Воротын

Калі рухацца з Калінкавіч на Каплічы, то літаральна перад гэтай вёскай асфальтаваная стужка шашы падзяляецца на два рукавы: правы ідзе далей на Каплічы і Беразнякі, а левы, пакідаючы з правага боку Каплічы, прастуе на Варатын. Так звычайна называюць тры суседнія вёскі немясцовыя жыхары.

Тутэйшыя ж добра ведаюць, што пад агульнай назвай маюцца на ўвазе Дубнякі, што размясціліся з правага боку, перад уездам у цэнтр адкрытага акцыянернага таварыства “Радзіма”, а таксама Ператрутаўскі Варатын, з якім змыкаецца цэнтр гаспадаркі і, зразумела ж, Капліцкі Варатын, які месціцца крыху далей, у напрамку дарогі на Кротаў і Каплічы.

Паміж «сваім» і «чужым» светам

У спадчыну ад мінулых пакаленняў разам з помнікамі старадаўняга дойлідства, руінамі гарадзішчаў і замчышчаў мы атрымалі і ўласныя геаграфічныя назвы – своеасаблівы летапіс сваёй зямлі. Нямецкі філолаг Вільгельм Грым, маючы на ўвазе тапанімную спадчыну, пісаў: “Ёсць больш жывыя сведчанні пра народы, чым косці, дамавіны і зброя, – гэта іх мова”. І сапраўды, тапонімы ў адрозненне ад археалагічных знаходак увасабляюць у сабе моўную (гукавую) памяць пра наша мінулае, што значна павышае іх інфарматыўную каштоўнасць.

Жыхары вёскі Варатын Калінкавіцкага раёна лічаць, як гэта занатавана ў музеі мясцовай школы, што назва іх паселішча ўтварылася ад слова вярніся, бо вакол былі непраходныя балоты.

Толькі гэтае меркаванне памылковае, яно не мае пад сабой ніякага навуковага абгрунтавання.

У Беларусі шмат населеных пунктаў з аднакарэннай назвай: вв. Варот і Варацішча ў Мінскай вобласці, Варацэвічы – у Брэсцкай, Навароцце – у Віцебскай, Прывароцце, Варатынь і Варатыншчына –у Магілёўскай, Варацец, Капліцкі Варатын і Ператрутаўскі Варатын – у Гомельскай вобласці.

Усе назвы гэтых паселішчаў паходзяць ад фетыша вароты. Па ўяўленні нашых старажытных продкаў, фетыш з’яўляўся прадметам, які нібыта надзелены звышнатуральнай магічнай сілай.
Сімволіка варот у традыцыйнай культуры ўсходніх славян вельмі блізкая да ўяўленняў аб ролі дзвярэй у хаце і іншых гаспадарчых пабудовах. Яны сімвалізавалі сакральную мяжу паміж «сваім» і «чужым» светам.

Уваход з вуліцы ў сялянскую сялібу, на двор, элемент мяжы, што аддзяляла “сваю”, асвоеную, тэрыторыю ад вонкавай, чужой, і патэнцыйна небяспечнай. На варотах накрэслівалі крыжы мелам, затыкалі калючыя расліны і вострыя прадметы, зубы ад бараны, дзеля абароны ад чараўніцы вешалі вянок. Каб засцерагчы ад хлеўніка, перад варотамі ставілі жароўню з асінавым палаючым вуголлем. На вароты чарадзеі напускалі свае чары, іх часам намазвалі крывёй альбо малаком, што азначала “ліхі чалавек зачараваў”. Як і чарадзейства, пад вароты адпраўляліся хваробы — “каб вывесці бародаўкі, трэба знайсці ў полі костку, пацерці ёю бародаўкі, а потым пакласці яе пад капец варот”.

У паўсядзённым жыцці вароты былі зачыненымі. І толькі ў выключных выпадках іх пэўны час трымалі адчыненымі: калі ў хату, напрыклад, прыходзіла бяда – паміраў чалавек.

У варотах выконвалі шэраг магічных дзеянняў. Напрыклад, шырока распаўсюджаны звычай у дзень першага выгану хатняй жывёлы на пашу ў варотах класці рытуальныя прадметы, цераз якія жывёла павінна была абавязкова пераступіць. Сярод прадметаў маглі быць: пояс (вечарам ён «прывядзе» скаціну дадому), велікоднае яйка (каб у гэтым годзе быў новы прыплод), замок з ключамі (каб засцерагчы ад ваўкоў), ручнік (каб ведала дарогу дадому), сякера (каб лёгка ацялілася).

У варотах раскладвалі вогнішча з саломы, праз якое павінен быў праехаць вясельны поезд. У двары маладога вароты замыкаліся, перад імі стаяў сноп саломы, прыданка абвязвала сноп поясам з абаранкамі, маладая кідала на сноп булачку хлеба, хросны бацька частаваў гарэлкай хлопцаў, якія толькі пасля гэтага адмыкалі вароты.

Вароты, як і дзверы, асэнсоўваліся як жаночы сімвал. У асабліва цяжкіх выпадках муж парадзіхі прасіў свяшчэнніка адкрыць царскія вароты ў царкве.

Праз вароты давалі хлеб карове перад злучкай, пры першым выгане авечак на вароты вешалі мужчынскія нагавіцы.

Вароты, якія злучалі сялібу з вонкавым светам, адкуль павінен быў з’явіцца суджаны, станавіліся месцам дзявочых варожбаў. Праз вароты кідалі чаравікі з ночваў: калі перакінецца пара – хутка вяселле, калі толькі адзін – трэба яшчэ год чакаць.

Да варот заўсёды было сакральнае стаўленне. Лічылася, што той чалавек, які здымае вароты з завесаў, дапускае вялікі грэх. Разам з тым, калі наступала працяглая засуха, то першым сродкам збавення ад яе быў наступны рытуал: маладыя хлопцы ноччу ўпотай ад усіх павінны былі зняць некалькі варот аднавяскоўцаў і кінуць іх у раку.

Як вароты на той свет у даўнія часы разумеліся і зямля, і неба. У замове ад сурокаў звярталіся да св. Ягорыя: “Адамкні сваімі залатымі ключамі вароты, адкрый сваю залатую рызу, прыбаўляй гасподнія расіцу. І вадзіца – царыца, змываеш жа ты лясы, балоты, жоўтыя пяскі, змый раба божага”. (Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн./С.Санько; склад. І.Клімковіч. — 2-ое выд., дап.-Мн.:Беларусь 2006).

Вось і Капліцкі і Ператрутаўскі Варатын атрымалі сваю назву за тое, што фактычна служылі варотамі з сушы ў балота, у “чужы” і варожы свет, бо балота ў беларусаў заўжды асэнсоўвалася з нечысцю. Людзі казалі: “Дзе балота, там і чорт”.

Калі ж разглядаць структурна-граматычную характарыстыку словаўтварэння гэтых тапонімаў, то “дыферэнты ў састаўных варыянтах характарызуюць тапонім у розных аспектах: Капліцкі Варатын — Малы Варатын, Ператрутаўскі Варатын — Вялікі Варатын (месцаразмяшчэнне каля бліжэйшых айконімаў і памер)”. (Багамольнікава Н.А. Тапанімія Гомельшчыны: структурна семантычная характарыстыка / Навук. рэд. А.А. Станкевіч. Гомель, 2008).

Капліцкі Варатын – таму што адносіўся да маёнтка Каплічы. Ператрутаўскі Варатын – таму што належаў маёнтку Ператрутавічы, які размяшчаўся паблізу Савіч.

Што датычыць назвы вёскі Дубнякі, то тут, відаць, асаблівых тлумачэнняў не патрабуецца. Мяркуючы па месцы размяшчэння вёскі, няцяжка ўявіць, што некалькі стагоддзяў назад на гэтым месцы знаходзілася пясчаная выспа, пакрытая дубнякамі, якая ўзвышалася сярод акаляючых яе балотных багнаў. Людзі, зразумела, спачатку назву Дубнякі далі гэтаму востраву, а затым, калі тут пасяліліся першыя жыхары, замацавалі гэтую назву і за новым паселішчам.

Засцянкоўцы

Па пісьмовых крыніцах Дубнякі і Ператрутаўскі Варатын, як сведчыць энцыклапедычны даведнік “Гарады і вёскі Беларусі” (Мн., “Беларуская энцыклапедыя”, 2002), вядомы з 19 ст. як вёскі ў Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні, а Капліцкі Варатын – як засценак.

У той жа час у 1924 г., як сведчаць пратаколы пасяджэнняў узгадняльных камісій Рэчыцкага і Мазырскага паветаў ад 20 лютага 1924 г. аб перадачы Крукавіцкай (Савіцкай) воласці Рэчыцкага павета са складу РСФСР у склад БССР, “Варатынь Вялікі (чытай — Ператрутаўскі – І.Г.) і Варатынь Капліцкі” называліся засценкамі. А засценкам, як вядома, называлі ворныя і сенакосныя землі, якія апынуліся па-за межамі сялянскіх надзелаў пасля “Уставы на валокі” 1557 г. альбо паселішча хутарскога тыпу дробнай шляхты, якая арандавала гэтыя землі. (Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т.4. Мн., 1971. с.521).

На ваенна-тапаграфічнай карце Расійскай імперыі Ф.Ф.Шуберта здымання 1846-1863 гг. населены пункт Дубнякі пазначаны як засценак, а Капліцкі і Ператрутаўскі Варатын, як ваколіцы: Вялікі і Малы Варатынь.

Тут таксама трэба крыху патлумачыць. Справа ў тым, што тэрмін ваколіца азначаў у тыя часы тып сельскага паселішча, абнесенага агароджаю і размешчанага непадалёк ад больш буйной вёскі. У ваколіцах звычайна сялілася шляхта, чым падкрэслівалася станавае адрозненне.

Ваколіцы ўзніклі разам з засценкамі ў выніку валочнай рэформы 1557 г. Па правядзенні парцэляцыі вылучаных пад вёскі плошчаў асобныя зямельныя надзелы паміж межамі (сценкамі) палеткаў пачалі здаваць дробнай шляхце і служыламу люду. (Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. с. 22).

“Ваколіца была важнай мяжой, якая падзяляе свет чалавека і свет прыроды, арганізаваную прастору і прастору, якая належыць стыхіям. Калі ўнутры вёскі гаспадаром з’яўляецца чалавек, то за ваколіцай поўнаўладнымі гаспадарамі з’яўляюцца духі палёў, лугоў, лясоў, рэк, ручаёў, дрэў, якія стаяць асобна, відаў раслін, камянёў і г. д. Ваколіца — мяжа не толькі для чалавека і хатняй жыўнасці, але і існуючая нябачная перашкода. Варожыя чалавеку істоты і сілы перайсці яе не могуць.

У славян існаваў абрад, падчас якога сахой праводзяць замкнёную баразну вакол вёскі як у прафілактычных мэтах для абароны ад заразных хвароб (асабліва ад чумы і халеры), мору жывёлы, дэманаў і стыхійных бедстваў, так і ў ачышчальных і адгонных мэтах — для спынення эпідэміі і эпізаотыі і выгнання хваробы за межы абворанай прасторы.

На Вялікую Суботу яшчэ ў XX стагоддзі ў некаторых вёсках Беларусі выконваўся абрад, які дайшоў з сівой даўніны: 12 дзяўчат, апрануўшы белыя кашулі, бралі саху і з малітваю праводзілі ёю баразну вакол вёскі — гэтым хацелі як бы адгарадзіцца ад усяго ліхога на цэлы год”. (Васілевіч Ул. А. Беларускі народны каляндар (белор.) // Паэзія беларускага земляробчага календара. Склад. Ліс А. С. — Мн., 1992. — с. 554-612).

У Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін (польскай энцыклапедыі ў 15 тамах), які пачаў выдавацца ў 1880 г., пра Варатын сказана наступнае: ”Варатынь, ваколіца, якая размясцілася ў балоцістай даліне рэчкі Трэмля, Крукавіцкай воласці, Рэчыцкага павета, у 130 вярстах ад Рэчыцы. В. Капліцкі належыць маёнтку Каплічы пана Навакоўскага. В. Ператрутаўскі належыць маёнтку Ператрутавічы пана Венцлавовіча”. (Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. XIII, Warszawa : nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1880-1914. С. 959).

Землеўладальнік Венцлавовіч меў у гэтых мясцінах у той час 8607 дзесяцін зямлі, карчму і вятрак. А ў 1894 г. у Ператрутаўскім Варатыне пачала працаваць панская вінакурня.

У адпаведнасці з першым усеагульным перапісам насельніцтва Расійскай імперыі, які быў праведзены 28 студзеня (9 лютага) 1897 г., у Дубняках у 26 дварах пражывала 180 жыхароў; у Ператрутавіцкім Варатыне (так тады была запісана назва вёскі – І.Г.) – у 26 дварах 164 жыхары; у Капліцкім Варатыне — у 22 дварах 163 жыхары.

У 1909 г. у Ператрутаўскім Варатыне ў 34 дварах пражывала ўжо 204 жыхары. А ў Дубняках у 30 дварах — 183 жыхары. (Гарады і вёскі Беларусі. Кніга I. Мн. “Беларуская энцыклапедыя”. 2004. сс. 546,552, 567).

Згодна “Описанию церквей и приходов Минской Епархии. Речицкий уезд” (Мн., 1879) Дубнякі і Капліцкі Варатын былі прыпісаны да Колкаўскага царкоўнага прыходу Нараджэння Божай Маці.

Заплацілі жыццём

Вясной 1917 г., калі адгалоскі Лютаўскай рэвалюцыі дакаціліся з горада ў вёску, на Палессі пачаліся захопы зямлі сялянамі. У вёску пачалі вяртацца салдаты, якія да гэтага часу пачалі натоўпамі дэзерціраваць з арміі, імкнучыся як мага хутчэй прыняць удзел у гэтых захопах.

Аднак, гэтай праблемы для варатынцаў і дубнякоўцаў не існавала. Многія з іх да гэтага часу выкупілі свае палоскі зямлі ў паноў, а іншыя гадамі арандавалі надзелы, і на іх ніхто не квапіўся. Вёскі насялялі нашчадкі дробных шляхціцаў, якія перасяліліся сюды з Усходніх Крэсаў. Так у польскай гістарыяграфіі называюцца беларускія, украінскія і літоўскія землі, што часова апынуліся ў складзе польскай дзяржавы II Рэчы Паспалітай. У беларускай гістарыяграфіі гэтыя тэрыторыі вызначаюцца як Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. (Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с.)

Добрае спачатку стаўленне сялян да савецкай улады моцна сапсавалі харчразвёрсткі, уведзеныя ў час Грамадзянскай вайны, якая пачалася ў сярэдзіне 1918 г. і працягвалася да канца 1920 г. Як чырвоныя, так і белыя ў гэты перыяд рэквізавалі збожжа ў сялян, часцяком падчыстую. Праўда, вяскоўцы лічылі чырвоных меншым злом, бо баяліся, што белыя ў выпадку перамогі адновяць у правах беглых памешчыкаў і вернуць ім землі.Вясной 1919 г. на агульным сельскім сходзе жыхароў вёсак Дубнякі, Ператрутаўскі і Капліцкі Варатын быў створаны Варатынскі сельскі савет, які адміністрацыйна ўвайшоў у склад Крукавіцкай воласці Рэчыцкага павета Гомельскай губерні РСФСР. Хата, дзе размясціўся сельсавет, знаходзілася ў Капліцкім Варатыне. Хто стаяў на чале сельсавета ў Варатыне ў той час, высветліць не ўдалося, а вось як сведчаць архіўныя дакументы, старшынёй Варатынскага сельсавета на пачатку 1923 г. быў Гавароўскі Міхаіл, а сакратаром – Ляўковіч Пётр, якога ў хуткім часе замянілі на Валатковіча Івана. Гэтыя сельскія актывісты кіравалі сельсавецкімі справамі да лістапада 1923 г. (Установа “Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыры” (УЗДАМ). ф. 235, воп. 1, с.4, л.6- 8).

У пачатку 1921 г., калі ў краіне панавала эканамічная разруха, савецкая ўлада вымушана была пайсці на значныя ўступкі сялянам: харчовую развёрстку замянілі фіксаваным харчовым падаткам, зноў адкрылі рынкі, якія былі зачынены ў эпоху ваеннага камунізму. Гэтая палітыка атрымала назву «новай эканамічнай палітыкі» (НЭП), і праіснавала да канца 20-х гг., да пачатку калектывізацыі.

Харчовы падатак, які ўвялі ў пачатку НЭПа, а затым перайменавалі ў сельгаспадатак, з’яўляўся галоўнай крыніцай дзяржаўнага даходу. Таму ўлады ішлі на крайнія меры дзеля спагнання грошай з сялянства. Аб гэтым, напрыклад, яскрава сведчыць вось гэты загад, які быў адрасаваны начальнікам міліцыі Рэчыцкага павета старшаму міліцыянеру Крукавіцкага валвыканкама Юшчанка Мікалаю:

“Паколькі Рэчыцкі павет адстаў у выкананні харчовага падатку

ЗАГАДВАЮ

прыняць самыя энергічныя меры да збору апошняга. Старшаму міліцыянеру асабіста альбо цераз падначаленых аказваць шырокую дапамогу валінспектару па харчоваму падатку. Грамадзян, якія не выканалі харчпадатак ,арыштоўваць і перадаваць суду – Выяздной сесіі па харчовых справах. Харчовая кампанія павінна поўнасцю быць закончана да 1-га лютага, і калі яна па Вашай воласці не будзе закончана, то вы будзеце перададзены суду”. (УЗДАМ. ф. 179, воп. 1, с.1).

І хаця сельгаспадатак быў дыферэнцыраваны: заможныя сяляне, ці, як іх называлі – кулакі, плацілі больш, а невялікая група самых бедных сялян вызвалялася ад падатку наогул, ён цяжкай ношай клаўся на асноўную большасць сялян, многія з якіх звярталіся ва ўладныя органы з просьбай вызваліць іх ад падаткаў. Вось як, напрыклад, зрабіў гэта 20 красавіка 1923 г. селянін Ператрутаўскага Варатына Крукоўскі Іван Васільевіч, які напісаў у Крукавіцкі валвыканкам наступную заяву:

“Прашу Крукавіцкі валвыканкам зняць з мяне з уліку каня, на якога налічваецца гужпадатак, так як конь сляпы на абодва вокі і зусім не прыдатны для працы. Паколькі ў воласці адсутнічае камісія, каб агледзець каня, а завесці яго ў Даманавічы немагчыма, прашу даць распараджэнне аб вызваленні мяне ад гужавога падатку”.

У валвыканкам паступіла і хадайніцтва з Варатынскага сельсавета:

“Варатынскі сельсавет у сваю чаргу хадайнічае аб вызваленні каня Крукоўскага, як сляпога на абодва вокі, і няздольнага адбываць гужпавіннасць.

Старшыня сельсавета М.Гавароўскі

Сакратар сельсавета П.Ляўковіч”.

(УЗДАМ. ф. 235, воп. 1, с.4, л.8).

З просьбай аб скасаванні падаткаў у Крукавіцкі валвыканкам звярталіся і іншыя жыхары Варатынскага сельсавета. Толькі не ўсе іх просьбы былі задаволены. Пашчасціла, напрыклад, жыхарам вёскі Капліцкі Варатын Тарасевічу П.І. і Параховічу М.М., якія рашэннем валасной камісіі па разгляду скаргаў былі поўнасцю вызвалены ад грашовага падворнага падатку.

Крыху менш пашчасціла сялянам вёскі Ператрутаўскі Варатын Гавароўскаму Міхаілу Іосіфавічу і Мельніку Сяргею Сяргеевічу, і жыхару Дубнякоў Данцу Фаме Сямёнавічу, якім рашэннем камісіі валвыканкама ад 21 снежня 1923 г. памер падворнага падатку быў зменшаны на 50 %.

А вось жыхарам Ператрутаўскага Варатына: Тарасевіч Ефрасінні Мартынаўне, Валатковіч Ульяне Андрэеўне, Валатковічу Фёдару В., Юркевічу Рыгору Н., Гурыновічу Пятру Я., Некрашэвічу Стэфану Л., Гурыновічу Івану П., Сеўруку Аляксандру Я., Корбуту Мікалаю І., Валатковічу Стэфану Цімафеевічу, Корбуту Аляксандру Мікалаевічу, Валатковічу Дзмітрыю Сц., Ляўковічу Ульяну Андрэевічу, Ліпскаму Івану Мартынавічу, Валатковічу Іларыёну, Сеўруку Іосіфу Пятровічу, Тарасевічу Феадосію С., Гурыновічу Міхаілу П., Крукоўскаму Івану Васільевічу, Корбуту Трафіму Іванавічу, Гавароўскаму Іосіфу Якаўлевічу, Валатковічу Пятру Цімафеевічу, Юркевічу Міхаілу Мікалаевічу, Гавароўскаму Міхаілу І., Быкоўскаму Васілю Ан., Тарасевічу Івану Фёдаравічу, Гурыновічу Івану Паўлавічу, Гоцка Андрэю Фёдаравічу, Чыркоўскаму Мікалаю Ануфрыевічу, Асташкевічу Казіміру К., Мельніку Сяргею Сяргеевічу, Сяўрук Соф’і Сям., Сеўруку Івану Мікалаевічу, Арэстовічу Рыгору Іванавічу і Тарасевіч Ефрасінні Мар. поўнасцю адмовілі.

Без задавальнення засталіся і просьбы жыхароў Дубнякоў: Перагуда Афанасія Пятровіча і Перагуда Стэфана Пятровіча; Касцюкевіча Івана, Пігулеўскага Афанасія і іншых жыхароў вёскі Капліцкі Варатын. (УЗДАМ. ф. 235, воп. 1, с.4, лл. 3 — 4,8).

З пачаткам правядзення новай эканамічнай палітыкі ў вёсках пачалося стварэнне сялянскіх камітэтаў грамадскай узаемадапамогі. Дэкрэтам СНК РСФСР ад 14 мая 1921 г. перад гэтымі камітэтамі ставілася задача, абапіраючыся на супольныя традыцыі, перанесці на саміх сялян рашэнне іх праблем сацыяльнага забеспячэння, у тым ліку — аказанне падтрымкі эканамічна слабым гаспадаркам сялян, інвалідам, удовам, сіротам і сем’ям чырвонаармейцаў.

Так, 4 ліпеня 1922 г. Рэчыцкі павятовы аддзел сацыяльнага забеспячэння цераз Крукавіцкі валвыканкам даслаў у Варатынскі сельсавет цыркуляр, якім загадвалася: “… неадкладна з атрыманнем сяго выбраць валкамітэт грамадскай узаемадапамогі, згодна інструкцыі па арганізацыі камітэтаў, так як сельскія камітэты без кіруючага органа, якім з’яўляецца валкамітэт, працаваць не могуць”. (УЗДАМ. ф. 236, воп. 1, с.11, л.2).

Распараджэнне павятовага камітэта аб стварэнні сялянскага камітэта ўзаемадапамогі варатынцамі і дубнякоўцамі было выканана. 29 красавіка 1923 г. на валасны з’езд Крукавіцкай воласці для выбрання валаснога камітэта сялянскай грамадскай узаемадапамогі разам з прадстаўнікамі іншых сельсаветаў прыбылі старшыня Варатынскага камітэта ўзаемадапамогі Гавароўскі Адам Лукіч і член гэтага камітэта Тарасевіч Міхаіл Фёдаравіч. (УЗДАМ. ф. 235, воп. 1, с.4, л.9).

Тым часам цэнтральная ўлада паведамляла аб паслабленнях і ільготах, якія прадастаўляліся камітэтам грамадскай узаемадапамогі. Так, у сакавіку 1922 г. у Варатынскі сельсавет быў дасланы цыркуляр, якім паведамлялася: “Дэкрэтам Саўнаркама НКЗема ад 5 студзеня 1922 г., а таксама Пастановамі Губвыканкама, Губсабеса і Гублес-пададдзела прадугледжваецца льготны водпуск лесаматэрыялу гаспадаркам пагарэльцаў, сем’ям чырвонаармейцаў і інвалідам.

Пастановай Гублеспададдзела па ўзгадненню з Губсабесам памер скідкі вызначан максімальна ў 50 % кошту драўніны.

Для ўказанага льготнага водпуску браніруюцца наступныя фонды: 15% ад усёй гадавой лесасекі для пагарэльцаў і 7% — для чырвонаармейцаў”. (УЗДАМ. ф. 235, воп. 1, с.4, л.4).

А 8 красавіка 1923 г. прый-шла дэпеша наступнага зместу: “Даводзіцца да ведама, што Цэнтральным Сялянскім Камітэтам Грамадскай Узаемадапамогі і пры Н.К.С.З. у Саўнаркам унесены праект аб вызваленні ад харчовага падатку зямель, якія заараны для ўтварэння фонда камітэта грамадскай узаемадапамогі, які хутка будзе дазволены ў Саўнаркаме”. (УЗДАМ. ф. 235, воп. 1, с.4, л.2).

Згодна Палажэння УЦВК і СНК РСФСР «Аб таварыствах узаемадапамогі» ад 25.9.1924 г. камітэты грамадскай узаемадапамогі былі ператвораны ў сялянскія таварыствы ўзаемадапамогі (СТУ). Адпаведна Палажэнню, усе жыхары паселішчаў, якія не былі пазбаўлены грамадзянскіх правоў, станавіліся членамі СТУ і былі абавязаныя прымаць удзел у іх дзейнасці.

СТУ, як і ўсім іншым сельскім арганізацыям, ставілася ў абавязак развіваць калектывісцкі рух у гаспадарчай дзейнасці сялян.

У пачатку 20-х гг. мінулага стагоддзя ў сельскай мясцовасці абвастрыўся шэраг праблем: самавольныя лесапарубкі, пажары, дэзертырства і бандытызм. І калі з першымі двумя праблемамі ўлады знаходзілі магчымасць неяк справіцца, то з двумя апошнімі прыйшлося змагацца вельмі доўга. Як вядома, у перыяд Грамадзянскай вайны Чырвоная і Белая арміі рэгулярна праводзілі мабілізацыі, у тым ліку і прымусовыя. Многія сяляне, асноўным жаданнем якіх было вярнуцца дадому, у сваю вёску, не хацелі ваяваць. Пры першым жа зручным выпадку яны беглі з фронту і хаваліся ў лесе, паблізу родных хат, дзе ім дапамагалі блізкія і родныя, аднавяскоўцы, якія не толькі забяспечвалі іх хлебам, але і пастаянна забяспечвалі інфармацыяй аб падзеях, якія адбываюцца наўкола, папярэджвалі аб палітычнай абстаноўцы, аб падрыхтоўцы аблаў і г. д.

І што характэрна, нават, прад-стаўнікі ўлады закрывалі вочы на прысутнасць дэзерціраў, аб чым сведчыць гэты дакумент, які паступіў у пачатку снежня 1921 г. у Крукавіцкі валвыканкам ад павятовага ваеннага камісара Апанасенкі:

“Нягледзечы на ўсе раней аддадзеныя загады і распараджэнні, на прадпрыемствах, ва ўстановах, гаспадарках і самаабароне пад рознымі падставамі працягваюць утрымлівацца дэзерціры. У той жа час загадчыкі ваенных аддзелаў і начальнікі міліцыі адносяцца да гэтай з’явы пасіўна, не прымаюць рашучых мер да выкаранення дызерцірства.

У мэтах выкаранення ў павеце дызерцірства ЗАГАДВАЮ:

Неадкладна вызваліць з работ і самаабарон і накіраваць у Паветваенкамат усіх, хто нарадзіўся ў 1899 і 1900 гг., і хто не карыстаецца законнай адтэрміноўкай ад службы ў Чырвонай Арміі. Вызваленню падлягаюць таксама і тыя асобы, у адносінах да якіх узбуджана хадайніцтва аб адтэрміноўцы і на працягу месяца не атрымана ніякага адказу.

Усе асобы, пагодкі якіх дэмабілізаваны, але не маюць на руках пасведчання аб звальненні іх у безтэрміновы водпуск і не ўзятыя на ўлік, з’яўляюцца таксама дэзерцірамі і падлягаюць адпраўцы ў Паветваенкамат для перадачы іх суду, як дэзерціраў, якія ўхіляюцца ад уліку.

Загадчыкам валваенаддзелаў і начальнікам міліцыі неадкладна прыступіць да выканання гэтага цыркуляра. У выпадку выяўлення дэзерціраў у якой-небудзь установе ці гаспадарцы арыштоўваць і адказную асобу як укрывальніка, па віне якога ўтрымліваўся дэзерцір па службе”.
Пасля заканчэння Грама-дзянскай вайны дэзерцірства да таго ж вылілася яшчэ і ў праблему бандытызму. Гэта праявілася ў серыі нападаў на мірных жыхароў, а дзе-нідзе і ў замахах на савецкую ўладу.

22 лютага 1922 г. па Рэчыцкаму Павятоваму Баявому ўчастку па барацьбе з бандытызмам быў выдадзен Загад № 6:

“Пры сім аб’яўляю загад ад Гомельскага Губернскага Выканкама 20 лютага 22 года № 8, гор. Гомель: Аб’яўленая па губерні добраахвотная яўка бандытаў з 1-га па 10-е лютага г.г. не дала пэўных вынікаў. Ёсць яшчэ асобныя ўпартыя блукальшчыкі па лесе, не жадаючыя добраахвотна пакаяцца ў сваіх грахах, а таму Губернскі Выканаўчы Камітэт у сувязі са святкаваннем чатырохгадовай гадавіны стварэння рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, якая перамагла ўсіх сваіх адкрытых ворагаў на знешніх франтах і ліквідаваўшая ўнутраную контррэвалюцыю ў выглядзе хаваўшагася па кутках і лясах бандытызму, ідучы насустрач частцы падманутага сялянства, якая жадае зноў вярнуцца да мірнай працы, але баіцца кары Савецкай Улады, і на падставе загада паўнамоцнага камісіі Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта па барацьбе з бандытызмам на заходнім фронце ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Аб’явіць добраахвотную яўку бандытаў па ўсёй Гомельскай губерні з 23 лютага па 10-е сакавіка 1922 г.

2. Усім бандытам, якія з’явяцца на працягу гэтага часу ў бліжэйшыя пункты Міліцыі і Паветваенкаматы і здадуць добраахвотна ўсю зброю, што ёсць у іх на руках,гарантуецца жыццё.

3. З цвёрдым усведамленнем сваёй моцы Савецкая Ўлада заяўляе, што здолее справіцца гэтак жа сурова, як яна і дагэтуль спраўлялася са ўсімі ворагамі Рабоча-Сялянскай улады.

Сапраўдны падпісалі:

Намеснік старшыні Губернскага Выканаўчага камітэта Я. Элькінд, Губернскі Ваен. Камісар Дубіна, Старшыня Губернскай Надзвычайнай Камісіі Данілеўскі”.

У барацьбе з бандытызмам савецкая ўлада вымушана была ісці на самыя жорсткія меры. Так, у пачатку красавіка 1923 г. у Варатынскі сельсавет паступіў Загад № 13 ад 31 сакавіка 1923 г., падпісаны старшынёй Рэчыцкага павятовага выканкама Індэнбаумам:

“Пастановай УЦВК ад 16 кастрычніка 1922 года да ўсіх асоб, якія затрыманы на месцы злачынства са зброяй у руках, прымяняецца вышэйшая мера пакарання.

Прымаючы да ўвагі выпадкі ўзброеных нападаў і выпадкі выяўлення пры вобысках у грамадзян як халоднай, так і агнястрэльнай зброі, а таксама ўлічваючы, што многія грама-дзяне ўтрымліваюць зброю не для ліхой справы, у асаблівасці ў вёсках, а па несвядомасці, і што зараз з выданнем УЦВК вышэй названая пастанова падвяргае іх небяспецы прымянення да іх вышэйшай меры пакарання,
ПАВВЫКАНКАМ ЗАГАДВАЕ:

1. Усім без выключэння грамадзянам, якія не маюць дазволу ад Дзяржпалітупраўлення на права нашэння і захоўвання агнястрэльнай і халоднай зброі, як-то: рэвальвераў,вінтовак, шашак, пік, штыкоў, патронаў да зброі і інш., здаць у двухтыднёвы тэрмін у органы міліцыі.

Заўвага: Паляўнічыя ружжы здачы не падлягаюць, але яны павінны быць зарэгістраваны ў мясцовых саюзах паляўнічых і нумар зброі павінен быць унесены ў паляўнічы білет.

7. Усіх, у каго, па завяршэнні ўказанага тэрміна ў п.1 гэтага загада, будзе выяўлена якая-небудзь зброя, ці патроны да яе, без дазволу органаў Дзяржпалітупраўлення на права нашэння і захоўвання агнястрэльнай і халоднай зброі, Міліцыі арыштоўваць і прыцягваць да адказнасці. Пры чым , да злосных укрывальнікаў зброі, згодна загаду Губвыканкама ад 23/II г.г. за № 6 Губаддзел ГПУ будзе прымяняць высылку за межы губерні ў адміністрацыйным парадку, альбо заключаць у канцэнтрацыйны лагер да 3-х гадоў, а да тых, хто акажа супраціўленне, прыменяць вышэйшую меру пакарання”.

20-я гг. мінулага стагоддзя былі перыядам найскладанейшых выпрабаванняў як для вёскі, так і для дзяржавы ў цэлым. Сведчаннем таму служыць яшчэ адзін дакумент, які паступіў 2 сакавіка 1922 г. у Варатынскі сельсавет з Крукавіч. Гэта быў Загад № 196 Упаўнаважанага Гомельскага Губвыканкама і Рэчыцкага Паввыканкама па правядзенні працоўнага гужавога падатку па Рэчыцкаму павету ад 28 лютага 1922 г.:

“Уся Рэспубліка, якая моцна пацярпела ад неўражаю, засталася на сёння без паліва. На чыгунцы затрымліваецца рух цягнікоў, а таму затрымліваецца падвоз харчавання арміі і Паволжу. Прыпыняецца работа на заводах. Становішча можна змяніць толькі шляхам энергічнай працы ўсіх грамадзян, якія павінны выканаць працоўны гужавы падатак па норме, даведзенай на кожнага грамадзяніна, да 10 сакавіка.Усякі, хто ў гэты момант паспрабуе ўхіліцца дапамагчы рэспубліцы сваёй працай, будзе разглядацца як недабразычлівец і яе вораг. Таму будзе падлягаць самай суровай меры пакарання.

<…>1. Тых, хто ўхіляецца ад выканання працоўнага гужавога падатку, падвяргаць адміністрацыйнаму спагнанню аж да арышту. Калі спатрэбіцца, то падвяргаць КАНФІСКАЦЫІ КАНЯ З ВУПРАЖЖУ для таго, каб перадаць яго сялянам іншых вёсак, абавязаўшы іх у сваю чаргу выканаць гужавы падатак і за сябе, і за тых, хто ўхіляецца.Такія канфіскацыі падцвярджаць у сутачны тэрмін Выязной Сесіі Рэўтрыбунала.

2.Дапушчаныя расхлябанасць і мяккацеласць з боку адказных паўнамоцных на раёне будуць лічыцца віной і пасобніцтвам разгільдзяйству.

<…>Ніякіх адтэрміновак выканання не будзе.

Упаўнаважаны Гомельскага Губвыканкама і Рэчыцкага Паввыканкама Валадзько”. (УЗДАМ. ф. 179, воп. 1, с.1).

…Кажуць, што час самы лепшы лекар, ён не толькі пераадольвае хваробы, але і робіць чалавечае жыццё лепшым, выкараняе ў ім горшае і дае надзею на светлую будучыню. Так было і ў тыя гады. Новая ўлада моцна ўзяла справу ў свае рукі, ліквідавала як знешніх, так і ўнутраных ворагаў, ушчыльную занялася адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай.

На падставе Пастановы Прэзідыума УЦВК “Аб абрысах межаў і адміністрацыйным дзяленні Гомельскай губерні” № 25 ад 9 мая 1923 г., Крукавіцкая воласць была ліквідавана, а яе тэрыторыю ўключылі ў склад Савіцкай воласці. Так Варатынскі сельсавет перайшоў пад юрысдыкцыю Савіцкай воласці.

У ходзе чарговых перавыбараў, якія адбыліся ў лістападзе 1923 г., старшынёй Варатынскага сельсавета стаў Перагуд Стэфан, а сакратаром – Шулякоўскі Якаў. Яны займалі свае пасады аж да ліпеня 1924 г. (УЗДАМ. ф. 235, воп. 1, с.4, л.29).

У 1924 г. у адпаведнасці з Пастановай I сесіі Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта II склікання “Аб перадачы Беларусі раёнаў з большасцю беларускага насельніцтва” са складу РСФСР у склад БССР з шэрагам іншых была перададзена і Савіцкая воласць. Больш таго, у адпаведнасці з гэтай пастановай сельскія саветы Савіцкай воласці былі перададзены са складу Рэчыцкага ў Мазырскі павет. (Административно-территориальное устройство БССР. Справочник в 2-х томах. Т.1 (1917-1941 гг.). Минск. «Беларусь».1985, с. 37- 39).

На той момант, як сведчаць пратаколы пасяджэнняў узгадняльных камісій Рэчыцкага і Мазырскага паветаў ад 20 лютага 1924 г. аб перадачы Крукавіцкай (Савіцкай) воласці Рэчыцкага павета са складу РСФСР у склад БССР, у Дубняках налічвалася 50 падворкаў, у якіх пражывалі 277 жыхароў; у Капліцкім Варатыне на 22 падворках -126 грамадзян абодвух палоў; у Ператрутаўскім Варатыне на 51 падворку – 243 насельнікі. (УЗДАМ. ф. 60, воп. 1, с.326, л. 81).

У адпаведнасці з рэформай адміністрацыйна-тэрыта-рыяльнай сістэмы адбылося і ўзбуйненне сельскіх саветаў. Варатынскі сельсавет быў ліквідаваны, а яго вёскі былі далучаны да Капліцкага сельсавета, у які, акрамя Дубнякоў, Малой і Вялікай Варатыні, увай-шло сяло Каплічы (99 гаспадарак, 586 жыхароў), вёска Пескі (60 і 360 — адпаведна), хутары: Каплічы (19/84); Сетаўка (2 гасп.), Уладзіміраўка (5 гасп.),Таруша (8 гасп.), у якіх пражывала 63 жыхары; вёска Кротаў (145/776); хутары: Залоззе (3 гасп.), Лютыя Косці ( (7 гасп.) і Пагібелька ( (4 гасп.), у якіх пражывала 107 жыхароў. (УЗДАМ. ф. 60, воп. 1, с. 56, л. 34).

Старшынёй Каплічскага сельсавета на той час быў Стрэльчанка Васіль, а сакратаром — Лісюк Канстанцін. (УЗДАМ. ф. 60, воп. 7, с.51, л. 127-142).

Паколькі Дубнякі, Капліцкі і Ператрутаўскі Варатын знахо-дзіліся ў самай глыбінцы, да якой не так проста было дабрацца праз лясы і балоты з так званых “цэнтраў”, то жыхары гэтых вёсак, якія паходзілі, як сказана ўжо вышэй, з дробных шляхціцаў, па старадаўняй сялянскай звычцы працавалі на палосках сваёй зямлі, багата палітай імі ўласнымі потам і крывёю, здабывалі свой харч у навакольных лясах і балотах. Жылі па большай частцы не багата, але і не бедна. Былі сярод сялян і добрыя гаспадары. Адмовіцца ад уласнай дзесяціны для большасці з іх было смерці падобна. А таму многія дубнякоўцы і варатынцы знайшлі сваю заўчасную смерць у 30-я гады мінулага стагоддзя ў сталінскіх засценках, так і не прыняўшы ва ўласную душу калгаснага ладу.

Першымі ў сакавіку 1933 г. былі рэпрэсіраваны і расстраляны жыхары Дубнякоў бацька і сын Гатальскія: Іосіф Іванавіч, 1873 г.н., і Васіль Іосіфавіч, 1906 г.н.

У 1937 г. былі расстраляны варатынцы: Гурыновіч Іосіф Якаўлевіч. 1889 г.н., Корбут Ніканор Сцяпанавіч, 1888 г.н., Ліпскі Вікенцій Іванавіч, 1899 г.н.; дубнякоўцы: Валатковіч Тарас Іосіфавіч, 1879 г.н., Янтоўскі Аляксандр Мацвеевіч, 1907 г.н.

У 1938 г. вышэйшай меры пакарання за нязгоду з калгасным ладам былі падвергнуты сяляне з Дубнякоў: Гавароўскі Мікалай Іосіфавіч, 1890 г.н., Крукоўскі Адам Андрэевіч, 1891 г.н, Гавароўскі Арсен Карлавіч, 1891 г.н., Янтоўскі Мацвей Мацвеевіч, 1891 г.н, Перагуд Сцяпан Пятровіч, 1891 г.н, Гавароўскі Адам Лук’янавіч, 1893 г.н., Рудакоўскі Мікалай Дзмітрыевіч, 1893 г.н., Гавароўскі Андрэй Карлавіч, 1894 г.н., Перагуд Агафон Пятровіч, 1898 г.н., Шулякоўскі Андрэй Фаміч, 1898 г.н., Суботка Мікалай Лявонавіч, 1900 г.н., Янтоўскі Рыгор Іосіфавіч, 1900 г.н.

У гэты ж год ахвярамі сталінскіх рэпрэсій сталі і жыхары Варатына: Багдановіч Канстанцін Мітрафанавіч, 1902 г.н., Багдановіч Мікіта Кірэевіч, 1872 г.н., Корбут Адам Гаўрылавіч, 1903 г.н., Мазуркевіч Васіль Фёдаравіч, 1897 г.н., Пігулеўскі Мікалай Іларыёнавіч, 1901 г.н., Рудакоўскі Мікалай Іларыёнавіч, 1900 г.н., Рудакоўскі Фёдар Іларыёнавіч, 1898 г.н., Тарасевіч Адам Паўлавіч, 1901 г.н., Юркевіч Міхаіл Піліпавіч, 1899 г.н. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”. 1999. с. 188).

Жыццём заплацілі дубнякоўцы і варатынцы за сваё нежаданне разлучыцца з уласным дабром, якое гадамі зараблялася крывавым потам і мазалём, і ўступіць у калгасы.

А яны ўсё роўна былі створаны ў 1930 г .: у Дубняках – калгас імя К.Я.Варашылава, у Ператрутаўскім і Капліцкім Варатыне – “Шлях Сталіна”.

З кагорты адважных

У пагаспадарчых кнігах вёсак Дубнякі, Капліцкі і Ператрутаўскі Варатын Капліцкага сельсавета Даманавіцкага раёна Палескай вобласці за 1944-46 гг., якія захоўваюцца ў занальным дзяржаўным архіве г. Мазыра (УЗДАМ. ф. 1239, воп. 1, с.2) запісаны ўсе жыхары гэтых паселішч таго часу, а таксама тыя члены сямей, якія знаходзіліся ў Чырвонай Арміі. У некаторых сем’ях па два, а то і па тры чалавекі біліся з акупантамі, здабываючы Перамогу на франтах і ў партызанскіх атрадах.

Многія з іх былі прызваны на фронт у першыя ж дні вайны. Многія зведалі адступленне, акружэнне і, прайшоўшы праз крывавыя выпрабаванні, вярнуліся ў 1941 г. дамоў, затым пайшлі ў партызаны.
Ураджэнец вёскі Кротаў Уладзімір Цімашэнка ў 2007 г. надрукаваў у раённай газеце ў артыкуле пад назвай “Они верили в Победу” свае ўспаміны пра арганізацыю падпольнай і партызанскай барацьбы ў варатынскім асяродку:

“Ішоў 1942 год. Стаяў халодны студзень. Лінія фронту праходзіла далёка на ўсходзе. Адборныя нямецка-фашысцкія часці стаялі ля Масквы. Беларусь была акупіравана. І тут, у тыле ворага, на тэрыторыі Акцябрскага і Даманавіцкага раёнаў акупанты ўстанавілі свае парадкі.

Між тым, мірнае насельніцтва вёсак і сёл падзялілася на два лагеры. Адны быццам бы падтрымлівалі савецкую ўладу і былі супраць акупацыі, другія пакорліва прынялі нямецкія парадкі і падпарадкоўваліся новым уладам. Большасць насельніцтва займала нейтральную пазіцыю.

Актыўнымі памочнікамі ворага сталі паліцаі. Іх гарнізоны кватэравалі ў буйных населеных пунктах. Яны фарміраваліся з ліку мясцовых добраахвотнікаў, дэзерціраў, ваеннапалонных і раней асуджаных. Такія паліцэйскія гарнізоны былі створаны ў Крукавічах, Беразняках, Навасёлках, Азарычах.

Ім у процівагу з ліку мясцовых савецкіх і партыйных работнікаў, байцоў Чырвонай Арміі-акружэнцаў, збегшых з палону салдат і афіцэраў – ствараліся партызанскія атрады.

Адзін з іх дыслацыраваўся ў балоцістай мясцовасці на мяжы Акцябрскага, Капаткевіцкага і Даманавіцкага раёнаў. Ён налічваў не больш 20 чалавек, камандзірам быў Сафрон Паддубны – старшыня калгаса з в. Н. Кацуры, камісарам – інструктар Даманавіцкага райкама КПБ, у мінулым настаўнік Кузьма Нікіфаравіч Саўчанка (загадчык Варатынскай школы – І.Г.).

Байцамі атрада сталі Пётр Стральцоў, Іван Пятровіч Юрасаў, Аляксей Іосіфавіч Дарошка, Уладзімір Іосіфавіч Кулак, Уладзімір Фядотавіч Круковіч, Якаў Герасімавіч Сцешыц, Максім Сяргеевіч Цімашэнка, камсамольцы Валянцін Аляксандравіч Корбут, Браніслаў Пятровіч Некрашэвіч, Іван Міхайлавіч Мушкавец.

Гэты нязначны па колькасці атрад вырашыў разграміць паліцэйскі гарнізон у Крукавічах.

<…>У няроўным баю з паліцаямі быў паранены ў нагу Паддубны. На санях ён спрабаваў адарвацца ад пагоні, але нямецкія прыхвастні падстрэлілі яго каня, а затым забілі і партызанскага камандзіра.

<…> З тых першых да Перамогі дажылі Іван Пятровіч Юрасаў, Уладзімір Іосіфавіч Кулак, Уладзімір Фядотавіч Круковіч, Валянцін Аляксандравіч Корбут. Юрасаў і Кулак у далейшым выраслі да начальнікаў штабоў партызанскіх брыгад”. (Газета “Калінкавіцкія навіны”. 8 мая 2007г.).

Многія варатынцы і дубня-коўцы паследавалі прыкладу сваіх землякоў – прынялі ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскіх атрадах. У іх ліку: варатынцы Грацкі Мікалай Ульянавіч, Даніловіч Яўген (загінуў), Корбут Антон; дубнякоўцы Еўдакімаў Іван Мартынавіч, Юдзіцкі Адам Міхайлавіч (загінуў) і інш.

Многіх прызвалі на фронт ужо пасля вызвалення калінкавіцкай зямлі ў 1944 г.

Адважна яны змагаліся з ворагам. Напрыклад, камандзір кулямётнай роты 1159-га стралковага палка 351-й стралковай дывізіі лейтэнант Маісееў Васіль Ігнатавіч, 1921 г.н., з Ператрутаўскага Варатына, які з 1 студзеня 1943 г. ваяваў на Паўднёва-Заходнім і 4-м Украінскім франтах, у сакавіку 1943 г. быў паранены, але застаўся ў баявым страі, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.

“Камандуючы кулямётнай ротай 27 сакавіка 1945 г. у баі за Вільхва, Маісееў вызначыўся асабістай храбрасцю і мужнасцю.

Умела раставіўшы свае кулямёты, падавіў агнявыя кропкі праціўніка, рассеяў варожую пяхоту і забяспечыў стралковым падраздзяленням рух наперад.

Прыкладам асабістай храбрасці натхняў асабовы склад на стойкасць.

Кулямётным агнём у гэтым баі было рассеяна і знішчана звыш 40 гітлераўцаў”.

Так напісаў у прадстаўленні лейтэнанта да ўзнагароды яго камандзір палка Фёдараў.

Ордэна Чырвонай Зоркі ўдастоіўся ўраджэнец Дубнякоў, чырвонаармеец 3-га батальёна 1106 палка 333-й стралковай Бранскай Чырвонасцяжнай дывізіі Шулякоўскі Мікалай Фаміч, 1906 г.н.

30 жніўня 1943 г. роце, ў якой знаходзіўся Шулякоўскі, было загадана здзейсніць прарыў на Драгабужскім накірунку пад вёскай Рыбкі. У час наступлення праціўнік кінуўся ў атаку. У час бою загінулі ўсе камандзіры. Шулякоўскі, які выконваў абавязкі старшыны роты, атрымаў загад ад камбата прыняць камандаванне ротай і заняць населены пункт Рыбкі.

Загад Шулякоўскі выканаў. Рыбкі былі заняты і ўтрымліваліся яго невялічкім падраздзяленнем. На полі бою засталося звыш 100 трупаў варожых салдат.

У гэты ж дзень Мікалай Шулякоўскі быў цяжка паранены ў грудзі і абедзьве рукі. У выніку ранення правая рука байца перастала дзейнічаць поўнасцю, а левая — толькі на 50 %. Адважнага воіна пасля доўгага лячэння ў маі 1944 г. камісавалі з арміі. Але ён застаўся ў эвакашпіталі № 2801, дзе стаў працаваць вартаўніком.

Ордэнам Чырвонай Зоркі быў узнагароджаны і аднавясковец Шулякоўскага, камандзір мінамётнага разліку 82-мм мінамёта 883-га палка 193-й стралковай дывізіі малодшы сяржант Волчэк Мікалай Іванавіч, 1917 г.н. Прызваны на фронт Даманавіцкім райваенкаматам 10 сакавіка 1944 г., Волчэк пачаў ваяваць з фашыстамі ў складзе Беларускага фронта з 31 красавіка гэтага ж года.

Двойчы быў паранены. Першы раз 20 мая 1944 г., другі – 23 лютага 1945 г. Ордэн атрымаў за тое, што 26 красавіка 1945 г. у баях за г. Штэцін агнём са свайго мінамёта знішчыў станкавы кулямёт праціўніка, які перашкаджаў руху нашай пяхоты наперад. А ў час пераходу фашыстаў у контраатаку адкрыў трапны агонь па шарэнгах наступаўшых, у выніку чаго варожая контраатака захлынулася. Агнём яго мінамёта ў тым баі было знішчана каля 20 гітлераўцаў.

З 20 ліпеня 1941 г. на Ленінградскім фронце ў барацьбу з ворагам уступіў ураджэнец Варатына Ётка Мікалай Віктаравіч, 1923 г.н., 24 лютага 1943 г. юнак атрымаў цяжкае раненне. Пасля вылячэння зноў стаў у баявы строй. Наводчык гарматы 202-га асобнага знішчальнага супрацьтанкавага дывізіёна 124-й стралковай дывізіі малодшы сяржант Ётка не аднойчы вызначаўся ў баях.

Вось што напісаў яго камандзір дывізіёна капітан Палякоў у прадстаўленні наводчыка да ўзнагароджання ордэнам Славы 3-й ступені:

“15.01.1945 г. у баях за г. Пільканен тав. Ётка праявіў вытрымку і адвагу ў час вядзення агню прамой наводкай. Быў паранены асколкам варожай міны, але нягледзечы на гэта, не пакінуў поля бою, пераадольваючы боль працягваў самаахвярна працаваць у разліку да канца бою”.

Адважны артылерыст у 1943 г. быў узнагароджаны медалём “За абарону Ленінграда”, у красавіку 1944 – медалём “За баявыя заслугі”, 27 студзеня 1945 г. – ордэнам Славы 3-й ступені, а 17 красавіка 1945 г. за тое, што, “у перыяд баёў на Земландскім паўвостраве праявіў сябе выключна адважным і мужным воінам Чырвонай Арміі, трапным агнём сваёй гарматы 16 красавіка ў раёне в. Гайдаў знішчыў адзін варожы бліндаж і адзін варожы ДОТ з засеўшымі там фашысцкімі аўтаматчыкамі”, быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі. Праўда, вышэйшае камандаванне вырашыла, што салдацкі подзвіг дастойны ўсяго медаля “За адвагу”, што ніколькі не ўмаляе заслуг артылерыста перад Радзімай.

Перамога над фашысцкай Германіяй не азначала завяршэння вайны для варатынскага юнака, разам з іншымі байцамі воінскай часці ён быў накіраваны на разгром Квантунскай арміі ў Маньчжурыю, дзе пад сакрушальнымі ўдарамі савецкіх войск японскія мілітарысты пацярпелі крах, а грудзі сяржанта Ёткі ўпрыгожыла медаль “За перамогу над Японіяй”.

Паўночную сталіцу СССР абараняў і ўраджэнец Варатына Грыцкевіч Браніслаў Іванавіч, 1921 г.н., за што быў узнагароджаны медалём “За абарону Ленінграда”.

26 сакавіка 1943 г. камандзір асобнага кулямётнага батальёна 250-й асобнай стралковай брыгады Андрыенка прадставіў адважнага кулямётчыка да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі. “Знаходзячыся ў кулямётнай роце ў абароне ў раёне заходняй ускраіны Маскоўскай шашы, Чырвоны Бор, трапіў у акружэнне са сваім разлікам. Мужна і стойка т. Грыцкевіч абараняў свой участак і ні кроку не адступіў назад. У час адбіцця двух кантратак праціўніка, нягледзечы на іх колькасную перавагу, т. Грыцкевіч асабіста вёў агонь з кулямёта і знішчыў да 30 нямецкіх салдат і афіцэраў, прымусіў да бегства астатніх салдат і адбіў кантратакі.

У ноч на 24.03.43г. са сваім разлікам вёў бой па прарыву варожага кальца з колькасна пераўзыходзячым праціўнікам і прарваў кальцо, выйшаў з акружэння са сваім разлікам і вынес станкавы кулямёт”. Камандзіра аддзялення 2-й кулямётнай роты старшага сяржанта Браніслава Грыцкевіча за гэты подзвіг узнагародзілі медалём “За адвагу”. У 1985 г. да яго франтавых узнагарод прыбавіўся ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.

Ураджэнца Варатына Ганчарэнка Уладзіміра Іванавіча, 1922 г. н., прызвалі ў армію 26 ліпеня 1941 г. Пачынаў яздовым у кулямётнай роце. Першае раненне атрымаў пад Сталінградам. Служыў у разведцы пад Таганрогам. Быў паранены, знаходзячыся ў варожым тыле. Баявыя сябры вынеслі да сваіх.

Адзначыўся сяржант у многіх баях, у тым ліку і ў вулічных баях у Берліне, дзе граміў фашысцкага звера ў яго логаве ў якасці гарматнага нумара 4-й батарэі 228-га гвардзейскага гаўбічнага артпалка. Дамоў салдат вярнуўся ўзнагароджаны двума медалямі “За адвагу”, медалямі “За абарону Сталінграда”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”.

Вызначыўся ў вулічных баях у Берліне і яго зямляк-варатынец, прызваны ў армію ў маі 1944 г., Бобер Рыгор Лявонцьевіч, 1926 г. н., 28 красавіка 1945 г. чырвонаармеец 1038-га сп 295-й сд Бобер агнём з уласнай зброі і гранатамі ў час авалодання ўмацаваным будынкам знішчыў чатырох варожых салдат. За гэты подзвіг баец быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Гэтай жа ўзнагароды ўдастоіўся і жыхар Ператрутаўскага Варатына сяржант Асташэвіч Адам Казіміравіч, 1919 г.н., за тое, што ў ноч з 28 лютага на 1-е сакавіка 1943 г., знаходзячыся на Волхаўскім фронце, захапіў у палон нямецкага яфрэйтара.

Двойчы медалём ”За адвагу” узнагароджаны ўраджэнец Варатына Корбут Мікалай Сцяпанавіч, 1907 г. н., які з 1941 г. ваяваў у складзе Заходняга, Паўночна-Заходняга, Ленінградскага, Бранскага, Беларус-кага і I Украінскага франтоў.

Медалём “За адвагу” адзначаны ратны подзвіг у час барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі і дубнякоўцаў: яфрэйтара Рудакоўскага Мікалая Мікалаевіча, 1919 г.н., чырвонаармейца Валатковіча Пятра Тарасавіча, 1919 г.н., старшага сяржанта, камандзіра аддзялення разведкі Пачкоўскага Віктара Канстанцінавіча, 1922 г.н., малодшага сяржанта Янтоўскага Анатоля Іванавіча, 1915 г.н., які да таго ж быў узнагароджаны і медалём “За баявыя заслугі”; варатынцаў: гвардыі радавога Панцялеенкі Рамана Рыгоравіча, 1917 г.н., і Чыркоўскага Міхаіла Мікалаевіча, 1927 г.н.

агадам № 05/Н ад 15 красавіка 1943 г. па 33-му артылерыйскаму палку 31-й стралковай дывізіі 45-й арміі камандзір гарматы 2-й батарэі малодшы сяржант Корбут Андрэй Аляксандравіч, 1919 г.н., быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” за тое, “што ў баях у раёне вёскі Маратукі, хутара Кушына і сяла Рокет Армянскага раёна Краснадарскага края у кастрычніку-лістападзе 1942 і студзені 1943 года агнём сваёй гарматы знішчыў: цяжкі мінамёт з павозкай у 6 коней праціўніка, 12 коней з паклажай, кухню, да 70 чалавек пяхоты праціўніка і падавіў агонь 2-х гармат і двух мінамётных батарэй праціўніка”.

На жаль, 27 жніўня 1943 г. адважнага артылерыста не стала, ён загінуў у чарговым баі.

Медалём “За баявыя заслугі” быў узнагароджаны і варатынец — камандзір сапёрнага ўзвода 347-га асобнага кулямётнага батальёна марской пяхоты Паўночнага флоту лейтэнант Паслоўскі Арсень Пятровіч,1916 г.н.

Многія жыхары Дубнякоў, Капліцкага і Ператрутаўскага Варатына, якія прайшлі праз віхуры крывапралітных баёў у гады Вялікай Айчыннай вайны і вярнуліся дамоў, хто інвалідам, а хто са шматлікімі раненнямі, але жывы, у 1985 г., да 40-годдзя Перамогі, былі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені. У іх кагорце: Ахрэменка Рыгор Раманавіч, 1914 г.н., Валатковіч Арсень Іванавіч, 1920 г.н., Гавароўскі Аляксандр Міхайлавіч, 1924 г.н., Гарастовіч Рыгор Рыгоравіч, 1909 г.н., Грыцкевіч Аляксандр Антонавіч, 1925 г.н., Крукоўскі Мікалай Аляксандравіч, 1915 г.н., Луцэвіч Віктар Сцяпанавіч, 1923 г.н., Перагуд Іван Раманавіч, 1912 г.н., Янтоўскі Іван Мацвеевіч, 1924 г.н., і мн. іншыя.

На жаль, не да ўсіх быў літасцівым лёс: 11 дубнякоўцаў і 44 варатынцы склалі свае галовы на палях бітваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Іх паймённыя спісы навечна занатаваны ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Калінкавіцкі раён” ( Мн., “Ураджай”. 1999. сс. 659-660).

Яшчэ некалькім жыхарам вёсак давялося на сваёй спіне спазнаць фашысцкага рабства ў Нямеччыне, куды яны былі вывезены на прымусовыя работы. У лік фашысцкіх вязняў трапілі: Тарасевіч Міхаіл Ф., 1900 г.н., Гарастовіч Віктар, 1927 г.н., Гарастовіч Ганна, 1921 г.н., Тараховіч Аляксандр А. з Капліцкага Варатына; Некрашэвіч Пётр, 1876 г.н., Гарастовіч Зінаіда Рыгораўна, Расошка Пётр, 1899 г.н. з Ператрутаўскага Варатына. (УЗДАМ. ф. 1239. воп.1. с.2. лл. 1- 90).

21 студзеня 1944 г. 23-я стралковая дывізія, як занатавана ў ”Журнале баявых дзеянняў 61-й арміі”: “… зламаўшы супраціўленне праціўніка, авалодала населенымі пунктамі Каплецкі Двор, Перакрутаўскі Варатынь, Каплецкі Варатынь, Кротаў, і да 20.00 выйшла на рубеж: Дубнякі – Перакрутаўскі Варатынь – Каплецкі Варатынь – Кротаў.

У 18.00 з раёна Дубнякоў часці дывізіі адбілі кантратаку праціўніка сілаю да 60 аўтаматчыкаў з 6 бронемашынамі і 3 танкамі” (Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі (ЦА МА РФ).

А 22 студзеня 1944 г. Саўінфармбюро паведаміла ў Аператыўнай зводцы: “ Паўночна-заходней Калінкавічаў нашы войскі занялі некалькі населеных пунктаў і сярод іх Мармовічы, Лясец, Салавейка, Дубнякі, Перакрутаўскі Варатынь, Каплецкі Варатынь, Кротаў”.

Дарагую цану заплацілі савецкія воіны за гэта вызваленне: 298 чырвонаармейцаў і афіцэраў навечна засталіся ў варатынскай зямлі. (Гарады і вёскі Беларусі.Кніга I. МН., “Беларуская энцыклапедыя”. 2004. с. 552). У 1965 г. у іх гонар на брацкай магіле ў Ператрутаўскім Варатыне устаноўлены помнік Савецкаму воіну-вызваліцелю з мемарыяльнымі дошкамі, на якіх высечаны прозвішчы і імёны загінуўшых.

Пасля вызвалення вёсак лінія фронту надоўга застыла на іх рубяжы. Пяць месяцаў ў гэтых мясцінах, як паведамляла тады Саўінфармбюро, ішлі баі мясцовага значэння, вялася перадыслакацыя войск, умацоўваліся абарончыя збудаванні, рыхтаваліся да новага наступлення. Але ўвесь гэты час гінулі людзі пад артылерыйскімі і мінамётнымі абстрэламі, у час бамбардзіровак, у ходзе разведвальных аперацый.

23-я стралковая дывізія замацавалася і ўдасканальвала ў інжынерных адносінах свае пазіцыі, як адзначалася ў “Журнале баявых дзеянняў 61-й арміі” за 1 лютага, “на рубяжы: зах. ускр. Дубнякоў, Перакрутаўскі Варатынь, Каплецкі Варатынь”, на адлегласці ад 1 да 2 кіламетраў ад вёсак “. (ЦА МА РФ).

Вайна вайной, а жыта сей

Вайна яшчэ грымела ля варатынскіх і дубнякоўскіх хат, большасць насельніцтва Ператрутаўскага і Капліцкага Варатына і Дубнякоў знаходзілася ў Каплічах у эвакуацыі, а сяляне ўжо думалі, як аднаўляць калектыўную гаспадарку.

Так, у самым пачатку лютага 1944 г. адбыўся першы пасляваенны агульны сход калгаснікаў калгаса “Шлях Сталіна”, на якім прысутнічала 98 жыхароў з Капліцкага і Ператрутаўскага Варатына.

На парадак дня сходу былі вынесены наступныя пытанні: “Аб аднаўленні сельскай гаспадаркі”, “Выбары старшыні калгаса”, “Выбары праўлення”, “Зацвярджэнне брыгадзіраў” і “Выбары рэвізійнай камісіі”.

Па першым пытанні выступіў начальнік земаддзела Даманавіцкага райвыканкама Ахраменка. Ён расказаў, якія разбурэнні ўтварылі нямецкія акупанты на землях Даманавіцкага раёна, якія пакуты давялося вынесці яго жыхарам. Падзякаваў Чырвоную Армію за вызваленне, і адзначыў, што ”… наша задача – аднавіць гаспадарку, каб забяспечыць Чырвоную Армію прадуктамі, сыравінай, каб яна яшчэ мацней біла нямецкіх акупантаў аж да поўнага выгнання гітлераўцаў з нашай зямлі. Наша задача – аднавіць гаспадарку і па баявому правесці пасяўную кампанію, выканаць задачы, якія ставяць Партыя і Урад”.

У склад праўлення выбралі Грыцука Кузьму Пятровіча, Жалкоўскага Мікалая, Кізляка Андрэя, Шчарбенку Ігната, Чыркоўскага Мікалая, Мельнічэнка Ганну і Шулякоўскую Надзею. Паколькі Грыцук Кузьма быў чалавекам прыезджым, якога накіравала раённае начальства на пасаду старшыні, яго выбралі членам калгаса. І, зразумела ж, зацвердзілі старшынёй праўлення калгаса. Старшынёй рэвізійнай камісіі выбралі Саўчанка Любоў.

Брыгадзірамі выбралі: Жалкоўскага Мікалая і Шчарбенку Ігната, кладаўшчыком – Кізляка Андрэя.
Асобна на агульным сходзе разгледзелі пытанне аб барацьбе з сыпным тыфам, які касіў людзей.

9 лютага члены праўлення калгаса “Шлях Сталіна” зацвердзілі нормы выпрацоўкі ў гаспадарцы, план пасяўных работ на 1944 год, выбралі конюха і рахункавода.

У ходзе абмеркавання плана вясенне-палявых работ брыгадзір Жалкоўскі заўважыў, што не зможа пасеяць 4 га тытуню, а толькі 2 га. Брыгадзір Шчарбенка таксама адзначыў, што не зможа пасеяць 18 га аўсу, затое зможа пасеяць 23 га грэчкі і 10 га аўсу, усе астатнія культуры будуць пасеяны згодна плану.

Праўленне калгаса зацвердзіла старшым конюхам – Галавача Сямёна, а рахункаводам – Рудакоўскую Н.Ф.

На гэтым жа пасяджэнні Падбярэзную Зінаіду прызначылі паштальёнам. (УЗДАМ. ф. 1211. воп.1. с.96. лл. 1-4).

10 красавіка адбылося і першае пасляваеннае пасяджэнне Каплічскага сельсавета, на якім выбралі членаў яго выканаўчага камітэта: Гваздзя Я.С. (старшынёй), Шматкову Наталлю, Кірэйчука (старшыня Капліцкага калгаса), Каваленка М., Саўчанка Любоў, Труса Рамана (старшыня Кротаўскага калгаса) і Шулякоўскага Міхаіла (старшыня Дубнякоўскага калгаса).

Члены выканкама на гэтым жа пасяджэнні разгледзелі галоўнае пытанне ”Аб падрыхтоўцы да веснавой сяўбы”.

Абмяркоўваючы надзённае пытанне, старшыня капліцкага калгаса ”Камінтэрн” Кірэйчук праінфармаваў, што “ў іх гаспадарцы для веснавой сяўбы сабралі 4 т насення. З цяглавай сілы ёсць 30 коней, 15 з якіх – у каросце. Ёсць таксама 50 кароў, але яны не абучаны хадзіць у плузе. Ёсць па 20 адрамантаваных вазоў і плугоў. 30 калгаснікаў яшчэ не прыступілі да здачы насення”.

Старшыня калгаса “Чырвоны Кротаў” далажыў, што “з цяглавай сілы ў гаспадарцы ёсць 14 коней, з сельгасінвентару – 35 плугоў і 8 барон. Усіх гаспадарак -151”.

Старшыня варатынскага калгаса “Шлях Сталіна” Грыцук паведаміў, што “ўсё насельніцтва эвакуіравана, таму да арганізацыі веснавой сяўбы ніхто не прыступаў”. (УЗДАМ. ф. 1211, воп. 1, с.96. лл.1-3).

14 красавіка на пасяджэнні праўлення калгаса “Шлях Сталіна” разам з гаспадарчымі пытаннямі (нарыхтоўка насення для сяўбы, абагульненне коней) разгледзелі і пытанне аб перадачы пад суд калгаснікаў Сяўрука Юліка і Гавароўскага Івана, якія самавольна звялі ў Калінкавічы і перадалі там у чыгуначны дарожны аддзел двух калгасных коней.

На гэтым праўленні выбралі і камісію па размеркаванні насеннага фонду ў складзе: Грыцука Кузьмы, Чыркоўскага Мікалая, Шулякоўскай Насці, Панцялеенкі Макара, Жалкоўскага Мікалая, Юркевіча Есіпа. Выступаючы перад праўленцамі, Кузьма Грыцук сказаў: ”Пры размеркаванні насення трэба падыйсці так, каб падзяліць іх правільна, улічваючы і чырвонаармейскія сем’і і партызанскія”.

Праўленне таксама прызначыла калгасным жывёлаводам Мельнікоўскую Ганну. (УЗДАМ. ф. 1211, воп. 1, с.96. лл.4-5).

20 красавіка агульны калгасны сход адбыўся і ў Дубняках. На ім калгаснікі калгаса імя Варашылава выбралі праўленне, у склад якога ўвайшлі: Шулякоўскі Міхаіл Рыгоравіч, Корбут Таццяна Аляксандраўна, Сяўрук Юлія, Гавароўская Марфа Ігнатаўна і Гавароўская Надзея Якаўлеўна.

Старшынёй праўлення зацвердзілі ўраджэнца Дубнякоў, нядаўняга партызана 101-й Даманавіцкай партызанскай брыгады Міхаіла Шулякоўскага.

У склад рэвізійнай камісіі абралі: Пачкоўскую Ксенію, Рудакоўскую Анастасію і Харлан Маню. Брыгадзірамі выбралі Гавароўскага Анатоля Арсеньевіча і Гатальскую Маню Іосіфаўну, кладаўшчыком – Данец Зінаіду Міхайлаўну. Жывёлаводам калгаса прызначылі Корбут Таццяну Аляксандраўну, касірам – Крукоўскага Івана Паўлавіча, конюхам – Гавароўскага Івана Сцяпанавіча, рахункаводам — Шулякоўскага Якава Якаўлевіча.

На сходзе ўтварылі камісію па збору з падворкаў насення для правядзення пасяўной кампаніі. У яе ўвайшлі: Валатковіч Соф’я Іосіфаўна, Шулякоўскі Якаў Якаўлевіч, Крукоўская Франя Антонаўна, Шуля-коўскі Міхаіл Рыгоравіч і Гавароўская Ева Рыгораўна. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.68. лл. 1-2).

І пад залпы артылерыйскай кананады і гукі пазіцыйных баёў, што разгортваліся штодня на фронце, які пралягаў побач, пачалася падрыхтоўка глебы і сама сяўба.

Па-першае, абагульнілі ў калгасы ўсю цяглавую сілу. Па-другое, сабралі па хатах, у каго было насенне жыта, проса, грэчкі, аўсу, ячменю, бульбы, буракоў і морквы, тытуню.

Зямлю, што за вайну ператварылася ў дзірван, аралі нямоглымі коньмі, на каровах, а болей капалі ўручную.

На фронце тым часам было неспакойна. Каб дакладней уявіць становішча таго часу, зробім спасылку на дакумент. Так, у “Журнале баявых дзеянняў 61-й арміі за красавік 1944 г.” занатавана:
“Праціўнік супраць правага крыла арміі абараняецца на рубяжы: Міхайлаўская, Колкі, Броды, Капаткевічы, Млынок, м.Пціч, Багрымавічы, Конкавічы, Белановічы, Петрыкаў, Галубіца, Дарашэвічы, Ласкавічы, Азераны, Рычаў, Угалец. Працягласць фронту каля 140 км.

<…> Войскі правага крыла арміі працягваюць абараняць і ўмацоўваць ранейшы рубеж, вялі перастрэлку з праціўнікам і назіранне за ім.

153 УР абараняе рубеж:

381 ОПАБ — Межэліцэ, х.Востраў, Стараселле, Савічы;

27 ОПАБ – Стараселле, Загрэбля, Перакрутаўскі Варатынь, Савічы;

419 ОПАБ – Каплецкі Варатынь, кропка 123, 3,5 км паў. Церабава, кропка 124,4 /500 м. паўдн.-зах. воз Дзікае/, Клепань, гай 1 км паўн.-усходн. Слабодка 1-я,/іск/Церабава…”

У адпаведнасці з Дырэктывай камандуючага Беларускім фронтам ад 19 красавіка № 00290/ОП войскі 61-й арміі перайшлі да мясцовай абароны па ўсёй паласе арміі. З мэтай стварэння трывалай і глыбокай абароны камандуючы фронтам загадаў галоўную паласу абароны абсталяваць з пярэднім краем па вышэй адзначаным рубяжы на ўсю глыбіню, аж да дывізійных рэзерваў. Усе абарончыя работы па стварэнні гэтай паласы трэба было закончыць да 5 мая, а стварэнне апорных абарончых пунктаў завяршыць да 25 мая.

Дырэктыва прадугледжвала стварэнне аператыўнай зоны загароды. Пачыналася падрыхтоўка да вядомай наступальнай аперацыі “Баграціён”. (ЦА МА РФ).

Таму востра паўстала пытанне аб поўнай эвакуацыі насельніцтва з прыфрантавой зоны, у тым ліку і з Капліч. Так, 7 мая на пасяджэнні праўлення калгаса “Шлях Сталіна” гэта пытанне стала прадметам неадкладнага разгляду. У пратаколе пасяджэння пытанне так і было сфармулявана “Аб эвакуацыі насельніцтва з Капліч”. Абмеркаваўшы сітуацыю праўленцы пастанавілі — пры любых умовах засадзіць прысядзібныя ўчасткі бульбай, а тады эвакуіравацца.

Гэтаму ж пытанню было прысвечана і пасяджэнне выканкама Капліцкага сельсавета, на якім было вырашана да 20 мая эвакуіраваць усё насельніцтва з тэрыторыі сельсавета. Для вартаўніцтва маёмасці пакідалі толькі 5 вартаўнікоў. (УЗДАМ. ф. 1239, воп. 1, с.1. л. 2).

Варатынцы і дубнякоўцы, як і іншыя жыхары сельсавета, працавалі ад цямна да цямна, каб выканаць пастаўленую задачу. Кожны добра разумеў: немца адкінуць праз нейкі час, але калі зараз не пасеяць, то што будзеш есці, калі вернешся з эвакуацыі.

Як і планавалася, савецкія войскі, распа-чаўшы 22 чэрвеня аперацыю “Баграціён”, ужо 26 чэрвеня вызвалілі Парычы і Жлобін, 27 – Акцябрскі і Глуск, 30 – Капаткевічы і Петрыкаў.

Фронт пайшоў далей на захад. Людзі пачалі вяртацца ў свае вёскі з эвакуацыі.

5 ліпеня ў калгасе “Шлях Сталіна” адбыўся агульны сход, на якім прысутнічала 60 чалавек. Калгаснікі разгледзелі два пытанні: “Аб падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі і пачатку сенанарыхтоўкі” і “Аб замініраваных плошчах”.

Выступаючы на сходзе, старшыня праўлення калгаса Грыцук заўважыў, што “… трэба адрамантаваць гумны і свіран для збожжа. З заўтрашняга дня трэба пачаць праполку ільна з пшаніцай, арганізаваць брыгаду дзяўчат, якая павінна капаць гліну і выбіваць ток, з заўтрашняга дня пачаць сенаўборку”.

Калгасніца Ліхадзіеўская ўзняла на сходзе пытанне аб тым, “што дрэнна абстаяць справы з дапамогай. Кааператар не звяртае ўвагі на пакупнікоў, няправільна выдае сала, змяншае паёк”.

Старшыня калгаса паведаміў, што “з боку дзяржавы будзе аказана дапамога калгасу коньмі, буйной рагатай жывёлай, свіннямі, будуць адпушчаны сродкі на пабудову жылля для калгаснікаў”.

Пінчук П. папрасіла,”каб ёй адраман-тавалі хату”. Кізляк са свайго боку заўважыў, што ”для абуладкавання жылля ў першую чаргу патрэбна ваконнае шкло”.

Па другому пытанню выступіў прадстаўнік раёна Лісіцэнка. Ён сказаў, што “… ў калгасе няма належнай дысцыпліны, а вось Армія выконвае ўсе задачы, якія ставіць перад ёй таварыш Сталін, партыя і ўрад. Для таго, каб і далей Армія атрымлівала перамогі, нам, калгаснікам, трэба працаваць, каб забяспечыць Армію”.

Лісіцэнка папярэдзіў прысутных на сходзе аб небяспецы, якую тояць замініраваныя палі. (УЗДАМ. ф. 1211. воп.1. с.96. лл. 6 -7).

Прыкладна ў гэты ж час адбыўся агульны калгасны сход і ў Дубняках, на які сабралася 35 калгаснікаў калгаса імя Варашылава. Адкрыў яго старшыня калгаса Міхаіл Шулякоўскі. На парадак дня вынеслі два пытанні: “Падрыхтоўка да ўборкі” і “ Назначэнне плотніцкай брыгады для будаўніцтва склада і сушкі”.

Гавароўская Надзея прапанавала “прызначыць Данца Фёдара брыгадзірам плотніцкай брыгады”. На гэтым і пагадзіліся.

У брыгаду ўключылі Гавароўскага Івана з падводай, Перагуда Івана, Данца Міхаіла.

9 ліпеня на чарговым калгасным сходзе дубнякоўцы

“ ПАСТАНАВІЛІ:

1). Арганізаваць усіх працаздольных падлеткаў і жанчын на касьбу сена і яго ўборку.
2). Арганізаваць будаўнічую брыгаду ў складзе трох чалавек з падсобнай сілай.
3). Абагуліць азімую збажыну.
4). Выхад на работу ў 8 гадзін для ўсіх калгаснікаў”.

На гэтым жа сходзе з пасады брыгадзіра і членаў калгаса вызвалілі Гатальскую Маню”. (УЗДАМ. ф. 1211. воп.1. с.68. лл. 6 -7).

25 ліпеня дубнякоўцы зноў сабраліся на агульны калгасны сход. На гэты раз абмяркоўваліся пытанні ўборкі азімых і яравых, заканчэнне будаўніцтва гумна і склада і г.д.

Востра абмяркоўвалася пытанне, як быць з тымі, хто не паспеў пасеяць свае надзелы.

Старшыня калгаса Міхаіл Шулякоўскі заявіў, што “ўсе выбыўшыя з калгаса не маюць права жаць жыта”.

Гавароўская Марфа прапанавала “абмераць сядзібы і дапоўніць усім, хто не паспеў поўнасцю засеяць”. Акулава З.Р. прапанавала “убраць увесь хлеб агульнымі сіламі і падзяліць між усімі снапамі”.

“Пастанавілі: убраць азімыя за 10-12 дзён, не пакрыўдзіўшы нікога”.

На гэтым жа сходзе Шулякоўскую Ларысу Мікалаеўну выбралі калгасным рахункаводам. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.68. л. 5).

Цяжка давалася аднаўленне калек-тыўных гаспадарак. Нягледзечы на жорсткія пасляваенныя законы, дысцыпліна ў калгасах кульгала на абедзьве нагі, больш таго, асобныя не грэбавалі і крадзяжом калектыўнай уласнасці, аб чым, напрыклад, ішла дэталёвая размова на пасяджэнні выканкама Капліцкага сельсавета, якое адбылося 13 жніўня 1944 г.

Трымаўшы на ім справаздачу за зрыў задання па ўборцы хлеба і сенанарыхтоўцы, старшыня капліцкага калгаса “Камінтэрн” Дубоўскі заявіў: ”…асобныя калгасніцы крадуць”.

На што прысутны на пасяджэнні выканкама пракурор раёна сказаў: ”Калгаснікі раёна заканчваюць уборку хлеба і прыходзяць да канца скірдавання, а ў калгасе “Камінтэрн” зроблена толькі палова. Дысцыпліна адсутнічае, арганізаванасць таксама. Праўленне калгаса недастаткова вядзе работу па арганізацыі ў калгасе сацыялістычнага спаборніцтва, якое ў калгасе ўвогуле адсутнічае”.

Пракурора падтрымала і прадстаўнік аблземаддзела, якая сказала, што “хутка трэба будзе сеяць азімыя, а яшчэ ніводнага гектара зябліва ў калгасе “Камінтэрн” не ўзнята”.

Старшыня калгаса “Шлях Сталіна” Грыцук у сваёй справаздачы далажыў:

”План уборкі ўраджаю – 90 га. Выканалі – 108. Змалацілі 15 коп жыта, калі б была цяглавая сіла, маглі б здаць дзяржаве. Крадзяжу хлеба не назіралася, за выключэннем зжатага ў лесе. За перыяд сенакашэння ворыва глебы не ажыццяўлялася, так як усе былі заняты на нарыхтоўцы сена і ўборцы хлеба. Калі МТС не дась трактараў, наяўнай цяглавай сілай нічога не зраблю. 8 га жыта жаць нельга, паколькі гэтае месца замініравана”. (УЗДАМ. ф. 1239, воп. 1. с.1. лл. 4-7).

Адначасова з калгаснымі справамі прыходзілася займацца і іншымі. Да пачатку навучальнага года трэба было прывесці ў парадак будынкі, у якіх дзеці, якія не вучыліся ўсю вайну, маглі б спасцігаць азы навук. Трэба было наладжваць пажарную і вартавую справу, выконваць ваенную пазыку, плаціць падатак і г.д.

Па канцы 1944 г. калгаснікі калгаса “Шлях Сталіна” падсумавалі свае здабыткі. Зразумела, што моцна яны не парадавалі. Як сведчыць бухгалтарская справаздача за 1944 г., у сельгасарцелі “Шлях Сталіна” (так тады называлі сельгасгаспадаркі – І.Г.) па восені сабралі 406 ц жыта, 33 ц пшаніцы, 1 ц ячменю, 410 ц зернебабовых, 500 ц сена, 596 ц саломы. Арцель складалася з двух брыгад, у якой працавалі 110 калгаснікаў. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.98. лл. 1-7).

Не лепш выглядалі справы і ў сельгасарцелі імя Варашылава.

У 1945 г. на тэрыторыі Капліцкага сельсавета адбыліся шматлікія кадравыя змяненні. Так, у пачатку года старшынёй Капліцкага сельсавета замест Гваздзя прызначылі Рубцова. Старшынёй калгаса “Камінтэрн” выбралі Крэка. А 3 лютага на сходзе ў калгасе імя Варашылава па прапанове Рубцова замест Міхаіла Шулякоўскага, які пайшоў на фронт, выбралі новага кіраўніка – Данца Міхаіла Фаміча. Праўда, у хуткім часе яго замянілі на Пачкоўскую Ксенію, якую 12 мая змяніў Макушынскі Рыгор Васільевіч. Пачкоўскую ж перавялі ў брыгадзіры. Праўда, і там яна доўга не затрымалася.

3 чэрвеня ў калгасе адбыўся сход, на якім выступіў яго старшыня Рыгор Макушынскі, які павёў размову пра дысцыпліну ў гаспадарцы. “Брыгадзір Пачкоўская не прымае ніякіх работ і не назірае за працай калгаснікаў, — сказаў ён. — Таварыш Данец Фёдар карыстаецца гэтым і не выходзіць своечасова на працу”.

Кіраўнік гаспадаркі прапанаваў таксама перадаць справу ў народны суд на Данца за тое, што той наўмысна загубіў калгаснага каня.

Сход вызваліў ад займаемай пасады Пачкоўскую і аднавіў на брыгадзірскай пасадзе Рудакоўскага Мікалая Мікалаевіча, які быў пазбаўлены брыгадзірскай пасады ў канцы 1944 г.

Нягледзячы на прымаемыя меры, дысцыпліна ў калгасах працягвала жадаць лепшага. 19 чэрвеня на чарговым калгасным сходзе старшыня калгаса Макушынскі зноў гаварыў: “ Дысцыпліна ў нашым калгасе сапраўды дрэнная. Калгаснікі не падпарадкоўваюцца і своечасова не выходзяць на працу. Асабліва гэта тычыцца Данец Наталлі і Данца Фёдара, Пачкоўскай Тэклі”. Ён прапанаваў памянёных калгасніц аштрафаваць на тры дні, а Фёдара – папярэдзіць.

На гэтым жа сходзе загадчыцай фермы выбралі Гавароўскую Варвару Тарасаўну і вырашылі прадаваць калгаснае малако па 3 руб. за літр. Устанавілі нормы аплаты за апрацоўку бульбы і проса. Так, за праполку 15 сотак бульбы вырашана было аплачваць 1 руб.25 кап., за 3 соткі проса — 1 руб.

У лістападзе, праўда, загадчыкам фермы назначылі новага чалавека – Крукоўскага Мікалая. А Янтоўскую Ганну прызначылі вартаўніком. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.71. лл.1- 8).

Важнейшай справай з пачатку 1945г. стала лесанарыхтоўка. Так, 10 студзеня на агульным сходзе калгаса “Шлях Сталіна” яго старшыня Кузьма Грыцук заявіў: “Выкананне лесанарыхтовак зараз для нас самая важная справа, таму што трэба хутчэй даць дзяржаве лес, каб пусціць цягнікі і тым самым дапамагчы Чырвонай Арміі хутчэй разграміць ворага”. Вырашана было падзяліць дзялянку на кожную гаспадарку і прыступіць да работы.

На гэтым жа сходзе разглядалі факт крадзяжу 88 кг жыта са склада брыгады № 1. Вырашана было перадаць справу ў следчыя органы.

Важным было для таго часу і пытанне аднаўлення пагалоўя жывёлы ў калектыўных гаспадарках. Таму на сходзе прынялі рашэнне аб выплаце з калгаснай касы па 1 руб. за кожны кілаграм закантрактаваных цялят і зняцці мясапаставак з індывідуальнай гаспадаркі за закантрактаванае цяля.

Сход прыняў рашэнне і аб водпуску з калгаснага склада настаўнікам па 16 кг хлеба, за які тыя павінны заплаціць па 24 руб. па дзяржаўнаму кошту.

28 студзеня варатынцы на агульным сходзе абмяркоўвалі прыемныя навіны: Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб дапамозе многадзетным маці і паведамленне старшыні аб дзяржаўнай дапамозе на рамонт і будаўніцтва хат калгаснікаў. Вырашана было: кожную вольную хвіліну прысвяціць рамонту і будаўніцтву хат. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.99. лл.1- 20).

Якім бы цяжкім не выдаўся 1945 г., вынікі яго былі больш плённымі, чым у 1944-м. Калгас “Шлях Сталіна”, напрыклад, налічваў 72 двары, у якіх пражываў 251 чалавек. Ён быў падзелены на 2 брыгады, адна з якіх займалася агародніцтвам. У брыгадах працавала 114 калгаснікаў: 12 мужчын, 68 жанчын і 34 падлеткі ад 12 да 16 гадоў. За год калгас вырасціў і сабраў 137,17 ц жыта, 6,85 ц пшаніцы, 10,05 ц ячмяню, 18,72 ц аўсу, 0,2 ц проса, 4,29 ц грэчкі, 0,87 ц вікі, 2,39 ц яравога жыта, 180 ц зернебабовых,0,53 ц насення ільну, 0,35 ц тытуню, 90 ц бульбы, 4,9 ц капусты, 1, 88 ц агуркоў, 1,5 ц памідораў. Да таго ж рэалізавалі 158 кг мяса, 607 літраў малака, 9,3 кг воўны і 4 скуры буйной рагатай жывёлы. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.100. лл.1- 7).

1946 г. быў яшчэ больш даходным. Варатынцы сабралі 189 ц жыта, 17,78 ц пшаніцы, 16,74 ц ячмяню, 26,2 ц аўсу, 7,2 ц проса, 27,1 ц грэчкі,3 ц вікі, 1 ц лубіну, 1,8 ц насення ільну, 0,2 ц насення каноплі, 16,5 ц бульбы,8,4 ц капусты, 0,75 ц агуркоў, 1,05 ц памідораў. Прадалі 319 кг мяса, 3432 літры малака, 10,5 кг воўны. Пасадзілі 0,9 га грушовага саду. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.102. лл.1- 8).
На агульным калгасным сходзе, які адбыўся 23 чэрвеня 1945 г., калгаснікі калгаса “Шлях Сталіна” прызначылі паштальёнам Панцялеенку Пятра, а калгасным касірам – Шчарбенку Ігната.

На гэтым жа сходзе пастанавілі адрамантаваць клуб і пабудаваць кароўнік даўжынёй 40 метраў, зрабіць канюшню і склад для збожжа. За калгаснымі брыгадзірамі замацавалі коней. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.99. лл.17).

У лютым 1946 г. у калгасе змяніўся і кіраўнік гаспадаркі. Новым старшынёй праўлення калгаса “Шлях Сталіна” выбралі Мышкаўца М.І. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.101. л. 1).

Прыкладна такім жа чынам аднаў-лялася гаспадарка і ў дубнякоўскай сельгасарцелі імя Варашылава. Згодна бухгалтарскай справаздачы за 1945 г. у сельгасарцелі налічваўся 31 двор, у якім пражывала 85 чалавек. Гаспадарка складалася з адной брыгады, у якой працавала 49 калгаснікаў. За год дубнякоўцы вырасцілі 95,53 ц жыта, 7,64 ц ячмяню, 14,04 ц аўсу, 1,75 ц проса, 20 ц грэчкі, 121 ц зернебабовых, 60 ц бульбы. Рэалізавалі 137 кг мяса, 1485 літраў малака, 4 кг воўны. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.73. лл. 1-7).

29 студзеня 1946 г. на агульнакалгасным сходзе Макушынскага вызвалілі ад займаемай пасады, а старшынёй зноў абралі Шулякоўскага Міхаіла Рыгоравіча, які вярнуўся з фронта. (УЗДАМ. ф.1211. воп.1. с.74. лл. 2-3).

Трэба адзначыць, што былы партызан ратнымі подзвігамі даказаў сваю адвагу і ў франтавых баях. Чырвонаармеец Шулякоўскі трапіў служыць у 338-ы асобны сапёрны батальён 207-й стралковай Чырвонасцяжнай дывізіі. “У прыгарадзе Берліна, у паласе дзеяння 207-й сд, пад моцным артылерыйска-мінамётным агнём праціўніка 24.04.1945 г., — як напісаў у наградным лісце яго камандзір батальёна капітан Звераў, – чырвонаармеец Шулякоўскі выконваў баявое заданне па будаўніцтве штурмавога мастка праз канал Берлін-Штандауэр-Шыдафартэ ў той час, калі паўднёвы бераг канала знаходзіўся ў руках праціўніка.

Шулякоўскі быў бясстрашным і паказваў прыклад у будаўніцтве, чым натхніў усіх сваіх баявых таварышаў на хутчэйшае выкананне задання, што забяспечыла магчымасць нашым стралковым падраздзяленням фарсіраваць канал і павесці наступленне пяхоты на Берлін”.

За гэты подзвіг Міхаіл Рыгоравіч быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Да гэтага яго ратны шлях ужо быў адзначаны медалём “За вызваленне Варшавы”. У дальнейшым да гэтых салдацкіх узнагарод прыбавіліся медалі: “За ўзяцце Берліна” і “ За перамогу над Германіяй”.

Па бухгалтарскай справаздачы за 1946 г. у калгасе імя Варашылава паменшала колькасць двароў і жыхароў вёскі. Засталося 29 двароў, у якіх пражывалі 77 чалавек, з якіх працаздольнымі былі 5 мужчын, 31 жанчына і 3 падлеткі. Некаторыя сем’і ў пошуках лепшай долі пераехалі ў больш сытную па тым часе Заходнюю Беларусь, адкуль у свой час у Дубнякі і Варатын прыбылі іх продкі.
Паціху-патроху калгасы, як і вёскі, адраджаліся, адбудоўваліся, людзі спраўлялі вяселлі, нараджаліся дзеці, жыццё наладжвалася.

У 1950 г. калгас імя Варашылава ўзначальваў Рудакоўскі Мікалай Мікалаевіч, які да гэтага працаваў тут брыгадзірам. Старшынёй калгаса “Шлях Сталіна” быў Глушэц. (УЗДАМ. ф.1239. воп.1. с.8).

У 1953 г. калгасы “Шлях Сталіна” і імя Варашылава аб’ядналіся. Аб’яднаная гаспадарка атрымала назву калгаса імя Жданава. А ўзначаліў яе Навіцкі Іван Тарасавіч, 1921 г.н. Ураджэнец мястэчка Азарычы Іван Навіцкі ў 1940 г. быў прызваны на тэрміновую службу ў рады Чырвонай Арміі. З баямі старшына медыцынскай службы Навіцкі ў складзе войск Паўднёва-Заходняга фронта адступаў, стрымліваючы націск ворага, да Варонежа.

У лістападзе 1941-га немца пагналі з-пад Масквы. Летам 1942 г. 40-я армія, у якой ваяваў Навіцкі, трапіла ў акружэнне і была разбіта. Іван Тарасавіч цудам застаўся жывым. І, увогуле, яму пашчасціла. Ён лічыў, што нарадзіўся “ў сарочцы”. За ўсю вайну ніводнага ранення, толькі адзін раз сур’ёзна кантузіла – тры месяцы праваляўся ў шпіталі. З вайны салдат вярнуўся з баявымі ўзнагародамі: ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй”.

Пасля вайны старшына медыцынскай службы змяніў санітарную сумку на паходную сумку старшыні калгаса.

Гавораць старажылы

Шулякоўская Маргарыта Георгіеўна,
жыхарка Ператрутаўскага Варатына:

— Нарадзілася я ў 1924 г. на Урале, у г. Кунгур Пермскай вобласці. У час вайны працавала ў ваенным шпіталі. Бядовая была дзяўчына: спяваць альбо танцаваць любіла з задавальненнем. Не цуралася ніякай, нават самай цяжкай, працы. А ў вайну прыходзілася працаваць за траіх – такі быў час.

У 1943 г. да нас у шпіталь з Волагды прывезлі параненых байцоў, якіх да гэтага вывезлі з блакаднага Ленінграда цераз Ладажскае возера. Так я пазнаёмілася з маім Мішам (Шулякоўскім Міхаілам Андрэевічам – І.Г.).

Міша нарадзіўся ў 1920 г. у Дубняках. У войска яго забралі яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны.

У 1940 г. ён удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, ледзь застаўся жывы. Савецкіх байцоў на той вайне палегла процьма.

А тут новая вайна, з немцам. Ваяваў на Ленінградскім фронце, абараняў Ленінград. Быў малодшым лейтэнантам. У лютым 1943 г. яго вельмі моцна параніла ў нагу, пасля вылячэння нага ўкарацілася на 8 сантыметраў. Так ён стаў інвалідам і яго камісавалі. Але гэта не перашкодзіла нам пакахаць адзін аднаго і нарадзіць семярых дзяцей.

Міша вельмі рваўся на радзіму, у Беларусь. Але яго родныя мясціны яшчэ знаходзіліся пад немцам. І мы засталіся на Урале. Пабудавалі хату. Нарадзілі траіх дзяцей. І ўсё-такі яго сэрца не вытрымала. У 1951 г. мы сабраліся і паехалі ў Дубнякі. Тут жыла яго маці, а з ёю малодшы брат і сястра.

Бацька Мішаў у вайну быў старастам Дубнякоў. Яшчэ ў Першую сусветную вайну ён ваяваў на германскім фронце, трапіў у палон да немцаў і тры гады жыў у Германіі. Добра вывучыў нямецкую мову. Калі немцы акупіравалі Дубнякі, ён, як расказвалі потым аднавяскоўцы, па заданні Кузьмы Саўчанкі, які да вайны загадваў Варатынскай школай, а пасля быў камандзірам партызанскага атрада, стаў старастай. Але Саўчанка хутка загінуў, а пацвердзіць гэта потым было, відаць, некаму.
У вайну старасту не аднойчы на расстрэл выводзілі і паліцаі, і партызаны. Але добрыя справы, якія ён рабіў дзеля людзей, не давалі яму бясслаўна загінуць.

Калі немцы прыязджалі ў вёску, каб забраць даніну, якую павінен быў сабраць стараста, ён напіваўся ўшчэнт, і немцы, патузаўшы яго па хаце, з воклічам “Русішэ швайн” самі ішлі па хатах, каб адабраць у сялян харчаванне.

Калі даведваўся, што будзе аблава, у час якой забяруць моладзь для адпраўкі ў Нямеччыну, ён усіх папярэджваў, і людзі хаваліся па лесе.

Ужо напярэдадні вызвалення Варатына немцы правялі чарговую аблаву. Яны завіталі да старасты Дубнякоў, каб ён іх правёў нябачнымі сцежкамі ў Варатын. І Андрэй Шулякоўскі павёў карнікаў… Ён завёў іх у такое балота, што адтуль ужо ніхто не змог выбрацца назад. Сам стараста выпаўз з гэтага балота мокры, замёрзшы і паўжывы толькі праз двое сутак, а праз некалькі дзён памёр ад вострай пнеўманіі. Хараніць яго на могілкі неслі савецкія салдаты, якія вызвалілі Дубнякі і Варатын.
Калі мы прыехалі ў Дубнякі з Урала, пасяліліся ў хаце Мішавай маці. Хатка невялічкая, а ў ёй – яна з двума дзецьмі ды нас пяцёра. От натаўкліся мы разам ды намучаліся.

Толькі ў 1959 г. перабраліся ва ўласную хату і сталі весці сваю гаспадарку асобна. Але ж за ўсе гады сумеснага і ў дальнейшым паасобнага жыцця я ні разу не пасварылася са свякрухай, ды і наогул ні з кім з аднавяскоўцаў. Жылі ў міры і згодзе, шмат працавалі, недаядалі, адзення з абуткам не хапала ўдастатку, а вечарам сабярэмся ў каго-небудзь, запалім лучыну на прыпечку, электрычнасць у Дубнякі і Варатын прыйшла толькі ў 1963-64 гг., і прадзем кудзелю, вышываем, іншую працу робім, і пяем-пяем, нібы і праблем ніякіх не маем, і пра ежу з вопраткай думаць не трэба. Умелі радавацца мірнаму жыццю ў той час. Дружылі між сабой. Апошнім кавалкам дзяліліся. Талакой усё рашалі.

Я ж завадная была. Любіла песню, любіла скокі. Я і сёння частушкі сачыняю. Каб не аслепла і зараз, у свае 92 гады, пайшла б да дзяўчат, каб разам наспявацца ды нагаварыцца.

Шулякоўская Ніна Міхайлаўна,
жыхарка в. Дубнякі:

— Гэта сёння ў Дубняках засталося ўсяго 7 хат, з якіх толькі разам з маёй 4 жылыя. А раней – добрая была вёска, багатая. Хаты стаялі і па той бок шашы, — Ніна Міхайлаўна паказвае ў бок дарогі, што вядзе на Калінкавічы. — Зараз там поле, на якім сеюць збажыну, а раней стаялі людскія хаты ды мясціліся агароды.

Нарадзілася я перад вайной, у 1937 г. Бацька мой, Шулякоўскі Міхаіл Рыгоравіч, нарадзіўся ў 1910 г. тут жа, у Дубняках. Маці, Тарасевіч Марыя Іванаўна, таксама была з Дубнякоў.

У 30-я гады яе бацьку прымусам застаўлялі ўступіць у калгас. А ён не згаджаўся. Як расказвала мне маці, многія тады ў нас гаварылі:”Хіба ж калгас пракорміць сям’ю?”. Людзі расказвалі, што матчынага бацьку вельмі білі гумавымі шлангамі, усё застаўлялі, каб здаў жывёлу ў калгас. І дзеці, і жонка прасілі яго: “Пагадзіся!” А ён не згаджаўся. Так і загінуў праз той калгас.

Мае бацька з мамай да вайны працавалі ў гэтым калгасе, былі радавымі калгаснікамі. Пабудавалі добрую хату.

Калі пачалася вайна, бацьку прызвалі ў армію. З чэрвеня па жнівень 1941 г. ён разам з байцамі свайго воінскага падраздзялення адбіваўся ад пераўзыходзячых сіл праціўніка, пакуль часць не трапіла ў акружэнне. Бацька да таго ж 30 жніўня атрымаў кулявое раненне ў левую нагу. Застаўшыяся ў жывых байцы, каб не трапіць у палон, пад покрывам ночы прарвалі варожы заслон і далей прабіваліся паасобку. Бацька вярнууўся дамоў. А потым разам з Гавароўскім Арсенам пайшоў ў партызаны, дзе да лютага 1944 г. біў ворага.

Калі немцаў выгналі з нашай зямлі, бацьку пакінулі ўздымаць дашчэнту разбураную калгасную гаспадарку. Ды што там гаспадарку. У час вайны снарад трапіў у наш дом, добра, што мы тады ўсе хаваліся ў лесе, дык ад дома засталася толькі куча паленняў.

Аднавяскоўцы выбралі бацьку старшынёй нашага калгаса імя Варашылава. Я тады малая была, мала што разумела, але памятаю, як жанчыны (мужыкоў амаль не было ў калгасе, усе былі на вайне) лапатамі ўручную капалі калгаснае поле, а потым засявалі яго.

А яшчэ памятаю, бацька з паленняў разбуранай хаты зрабіў вось гэту, невялічкую па памерах, хатку, у якой я зараз засталася адна.

Хаця нас у сям’і было пяцёра, усе паразляталіся, адна толькі сястра Ганна, якая нарадзілася ў 1945 г., жыве побач у Варатыне. Яны з братам добра вучыліся. Брат закончыў 11 класаў, але нікуды не паступаў. А Ганна вывучылася на настаўніцу. Працавала ў нашай Варатынскай школе. Я ж толькі скончыла ў ёй чатыры класы. У пяты трэба было хадзіць у Савічы. Але тады стаялі лютыя маразы. І я болей не пайшла нікуды. Так і засталася невукам.

Мы яшчэ падлеткамі былі, а нас калгасныя брыгадзіры занараджвалі на працу. У стаж гэта праца не ўлічвалася, а мы працавалі.

Жыву сама, без мужа і дзяцей, не спадобіў Гасподзь. Бацька памёр гадоў 20 назад.

Яновіч Адам Фёдаравіч,
жыхар г. Мазыра:

— Нарадзіўся я ў 1935 г. у в. Белы Пераезд Капаткевіцкага раёна. Да вайны бацькі пераехалі ў Капліцкі Варатын. Тады ўжо распачыналіся работы па меліярацыі. І бацька працаваў слесарам у меліярацыйнай арганізацыі пад назвай АРЭСА.

Я яшчэ быў малы, у школу не хадзіў , але яна да вайны знаходзілася ў Капліцкім Варатыне.

Калі пачалася вайна, вясковых мужчын забралі на фронт, пайшоў змагацца з агрэсарам і мой бацька Яновіч Фёдар Нічыпаравіч, 1907 г.н.

Усю вайну немцы здзекваліся з мясцовага насельніцтва: збівалі, убівалі, рабавалі, гвалтавалі. А ў маі 1943 г. карнікі ў Ператрутаўскім Варатыне спалілі 38 хат і загубілі 13 жыхароў вёскі. Роўна столькі ж двароў і жыхароў яны знішчылі тады і ў Дубняках.

Большую частку вайны мясцовыя жыхары хаваліся па балотах ды ў лесе, дзе парабілі сабе зямлянкі.

Калі нас вызваліла Чырвоная Армія, і лінія фронту спынілася на рубяжы нашых вёсак, нас адсялілі. Дзе мы толькі не былі: і ў Бабровічах, і ў Перадзельным, і ў Булаўках, і ў Гарохаве, і ў Каплічах.

Але ўсяму прыходзіць канец. Прыйшоў канец і вайне.

Бацьку пашчасціла вярнуцца дахаты жывым, хаця і інвалідам. Ён пачаў працаваць кавалём у калгаснай кузні. Кавальскай справе яго вучыў мясцовы жыхар Бобер Станіслаў. Непадалёку ад Варатына ў канаве стаяў падбіты танк. Дык памятаю, як з яго цягалі розныя жалязякі ў кузню, дзе бацька каваў розныя патрэбныя запчасткі і сельгасінструмент. Затым бацька пачаў працаваць у Халодніцкай МТС.

Мы, малыя, падлеткі і пераросткі, пасля вайны пачалі хадзіць у школу. Размясцілася яна ў хаце загадчыка школы Ганчара Уладзіміра Дзянісавіча, ураджэнца в. Слабада Мазырскага раёна. Хату гэтую ён купіў у некага з Капліцкага Варатына. Разам з ім дзяцей вучыла і яго жонка Надзея Фёдараўна, ураджэнка Варатына. А яе сястра Фаіна працавала бухгалтарам у калгасе.

Ужо пасля, калі калгасы аб’ядналі і стварылі саўгас “Трамлянскі”, бацька, як інвалід атрымаў мотакаляску і стаў ездзіць на ёй на працу ў Міхайлаўскае.

Я быў старшым у сям’і, за мной ішлі яшчэ чатыры сястры. Бацька вельмі хацеў, каб я вучыўся. Калі закончыў пачатковую школу ў Варатыне, пайшоў у пяты клас у Каплічы. Вясной і восенню хадзіў за восем кіламетраў штодня праз лес. Асабліва страшна было, калі пераходзіў Косую гору, аж косы на галаве дыба падымаліся — ваўкоў баяўся. А яны ж, такі, там і знаходзіліся. Дзядзька мой, матчын брат, быў заўзятым паляўнічым, дык вось ён аднойчы і прывалок з-пад Косай гары воўчы вывадак.
Памятаю, сяджу зімой у Каплічах у хаце дзядзькі Рыбака, дзе кватараваў, і плачу-плачу. Адзін, усе свае дома, у Варатыне. Але затое ў Каплічах былі добрыя настаўнікі. Дырэктарам школы быў Хмялеўскі, які, здаецца, з’яўляўся ўраджэнцам Скрыгалава Мазырскага раёна. Фізіку ў нас выкладаў Цімашэнка з Кротава, рускую мову і літаратуру – Анастасія Стрэльчанка, беларускую мову і літаратуру — Іван Шчарбенка з Капліч.

Калі я ўжо быў у 6 класе і жыў на кватэры ў дзядзькі Труса, у вёску прыехаў нейкі спецыяліст па меліярацыі. Ён пачаў вывучаць мясцовае наўколле, каб стварыць праект меліярацыі навакольных балот. Электрычнасці тады яшчэ ў Каплічах не было, дык, памятаю, мой гаспадар прынёс газоўку, наліў у яе газы, запаліў, паставіў мне на стол і сказаў: “Вучыся, хлопец!”

І я вучыўся. Калі закончыў сямігодку, вельмі хацеў падацца ў Мінск, каб вывучыцца на аўтамеханіка. Я ж увесь вольны час круціўся ля бацькі, які працаваў з жалязякамі. Вось і сам хацеў стаць жалезных спраў майстрам. Але маці, як пачула пра мае планы, як дала голасу: ”А ты ж прападзеш сам у тым Мінску”. І мне нічога не заставалася рабіць, як выбраць Мазыр. А ў Мазыры ў той час былі толькі педвучылішча ды медыцынскае вучылішча. Вось і стаў я вучыцца на фельчара.
З дзіцячых успамінаў яшчэ ўрэзалася ў памяць вось што: у нас у вёсцы было шмат пчаляроў. Бацька таксама трымаў некалькі вулляў. Тады за ўсё трэба было плаціць падатак, дык каб схавацца ад яго, людзі размяшчалі пчаліныя сем’і хто дзе. Напрыклад, па дуплах дрэў у лесе. Асабліва шмат іх было ў вольхах і дубах. Бацька мой хаваў свой пчальнік пад страхой на хляве. Памятаю, мёду было столькі, што не ведалі, куды яго падзець, вазілі ў Якімавічы на кірмаш і прадавалі там за бясцэнак, як казала маці.

Сястра мая Марыя, якая нарадзілася ў 1944 г., закончыла Мазырскі педінстытут, працавала ў Азарыцкай дапаможнай школе. Калі яна вучылася ў Мазыры, разам з ёй у педінстытуце навучалася ўраджэнка Варатына Кізляк Ганна Нікіфараўна (Буцько — па мужу). Яна затым працавала настаўніцай пачатковых класаў у Варатыне. Рана памерла.

Сястра Філена, якая нарадзілася ў 1951 г., жыве ў Калінкавічах, працавала ў дашкольных установах, непрацяглы час — загадчыцай дзіцячага сада мясакамбіната.

Сястра Юля, 1938 г.н., жыве ў Мінску. Закончыла бібліятэчны тэхнікум.

Сястра Ніна, 1936 г.н., жыве ў в. Залессе Акцябрскага раёна. Працавала ў бухгалтэрыі, сталоўцы. Зараз ужо ўсе на пенсіі.

Ад аўтара: Сам Адам Яновіч вывучыўся на доктара. Працаваў урачом-тэрапеўтам, загадчыкам тэрапеўтычнага і паліклінічнага аддзяленняў чыгуначнай бальніцы ў Калінкавічах, старшынёй Калінкавіцкай міжраённай медыцынска-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, удастоіўся звання “Выдатнік аховы здароўя”. З 1996 г. знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Кундзельская (Кізляк – у дзявоцтве) Вольга Васільеўна,
жыхарка Капліцкага Варатына:

— Мне ўжо быў пяты год, калі бацькі пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Капліцкі Варатын.
Бацька мой, Кізляк Васіль Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1906 г. у Сышчыцах Крукавіцкай воласці. Там жа нарадзілася і маці, Просся Макараўна.

Бацькаў бацька, а мой дзед, да вайны часта ездзіў з Сышчыц ў багатыя Варатыны на заробкі. Тарфяныя землі тут у адрозненне ад сышчыцкіх супесяў былі на некалькі парадкаў урадлівей. А што трэба было спрадвечнаму селяніну. У Капліцкім Варатыне і аблюбаваў месца для будаўніцтва хаты.

Пасярэдзіне вёскі залажыў бацька хату. Да вайны ўзвёў зруб. А накрыць не паспеў, забралі на фронт. Бацька, хаця і працаваў у мясцовым калгасе радавым калгаснікам, быў чырвоным камандзірам. Кожнае лета яго забіралі на тры месяцы ў войска. Усё рыхтаваліся да вайны. А яна пачалася нечакана. Бацьку ў першы ж дзень мабілізацыі прызвалі. І больш мы яго не ўбачылі. Толькі пасля вайны прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак.

Не вярнуўся з фронта і яго малодшы брат Андрэй, які да вайны загадваў Варатынскай школай. Таксама прапаў без вестак.

Нарадзілася я ў 1931 г. Да вайны паспела скончыць толькі першы клас.

У вайну, памятаю, днём прыходзяць паліцаі і выграбаюць усё з хат, а ноччу – партызаны. Не глядзелі, што дзяцей куча, апошнюю дзяружку з-пад іх забіралі. Да гэтага часу памятаю, як страшна тады галадалі.

А пасля вайны ўжо не было калі вучыцца. У бацькоўскай сям’і нас было пяцёра дзяцей. Я — самая старэйшая. Бацька загінуў. Таму прыйшлося дапамагаць маці падымаць малых – арала, сеяла, убірала ураджай, выконвала любую работу.

Маці наняла людзей – дастройвалі хату. Меншыя браты і сёстры хадзілі ў школу. Брат Пятро, напрыклад, вывучыўся на настаўніка, шмат гадоў працаваў дырэктарам Міхнавіцкай і Халодніцкай школ у Калінкавіцкім раёне. Брат Лёня закончыў лесагаспадарчы тэхнікум, працаваў па спецыяльнасці ў розных месцах. У апошні час на Гомсельмашы, зараз жыве ў Гомелі. Сястра Марыйка закончыла медвучылішча і ўсё жыццё працавала ў Крукавіцкім ФАПе. Сястра Люба – паштальёнам у Азарычах.

Я ж выйшла замуж за хлопца з Капліцкага Варатына Кундзельскага Анатоля Андрэевіча. Мы пабудавалі вось гэтую хату. Не глядзіце, што яна стаіць зараз на водшыбе. Гэта пасля таго, як у 80-я гады праклалі асфальт з Капліч цераз Дубнякі на Варатын, ездзіць пачалі па той дарозе. А раней, калі не было асфальту на Каплічы, Садкі, Кротаў і Калінкавічы, ездзілі паўз нас. Так што мы былі тады ў цэнтры ўсіх падзей і руху праз нашы вёскі.

Кундзельскі Мікалай Якубавіч (Якаўлевіч – па пашпарту),
жыхар в. Ператрутаўскі Варатын:

— Бацька мой, Якуб, памёр яшчэ да вайны. Працаваў кавалём у калгасе. Неяк моцна прастудзіўся, паляжаў некалькі дзён, ды і сыйшоўся кашлем, бальніца ж была толькі ў Азарычах, а як туды трапіць — нармальных дарог не было. У самым канцы 30-х пачалі толькі насыпаць дарогу паміж Капліцкім і Ператрутаўскім Варатыном, а нармальная дарога з’явілася ў нас толькі ў 80-я, з пачаткам будаўніцтва саўгаса.

Памятаю, як немцы першы раз прыйшлі ў вёску. Яны ўсе ехалі на веласіпедах з боку Колак. Спачатку вялі сябе мірна. А вось, калі паявіліся партызаны, тады пачалася страляніна. Камандзірам у партызан быў Касьянчык Леанід з Вішы. Ён да вайны працаваў настаўнікам. Партызаны часта бывалі ў Варатыне. Але як толькі паяўляліся немцы, партызаны сыходзілі, немцы з’язжалі з вёскі – паяўляліся партызаны.

Недзе ў 1943 г. разлютаваныя немцы з наступленнем Чырвонай Арміі схапілі трох старых: Кізляка Васіля, Панцялеенку Рыгора і трэцяга – не мясцовага, і расстралялі ў бліжэйшым ляску.

А калі нашы пайшлі ў наступленне, то людзі пачалі хавацца, хто дзе. Нехта знайшоў сховішча ў лесе, а многія засталіся ў вёсцы — хаваліся ў падполлі хат ці ў склепах, дзе ўзімку захоўвалі бульбу і гародніну.

Немцы, уцякаючы, кінулі гранату ў адзін з такіх склепаў, яна трапіла маладой жанчыне па прозвішчу Юркевіч (Стрэльчанка –дзявочае, родам з Капліч) за варатнік і ёй адарвала галаву, а яе маці грудзь. Некалькі чалавек, што былі ў склепе разам з імі, атрымалі асколачныя раненні ног і рук. А грудное дзіцятка, што няшчасная маці трымала, сагнуўшыся над ім, на руках, засталося жывым.

У час вайны, у 1943-1944гг., у Варатыне хавалася шмат мадзьяраў, якія збеглі з нямецкай службы. Яны за харчаванне і начлег дапамагалі людзям па гаспадарцы. Ім, небаракам, таксама хапіла ліха. Прыходзілі немцы – яны хаваліся ад іх. Прыходзілі партызаны – хаваліся ад гэтых.

Як Калінкавіцкі раён вызвалілі ад немцаў, многіх дзяўчат з Ператрутаўскага, Капліцкага Варатына і Дубнякоў забралі ў армію. Яны пайшлі з войскам на Захад – хто ў якасці санітарак, хто прачкамі. Забралі і дваіх маіх сясцёр: Вольгу і Любу. Абедзьве дайшлі да Берліна. Пасля вайны адна выйшла замуж, а праз два гады пасля нараджэння дзіцяці раптоўна памерла.
Я па пашпарту запісаны, што нарадзіўся ў 1935 г., а на самой справе – з 1933 г.
Памятаю, як яшчэ да вайны адсыпалі дарогу паміж Ператрутаўскім і Капліцкім Варатыном. Для нас, хлапчукоў, гэта была найцікавейшая падзея.
Маці да вайны мяне не пусціла ў школу – трэба было пасвіць свіней ды гусей. А пасля вайны пайшоў, а там ні паперы, ні кніжак, адна кніжка на ўсю вёску, дык я нават і чытаць не навучыўся. Трэба было зарабляць на пракорм. У сям’і ж было сямёра дзяцей. Дык калгасны брыгадзір адмерае мне 8 кілаграмаў жыта, і я пасу месяц цялят. А там па новай.
Маці хадзіла ў калгас. Трэба было за дзень ускапаць уручную сотку дзярніны. Дык на дапамогу ёй прыходзіла ўся малеча. Трэба ж было неяк гадавацца.
Пасля таго, як лінія фронту аддалілася ад нашых вёсак, мы, хлапчукі, давай збіраць па акопах ды па лесе зброю. Чаго толькі там не было: і аўтаматы, і вінтоўкі, і пісталеты, а патронаў ды гранат – варахамі валялася. Ну і папастралялі мы, папакідалі гранат. Толькі стрэльбы гэтыя нярэдка заканчваліся трагедыямі. Мне самому ў першы раз асколкам распаласавала брыво. А ў другі раз – жыкнула па жывату так, што і кішкі вываліліся. Заціснуў я іх аберуч, прыбег з гарачкі дахаты, неяк узабраўся на печ, і там страціў прытомнасць. Ачомаўся толькі на шосты дзень. Зашыла мне маці жывот калёнай іголкай з суровай ніткай і, відаць, так было ўгодна Богу, вышкрабся я з той бяды, вось, як бачыце, і зараз яшчэ жыву. А сябруку майму рукі па локаць адарвала. Шмат дзяцей тады вайна пакалечыла.

Саўчанка Леанід Кузьміч,
жыхар г. Калінкавічы:

— Бацька мой, Саўчанка Кузьма Нікіфаравіч, нарадзіўся ў 1914 г. у в. Баравая Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні. У 1932 г. ён закончыў Мазырскі педагагічны тэхнікум і быў накіраваны на працу загадчыкам Варатынскай школы ў Даманавіцкі раён. Тут ён пазнаёміўся з маёй мамай Некрашэвіч Любоўю Пятроўнай, якая нарадзілася ў 1917 г. У 1935 г. нарадзіўся мой старшы брат Мікалай , а праз тры гады і я.
У 1938 г. бацьку забралі на працу ў Даманавіцкі РК КПБ – прапагандыстам. Мы з маці жылі і ў Азарычах, але болей у Варатыне.
Калі пачалася вайна, бацьку па спецзаданні Палескага абкама КПБ пакінулі на акупіраванай тэрыторыі для арганізацыі падпольнага і партызанскага руху. Разам з ім для ажыццяўлення гэтай работы ў тыле ворага быў пакінуты і перадваенны старшыня калгаса “Шлях Сталіна” Траццякоў Андрэй Ігнатавіч, які і ўзначаліў падпольную групу ў Капліцкім сельсавеце.
У склад падпольнай групы Капліцкага сельсавета ўвайшлі: дырэктар Капліцкай сямігодкі Рыбакоў Арцём Давыдавіч, 1909 г.н. (ён трагічна загінуў 16 верасня 1941 г. у Ст. Навасёлках), загадчык Кротаўскай пачатковай школы Сакалоў Пётр Пракопавіч (трагічна загінуў у 1945 г.), старшыня калгаса “Чырвоны Кротаў” Трус Раман Рыгоравіч, сакратар Капліцкага сельсавета, жыхар Кротава, Цімашэнка Максім Сяргеевіч, 1901 г.н. (трагічна загінуў), загадчык Капліцкага сельмага Зайцаў Пётр Дарафеевіч, 1899 г.н. (расстраляны ў студзені 1943 г.), акружэнец – старшы лейтэнант Чырвонай Арміі Стральцоў Пётр (загінуў у 1942г. у баі са славакамі на хутары Вецяльская), жыхар Дубнякоў Корбут Валянцін Аляксандравіч, 1925 г.н.
Аб гэтым я даведаўся з даведак Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (ф.1450. воп.5. с.201.лл.19-20,28-29,69; ф.1450,воп.789.лл.34-40; ф.1450. воп.6. с.247.л.6; ф.1450.воп.7.с.500.л.205; ф.1450. воп.11. с.333.л.8) і архіва ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці (Газета “Калінкавіцкія навіны”.”Сын за отца”. 3 красавіка 2010 г.), а таксама з асабістых сведчанняў ураджэнкі Дубнякоў Гавароўскай Ванды Рыгораўны, 1928 г.н., ураджэнцаў Варатына: Каханоўскага Яўгена Іванавіча, 1933 г.н., Лазянік (Кундзельскай) Любові Якаўлеўны, 1925 г.н., Юркевіча Канстанціна Адамавіча, 1926 г.н., ураджэнца Кротава Цімашэнкі Міхаіла Максімавіча і камандзіра Даманавіцкай 101-й партызанскай брыгады Чарна-усава Міхаіла Аляксеевіча.
У склад падпольнай групы таксама ўваходзілі: мая маці Саўчанка (Некрашэвіч) Любоў Пятроўна; яе сястра, камсамолка Некрашэвіч Вера Пятроўна, 1924 г.н.; брат маці, камсамолец, старшы піянерважаты Казанскай школы Некрашэвіч Браніслаў Пятровіч, 1922 г.н.
У верасні 1941 г. камандзір групы Траццякоў трагічна загінуў у вёсцы Варатын. Пасля яго смерці кіраўніцтва групай на сябе ўзяў мой бацька. У снежні 1941 г. яго група ўлілася ў склад партызанскага атрада Сафрона Паддубнага, у якім бацька стаў камісарам.
Пасля няўдалага налёту на Крукавіцкі паліцэйскі гарнізон і гібелі Паддубнага астаткі атрада ўліліся ў партызанскі атрад Каваленкі А.Ф., які быў створаны ў кастрычніку-снежні 1941 г. на базе ініцыятыўнай групы, выдзеленай з партызанскага атрада “Чырвоны Кастрычнік”, што стварылі першыя Героі Савецкага Саюза – партызаны Бумажкоў і Паўлоўскі.
У красавіку 1942 г. камандзір атрада Афанасій Фаміч Каваленка, які 21 чэрвеня 1942 г. загінуў у баі з фашысцкімі захопнікамі, даручыў майму бацьку, Саўчанку Кузьме, на чале групы з пяці чалавек, у якую ўваходзілі Некрашэвіч Браніслаў і Корбут Валянцін вярнуцца ў Даманавіцкі раён “для ўздыму партызанскага руху і збору зброі”. Група спынілася ў лесе паміж Варатыном і Дубнякамі. Сувязь з атрадам ажыццяўляў бацька, ён жа, як сведчыць архіўная даведка з КДБ, “падтрымліваў сувязь з групай Белаусава з Калінкавіцкага раёна”.
У 1942 г. у нашай сям’і пачаўся адлік першых трагедый. Спачатку не стала майго дзеда па матчынай лініі, Некрашэвіча Пятра Лазаравіча. Быў ён родам з Варатына, нарадзіўся ў 1873 г. Меў рост пад два метры і быў вельмі дужым чалавекам. А бабуля Зося (Соф’я Ануфрыеўна), якая нарадзілася ў 1876 г. у Міхайлаўскім, наадварот, была невялічкага расточку.
У вайну дзеду было пад 70 гадоў. Ён перанёс тыф і дрэнна гаварыў.
Церабаўскія паліцаі ў той дзень наляцелі на Варатын, каб сабраць моладзь для прымусовай адпраўкі ў Германію. Дзед у гэты час гнаў самагон у хмызняку ля вёскі. Паліцаі паланілі яго, забралі з сабой, апасля абвінавацілі ў сувязі з партызанамі і па дарозе да Церабава расстралялі на балоце.
У гэты год не стала і брата маёй маці Браніслава. Камсамолец – падпольшчык раптоўна захварэў і выратаваць яго так і не ўдалося – ён памёр. Пахавалі яго ў Варатыне.
Бацька мой тым часам знаходзіўся ў Даманавіцкім партызанскім атрадзе. Ён быў літсупрацоўнікам газеты “Партызан” – друкаванага органа Калінкавіцкага падпольнага РК КПБ, і партызанам атрада імя В.І.Чапаева 101-й Даманавіцкай брыгады. У час выканання чарговага задання свайго камандавання ён сутыкнуўся ля Дубнякоў з савіцкімі паліцаямі і загінуў у няроўным баі.
Гэта адбылося 3 кастрычніка 1943 г. Жыхар Калінкавіч, ураджэнец Варатына, Юркевіч Канстанцін Адамавіч, які ў кастрычніку 2016 г. адзначыў сваё 90-годдзе, асабіста даставіў цела бацькі пасля таго бою ў Варатын, дзе яго і пахавалі.
У 1943 г. загінула і маміна сястра, сувязная Даманавіцкай партызанскай брыгады Вера Некрашэвіч. Яе ў час выканання чарговага задання схапілі азарыцкія паліцаі. Там, у Азарычах, нямецкія прыхвастні яе расстралялі і спалілі.
У верасні 1944 г. мы ўсе, малыя і пераросткі, такія, як я, пайшлі ў мясцовую пачатковую школу. Праз чатыры гады некаторыя прадоўжылі навучанне, хто ў Капліцкай, як я, а хто ў Савіцкай сямігодках, як, напрыклад, мая жонка Зінаіда.
Дзявочае прозвішча маёй жонкі Валенціонак. Нарадзілася яна ў Зашчоб’і (сёння – Рэчыцкі раён) у 1938 г. Маці ж яе Гатальская Марыя Іосіфаўна нарадзілася ў 1918 г. у Ператрутаўскім Варатыне ў сям’і моцнага селяніна-аднаасобніка Гатальскага Іосіфа Іванавіча , 1873 г. н.
Іосіфа Іванавіча і яго сына Васіля, 1909 г.н., 13 сакавіка 1933 г. арыштавалі як злосных кулакоў, а 25 сакавіка , аб’явіўшы класавымі ворагамі, расстралялі.
Сям’ю Іосіфа Гатальскага: яго жонку Надзею Антонаўну, 1876 г.н., дачок Марыю, 1918 г.н., Юлію, 1915 г.н., этапіравалі на тры гады на Поўнач, за 700 кіламетраў ад Волагды.
З сям’і Гатальскіх толькі маёй цешчы і пашчасціла стаць доўгажыхаром, яна памерла ў 2008 г., крышачку не дацягнуўшы да свайго 90-годдзя.
Толькі ў 1964 г. Вярхоўны суд Беларусі перагледзеў справы яе бацькі і брата і прызнаў іх не віноўнымі. Абодва пасмертна, як і мноства ахвяр сталінскіх рэпрэсій, былі рэабілітаваны.
Пасля вайны маці Зіны разый-шлася з мужам і пераехала з дачкой у Варатын. Тут мы і пазнаёміліся.
Разам з маёй Зінаідай у Савіцкую сямігодку хадзілі мой сусед Крукоўскі Пятро, мой лепшы сябра з Дубнякоў Шулякоўскі Аўгуст Якаўлевіч.
Дарэчы, Аўгусцін пасля заканчэння Азарыцкай дзесяцігодкі закончыў школу лётчыкаў пры Гомельскім ДТСААФе. А калі яго прызвалі на тэрміновую ваенную службу, то накіравалі ў Качынскае ваеннае лётнае вучылішча. Аўгусцін правучыўся там тры курсы і вучылішча раптам расфарміравалі. Яго без экзаменаў прынялі ў Маскоўскі станкабудаўнічы інстытут. Затым ён працаваў у Інстытуце сталі, займаўся ўсё жыццё касмічнымі распрацоўкамі. І сёння жыве ў Маскве.
Па суседству з намі жылі Прахарэнкі. Іх сын Валодзя, на два гады старэй за мяне, закончыў Чарнавіцкае ваеннае вучылішча. Служыў у Германіі, дзесьці на Бліжнім Усходзе. Даслужыўся да падпалкоўніка. Жыў ва Украіне, у г. Жданаўка Днепрапятроўскай вобласці. Два гады назад памёр.

Па суседству жыў і мой аднагодак Грацкі Анатоль Мікалаевіч. Ён таксама стаў прафесіянальным ваенным – прапаршчыкам Ваенна-Паветраных Сіл, борттэхнікам па верталётах. Служыў у Літве, у Панявежысе, два гады таму памёр.
Разам мы жылі і выхоўваліся ў маёй бабулі Зосі з маім дваюрадным братам Некрашэвічам Сямёнам Уладзіміравічам. Ён пасля школы закончыў Днепрапятроўскае вучылішча геадэзіі і застаўся на Украіне.
Побач з намі жыў і наш аднакашнік Крукоўскі Філарэт Іванавіч. Памятаю, у дзяцінстве мы яшчэ дражнілі яго “Філос”. Філарэт закончыў педінстытут і настаўнічаў да Чарнобыльскай аварыі ў Нароўлі, затым пераехаў у Мінск.
Настаўнікам стаў і Валатковіч Мікалай Дзям’янавіч. Праўда, гэтыя хлопцы былі старэйшыя за мяне.
Настаўніцай стала і Гава-роўская Клаўдзія Іванаўна з суседніх Дубнякоў. Яна вый-шла замуж за настаўніка з Нараўляншчыны. Яе муж, Лагір Міхаіл Іванавіч,1921 г.н., быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, з 1946 г. працаваў па камсамольскай лініі на Гомельшчыне. Скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС. З 1952 г. – інспектар ЦК КПБ, 1-ы сакратар Лагойскага РК КПБ, намеснік загадчыка аддзела партыйных органаў ЦК КПБ. З 1960 г. – сакратар, 2-гі сакратар Мінскага абкама КПБ. З 1968 г. – старшыня Камітэта народнага кантролю БССР.
Іх сын Вячаслаў Міхайлавіч, які нарадзіўся ў 1946 г., стаў контр-адміралам Ваенна — Марскога Флоту Расійскай Федэрацыі.
… Нягледзячы на тое, што Варатын быў вызвалены ў студзені 1944 г., а немца пагналі далей ад нашай вёскі ў чэрвені, вайна працягвала забіраць свае ахвяры ў нашай і іншых варатынскіх сем’ях. Восенню 1944 г. на міне падарваўся мой 9-гадовы брат Мікалай. Мы засталіся ўтраіх : маці, бабуля Зося і я. Затым, праўда, маці выйшла замуж за франтавіка-артылерыста Казюкова Сямёна Васільевіча. А ў 1947 г. у мяне паявілася сястрычка Ніна, яшчэ праз два гады – сястра Людміла, у 1952 г. – брат Жэня, а ў 1956 г. – сястра Галя.
Ніна з цягам часу закончыла Іванаўскі тэхнікум лёгкай прамысловасці і пачала працаваць тэхнолагам на Ягор’еўскай ткацкай фабрыцы пад Масквой. Пазней да яе на гэту фабрыку прыехалі працаваць і брат Жэня з сястрой Галяй.
Ніна зараз жыве ў Маскве, дзе жывуць і працуюць абедзьве яе дочкі: Іна і Жэня. Абедзьве закончылі школу з залатым медалём.
Іна скончыла Інстытут геадэзіі і картаграфіі, затым эканамічны і яшчэ адзін, адным словам, мае тры вышэйшых адукацыі.
Жэня закончыла МІФІ і абараніла кандыдацкую дысертацыю.
Брат Жэня і сястра Галя жывуць у Ягор’еўску. Дачка Жэні Галя – падпалкоўнік ФСБ, сын Аляксандр – спартыўны доктар.
Сястра Людміла пераехала ў свой час да сястры бацькі на яго радзіму – у Омск, там выйшла замуж, жыла і працавала. У мінулым годзе яе не стала.
Ад аўтара: Сам Леанід Саўчанка, скончыўшы пачатковую школу ў роднай вёсцы, працягнуў навучанне ў Капліцкай сямігодцы. У 1953 г. паехаў у Маскву. Там жылі і працавалі родныя браты бацькі. Герасім Нікіфаравіч выкладаў у Ціміразеўскай акадэміі, Васіль Нікіфаравіч быў начальнікам факультэта ў Інстытуце ваенных перакладчыкаў.
У Маскве Леанід закончыў сярэднюю школу і паступіў у Серпухаўскае ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча. У 1959г. лейтэнант-радыётэхнік Саўчанка быў накіраваны на службу ў Хабараўскі край. Там ён абслугоўваў самалёты КБ Мясішчава – М-3 і М-4, а таксама ТУ-16.
У 1965 г. Леанід Кузьміч паспяхова скончыў знакамітую Ваенна-паветраную акадэмію ім. Жукоўскага, а праз пяць гадоў перайшоў на выкладчыцкую працу. Выкладаў у ваенных навучальных установах Армавіра і Даўгаўпілса.
У сярэдзіне 80-х гадоў па заданні Урада два гады працаваў у інстытуце Ваенна-Паветраных Сіл Ірака.
У 1990 г. палкоўнік Саўчанка выйшаў у запас, а пасля перабраўся на сваю гістарычную радзіму. Зараз жыве ў Калінкавічах.

Саўгас «Радзіма»

Згодна Усесаюзнаму перапісу насельніцтва, у 1959 г. у Ператрутаўскім Варатыне пражывалі 132 жыхары, у Капліцкім Варатыне – 195.
У 1960 г. Даманавіцкі раён быў расфарміраваны. На базе 12 яго калгасаў быў створаны саўгас “Азарычы”, які ўзначаліў былы першы сакратар Даманавіцкага РК КПБ Пастухоў Іван Паўлавіч. Капліцкі і Савіцкі сельсаветы ўвайшлі ў склад Калінкавіцкага раёна.
У 1961 г. у сувязі з выдзялененнем з саўгаса “Азарычы” часткі зямель і стварэннем на іх базе саўгаса “Каплічы”, які ўзначаліў Павел Александроў, вёскі Дубнякі, Ператрутаўскі і Капліцкі Варатын сталі аддзяленнем новастворанага саўгаса.
Так працягвалася да сту-дзеня 1964 г., калі быў створаны саўгас “Трамлянскі” з цэнтрам у Савічах. Варатын і Дубнякі ўвайшлі ў склад саўгаса “Трамлянскі”, а вёскі ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падпарадкаванні былі перададзены Савіцкаму сельсавету.
Хто яго ведае, як бы склаўся дальнейшы лёс гэтых вёсак і яе жыхароў, калі б у канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя “наверсе” не было прынята рашэнне аб будаўніцтве на месцы акаляючых Дубнякі і Варатыноў балот сучаснага сельскагаспадарчага прадпрыемства па вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі.
У 1987 г. загадчык сельгас-аддзела газеты “За камунізм” Уладзімір Смоляр у сваім артыкуле “І стала явай мара” расказваў, як гэта было:
“На стыку межаў Акцябрскага, Петрыкаўскага і Калінкавіцкага раёнаў, у водападзеле рэк Пціч і Трэмля вякамі ляжала ўрочышча «Гала» — неабсяжная забалочаная зямля. З крыўдай глядзеў на гэтыя гіблыя прасторы паляшук, адкуль летам прыносіліся ра-зам з тлумным ветрам хмары машкарэчы. Карысці ад такіх угоддзяў было нямнога. Хіба што ў піліпаўскія маразы, і то не ўсюды, можна было прыступіцца з касой, каб сабраць тут капу чахлай асакі ды касматага чароту на пракорм худобе.
Была ў палешука адвечная мара асушыць балоты. Ды як падступіцца да іх? Ключ да скарбніцы палескіх балот быў у руках меліяратараў. За імі заставалася апошняе слова — быць ці не быць гэтай зямлі квітнеючай нівай. У наш час мара стала явай — на адваяваных у балот землях пабудавана буйнейшая ў раёне гаспадарка па адкорму жывёлы — саўгас «Радзіма».
<…>У канцы 70-х гадоў давялося ўпершыню ўбачыць будучы саўгас. Праўда, было гэта яшчэ на макеце. Блакітныя стрэлкі магістральных каналаў і сетка дробных асушальнікаў дзялілі зямлю на квадраты палёў уздоўж каналаў, у засені дрэў ішла дарога. Масты, шлюзы-пераезды, гідрамеліярацыйныя збудаванні. Іх прызначэнне падтрымліваць такі гідралагічны рэжым, які забяспечыў бы атрыманне стабільных ураджаяў, галоўным чынам кармоў ва ўсялякі год — засушлівы ці дажджлівы. Кармоў, таму што планавалася стварыць спецыялізаванае прадпрыемства па адкорму і атрыманні 1000 тон ялавічыны ў год.

Зразумела, што на макеце быў паказаны і аграгарадок з жылых дамоў — сядзібнага тыпу двухпавярховых катэджаў, шматкватэрных. У цэнтры — будынкі культурна-сацыяльнага прызначэння: Дом культуры і школа, дзіцячы сад і гандлёвы комплекс. Крыху далей карпусы адкормачнага комплексу з усёй індустрыяльна-тэхнічнай базай: машына-трактарным дваром, цепластанцыяй, заводам па вытворчасці корму, цэхамі і іншымі вытворчымі збудаваннямі.
Нялёгка было ўявіць, што ў недалёкім будучым гэтыя карты-схемы палёў, вуліцы і карпусы пабудоў сыйдуць з ватманскага ліста і набудуць рэальнае аблічча новага саўгаса.
Статус паўнапраўнай гаспадаркі – трыццаць першай у раёне – саўгас «Радзіма” атрымаў у сакавіку 1983 года.
Першым дырэктарам яго стаў Адам Ціханавіч Шпак – аграном па спецыяльнасці, кіраўнік з дзесяцігадовым стажам работы на пасадзе старшыні калгаса.
<…> Дырэктару дадзена было многае, што патрэбна на першых парах для станаўлення гаспадаркі. На 5107 гектарах раскінуліся зямельныя ўгоддзі, з іх 4667 гектараў — меліяраваныя, у тым ліку амаль 4000 – закрытым дрэнажом з двухбакавым водарэгулюючым рэжымам.
Пакуль што на агароджанай пляцоўцы і пад часова пабудаванымі павецямі стаяла новая тэхніка. Гатовы былі прыняць маладняк для пастаноўкі на адкорм і два карпусы новага комплексу. Была і задача: адкарміць і прадаць дзяржаве ў тым годзе 450 тон ялавічыны. Словам, уся вытворча-індустрыяльная база была абавязана даваць аддачу прадукцыяй. Заставалася адно – запусціць у дзеянне ўвесь механізм вытворчасці.
Падганяла вясна, чакала сейбітаў адваяваная ў балот зямля.
Адно хвалявала Адама Ціханавіча: хто павядзе трактары, каму працаваць на комплексе, каму ўзначаліць усе ўчасткі сельскагаспадарчай вытворчасці?
У тую пару не мог яшчэ дырэктар кінуць громкі заклік: прыязджайце да нас, людзі. Будаўнікі яўна адставалі з уводам жылля.
<…> З лёгкасцю і часам без глыбокай удумлівасці мы гаворым: зладжаны калектыў, у калектыве здаровы мікраклімат, узаемаразуменне, добрыя ўзаемасувязі і ўзаемаадносіны паміж людзьмі…
Аб такім калектыве марыць кіраўнік. Але не толькі марыць. Ён і стварае яго. Адам Ціханавіч сёння, не тоячы гордасці, расказвае, што яму ўвогуле на людзей пашанцавала.
Кіруючы састаў – інжынерна-тэхнічныя работнікі, адмініст-рацыйна-упраўленчы апарат— дыпламаваныя спецыялісты сельскагаспадарчых галін. Авангардам калектыву з’яўляецца партыйная арганізацыя, аб’яднаўшая ў сваіх радах 50 камуністаў – людзей, якія сумленна робяць сваю справу.
Дасягненні, поспехі? Ёсць і яны. Дастаткова сказаць, што ўжо сёлета калектыў атрымае сваёй асноўнай прадукцыі — ялавічыны — 980 тон.
<…> Яўген Нічыпаравіч Тозік – аграном з вялікім стажам, прыехаў у саўгас хутка пасля яго арганізацыі. Як і дырэктар, ён ведаў патэнцыяльныя магчымасці абноўленых зямель.
<…> Павышэнне выхаду кармоў з адзінкі плошчы — галоўная задача ўсёй агранамічнай службы. Вырашыць яе можна было толькі ўкараніўшы прагрэсіўную тэхналогію і дасягненні нерадавой агранамічнай навукі, умелай арганізацыяй працы механізатарскіх і паляводчых падраздзяленняў. Усё гэта і знайшло адлюстраванне ў практычных справах калектыву рабочых.
Механізаваны атрад, які ўзначаліў I. Р. Гарастовіч, усе ўваходзячыя ў яго звенні працуюць па брыгаднаму падраду. Вынікі сёлетняга года радуюць. Амаль 1000 гектараў займала збожжавае поле, і кожны гектар яго даў 37,5 цэнтнера зерня.
Да 40 цэнтнераў кармавых адзінак дае гектар ворыўных зямель і з іншых угоддзяў. Па папярэдніх падліках, сёлета будзе нарыхтавана 24 цэнтнеры кармавых адзінак. Так, гаспадарка набліжаецца да асноўнай задачы — весці адкорм жывёлы на кармах сваёй вытворчасці. А гэта — шлях да багацця таннай прадукцыі.
З расказу галоўнага заатэхніка, сакратара партыйнай арганізацыі В. А. Падразёнка вынікае наступнае: сучаснае, з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў прадпрыемства па адкорму павінна працаваць рытмічна, па метаду паточнай тэхналогіі. Гэта значыць, што з саўгаса ў вызначаныя тэрміны ў строга вызначанай колькасці адкормкі павінны паступаць на мясакамбінат. Для гэтага патрабавалася дабіцца, каб у кожным перыядзе вырошчвання і адкорму жывёла набірала за кормадзень не менш 650—700 грамаў прываг. Спачатку на такі паказчык выйшлі аператары Л. I. Баранчук, Я. А. Банчук. Затым — аператары цэхаў вырошчвання і заключнага адкорму. Праўда, доўгі час не маглі выйсці тут на планавую лічбу сабекошту — ён быў вышэй.
Заатэхнік прадумаў, як знізіць сабекошт. Удасканалілі тэхналогію кормапрыгатавання за кошт механізацыі працаёмкіх працэсаў, расшырылі зону абслугоўвання пагалоўя аператарамі. Усе вытворчыя падраздзяленнІ і службы комплексу перайшлі на новую форму арганізацыі і аплаты працы. Сёння 5600 галоў бычкоў вырошчваюць толькі 11 аператараў. Падлічыць няцяжка, колькі мяса даюць яны дзяржаве пры гадавым аб’ёме яго 1000 тон.
Чалавечы фактар – гэтыя ёмістыя словы набылі глыбокі сэнс пасля XXVII з’езда КПСС. Напэўна, аб тых, пакуль яшчэ, лічу, сціплых дасягненнях эканомікі і гаспадарчага будаўніцтва сёння мы не маглі б гаварыць, калі б не сфарміраваўся наш рабочы калектыў і ўпраўленчы апарат.
Так пачаў свой расказ старшыня прафкома П. П. Крукоўскі. Гаворачы аб фарміраванні працоўнага калектыву, ён пацвердзіў думку дырэктара, што ў саўгас прыехалі ў большасці працалюбівыя людзі. Усе, хто працуе сёння ў гаспадарцы, жывуць у добраўпарадкаваных кватэрах. Развіваецца сацыяльная інфраструктура: ёсць дзіцячы сад-яслі, гандлёвы цэнтр, школа, фельчарска-акушэрскі пункт – усё гэта пабудавана і дзейнічае. Створаныя жыллёвыя і сацыяльна-бытавыя ўмовы адпавядаюць запатрабаванням сучаснага сельскагаспадарчага рабочага. А гэта ўжо нямала для таго, каб людзі працавалі на зямлі з поўнай аддачай.
<…> Кіраўніцтва разумее самае важнае: будаваць эканоміку давядзецца па-сутнасці пры наяўным патэнцыяле. Адсюль паскоранымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва цэхаў на комплексе спецыялізаванага кормапрадпрыемства.
Першае, што вабіць вока, калі прыязджаем сюды,— гэта не толькі новыя дамы і вуліцы. Яшчэ летась тут не было гэтых 126 акуратных домікаў, яшчэ ў будаўнічых лясах стаяў гандлёвы цэнтр, ішла аддзелка школьнага будынка, добраўпарадкаванне тэрыторыі, азеляненне.
А сёння? Мора кветак. Кветкі ўздоўж тратуараў, у дзіцячым садзіку, на школьнай тэрыторыі і ў палісадніках жыхароў”. (Газета “За камунізм”. 24 верасня 1987 г.).
Пэўныя вывады пра жыццё варатынцаў таго часу можна зрабіць і прачытаўшы артыкул “Мае аднавяскоўцы”, які напісала ў раённую газету настаўніца Варатынскай васьмігадовай школы А. Фёдарава:
“У гэты вечар мнагалюдна было ў нашым Доме культуры. Павінен быў пачацца канцэрт самадзейных артыстаў. Яшчэ толькі ўзыходзіш на прыступкі, а ўжо радуецца тваё вока. Якое прыгожае вісіць запрашэнне на канцэрт! Здаецца, што напісалі яго прафесіянальныя мастакі. Уваходзіш у залу, дзе вось-вось пачнецца свята музыкі, песень, танцаў. Трэба пазайздросціць маляўнічым здольнасцям маіх сяльчан. Тут самая сапраўдная дэкарацыя сцэны. Проста цудоўна! А зроблена ўсё гэта работнікамі дзіцячага сада, асабліва залатыя рукі ў нянечкі, кандыдата ў члены КПСС Н. Русаковай.
Але вось ужо 8 гадзін вечара. Пачынаецца канцэрт мастацкай самадзейнасці. На сцэну выходзяць вядучыя. Яны аб’яўляюць выступленне хору, у якім удзельнічаюць усе самадзейныя артысты. Сярод іх рабочыя саўгаса, настаўнікі школы, работнікі дзіцячага сада і Дома культуры. У хоры і ветэран вайны М. Г. Шулякоўская.
Упэўнена і натхнёна, з ба-дзёрасцю і меладычнасцю гучаць песні аб партыі, Леніне, Радзіме і міры. Акампаніруе на баяне дырэктар мясцовай школы І. Ф. Сачанок.
Затым ідуць сольныя нумары. Вось выступае сямейны дуэт у саставе мужа і жонкі В. П. і Т. С. Бех. Задушэўна яны выканалі песні «Качачка лугавая», «Мілая мама». Толькі дзіву даешся, адкуль гэтыя таленты?
Мае вяскоўцы не толькі працай, але і песняй праслаўляюць родны край. Ва ўсім адчуваеш новы ўздым, ідзе перабудова жыцця, як таго патрабуе час.
Наш саўгас «Радзіма» яшчэ малады. Існуе ён толькі чатыры гады. Апрача мясцовых жыхароў, у дабротных, з усімі выгодамі кватэрах жывуць людзі, пераселеныя з зоны Чарнобыльскай АЭС. I вось яны перад намі на сцэне. Разам з мясцовымі жыхарамі спяваюць і танцуюць. На тварах людзей светлыя, радасныя ўсмешкі, гэта значыць, што ім у нас падабаецца. А якія звонкія галасы ў спевакоў! Гэтыя словы можна аднесці да Г. М. Сачанок, музычнага работніка дзіцячага сада Г. Д. Струпавай.
Асобна хочацца адзначыць выступленне В. А. Партыкі, які цяпер працуе ў нас прарабам. Песні ў яго выкананні «Паклонімся вялікім тым гадам», «Нясе Галя воду» ў дуэце з Т. С. Бех, «За Дунаем» у дуэце з I. Ф. Сачанком закранулі душу кожнага.
Да ліку перасяленцаў адносіцца і дырэктар Варатынскай школы I. Ф. Сачанок. Ён жа і кіраўнік мастацкай самадзейнасці. Гэта сапраўдны майстар сцэны. I на баяне сыграе, і песню душэўную праспявае. А як выдатна прачытаў ён творы Твардоўскага, Шолахава. Цікава, з гумарам.
Хочацца адзначыць выступленне загадчыцы дзіцячага сада З. М. Макарэвіч. Напеўна, з душой выканала яна песні «Снегапад» у дуэце з Г. М. Сачанок, «Лаванда» ў дуэце з В. А. Партыка. Заўзята запявала харавую «Песню аб Расіі». А яшчэ трэба дадаць, што іменна яна, Зінаіда Міхайлаўна, з’явілася арганізатарам гэтай канцэртнай праграмы. Дзякуючы яе намаганням сышліся ў адзіны калектыў многія таленавітыя людзі. Зазначу таксама, што актыўны ўдзел у падрыхтоўцы вечара прыняла наш бібліятэкар Г. I. Салавянчык. Яна дапамагла набыць неабходную літаратуру, касцюмы.
Цёпла гледачы прынялі і выступленне настаўнікаў мясцовай школы. Вельмі добра яны выканалі беларускую песню «Палескія прасторы». Спадабалася таксама выступленне настаўніка пачатковых класаў А. I. Корбута, які выканаў беларускую народную песню «На вуліцы дожджык».
А як весела былі выкананы танцы «Вясёлая кадрыль», «Малдавеняска». Сярод танцораў хочацца адзначыць таксама А. А. Жалунову, А. М. Сіняк і Т. У. Савіцкую.
Нельга забыць і выступленне мясцовага жыхара, старшыні прафкома саўгаса П. П. Крукоўскага. Яго празаічныя выступленні паміж нумарамі былі напоўнены жартам, сатырай і вясёлым гумарам. А самае галоўнае, што асновай яго выступленняў былі факты з мясцовага жыцця.
А ў канцы праграмы была п’еса М. Чарота «Мікітаў лапаць». Хіба ж магчыма забыць яе персанажаў? Удала, па-майстэрску выконвалі свае ролі ў гэтай п’есе Н. Лаеўская, П. Крукоўскі, А. Корбут і Т. Савіцкая.
Трэба адзначыць. што дырэкцыя саўгаса «Радзіма» надае вялікую ўвагу павышэнню культурнага ўзроўню сваіх працаўнікоў. З гэтай мэтай ужо закуплены і музычны інструмент”. (Газета “За камунізм”. 24 сакавіка 1987 г.).
Нездарма Варатынцы празвалі свой саўгас дзецішчам Адама Шпака. Менавіта дзякуючы няўрымслівасці, кіпучай энергіі, недаспаным начам і яркаму, як бліскавіца, жыццю яго першага дырэктара, Варатын стаў тым, якім ён ёсць сёння. Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Адама Ціханавіча Варатын стаў сучаснай вёскай з забудовамі і выгодамі гарадскога тыпу. Разам з буйным жывёлагадоўчым комплексам, зерне-перапрацоў-чым комплексам, кормасховішчамі і мехдваром тут былі ўзведзены тыпавыя дзіцячы сад, школа, Дом культуры, гандлёвы комплекс.
У планах Адама Ціханавіча было шмат задум. Ён пасадзіў фруктовы сад, пачаў узводзіць мясаперапрацоўчы модуль… Ды толькі лёс распарадзіўся па-свойму. 8 кастрычніка 1993 г. на 48-м годзе жыцця сэрца палымянага патрыёта беларускай зямлі раптоўна перастала біцца.
Адам Ціханавіч нарадзіўся 15 жніўня 1946 г. у вёсцы Любань Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1970 г. закончыў сельгасакадэмію. З 1967 па 1971 год працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, упраўляючым аддзялення саўгаса “Заазер’е” Акцябрскага раёна.
З 1972 г. яго жыццё і працоўная дзейнасць былі звязаны з калінкавіцкім краем. Спачатку – галоўны аграном, намеснік старшыні праўлення калгаса “50 гадоў БССР”, з лютага 1974 па люты 1983 г. – старшыня праўлення калгаса імя Кутузава, з 1983 па кастрычнік 1993 г. – дырэктар саўгаса “Радзіма”.
Сказаць толькі, што Адам Шпак, працуючы кіраўніком гаспадарак, зрабіў вельмі многае па ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, узняцці эканомікі і жыццёвага ўзроўню працаўнікоў сяла, амаль нічога не сказаць. Адам Ціханавіч быў чалавекам вялікай душэўнай шчодрасці, адкрытасці і даступнасці. Ён заўсёды спалучаў патрабавальнасць да падначаленых з клопатамі аб іх.
Газета “Чырвоная змена” у памяць аб кіраўніку саўгаса “Радзіма” надрукавала некролаг, які напісаў яго добры сябра, галоўны рэдактар газеты Уладзімір Бельскі, якому на жаль, лёс таксама не даў доўгага жыцця:
“Яго сад яшчэ не дае ураджаяў. Яго сад, адпешчаны многімі гадамі ў думках, пасаджаны зусім нядаўна – у мінулым годзе, і кволыя пупышкі першых парасткаў песцілі вока вясновымі днямі, грэліся лецейка на сонейку. Бы стомленыя ў доўгім чаканні, дрэўцы набракалі сілаю зямелькі, шчодра аздобленай працавітымі рукамі тых, хто тут пасяліўся на некалі непраходным, непралазным балоцістым урочышчы.
Як, здаецца, нядаўна ўсё было. Больш як дзесяць гадоў таму Адам Ціханавіч Шпак узначаліў саўгас “Радзіма”, што амаль не на самым ускрайку Калінкавіцкага раёна. Нават не так, узначаліў на паперы, а саўгаса не было. Яго трэба было будаваць. Вёсачку Варатын, заціснутую лясамі, хмызняком, балотам, праз колькі год цяжка было пазнаць.
Агромністы жывёлагадоўчы комплекс, некалькі вуліц, катэджы для рабочых саўгаса, Дом культуры, музычная і сярэдняя школы, магазін – гэта таксама яго, Адама Ціханавіча. Як і сад, як і возера, палеткі і дуб, шацёр якога шапаціць голлем і сёння. Гэта было яго жыццё. Недаспаныя ночы, нацянутыя струны нерваў, поспехі і няўдачы, і непамерная цяга да жыцця.
Лёс чалавечы, адмераны некім, наканаваны нябачнымі сіламі, вядомы толькі ім, але, на жаль, не таму, для каго ён прадвызначаны.
Чалавека шчодрай душы, шырокай натуры, Адама Ціханавіча на ўзлёце сваіх мар і здзяйсненняў не стала. Не стала мудрага, працавітага земляроба, які не ўяўляў жыцця без шапацення каласоў збажыны, плёскату змарнелага возера, водару касавіцы і паху пульхнага ворыва.
<…> Я добра ведаў Адама Ціханавіча, не раз з ім сустракаўся. І прываблівала нават не тое, што ён быў чалавекам дзяржаўным – дэпутатам абласнога, раённага Савета народных дэпутатаў, а тое, што просты звычайны Гаспадар з вялікай літары думаў, працаваў па-дзяржаўнаму, працаваў дзеля тых, хто і складае дзяржаву – народ”. (Газета “Чырвоная змена”. 13 лістапада 1993 г.).
Пасля Шпака саўгас узначаліў Фёдар Міхайлавіч Хмяльніцкі. Нядаўні першы сакратар Ельскага РК КПБ кіраваў саўгасам з 19 лістапада 1993 г. па 15 чэрвеня 2000 г.
З 7 жніўня 2000 г. па 29 красавіка 2008 г. на чале гаспадаркі знаходзіўся вопытны ўпраўленец, ураджэнец Магілёўшчыны Маліноўскі Аляксандр Дзмітрыевіч. Яго жонка Валянціна Васільеўна, якая, на жаль, заўчасна пайшла з жыцця, працавала галоўным эканамістам.
У пачатку 2000-х саўгасы і калгасы ў Беларусі перайменавалі ў КСУПы і
РСУПы, у залежнасці ад прыналежнасці да рэспубліканскай ці мясцовай камунальнай уласнасці. Саўгас “Радзіма” стаў рэспубліканскім сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемствам (РСУП).
У 2008 г. гаспадарку ўзначаліў ураджэнец Калінкавіцкага раёна Гарбатоўскі Валерый Аляксандравіч.
У гэты ж год да РСУП “Радзіма”, па іроніі лёсу, далучылі КСУП “Трамлянскі”, у склад якога раней уваходзілі землі Дубнякоў, Ператрутаўскага і Капліцкага Варатыноў.
У 2010 г. саўгас перавялі з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную. Гаспадарка стала называцца КСУП “Радзіма”. А ў 2011 г. адбылося акцыяніраванне гаспадаркі — “Радзіма” стала адкрытым акцыянерным таварыствам (ААТ).
Зараз у гаспадарцы ў якасці спецыялістаў працуе шмат моладзі. Так, намеснікам дырэктара па вытворчасці працуе Серык Вадзім Васільевіч, галоўным аграномам — Змушка Марыя Сяргееўна, галоўным эканамістам — Карповіч Алена Аляксандраўна, галоўным інжынерам — Шпак Іван Адамавіч, в.а. галоўнага бухгалтара — Таргонская Надзея Эдуардаўна, в.а. галоўнага заатэхніка — Мятлушка Міхаіл Васільевіч.
Нягледзячы на розныя жыццёвыя перыпетыі, “Радзіма” заўсёды была ў ліку лідараў сярод сельгаспрадпрыемстваў не толькі раёна, а і вобласці. Калектыў гаспадаркі заўжды працаваў самааддана і плённа, а таму не раз і не два выходзіў пераможцай не толькі ў раённых спаборніцтвах сярод жывёлаводаў і хлебаробаў, але і ў абласных, і рэспубліканскіх. Вось і сёлета на абласных “Дажынках” у Рагачове механізатар прадпрыемства Аляксандр Емяльяненка ўдастоіўся ўзнагароды за 2-е месца ў абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў, а механізатар Пётр Корбут выйшаў у пераможцы раённага спаборніцтва на кашэнні траў. Пераможцамі раённага спаборніцтва сталі: на перавозцы сенажу і сіласу – вадзіцель Леанід Кучур, на трамбоўцы зялёнай масы – Уладзімір Панцялеенка.
Пад час раённых “Дажынак-2016” Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь адзначана добрасумленная праца вадзіцеля Леаніда Кучура, Ганаровай граматай райвыканкама — намесніка галоўнага бухгалтара Таццяны Арэшка.
Апошнія два гады – не самыя лепшыя ў гісторыі адкрытага акцыянернага таварыства “Радзіма”. Безумоўна, свой адбітак на гэта наклаў агульнаэканамічны крызіс, кадравыя праблемы, іншыя суб’ектыўныя фактары. Тым не менш, перспектывы ў гаспадаркі на будучыню зусім не змрочныя. Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі райвыканкама, вытворчасць валавай прадукцыі за студзень – кастрычнік 2016 г. па ААТ “Радзіма” склала 105,4 % да ўзроўню папярэдняга года. Калі ж браць галіну раслінаводства, то і ўвогуле — 121,1 %.
Сёлета ў акцыянерным таварыстве вырашчана 897,1 т мяса буйной рагатай жывёлы (101, 3 %), нарыхтавана 2172 т сена (160,3 %), 27454 т т сіласу (108,6 %), 21564 т зялёнай масы (219,3 %), атрымана 31 т насення траў (885,7 %), 614 т бульбы (162,9 %), 257 т зерня кукурузы (642,5), 237 т гародніны (246,8 %).
Недалічылі крыху ў валавай вытворчасці збожжа (92,9 %) і малака (85 %), але ёсць упэўненасць, з улікам нарыхтаваных кармоў і выкананых задач па сяўбе азімых, што ў наступным годзе і па гэтых накірунках змены адбудуцца ў лепшы бок.

Успамінаюць ветэраны

Тозік Яўген Нікіфаравіч,
былы галоўны аграном:

— Пасля Халоднік, у якіх на працягу чатырох гадоў узначальваў калгас імя Мічурына, я перабраўся ў Калінкавічы, дзе працаваў начальнікам аддзела забеспячэння ў ПМК аблспажыўтаварыства.
Аднойчы сустрэліся з Адамам Шпакам і ён прапанаваў мне пайсці да яго ў саўгас аграномам. Прапанова зацікавіла мяне і, адначасова, выклікала цэлую буру хваляванняў: новая гаспадарка, агромністыя задачы, ці спраўлюся. Пасля начной бяссоніцы-разважанняў, пагадзіўся.
І вось мы едзем са Шпакам на УАЗе ў невядомасць. Выскачыўшы з лесу, на полі я ўбачыў два васьмікватэрныя дамы. Гэта былі кантора новага саўгаса і інтэрнат для спецыялістаў, у якім мы пражылі чатыры месяцы, пакуль нам пабудавалі кватэры ў новых дамах.
У саўгас “Радзіма” прыйшлі працаваць: выпускніца Беларускай сельгасакадэміі – эканаміст Дашкевіч Тамара, галоўны інжынер Рубцоў Мікалай Сямёнавіч, Гаркуша Леанід Васільевіч, галоўны заатэхнік Падразёнак Васіль Аляксандравіч, загадчыца склада Баграёнак Надзея Іванаўна. Гэта былі адукаваныя кадры, якія ведалі сваю справу. Многія з іх затым (Рубцоў, Падразёнак) сталі кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў раёна, а Дашкевіч Тамара – галоўным эканамістам сельгасупраўлення Петрыкаўскага раёна.
Прыступіўшы да працы, мы з галоўным эканамістам адразу ж пачалі распрацоўку тэхналагічных карт па структуры пасяўных плошчаў з улікам забеспячэння глебы фосфарам і каліем. Паколькі асноўная маса глеб была кіслаю, то распланавалі пагадзічнае іх вапнаванне.
Вялікую дапамогу нам у пытаннях хімізацыі аказаў упраўляючы райсельгасхіміі Кліменка Мікалай Яфімавіч. Па яго ініцыятыве мы пабудавалі ў саўгасе ўзлётна-пасадачную паласу, каб выкарыстоўваць сельгасавіяцыю для ўнясення мінеральных тукаў і хімпраполкі раслін.
Адной з сур’ёзных праблем вырошчвання культур на тарфяніках з’яўляецца шкоднік провалачнік. Мы вялі з ім барацьбу пры дапамозе ўнясення бязводнага аміяка і аміячнай вады. І гэта давала свой эфект.
Формула поспеху ў раслінаводстве увогуле простая – дакладна выконвай правілы тэхналогіі вытворчасці раслінаводчых культур (правільнае ўнясенне арганікі і мінеральных тукаў, своечасовая падкормка і хімпраполка, выкарыстанне высокаўраджайных гатункаў, якасная ўборка, перапрацоўка і захоўванне). Менавіта гэтых прынцыпаў у сваёй рабоце мы і прытрымліваліся.
На палях саўгаса працавалі: 10 гусенічных трактараў, 19 Т-150, 8 МТЗ-80 (82), 25 аўтамашын. Быў у нас і свой аўтобус “Ікарус”.
Справа ў тым, што ў той час на тарфяніку ўсе аперацыі прыходзілася выконваць раз-дзельна (ворыва, дзіскаванне, укатка да і пасля).
Выдаць заданне, прыняць работу – уваходзіла ў абавязкі ўпраўляючага аддзялення Гарастовіча Івана Рыгоравіча. І трэба сказаць, што з гэтай задачай ён цудоўна спраўляўся.
У структуры пасяўных плошчаў саўгаса асноўнае месца займалі зернавыя, бульба,караняплоды і травы. Вырошчвалі мы і кукурузу, але провалачнік бязлітасна знішчаў пасевы. Таму прыйшлося займацца травасеяннем з улікам чарадавання культур. У Ленінградскай вобласці закупілі 10 тон насення цімафееўкі. Яе пасевы, а таксама доннік і райграс дазволілі гаспадарцы ствараць двухгадзічны запас корму. Мы яго яшчэ прадавалі гаспадаркам раёна.
У 1990 г. ураджайнасць зерневых у саўгасе склала 37 ц/га, бульбы – 215 ц/га, сена — 408 ц/га. У асноўным вырошчвалі гатункі беларускай селекцыі: жыта – белта, авёс — кандор, ячмень – вінер, у апошнія гады займаліся трыцікале. Для вырошчвання бабовых у Малдавіі закупілі 10 тон гароху, што дазволіла абагаціць кармы бялком.
Былі і нізкаўраджайныя гады. Так, у 1993 г. частку пасеваў затапіла, а ў 2000 г.- большасць іх вымерзла. Прыйшлося тэрмінова ва ўрочышчы Баянава перасяваць 230 га кукурузы. “Каралева палёў” выратавала тады гаспадарку ад бяскорміцы, і мы паспяхова справіліся з заданнем па вытворчасці мяса і малака.
Вялікі ўклад у развіццё эканомікі гаспадаркі ўнеслі механізатары: Бурховіч Мікалай Васільевіч – жыхар Дубнякоў, перасяленцы з Нараўляншчыны Савянок Віктар Іванавіч, Емяльяненка Аляксандр Іванавіч, Канапацкі Анатоль, Калінічэнка Пятро; вадзіцелі: Кучур Леанід Віктаравіч – карэнны жыхар Дубнякоў, перасяленцы — Пятрэнка Нічыпар Фёдаравіч, Гацііатулін Анатоль Габдулавіч, Бельчанка Мікалай Аляксеевіч і інш.
Усе яны з’яўляліся прыкладам ударнай працы, добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў. Узяць, напрыклад, Бурховіча Мікалая. Родам з Украіны, Беларусь стала для яго другой радзімай. Служыў у арміі, асушаў балота ў Варатыне, ажаніўся тут, разам з жонкай Любай нарадзіў і выхаваў траіх цудоўных дзяцей. Яго галоўны прынцып – спачатку якасна падрыхтаваць тэхніку, затым – ударная праца ў полі. Сёння, на жаль, яго ўжо няма ў жывых, але след пасля сябе ён пакінуў светлы.
Добрых слоў заслугоўваюць і Савянок Віктар з Емяльяненка Аляксандрам. Яны і сёння перадавікі вытворчасці ў гаспадарцы.
Пасільную дапамогу саўгасу аказваюць пенсіянеры. Напрыклад, электрык Юркевіч Фёдар, нягледзячы, што ўжо на заслужаным адпачынку, у час уборкі працаваў на зернетаку.
У тыя гады працаўнікі саўгаса не толькі добра працавалі, але і добра адпачывалі. Да скону дзён застануцца незабыўнымі нашы турыстычныя паездкі ў Белавежскую пушчу, Хатынь, Ленінград, Адэсу, іншыя гістарычныя мясціны Савецкага Саюза.
У сельскім клубе праводзіліся масавыя мерапрыемствы, нават, тыпу варатынскага “Поля дзіваў”, на якім разыгрываліся наборы бытавой тэхнікі і іншыя сувеніры.
З распадам Савецкага Саюза многае змянілася. Многія праекты засталіся на паперы. У іх ліку: вывядзенне вадкіх сцёкаў, прамысловае вырошчванне журавін і г. д.
Сёння ў сельгасвытворчасці выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі. На палі прыйшла энерганасычаная тэхніка. Новы час адкрывае новыя магчымасці для далейшага развіцця гаспадаркі.

Макарэвіч Зінаіда Міхайлаўна,
былы намеснік дырэктара:

-У Варатын упершыню я трапіла ў 1971 г. Нарадзілася ў Беразняках. Там і закончыла васьмігодку. Сярэднюю школу заканчвала ў Савічах. Па падказцы дзядзькі паступала ў Беларускую сельгасакадэмію на геадэзічны факультэт. Не хапіла аднаго бала. Мне прапанавалі выбраць іншы факультэт, але я адмовілася: “Працаваць у вёсцы не збіраюся”. Забрала дакументы і вярнулася дамоў. Аб працаўладкаванні доўга думаць не прыйшлося – з 1 верасня пачала працаваць старшай піянерважатай у Варатынскай школе.
На наступны год паступіла завочна ў Мазырскі педінстытут, выйшла замуж за Віктара Макарэвіча з Стараселля, які працаваў вадзіцелем у саўгасе “Трамлянскі”, і перайшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Савіцкую дзесяцігодку.
А калі ў Савічах пабудавалі саўгасны дзіцячы сад, мне прапанавалі яго ўзначаліць. Калектыў у садзе падабраўся дружны, творчы, ініцыятыўны. Савіцкі сад стаў лепшым у раёне.
І калі ў Варатыне паўстала пытанне аб адкрыцці саўгаснага дзіцячага сада, мне прапанавалі ўзначаліць яго. Мужу майму вельмі спадабалася прапанова. Ён хацеў працаваць у новым саўгасе. Так мы трапілі ў Варатын.
Варатынскі саўгасны дзіцячы сад пачаў сваю гісторыю ў 1983г. Паколькі будынак дашкольнай установы яшчэ не быў гатовы, мы размясціліся на першым паверсе мясцовай школы. Праз год мы перасяліліся ў двухпавярховы прасторны будынак, які быў разлічаны на 90 дзіцячых месц.
Жадаючых было намнога больш. У садзе працавалі чатыры рознаўзроставыя групы.
У ліку першых работнікаў садка былі: выхавальніцы Трошка Юлія Аляксееўна, Дударэнка Ала Дзмітрыеўна, Тамашэўская Ніна Уладзіміраўна, нянечкі Панякова Ніна Анатольеўна, Галай Валянціна Васільеўна, Баранчук Ніна Мікалаеўна, Кобраль Валянціна Аляксандраўна, медсястра Рабенка Галіна Пятроўна, бухгалтар Партыка Марыя Пятроўна, загадчык гаспадаркі Буцько (Агалец) Галіна Канстанцінаўна, повар Аленічава Вера Макараўна, прачка Норкіна Таццяна Фёдараўна.
Свой дзіцячы садок мы ператварылі ў кветкавы аазіс. Разам з выхаваўчай работай вялі вялікую грамадскую дзейнасць. Ні адно саўгаснае і вясковае мерапрыемства не абыходзілася без выступленняў і ўдзелу работнікаў і выхавальнікаў садка.
У 1989 г. на справаздачным сходзе мяне выбралі старшынёй прафкама гаспадаркі. А яшчэ праз тры гады прызначылі намеснікам дырэктара. Адначасова я працягвала выконваць і абавязкі старшыні прафкама. У сферу маёй дзейнасці ўваходзілі ўсе сацыяльныя пытанні: арганізацыя сацыялістычнага спаборніцтва, падрыхтоўка і правядзенне чырвоных дней каляндара, аздараўленне і адпачынак працаўнікоў саўгаса, жыллё, быт і г.д.
На базе саўгаса “Радзіма”, паколькі мы былі лепшай гаспадаркай у раёне па вытворчасці мяса і малака, быў арганізаваны раённы клуб даярак-чатырохтысячніц. Па некалькі раз на год у нас сабіраліся лепшыя жывёлаводы раёна на свае “пасядзелкі”, дзе дзяліліся вопытам, праводзілі конкурсы прафесійнага майстэрства, узнагароджваліся раённым і абласным кіраўніцтвам за вытворчыя перамогі.
Разам з шырокім святкаваннем у саўгасе 23 лютага, 8 сакавіка, 9 мая, Зажынак, Дажынак, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, Новага года, мы пасля завяршэння ўсіх вясенне-пасяўных работ шырока адзначалі свята Вясны. Праводзілі яго ў лесе, як маёўку. На свяце ўшаноўвалі лепшых механізатараў і паляводаў, ставілі вялікі святочны канцэрт, арганізоўвалі розныя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы.
Ушаноўваць жа ў нас было каго. Узяць хоць бы спецыялістаў. Напрыклад, начальнікам участка у нас працаваў ураджэнец Ператрутаўскага Варатына Гарастовіч іван Рыгоравіч. Такіх працавітых і адказных людзей я ў сваім жыцці сустракала мала. Пакуль мы усе збярэмся к 7 гадзінам раніцы на нарад, Іван Рыгоравіч ужо распіша кожнаму механізатару і вадзіцелю пуцёўкі і выдась заданне на рабочы дзень, а да канца светлавога дня праверыць і прамерае, хто і што за дзень зрабіў.
Адказна да сваіх абавязкаў ставіўся і ўраджэнец Капліцкага Варатына, брыгадзір трактарнай брыгады Кізляк Віктар Нікіфаравіч.
Высокакласнымі спецыялістамі былі :галоўны аграном Тозік Яўген Нікіфаравіч, галоўны інжынер Гаркуша Леанід Васільевіч, галоўны бухгалтар Рэуцкая Валянціна Пятроўна, галоўны эканаміст Шаціла Аляксандр Ульянавіч, які прыбыў у Варатын разам з перасяленцамі.
Толькі пахвальных слоў заслугоўвалі радавыя жывёлаводы: дубнякоўцы Валатковіч Ігар Аляксандравіч, Гецман Алена Вячаславаўна, Ганчарэнка Галіна Вячаславаўна, варатынка Гарастовіч Ганна Уладзіміраўна, а таксама Банчук Яўгенія Аляксандраўна, Драбышэўская Ніна Пятроўна.
Асобных слоў дастойны былі нашы перадавыя аператары машыннага даення: мясцовыя жыхаркі Стрэльчанка Ніла Сцяпанаўна, Машчынская Людміла Мікалаеўна, Белазор-Філіпава Надзея Міхайлаўна, перасяленка Шаціла Яўгенія Уласаўна, а таксама Жэментаускас Ефрасіння Сямёнаўна, Саурына Валянціна Якаўлеўна,Вакулка Надзея Андрэеўна і Адзінец Ала Міхайлаўна.
Што тычыцца механізатараў, до да тых прозвішчаў і імён, што вышэй назваў у сваіх успамінах Яўген Нікіфаравіч, я б дабавіла ўраджэнца Дубнякоў, трактарыста-машыніста Шулякоўскага Вячаслава Міхайлавіча і яго калег Дударэнку Ігара Віктаравіча і Клімкова Васіля Васільевіча.
Пасля развалу Савецкага Саюза парушыўся жыццёвы рытм усяго вялікага народна-гаспадарчага механізма. Мала таго, што з прылаўкаў магазінаў зніклі тавары першай неабходнасці, а размеркаванне прадуктаў ажыццяўлялася па картачках, пачаўся спад вытворчасці, наступіў перыяд дыспарытэту цэн, калгасы-саўгасы на гэтым фоне пачалі хірэць.
Не мінула гэтая бяда і саўгас “Радзіма”. І хаця кіраўніцтва гаспадаркі не забывала пра арганізацыю для людзей святаў і іншых форм адпачынку, усё ж такі прыйшлося ашчаджваць кожную саўгасную капейку, бо з парушэннем планавай эканомікі і пераходам да так званых рыначных адносін прыйшлося самім шукаць і набываць паліва, мінеральныя ўгнаенні, тэхніку і запчасткі.

Гэта, канешне, не значыць, што міністэрства сельскай гаспадаркі і кіраўніцтва рэспублікі поўнасцю пакінула хлебаробаў сам насам з іх праблемамі, але ў 90-я прыйшлося, як кажуць, “круціцца” ў два-тры разы хутчэй, каб гаспадарка працягвала нармальна функцыяніраваць.
Памятаю, дырэктар саўгаса Фёдар Хмяльніцкі накіраваў мяне ў міністэрства, за дакументамі на новыя трактары, якія нам выдзялілі па разнарадцы. Аказалася, у міністэрскіх кабінетах не так проста было знайсці іх. У той перыяд ужо ўсталёўвалася правіла: хто спрытнейшы, той і на кані.
Двойчы давялося пабываць на прыёме ў намесніка міністра з-за тых трактароў. У другі раз высокі чыноўнік запытаў: “Адкуль ты такая ўпартая?”
Напаўжарт адказала: “З варатынскіх балот”.
У саўгас тады ўсё ж такі прыйшла новая тэхніка.

Школа

Першая школа, у якой пачалі навучацца сялянскія дзеці з Ператрутаўскага і Капліцкага Варатына адкрылася ў 1915 г. у суседніх Дубняках. Заняткі праводзіліся ў арандаванай сялянскай хаце. (Гарады і вёскі Беларусі. Кніга I. Мінск. “Беларуская энцыклапедыя”. 2004. с.546).
Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, са студзеня 1924г., у Ператрутаўскім Варатыне стабільна пачала працаваць Варатынская пачатковая школа. Заняткі з вучнямі ў арандаванай сялянскай хаце праводзіў настаўнік Аляксандр Шэнька, які ў адрозненне ад дарэвалюцыйных настаўнікаў, якіх па чарзе харчавалі бацькі вучняў, атрымліваў дзяржаўную зарплату, якую яму штомесяц выплочвалі ў Савіцкім валасным выканаўчым камітэце. (Занальны дзяржаўны архіў у г. Мазыры. ф. 235, воп.1, с. 4, л. 59).

З 1929 г. заняткі ў Варатынскай школе пачалі праводзіць у доме, які быў адабраны ў аднаго з раскулачаных мясцовых жыхароў. Дом гэты складаўся з двух пакояў. Сёння на яго месцы размяшчаецца вясковы гаспадарчы магазін.
Хто настаўнічаў у Варатынскай школе пасля Шэнькі, выявіць не ўдалося. А вось з 1932 па 1938 год школай загадваў Кузьма Саўчанка. У 1938 годзе яго запрасілі на работу ў Азарыцкі РК КПБ.
У гады вайны Кузьму Нікіфаравіча пакінулі на акупіраванай тэрыторыі для арганізацыі партызанскага руху. І ён з першых дзён вайны пачаў выконваць пастаўленую перад ім задачу: з ліку камуністаў і камсамольцаў, актывістаў савецкай улады навакольных вёсак сфарміраваў невялікі партызанскі атрад, які ў 1942 г. уліўся ў склад Даманавіцкага партызанскага атрада.
У 1942 г. Кузьма Саўчанка трагічна загінуў. Ён накіроўваўся ў Варатын і суседнія вёскі, каб сабраць звесткі, падрыхтаваныя партызанскімі сувязнымі, аднак непадалёку ад вёскі Дубнякі нарваўся на фашысцкіх прыхвастняў, якія адкрылі стральбу. Шальная куля — і камуніста і патрыёта Саўчанкі не стала. Яго пахавалі на дубняцкіх могілках.
У 1938 г. загадчыкам Варатынскай школы прызначылі камсамольца Андрэя Кізляка, які нарадзіўся ў в. Сышчыцы Крукавіцкага сельсавета ў 1920г. За плячыма новага настаўніка былі закончаная сямігодка і педвучылішча. Праўда, доўга Андрэю Мікалаевічу не давялося настаўнічаць у Варатыне. У 1939 г. яго прызвалі ў Чырвоную Армію, дзе накіравалі на вучобу ў Чкалаўскае ваеннае вучылішча.
У верасні 1941 г. камандзір кулямётнага ўзвода 52-га асобнага батальёна 8-га ўкрэпраёна лейтэнант Андрэй Кізляк, які ваяваў у складзе 189-й стралковай дывізіі былога Паўднёва-Заходняга фронту, разам са сваёй часцю трапіў у варожае акружэнне, з якога выбрацца нікому не ўдалося. Часць іх расфарміравалі, а паколькі звестак ніякіх ні пра каго не паступіла, то байцоў і камандзіраў часці аб’явілі прапаўшымі без вестак.
У першыя пасляваенныя гады юныя варатынцы вучыліся ў прыстасаваных памяшканнях, а школай у той час загадвала Рыбачэнка Марыя Сцяпанаўна.
1 студзеня 1946 г. у школу прыйшлі працаваць новыя настаўнікі: Ганчар Уладзімір Дзянісавіч і Рудакоўская Надзея Фёдараўна.
У школе навучаліся дзеці з трох вёсак: Дубнякоў, Ператрутаўскага і Капліцкага Варатына.
У 1952 г., нарэшце, быў пабудаваны ўласны драўляны будынак новай школы, у якім у дзве змены займаліся 4 класы. У школе навучалася каля сотні дзяцей.

Загадчыкам школы з 1952 да 1963 г. быў Уладзімір Ганчар. Ён кіраваў і будаўніцтвам новай цаглянай школы, якая была прынята ў эксплуатацыю ў 1964 г.
Школа ў той перыяд была растучай. І ўжо ў 1965 г. адбыўся першы выпуск Варатынскай васьмігодкі.
Дырэктарам школы з 1963 па 1966 год быў Касьянчык Леанід Мікалаевіч.
А 5 кастрычніка 1966 г. яго на гэтым пасту змяніла мясцовая жыхарка, настаўнік шырокай эрудыцыі і душэўнай шчодрасці – Дударэнка Тамара Аляксандраўна.
Менавіта пад кіраўніцтвам Тамары Аляксандраўны школа сфарміравалася як адзіны калектыў. Вучні атрымлівалі якасныя веды, адначасова расло прафесійнае майстэрства і настаўніцкіх кадраў. На пасадзе кіраўніка школы Тамара Дударэнка працавала да 1 жніўня 1983 г.
У 1982 г. у Варатыне пачалося будаўніцтва новага будынка васьмігадовай школы на 192 месцы.
Цяперашні будынак Варатынскай СШ быў уведзены ў дзеянне 1 верасня 1983 г.
Першы навучальны год школа працавала па праграмах васьмігадовай школы. А з 1984/85 навучальнага года школа атрымала статус сярэдняй.
У 1983/84 г. у школе было 29 вучняў, якія навучаліся ў шасці класа-камплектах. Педагагічны калектыў налічваў 13 настаўнікаў.
У гэты час на навакольных багнах ішло інтэнсіўнае будаўніцтва саўгаса «Радзіма». У вёску пачалі прыбываць спецыялісты і новыя рабочыя кадры, а ў школу — новыя вучні.
Школа займала другі паверх, а на першым –знаходзіўся дзіцячы сад.
Кіраваў школай Корбут Анатоль Іванавіч.
Вучэбны працэс курыравала яго намеснік па навучальна-выхаваўчай рабоце Юркевіч Галіна Міхайлаўна.
Навучанне і выхаванне юных жыхароў вёсак ажыццяўлялі настаўнікі: пачатковых класаў – Гаркуша Зоя Фёдараўна і Тозік Вольга Іванаўна, беларускай мовы і літаратуры – Дударэнка Тамара Аляксандраўна, матэматыкі – Юркевіч Валянціна Пятроўна, біялогіі і геаграфіі – Федарук Петр Мікалаевіч, замежнай і беларускай мовы – Кохан Алена Іванаўна, рускай мовы і літаратуры – Корбут Людміла Дзмітрыеўна, працоўнага навучання і фізічнай культуры – Андрэеў Мікалай Сяменавіч, старэйшая піянерважатая Рубцова Святлана Уладзіміраўна.
З цягам часу ў педагагічны калектыў нашай школы ўліліся наступныя настаўнікі: Падразёнак Ларыса Валянцінаўна, Касьянчык Святлана Міхайлаўна.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Варатын перасяляюц-ца жыхары вёскі Даўляды Нараўлянскага раёна. Адначасова школа папаўняецца вучнямі Даўлядоўскай васьмігадовай школы. Павялічылася колькасць дзяцей у класах, пачатковыя класы прыйшлося раздзяліць.
На працу ў школу прыйшлі і настаўнікі, якія раней працавалі ў Даўлядоўскай школе: пачатковых класаў — Румас Таццяна Георгіеўна, беларускай і замежнай моў — Карчун Андрэй Мікалаевіч, гісторыі і выхавальнік групы падоўжанага дня Карчун Нэлі Захараўна, музыкі і выхавальнік ГПД Сачанок Іван Фаміч.
Жыццё ішло далей сваёй чаргою, адбываліся новыя змены і ў штатным раскладзе ўстановы. У педагагічны калектыў уліваюцца маладыя спецыялісты: Пятрэнка Аляксандр Леанідавіч — ваенрук, у далейшым майстар вытворчага навучання (трактарная справа), Пятрэнка Алена Міхайлаўна — настаўнік інфарматыкі і геаграфіі, Сержан Валянціна Вітальеўна — настаўнік пачатковых класаў, Баравікіна Валянціна Аркадзь-еўна – выхавальнік ГПД.
З 22 лютага 1987 па 30 жніўня 2004 г. школу ўзначальваў Сачанок Іван Фаміч. З другой чвэрці 1988/89 навучальнага года яго намеснікам па выхаваўчай рабоце стала працаваць Кіслова Марыя Васільеўна, а настаўнікам замежнай мовы — яе муж Кіслоў Валерый Сцяпанавіч.

У 2002-2003 навучальным годзе на базе Варатынскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы быў праведзены дзень выканкама. Педагагічны калектыў у час падрыхтоўкі да адказнага мерапрыемства сваімі сіламі кардынальна змяніў дызайн вучэбных памяшканняў.
У верасні 2004 года на пасаду дырэктара назначаецца Сержан Надзея Уладзіміраўна.
У педагагічны калектыў уліліся новыя творчыя кадры — настаўнікі: біялогіі і хіміі — Канстанцінава Ірына Віктараўна, пачатковых класаў — Дударэнка Марына Міхайлаўна, Пінчук Вольга Міхайлаўна, карэкцыі і педагог-арганізатар — Лісоўская Святлана Валер’еўна, фізічнай культуры — Лексіна Святлана Мікалаеўна, Лексін Сяргей Генадзевіч, Адзінец Валерый Аляксандравіч ,Астапенка Віктар Анатольевіч, Корбут Дзяніс Анатольевіч, Лаеўскі Станіслаў Уладзіміравіч, Бобрык Дзмітрый Уладзіміравіч, музыкі — Гавароўская Ганна Дзянісаўна, замежнай мовы — Казачэнка Таццяна Уладзіміраўна, Сачанок Кацярына Іванаўна, Саўчанка Людміла Фёдараўна, гісторыі — Заева Вольга Міхайлаўна, біялогіі Шчур Ганна Адамаўна, выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання — Альховік Юлія Аляксандраўна, гісторыі і выхавальніца ГПД — Міхнавец Дзіна Барысаўна, выхавальнікі ГПД — Каваленка Таццяна Міхайлаўна, Змушка Святлана Аляксандраўна і Века Таццяна Аляксандраўна.
У 2009 г. дырэктарам школы прызначаюць Сапоненка Ірыну Анатольеўну, якая прыйшла ў Варатын з Савіцкай школы. А праз год Варатынскую школу ўзначаліла ( і кіруе ёю дагэтуль)выпускніца савіцкай школы, сярэбраная медалістка Пятрэнка Алена Міхайлаўна.
Даўно ўжо выйшлі на заслужаны адпачынак: Румас Таццяна Георгіеўна, Кіслоў Валерый Сцяпанавіч, Карчун Андрэй Мікалаевіч, Карчун Нэлі Захараўна, Юркевіч Галіна Міхайлаўна, Сачанок Іван Фаміч, Гавароўская Ганна Дзянісаўна.
Няма больш сярод варатынскіх педагогаў таленавітых і творчых Ганчара Уладзіміра Дзянісавіча, Федарука Пятра Мікалаевіча, Дударэнка Тамары Аляксандраўны, Гаркуша Зоі Фёдараўны, Рудакоўскай Надзеі Фёдараўны, Тозік Вольгі Іванаўны, Юркевіч Валянціны Пятроўны. Вечная ім памяць.
Успамінае Сачанок Іван Фаміч, жыхар Варатына, былы дырэктар школы:

— Да Чарнобыльскай аварыі я працаваў сакратаром парткама саўгаса “Прыпяць” у Даўлядах Нараўлянскага раёна, дзе да 1982 года настаўнічаў у мясцовай васьмігодцы. Калі ў Чарнобылі адбылася трагедыя, даўлядоўцаў перасялілі ў Варатын. Мае сябры знайшлі мне месца ў Гродзенскай вобласці. Але, калі я прыйшоў здымацца з партыйнага ўліку ў Калінкавіцкі ГК КПБ, яго другі сакратар Аляксандр Піляк сказаў мне: “Куды ты паедзеш ад сваіх людзей? У Варатыне патрабуецца дырэктар школы, бярыся за справу”. Так у лістападзе 1986 г. я апынуўся ў Варатыне.
У той час вёска ўражвала тым, што ў ёй паўсюдна віравала жыццё. Гэта быў незакончаны будаўнічы праект па ўводу ў абарот меліяраванага аб’екта, жывёлагадоўчага комплексу, малочна-таварнай фермы на другім канцы вёскі, а таксама міні-свінагадоўчай фермы.
Будаўніцтва пачалося ў 1983 г. і было ў поўным разгары. У саўгасе была вялікая будаўнічая брыгада, працавала піларама. Акрамя сваіх будаўнікоў на тэрыторыі саўгаса размяшчалася спецкамендатура, кантынгент якой складалі асуджаныя, якія жылі тут і працавалі на будаўніцтве жылых дамоў, школы, магазінаў, саўгаснай канторы, лазні, майстэрняў.
Ужо была ўзведзена кацельня, якая працавала на вугалі.
Камандавалі спецкамендатурай Дука Пётр Міхайлавіч і Веракса Сцяпан Пятровіч.
Які ж сацыяльны і рабочы састаў насельніцтва вёскі і саўгаса мне запомніўся?.. У асноўным гэта былі мужчыны і жанчыны маладога ўзросту, што працавалі даглядчыкамі, даяркамі, механізатарамі, вадзіцелямі і будаўнікамі. Сюды ж прыехалі ў тым ліку і не самыя лепшыя ў сацыяльным плане кадры. Бо тут давалі новыя кватэры, асабнякі, якія былі падключаны да камунікацый: ванна, вада, цяпло, каналізацыя. Гэта ўсё ўражвала сельскага жыхара. Карацей кажучы – горад у вёсцы.
Акрамя гэтага саўгас славіўся стабільна высокімі заробкамі. Гэта прыцягвала людзей.
У старой школе быў сельскі клуб. Людзі туды не памяшчаліся. Было вырашана будаваць новы Дом культуры. І ён быў пабудаваны і адкрыты да 1990 года.
Дырэктар саўгаса Адам Шпак запрашаў на работу работнікаў культуры. Па яго просьбе з Гомеля ў Варатын прыехаў на пасаду дырэктара СДК акцёр Гомельскага драматычнага тэатра Генін Яфім Міхайлавіч. Пры ім мы паставілі п’есу Макаёнка “Трыбунал”, п’есу “Мікітаў лапаць”.
Кіраўніцтва саўгаса заахвочвала ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. А Варатынскі Дом культуры быў лепшым у раёне.
Школу я прыняў у студзені 1987г. Па збегу абставін, яна была двайніком маёй Даўлядоўскай школы. Адно адрозненне – пабудавана яна была ў найкарацейшы тэрмін, але з мноствам недахопаў. Праз месяц эксплуатацыі плітка пад нагамі паадставала ад цэменту, тынкоўка сцен у спортзале абсыпалася да цаглянай кладкі. Прасценкі ў душавых праз год адыйшлі ад сцен. Душавыя не працавалі. Каналізацыя раз-пораз забівалася.
Адам Ціханавіч папрасіў мяне скласці спіс недахопаў, атрымалася аж 26. Дырэктар саўгаса шмат разоў адкладваў падпісанне прыёмачнага акта, да поўнай ліквідацыі недаробак. Але ўсё заставалася па-ранейшаму.
Прыйшлося мне на сябе ўскласці яшчэ і абавязкі прараба.
Прайшло некалькі гадоў, пакуль недахопы, і то часткова, былі выпраўлены так званым гаспадарчым метадам. На лесвічных пляцоўках зрабілі заліўку з мармуровай крошкі, неаднаразова перафарбавалі спортзалу, класныя кабінеты абшылі плітамі, адрамантавалі дзверы і навес над уваходам, рамы ў спортзале замянілі на шкляныя блокі, пабудавалі цір, бульба- і агароднінасховішча, новы туалет. Выгарадзілі прышкольны вучэбна-вопытны ўчастак.
Мне пашчасціла працаваць з Адамам Шпакам. Дырэктар школы штодня з 7 да 8 гадзін раніцы ра-зам з усімі спецыялістамі саўгаса знаходзіўся на планёрцы, якую праводзіў кіраўнік гаспадаркі. Адам Ціханавіч гаварыў мне: “Усё, што знойдзеш для школы, нясі дакументы, падпішу”. І мы вазілі — усё што трэба было: пліту ДСП, рэйкі і мэблю з Рэчыцкага мэблевага камбіната, з іншых месц – іншае.
З дапамогай мінскіх родзічаў удалося наладзіць кантакты з Бельгіяй. Варатынскія дзеці пачалі адпачываць і аздараўлівацца за мяжой. З Бельгіі прывозілі адзенне, абутак, посуд. Гэтую замежную дапамогу мы размяркоўвалі сярод малазабяспечаных сем’яў.
За 1000 еўра закупілі вадзяны фільтр для школьнай сталоўкі.
У час пік у школе налічвалася 246 вучняў. Не было куды размясціць школьнікаў, займаліся і ў былым дзіцячым садку.
Школьны калектыў настаў-нікаў і вучняў пастаянна дапамагаў нашым шэфам – саўгасу. Мы падбіралі і перабіралі бульбу, бялілі фермы, прыбіралі вуліцы і могілкі, займаліся вулічнымі клумбамі і г. д.
Школа за год зарабляла каля 5 мільёнаў рублёў пазабюджэтных сродкаў.
Апошнім маім будаўнічым праектам у школе было ўзвядзенне 440-мятровай агароджы вакол школы. Работу гэту выканалі школьныя педагогі: Пятрэнка Аляксандр Леанідавіч, Андрэеў Мікалай Сямёнавіч і Астапенка Віктар Анатольевіч.
І на заканчэнне, яшчэ раз хачу добрым словам успомніць пакойнага Адама Шпака. Пры ім гаспадарка была на ўзлёце: высокія ўраджаі, рост пагалоўя жывёлы, высокія надоі, высокія зарплаты, будаўніцтва і ўвод новых аб’ектаў (вяліся работы па стварэнні ачыстных сістэм; амаль быў уведзены ў строй каўбасны цэх; узведзены кармавы цэх (у кантэйнерах ляжалі транспарцёры, электрарухавікі, абсталяванне), засталіся толькі мантажныя работы; пакладзена 2 км дарогі да могілак; падрыхтавана для іх жалезная агароджа; пабудаваны Дом культуры і дзіцячы садок.
У 70-80-я гг. варатынцы за сваю ўдарную працу ўдастоіліся высокіх ўрадавых узнагарод. Так, у 1973 г. ордэнам “Знак Пашаны” былі ўзнагароджаны даярка Гавароўская Ганна Адамаўна і цялятніца Ібрайханава Ганна Лук’янаўна, медалём “За працоўную доблесць” – былая партызанка, даярка Казюкова Любоў Пятроўна, у 1986 г. ордэнам “Знак Пашаны” была ўзнагароджана даярка Траццякова Алена Фёдараўна, медалём “За працоўную доблесць” – трактарыст Лыскавец Аляксандр Сяргеевіч, медалём “За працоўную адзнаку” – аператар па адкорму жывёлы Гарастовіч Ганна Уладзіміраўна.
У 1988 г. ордэна “Знак Пашаны” ўдастоілася даярка саўгаса Чырыч Мальвіна Дянісаўна.
З таго часу знешне нібы нічога не змянілася ў Варатыне. Хіба што: дэманціраваны кармавы цэх і сіласныя вежы; палівачныя трубы зніклі недзе на польскіх прасторах; паменшала люду у хатах ды дзяцей у школе; ачыстныя збудаванні так і не дабудавалі…

Гонар вёсак

Прафесар Дударэнка

Несумненна, першым у шэрагу тых, кім ганарацца аднавяскоўцы, стаіць Дударэнка Уладзімір Аляксандравіч – заслужаны настаўнік школ БССР, кандыдат педагагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Беларускай Акадэміі адукацыі, акадэмік Міжнароднай Акадэміі тэхнічнай адукацыі.
Уладзімір Аляксандравіч нарадзіўся 20 ліпеня 1934 г. у шматдзетнай сялянскай сям’і. Да вайны Дударэнкі жылі на хутары, які размяшчаўся побач з Капліцкім Варатыном. На хутары жылі дзве сям’і братоў Дударэнкаў: Аляксандра і малодшага Міхаіла.
— Перад самай вайной у прымусовым парадку нашу хату разабралі і перавезлі ў Капліцкі Варатын, скінулі бярвенне на выдзеленым участку і, што хочаце, тое і рабіце, — успамінае сёння Уладзімір Аляксандравіч. – Нас на першапачатку падсялілі ў хату да Ганчарэнкаў. У тых свая сям’я, а тут нас яшчэ дзевяць чалавек, уяўляеце, як жылі.
Пачалася вайна – бацьку разам з іншымі забралі на фронт, з якога ён так і не вярнуўся, прапаў без вестак. Маці Лізавеце Апанасаўне, якая засталася адна з сямю дзяцьмі на руках, прыйшлося не проста. Ужо ў час вайны з Капліч прыйшлі яе браты Васіль і Змітро, склалі тыя бярвенні ў хатку. Так мы і жылі ў тым курані. Галадалі па-страшнаму. Адно выратоўвала, што за лета па навакольных лясах набіралі ды насушвалі мяхоў два грыбоў, ды лясных ягад. Расцілі бульбу з капустай. Так і перабіваліся.
У той складаны пасляваенны час прыйшлося вырашаць на сямейным савеце, каму працаваць, а каму вучыцца. Вучыцца пайшла спачатку Тамара, яна мела добрыя схільнасці да навук.Пашчасціла і мне, бо я быў лепшым вучнем у школе.
У 1948 г. Дударэнка Уладзімір паступіў у Мазырскае медвучылішча. Але праз месяц змяніў сваё рашэнне і рашыў паспрабаваць сябе на настаўніцкай ніве. З адзнакай закончыў Мазырскае педвучылішча. І паступіў у Мазырскі дзяржаўны педа-гагічны інстытут імя Н.К.Крупскай, дзе ўжо на першым курсе, адзіны ў навучальнай установе, стаў атрымліваць Сталінскую стыпендыю, якая на той час была ў 2,5 разы вышэй за звычайную.
Атрымаўшы па завяршэнні навучання ў 1956 г. чырвоны дыплом, Дударэнка застаўся ў інстытуце на кафедры матэматыкі выкладаць свой любімы прадмет.
У 1961 г. Уладзімір Аляксандравіч ўзначаліў СШ №6 г. Мазыра. Праз год яго запрасілі на працу ў Мазырскі ГК КПБ, дзе ён узначаліў аддзел.
У 1963 г. у Мазыры адкрываецца новая навучальная ўстанова – палітэхнікум, ініцыятарам стварэння якога быў Дударэнка. Вось што ён успамінае аб тым часе:
“Паколькі я быў ініцыятарам яго з’яўлення (неаднаразова па даручэннях ездзіў у абкам партыі, міністэрства, Саўмін), прапанаваў сваю кандыдатуру на ролю новага кіраўніка навучальнай установы. Для жыхароў Мазыра адкрыццё палітэхнікума было вялікай падзеяй. Мы навучылі тысячы гараджан!
Я быў старшынёй камісіі па адукацыі ў гарвыканкаме, мы рабілі аб’езды, прыкмячалі ў школах спецыялістаў, а за выкладчыкамі спецпрадметаў я ехаў на размеркаванні ў інстытуты. Мне давалі спіс студэнтаў – у мяне была магчымасць выбраць лепшых спецыялістаў, з чырвонымі дыпломамі. Першая спецыяльнасць была звязана з апрацоўкай металу. Праз два гады з’явілася будаўнічая спецыяльнасць. Я радаваўся, калі бачыў, што да нас прыходзілі вучыцца сем’ямі. Гэта было магчыма, паколькі існавала вячэрняя форма навучання.
У 1975 годзе нас перадалі ў ведамства Міністэрства будаўніцтва. Як мне было нялёгка ў тыя часы! Я купіў кірзавыя боты, спецвопратку, літаральна ўздоўж і папярок таптаў гразь на тым месцы, дзе сёння пабудаваны інтэрнат, грамадска-бытавы і харчовы карпусы палітэхнікума. Сродкі на будаўніцтва знаходзіліся не адразу. Я вельмі перажываў за справу, і калектыў мяне разумеў. Ніколі ні з кім два разы не гаварыў на адну і тую ж тэму – адзін раз пагавару, і работнікі зробяць больш і лепш”.
Дырэктарам тэхнікума Уладзімір Аляксандравіч працаваў да 1981 года. У далейшым жыццё яго зноў звязала з Мазырскім педінстытутам. На гэты раз канчаткова і да апошняга дня яго працы.
У красавіку 1981 г. Уладзіміра Аляксандравіча выбіраюць сакратаром партыйнага бюро інстытута, а ў 1983 г. ён становіцца яго рэктарам.
Вось што ўспамінае аб сваёй працы на гэтай пасадзе сам прафесар:
«Маладыя настаўнікі з іншых раёнаў Беларусі на Палессе заўсёды ехалі неахвотна. Таму школа ад нас чакала настаўнікаў усіх профіляў, і мы пра гэта рабілі даклады ў міністэрства. Даводзілася днямі сядзець у прыёмных, каб распавесці першым асобам аб крайняй неабходнасці адкрыцця ў нашым інстытуце новых спецыяльнасцяў, а колькі патрабавалася красамоўства!
У 1986 годзе, калі адбылася аварыя на ЧАЭС, дзясяткі кафедраў перасталі працаваць, педагогі не выходзілі на працу, пакавалі чамаданы, і з’язджалі каштоўныя кадры. Я звяртаўся да калектыву, прасіў застацца людзей, але дарэмна…
Аб закрыцці інстытута не казалі, але яно магло быць, бо вну – гэта, перш за ўсё, дыпламаваныя кадры, прафесары, дацэнты.
Міністр адукацыі БССР супакойваў мяне, пераконваў, што выхад будзе знойдзены.
Пачалася актыўная падрыхтоўка кадраў. Паколькі гэта было напярэдадні чарговага выпуску, пакідалі каго-небудзь са сваіх лепшых студэнтаў, кагосьці з іншых гарадоў прыцягвалі выдзяленннем кватэр і г. д. Для мяне гэта быў вельмі цяжкі перыяд.
Вялікае ўражанне тады зрабіў новы подых у адукацыі – камп’ютарызацыя навучальнага працэсу. Сотні машын завезлі, беларускіх, японскіх. Не, мы не баяліся камп’ютараў, з вялікай цікавасцю паставіліся да іх з’яўлення. Матэматыкі днямі мучылі сябе і тэхніку. Авалодаць камп’ютарам было няпроста. Мы адкрылі спецыяльнасць па падрыхтоўцы настаўнікаў інфарматыкі, стварылі некалькі лабараторый, падрыхтавалі кадры. Адкрыццё камп’ютарных класаў натхніла людзей. Інстытут працягваў развівацца, адкрываліся новыя спецыяльнасці…
Мая адміністрацыйная праца ішла паралельна з навуковай, на напісанне падручнікаў сыходзілі гады». Дарэчы, за гады навукова-педагагічнай дзейнасці прафесар Дударэнка напісаў каля 60 навуковых прац, у тым ліку 8 падручнікаў, адзін з якіх быў прадстаўлены на ВДНГ СССР, дзе ўдастоіўся бронзавага медаля.
Па 1997 год узначальваў Мазырскі педінстытут Уладзімір Аляксандравіч. З 1996 па 2002 гг. загадваў у ім кафедрай матэматыкі і інфарматыкі. З 2002 г. – прафесар кафедры матэматычнага аналізу.
За асабісты і значны ўклад у развіццё адукацыі Уладзімір Дударэнка ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі “За доблесную працу”, “Ветэран працы”, знакам “Выдатнік народнай адукацыі”, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1974 г. яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школ БССР”.
Зараз Уладзімір Аляксандравіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку і жыве ў Мазыры.
Вось што ён адказаў на пытанне: “Ці шчаслівы ён чалавек?”:
“Безумоўна! Я шчаслівы, што ў нас адукаваныя, пісьменныя дзеці, што яны карыстаюцца вялікай павагай сярод сваіх калег.
Сын Сяргей – доктар медыцынскіх навук, прафесар ваенна-медыцынскай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу.
Яго дачка Аляксандра – зам. генеральнага дырэктара буйнога Санкт-пецярбургскага аб’яднання, якое займаецца азеляненнем, добраўпарадкаваннем горада.
Наша дачка Наталля – дацэнт БДПУ ім. Максіма Танка, кандыдат навук.
Яе дзяўчынкі на дадзены момант знаходзяцца ў знакамітым нямецкім універсітэцкім гарадку Йена, дзе размяшчаецца мноства даследчых лабараторый і інстытутаў.
Старэйшая, скончыўшы фізіка-матэматычны факультэт БДУ, паступіла ў аспірантуру, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Яе навуковыя даследаванні прысвечаны ўплыву оптыкі на якасць дызельнага паліва.
Малодшую пасля заканчэння біялагічнага факультэта БДУ запрасілі ў аспірантуру медыцынскага ўніверсітэта, яна занятая тэмай барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі.
Мне асабліва пашанцавала з жонкай. Антаніна Андрэеўна таксама звязала сваё жыццё з матэматыкай. Мы не толькі працавалі, нават вучыліся разам, толькі ў розных групах. Яна выдатны выкладчык. Мудрая жанчына. Выдатная гаспадыня. Клапатлівая і ўважлівая маці і жонка. Я заўсёды адчуваў яе клопат, мой поспех у кіраўніцтве – з большага яе заслуга». (Газета “Жыццё Палесся”. 5 жніўня 2014 г).
Калі я запытаў Уладзіміра Аляксандравіча пра пасляваенны лёс яго братоў і сясцёр, то вось што ён расказаў:
— Старэйшая Антаніна, 1922 г.н., усё жыццё адпрацавала ў гандлі ў Калінкавічах, а дакладней — у кафэ-рэстаране на чыгуначным вакзале.
Фёдар, 1925 г.н., працаваў вадзіцелем у Калінкавіцкім ДРБУ-152.
Тамара, 1927 г.н., працавала настаўніцай Варатынскай і Капліцкай школ, дырэктарам Варатынскай школы.
Пятро, 1932 г.н., працаваў у Калінкавічах вадзіцелем на грыба-кансервавым камбінаце.
Іван, 1936 г.н., жыў і працаваў у Варатыне. Апасля яго забраў да сябе сын у Светлагорскі раён.
Сцяпан, 1940 г.н., закончыў Мазырскі палітэхнікум, працаваў на Мазырскім кабельным заводзе.
Нікога з іх ужо няма ў жывых. Але засталіся дзеці і ўнукі.

Майстры лакавай мініяцюры

У 1930 г. варатынскага земляроба-аднаасобніка Юркевіча Сцяпана Міхайлавіча разам з жонкай і маленькімі дочкамі Вольгай і Аняй, як кулакоў і ворагаў народа, выслалі ў халодную Сібір.
“У дзяўчынак не было цёплага адзення, дык іх цёця Жэня за ноч з коўдры пашыла вопратку і малыя разам з бацькамі рушылі ў невядомасць ад роднай хаты, — расказвае сёння муж Ганны Сцяпанаўны Аляксандр Іванавіч Осіпаў, які жыве ў абласным цэнтры – г.Гомелі. – Разам з імі былі рэпрэсіраваны і сасланы ў Сібір і браты Сцяпана Юркевіча”.
Маленькай Ані, калі яна трапіла ў Сібір, было ўсяго тры гады.
Лёс у далейшым быў літасцівым да яе сям’і. У адрозненне ад многіх іншых ссыльных, ім удалося выжыць. Больш таго, дзяўчаткі атрымалі сярэднюю адукацыю. Старэйшая Вольга вывучылася на агранома, а малодшай, яе школьная настаўніца яшчэ ў школьныя гады, разгледзеўшы ў дзіцячых малюнках Ані, талент сапраўднага мастака, параіла паступаць у мастацкае вучылішча.
“Аня спрабавала паступіць у Маскву, у Свярдлоўск, але як толькі справа даходзіла да дакументаў – вораг народа, і ад варот паварот, — расказвае яе муж. – Вялікія гарады для рэпрэсіраваных былі закрыты. Тая ж школьная настаўніца параіла маёй Аннушцы паступаць у Палехскае мастацкае вучылішча імя М.Горкага, якое знаходзілася ў сяле Палех Іванаўскай вобласці.
Гэта старадаўняе рускае сяло атрымала ў народзе назву «Казачны Палех», «Сяло — акадэмія».
Гісторыя мастацкага вучылішча ў Палеху сыходзіць каранямі ў глыб XIX стагоддзя і бярэ пачатак з вучнёўства, якое існавала пры іканапісных майстэрнях.
З 1926 г. тут адрадзілася вучнёўства пры «Арцелі старажытнай жывапісу», якая была арганізавана ў 1924 г. Спадчынная майстэрства іканапісу палешане адрадзілі ў новым сінтэзе старажытнай тэхнікі і прадметнай творчасці ў мастацтве мініяцюры.
На рубяжы 20-30 гадоў XX стагоддзя ў Палеху была адкрыта прафтэхшкола, якая ў 1935 г. была рэарганізавана ў мастацкі тэхнікум, а з 1936 года ў Палехскае мастацкае вучылішча ім. М. Горкага.
Першы выпуск вучылішча зрабіла ў 1938 годзе.
З той пары падрыхтавана больш за 1000 мастакоў — майстроў палехскай лакавай мініяцюры. Творчасць многіх з іх атрымала шырокую вядомасць, ім прысвоены Дзяржаўныя прэміі і ганаровыя званні.
Навучэнкай гэтага вучылішча ў 1945 г. стала і мая Аня. Я ж прыехаў з Саратаўскай вобласці і паступіў у вучылішча ў 1948 г.
У 1950 г., пасля 2-х курсаў вучылішча, я паехаў паступаць у Саратаў на другі факультэт. Адтуль мяне забралі ў армію. У 1953 г. у час кароткатэрміновага водпуску мы з Аняй распісаліся, і я зноў паехаў служыць далей.
Служыў у сакрэтнай часці. Аня мне пісала, што яе кожны месяц цягаюць у міліцыю і ўсё дапытваюць, як ворага народа. Я звярнуўся да свайго асабіста –афіцэра СМЕРШа і ўсё яму расказаў: і пра рэпрэсіраваную сям’ю жонкі, і пра яе пакуты. Праз месяц афіцэр мне сказаў: “Цяпер тваю Аню ніхто чапаць не будзе. Мы ўсё праверылі, ніякія яны не ворагі народа – гэта цудоўная, працавітая і дружная сям’я”.
І праўда, больш маю Анечку ніхто нікуды не выклікаў і не дапытваў. А ў 1955 г. я вярнуўся ў Палех, дзе Аня працавала на буйным мастацкім камбінаце. Закончыў вучылішча. А ў 1959г. мы пераехалі ў Беларусь, на радзіму Ані, у Калінкавічы.
Да таго часу яе бацькі і сястра ўжо пераехалі з Сібіры ў Калінкавічы. Бацька працаваў на мэблевай фабрыцы, а сястра – на чыгунцы ў каранціннай насеннай інспекцыі.
Пераехаць у Беларусь нас прымусіла галадоўка. Праца на мастацкім камбінаце нам вельмі падабалася, а вось полкі ў магазінах былі пустымі. А ў Калінкавічах ужо ў той час быў і хлеб, і крупы, і кансервы, і, нават, каўбаса.
Жылі мы з бацькамі Ані па вуліцы Свярдлова. Я спачатку працаваў выкладчыкам у раённым Доме піянераў, а калі адкрылі ў Калінкавічах новы кінатэатр, з Аняй сталі працаваць у ім мастакамі”.
У 1960 г. Аляксандра Іванавіча запрасілі на працу ў абласны Дом народнай творчасці, офіс якога размяшчаўся ў абласным драматычным тэатры. Аб’ездзіўшы ўсе раёны Гомельшчыны, ён арганізаваў першую творчую выставу самадзейных мастакоў вобласці, якая размясцілася ў Палацы чыгуначнікаў. На выставе выставіў і шкатулкі Ані разам са сваімі работамі, выкананымі ў стылі палехскай лакавай мініяцюры. Выставу разам з сакратарамі райкамаў вобласці наведаў сакратар абкама Палякоў. На наступны дзень паступіла каманда — Осіпавым разам са сваімі работамі з’явіцца ў абкам. А яшчэ праз нейкі час абкам партыі выдзяліў таленавітым мастакам кватэру па вуліцы Арцёма.
Ганна Сцяпанаўна і Аляксандр Іванавіч з 60-х гадоў мінулага стагоддзя актыўныя ўдзельнікі мастацкіх выстаў. З 1964 г. – члены Саюза мастакоў СССР.
У творчасці гэтых майстроў — а займаліся яны роспісам талерак, шкатулак, пласцін — вылучаюцца некалькі тэм з рознымі сюжэтамі і матывамі. Напрыклад, дыпломная праца Ганны Сцяпанаўны прысвечана гераічнаму подзвігу Аляксандра Матросава, Аляксандра Іванавіча – адпачынку сельскіх працаўнікоў.
У Гомелі яны ўпершыню паказалі сваю сумесную працу – шкатулку “Адкрыццё міжкалгаснай электрастанцыі”, якую набыў Дзяржаўны мастацкі музей рэспублікі.
Творчай удачай можна лічыць кампазіцыю з некалькіх сюжэтаў “Іван – удовін сын”, у аснову якой пакладзена беларуская народная казка. Цэнтральнае месца ў ёй займае сцэна вяртання героем сонца людзям пасля бітвы са Змеем Гарынычам.
Ганна Сцяпанаўна і Аляксандр Іванавіч пастаянна канцэнтруюць свой творчы патэнцыял на рэчаіснасці. У 60-я гады мінулага стагоддзя ў Беларусі была вельмі папулярнай песня “Рэчыцкая лірычная”, якая расказвала аб прыгажосці Палескай зямлі. Дык вось наша зямлячка з мужам выкарысталі сюжэт гэтай песні для свайго твора. Нельга не залюбавацца ў ім надыходам ночы, месячным святлом над ракой, тонкай рабінкай, цішынёй воднай роўнядзі. Сярод гэтай прыгажосці прыроды – хлопцы і дзяўчаты ў вясёлым карагодзе. Роспіс проста ўражвае яркасцю каларыту і мажорнай узнёсласцю.
Сваёй тонкай, вытанчанай графікай, незвычайнай сілай колеру і непаўторным хараством лакавыя мініяцюры мастакоў Осіпавых заваявалі прызнанне далёка за межамі СНД. Іх працы ёсць нават у калекцыі цяпер нябожчыка папы рымскага Яна Паўла ІІ, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, а таксама Свяцейшага Патрыярха Аляксія ІІ.
Партрэт папы рымскага, напісаны на драўлянай пласціне яечнай тэмперай, упрыгожвае цяпер збор работ Осіпавых. Такая фарба хутка высыхае, пры накладанні наступных слаёў не раствараецца, што дае магчымасць атрымліваць тонкія каляровыя пераходы. Яна не губляе свежасці многія гады.
З дзіўным майстэрствам Осіпавы выпісваюць мініяцюры з самымі тонкімі дэталямі, разнастайнасцю ювелірных узораў. Увасобленыя вобразы на чорным фоне набываюць асаблівую выразнасць. Малюнкі часта ўмоўныя, афарбаваныя ў казачна незвычайныя тоны: вогненна-чырвоныя коні, чорнае неба, і толькі найтанчэйшымі залатымі ніткамі вымалёўваюцца контуры аблокаў.
Усяму свету вядомы рускія лакавыя мініяцюры на вырабах з пап’е-машэ. Гэта надзвычай вытанчаныя шкатулкі, скрыначкі, пудраніцы, брошкі. Зачароўвае ўяўленне гульня іх яркіх фарбаў, але, па якім бы палехскім абавязковым канонам не ствараліся гэтыя прадметы, усё роўна адчуваецца почырк майстра, калі ён арыгінальны і непаўторны са сваім бачаннем навакольнай рэчаіснасці, толькі яму ўласцівай палітрай. Бо фарбы майстры рыхтуюць самі: з яечнага жаўтка, сусальнага золата, срэбра, бронзы або алавянага парашка, – зрэшты, як і пэндзлі. Гэта вельмі працаёмкі працэс, які патрабуе высокага прафесійнага майстэрства, вытрымкі, цярпення.
Працэс напісання карціны таксама вельмі складаны. Любоў да матэрыялу, веданне яго і няўхільнае прытрымліванне традыцый, пастаянная варыянтнасць у стварэнні твораў – гэта тыя якасці, без якіх немагчыма творчае развіццё мастакоў Осіпавых. Чысціня духоўнага свету, які адбіўся ў іх творчасці, аказваецца надзённа неабходным нам, сучаснікам, стомленым ад прагматычнага, мітуслівага часу, ад рэзка змяніўшыхся маральных арыенціраў.
Заснавальнікамі палехскага мастацтва, як ужо ўпаміналася, былі мастакі-іканапісцы. Яны стваралі дарагія высокамастацкія абразы. Вядома ж, муж і жонка Осіпавы не маглі адысці ад традыцый роднай школы. Яны пісалі і рэстаўрыравалі іконы, распісвалі храмы, чым заслужылі ў савецкі час незадавальненне з боку сваіх калег і некаторых адказных таварышаў.
Насценны роспіс – яшчэ адзін бок таленту Осіпавых, у якім адбіліся матывы твораў Пушкіна, рускіх народных казак і былін. Яны ўпрыгожваюць інтэр’еры санаторыяў, дамоў адпачынку, дзіцячых садоў, бібліятэк. За сваё доўгае творчае жыццё Осіпавы займаліся і графічным афармленнем кніг, распрацоўвалі эскізы нагрудных знакаў і гандлёвых марак.
Творчасць іх заўсёды была запатрабавана. Іх працы выстаўляліся на найбуйнейшых усесаюзных і рэспубліканскіх выставах, іх бралі за мяжу кіраўнікі тагачаснага ўрада ў падарунак першым асобам заходніх дзяржаў, каб прадэманстраваць высокі мастацкі ўзровень савецкага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Ім, як высокапрафесійным спецыялістам, прапаноўвалася прэстыжная праца ў сталіцы, але яны засталіся ў Гомелі, у горадзе, які стаў для іх родным.
Фактычна да 1991 г. Ганна Сцяпанаўна заставалася “ворагам народа”. Толькі ў 1995 г. з упраўлення ўнутранных спраў выканкама Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў на яе імя прыйшла даведка, у якой было сказана наступнае:
“Решение о незаконном репрессировании, принятое в административном порядке 1930 года в отношении Юркевич (Осиповой) Анны Степановны, 1927 г.р., отменено постановлением Верховного Совета Республики Беларусь от 6-го июля 1991 года “О порядке реабилитации жертв политических репрессий 20-80-х годов в Республике Беларусь”.
Гр-н(ка) Юркевич (Осипова) Анна Степановна, находившаяся в ссылке, высылке, спецпоселении с 1930 г. по 1.11.1943 г. в Исовском районе Свердловской области реабилитирована 7 августа 1995 года.
До ссылки, высылки, спецпоселения проживала в д.Воротын Калинковичского района Гомельской области и находилась в малолетнем возрасте”.
У адпаведнасці з рашэннем Калінкавіцкага раённага выканаўчага камітэта № 366 ад 27.10.95 г. “Аб кампенсацыі за адабраную маёмасць” за кошт саўгаса “Радзіма” Ганне Сцяпанаўне і яе сястры Вользе Шпак (прозвішча па мужу) выплацілі па 10 мінімальных заробкаў у якасці кампенсацыі за бацькоўскую хату, жывёлу і іншае дабро.
Маральная кампенсацыя за згубленае дзяцінства і юнацтва законам не прадугледжвалася. Відаць таму, што гэтым дубнякоўскім дзяўчатам і іх бацькам яшчэ пашчасціла – яны засталіся жывымі. Да многіх іншых іх землякоў лёс не быў такім літасцівым.
У 2010 г. Ганны Сцяпанаўны не стала. Справу яе і мужа працягваюць іх сыны Уладзімір і Віктар, якія, як і іх жонкі, сталі прафесійнымі мастакамі. А вось трое іх унукаў вырашылі змяніць прафесію, хаця ўсе малююць даволі прыстойна.

Прыма гімнастыкі

Мы ўжо ўспаміналі вышэй, што калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Корбут Валянцін Аляксандравіч, які нарадзіўся ў 1925 г. у в. Дубнякі, не вагаўся. Ён адразу ж стаў членам падпольнай групы, якую стварыў былы загадчык Варатынскай школы Кузьма Саўчанка. Затым Валянцін уступіў у партызанскі атрад “Лёшкі” і ваяваў у ім аж да злучэння з Чырвонай Арміяй. У атрадзе дубняковец пазнаёміўся з Валянцінай Іванаўнай, якая затым стала яго жонкай.
Пасля вайны сям’я Валянціна Аляксандравіча абаснавалася ў г. Гродна. Ён вывучыўся і працаваў інжынерам, жонка поварам. У іх нарадзілася пяцёра дзяўчынак. Вольга была самай меншай у сям’і і самай любімай, яна нарадзілася 16 мая 1955 г. Яны жылі ў пакоі ў дваццаць квадратных метраў без усялякіх выгод.
Характар будучай алімпійскай чэмпіёнкі загартоўваўся ў дваровых баталіях. У школе да чацвёртага класа вучылася без троек. А ў другім класе школьны фізрук Яраслаў Кароль узяў яе ў школьную гімнастычную секцыю. Аднак, калі ішоў адбор у мясцовую ДЮСШ, то яе спачатку не ўзялі: занадта ўжо тоўсценькая!
Але Вольга чымсьці спадабалася алімпійскай чэмпіёнцы Алене Валчэцкай. Праз год дачка партызана стала займацца ў заслужанага трэнера краіны Рональда Кныша.
— Яна прыйшла да нас у школу ў 1965 годзе, — успамінаў Рональд Іванавіч. — Мы адабралі яе ў ліку іншых пяцідзесяці дзяўчынак, і Алена Валчэцкая — яна ўжо была ў той час чэмпіёнкай краіны — пачала з ёю працаваць. Прайшло прыкладна паўгода. Я прыглядаўся да пачаткоўцаў: каго б мне цяпер падрыхтаваць у чэмпіёны? І выбар патрапіў на Олю. Вельмі ўжо лёгка яна схоплівала новыя элементы! Я хутка зразумеў, што гэтая дзяўчынка зможа і немагчымае…
І справа была не толькі ў тым, што маленькая вага, лёгкасць дазволілі Вользе Корбут падкідваць сябе ў паветра так, што часам здавалася, быццам яна, пераадолеўшы зямное прыцягненне, «завісае» ў прасторы, нібы пушынка, а выдатная каардынацыя рухаў дапамагала дакладна прызямліцца пасля палёту, — як пісалі потым журналісты і спартыўныя рэпарцёры.
Сакрэт яшчэ крыўся і ў характары спартсменкі. Каб выканаць тое, чаго яшчэ ніхто да цябе не спрабаваў, патрэбна была асаблівая смеласць.

Трэнер Кныш прыдумваў усё новыя элементы. А Вольга плакала ад крыўды, калі ў яе не атрымлівалася задуманае, і тут жа бралася паўтараць сотні і тысячы разоў, пакуль кожная звязка, кожны элемент не станавіліся неаддзельнай часткай цэлага. І калі можна было супакоіцца, Кныш адвяргаў усё начыста і змрочна мераў крокамі спартзалу, а Вольга, якая ўжо прызвычаілася да такіх нечаканых паваротаў, старалася паспець за думкамі трэнера і навучылася разумець яго з паўслова, быццам, іх сэрцы былі настроены на адну хвалю.
Неўзабаве пасля Алімпіяды ў Мехіка чатырнаццацігадовая дзяўчынка паспяхова выступіла ў юнацкіх спаборніцтвах «Алімпійскія надзеі», прадэманстраваўшы там сваё знакамітае сальта на бервяне.
У ліпені 1971 года ў Маскве ішла Спартакіяда народаў СССР. Тут яшчэ не бачылі яе арыгінальнага сальта назад. Зала замерла. Вольга ледзь-ледзь хістанулася… Замерла. І раптам… ўпала. Натуральна, упалі і яе шанцы на перамогу. Праўда, яна тады атрымала «золата», разам з сяброўкамі, за камандную перамогу. Тады ж, са слязамі на вачах, яна прамовіла:
— Я выйграю Спартакіяду…
І яна стрымала слова. Праз чатыры гады ў Ленінградзе Вольга стала чэмпіёнкай Спартакіяды народаў СССР.
Сапраўдны трыумф Вольгі Корбут адбыўся на Алімпіядзе ў Мюнхене! На наступны дзень пасля таго, як беларуска прадэманстравала затаіўшаму дыханне ад здзіўлення «Спорт — халле» сваю незвычайную камбінацыю на брусах, мюнхенскія газеты адкрылі спаборніцтвы ў пахвальбе ў адрас савецкай спартсменкі. Як толькі яе не называлі! І «любіміцай Алімпіяды», і «куранём савецкай каманды, якое са сваім сальта прыгнула прама ў сэрца публікі», і «вундэркіндам»… Кожнае яе новае з’яўленне на памосце сустракалася авацыяй. І пасля Алімпіяды Вольга Корбут доўга не знікала з тэлеэкранаў.
Дачка дубнякоўскага партызана стала чатырохкратнай алімпійскай чэмпіёнкай, заслужаным майстрам спорту СССР. Сваю спартыўную кар’еру Вольга Корбут закончыла пасля Алімпіяды ў Манрэалі. У 1977 г. закончыла гістарычны факультэт Гродненскага ўніверсітэта. У 1976г. выйшла замуж за вядомага спевака – саліста групы “Песняры” Леаніда Барткевіча і пражыла з ім 22 гады. Мае сына Рычарда.
Не раз з бацькам і мужам прыязджала ў Дубнякі. Пра адзін з такіх прыездаў мы сёлета расказвалі на старонках “Калінкавіцкіх навін” (23 красавіка 2016 г.).
Зараз Вольга Корбут жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе мае шэраг гімнастычных школ, якія носяць яе імя.

На 1 студзеня 2016 г. у Ператрутаўскім Варатыне налічвалася 310 гаспадарак і 844 жыхары, у Капліцкім Варатыне – 11 гаспадарак і 17 жыхароў, у Дубняках – 4 гаспадаркі і 5 жыхароў.
У Варатыне, які ў 2011 г. стаў аграгарадком, ёсць уся інфраструктура, неабходная для нармальнай жыццядзейнасці сельскага жыхара. Як ужо гаварылася вышэй, тут размяшчаецца цэнтр адкрытага акцыянернага таварыства “Радзіма”, у якім працуюць механізатарамі, жывёлаводамі і паляводамі многія жыхары паселішча.
Тут жа пад кіраўніцтвам Белазора Віктара Мікалаевіча працуе калектыў вытворчага ўчастка “Варатын” КУП “Камунальнік Калінкавіцкі”, які налічвае больш трох дзясяткаў чалавек.
Больш двух дзясяткаў гадоў у Варатыне працуе пажарна-аварыйна-выратавальны пост, на якім пад камандаваннем Сяргея Гарастовіча нясуць службу сем чалавек, гатовыя па першаму закліку рушыць на выратаванне людзей ад полымя ці іншай навалы.
З пасляваенных гадоў у Ператрутаўскім Варатыне працуе фельчарска-акушэрскі пункт, які з 1985 г. узначальвае фельчар Мельчанка Фёдар Мікалаевіч — ураджэнец Чорнаўшчыны Калінкавіцкага раёна.
З 1987 г. яму дапамагае даглядаць за здароўем мясцовага насельніцтва ўраджэнка суседніх Беразнякоў – медсястра Барабаншчыкава Вера Канстанцінаўна.

Працуе ў вёсцы і сельская бібліятэка, якою з 2004 г. загадвае ўраджэнка Варатына, выпускніца Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума Кулікова (Гарастовіч) Наталля Іванаўна.
Яшчэ ў 1988 г. прыйшла на працу ў саўгасны клуб інструктарам па рабоце з дзяцьмі мясцовая жыхарка Корбут Валянціна Мікалаеўна. Яна і сёння, праўда, ужо пад прозвішчам Мельчанка, працягвае працаваць мастацкім кіраўніком Варатынскага культурна-спартыўнага цэнтра, дырэктарам якога зараз з’яўляецца Попчанка Васіль Максімавіч – намеснік дырэктара РСУП “Радзіма” яшчэ ў нядаўнім мінулым.

Дарэчы, культрабоце ў Варатыне аддалі часцінку свайго жыцця ў розныя гады Палонікаў Уладзімір Сцяпанавіч (зараз працуе ў Нароўлі), Астапенка Віктар Анатольевіч (зараз настаўнік фізкультуры ў мясцовай школе), Гавароўская Ганна Дзянісаўна (на пенсіі), Барысенка Надзея Васільеўна, Сержан Сяргей Мікалаевіч, Ахраменка Мікалай Міхайлавіч, Любіна (Пінчук) Юлія Міхайлаўна, Сташук Аксана Іванаўна, Гавароўская (Мароз) Марыя Мікалаеўна.
Працуюць у вёсцы гандлёвыя кропкі Калінкавіцкага райспажыўтаварыства. Ёсць сваё аддзяленне сувязі. Дзеці маюць магчымасць, акрамя атрымання сярэдняй адукацыі, атрымаць і музычную. Ёсць магчымасць займацца спортам.Ёсць транспартныя зносіны з горадам і электронныя з Сусветам.
Адным словам, жыві, Варатын, працуй, развівайся!

А закончым наш аповяд пра Варатын урыўкам з “Лірычнага рэпартажа з Варатынскай СШ”, які апублікаваў 8 лютага 1994 г. у газеце “Калінкавіцкія навіны” вядомы беларускі паэт і гумарыст Уладзімір Верамейчык:
Едзем. Настаўнікаў роднае мовы
Цэлы аўтобус імчыць у Варатынь.
«Рафік» — майстрам беларускага слова,
З намі Бірылаў — ад райвыканкома.
Едзем праз слоту і зябкую стынь.
Студзень… Ды толькі зіма не частуе
Снегам, марознаю злосцю каляд.
Вось і Антонаўка. «Рафік» прастуе:
Шыічы, Каплічы — хутка, мяркуем,
І варатынскі ўжо далягляд.
У Варатынь уязджаем здзіўлёна:
Гмахі да неба, дарога як ток.
Школа. Прыпынак. Страчае з паклонам
З зычаннем шчасця гасцям пахвалёным
Жвавы дырэктар Іван Сачанок.
Сам з Нараўляншчыны, з жудаснай зоны,
Ён абжывае прыдатны куток.
«Усё для дзяцей» — непарушным законам
Стала ў школе. (Згадзіцеся, сёння
Мала такіх, як Іван Сачанок).
Толькі напорнасць і дружба з саўгасам
Школу ратуюць — і цела, і плоць.
Фёдар Хмяльніцкі ўпоравень з часам
Крочыць, сябруючы з кожненькім класам,
Вучыць і думаць, і жаць, і палоць.
Зноў жа, згадзіцеся, у беднасці нашай
Фёдар Міхайлавіч мудры ўдвайне:
Дзеліцца шчыра і хлебам, і кашай —
З гэткім дырэктарам голад нястрашан,
З гэткім дырэктарам слаўна ўпаўне.
А ў вестыбюлі прывабнае школы —
Гурт нецярплівы прыгожых жанчын:
Цар-каравай на абрусе вясёлым,
Роднае слова ў гучанні дзябёлым —
Гэта адна з урачыстых хвілін.
Мельчанцы Тасі ў дарунак падносяць
Хлеб знакаміты—святы каравай.
А Сачанок — гаспадар шчыра просіць
Школу агледзець, прысуд свой выносіць:
Добра ці дрэнна — глядзі, прыкмячай.
Я за свой век сотні школ перабачыў
Мінскіх і гомельскіх, у цэнтры, у глушы.
Па Варатынскай прайшоў і зазначыў:
Тут калектыў багатырскі няйначай,
Зроблена ўсё для дзяцей, для душы.
Усё падагнана да кропкі і шруба,
Нават гультай у выдатнікі прэ.
Светла і чыста, прасторна і люба,
Тут стане шустрым на розум няўклюда,—
Ведаў дзялянку тут кожны арэ.
Мне ж кабінет беларускае мовы
Хочацца бачыць — аснову асноў.
Тут гаспадарыць Марыя Кіслова,
Тут на кані беларускае слова,
Усюды лунае дух нашых дзядоў.
Школа выдатная. Стала апорнай
Па Адраджэнні — і едуць здаля,
Вучацца песням, абрадам узорным
I беларускасці ўсцяж непакорнай,
Вучацца так, каб мацнела зямля.
У Доме культуры шчыруюць паэты…
Мельчанка Тася парад пачала.
<…> Потым на сцэну Шпакоўская Валя
Стрымана, з годнасцю гожай ўзышла.
I паэтэсу віталі ў зале,
Вершы яе слухачоў счаравалі,
Валя — надзея і гордасць сяла.
Больш дзвюх гадзін паэтычнае слова
Лашчыла стоены слых гледачоў.
Потым — канцэрт на саліднай аснове,
Песні і танцы ішлі паспяхова,
Многія лепш, чым у эстрадных майстроў.
Бачым, Кіслоў і Палонікаў звыкла
Мілыя сэрцу баяны бяруць:
Песні калядныя ў душы праніклі,
Танцы, што многа дзе поўнасцю зніклі,
У Варатыні цудоўна жывуць.
Песні настаўнікаў, скокі ў вучняў —
Гэткай гармоніі мала дзе ёсць.
Ў школе саюз гэты, бачна, выключны,
У вёсцы саюз гэты з шчасцем заручан —
Мудрая сталасць й агонь — маладосць.
Жонка й дачка Сачанкі ў дуэце
Слаўна выводзяць чароўны напеў,
Потым я двух першаклашак прыкмеціў —
Машу й Сяргея. Выдатныя дзеці.
Шчыра спяваць – так не кожны б сумеў.
Думаю часта: у вёсках далёкіх
Талентаў колькі жыве між дзятвы!
А ці мы робім хоць сціллыя крокі,
Каб далучыць да мастацтваў высокіх
Іх? Ды як рускія кажуць: увы!
Песня — трымцлівае сэрца народа.
Мне б хоць звычайным радком ўспамянуць
Галіну Міхайлаўну Юркевіч,
Алену Іванаўну Фёдараву,
Галіну Майсееўну Сачанок,
Ірыну Віктараўну Канстанцінаву,
Што і на сцэне душэўную згоду
Нам паказалі. Іх спеў — асалоду
Людзі набгом з заспакоеннем п’юць.
<…> Вось і ад’езд… Расставальная скруха,
Клятвы прыехаць адкульсьці здалёк.
Дзякуй табе, Варатынь-весялуха!
Дзякуй табе, мая школа-прысуха!
Дзякуй табе, дарагі Сачанок!
Мне падарылі на шчасце сабаку
(Смешны, са жлобінскай футры звярок).
Ў годзе Сабакі таго неўмаляку
Буду лічыць варатынскім я знакам
I пры ад’ездзе сабе даў зарок:
Сумна мне стане на гэтай планеце —
Крыкну адчайна ў марозную стынь:
Добрыя людзі, ці добра жывеце?
Добрыя людзі, чаму не завеце
У госці к сабе ў Варатынь? Ва-ра-тынь…

Іван Гарыст

Популярные сообщения

Изображение

Именные списки репатриированных граждан СССР прибывших на Винниковский сборно-пересыльный пункт г. Винники (Украина) и отправленных на сборно пересыльный пункт Полесской области (Беларусь) от 31 июля по 11 сентября 1945 года

Изображение

Список советских граждан насильственно угнанных в немецкое рабство в период временной оккупации немцами Юровичского с/совета, Калинковичского района, Полесской области, БССР

Изображение

Акты расследования злодеяний, совершенных немецко-фашистскими захватчиками против советских граждан при оккупации территории Ельского района от 14 декабря 1944 по 14 февраля 1945 гг.