо і дарослых дачка Мікалая Кміта – Надзея, якая яшчэ ў гады Грамадзянскай вайны пачала працаваць у мясцовай народнай школе. Размяшчалася навучальная ўстанова ў былым панскім палацы, дзе займала адзін вялікі пакой.
У 1921 годзе ў Ліпаве адкрылася школа 1-й ступені імя Калініна. Школу наведвалі юныя насельнікі вёсак Ракаў, Ператок, Мнагаверш, Косетаў, Хамічы, Вязавіца і Ліпава.
Як сведчаць архіўныя дакументы, у школе ў той час “налічвалася: парт-25, шаф-1, класных дошак-2, падручнікаў-50, геаграфічных карт-2” (Мазырскі архіў.ф.80, воп. 1,с. 397,л. 376).
У 1932 годзе ў Ліпаве была яшчэ аднакамплектная школа, але ў тым жа годзе тут адкрыўся пяты клас, г. зн. школа ператварылася ў растучую сямігодку.
Пад школу ўзвялі новы будынак, які размясціўся насупраць царквы. Першы выпуск Ліпаўскай сямігодкі адбыўся ў 1935 г.
Вось што ўспамінае аб тым часе тадышняя вучаніца школы Камарова Надзея Акімаўна:
«Школа ў нас была прыгожая. Дырэктарам быў Данілаў Рыгор Сцяпанавіч, ён яшчэ вёў гісторыю. Беларускую мову і літаратуру выкладаў Шульга Іван Майсеевіч. Біялогію — Бабылёва Марыя Фёдараўна, матэматыку — Яначкін Васіль Міхайлавіч, а яго жонка Траўнічак Адэля Норбертаўна — беларускую мову. Завучам быў Яльніцкі Уладзімір Іванавіч, ён жа быў і настаўнікам геаграфіі. Старэйшым піянерважатым у школе быў Горбач Міхаіл Мікалаевіч.»
Педагогамі Ліпаўскай школы ў 30-я гады працавалі муж і жонка Бачура Савелій і Марыя, настаўнікам пачатковых класаў – Зюзькоў Мікалай Карпавіч.
Калі пачалася вайна, настаўнікі-мужчыны пайшлі на фронт. Многія выпускнікі Ліпаўскай сямігодкі ў гады ліхалецця праявілі мужнасць, адвагу і гераізм, змагаючыся на франтах вайны за незалежнасць сваёй Айчыны.
Будынак школы ў гады вайны згарэў. Але адразу ж пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1944 г., дзейнасць Ліпаўскай сямігодкі аднавілася. Яе дырэктарам прызначылі былога падпольшчыка Яначкіна Васіля Міхайлавіча.
“Школа знаходзілася ў вялізным драўляным будынку, у якім размяшчаўся і клуб, і яслі, і радыёвузел. А стаяў будынак на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца аптэка. Класных пакояў не хапала, таму сёмы клас увесь час займаўся на сцэне клуба. Сшыткаў і кніг не было, не было на чым пісаць. Чарніла варылі з сажы і буракоў. На ўсю школу была адна геаграфічная карта.
Жонка дырэктара школы – Траўнічак Адэля Норбертаўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Гісторыю вёў Ляонаў Аляксей Іванавіч, біялогію – Піваварава Кацярына Нікіфараўна, рускую мову – Молчан Уладзілена Фёдараўна.
У пачатковых класах працавалі настаўнікі: Ясенкоў Мікалай Аляксандравіч, Андрэева Ганна Нікіфараўна, Піліпейка Барыс Іванавіч, Навуменка Таццяна Маісееўна”, — успамінае Марыя Курыленка, якая ў той час была вучаніцай школы.
У 1955 г. у вёсцы пабудавалі новы драўляны будынак школы, пазней да якога прыбудавалі яшчэ адзін.
У 1956 г. у Ліпаўскай школе адкрыўся восьмы клас, школа стала растучай дзесяцігодкай. Яе дырэктарам у гэтым жа годзе прызначылі настаўніка рускай мовы і літаратуры, ураджэнца суседняй вёскі, нядаўняга партызана і дырэктара Хаміцкой школы Пікуна Пятра Тарасавіча.
У 1959 г. адбыўся першы выпуск Ліпаўскай дзесяцігодкі. Завучам у гэты час працавала Каплан Фаіна Барысаўна.
Як успамінала жонка дырэктара школы Пятра Пікуна Любоў Елісееўна: “Рускую мову ў школе вёў Пінчук Васіль Макаравіч, гісторыю – Лепік Яфім Ізраілевіч,фізіку – Кітус Л.А., геаграфію — Ляонаў А. І., беларускую мову і літаратуру – Траўнічак А.Н., а затым – Рэпіч Надзея Нікіцічна, матэматыку – Яначкін В.М. і Шчэглавітава Ю.Я. Завучам школы была Шчэглавітава Ю.Я.
У 1961г. школа стала адзінаццацігодкай. У школе налічвалася звыш 400 вучняў.
У 60-80-х гг. у Ліпаве працавала шмат маладых настаўнікаў: Кліцунова Галіна Іванаўна (спевы), Кашэвіч Любоў Веніамінаўна(пач.класы), Сатырова Зоя Васільеўна (руск. мова), Курыленка Леанід Дзяменцьевіч (фізіка), Варанцова Е.І., Аляксеенка Алена Георгіеўна, Кароткая Л.А., Белаусава Л.І., Салдаценка Анастасія Адамаўна, Мароз Мікалай Фёдаравіч (фізрук), Пырко А. І.”
З 1966 па 1968 год школай кіравала Алісейка Яўгенія Панкратаўна. У 1967 г. Ліпаўская СШ па просьбе бацькоў яе выхаванцаў стала рускамоўнай.
З 1968 г. школу зноў узначаліў выдатны арганізатар педагагічнай справы і гаспадарнік Пётр Пікун. Намеснікамі дырэктара па навучальнай частцы працавалі: з 1962 па 1969 год – Кавалёва Марыя Мікалаеўна, з 1969 па 1985 – Рагаўцова На-дзея Маркаўна, з 1985 па 1998 – Чмых Тамара Аляксандраўна, з 1998 па 2007 – Бакіноўская Любоў Уладзіміраўна, з красавіка 2007 года – Клімянкова Наталля Аляксандраўна, якая сёння ўзначальвае навучальную ўстанову.
Больш за трыццаць гадоў працавала ў школе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўніца беларускай мовы і літаратуры Макушынская Ніна Віктараўна.
Многія годы свайго жыцця аддалі Ліпаўскай школе настаўнікі: нямецкай мовы Барысенка Леанід Васільевіч, матэматыкі Кебец Анатоль Іванавіч, гісторыі Лаўшук Валянціна Іванаўна, беларускай і рускай мовы і літаратуры Пырх Валянціна Васільеўна, пачатковых класаў Корсак Тамара Аркадзьеўна, многія іншыя.
У 1981 г. Ліпаўскую школу ўзначаліў яе выпускнік, першы залаты медаліст школы (1966 г.), малады настаўнік фізікі Явілін Анатоль Іванавіч. Пад яго кіраўніцтвам з гадамі ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база школы, навучальныя кабінеты абсталёўваліся новымі тэхнічнымі сродкамі. Вялікае значэнне ў школе надавалася патрыятычнаму і працоўнаму выхаванню школьнікаў, ствараліся вучнёўскія вытворчыя брыгады, якія працавалі на апрацоўцы буракоў у мясцовай гаспадарцы.
Анатоль Іванавіч 20 гадоў кіраваў Ліпаўскай сярэдняй школай. Пад яго кіраўніцтвам рос прафесіяналізм маладых настаўнікаў. Многія яго вучні сталі калегамі па прафесіі.
28 лютага 2002 г. дырэктарам школы прызначылі Гаркушу Валянціну Іванаўну, якая нарадзілася ў суседняй вёсцы Мнагаверш у 1952 г. У 1970 г. яна скончыла Ліпаўскую школу і год працавала піянерважатай у Міроненкаўскай школе. У 1972 г.паступіла ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай на завочнае аддзяленне.
Валянціна Іванаўна вучылася і паралельна працавала ў Ліпаўскай школе: спачатку піянерважатай, затым — настаўнікам пачатковых класаў. Больш трыццаці гадоў аддала яна педагагічнай дзейнасці.
З прыходам на пасаду дырэктара школы В. І. Гаркушы ў школе быў зроблены капітальны рамонт. З размахам адсвяткаваны 140-гадовы юбілей школы.
Больш 20 гадоў працуюць у школе: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Перапеча Валянціна Іванаўна і настаўнік пачатковых класаў Супрун Наталля Уладзіміраўна.
У 2014 годзе ў школе з’явіўся новы камп’ютарны клас, у якім выкладае настаўнік інфарматыкі Жукава Людміла Васільеўна.
Зараз у школе працуюць 23 педагогі, 13 з іх – выпускнікі Ліпаўскай школы, навучаецца 149 вучняў: 67 дзяўчынак і 82 хлапчукі.

Гонар школы

У Ліпаўской школе працавалі і працуюць не толькі выдатныя настаўнікі, але вучыліся і вучацца і таленавітыя вучні.
Асаблівым гонарам школы з’яўляецца яе выпускнік – Герой Савецкага Саюза Алісейка Уладзімір Цітавіч.
Нарадзіўся Алісейка 22 лютага 1921 года ў суседняй вёсцы Косетаў у сялянскай сям’і. Скончыў Ліпаўскую сямігодку і 3 курсы рабфака ў горадзе Мазыры. Працаваў у саўгасе. У верасні 1940 г. быў прызваны ў армію.
У дзеючай арміі — з 13 ліпеня 1943 года. Ваяваў у 42-м асобным сапёрным батальёне 136-й стралковай дывізіі на Варонежскім, а з 20 кастрычніка 1943 — 1-м Украінскім фронце.
Дывізія, у якой служыў старшы сяржант Уладзімір Алісейка, прыбыла на Варонежскі фронт у канцы жніўня 1943 года. Прымала ўдзел у складзе 52-й, а затым 38-й арміі ў Сумскай-Прылуцкай наступальнай аперацыі (26 жніўня — 30 верасня 1943 г.) — састаўной часткі Чарнігаўска-Палтаўскай стратэгічнай аперацыі.
Баявыя дзеянні пачала на поўдні Сумскай вобласці Украіны на захад ад горада Ахтырка, вызваліла горад Зянькоў Палтаўскай вобласці і з баямі рушыла на захад, вызваляючы тэрыторыю Палтаўскай і Кіеўскай абласцей Украіны. Да канца верасня дывізія выйшла да Дняпра ў раёне Дарніцы, разграміла войскі праціўніка на Дарніцкім плацдарме на ўсходнім беразе Дняпра. У перыяд з 1 па 3 кастрычніка 1943 года фарсіравала Днепр, захапіўшы Казачы востраў у паўднёвай частцы Кіева. Затым у кастрычніку 1943 года дывізія была перакінута на Люцяжскі плацдарм на поўнач ад Кіева, дзе да лістапада вяла баі па ўтрыманні і пашырэнні гэтага плацдарма.
У ноч з 2 на 3 верасня камандзір аддзялення 42-га асобнага батальёна 136-й стралковай дывізіі старшы сяржант Алісейка атрымаў загад аднавіць мост цераз Тамань ля вёскі Замост. Задачу выконваць прыйшлося пад бесперапынным ружэйна-мінамётным агнём ворага. Уся прастора вакол маста прастрэльвалася. Каб выканаць заданне, старшы сяржант, як часта бывала на вайне, пайшоў на хітрасць. Ён частку свайго аддзялення пасадзіў на плот і адправіў яго пад мост, каб байцы заняліся рамонтам. А сам з другой часткай аддзялення адцягнуў увагу праціўніка ад моста на сябе. У выніку мост быў адрамантаваны ў тэрмін і без страт, за што Уладзімір Алісейка атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду – медаль “За баявыя заслугі”.
Асабліва вызначыўся наш зямляк пры фарсіраванні Дняпра. У гэты час ён быў прызначаны выконваючым абавязкі камандзіра сапёрнага ўзвода, перад якім была пастаўлена задача, пераправіўшыся цераз Днепр, забяспечыць пераправу 269-га стралковага палка цераз раку Старык.
Але ў час разведкі русла р. Старык узвод Алісейкі атакавала група нямецкіх аўтаматчыкаў колькасцю ў 15 чалавек. Атаку праціўніка сапёры адбілі і пад агнём ворага завяршылі разведку мясцовасці, а ў дальнейшым і пераправу свайго палка. Сам сяржант знішчыў у час бою некалькі фашыстаў і асабістым прыкладам натхняў сваіх байцоў на перамогу.
Пад час баёў на Дняпроўскім плацдарме Алісейка атрымаў асколачнае раненне ў бок, але поле бою не пакінуў, працягваў з узводам адбіваць варожыя контратакі, пакуль не страціў прытомнасць і не быў вывезены з поля бою.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 студзеня 1944 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра,камандзіру сапёрнага ўзвода старшаму сяржанту Алісейка Уладзіміру Цітавічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У далейшым выпускнік Ліпаўскай школы, парторг батальёна лейтэнант Алісейка адважна ваяваў на 1-м Украінскім фронце, прымаў удзел у Кіеўскіх наступальнай і абарончай аперацыях, у вызваленні Кіева, у Жытомірска-Бердычаўскай, Корсунь- Шаўчэнкаўскай і Львоўска-Сандамірскай наступапьных аперацыях. Удзельнічаў у Млаўска-Эльбінгскай наступальнай аперацыі і вызваленні польскіх гарадоў Модлін і Торн (Торунь), Усходне-Памеранскай наступальнай аперацыі і вызваленні горада Данцыг (Гданьск, Польшча) і Берлінскай стратэгічнай наступальнай аперацыі і вызваленні горада Прэнцлау (Германія).
Да ордэна Леніна і зоркі Героя прыбавіліся два ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені, медалі «За вызваленне Варшавы» і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг”.
Пасля заканчэння вайны наш зямляк працягваў службу ва Узброеных Сілах. 3 1971 года палкоўнік У.Ц.Алісейка — у запасе. Жыў у Краснадары. Працаваў у Расгалоўсельгаскамплекце — упраўленні аб’яднання «Рассельгастэхніка» па забеспячэнні сельскагаспадарчых будоўляў матэрыяламі і абсталяваннем. Не стала Героя 9 мая 1981 года.
Ёсць сярод выпускнікоў школы і свае генералы. Гэта ўраджэнец Ліпава, былы начальнік упраўлення кадраў Міністэрства абароны Беларусі і начальнік артылерыйскага факультэта Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча, генерал-маёр Аляксандр Захаранка. Бацька генерала – камандзір танка малодшы лейтэнант Павел Іванавіч Захаранка загінуў смерцю храбрых пры абароне Сталінграда ў 1943 г.
Пасля заканчэння Ліпаўскай васьмігодкі Аляксандр Захаранка накіраваўся ў Данбас. Стаў праходчыкам-шахцёрам. Чатыры гады працаваў. У 1961 г. яго прызвалі на тэрміновую вайсковую службу. Там, у арміі, ён і зрабіў свой канчатковы выбар жыццёвай сцяжыны — паступіў у Тбіліскае горна-артылерыйскае вучылішча, якое, дарэчы, закончыў з залатым медалём.
Афіцэрскую службу пачынаў камандзірам рэактыўнага дывізіёна 120-й гвардзейскай Рагачоўскай дывізіі. Ды і ўся яго дальнейшая служба цесна звязана з Беларуссю: камандзір батарэі, дывізіёна. Служыў бліскуча. Усе званні, ад капітана да палкоўніка атрымліваў датэрмінова. Заўсёды імкнуўся ўдасканаліць свае веды і майстэрства. У 1977 г. закончыў Ленінградскую ваенна-артылерыйскую акадэмію і ў якасці камандзіра палка накіраваўся ў Туркменскую ваенную акругу. Перад самым уводам савецкіх войск у Афганістан палкоўніка Захаранку прызначылі начальнікам ракетных войск і артылерыі 5-й мотастралковай дывізіі.
Два гады афганскага пекла нашага земляка адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, афганскім ордэнам Зоркі 3-й ступені і медалём “За адвагу”.
Тры гады пасля Аляксандр Паўлавіч служыў начальнікам ракетных войск і артылерыі злучэння. А потым – камандзірам 51-й артылерыйскай дывізіі ў Асіповічах. Будучы камдзівам, ён і атрымаў званне генерала.
У 1991 г. ужо ў сувярэннай Беларусі Захаранку назначаюць начальнікам упраўлення кадраў Міністэрства абароны, а калі ў рэспубліцы ўзнікла вострая неабходнасць у падрыхтоўцы ўласных высокапрафесійных ваенных кадраў, яму прапанавалі ўзначаліць артылерыйскі факультэт Мінскага вышэйшага ваенна-каманднага вучылішча.
На жаль, лёс вельмі мала адпусціў часу таленавітаму ваеннаму. На 59-м годзе жыцця яго сэрца раптоўна спынілася.
… Дарэчы, старэйшая сястра Захаранкі Зінаіда працавала навуковым супрацоўнікам Ліпаўскай вопытнай станцыі, сур’ёзна занялася навукай, стала кандыдатам сельскагаспадарчых навук, выкладала ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, і зараз жыве ў Горках.
І між іншым, Зінаіда Захаранка – не адзіны вучоны, які выйшаў са сцен Ліпаўскай школы. Навучальная ўстанова ганарыцца сваім выпускніком – доктарам фізіка-матэматычных навук Раманоўскім Аляксандрам Васільевічам, які нарадзіўся ў Ліпава ў 1939 г.
Прадстаўнік гомельскай алгебраічнай школы, якую заснаваў акадэмік С.А Чуніхін, Аляксандр Раманоўскі працаваў у Беларускім дзяржаўным інстытуце чыгуначнага транспарту. У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю.
Галіна яго даследаванняў – гэта алгебра, тэорыя груп, лінейныя групы і канчатковыя групы.
У 1983 г. Аляксандр Раманоўскі абараніў доктарскую дысертацыю, працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук БССР, больш дзесяці гадоў — прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта. Цяжкая хвароба вырвала яго з жыцця.
Кандыдатам педагагічных навук стаў Перапеча Мікалай Мікалаевіч, які нарадзіўся ў 1961 г. у в. Вязавіца. У 1977 г. ён закончыў 8 класаў Ліпаўскай школы і паступіў у Гомельскае вучылішча металістаў.
У 1980 г. закончыў з адзнакай вучылішча і па камсамольскай пуцёўцы накіраваўся на вучобу ў Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка. Закончыў яго з чырвоным дыпломам і атрымаў накіраванне на службу ў легендарную Таманскую дывізію. Даслужыўся да намесніка камандзіра Канцеміраўскай танкавай дывізіі. Нёс службу ў ваеннай камендатуры г. Масквы.
Ужо змяніўшы вайсковы мундзір з пагонамі палкоўніка на цывільны касцюм, Мікалай Мікалаевіч працаваў прарэктарам Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі воднага транспарту , паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Зараз працуе ва ўрадзе г. Масквы.
Ёсць сярод выпускнікоў Ліпаўскай школы і тыя, хто ўшанаваны ганаровым званнем “Заслужаны…”
Гэта, напрыклад, дваюрадная сястра прафесара Аляксандра Раманоўскага Валянціна Ільінічна Казлоўская (Жалезная — па мужу), якая 15 лютага бягучага года адзначыла сваё 80-годдзе.
Яе бацькі да вайны жылі ў Хамічах, дзе працавалі ў калгасе “12 гадоў Кастрычніка”. Мы ўжо вышэй успаміналі пра іх: маці была сельскай стаханаўкай, калгасным брыгадзірам. За шчырую працу не раз заахвочвалася паездкамі ў сталіцу Беларусі і на іншыя ўрачыстасці. У час вайны Алену Пятроўну ледзь не расстралялі паліцаі за сувязь з партызанамі. Бацька прыйшоў з вайны з цяжкімі раненнямі і ў хуткім часе памёр. Ад разрыву гранаты ў вайну загінуў 11-гадовы брат.
Маці з дачкой і малодшым сынам перабралася ў Ліпава. Тут Валянціна закончыла Ліпаўскую сямігодку ў 1952 г. Паступіла ў Мазырскае педвучылішча, пасля заканчэння якога ў 1956 г. атрымала накіраванне на працу ў якасці настаўніка пачатковых класаў Шацілкаўскай школы.
З таго часу яе жыццё назаўжды звязана з Шацілкамі (цяпер Светлагорск – І.Г.), дзе яна прайшла педагагічны шлях ад радавога настаўніка пачатковых класаў да намесніка дырэктара СШ № 8 г. Светлагорска.
Валянціна Іванаўна не проста педагог, яна Настаўнік з вялікай буквы. У работу са сваімі маленькімі выхаванцамі яна ўкладвала ўсе свае сілы і душу. Гэта высока цанілі бацькі і яе калегі, непасрэднае кіраўніцтва. Добрасумленная і высокапрафесійная праца педагога ў 1970 г. была адзначана медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, а ў 1971 г. – медалём “За працоўную доблесць”. У 1976 г. настаўніцы пачатковых класаў СШ № 7 г. Светлагорска Валянціне Іванаўне Жалезнай Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школ БССР”.
У 1979 г., калі ў Светлагорску пабудавалі СШ № 8, Валянціне Ільінічне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па пачатковых класах гэтай школы. На гэтай пасадзе яна і працавала аж да выхаду на заслужаны адпачынак у 1991 г.
Добра вядома на Беларусі і звонкагалосая салістка ансамбля “Бяседа” Святлана Суседчык, якая з’яўляецца таксама выпускніцай Ліпаўскай школы. Колькі сябе памятае знакамітая артыстка – яна заўсёды спявала.
Песня ў Вязавіцы, дзе яна нарадзілася, была, вобразна кажучы, першай да хлеба. Умелі і любілі тут спяваць у кожным доме. Песенны дар Святлане быў дадзены, як кажуць, Богам. Не дзіўна – музычнымі здольнасцямі валодалі і яе бацькі: Іван Мікалаевіч – саўгасны каваль, і мама Ніна Сямёнаўна – саўгасная даярка.
Па мацярынскай лініі, а гэта ўсе Суседчыкі, былі выдатнымі спевакамі, а па бацькавай – усе Муцянкі – гарманісты.

Бальніца

У 20-я гады мінулага стагоддзя медыцынскую дапамогу жыхарам Ліпаўскага, Даманавіцкага і Казловіцкага сельсаветаў аказваў усяго адзін медыцынскі работнік – фельчар Казякоў. Жанчыны нараджалі дзяцей дома і ў полі без медыцынскай дапамогі, у лепшым выпадку — пры дапамозе вясковых бабулек-павітух. Смяротнасць сярод дзяцей і дарослых у тыя гады была даволі высокай.
У 1954 г. у Ліпаве пачалося будаўніцтва ўчастковай бальніцы, якая адкрылася ў 1956г. Бальніца была разлічана на 30 койка-месц і абслугоўвала насельніцтва Ліпаўскага сельскага савета. Размясцілася медыцынская ўстанова ў жывапісным кутку вёскі, на ўскрайку панскага парка. Першым галоўным урачом бальніцы быў Віктар Васільчанка, якога праз тры гады змяніў урач Верабейчык.
У 60-я гады мінулага стагоддзя медсёстрамі бальніцы працавалі Мядведзева Фаіна Іванаўна, Свірыдэнка Марыя Арцёмаўна, Торап Вольга Сяргееўна, Кузьміна Галіна Рыгораўна, фельчарам — Мужэнка Вольга Мікалаеўна, акушэркай — Навуменка Марфа Маісееўна.
Зубным доктарам у бальніцы працавала Сідарэнка Любоў Ільінічна.
Загадчыкам Ліпаўскага фельчарска-акушэрскага пункта ў той час працаваў фельчар Кустэнка Цімафей Ільіч. Акушэркай – яго жонка Кустэнка Аляксандра Васільеўна.
У адпаведнасці з накіраваннем Гомельскага аблздраўаддзела ад 13 верасня 1961 г. на пасаду галоўнага ўрача Ліпаўскай бальніцы была прызначана Савановіч Людміла Арцёмаўна, якая закончыла Мінскі дзяржмедінстытут. Праўда, ужо на наступны год яе камандзіравалі ў Мінскі інстытут удасканалення ўрачоў на спецыялізацыю па афтальмалогіі, а хутка пасля гэтага малады ўрач, як і многія яе папярэднікі, развіталася з Ліпавам.
21 верасня 1961 г. на пасаду фельчара ў бальніцу прыйшоў Старавойтаў Уладзімір Парфёнавіч, які ў 1947 г. закончыў Гомельскі медтэхнікум і ўжо 13 гадоў працаваў па спецыяльнасці.
У адпаведнасці з загадам №294 ад 16 ліпеня 1962 г. Гомельскага аблздраўаддзела загадчыцай Ліпаўскай участковай бальніцы была прызначана выпускніца Мінскага дзяржаўнага медінстытута Друзік Анастасія Ігнатаўна. А з 1 жніўня гэтага ж года на пасаду зубнога ўрача ў Ліпаў прыйшла выпускніца зубаўрачэбнага аддзялення Гомельскага медвучылішча Сідарэнка Любоў Ільінічна.
З 1 студзеня 1964 г. фельчару бальніцы Кустэнка Цімафею Ільічу ўстанавілі надбаўку да зарплаты за 25-гадовы стаж працы ў медыцыне.
26 студзеня 1965 г. галоўны ўрач раёна Ліўшыц аб’явіў вымову кіраўніку Ліпаўскай бальніцы Баталіну В.Г. за неналежнае вядзенне медыцынскай дакументацыі. А праз некалькі тыдняў на яго месца быў прызначаны новы кіраўнік — Яхнін Сямён Барысавіч.
У 1965 г. у бальніцы загадчыкам гаспадаркі працавала Дзмітрыенка І.Е., дэзінфектарам — Дзмітрыенка Марыя Нікіцічна, фельчарам — Міронаў Г.Д., акушэркай — Міронава Е.С., старшай медсястрой — Вольга Мужэнка.
У 1967 г. загадчыцай Ліпаўскага ФАПа была Новік Тамара П., а акушэркай – Кебец Валянціна Мікалаеўна. У бальніцы працавала медсястрой Мацагуд Л.
29 красавіка 1967 г. галоўурач раёна ў ліку іншых медработнікаў раёна аб’явіў падзяку ў сувязі з Першамаем патранажнай медсястры Ліпаўскай бальніцы Бараш Марыі.
Трэба сказаць, што на кіраўніцтва бальніцы Ліпаву не шанцавала. Урачы надоўга тут не затрымліваліся. Часта змяняўся і сярэдні медыцынскі персанал.
Кнігі загадаў па бальніцы данеслі да нас звесткі, напрыклад, пра тое, што загадам ад 14 жніўня 1972 г. старшая медсястра Скібар Любоў Васільеўна па сямейных абставінах была вызвалена ад займаемай пасады і пераведзена медсястрой у стацыянар на час дэкрэтнага водпуску Торап Вольгі Дзянісаўны, а Назаранка Людміла Уладзіміраўна была назначана старшай медсястрой.
Гэтым часам у бальніцы працавалі: фельчар Паліваны Анатоль Леанідавіч, медсёстры Торап Вольга Сяргееўна, Гаркуша Ніна Міхайлаўна, Свірыдэнка Марыя Арцёмаўна, Крышкавец Раіса Уладзіміраўна, акушэрка Чэркас А.В., лабаранткі Федаровіч Любоў Аляксандраўна, Рубцова Л.А., старшая санітарка Штурма Вера Аляксандраўна, заўхоз Жураў Аляксей Пятровіч, дэзінфектар Дзмітрыенка Марыя Нікіцічна, санітарны фельчар Мужэнка Вольга Мікалаеўна, повары Пікун А.А. і Васенда Наталля Аляксандраўна, кухонная работніца Спірыдонава Яўгенія Віктараўна, санітаркамі — Намачэнка Праскоўя Рыгораўна, Ахраменка Кацярына Мікалаеўна, Варабей Валянціна Іванаўна, Мірановіч Вольга Сцяпанаўна, Савіцкая Ганна Васільеўна.
5 лютага 1973 г. Назаранка Л.У. была вызвалена ад займаемай пасады і на месца старшай медсястры прызначана Свірыдэнка М.А. 1 сакавіка гэтага ж года звольніўся з пасады загадчыка гаспадаркі бальніцы Жураў А.П. Яго замяніла Даўгуненка Марыя Лукінічна, якую 1 кастрычніка 1974 г. змяніла Макушынская Зінаіда Арцёмаўна.
Часта змяняліся ў бальніцы санітаркі, вадзіцелі, конюхі.
У канцы красавіка 1975 г. Ліпаўскую бальніцу ўзначаліў Л.Яравы.
Восенню гэтага ж года ў бальніцы з’явіўся новы фельчар Гаркуша Адам Рыгоравіч. Ён жа з лістапада пачаў выконваць абавязкі галоўнага ўрача бальніцы. Праўда, у студзені 1976 г. у бальніцу прыбыў новы кіраўнік – урач Козел, але прабыў ён толькі месяц. Ізноў каманду прыйшлося прымаць Адаму Рыгоравічу. Дарэчы, як потым паказала жыццё, не ў першы і не ў апошні раз.
У пачатку красавіка 1976 г. на пасаду патранажнай медсястры ў бальніцу залічылі Лагутскую Раісу Іванаўну. А ў канцы месяца па выслузе звольнілася медсястра Марыя Свірыдэнка. 14 чэрвеня звольнілася і медсястра стацыянара Крышкавец Раіса.
У канцы ліпеня ў бальніцы паявіўся новы кіраўнік – урач Стома Яўген Адамавіч. Ён кіраваў установай да сярэдзіны кастрычніка 1978 г. На змену яму ў бальніцу прыйшла сямейная пара: Кунцэвіч А.І. і Кунцэвіч С.М. Муж быў галоўным урачом, жонка – урачом-тэрапеўтам.
— Калі я прыйшла на працу ў Хаміцкі ФАП у 1984 г., — успамінае сённяшняя галоўная медсястра бальніцы Кажадуб Святлана Ляонаўна, — у Ліпаве ўзводзіўся новы будынак бальніцы. Увялі яго ў строй напярэдадні аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у 1985 г. Галоўным урачом тады працаваў Шкода Алег Раманавіч, а да яго шмат гадоў адпрацаваў на пасадзе кіраўніка бальніцы ўрач Кунцэвіч Аляксандр Іосіфавіч.
У 2003 г. Ліпаўская ўчастковая бальніца была ператворана ў бальніцу сястрынскага уходу: разам з 10 койкамі дзённага стацыянару, тут адкрылі 20 сацыяльных коек для ўходу за састарэлымі і інвалідамі, якія па медыцынскіх паказчыках мелі ў гэтым патрэбу.
У 2008 г. у бальніцы быў зроблены капітальны рамонт і ў адпаведнасці са статусам аграгарадка абсталяваны сучасным медыцынскім абсталяваннем кабінеты: зубнога ўрача, працэдурны, акушэркі.
У 2011 г. калектыў Ліпаўскай урачэбнай амбулаторыі агульнай практыкі, які ўзначальвала галоўны ўрач Губанава Наталля Вітальеўна (зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску – І.Г.), быў узнагароджаны Дыпломам 1-й ступені ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце. У гэтым жа годзе Ліпаўская амбулаторыя ў рэспубліканскім аглядзе якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва таксама атрымала перамогу і была ўзнагароджана Дыпломам.
Зараз медыцынскую ўстанову ўзначальвае малады ўрач Шостак Кацярына Уладзіміраўна.
Са старажылаў у бальніцы працуюць: Кавалёва Любоў Мікалаеўна, Барысенка Людміла Яўгеньеўна і Кажадуб Святлана. Стаж Кавалёвай налічвае больш 30 гадоў. Да пенсіі яна працавала санітаркай. А пасля дасягнення пенсійнага ўзросту стала працаваць поварам. Барысенка Людміла з 2001 г. працуе загадчыкам бальнічнай гаспадаркі. А Кажадуб Святлана, як ужо ўпаміналася вышэй – старшай медсястрой.

Школа мастацтваў

На вуліцы Савецкай, 29 у Ліпава размясцілася яшчэ адна дзяржаўная ўстанова адукацыі — Ліпаўская дзіцячая школа мастацтваў. Гісторыя яе стварэння бярэ пачатак у 1975 г.

А пачыналася гэта так.

“У 1974 г. на пасаду дырэктара эксбазы “Ліпава” прызначылі Тупіка Паўла Цярэнцьевіча, – успамінае першы дырэктар Ліпаўскай дзіцячай музычнай школы, якой сёлета спаўняецца 40 гадоў, Тачкоў Уладзімір Віктаравіч. — Павел Цярэнцьевіч – родны брат маёй мамы, быў не толькі прафесіяналам у арганізацыі сельскай гаспадаркі, але і вялікім аматарам музыкі. Неяк у адну з нашых сустрэч (мы ў той час с жонкай працавалі ў Юравіцкай дзіцячай музычнай школе), Павел Цярэнцьевіч прапанаваў: “А давайце адкрыем музычную школу ў Ліпаве”.

Сказана – зроблена. Ён перагаварыў з тадышнім загадчыкам раённага аддзела культуры Канстанцінам Васільевічам Шчэрбіным, і ў 1975 г. у Ліпаве адкрылі філіял Юравіцкай музычнай школы. Яго кіраўніком прызначылі маю жонку Галіну Дзям’янаўну. Разам з ёй працавалі Брухавецкі Яўген Анатольевіч і Лазурэнка Людміла Васільеўна. У філіял для навучання па класу акардэона і фартэпіяна набралі 14 вучняў. А я паехаў на вучобу ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут, дзе стацыянарна паступіў на музычна-педагагічны факультэт. Праз год перавёўся на завочнае, а 10 жніўня 1976 г. мяне прызначылі дырэктарам Ліпаўскай ДМШ.

З таго дня і пачалася напружаная праца па арганізацыі прыёму навучэнцаў, падбору прафесійных кадраў, набыцці інструментаў, стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы новай школы. А 1 верасня 1976 г. Ліпаўская дзіцячая музычная школа пачала самастойнае жыццё. У ёй адкрылі два аддзяленні: народнае (баян, акардэон) і фартэпіяннае. Для навучання музыцы ў школу набралі 60 вучняў, хаця жадаючых было намнога больш”.

Кіруючы дзіцячай музычнай школай Уладзімір Тачкоў, разам са сваімі калегамі па працы пачаў скрупулёзную і мэтанакіраваную работу па ўздыму культуры ў в. Ліпава і навакольных населеных пунктах.

Пры Ліпаўскім СДК у 1976 г. быў створаны вакальна-інструментальны ансамбль, у 1978 г. — жаночая вакальная група, у 1979 г. — мужчынская вакальная група, у 1980 г. — народны хор, які ў 1998 г. стаў лаўрэатам рэспубліканскага фестывалю «Беларусь — мая песня».

З цягам часу ліпаўскім педагогам-музыкам стала цесна ў тых рамках, што яны ўжо асвоілі, душа і моц патрабавала больш шырокага прастору. Разумела гэта і кіраўніцтва раённага аддзела культуры, які ў той час ужо ўзначальвала Валянціна

Як успаміналі ўжо вышэй, першыя дзіцячыя яслі з’явіліся ў саўгасе “Ліпава” яшчэ ў даваенны перыяд і ўзначальвала іх Гнётава Антаніна Дзмітрыеўна.

Ужо ў пасляваенны перыяд дзіцячая дашкольная ўстанова адкрылася ў вёсцы пасля стварэння тут Палескай вопытнай станцыі. Напрыклад, у 1962 г. Ліпаўскія дзіцячыя яслі, як сведчыць загад № 177 ад 12 снежня 1962 г. галоўнага ўрача Калінкавіцкага раёна (яслі ў той час падпарадкоўваліся медыцыне –І.Г.) ўзначальвала Арлоўская, а медыцынскай сястрой у яслях працавала Петравец Святлана Ігнатаўна, якой з 5 снежня 1963 г. устанавілі надбаўку за пяцігадовы стаж. Паколькі дзіцячая ўстанова была ведамаснай і належала эксбазе “Ліпава”, то будынак яе быў пабудаваны на сродкі гаспадаркі на ўскрайку былога панскага сада. А з 1964 г. дашкольная ўстанова стала функцыяніраваць як дзіцячы сад.Праектная магутнасць дашкольнай установы была разлічана на 45 месц. Але ў час яго адкрыцця набралася тры рознаўзроставыя групы, у якія бацькі прывялі 78 дзяцей. 32 работнікі займаліся выхаваннем ліпаўскіх дашкольнікаў у першыя гады.

У розныя гады дашкольную ўстанову узначальвалі педагогі: Арлоўская Наталля Уладзіміраўна (1965-1967), Лагуцкая Марыя Рыгораўна, Горбач Аляксандра Кірылаўна, Капінская Галіна Іванаўна (1969-1996), Гвоздзь Святлана Міхайлаўна (1996-2001), Гошка Раіса Андрэеўна (2001-2006).

З 2006 г. па сённяшні дзень дзіцячы сад узначальвае Прэдкава Ларыса Георгіеўна.

“Сёння ў дзіцячым садку выхоўваюцца ў двух рознаўзроставых групах 35 дзяцей, — расказвае яна.- Іх даглядаюць 14 дарослых. Гэта трое выхавальнікаў, два памочнікі выхавальніка, іншы персанал.

Рэжым работы дашкольнай установы — 10,5 гадзін у дзень.

У сакавіку 1994 г. дзіцячы сад закрываўся на капітальны рамонт. У студзені наступнага года ён быў перададзены на баланс аддзела адукацыі райвыканкама.

У лютым 2008 г. дзіцячы сад перайменавалі ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “Ліпаўскі дзіцячы сад”.

Працяглы час у нашым садку працавалі выхавальнікамі Перапеча Людміла Пятроўна, Гвоздзь Святлана Міхайлаўна, Загальская Галіна Уладзіміраўна, Гошка Раіса Андрэеўна, загадчыкам гаспадаркі – Харлан Ніна Мікалаеўна, нянечкамі – Грыц Раіса Мікалаеўна, Сянько Кацярына Мікалаеўна, Ройт Валянціна Фролаўна, Балахонава Соф’я Фёдараўна, Клімчанка Вольга Аляксандраўна, Акулава Анастасія Сідараўна, Захаранка Святлана Анатольеўна і інш., медсястрой – Петравец Святлана Ігнатаўна”.

Сёння ў садку працягваюць працаваць работнікі, стаж якіх перавышае два дзесяцігоддзі. Гэта выхавальнік Брухацкая Алена Аляксееўна і памочнік выхавальніка – Горбач Анастасія Іванаўна.

Гвардзейцы пяцігодак

У Калінкавіцкай раёнцы “За камунізм” 31 сакавіка 1966 г. быў надрукаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966г., якім паведамлялася, што за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, вытворчасці і нарыхтовак мяса і малака ордэнам Леніна ўзнагароджана 28-гадовая даярка эксперыментальнай базы “Ліпава” Ламаносава Ганна Пятроўна.

Па гэтым жа Указе высокія ўрадавыя ўзнагароды атрымалі і яе калегі па сумеснай працы ў эксбазе. Брыгадзіра жывёлаводаў Грыца Аляксандра Ігнатавіча ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а даярак Жураву Наталлю Кандратаўну і Салаўянчык Любоў Тарасаўну – медалём “За працоўную доблесць”. Ордэнам “Знак Пашаны” быў узнагароджаны і дырэктар Палескай сельскагаспадарчай доследнай станцыі Мартыненка Іван Емяльянавіч.

Праз некалькі тыдняў, у святочным нумары газеты “За камунізм”, што выйшаў 1 мая, Ганна Ламаносава напісала:

“Мера радасці і шчасця… Для кожнага яны розныя, але мне здаецца, што самае вялікае шчасце – гэта любімы занятак і свядомасць таго, што сваёй працай ты памнажаеш багацце любімай радзімы. Так думала я заўсёды і яшчэ мацней адчула, калі нядаўна атрымала высокую ўрадавую ўзнагароду –ордэн Леніна. Працу радавой працаўніцы высока ацаніў урад. Чым аддзякую табе, Радзіма? Працай і толькі працай, шчырай і адданай.

Летась я надаіла 51 тону малака, гэта з нашай фермы толькі я адна адправіла дзяржаве 25 грузавікоў малака. Амаль такімі ж былі аўтапаезда ў астатніх 14 даярак Хаміцкой фермы. І вось цяпер, калі мы чытаем Дырэктывы па пяцігадоваму плану, прыкідваем, а што трэба зрабіць нам, каб сваёй працай ажыццявіць планы партыі.

Рэальныя магчымасці для вялікага малака і мяса ў нас ёсць. Узяць хоць бы летні перыяд. У нас створана культурная шматгадовая паша, укаранім загонны метад пасьбы, фермы нашы ўкамплектаваны пароднай жывёлай, у нас будуюць тыпавыя кароўнікі, дзе многія працаёмкія працэсы механізаваны. Значыць, астатняе за намі, за даяркамі. І калі сёння я называю лічбу свайго гадавога абавязацельства – 4000 кілаграмаў малака ад каровы, то ўпэўнена, што столькі яго і атрымаю, бо гэта залежыць толькі ад мяне, маёй працы.

Так думаюць, так разважаюць усе нашы жывёлаводы”.

І гэта былі не проста пафасныя словы, як кажуць, з нагоды. Ганна Пятроўна сапраўды выказала калектыўную думку і натхненні сваіх калег па эксперыментальнай базе, якія справай даказвалі сваю прафесійную годнасць.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова палістаць старонкі Калінкавіцкай раёнкі тых часоў. Адкрываем, напрыклад, 81-ы нумар газеты “За камунізм” за 1966 г. На яе 3-й старонцы надрукаваны звесткі аб выкананні абавязацельстваў па вытвочасці малака і мяса, узятыя гаспадаркамі раёна, па стану на 1 ліпеня 1966 г.

У каментарыі да гэтых звестак напісана: “Высокай прадуктыўнасці дойнага статку дабіваюцца жывёлаводы калгасаў імя Чапаева, імя Мічурына, вопытнай станцыі “Ліпава”. Праўда, прыведзеныя звесткі сведчылі крыху аб іншым. Каментатару варта было на першае месца паставіць калектыў эксбазы “Ліпава”.

Самы высокі вынік на той час сярод калгасаў і саўгасаў Калінкавіцкага раёна па вытворчасці малака на 100 га сельгасугоддзяў ( у цнт) атрымалі калгасы “Сейбіт” і імя Кірава – 238,1, і 194,9 адпаведна. А вопытная станцыя “Ліпава” атрымала 291,0 цнт.

На 100 га сельгасугоддзяў саўгас — перадавік “Дудзічы” атрымаў 51,6 цнт мяса, у тым ліку свініны -31,8 цнт. А эксбаза “Ліпава” атрымала 58,9 цнт мяса, у тым ліку – 48,2 цнт свініны.

Старанна працавалі на палях вопытнай станцыі і механізатары. У тым жа 1966 г. ордэнам “Знак Пашаны” была адзначана самаадданая праца трактарыста эксбазы Процка Пятра Елісеевіча.

У 1969 г. трактарыст Навіцкі Антон Фролавіч, даярка Пікун Наталля Еўдакімаўна і рабочы вопытнай станцыі Піліпейка Пётр Іванавіч за актыўную вытворчую работу былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Ліпаўскія жывёлаводы і механізатары былі сапраўднымі гвардзейцамі пяцігодак. Яны — наперадзе, яны — ў лідарах. Адкрываем раёнку за 27 красавіка 1971 г. Старонка 2-я так і называецца “Раўненне на лепшых жывёлаводаў”. У спісе, які складаецца з 51-й перадавой даяркі, 14 – з вопытнай станцыі “Ліпава”. Гэта Заяц Н.Р., Алісейка П.Я., Краўцова Н.В., Васіленка О.Д., Гвоздзь Е.А., Гвоздзь М.І., Анісімавец А.П.Жураў Е.К., Захаранка В. В., Фей С.П., Піцурэнка Е.Т., Цяцерыч А.Н., Алісейка Н.В., Фей В.В. Пры тым даяркі з вопытнай станцыі “Ліпава” займаюць адпаведна 2-е – 5 –е і 8-е – 16 –е месцы з найвышэйшымі паказчыкамі.

Напрыклад, даярка Заяц Н.Р., якая займала другое месца ў гэтым спісе, за першы квартал 1971 г. надаіла ад каровы 903 кг малака, Фей В.В, 16-я ў спісе – 702 кг малака. І ў той жа час 51-я са спіса даярка Пархоменка А.С. з калгаса імя Леніна надаіла 399 кг ад каровы. Так што, як кажуць, адчуйце розніцу.

У ліку перадавікоў у раённым спаборніцтве былі і ліпаўскія даглядчыкі цялят. Так, Алісейка Н.Н. былі атрыманы сярэднясутачныя прывагі ў 756 г, што адпавядала другому месцу сярод перадавікоў. Па 652, 645 і 600 г. сярэднясутачных прываг на цялятах атрымалі адпаведна і даглядчыкі цялят Грань В.М., Горбач А.Д., Алісейка М.В.

Свінарка Казлоўская Н.Н. заняла першае месца ў раёне. Яна атрымала 671 г. прываг у суткі. У лік раённых перадавікоў на адкорме свіней выйшлі Караткевіч А.Ф. і Новік М.Н. (па 416 г у абодвух).

У лік раённых перадавікоў па адкорму буйной жывёлы ўвайшлі жывёлаводы вопытнай станцыі Шыкуненка В.Д., Садоўскі І.С., Шкрад П.К., Прус С.П.

15 мая 1971 г. газета “За камунізм” надрукавала чарговы Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, у якім паведамлялася, што за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, вытворчасці малака і мяса ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі ўзнагароджвалася даярка эксбазы Жураў Наталля Кандратаўна, а свінарка гаспадаркі Цімашэнка Ганна Рыгораўна ўдастоілася ордэна “Знак Пашаны”.

У 1973 г. кагорта ордэнаносцаў у эксбазе папоўнілася адразу на сем чалавек. Высокапрадукцыйная праца шасьці з іх была адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Кавалерамі ордэна сталі: загадчык вытворчага ўчастка Варажун Уладзімір Маркавіч, даяр Анісімавец Аляксей Парфёнавіч, даяркі Жураў Наталля Кандратаўна, Закружная Ганна Анатольеўна, Захарэнка Марыя Андрэеўна і Краўцова Наталля Васільеўна. Дырэктар эксбазы Ліхадзіеўскі Іван Антонавіч быў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У 1974 г. высокіх урадавых узнагарод удастоіліся даяркі Алісейка Марыя Сцяпанаўна і Цяцерыч Анастасія Мікалаеўна. Абедзьве былі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 1977 г. працаўнікі эксбазы зноў прымалі віншаванні з нагоды атрымання высокіх урадавых узнагарод. Ордэнам “Знак Пашаны” была адзначана ўдарная праца даярак Гвоздзь Евы Аляксееўны і Якушэнка Аляксандры Паўлаўны, ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені –трактарыста Пікуна Аляксандра Сідаравіча, медалём “За працоўную доблесць” – трактарыста Анісімаўца Сяргея Парфёнавіча, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР – даяркі Гвоздзь Марыі Іванаўны.

Ішлі гады. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база эксперыментальнай гаспадаркі. Мацавалася яе эканоміка. Набіраліся вопыту і сталелі яе спецыялісты і працоўныя кадры. Раслі надоі і прывагі, больш умалотным выспяваў на палях колас. За што Радзіма зноў і зноў дзячыла сваіх хлебаробаў і жывёлаводаў.

У 1986 г. даярка эксбазы Хруль Валянціна Фёдараўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, брыгадзір жывёлаводаў Злобіна Юлія Фёдараўна — ордэнам Дружбы Народаў, даярка Кісель Кацярына Апанасаўна – ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені, свінарка Турчанка Галіна Ягораўна – медалём “За працоўную доблесць”.

У 1988 г. працоўныя поспехі брыгадзіра эксбазы Брацуна Васіля Мікалаевіча былі адзначаны ордэнам “Знак Пашаны”, а даярка Заяц Ніна Рыгораўна атрымала чарговую ўзнагароду – ордэн Працоўнай Славы 2-й ступені.

Насуперак чарнобылю

Катастрофа, якая адбылася ў красавіку 1986 г. на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, стала той новай мяжой, якая, як калісьці Вялікая Айчынная вайна, падзяліла жыццё беларусаў на “да” і “пасля”.
Чарнобыльская бяда сарвала тысячы людзей з абжытых месцаў. Іх вёскі, гаспадаркі, арганізацыі і ўстановы закрылі, а людзей эвакуіравалі.
Такая ж бяда напаткала і калгас імя Жданава ў Чачэрскім раёне, якім дагэтуль кіраваў ураджэнец Гродзеншчыны, ветурач па спецыяльнасці Рычард Стэфановіч.
Пасля ліквідацыі калгаса, Стэфановіч з Чачэршчыны перабраўся ў Калінкавіцкі раён, дзе яму прапанавалі ўзначаліць эксбазу “Ліпава”.
Рычард Антонавіч не пакінуў у бядзе і тых, з кім дагэтуль працаваў не адзін год. Пераехаўшы ў Ліпава, ён перавёз з сабой 70 сем’яў жданаўцаў.
Так у вёсцы з’явіліся новыя прозвішчы: Грышанковы, Захаравы, Казловы, Жукі, Харытонавы і іншыя.
Маладыя сем’і пасялілі ў добраўпарадкаваных катэджах новага пасёлка, які адбудавалі спецыяльна для перасяленцаў з забруджанай радыёнуклідамі зоны, а для іх бацькоў — пенсіянераў набывалі ў навакольных вёсках дамы і сялілі ў іх. Ліпаўская зямля сустрэла перасяленцаў гасцінна ў многім дзякуючы іх былому старшыні.
За невялікі час працы ў эксбазе “Ліпава” Стэфановіч здолеў згуртаваць вакол сябе спецыялістаў, рабочых, старажылаў, новапрыбыўшых і добра павесці справу.
Памятаю, як праз тры гады пасля назначэння дырэктарам браў у яго інтэрв’ю, якое было надрукавана ў «Калінкавіцкіх навінах» 14 верасня 1993г. Прывяду некаторыя ўрыўкі з яго:

“Рычард Антонавіч, тры
гады — дастатковы тэрмін
для таго, каб ацаніць
зробленае, прыйсці да
высновы карыснасці
здзейсненага. Што ўдалося
за гэты час?
— Было б не зусім сціплым падыходзіць да гэтага пытання менавіта такім чынам. Бо можа скласціся ўражанне, што толькі з маім прыходам у Ліпава і пачалася сапраўдная работа. Гэта не так, тут жылі і працавалі цудоўныя людзі. Многія з іх працуюць і сёння. Зразумела, што і за тры мінулых гады зроблена многае. I заслуга ў гэтым наша агульная: рабочых і спецыялістаў. Па-першае, мы прыклалі шмат намаганняў па добраўпарадкаванні як гаспадарчых аб’ектаў, так і населеных пунктаў.
Напрыклад, добраўпарадкавалі тэрыторыі фермаў у Вязавіцы і Ліпава, заасфальтавалі пад’езды да фермаў і іншых гаспадарчых аб’ектаў на тэрыторыі эксбазы. Адсыпалі гравійную дарогу на в. Гогалева. Будуем дарогу Хамічы — Косетава.
За тры гады пабудавалі 50 жылых кватэр. Узвялі новую лазню ў в. Вязавіца. Рэканструявалі сталовую ў в. Ліпава. Будуем у Вязавіцы кароўнік на 200 галоў дойнага статка.
За тры гады заасфальтавалі 15 кіламетраў дарог.
— А ці адбыліся зрухі за гэты
час у павелічэнні колькасці
атрымліваемай прадукцыі,
росту даходаў гаспадаркі?
— Як жа без гэтага. Калі няма росту — значыць ідзе таптанне на месцы або ўвогуле спад, тады не варта і працаваць. Аналізуйце самі. Ураджайнасць збожжавых у 1990 годзе была – 27,8 ц/га, валавы збор саставіў 2900 т. У 1992-м мы атрымалі 3700 т зерня пры ўраджайнасці ў 35,7ц/га. А сёлета валавы збор збожжавых саставіў 4850 т пры ўраджайнасці ў 46 ц/га.
Ці вось яшчэ лічба, хаця ўжо, відаць, і менш істотная. Рэнтабельнасць гаспадаркі за мінулы год саставіла 76 %, прыбытак — 28 млн. руб.
— А што вы набылі за гэтыя
мільёны?
— Купілі сем новых трактараў, аднаго МАЗа, мінеральныя тукі, крыху паліва і г. д.
— Рычард Антонавіч,
эксбаза — насенняводчая
гаспадарка. Як ідзе
рэалізацыя вашай
прадукцыі?
— Цяжка. Крыўдна, што многія спецыялісты калгасаў, саўгасаў так і не зразумелі дагэтуль, што скупы плоціць двойчы. Эканомячы на капейках, гаспадаркі губляюць рублі і цэнтнеры ўраджаю. Мы можам рэалізаваць толькі жыта чатыры элітных гатункі: «верасень», «пухаўчанка», «радзіма» і «дачнае». Гэта сучасныя перспектыўныя гатункі для любых глеб. Усе яны сёлета далі больш чым па 50 цэнтнераў з гектара.
А бульба! «Адрэта», «арбіта», «ласунак», яшчэ каля дзесяці высокаўраджайных гатункаў замежных і айчынных рэпрадукцый, якія могуць прынесці немалы даход любой гаспадарцы. Аднак эканамічная недальнабачнасць многіх спецыялістаў сельскай гаспадаркі прымушае па-ранейшаму культываваць такія неперспектыўныя гатункі, якія ўжо зняты з вытворчасці, які, напрыклад, бульба «лошыцкая» і г. д.
— Рычард Антонавіч, відаць,
ва ўмовах слабага рынка
збыту збожжавага і
бульбянога насення эксбазе
прыходзіцца шукаць нейкія
новыя падыходы ў
магчымасці атрымання
даходаў?
— Гэта сапраўды так. Зусім нядаўна мы заключылі дагавор з германскім раслінаводчым прадпрыемствам «Лемке» на вытворчасць высакаякаснага рапса. Нямецкая фірма паставіць нам насенне, гербіцыды, тэхналогію і еўрапейскі рынак збыту.
Атрымалі мы прапанову і ад амерыканскай фірмы «Вога» аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па выпрацоўцы экапагічна чыстага паліва і масла. Думаем падтрымаць гэтую прапанову.
— Добра вядома, што
нават, калі ў наяўнасці
будзе і тэхніка, і ўгнаенні,
і пестыцыды, і паліва, яны
нічога не вартыя без
чалавека, без яго працы.
Зразумела, што нельга
пералічыць усіх пайменна,
але на каго раўняюцца
працаўнікі эксбазы, кім
ганарацца ў калектыве?
— Ёсць такія. Гэта механізатары Віктар Брухацкі, Віктар Навіцкі, Аляксандр Жук, Алег Башак, Сяргей Пікун, Леанід Фей, майстры-наладчыкі Васіль Рубанік, Сяргей Харлан, спецыялісты — галоўны аграном Андрэй Кабанаў, галоўны інжынер Віктар Гаркуша, аграном-насеннявод Валянцін Клокаў, брыгадзіры трактарна-паляводчых брыгад Васіль Брацун, Віктар Лясешчанка, Леанід Жураўлёў, Аляксандр Латышаў, загадчык майстэрняў Міхаіл Пырко, інжынер Мікалай Загальскі і многія іншыя”.

У сакавіку 1998 г. Рычарда Стэфановіча па ўзгадненні з Прэзідэнтам Беларусі накіравалі на працу ў Брагінскі раён, дзе ён узначаліў раённы выканаўчы камітэт.
А дырэктарам эксбазы “Ліпава” быў прызначаны Піліпец Іван Іванавіч, які да гэтага працаваў дырэктарам саўгаса “Калінкавіцкі”. Іван Іванавіч прадоўжыў справу сваіх папярэднікаў па добраўпарадкаванні ферм, палёў, будаўніцтву жылля. Праўда, працаваў на чале гаспадаркі не доўга – усяго 1,5 года.
Змяніў яго на дырэктарскай пасадзе заўчасна пайшоўшы з жыцця Акулаў Ігар Мікалаевіч, які дагэтуль працаваў кіраўніком калгаса “Камунар”.
За дзесяць гадоў пад кіраўніцтвам Акулава ў гаспадарцы адбылося шмат змяненняў. У 2001 г. яна, напрыклад, была перайменавана ў рэспубліканскае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Эксбаза “Ліпава”, а ў 2004 г. – у калектыўнае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Эксбаза “Ліпава”. У 2005 г. да КСУП “Эксбаза “Ліпава” далучылі суседні калгас імя Кірава (в. Міроненкі).
Пры Акулаве Ліпаў павялічыўся на 50 новых дамоў.

Новы статус

У 2008 г. в. Ліпаў набыла новы статус – яна стала аграгарадком. І гэта не дзіва. Усё ў гэтым населеным пункце, як кажуць, круціцца вакол аграгаспадаркі, якая зараз называецца сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “Эксперыментальная база “Ліпава”. Канешне, няма ўжо сёння той вялікай навукова-даследчай работы, якая тут праводзілася з 1957 па 1975 год, але эксбаза, як па-ранейшаму яе скарочана клічуць усе, як і ў былыя гады з’яўляецца вытворцай і пастаўшчыком іншым гаспадаркам раёна і вобласці элітных гатункаў насення збожжа і бульбы, займаецца вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі.
Вось што расказвае аб здабытках гаспадаркі яе сённяшні кіраўнік Уладзімір Казачэнка, які ў 2013 г. змяніў на дырэктарскім пасту Юрыя Канстанцінавіча Некрашэвіча:
“ У гаспадарцы ў 2015 г. налічвалася 5906 га сельгасугоддзяў,4853 га ворыва. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы састаўляла 4290 галоў, у тым ліку 1133 каровы.
Мінулы сельскагаспадарчы год быў не лепшым для сельгаспрадпрыемстваў Гомельшчыны. Спякота і іншыя непрадказальныя прыродныя з’явы сказаліся і на выніках працы эксбазы “Ліпава”. Калі, напрыклад, у 2013 г. мы атрымалі валавы збор збожжа 5318 т, у 2014 г. -7351 т, то летась – толькі 4916 т.
Тое ж атрымалася і з кукурузай. У 2013 г. яе валавы збор склаў 1700 т, а ў мінулым годзе – усяго 325 т.
Па бульбе, праўда, крыху прыраслі: у 2013 г. сабралі 1090 т, у 2014 г. – 1186, а ў 2015 г. — 1213 т.
Нягледзячы на цяжкасці мы ўсё-такі здолелі забяспечыць прырост у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Павялічылі надой на карову з 4360 кг у 2013 г. да 4755 кг у 2015 г. Гэтак жа дабавілі і па сярэднясутачных прывагах: узняліся з 552 г у 2013 г. да 644 г у 2015 г. Адпаведна павялічылася і валавая вытворчасць. Калі у 2013 г. мы прадалі дзяржаве 3984 т малака і 269 т мяса, то ў 2015 г. – 4705 т малака і 425 т мяса. Павялічылася і таварнасць жывёлагадоўчай прадукцыі.
Калісьці ў Ліпаўскім саўгасе была адна аўтамашына ды два трактары, сёння карціна зусім іншая: 32 трактары, 10 грузавых аўтамабіляў, 8 зернеўборачных, 3 кормаўборачных і па аднаму бульбаўборачнаму і кукурузауборачнаму камбайну, не гаворачы ўжо пра іншыя агрэгаты і сельгасінвентар”.
Уладзімір Яўгенавіч расказаў і пра ўзвядзенне новай сучаснай малочнатаварнай фермы ў в. Ліпаў, пра рэканструкцыю іншых жывёлагадоўчых памяшканняў, пра планы па дальнейшаму павышэнню вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, не забыў і пра лідараў сельгасвытворчасці.
У ліку першых назваў Жука Аляксандра Уладзіміравіча, які летась на сваім МТЗ-82 выпрацаваў 4601 умоўна-эталонны гектар. Менавіта Аляксандр Жук першым сярод механізатараў нашага раёна ўжо ў суверэннай Беларусі Указам Прэзідэнта быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.
Яшчэ лепшы вынік у працы за мінулы год паказалі механізатары гаспадаркі Бабровіч Мікалай Андрэевіч і Пырх Сяргей Васільевіч.
Вызначыўся на перавозцы малака і вадзіцель гаспадаркі Васіленка Васіль Васільевіч. А жывёлавод Белкіна Вольга Уладзіміраўна атрымала сярэднясутачныя прывагі ў 835 г, даярка Пырх Алена Барысаўна надаіла 5532 кг малака на карову.
Нашу размову аб сельскагаспадарчых справах перапыніла старшыня Ліпаўскага сельсавета Любоў Бакіноўская, якая зайшла да кіраўніка гаспадаркі, каб абмеркаваць пытанні дальнейшага добраўпарадкавання вёсак сельсавета.
У хуткім наша гутарка перакінулася на гісторыю развіцця Ліпава, яе жыхароў. І Любоў Уладзіміраўна выказала тую ж думку, якую мне ці то жартам, ці ўсур’ёз спрабавала навязаць мясцовая краязнаўца Марыя Курыленка: “Ліпаўцы – гэта ўсе навалокі, не тутэйшыя, адным словам”.
Сама Любоў Бакіноўская нарадзілася ў Ліпаве. А вось яе бацькі – сапраўды не тутэйшыя. Бакіноўскі Уладзімір Андрэевіч нарадзіўся ў в. Дзеравішча Хобненскага сельсавета ў 1926 г. З 1943 г. знаходзіўся ў дзеючай арміі, з 1944 г. — на фронце. Сапёр. Вызначыўся ў час баёў на тэрыторыі Германіі. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 2-й ступені.

Пасля вайны працягваў вайсковую службу. З 1951 па 1952 г. вучыўся на гадзічных афіцэрскіх курсах у Ленінградскім ваенна-інжынерным вучылішчы. Але з цягам часу зразумеў, што ваенная прафесія – гэта не яго стыхія. Звольніўся з арміі і паступіў на вучобу ў Гомельскую агранамічную школу, дзе на гадзічных курсах рыхтавалі аграномаў, старшынь і бухгалтараў калгасаў.
У 1957 г. Уладзімір Бакіноўскі ў якасці малодшага навуковага супрацоўніка Палескай вопытнай станцыі прыехаў у Ліпаў. Затым прывёз сюды маладую жонку Рагаўцову Надзею Маркаўну, якая пачала працаваць у мясцовай школе, спачатку настаўніцай, затым — завучам.
У тыя пасляваенныя гады ў Ліпава на працу, а затым і на ўсё жыццё прыбылі і іншыя франтавікі. Напрыклад, Бохан Фёдар Ільіч, які нарадзіўся ў 1911 г. у в. Мяжыева Талочынскага раёна Віцебскай вобласці. Спачатку ён працаваў упраўляючым Косетаўскага аддзялення саўгаса “Ліпава”, а затым узначаліў яго Ліпаўскае аддзяленне.
У іх ліку і Найбарт Ерафей Філімонавіч, які нарадзіўся ў 1908 г. у в. Міхалкі Мазырскага раёна. Ардэнаносец. Палітработнік. Ён з 1954 па 1957 г. узначальваў калгас імя Суворава, у які ўваходзілі, як паведамлялася ўжо, вв. Вязавіца, Хамічы, Гогалеў і Косетаў, а з 1957 па 1973 год працаваў упраўляючым аддзялення эксбазы “Ліпава”.
І такіх “навалок”, у добрым сэнсе гэтага слова, у Ліпава і сапраўды шмат. Гэта яны сваёй шчырай працай за многія дзесяцігоддзі стварылі тую вёску, якая сёння з’яўляецца аграгарадком.
З 6 двароў у 1798 г. Ліпаў вырас да 290 двароў на 1 студзеня 2016 г.
Сёння ў аграгарадку пражывае 700 жыхароў, з якіх 400 – працаздольныя, 146 дзяцей і 154 – пенсіянеры.
Як і патрабуецца для аграгарадка, тут ёсць уся неабходная інфраструктура. Пра гаспадарку, школы, дзіцячы садок і бальніцу мы ўжо расказалі вышэй. У Ліпаве для паслуг яго жыхароў працуюць сельскі Дом культуры, новы будынак якога на сродкі эксбазы быў ўзведзены ў 1976 г., сельская бібліятэка, аптэка, комплексны прыёмны пункт, лазня, аддзяленне філіяла Беларусбанка, паштовае аддзяленне, тры магазіны.
Любоў Бакіноўская на пасадзе старшыні сельсавета ў Ліпаве ўжо 10-ы год. Яна паведаміла, што адміністрацыйны будынак Ліпаўскага сельсавета да 1967 г. знаходзіўся ў в. Міроненкі. Кіравалі сельсаветам у пасляваенны час: Савасцей Кажадуб, К.А.Буякевіч, Ф.І. Баянкова, Ф.І. Леўчык, А.І. Смольскі, А.І. Кебец, У.Л.Шыкуненка, Е.А. Пікун, В.Г. Прэдкаў.
— Кажуць, кожны кулік сваё балота хваліць, — гаворыць старшыня сельсавета. – А нам, ліпаўцам, сапраўды падабаецца наша вёска, і тым, хто тут нарадзіўся, і тым, хто воляй лёсу апыуўся тут і пусціў свае карані. Нездарма ж адзін з “навалок” – былы настаўнік нямецкай мовы Леанід Васільевіч Барысенка, малой радзімай якога з’яўляюцца Крышычы, напісаў “Гімн Ліпава”, які другі “навалока”- Уладзімір Тачкоў паклаў на музыку, і ў выніку атрымаўся цудоўны 

“Липовский вальс”:
Я иду по вечернему Липову
И любуюсь его красотой,
Как же пахнет чудесно здесь липою,
Как красив здешний парк густой.

Липов, милый мой Липов,
Как же тебя я люблю.
Липов, чудесный мой Липов,
Эту песню тебе я пою.

В парке бродят влюбленные пары
И поют по утрам соловьи,
Где-то слышатся звуки гитары,
Кто-то песню поет о любви.

Липов, милый мой Липов,
Как же тебя я люблю.
Липов, чудесный мой Липов,
Эту песню тебе я пою.

В поле шепчется с ветром пшеница
И, как море, волнуется рожь,
В Липово люди умеют трудиться,
Остается здесь жить молодежь.

Липов, милый мой Липов,
Как же тебя я люблю.
Липов, чудесный мой Липов,
Эту песню тебе я пою.

Я иду по вечернему Липову,
Слышу песни поет молодежь,
Старики отдыхают под липами,
Лучше края нигде не найдешь.

Липов, милый мой Липов,
Как же тебя я люблю.
Липов, чудесный мой Липов,
Эту песню тебе я пою.

Іван Гарыст

Популярные сообщения

Изображение

Именные списки репатриированных граждан СССР прибывших на Винниковский сборно-пересыльный пункт г. Винники (Украина) и отправленных на сборно пересыльный пункт Полесской области (Беларусь) от 31 июля по 11 сентября 1945 года

Изображение

Список советских граждан насильственно угнанных в немецкое рабство в период временной оккупации немцами Юровичского с/совета, Калинковичского района, Полесской области, БССР

Изображение

Акты расследования злодеяний, совершенных немецко-фашистскими захватчиками против советских граждан при оккупации территории Ельского района от 14 декабря 1944 по 14 февраля 1945 гг.