Горочичи

На паўднёвы ўсход ад Калінкавіч, па дарозе Калінкавічы-Дудзічы-Ліпаў, за 15 кіламетраў ад райцэнтра размясціўся аграгарадок Гарочычы. Планіровачна населены пункт складаецца з прамалінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыяльнай арыентацыі, да якой на поўдні далучаюцца тры кароткія вуліцы. Забудова аграгарадка двухбаковая, пераважна драўлянага сядзібнага тыпу, за выключэннем, канешне, новых цагляных дамоў, якія пабудаваны мясцовай гаспадаркай для сваіх працаўнікоў, і за дзяржаўныя сродкі – для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны.

Паданні і факты

Што датычыцца назвы паселішча, то, як лічыць прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Аляксандр Рогалеў: “Форма наймення (суфікс –ычы) паказвае, што яно ўзнікла ў перыяд да XVI- XVII стагоддзяў. У аснове наймення ляжыць абазначэнне жыхароў пасялення – гарочычы. Каго маглі так называць? На наш погляд, гарочычы – гэта тыя, хто займаецца апрацоўкай і ўгнаеннем зямлі. У беларускіх гаворках ужываюцца словы агарот, гарот і гарод, якія маюць наступныя значэнні: участак зямлі прызначаны для агародніны; поле за агародам; наогул абгароджаны ўчастак зямлі; сядзіба вясковага жыхара; добра апрацаваная і ўгноеная зямля.

Ад слова гарот (гарод) і ўтварылася “калектыўная мянушка” гарочычы (першапачаткова, відаць, гароцічы), а назва Гарочычы, якая разумелася, як “месца пражывання гарочычаў”.

Будова назвы, як значэнне і мяркуемы час узнікнення дазваляюць зрабіць наступны вывад. Вёска Гарочычы ўзнікла ў суцэльнай лясной мясцовасці, жыхары яе спрадвеку займа-ліся земляробствам, таму і расчышчалі лясныя дзялянкі пад палі. Такі спосаб жыцця абумовіў нараджэнне мянушкі гарочычы, якая хутка ператварылася ў назву пасялення. Адбылося ўсё гэта, як мы ўжо адзначылі, да XVI-XVII стагоддзяў, а магчыма, яшчэ ў старажытнарускі час, дзесьці паміж XIII і XIV стагоддзямі”.

На нашу думку, магчымы і іншы варыянт тлумачэння паходжання назвы Гарочычы.

У першым тысячагоддзі нашай эры гарадамі называлі паселішчы, умацаваныя агароджай, якая звычайна складалася з рова, землянога вала і частаколу. Нярэдка такія гарады з цягам часу гублялі сваё ваеннае значэнне, іх умацаванні руйнаваліся, а самі яны прыходзілі ў заняпад і ператвараліся ў гарадзішчы – месцы, дзе быў горад. Пазней на тых месцах узнікалі паселішчы, якія атрымлівалі назву: Гарадзішча, Гарадок, Гарадзец, Гарадзея.

Як вядома, тэрмін горад звязаны з паняццем агароджа, гарадзіць. Дык чаму не дапусціць магмымасць паходжання назвы Гарочыч, якія, нават, у афіцыйных дакументах 20-х гг. мінулага стагоддзя называліся Гародчыцамі, ад слова горад. Можа і сапраўды ў гады сівой даўніны на месцы Гарочыч размяшчаўся старажытны горад?

Аб тым жа, што людзі сяліліся ў ваколіцах Гарочыч з даўніх часоў, сведчаць старажытныя курганы, якія знаходзяцца побач з аграгарадком. Паміж Гарочычамі і вёскай Рудзенька ёсць урочышча Горкі. А завецца яно так, як сцвярджаюць старажылы, бо ў ім сапраўды размяшчаліся невялікія ўзгоркі, якія, быццам бы, былі насыпаны чалавекам яшчэ ў далёкай старажытнасці. На сённяшні дзень з усіх пагоркаў, якія на самой справе з’яўляліся курганнымі могільнікамі, захавалася ўсяго два курганы. Частка з іх у панскія часы была раскапана мясцовым земляўладальнікам, частку зруйнавалі ў час пракладкі асфальтавай дарогі.

Мясцовыя жыхары з гэтай нагоды расказваюць і пра другое ўрочышча ў гарочыцкіх ваколіцах. Называецца яно Галявіцай, і таксама мае на сваёй тэрыторыі “горкі” старажытнага паходжання. Дык вось, па расказах старажылаў, у 30-я гады мінулага стагоддзя мясцовыя сяляне раскапалі адну з іх, каб пабудаваць сянажную яму, і наткнуліся на чалавечыя косці.

Жыхары Гарочыч лічаць, што гэтыя рукатворныя горкі-курганы ўзніклі ў часы мангола-татарскага нашэсця. Але гэта, хутчэй за ўсё, не болей, як мясцовае паданне. “На самой справе, курганы былі насыпаны над пахаваннямі ў яшчэ больш раннія часы,”- лічыць прафесар Аляксандр Рогалеў. (Газета “За камунізм”. 17 сакавіка 1990 г.).

Аб старажытнасці паходжання Гарочыч сведчаць і археалагічныя артэфакты, якія былі знойдзены на тэрыторыі вёскі .

Як сцвярджаюць жыхары вёскі, ў 60-я гады мінулага стагоддзя на прышкольным вопытным участку, які цягнуўся амаль да самай рэчкі Абедаўкі, школьнікі знайшлі каменныя прылады працы: скрабкі, наканечнікі стрэл, каменную сякеру. Старая школа у той час (да 1970 г.) размяшчалася па вул. Савецкай, якая праходзіць па пакатым узгорку, што размясціўся на паўночна-заходнім беразе р. Абедаўкі.

Да сённяшняга дня ў мясцовай школе з тых знаходак захоўваецца каменная сякера і каменны нож.
На тэрыторыі Гарочыч быў знойдзены і яшчэ адзін след пражывання насельнікаў бронзавага веку – каменная матыка, якая знаходзіцца зараз у адным з мінскіх музеяў.

Знойдзены на тэрыторыі Гарочыч і вёсак Гарочыцкага сельсавета і старажытныя рудні або рудніцы – месцы, у якіх старажытныя мясцовыя жыхары здабывалі крычным спосабам жалеза з балотнай руды, якая мелася амаль у кожнай рачной даліне. Металургіяй жалеза тутэйшыя жыхары авалодалі 700-800 гадоў да нашай эры. (Памяць.Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”. 1999.с.32-33).
Так што досыць ужо гэтага пераліку фактаў, каб пацвердзіць самае старажытнае паходжанне вёскі Гарочычы.

Старажытнасць мясціны разам з наяўнасцю канкрэтных гістарычных доказаў заўсёды абрастае і рознымі паданнямі. Напрыклад, у ваколіцах Гарочыч ужо не адно дзесяцігоддзе існуе паданне аб тым, як руская імператрыца Кацярына II праязджала цераз Гарочычы, у час свайго падарожжа з Пецярбурга ў Крым. Старажылы баюць, быццам бы, імператрыца са сваёй світай спынілася нанач на беразе ракі, якая ў гонар гэтага атрымала назву Ненач, а на абед яна спынілася на беразе левага прытоку Неначы, што працякае цераз Гарочычы, і таму гэтую рачулку з тых часоў называюць Абедаўкай.

Канешне, гэта не болей чым выдумка, бо дакументальнага пацверджання факту наведвання Кацярынай II гарочыцкіх мясцін устанавіць не ўдалося. І, нават, тое, што дарога ад вёскі Есіпава Рудня праз урочышча Галявіца, да вёскі Рудзенька праз Гарочычы і далей на Даманавічы дагэтуль носіць назву “Кацярынінскі шлях”, а каля вёскі Булаўкі, якая таксама стаіць на рачушцы Абедаўка, што пачынаецца за 4 кіламетры на захад ад вёскі Вязавіца, мае даўжыню 30 кіламетраў, працякае па нізіне Прыпяцкага Палесся і ўпадае ў Ненач за 12 кіламетраў ад вусця, ёсць “Кацюшын лес”, нічога не пацвярджае. Як і тое, што паміж вёскамі Рудзенька і Есіпава Рудня захаваўся насыпаны і абсаджаны, накшталт алеі, бярозамі шлях.

Такія шляхі пачалі паўсюдна ствараць у Беларусі пасля далучэння яе зямель да Расійскай імперыі, што супала з часам праўлення Кацярыны II. Адсюль паўсюдна пайшла і назва “Кацярынінскі шлях”, што ў рэаліі зусім не адпавядала таму, што імператрыца сапраўды наведвала тое ці іншае месца.

Па пісьмовых крыніцах Гарочычы вядомы з XIX стагоддзя, як вёска ў Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1850 г. яна з’яўлялася ўласнасцю памешчыка Міхайлава і ўваходзіла ў склад яго маёнтка Даманавічы.

Маёнтак быў падараны сапраўднаму статскаму саветніку і кавалеру Андрэю Сідаравічу Міхайлаву ад казны па Высокай Грамаце, а затым перайшоў па спадчыне яго сыну — надворнаму саветніку Івану Андрэевічу Міхайлаву.

У вёсцы тады налічвалася ўсяго 24 двары. (Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. т.1. Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”. 2004. с. 542). Сяляне займаліся земляробствам, пчалярствам, зборам і продажам лясных прадуктаў, ад чаго выручалі па 25-50 рублёў срэбрам на кожны цяглавы двор, на якія набывалі соль, косы, жалеза. Яны таксама выконвалі павіннасці на карысць памешчыка на палявых і агародных працах, сенакосе будаўнічых і дарожных працах унутры маёнтка, на нарыхтоўцы дроў, пасьбе жывёлы, вартаўніцтве.

Працоўны ўзрост для мужчын лічыўся ад 16 да 60 гадоў, для жанчын — ад 15 да 50 гадоў. Акрамя паншчыны сяляне плацілі прадуктовы чынш.

Першымі жыхарамі вёскі лічацца носьбіты прозвішчаў: Чарняковы, Маскалевічы, Цітовы, Назаранкі, Зіновічы.

У сярэдзіне XIX ст. Расійская імперыя стаяла ў кроку ад рэвалюцыйнага выбуху. Адсутнічалі станоўчыя вынікі папярэдняй палітыкі па сялянскаму пытанню. У 1858-1860 гг. толькі ў Беларусі адбылося звыш 40 буйных выступленняў сялян. Наглядаўся агульны крызіс гаспадаркі краіны. Рэзка вырасла запазычанасць памешчыкаў перад Дваранскім банкам, што гаварыла аб крызісе панскай гаспадаркі.

Патрабавалася тэрміновае прыняцце мер па рэфармаванні краіны, і ў першую чаргу — трэба было адмяніць прыгонніцтва.

Памешчыкі Беларусі і Літвы прапанавалі вызваліць сялян, але без зямлі. Толькі Віцебскія і Магілёўскія земляўладальнікі былі не супраць надзялення сялян зямлёй за выкуп. У гэтых губернях глеба была нізкай якасці, а большасць памешчыкаў атрымлівала даходы ў выглядзе аброку.
Маніфест аб адмене прыгоннага права быў падпісаны Аляксандрам II 19 лютага 1861 г. Ён аб’яўляў аб пачатку правядзення рэформы ў дзяржаве, указваў на яе прычыны і мэты.

У «Агульным палажэнні» змяшчаліся адзіныя для імперыі прынцыпы правядзення рэформы: памешчыкі былі ўласнікамі ўсёй зямлі, якая належала ім да рэформы; частка зямлі адводзілася сялянам у пастаяннае карыстанне без права маёмасці; на 9 год уводзілася часоваабавязанае становішча сялян, і яны адпрацоўвалі паншчыну ці выплачвалі аброк у поўным дарэформеным памеры, ім было забаронена пакідаць зямлю; уводзіліся ўстаўныя граматы, якія вызначалі пазямельнае ўпарадкаванне і павіннасці сялян на карысць памешчыка; але адмянялася асабістая залежнасць сялян ад памешчыкаў; сяляне атрымлівалі некаторыя грамадзянскія правы — яны маглі займацца промысламі, гандляваць, набываць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць у навучальныя ўстановы і на службу, несці асабістую адказнасць перад судом.

Уласнікам зямлі селяніна рабіла выкупная здзелка. З пераходам на выкуп часоваабавязаныя адносіны спыняліся, сяляне залічваліся ў разрад уласнікаў. Правілы выкупу былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. Выкупная сума была такога памеру, каб памешчык, паклаўшы яе ў банк (пад 6% гадавых), мог атрымліваць прыбытак, роўны штогадоваму аброку з зямлі, якая перайшла ва ўласнасць селяніна. Пры выкупе надзелаў сяляне павінны былі заплаціць 20% выкупной сумы, астатнюю частку — 80% памешчыкі атрымлівалі ад дзяржавы ў выглядзе каштоўных папер. Сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы і павінны былі на працягу 49 гадоў плаціць ёй выкупныя плацяжы і працэнты за ссуду (выплаты цалкам адменены 1 студзеня 1907 г.). Па сутнасці, сяляне выкуплялі не зямлю, а кампенсавалі памешчыкам свае феадальныя павіннасці.

Распрыгоньванне сялян, хоць і марудна, але паціху зрушылася з месца. Напрыклад, калі ў кастрычніку 1865 г. 1-я Праверачная камісія Рэчыцкага павета здзейсніла праверку маёнтка Даманавічы, то выявілася, што працэс арганізацыі выкупу зямлі сялянамі пачаўся.

У маёнтак Даманавічы на той момант уваходзіла дзевяць паселішчаў, у тым ліку і Гародчыцы. Гэтыя паселішчы складалі шэсць сельскіх таварыстваў. Па статутнай грамаце ў маёнтку значылася 187 двароў; у тым ліку 187 сялян, якія валодалі палявымі ўчасткамі.

Рэвізскіх душ “мужчынскага цела”, як было адзначана ў акце праверкі, г.зн. дзяржаўных сялян было 647.

Паводле пастановы камісіі, выкладзенай у пратаколе праверачных дзеянняў, “у маёнтку Даманавічы аказалася сялян-гаспадароў, якія валодаюць двухцяглавымі ўчасткамі – 75, адноцяглавымі – 11, трохдзесяціннымі – 11, і агароднікаў – 5. Усяго – 203”.

У карыстанне сялян было адведзена па статутнай грамаце зямлі, акрамя выпасу, які знаходзіцца ў карыстанні сялян і памешчыка, па 1000 квадратных сажняў (сажань— стараруская адзінка вымярэння адлегласці, роўная 2,16 м – І.Г.) пры кожнай вёсцы, на кожны сялянскі двор.

У прыватнасці, на Гародчыцы было адведзена 28 квадратных сажаняў прысядзібнай зямлі, 312 – ворыўнай і 136 –сенакоснай, усяго 476 сажаняў.

З 1 жніўня 1866 года сяляне Гародчыц разам з астатнімі сялянамі маёнтка Даманавічы былі пераведзены на выкупныя плацяжы замест аброку. (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф.1595, воп.2, с.2282).

Адмена прыгонніцтва ў Беларусі мела свае асаблівасці ў параўнанні з усёй Расійскай імперыяй. Так, памеры сялянскіх надзелаў тут былі вышэйшымі, чым па Расіі. А выкупныя сумы, наадварот, былі зменшаны. Але памешчыцкае землеўладанне ўсяроўна захоўвалася — у памешчыкаў знаходзілася больш паловы лепшай зямлі, а ля 40% сялян былі малазямельнымі.

Таму жыццё сялянства па-ранейшаму заставалася цяжкім і беспрасветным.

У 1893 г. землеўладальнік Міхайлаў прадаў свой маёнтак гомельскім купцам –братам Міхаілу і Андрэю Шышкіным. Так жыхары Гародчыц папалі пад уладу новых землеўладальнікаў, і, зразумела, што жыццё іх ад гэтага лепшым ніколькі не стала.

Згодна перапісу 1897 г. ў Гародчыцах было 70 двароў, у якіх пражывалі 492 жыхары, дзейнічалі капліца, хлебазапасны магазін і пастаялы двор. У 1912 г. у вёсцы адкрылася народнае вучылішча, якое размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце.

24 ліпеня 1901 г. газета “Сибирская жизнь» на апошняй старонцы расказала пра трагічны выпадак, які адбыўся ў Гародчыцах:

“У вёсцы Гародчыцы Рэчыцкага павета Мінскай губерні сялянка Н. выйшла па нейкай патрэбе на двор, пакінуўшы ў сенях у калысцы 7-месячнае немаўля і дваіх сваіх дзяцей: двух і чатырох гадоў.
У сені забегла свіння. Старэйшыя дзеці спужаліся і схаваліся пад лавай у хаце, а свіння падыйшла да калыскі, абярнула яе, і адгрызла ў дзіцяці частку галавы, кісць правай рукі і некалькі пальцаў на назе.

Жах няшчаснай маці, якая ўбачыла сваё дзіцё мёртвым, быў настолькі вялікім, што яна страціла розум”.

Вірлівы век

Пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. царскі ўрад імкнуўся нейтралізаваць апазіцыйны рух. Шмат удзельнікаў рэвалюцыйных падзей апынулася ў турмах. Аднак урад разумеў, што толькі гвалтоўнымі метадамі краіну не супакоіць. Барацьба сялян за зямлю паскорыла правядзенне аграрнай рэформы. Галоўным ідэолагам і арганізатарам пераўтварэнняў у аграрным сектары выступіў прэм’ер-міністр П. Сталыпін. Абвешчаная царскім указам ад 9 лістапада 1906 г. рэформа сялянскага надзельнага землеўладання прадугледжвала ліквідацыю абшчыны, пераход зямлі ў асабістую ўласнасць, перасяленне часткі сялян у Сібір і на Далёкі Усход. У палітычным плане гэтая рэформа дазваляла расслаіць вёску, паскорыць стварэнне заможнага пласта сялян, які мог бы стаць апорай самадзяржаўя.

Кожнаму селяніну дазвалялася выйсці з абшчыны і замацаваць у асабістую ўласнасць свой зямельны надзел. Дазвалялася таксама патрабаваць выдзялення зямлі на адным участку-водрубе, перанёсшы на які ўласны дом, ён мог бы стварыць свой хутар.

Для правядзення рэформы ствараліся губернскія і павятовыя землеўпарадкавальныя камісіі. А 14 чэрвеня 1910 г. землеўпарадкавальныя камісіі атрымалі права прымусова выдзяляць сялянам зямлю на адным участку.

Для перасяленцаў вылучаліся сродкі на пераезд, кароткатэрміновыя крэдыты і бязвыплатныя грашовыя субсідыі, фарміраваліся спецыяльныя цягнікі, рыхтаваліся пункты прыёму і размеркавання, наразаліся ўчасткі зямлі.

Гэтая палітыка была вельмі разумнай у адносінах да працаздольнай часткі сялян, але не магла вырашыць аграрную праблему ў цэлым.

Агульным патрабаваннем сялян была не маніпуляцыя з супольнымі землямі і перасяленнем, а ліквідацыя памешчыцкага землеўладання. Многія сяляне-сераднякі не змаглі скарыстацца перавагамі рэформы таму, што аднаасобная гаспадарка была спалучана для іх з нязвыклай рызыкай і ў большасці выпадкаў не абяцала ніякіх гаспадарчых перспектыў, акрамя немінучага банкруцтва.

Уласна кажучы, гэта і стала галоўнай прычынай бунту, які ўзнялі гарочыцкія сяляне ў 1912 г.

8 мая 1912 г. мінскі губернатар накіраваў у Дэпартамент паліцыі данясенне аб супраціўленні сялян в. Гародчыцы пры размеркаванні зямлі на хутарскія ўчасткі:

“… 18 красавіка с.г. ў в. Гародчыцы Рэчыцкага п. прыбылі землямеры землеўпарадкавальных камісій для ажыццяўлення работ па размеркаванні зямлі сялян на хутары. Але натоўп сялян, незадаволеных рассяленнем, не дапусціў землямераў да работы.

Тады земскі начальнік 6-га участка Рэчыцкага п. назначыў на 21 красавіка сельскі сход для вырашэння пытання аб пераходзе іх да хутарскога землекарыстання, на што большасць сялян выявіла жаданне.

Земскі начальнік у той жа дзень вырашыў прыступіць сумесна з землямерамі да абходу акружной мяжы зямель сялян в. Гародчыцы. Але толькі ён выйшаў з вучылішча, дзе быў сход, як натоўп сялян, жанчын і дзяцей, у ліку да 1000 чал., перагарадзіў дарогу, прасіў не выдзяляць іх на хутары, сілай зняў рабочых ,урадніка і стражніка, адпіхнуў ад земскага начальніка, затрымаў сельскага старасту, зняважыў яго і валаснога старшыню. У сельскага старасты нават сарвалі службовы знак. У адрас старасты і рабочых загучалі пагрозы натоўпа: ”Заб’ем”. У некаторых сялян у руках былі палкі і камні.

Угаворы з боку земскага начальніка поспеху не малі. У такіх умовах працягваць работы магчымасці не было.

На другі дзень у в. Гародчыцы прыбыў рэчыцкі спраўнік з атрадам варты, арыштаваў 6 галоўных зачыншчыкаў беспарадкаў і заключыў іх пад варту пры паліцэйскім упраўленні да распараджэння судзебнага следчага, якому перадаў здзейсненае дазнанне для прыцягнення віноўных да адказнасці па 271-му і 272-му артыкулу Укладання аб пакараннях.

25 красавіка с.г. спраўнік, згодна просьбы земскага начальніка, са стражнікамі прысутнічаў у в. Гародчыцы для аказання садзейнічання землямерам у вытворчасці работ. Земскі начальнік зноў склікаў сельскі сход, на якім выявілася, што ад размеркавання зямлі на хутары адмовілася большасць сялян, якія не патлумачылі прычыны. Земскі начальнік вымушан быў аб’явіць аб прыпыненні работ… “ (История Беларуси. Сборник документов и материалов. Минск. 2000. с. 244-245).

У 1912-1917 гг. ва ўрочышчы Пільня нямецкім прамыслоўцам, прозвішча якога ніхто ўжо ў вёсцы сёння не памятае, быў пабудаваны вялікі лесапільны завод. Аналагічны завод быў пабудаваны і на станцыі Гарочычы.

Вяскоўцы, што працавалі рабочымі на гэтых заводах, як успаміналі старажылы, падвяргаліся невыноснаму прымусу і жорсткай эксплуатацыі, якую чалавеку цяжка было перанесці не толькі фізічна, а нават маральна. Таму завод у Пільні двойчы палілі, а на станцыі – спалілі ў 1917 г.

У 1915 г., пасля здачы ў эксплуатацыю чыгункі Жлобін-Калінкавічы, побач з Гарочычамі пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя Гарочычы і пачаў фарміравацца пасёлак, які сёння называецца пасёлак Гарочыцкі.

Непасрэдны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1917 г. прымалі жыхары Гарочыч Назаранка Раман Дзям’янавіч, Зіновіч Канстанцін Яфімавіч і Дубровін Савелій Сцяпанавіч.

Першы камбед і рэвалюцыйны камітэт у вёсцы ўзначальваў Чарнякоў Сцяпан Германавіч. А першым бальшавіком быў Драздоў Рыгор.

Да рэвалюцыі 1917 г. і ў першыя гады пасля яе Гародчыцы адміністрацыйна ўваходзілі ў склад Даманавіцкай воласці Рэчыцкага павета.

На падставе пастановы Саўнаркама ад 24 снежня 1917 года «Аб органах мясцовага самакіравання» пачалася ліквідацыя ніжэйшых адміністрацыйных і земскіх усесаслоўных органаў самакіравання Часовага ўрада — валасных выканкамаў і валасных земскіх упраў, — якія атрымалі ў спадчыну адміністрацыйныя, фінансавыя і гаспадарчыя функцыі ліквідаваных валасных сходаў, праўленняў, судоў і старшын. Гэтыя органы практычна так і не прыступалі да працы, а пасля Кастрычніка 1917 года былі заменены спачатку валаснымі рэвалюцыйнымі камітэтамі і камітэтамі беднаты, а затым – валвыканкамамі (выканаўчымі органамі валасных з’ездаў) і сельсаветамі.

Так, 17 снежня 1918 г. адбылося пасяджэнне Даманавіцкага рэвалюцыйнага камітэта, на якім у шэрагу іншых былі разгледжаны пытанні “Аб пастаноўцы на ўлік усёй народнай маёмасці” і “Аб неадкладнай арганізацыі камітэтаў сялянскай беднаты (камбедаў)”.

Характэрна, што ў валасны камбед балаціравалася аж некалькі жыхароў Гародчыц: Міхаіл Тозік, Макарый Назаранка, Сцяпан Чарнякоў, Васіль Зіновіч і Павел Маскалевіч. Выбралі, праўда, толькі Міхаіла Тозіка, а Макарыя Назаранку, Паўла Маскалевіча і Васіля Зіновіча залічылі ў кандыдаты.
На гэтым жа пасяджэнні валрэвкама было вырашана, адразу ж пасля стварэння ў вёсках воласці камбедаў, сазваць валасны з’езд для арганізацыі валаснога выканаўчага камітэта. (Мазырскі архіў, ф. 167, воп.1,с.2,л.1).

Тым часам у Гародчыцах быў створаны камітэт сялянскай беднаты, які ўзначаліў Раман Назаранка. У састаў камбеда таксама ўвайшлі Павел Маскалевіч і Аляксей Назаранка. (Мазырскі архіў,ф. 167, воп.1,с.2,л.7).

12 студзеня 1919 г. на агульным сходзе грамадзян Гарочыч пад старшынствам Рамана Назаранкі і сакратара Паўла Маскалевіча адбыліся перавыбары сельскага камбеда. Большасцю галасоў старшынёй Гарочыцкага камбеда выбралі Савелія Дубровіна, яго сябрам (намеснікам – І.Г.) — Паўла Маскалевіча і сакратаром — Канстанціна Зіновіча. (Мазырскі архіў,ф.167,воп.1,с.4,л.109).

А ўжо 29 студзеня гэтага ж года Раман Назаранка дакладваў на сходзе камбедаў Даманавіцкай воласці аб стане спраў у Гарочычах:

“Крайняя патрэба ў хлебе з выпадку неўраджаю ў 1918 г., градабою. Паблізу вёскі – вялікая нарыхтоўка лесу. Каля Гародчыц ёсць вялікі запас калод для распілоўкі, які нарыхтаваны каля 4 гадоў назад, да 5000 калод альхі, але альха гэтая псуецца, як і іншыя лесаматэрыялы, што нарыхтаваны і валяюцца.

<…>Пры Гародчыцах ёсць два лесапільных заводы, але яны пакуль не дзейнічаюць. Апошні час вёска нясе вялікі цяжар па забеспячэнні беднякоў. Таму амаль прыходзіцца дзяліцца апошнім кавалкам хлеба. У вёсцы патрэбна пабудаваць 2-камплектнае вучылішча”. (Мазырскі архіў,ф.167,воп.1,с.2,л.10).

Пачынаючы з 1919 г. ўся паўната ўлады на месцах пераходзіла да сельскіх Саветаў. Увогуле, сістэма сельскіх Саветаў была замацавана Канстытуцыяй РСФСР 1918 года. Парадак утварэння, дзейнасці і задачы сельскіх Саветаў былі вызначаны Канстытуцыяй і наступнымі заканадаўчымі актамі: Палажэннем УЦВК «Аб сельскіх Саветах» ад 15 лютага 1920 года; «Палажэннем аб сельскіх Саветах», зацверджаным УЦВК 26 студзеня 1922 года; «Палажэннем аб сельскіх Саветах» ад 16 кастрычніка 1924 года і іншымі.

Сельскі савет абіраўся на пэўны тэрмін. Бягучая праца вялася выканаўчым камітэтам на чале з яго старшынёй. Савет рэгулярна склікаўся выканкамам.

Па Канстытуцыі сельскі савет ўтвараўся па норме 1 дэпутат на 100 чалавек насельніцтва, але так, каб агульная колькасць дэпутатаў была не менш за 3 і не больш за 50. Савет меў трохмесячны тэрмін паўнамоцтваў. Выканкам складаўся са старшыні і 3 — 5 членаў. Пасяджэнні савета склікаліся не радзей 2 разоў на тыдзень.

Палажэнне 1920 года ўпарадкавала структуру сельсаветаў і ўдакладніла парадак іх утварэння:

Саветы ствараліся ў паселішчах, якія мелі не менш за 300 чалавек насельніцтва. У тых жа паселішчах, якія налічвалі менш за 300 жыхароў, дзейнічаў прадугледжаны Канстытуцыяй агульны сход выбаршчыкаў, які выбіраў старшыню, які выконваў тыя ж функцыі, што і старшыня сельсавета.

2 сакавіка 1919 г. ў Гарочычах пад старшынствам Трафіма Маскалевіча адбыўся агульны сход грамадзян, на якім абмяркоўвалася пытанне аб выбарах сельскага Савета.

Сход вырашыў старшынёй Савета абраць Цімафея Зіновіча, а сакратаром Сідара Чарнякова. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.4,л.99).

З 26 красавіка 1919 г. Даманавіцкая воласць перайшла з Мінскай у склад Гомельскай губерні. А 18 мая 1919 г. на агульным сходзе, на якім прысутнічала 100 жыхароў Гародчыц, адбыліся перавыбары старшыні сельскага савета. Старшынёй сходу гарачычане зацвердзілі Рамана Назаранку, сакратаром – Сідара Чарнякова, членамі выбарчай камісіі: Лявонція Аліферку, Феадора Аліферку і Макарыя Назаранку.

Аднавяскоўцы старшынёй Савета адзінагалосна выбралі Рамана Назаранку, а членамі Савета: Ціхана Краўцова пры 75 “за” і 25 “супраць” і Пятра Краўцова пры 70 “за” і 30 “супраць”. Кандыдатам на пасаду старшыні быў зацверджаны Сідар Дронік (Мазырскі архіў.ф.167, воп.1, с.4, л.123).

13 жніўня на чарговым “агульным сходзе в. Гародчыцы”, як было запісана ў пратаколе, пры старшынстве Міхаіла Тозіка і сакратара Сідара Чарнякова адбыліся перавыбары членаў Савета. На пасаду старшыні Гародчыцкага Савета адзінагалосна быў абраны Тозік Міхаіл Ігнатавіч, сакратаром – Сідар Чарнякоў, кандыдатам ў старшыні – Назаранка Кандрат Цімохаў. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.4,л.16).

А ўжо 3 лістапада 1919 г., як сведчыць пратакол Гародчыцкага сельскага Савета Даманавіцкай воласці, яго старшыня Міхаіл Тозік папрасіў перавыбраць яго, а таксама і сакратара Савета Сідара Чарнякова. Просьба Тозіка была задаволена, і старшынёй Гародчыцкага Савета выбралі Булаўку Цярэнція Лаўрэнцьевіча, а сакратаром – Табуліна Мікіту Сідаравіча. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.4,л.143).

У гады Грамадзянскай вайны жыхары Гарочыч разам з іншымі паляшукамі выступілі добраахвотна са зброяй у руках на абарону ўлады Саветаў. У прыватнасці, дакладна вядома, што ў 151-ы полк 17-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі, які ад Жлобіна перайшоў у раён Астанкавічы – Халоднікі, сталі ўступаць добраахвотнікі з ліку былых франтавікоў першай сусветнай вайны. У іх ліку быў і Лук’ян Якаўлевіч Чарнякоў – ураджэнец мястэчка Гарочычы. (Знойдзена ў архівах. Газета “Калінкавіцкія навіны”. 15 ліпеня 1993 г.).

У 1920 г. ў вёсцы была створана камсамольская ячэйка, у якую ўвайшлі Маскалевіч Васіль Паўлавіч, Цітова Пелагея Сяргееўна, Тозік Васіль Міхайлавіч. А ўзначаліў яе Зіновіч Еўдакім Нікіфаравіч.

Савецкая ўлада ў той час займалася ўсімі надзённымі справамі: забеспячэннем паліва, арганізацыяй аховы паселішч, дапамогі беднякам і сем’ям чырвонаармейцаў, зборам хлеба, супрацьпажарнай справай і г.д.

Напрыклад, на валасным з’ездзе сельскіх Саветаў і прадстаўнікоў беспартыйнай канферэнцыі, на якой ад 17 сельсаветаў прысутнічала 103 дэлегаты, 15 жніўня 1920 г. разгледзелі цякучы момант, як ідзе арганізацыя Саветаў, як арганізуюцца хаты-чытальні і парадак правядзення Тыдня селяніна.

Для правядзення гэтага тыдня была створана валасная камісія, у якую ад вёскі Гародчыцы ўвайшоў Сцяпан Чарнякоў.

З’езд вырашыў: “На працягу Тыдня працоўнага сялянства ў кожнай вёсцы пад кіраўніцтвам камісіі і сельскіх Саветаў выявіць на месцах усе тыя сем’і, якія маюць патрэбу ў дапамозе, і кожнай з іх сіламі грамады пэўнай вёскі аказаць рэальную дапамогу, а таксама выявіць, каму неабходзен лес для ўзвядзення пабудоў, як асобам, у якіх яны разбураны рознымі стыхійнымі бедствамі”. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.11,лл.23-25).

9 ліпеня 1921 г. на пасяджэнні Даманавіцкага валаснога выканаўчага камітэта была разгледжана прапанова загадчыка Калінкавіцкай паштовай канторы Ціханава аб выкананні пастановы Саўнаркома ад 14 кастрычніка 1920 г. і прадпісання аддзела сувязі Гомельскага губвыканкама ад 24 чэрвеня № 26355 аб прыняцці мер па развіцці паштовай сувязі ў Даманавіцкай воласці.

Па прапанове Ціханава на тэрыторыі воласці былі створаны пяць паштовых пунктаў. Адзін з іх быў адкрыты на станцыі Гарочычы. У яго склад увайшлі вёскі: Зеляночы з колькасцю насельніцтва 1000 чалавек, Убалаць з колькасцю насельніцтва 900 чалавек, Мікулінск – 150 чалавек, Есіпава Рудня -500 чалавек, хутар Бабін востраў — 50 чалавек.

“Усе аперацыі па прывозу і выдачы заказной і простай карэспандэнцыі будуць ажыццяўляцца з-за адсутнасці асобных памяшканняў у кватэрах загадчыкаў пунктаў з іх ацяпленнем і асвятленнем за ўстаноўленую плату ад паштоватэлеграфнага ведамства. Перавозка паштовай дакументацыі будзе ажыццяўляцца па нараду сельскага савета”, — было сказана ў рашэнні валвыканкама. (Мазырскі архіў, ф.167,воп.1,с.11,лл.70-72).

У 1924 г. ў Гарочычах налічвалася 200 двароў і ў вёсцы пражывала 1122 жыхары. Яшчэ 108 жыхароў на 15 дварах пражывалі на Гарочыцкім лесапільным заводзе. (Мазырскі архіў, ф.60, воп.1, с.14, лл. 12-13).

У сувязі з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай і раяніраваннем Беларусі 3 ліпеня ў складзе Мазырскай акругі ствараецца Калінкавіцкі раён, а 20 жніўня гэтага ж года – Зеляноцкі сельскі савет, у склад якога адміністрацыйна-тэрытарыяльна ўвайшла і вёска Гарочычы з аднайменным пасёлкам.

Жыццё працягвала ісці сваім парадкам, а мясцовая ўлада вырашала надзённыя праблемы сялян і выконвала распараджэнні, якія ставіла дзяржава.

Так, 21 лістапада 1924 г. на агульным сходзе жыхароў Гарочыч пад старшынствам старшыні Зеляноцкага сельсавета Рубаніка былі разгледжаны наступныя пытанні: 1. Аб сельгаспадатку; 2. Аб арганізацыі пажарнай дружыны; 3. Аб рамонце школы; 4. Аб начной варце; 5. Аб адкрыцці дагаворнай хаты-чытальні; 6. Аб самагонакурэнні; 7. Аб камітэце ўзаемадапамогі; 8. Аб страхавой справе; 9. Аб лесакрадзяжах.

Паколькі пажарная дружына ў вёсцы была, прынялі рашэнне набыць за грамадскі кошт для яе неабходны пажарны інвентар.

Паводле рамонту школы пастанавілі: ”Даем сваё пралетарскае слова забяспечваць школу дрывамі і ўсімі матэрыяламі, якія спатрэбяцца для школы, і не забараняць сваім дзецям хадзіць у школу, а таксама прасіць Калінкавіцкі РВК хадайнічаць перад вышэйстаячымі органамі аб назначэнні ў нашу школу дзяржаўнага вартаўніка для школы і таксама прасіць лесу для будаўніцтва дзяржаўнага будынка, а таксама адлічваем на школьнага вартаўніка сваёй школы па 5 кап. са двара незаможнай беднаты, ад гандляроў і спекулянтаў: Фрыдмана Арона – 1р.50 кап., Камісарчыка Мойшы – 1р., Вінакура Шлёмы – 1 р., Флеера – 50 кап., Вайсмана – 1 р., Гарэліка Боруха – 50 кап., Чарнякова Яўсея – 50 кап., Краўцова Савы – 1 р.

“За” – увесь сход, “Супраць” – няма”.

Памяшканне пад хату-чытальню ўжо практычна было падрыхтавана, заставалася толькі пакласці печ. Была ў вёсцы і начная варта. А вось камітэт узаемадапамогі прыйшлося ствараць, як і весці барацьбу з самагонаварэннем і крадзяжамі лесу. (Мазырскі архіў, ф.80, воп.1,с.14,лл. 2-3).

Падобныя пытанні былі прадметам абмеркавання і на іншых сходах.

Напрыклад, 5 мая 1925 г. на агульным сходзе жыхароў Гарочыч былі разгледжаны пытанні: улік ваеннаабавязаных; аб патравах і самавольным выпасе жывёлы; страхавая скідка і ўплата страхавых; начная стража і пажары ў лясах; пра спагнанне семянных пазык і г.д.

А на сходзе 12 чэрвеня размяркоўвалі сенакос ва ўрочышчы Гогалева; зацвярджалі сельгаспадатак на бягучы год; выбіралі дэлегатаў на раённую беспартыйную канферэнцыю ў Калінкавічы.

Для падзелу сенакосу была створана камісія, у якую ўвайшлі: Маскалевіч Павел Філіпавіч, Аліферка Сяргей Кандратавіч, Цітоў Яфрэм Елісеевіч і Ціхіня Кандрат.

Дэлегатамі канферэнцыі выбралі: Зіновіча Міхаіла, Цітова Фаму, Гаркушу Рыгора, Дроніка Макара, Назаранку і Башака Гаўрылу. (Мазырскі архіў, ф.80,воп.1,с.14,лл.73,84).

У пачатку 1929 г. на станцыі Гарочычы быў створаны калгас “Чырвоны сцяг”, а ў Гарочычах — калгас “Савецкая Беларусь”. Аднак, праіснавала калектыўная гаспадарка ў Гарочычах нядоўга, праз чатыры месяцы пад уздзеяннем прапаганды з боку больш заможнага сялянства яна распалася. У калгасе засталіся толькі сем’і сельскіх актывістаў: Рыгора Маскалевіча, Паўла Зіновіча і Рыгора Драздова.

Праўда, і Савецкая ўлада не цырымонілася: сваю палітыку яна праводзіла мэтанакіравана і жорстка. 19 лістапада 1929 г. інструктар-аграном Чубчанка на пасяджэнні праўлення Мазырскага акркалгассаюзу дакладваў аб “злучэнні калгасаў “Савецкая Беларусь” і “Чырвоны сцяг” Зеляноцкага сельсавета ў адзін калгас пад назваю “Савецкая Беларусь” з цэнтрам у в. Гарочычы -21 сям’я, 579 га зямлі”. (Мазырскі архіў,ф.174,воп.1, с.11, л.3).

З цягам часу калектыўная гаспадарка набывала моц, шырылася і сталела. З’явіліся першыя машыны, павялічваліся ўраджаі і пагалоўе. У калгасе з’явіліся і першыя стаханаўцы. У ліку іх: Цітова Еўдакія, Цітова Таццяна Клімаўна, Назаранка Сцяпан Рыгоравіч, які дарэчы, стаў дэлегатам Усесаюзнага з’езду стаханаўцаў.

У 30-я гады ў Гарочычах пабудавалі пеньказавод, які перапрацоўваў лён і каноплі з навакольных калгасаў.

На базе калгаса “Савецкая Беларусь” яшчэ да вайны была створана вопытная станцыя сельгасакадэміі. У тыя гады вяскоўцы ўпершыню пазнаёміліся і даведаліся, што такое мінеральныя тукі, пад кіраўніцтвам вопытных аграномаў навучыліся іх прымяняць. Таму ўраджаі збожжавых у Гарочычах таго часу славіліся сваімі высокімі паказчыкамі.

12 лютага 1935 г. Гарочычы разам з іншымі вёскамі Зеляноцкага сельсавета перадалі ў склад новастворанага Даманавіцкага раёна Мазырскай акругі. А 20 лютага 1938 вёска перай-шла ў склад новастворанага Васілевіцкага раёна Палескай вобласці. І толькі пасля ліквідацыі Васілевіцкага раёна ў 1959 г., Гарочычы вярнуліся ў склад Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Выпрабаванне на мужнасць

Пра вераломны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз жыхары Гарочыч даведаліся ў першы ж дзень вайны. А на наступны дзень першыя дзясяткі ваеннаабавязаных былі закліканы ў Чырвоную Армію, на абарону сваёй Айчыны.

Больш 200 воінаў паставілі Гарочычы фронту і партызанскім злучэнням.

Недзе праз тыдзень пасля пачатку вайны ў небе над Гарочычамі з’явіліся першыя варожыя самалёты. Яны бамбілі чыгуначную станцыю. Мясцовае насельніцтва аказвала чыгуначнікам і вайскоўцам актыўную дапамогу ў аднаўленні разбуранага палатна.

На ўчастку Гарочычы-Халоднікі-Астанкавічы на працягу жніўня актыўна дзейнічалі савецкія бронепаязды. Варожыя пазіцыі штодня абстрэльваліся з іх гармат. Дзякуючы гэтаму нямецкія войскі стрымліваліся на гэтым напрамку аж да 21 жніўня. На жаль, сілы былі не роўнымі. 22 жніўня немцы акупіравалі Гарочычы.

На акупіраванай зямлі пачалася партызанская барацьба.

У вёсках Гарочычы і Убалаць была створана падпольная патрыятычная група, у якую ўвайшлі: Х.С.Зіновіч (сувязная, у яе доме была канспіратыўная явачная кватэра); Н.Е.Зіновіч (сувязная, выконвала заданні па разведцы варожых гарнізонаў у в. Зеляночы, у ваенным гарадку Бабровічы, вяла назіранне за рухам цягнікоў на чыгунцы); Е.Я.Казлова (сувязная Даманавіцкага партызанскага атрада); Міхаіл Казько (падпольшчык, затым партызан Даманавіцкага атрада, загінуў у баі з карнікамі ў в. Узнаж у 1943 г.); Л.М.Яворына (сувязная Даманавіцкага партызанскага атрада); А.С.Некрашэвіч (сувязная, разведчыца Даманавіцкага атрада, затым спецгрупы НКДБ А.З.Духаніна).

Кіраўніком групы быў Р.Е. Зіновіч (сувязны, разведчык, партызан атрада “Мсцівец”, затым у спецгрупе НКДБ “Далёкаўсходняя”. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., 1999. с. 263).

У ліку першых гарочыцкіх народных мсціўцаў былі і Чарнякоў Іосіф Адамавіч, Назаранка Сямён Макаравіч.

6 верасня 1942 г. партызаны ўзарвалі на станцыі Гарочычы лесапільны завод і спалілі пеньказавод з сыравінай і гатовай прадукцыяй у 200 т. (Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941-июль 1944). Документы и материалы. В трех томах. Том I. Мн., «Беларусь». 1967. с. 520).

У канцы 1942 г. партызанамі сталі Чарнякоў Мікалай Адамавіч, Назаранка Мікалай Нікіціч, Краўцоў Фёдар Іванавіч, Гарбун Андрэй Андрэевіч, Цішкевіч Мікалай Паўлавіч.

У газеце “За камунізм” 21 і 23 верасня 1967 г. быў надрукаваны нарыс Юліяна Поляка “Сустрэча праз паўвека”, у якім журналіст раёнкі расказаў пра сустрэчу праз 51 год родных братоў – харватаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны не ведаючы пра лёсы адзін другога змагаліся супраць фашызму, кожны на тэрыторыі сваёй краіны.

Старэйшы Міле Абрадавіч Яворын яшчэ ў 1916 г., з’яўляючыся салдатам аўстра-венгерскай арміі быў узяты ў палон рускімі, трапіў у Беларусь, працаваў у Рэчыцы на сенапрасавальным заводзе. А пасля кастрычніцкіх падзей 1917 г. не вярнуўся на Радзіму, а застаўся на беларускай зямлі, завёў сям’ю, стаў працаваць пуцявым абходчыкам на 87-м кіламетры паміж Гарочычамі і Юшкамі.

З першых дзён Міле Абрадавіч стаў дапамагаць падпольшчыкам і партызанам. Падпольшчыкамі сталі і яго сын Ігнат і дачка Люба. Менавіта яго дзеці па заданні партызан прабраліся ў Калінкавічы, дзе была створана школа шпіёнаў, якіх рыхтавалі для засылкі ў партызанскія атрады, і выведалі многія сакрэты немцаў. Яны выканалі і другое важнае заданне – звязаліся з чэхаславацкімі салдатамі і падрыхтавалі іх да пераходу ў партызаны.

Люба і Ігнат Яворыны сталі і першымі партызанамі-праваднікамі воінскіх часцей, якія наступалі на Гарочычы.

Міле Яворын і яго дачка Люба за актыўную партызанскую барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі ўзнагароджаны медалямі “За адвагу” і “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”.

А Ігнат разам з савецкімі войскамі пайшоў далей на Захад, біць ворага ў яго логаве. На жаль, не суджана было юнаку вярнуцца да бацькоўскага парога. Ён загінуў смерцю героя 23 снежня 1943 г. непадалёку ад роднага дома, паўночна-заходняй вёскі Сышчыцы, а пахаваны ў брацкай магіле ў в.Крукавічы.

Немцы і іх прыхвастні лічылі Гарочычы партызанскай вёскай. І гэта было сапраўды так. Жыхары Гарочыч былі партызанскімі праваднікамі, дапамагалі народным мсціўцам у іх дыверсіях на чыгунцы, апраналі і кармілі партызан. Толькі ў Калінкавіцкай партызанскай брыгадзе № 99 ваявала 25 жыхароў Гарочыч. Побач з вёскай неаднойчы партызаны рабілі напады на ворага. Напрыклад, 4 красавіка 1943 г. непадалёку ад вёскі партызаны пусцілі пад адхон фашысцкі эшалон. Як гэта адбылося, занатавана ў баявым данясенні камандавання 2-й Калінкавіцкай партызанскай брыгады:

“Па заданні камандавання атрада 4 красавіка 1943 г. ўзвод камузвода тав. Марозава накіраваўся на падрыў эшалона, які штодня курсіруе па чыгуначнай лініі Калінкавічы— Шацілкі і возіць будматэрыялы для будаўніцтва чыгуначнага моста праз р. Бярэзіна ў Шацілках, а таксама прадукты харчавання для нямецкага гарнізона, паліцыі і немцаў, якія ахоўваюць да 800 палонных, занятых на будаўніцтве моста. На загадзя выбранае месца ўзвод прыбыў для выканання аперацыі. У 9 гадзін раніцы цягнік, які складаўся з 8 вагонаў, прайшоў з Калінкавічаў на Шацілкі. Прапусціўшы яго, узвод выйшаў на чыгунку. Ідучы на выкананне задання, узвод захапіў у чыгуначнай будцы ў майстра чыгуначны інструмент, пры дапамозе якога адкруцілі адну з рэек і да яе прывязалі зняты з тэлефоннай лініі (трох пралётаў) провад. Другі канец провада, замаскіраваўшы, працягнулі ў лес. Ад разабранай рэйкі на адлегласці 8 вагонаў была закладзена міна, якая складалася з 6 кг толу і трох артснарадаў. Гэтая міна была разлічана на падрыў апошняга вагона, браніраванага, у якім ездзілі немцы.

У 5 гадзін вечара цягнік з хуткасцю 40-45 км вяртаўся ў Калінкавічы. Назіральнік паведаміў аб з’яўленні на ст. Гарочычы цягніка. Узвод прыняў баявы парадак. Камандзір узвода з групай 5 чал. сядзеў ля палкі, за якую быў прывязаны тэлефонны провад. Калі цягнік падышоў да разабранай рэйкі, адбыўся выбух міны пад апошнім вагонам эшалона. Паравоз, у якога наперадзе былі дзве платформы з баластам, пайшоў пад адхон (высокі чыгуначны насып да 2,5—3 м). Пасля адхону пачыналася балоцістая паласа. Паравоз, урэзаўшыся ў балота, сцягнуў за сабой вагоны, што ішлі пасля яго. Моц агню двух кулямётаў, двух аўтаматаў і 20 вінтовак на працягу 40 мін. абрынуўся на разбіты эшалон. Зрэдку ўнутры вагонаў былі чутны вінтовачныя і кулямётныя стрэлы.

Па камандзе ўзвод зняўся і стаў адыходзіць да месца стаянкі партызанскіх фурманак. У выніку праведзенай аперацыі быў цалкам знішчаны эшалон. На пуцях застаўся адзін вагон, але і той быў адведзены ў дэпо на ст. Калінкавічы для капітальнага рамонту. Паравоз 3 дні падымалі немцы, але пасля ён быў пакінуты на месцы, дзе ляжыць і да гэтага часу. Было забіта 63 немцы і паліцэйскіх, паранена — 45.

<…>7 жніўня 1943 г. на ўчастку чыгункі Калінкавічы Гарочычы быў падарваны аднаўленчы поезд, разбіты паравоз і вагон з інструментамі”. (Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 июль 1944). Документы и материалы. В трех томах. Том II. Книга II. Мн., «Беларусь». 1978. сс. 162, 568-569).

Многія з гарочыцкіх партызан аддалі свае жыцці ў барацьбе з ворагам. Напрыклад, Краўцоў Фёдар Іванавіч, 1923 г.н. Да вайны працаваў намеснікам бухгалтара Гарочыцкага лесазавода. Уступіў у атрад імя Варашылава 28 лістапада 1942 г. Загінуў у баі 13 кастрычніка 1943 г.

Партызан гэтага ж атрада Гарбун Якаў Панцялеевіч, 1921 г.н., загінуў 18 красавіка 1944 г. у в. Захады Рэчыцкага раёна. Рубанік Міхаіл Васільевіч, 1920 г.н. загінуў у 1943 г. Чарнякоў Савелій Пятровіч, 1908 г.н., загінуў у кастрычніку 1943 г.

За актыўны ўдзел у партызанскім руху ўрадавых узнагарод удастоіліся жыхары Гарочыч: Цішкевіч Мікалай Паўлавіч, Гарбун Андрэй Андрэевіч, Башак Сцяпан Гаўрылавіч, многія іншыя.

Тым часам на франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся іншыя ўраджэнцы Гарочыч.

Так, старшы ад’ютант 1-га стралковага батальёна 341-га гвардзейскага стралковага палка 119-й гвардзейскай стралковай дывізіі капітан Назаранка Андрэй Дзмітрыевіч 5 жніўня 1944 г. у баі на подступах да р. Айвіакстэ здолеў перад атакай выявіць агнявыя кропкі і замаскіраваныя падыходы да праціўніка. Знаходзячыся непасрэдна ў баявых парадках батальёна, ён павёў за сабою байцоў і афіцэраў у атаку, у выніку чаго праціўнік быў выбіты з займаемага рубяжа і яго гналі да ўсходняга берага Айвіакстэ, дзе ён спрабаваў замацавацца.

Капітан Назаранка з групай байцоў падыйшоў з левага флангу праціўніка і асабіста гранатай знішчыў кулямёт праціўніка, затым узняў батальён, і выбіў ворага з усходняга берага. Пры гэтым немцы панеслі вялікія страты. На полі бою засталося 43 трупы нямецкіх салдат і афіцэраў.

Хутка ацаніўшы склаўшуюся сітуацыю, Назаранка на чале групы байцоў адбіў лодкі ў спешна перапраўляўшыхся фашыстаў і на гэтых лодках увесь батальён паспяхова фарсіраваў раку.

Замацаваўшыся на заходнім беразе ракі, батальён на чале з Назаранкам адбіў шэсць контратак праціўніка. За гэты подзвіг гераічны афіцэр быў ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

На фронце Андрэй Назаранка, 1923 г.н., знаходзіўся з першых дзён вайны. Двойчы быў паранены: у чэрвені і лістападзе 1942 г. У лютым 1944 г. памочнік начальніка штаба асобнага лыжнага батальёна гвардыі старшы лейтэнант Назаранка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі за баі ў раёне вёсак Анісімава, Юркова і Мошна, у час якіх асабіста знішчыў 11 нямецкіх салдат, а пры выхадзе са строю камандзіраў рот смела прымаў на сябе камандаванне і выконваў усе баявыя задачы.

У ліпені 1944 г. за ўмелае кіраўніцтва батальёнам, які разграміў два апорных пункты ворага, якія прыкрывалі шашу Зілупэ-Лудза, дзе праціўнік страціў больш 80 сваіх салдат і афіцэраў, капітан Назаранка быў прадстаўлены камандзірам палка да ўзнагароджання ордэнам Чырвонага Сцяга.

Праўда, вышэйшае начальства “пашкадавала” высокі ордэн мужнаму маладому афіцэру, узнагародзіла яго ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені.

З цягам часу да гэтых узнагарод Назаранкі дабавіўся і ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені.

Не менш мужна ваяваў і яго зямляк — аднафамілец памочнік камандзіра ўзвода разведкі 1250-га стралковага палка 376-й стралковай дывізіі сяржант Назаранка Андрэй Мікітавіч. Нарадзіўся ён у 1918 г. Закончыў чатыры класы мясцовай школы. Працаваў на Гарочыцкім лесазаводзе.

У жніўні 1939 г. яго прызвалі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў паход па вызваленні Заходняй Беларусі. Пасля гарочыцкі хлопец прыняў удзел у савецка-фінскай кампаніі. У 1940 г. яго часць перакінулі ў Махачкалу , на граніцу з Турцыяй.

Першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі прыняў у 1941 г. пад Ціхвінам. Ваяваў на Волхаўскім, затым з красавіка 1943 г. на Ленінградскім франтах. Абараняў блакадны Ленінград пад Колпіна, дзе ў дзень даводзілася адбіваць па шэсць варожых атак. Чатыры разы быў паранены.

Пасля прарыву блакады ўдзельнічаў у вызваленні Прыбалтыкі. Трынаццаць сутак знаходзіўся ў акружэнні ў раёне шашы Чудава-Ноўгарад. Прарываліся з баямі. Ледзь не памёрлі з голаду. З варожага кальца выйшлі адзінкі. Сярод іх быў і Назаранка.

Потым з баямі ішоў па Германіі. Адвага і мужнасць разведчыка ў барацьбе з ворагам была адзначана ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, Славы 3-й ступені і шэрагам медалёў.

12 ліпеня 1941 года Васілевіцкі райваенкамат разам з іншымі жыхарамі Гарочыч прызваў у войска Маскалевіча Рыгора Карпавіча, 1923 г.н. Са жніўня 1941 г. па 4 лютага 1942 г. ён удзельнік баёў на Заходнім фронце, з 1943 па 1944 г. – на 1-м Прыбалтыйскім фронце. Пачаў вайну радавым, а закончыў камандзірам узвода 22-га гвардзейскага інжынерна-сапёрнага Сандамірскага батальёна 40-й Уладзімір-Валынскай брыгады. Ратны шлях воіна адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі “За абарону Масквы” і “За баявыя заслугі”.

Камандзірам узвода закончыў вайну і другі ўраджэнец Гарочыч Зіновіч Васіль Нікіфаравіч, 1912 г.н. Праўда, не сапёрнага, а кулямётнага 49-га кавалерыйскага Нова-Заволжскага Чырвона-сцяжнага ордэна Б.Хмяльніцкага палка. Тройчы быў паранены: 18 верасня 1943 г., 8 снежня 1943 г. і 6 лютага 1944 г. Баявы шлях кулямётчыка адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі і шэрагам медалёў.

Ужо напрыканцы вайны камандзір яго палка гвардыі падпалкоўнік Федзяеў напісаў ў прадстаўленні да ўзнагароды малодшага лейтэнанта Зіновіча наступнае:

“У баі 10.04.1945 г., у час фарсіравання р.Мараба, тав.Зіновіч, камандуючы ўзводам, першым пераправіўся на правы бераг ракі, і заняў выгадны рубеж для абароны.

Тав. Зіновіч пастаянна знаходзіўся ў першых шарэнгах байцоў, сваім прыкладам натхняў іх на выкананне баявой задачы.

У гэтым баі тав. Зіновіч асабіста знішчыў са свайго аўтамата 8 нямецкіх салдат”.

А вось што напісала ў прад-стаўленні да ўзнагароды ордэнам Славы 2-й ступені камандаванне малодшага сяржанта Кікіліча Рыгора Мікалаевіча, які нарадзіўся ў Гарочычах у 1919 г., і яшчэ да вайны трапіў на тэрміновую службу ў рады Чырвонай Арміі:

“Малодшы сяржант Кікіліч – вопытны наводчык, добра ведаючы сваю справу, і неаднаразова вызначыўшыйся ў баях на тэрыторыі Усходняй Прусіі і тэрыторыі Данцыгскага калідора. 21 сакавіка 1945 г. тав. Кікіліч трапным агнём свайго мінамёта знішчыў групу гітлераўцаў да 19 чалавек і падавіў кулямёт праціўніка, які замінаў нашай пяхоце фарсіраваць раку.

У гэты ж дзень у час адбіцця варожай контратакі знішчыў нямецкі мінамёт”.

Мінамётчык Кікіліч – удзельнік абароны Ленінграда, 9 жніўня 1944 г. атрымаў цяжкае раненне. Але паправіўся салдат і прадоўжыў ратную службу да апошняга дня вайны. Радзіма высока ацаніла мужнасць і гераізм мінамётчыка. Ён узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы 3-й ступені, шматлікімі медалямі.

Так склалася ў час вайны, што многім ураджэнцам Гарочыч выпала на іх вайсковую долю абараняць паўночную сталіцу Савецкага Саюза – Ленінград. У іх ліку і камандзір роты 12-га асобнага матарызованага пантона- маставога батальёна лейтэнант Назаранка Апанас Сцяпанавіч, які нарадзіўся ў 1914 г. Першую сваю ўзнагароду даваенны настаўнік атрымаў у 1942 г. Гэта была медаль “За абарону Ленінграда”. У кастрычніку 1943 г. камандзір узвода сапёраў быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Вось што напісаў яго камандзір у наградным лісце:

“Будучы дзяжурным на маставой пераправе цераз Днепр у раёне ур. Мар’іна у ноч з 25 на 26 кастрычніка тав. Назаранка арганізаваў зладжаную службу рэгулявання і работу маставой каманды. У цяжкую хвіліну работы пераправы, калі паток грузаў, які перапраўлялі з правага берага на левы, на пад’ёме левага берага Дняпра па халатнасці шафёра застраў аўтамабіль. Убачыўшы, што на пад’ёме ствараецца пробка, тав. Назаранка асабістай мужнасцю і адвагай мабілізаваў усіх, хто быў на пераправе для ліквідацыі пробкі.

Працуючы пад бесперапынным артагнём праціўніка, праз 5 хвілін нармалізаваў работу пераправы, якая далей працавала без збояў. Дзякуючы зладжанай рабоце, ініцыятыве, асабістай мужнасці і адвазе тав. Назаранка ў выніку за ноч з правага берага на левы было перапраўлена 6072 адзінкі баявых грузаў”.

Да гэтых узнагарод затым прыбавіліся медаль “За баявыя заслугі”, ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі.

Добра ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанах і падполлі і многія іншыя ўраджэнцы Гарочыч. Многія з іх узнагароджаны ўрадавымі ўзнагародамі.

Каля ста франтавікоў не вярнуліся з палёў баёў з нямецка-фашысцкімі заваёўнікамі: загінулі, прапалі без вестак, памерлі ў шпіталях ад смяротных ран. ( Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., 1999. сс. 589-591).

Нямецкі «парадак»

Немцы на акупіраванай тэрыторыі адразу ж устанавілі так званы “новы парадак”.
Гэта не была акупацыя ў агульнапрынятым значэнні гэтага паняцця, выкладзенага ў 4-й Гаагскай канвенцыі 1907г. На захопленай тэрыторыі Беларусі нацысты адкінулі ўсе міжнародныя прававыя нормы акупацыі і ўстанавілі “парадак», які вызначаўся выключнай жорсткасцю і зверствамі ў адносінах да насельніцтва – масавымі рэпрэсіямі і знішчэннем грамадзян, разбурэннем і рабаваннем народнай гаспадаркі і культурных каштоўнасцяў. Ніякіх законаў, якія ахоўвалі б ад самавольства акупантаў і іх памагатых, не існавала. Насельніцтва было пазбаўлена элементарных грамадзянскіх і чалавечых свабод, былі ўведзены надзвычайнае становішча і сістэма заложнікаў.
Акупацыйны рэжым – вынік планамернага ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі фашысцкай Германіі. Яго ідэалагічнай асновай былі «тэорыі» нацыстаў аб «расавай перавазе» нямецкай нацыі над іншымі народамі, неабходнасці пашырэння «жыццёвай прасторы» для немцаў, «права» на сусветнае панаванне «Трэцяга Рэйха» — Вялікай Германскай імперыі.
Акупацыйная палітыка ў дачыненні да Савецкага Саюза і Беларусі была загадзя распрацавана гітлераўцамі. План «Барбароса» (1940 г.) вызначаў стратэгію і тактыку нападу на СССР; генеральны план «Ост» — праграму каланізацыі тэрыторыі, германізацыі, высялення і знішчэння народаў Усходняй Еўропы.
Мэтай акупацыйнай палі-тыкі гітлераўцаў было планамернае знішчэнне народаў. Згодна з планам «Ост» на Беларусі прадугледжвалася знішчыць і выселіць на ўсход 75 % насельніцтва, непрыдатнага па так званых расавых і палітычных адзнаках, 25 % беларусаў падлягалі анямечванню і выкарыстанні ў якасці сельскагаспадарчых рабоў.
Жыхары Гарочыч у гады Вялікай Айчыннай вайны ў поўнай меры паспрабавалі на сабе і “новы” парадак” і нямецкую “ласку”. Ужо ў 1941 г. ў вёсцы толькі з-за прыналежнасці да яўрэйскай нацыянальнасці былі расстраляны Вайсман Хася , 1886 г.н. , Вайсман Ісак, 1912 г.н., Фактаровіч Янкель, 1895 г.н., Флеер Міра, 1870 г.н. і Фрыдман Волька, 1870 г.н., з жонкай, 1875 г.н.
У першы ж год вайны былі расстраляны Гарбун Якаў, 1920 г.н., Казачэнка Іван Піліпавіч, 1924 г.н., Міронава Валянціна, 1929 г.н., і Харлан Іван, 1895 г.н.
Жывымі фашысты спалілі ў 1941 г. Кулыбу Матруну Антонаўну, 1900 г.н., і Харлан Васілісу Сямёнаўну, 1918 г.н.
Асабліва акупанты пачалі лютаваць у адносінах да мірнага насельніцтва ў 1943 г. У Гарочычах нацысцкія нелюдзі расстралялі: Акулава Віктара Захаравіча, 1928 г.н., Гарбуна Андрэя, 1891 г.н., Дроніка Піліпа Максімавіча, 1918 г.н., Кулыбу Алеся, 1913 г.н., Кулыбу Пятра, 1887 г.н., Літошык Ефрасінню Сяргееўну, 1921 г.н., Літошыка Івана Маркавіча,1924 г.н., Літошык Таццяну Іванаўну, 1912 г.н., Процка Пятра, 1902 г.н., Тозіка Андрэя Васільевіча, 1912 г.н., Шарая Паўла Фёдаравіча, 1882 г.н. Фашысты расстралялі і мясцовую настаўніцу Зіновіч Вольгу Маркаўну, 1922 г.н. А Дроніка Піліпа Антонавіча, 1896 г.н., спалілі жыўцом.
Больш дзясятка жыхароў Гарочыч загінулі ў гады вайны ад шалёных куль і разрыву мін і снарадаў. Некалькі дзясяткаў прымусова былі вывезены на рабскія работы ў Нямеччыну і прайшлі праз нацысцкія канцэнтрацыйныя лагеры. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мн., “Ураджай”, 1999. сс. 228-229).
6 сакавіка 2007 г. газета “Калінкавіцкія навіны” надрукавала артыкул арганізатара Гарочыцкай СШ Аляксея Хадоскіна “Возвращение героев на Родину”.
“У сярэдзіне жніўня (гаворка ідзе пра 1941 г. – І.Г.) некалькі дзён не сціхала кананада. Людзі вымушаны былі хавацца ў лесе. Калі фашысты прыйшлі ў вёску, пачалося самае страшнае. Ворагі знішчалі камуністаў і яўрэяў, рабавалі мясцовае насельніцтва. Фронт пайшоў далей на ўсход, але лепей не стала. У вёсцы з’явіўся стараста. Аднойчы, справа была ў 1942 годзе, ён раздаў 12 мясцовым юнакам і дзяўчатам позвы для адпраўкі ў Нямеччыну. Адмовіцца было немагчыма: у позве ўтрымлівалася пагроза расправы з сям’ёй у выпадку непадпарадкавання. Так у Германію былі ўгнаны Фёдар Гурынавіч Мельнікаў, яго дваюрадная сястра Надзея Сцяпанаўна Назаранка (1923 г.н.), яго сябра Зіновіч Віктар Еўдакеевіч (1925 г.н.). З імі ў фашысцкую няволю трапілі жыхары в. Гарочычы Шапецька Іван, Гарбун Іван, Краўцоў Сцяпан. Назаранка Сцяпан, Шапецька Малання, Ялецкая Маня, Аліферка Ганна”, — напісаў аўтар па ўспамінах відавочцаў падзей тых дзён у сваім матэрыяле.
А вось што ўспамінае аб па-дзеях тых дзён былы астарбайтэр (так называлі ў Трэцім рэйху людзей, якія былі вывезены з Усходняй Еўропы з мэтай выкарыстання ў якасці бясплатнай рабочай сілы – І.Г.) Назаранка Надзея Сцяпанаўна:
“Бацька мой не вярнуўся з фронту ў час Першай сусветнай вайны. Маці памерла, калі мне было ўсяго 5 месяцаў. З родных у мяне былі толькі дзед і цётка. Калі пачалася вайна, я ўжо працавала ў калгасе.
Калі немцы акупіравалі Гарочычы, у нас выбралі старасту. У 1942 г. яму загадалі, каб ён даў для Германіі маладых людзей на работу. І стараста назначыў нас: чатыры дзеўкі і штук 11 хлопцаў. І ўручыў нам павесткі, а ў іх было напісана, калі хто схаваецца, не паедзе, яго сям’я будзе расстраляна.
Дзесьці ў ліпені нас сабралі на калгасны двор, пагрузілі на коней і павезлі ў Васілевічы. Там прайшлі камісію, каб не было цяжарных і хворых. І прама на станцыі ў вагон. Набіваюць чалавек сорак, а дзверы забіваюць дошкамі. І загружаюць наступны вагон. Са ўсяго раёна ці нават вобласці ўсіх нас сабралі, было вельмі шмат народу.
Развітваліся, галасілі. А ў мяне нават мамы не было, каб развітацца. Ну і павязлі нас у нейкую Ліду, можа, пад Мінскам. Там нас прапусцілі цераз лазню, адзенне наша ў капцілку, нас памылі і зноў пагрузілі ў вагоны, павезлі далей.
Дзесьці тыдзень везлі. Але куды везлі, ніхто не ведаў: ці то жыць, ці паміраць, але куды падзецца? Нарэшце прывезлі нас у нейкі горад, назву не ведаю.На ноч загналі ў вялізны будынак і замкнулі. А ноччу наляцелі самалёты і пачалі бамбіць. Каб бомба трапіла ў наш будынак, усім нам быў бы канец.
Раніцой нас пастроілі ў калоны па чатыры: дзевак і хлопцаў асобна. Напрыехала да нас шмат немак і немцаў. Ходзяць са спісамі: адзін выпісаў сабе 100, другі — 300, трэці- 20, каму колькі трэба.І нас чалавек трыццаць немец ўзяў. Павялі нас пехам, а потым пагрузілі на станцыі ў вагон і павезлі па чыгунцы. Прывязлі, выгрузілі і вядуць… Вакол высачэнная бетонная агароджа і бітае шкло панатыкана паўсюдна, каб рукой не ўзяўся. Гэта быў горад Рацінген.
Са мной былі тры дзяўчыны з Гарочыч, адна з іх там памерла. Побач быў барак французаў, з другога боку – барак рускіх. Тут – парахавы завод, там – жалезны, дзе гайкі, вінты, балты рабілі.
Мы на парахавым заводзе працавалі ў дзве змены, па 12 гадзін. У горад нас не пускалі. На работу ішлі ў 6 гадзін. Сняданак – у 9. На сняданак шклянка кавы без хлеба і цукру. У 12 гадзін чарпак баланды з капусты альбо бруквы. Вечарам 300 г хлеба і масла.
Ганна з маёй вёскі захварэла ад такой работы і яды на сухоты і памерла.
Ля барака ляжаў бурт бруквы, дык мы падкрадаліся, каб разжыцца хоць гэтым караняплодам. Пацысціш і сыры яшчэ можна есці, а звараць, дык ён у рот не лезе.
Аднойчы паліцай убачыў, што я ўкрала з вораха брукву і спусціў на мяне аўчарку. Сабака парвала на дробныя шматкі маю спадніцу, але не ўкусіла.
У суботу мы працавалі да 2 гадзін. Затым у падвале грэлі ваду і сціралі адзенне, мыліся. Спалі на нарах: адзін — знізу, другі – зверху. Коўдра і падушка – набітыя стружкай. Медыцынскай дапамогі аніякай. Аднойчы я абпаліла руку аб гарачую печ, так і хадзіла на работу з балячкай, пакуль не зажыла.
У першы год, калі мы прыехалі ў Нямеччыну, у нас была магчымасць напісаць пісьмо дахаты. Я толькі і паспела паслаць два пісьмы. Гэта, дарэчы, дапамагло даведацца, што мой аднавясковец Федзя Мельнікаў знаходзіцца ў Кёльне, ён таксама пісьмо дамоў пасылаў. Федзі таксама напісалі мой адрас. Яго гаспадары, калі ён паведаміў, што побач знаходзіцца яго дваюрадная сястра, сказалі яму: “Едзь, і калі яна згодна, забяры яе да нас”.
Федзя прыехаў у першы раз і расказаў мне ўсё гэта. Мы дамовіліся ў наступны яго прыезд збегчы.
Так і зрабілі. У час абеду я пайшла з барака ў кухню, што знаходзілася побач, быццам бы за каструляй. Дзяжурны паліцай не заўважыў і я збегла з Федзяй на трамвай. Поездам мы прыехалі ў Кёльн, нас ніхто не затрымаў. У Кёльне я змяніла прозвішча. Гэта было ў канцы 1943 г.
У новых гаспадароў на фірме “Неллен” я працавала па дому: прыбірала, хлопцам есці варыла, казу даіла. Аднойчы бомба трапіла ў дом, у якім знаходзіліся трое хлопцаў з Гарочыч і яшчэ многа з нашага раёна, аднаго з іх звалі Сцяпан Назаранка, другога Іван, трэцяга Сямён, астатніх не памятаю. Усе яны загінулі. Разам з імі загінула і сястра гаспадара фірмы”.
Толькі не трэба думаць, што ўсе прымусова сагнаныя ў Германію остарбайтэры, скарыўшыся волі лёсу, пакорна парабкавалі на немцаў. Знаходзіліся сярод іх і героі, якія на тэрыторыі Германіі ўступалі ў атрады Супраціўлення і вялі барацьбу з нацызмам. У ліку іх былі і гарочыцкія юнакі Фёдар Мельнікаў і Віктар Зіновіч.
Напрыклад, Фёдар Мельнікаў, які нарадзіўся 7 красавіка 1925 г., як ужо вядома з успамінаў яго дваюраднай сястры Надзеі Назаранка, быў вывезены на прымусовыя работы ў Нямеччыну і працаваў у Кёльне на фірме гандляра маталамі Іогана Неллена. Дзесьці ў жніўні –верасні 1944 г. ён разам з некалькімі остарбайтэрамі пакінуў сваё рабочае месца і скрыўся. Беглякі раздабылі зброю і пачалі ўзброенае супраціўленне супраць нацысцкага рэжыму.
Фёдар Мельнікаў уваходзіў у адну арганізацыю з рускім Іванам Завозіным, які нарадзіўся 25 чэрвеня 1920 г. у Арлоўскай вобласці, і беларусам Іванам Трафімавым, які нарадзіўся 2 жніўня 1918 г. у Віцебску ці Віцебскай вобласці. Разам з нямецкім камуністам Ламбертам Янзенам яны агітавалі іншых пакінуць рабочыя баракі і пайсці ў падполле.
“Па ініцыятыве Ламберта Янзена рабочыя пабудавалі радыёстанцыю ў падвале памяшкання, дзе яны жылі. Паколькі гэта было забаронена, то гэты момант і можна лічыць пачаткам дзейнасці арганізацыі. З радыёперадач падпольшчыкі атрымлівалі сапраўдную інфарма-цыю аб становішчы на франтах. Інфармацыю яны запісвалі і распаўсюджвалі ў выглядзе лістовак. Агітавалі сваіх таварышаў спыніць працу і далучыцца да іх.
Хлопцы праводзілі дыверсіі на суседніх прадпрыемствах. Аднойчы ноччу пачалася перастрэлка, у якой падпольшчыкі знішчылі некалькі фашыстаў. Пасля чаго хлопцы зніклі і нейкі час правялі на звалцы металалому. Праз тыдзень яны з’явіліся ў Нелена. На пытанні і папярэджанні сяброў не адказвалі. У гэты час лік ішоў ужо на гадзіны.Гестапаўцы акружылі цэлы квартал у горадзе. Некаторых арыштавалі адразу. Астатніх узялі пазней” (“Калінкавіцкія навіны”. 6 сакавіка 2007 г.).
Падпольшчыкаў арыштавалі 1 лістапада 1944 г. і кінулі ў геста-паўскі засценак, які знаходзіўся ў вёсцы Браувайлер, непадалёку ад Кёльна.
Антыфашыста Ламберта Янзена, яго жонку і дзяцей гестапаўцы амаль адразу ж і павесілі. Арыштаваных падпольшчыкаў падверглі жорсткім катаванням. Іван Трафімаў памёр ад пастаяннага збівання. А вось Фёдара Мельнікава, Віктара Зіновіча і іншых супраціўленцаў 16 студзеня 1945 г. перавялі ў гестапаўскі засценак у Кёльне, дзе на наступны дзень і пакаралі смерцю. Герояў пахавалі ў брацкай магіле на Заходніх могілках у Кёльне. Зараз на гэтых могілках знаходзіцца мемарыял, прысвечаны ахвярам нацызму і барацьбітам супраць яго.
24 кастрычніка 1998 г. ў Гарочычах адбыўся траурны мітынг і перазахаванне зямлі з магіл герояў-супраціўленцаў Фёдара Мельнікава і Віктара Зіновіча. З Кёльна яе прывезла ў родную вёску сястра Фёдара, былая прымусовая рабочая Надзея Назаранка, якая па запрашэнні адміністрацыі г. Кёльна тыдзень знаходзілася ў гэтым горадзе.
…Праз пакуты нямецкага палону прайшлі не толькі дарослыя, юнакі і дзяўчаты. Праз нацысцкія канцлагеры прайшлі і дзеці. Напрыклад, Маскалевіч (Нікіфарава па мужу) Таццяна Карпаўна, 1928 г.н.
У канцлагер г. Магдэбурга Таццяна трапіла, калі ёй было ўсяго 11 гадкоў.
“Непаўнагадовых вязняў размя-сцілі ў вялікіх драўляных памяшканнях, якія служылі гаражамі для ваеннай тэхнікі, — успамінае Таццяна Карпаўна. — Спалі на нарах, пасцеленых саломай. Дзённы рацыён харчавання складалі дзве бульбіны і маленькі кавалачак хлеба.
Аднойчы на тэрыторыі лагера дзеці знайшлі дохлага каня і елі гэтае мяса, разарвалі яго ўсяго.
Большых дзяцей вадзілі на работу. Некаторыя тачылі дэталі на станках, іншыя прыбіралі, выносілі смецце.
Аднойчы некалькі дзяцей трапілі на шакаладную фабрыку. Яны прыбіралі там і сумелі ўкрасці некалькі шакаладак. Прыйшлі ў лагер і пачаставалі іншых дзяцей. Наглядчыкі гэта заўважылі і жорстка збілі і тых, хто прынёс, і тых, каго частавалі.
Урачы ў лагеры забіралі ў дзяцей кроў, пасля чаго тыя па некальку дзён пластом ляжалі і не маглі ўзняцца”.
Таццяне Карпаўне пашчасціла вярнуцца дамоў, вырасціць дваіх уласных дзяцей. Але ўспаміны аб фашысцкай няволі, як і для яе аднавяскоўцаў, якія прайшлі вайну праз падобныя жудасныя выпрабаванні і вярнуліся дамоў жывымі, на ўсё астатняе жыццё засталіся страшным кашмарам.

Тры дні доўжыўся бой

Савецкія войскі наблізіліся да Гарочыч у самым пачатку 1944 г. Немцы тут стварылі моцна ўмацаваную лінію абароны. Вось што расказвае аб падзеях тых дзён відавочца і непасрэдны ўдзельнік баёў за Гарочычы маёр у адстаўцы А. Крываротаў:
“Студзень 1944 года. Гвар-дзейскі стралковы батальён, які ўваходзіў у састаў 354-й Чырвонасцяжнай ардэнаноснай стралковай дывізіі 65-й арміі, пасля шматдзённых нялёгкіх баёў падышоў да населенага пункта Гарочычы і заняў зыходную пазіцыю. Была яна не вельмі выгаднай. Роты батальёна акапаліся на ўзлессі ў самай нізіне падыходзіўшага сюды шырокага поля. На другой ускраіне яго, на ўзвышшы займаў абарону вораг.
Камандзір батальёна атрымаў задачу: авалодаць ключавой пазіцыяй немцаў, замацавацца там і падрыхтавацца да наступлення на Гарочычы. I вось у вызначаны час, 9 студзеня, пасля непрацяглай, але моцнай артылерыйскай падрыхтоўкі, пры падтрымцы танкаў батальён рушыў у атаку. Камандзір стралковай роты, гвардыі лейтэнант Саладовікаў першым па сігналу атакі павёў байцоў у бой. Карыстаючыся дымавой завесай, якая ўтварылася пасля разрываў снарадаў нашай артылерыі, лейтэнант са сваёй ротай у імклівым рыўку наблізіўся да першай траншэі абароны немцаў. Яна была закідана ручнымі гранатамі. Немцы не змаглі нават апамятацца, як траншэя была занята нашымі байцамі.
У гэты момант выйшаў са строю наш кулямётчык. Саладовікаў кінуўся да кулямёта, і той зноў пачаў страляць. Недалёка знаходзілася гармата ворага, якая вяла прыцэльны агонь па нашых воінах. Трапнымі кулямётнымі чэргамі Саладовікаў знішчыў разлік гарматы і развярнуў яе ў бок ворага. Хутка гармата пачала весці агонь, але снарады ўжо рваліся на ўмацаваных пазіцыях немцаў. Гэты манеўр камандзіра роты дазволіў забяспечыць паспяховае прасоўванне наперад наступаючых, што дало магчымасць батальёну з меншымі стратамі заняць ключавую пазіцыю, але ў гэтым баі Саладовікаў атрымаў смяротную рану і памёр.
Загінуў у гэтым баі і камсамолец, гвардыі сяржант Карачулін з Арэнбуржжа, які са сваім аддзяленнем падарваў супрацьтанкавымі гранатамі варожы дзот разам з немцамі, 2 бліндажы і зямлянку. Сам Карачулін завалодаў варожым кулямётам і знішчыў звыш двух дзясяткаў немцаў.
Вораг, аднак, не здаваўся. Перагрупаваўшыся, падцягнуўшы новыя сілы, гітлераўцы праз якую гадзіну-дзве пачалі атакаваць пазіцыю, занятую нашым батальёнам. Мы таксама не гублялі часу марна, паспелі замацавацца на занятым рубяжы — устанавілі кулямёты, супрацьтанкавыя ружжы, батарэю 82-міліметровых мінамётаў, наладзілі сувязь.
Зноў завязаўся бой — жорсткі, бязлітасны. Мне ў той час, зампаліту батальёна, разам з камсоргам батальёна гвардыі малодшым лейтэнантам Зарубіным давялося быць у траншэі, занятай адным з узводаў. Шэсць браніраваных страшыдлаў рухаліся ў напрамку нашай траншэі. Наблізіўшыся, адзін з танкаў пачаў разварочвацца, каб зайсці ў фланг узвода, але тут жа быў падбіты звязкай гранат.
Нарэшце задыміў чорным дымам другі, а потым трэці. Гэта гамяльчанін гвардыі радавы Цітавец падкаравуліў іх са звязкамі гранат. На міне падарваўся чацвёрты варожы танк. Насустрач уцалелым танкам падняўся з акопа са звязкамі супрацьтанкавых гранат гвардыі радавы Коля Жыотаў. Прагучаў узрыў, і танк рэзка, быццам наткнуўшыся на нябачную перагародку, спыніў ход…
Потым ужо, калі закончыўся бой, мы знайшлі цела Колі Жыотава і пахавалі. Пасмяротна ён удастоены ордэна Айчыннай вайны 1-й ступені.
Восем разоў у той дзень кідаўся вораг на пазіцыі, занятыя батальёнам, і кожны раз атакі гэтыя не дасягалі мэты. Нашы байцы, паказваючы прыклады мужнасці, стойка стаялі на адваяваных рубяжах. Ні адзін з іх не забаяўся, не адступіў.
Умела дзейнічаў у баі камандзір роты гвардыі старшы лейтэнант Салдатаў. Калі фашыстам удалося абыйсці пазіцыю, занятую ротай, з тылу, Салдатаў выклікаў па рацыі агонь нашай артылерыі «на сябе». Снарады леглі ў дакладна перададзеныя каардынаты па наступаючаму ворагу.
Храбрым, разважлівым воінам паказаў сябе ў баях на калінкавіцкай зямлі кулямётчык, камсамолец гвардыі сяржант Кузняцоў. Ён заўважыў, што варожы кулямёт прыціскае сваімі чэргамі нашых салдат да зямлі, не дае ім падняцца ў атаку. Кузняцоў прыняў рашэнне выйсці на новы рубеж і знішчыць варожага кулямётчыка. Гэта яму ўдалося, але нечакана па Кузняцову адкрылі кулямётны агонь з нямецкага бронетранспарцёра. Гвардзеец быў паранены, але не адступіў, а развярнуў кулямёт і пачаў страляць па бронетранспарцёру. Некалькі трапных чэргаў бранябойнымі кулямі і варожая машына загарэлася. З яе пачалі выскокваць немцы, але, скошаныя кулямётнымі чэргамі, адразу падалі на зямлю…
Нечакана на нашы пазіцыі наляцелі «юнкерсы». Уздрыганулася, загула ад разрываў бомб зямля, пацямнела неба. Здавалася, з гэтага пекла ніхто не выйдзе жывым, усё: і тэхніка, і гарматы, і людзі будуць змешаны з зямлёй…
Налёт закончыўся таксама нечакана. У паветры павісла напружаная цішыня, але, адчувалася, што нашы траншэі былі напоўнены жывымі. То там, то тут раздаваліся каманды. Мы рыхтаваліся да чарговага адбіцця атак немцаў…
Рота паднялася ў атаку і вораг не вытрымаў, адступіў. Паспяхова вялі наступленне нашы вайсковыя падраздзяленні і на суседніх участках. Хутка населены пункт Гарочычы быў вызвалены ад гітлераўцаў, а з падыходам часцей і злучэнняў 61-й і 65-й армій 1-га танкавага корпуса наш батальён пачаў наступление на Калінкавічы” . (Газета “За камунізм”. 12 студзеня 1991 г.).
Тры дні доўжыўся бой за Гарочычы. 12 студзеня вёска была вызвалена.
У гэты дзень зводка Савінфармбюро паведаміла: “На калінкавіцка-мазырскім напрамку нашы войскі 11 студзеня перайшлі ў наступленне і за два дні ўпартых баёў прарвалі моцна ўмацаваную абарончую паласу праціўніка працягласцю па фронту звыш 30 кіламетраў і да 15 кіламетраў у глыбіню. Нашымі войскамі вызвалена больш 30 населеных пунктаў, і сярод іх Казловічы, Давыдавічы, Халоднікі, Лампекі, Убалаць, Зеляночы, Кошчычы, Бабровічы, Гарочычы, Прудок, Шарэйкі і чыгуначная станцыя Гарочычы”.
94 савецкіх воіны склалі свае галовы, змагаючыся з фашыстамі, за вызваленне вёскі Гарочычы і станцыі Гарочычы. У памяць аб героях-вызваленцах на Гарочыцкіх могілках, ля брацкай магілы, у якой пахаваны савецкія воіны і партызаны, што загінулі ў 1943-1944 гг., ў 1956 г. устаноўлены помнік – скульптура воіна.
На паўночна-заходняй ускраіне чыгуначнай станцыі Гарочычы таксама знаходзіцца брацкая магіла. У ёй пахаваны 47 воінаў і адзін партызан. У 1975 г. на магіле ўстаноўлена стэла з барэльефнай выявай савецкага воіна.
…У баях пад Гарочычамі вызначыўся і ўраджэнец Мазыршчыны Мураўёў Міхаіл Васільевіч, які нарадзіўся ў в. Нараўчызна 15 мая 1919 г.
Артылерыст старшы сяржант Мураўёў за адзнаку ў баях 1941-1942 гг. быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені і Чырвонай Зоркі, а таксама рэкамендаваны камандзірам дывізіёна для далейшага навучання. Так ён трапіў на кароткатэрміновыя афіцэрскія курсы ў 1-е Пензенскае артылерыйскае вучылішча.
Да канца жніўня 1943 года малодшы лейтэнант Мураўёў вярнуўся ў сваю часць, якая знаходзілася ў складзе 40-й арміі Варонежскага фронту, і быў прызначаны камандзірам батарэі 45-міліметровых гармат. Удзельнічаў у Сумска-Прылуцкай аперацыі бітвы за Днепр.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў ходзе гэтай аперацыі, малодшы лейтэнант Міхаіл Мураўёў быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза.
Да 3 снежня 1943 года ў скла-дзе свайго падраздзялення ён удзельнічаў у адбіцці нямецкага контрнаступлення пад Кіевам у хо-дзе Кіеўскай абарончай аперацыі, па завяршэнні якой 253-я стралковая дывізія была выведзена ў рэзерв, а затым перакінута на Беларускі фронт, дзе ўвайшла ў склад 65-й арміі. Добра ваяваў наш сусед і пад Кіевам, за што быў удастоены пазачарговага прысваення воінскага звання – старшы лейтэнант.
У баі за чыгуначную станцыю Гарочычы пры прарыве доўгачасовай абароны праціўніка старшы лейтэнант Мураўёў разгарнуў сваю батарэю наперадзе стралковых падраздзяленняў і прыцэльным агнём з дыстанцыі ў 200 метраў падавіў агонь двух дзотаў і ручнога кулямёта, знішчыўшы пры гэтым да 20 варожых салдат. Праявіўшы ініцыятыву, Міхаіл Мураўёў прыняў на сябе камандаванне стралковым узводам, камандзір якога выбыў са строю, і разам з гэтым узводам, а таксама з разлікамі сваёй батарэі ўварваўся ў апорны пункт нямецкай абароны і ў рукапашнай сутычцы разграміў варожы гарнізон.
А праз два дні адважны артылерыст вызначыўся ў час вызвалення Рудні Гарбавіцкай. 14 студзеня 1944 года ў баі за вёску Рудня-Гарбавіцкая старшы лейтэнант Мураўёў смелым манеўрам вывеў сваю батарэю ў фланг нямецкай абароны і адкрыў смяротны агонь па траншэі праціўніка, прымусіўшы да ўцёкаў да роты салдат непрыяцеля. Пасля гэтага з разлікамі батарэі ён уварваўся ў варожыя траншэі, і знішчыўшы 25 нямецкіх салдат, авалодаў імі. Дзякуючы ўмелым дзеянням старэйшага лейтэнанта Мураўёва стралковыя падраздзяленні авалодалі Рудняй Гарбавіцкай з мінімальнымі стратамі.

За баі па вызваленні станцыі Гарочычы і вёскі Рудня Гарбавіцкая Міхаіл Мураўёў быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Леніна, атрымаў ордэн Чырвонага Сцяга.
А ў сакавіку 1944 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР мужнаму артылерысту было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Саўгас “Калінкавіцкі”

Вайна прынесла шмат разбурэнняў і нястач, але трэба было жыць далей. Вось што ўспамінае аб тых днях старэйшы жыхар вёскі Харлан Вольга Паўлаўна, якой 5 красавіка 2016 г. споўнілася 90 гадоў:
«Вызвалілі нас у сорак чацвёртым, — расказвае Вольга Паўлаўна. — Вайна людзей раскідала: хто ў бежанцах, каго ў Нямеччыну пагналі, мужыкі на фронце. Блытаніна! Але жыць неяк трэба. Зноў калгас! Нас тады спачатку было чалавек дванаццаць у калгасе. У мяне было восем класаў адукацыі, таму прызначылі рахункаводам, і адразу за двума мяхамі бульбы накіравалі ў Чырвоны Бераг. Гэта каля Жлобіна. З горам папалам даставіла я гэтую бульбу. А далей пасяўная…
<…>Усяго хапала, — працягвала Вольга Паўлаўна, — і недаядалі, і недасыпалі, і, наогул, цяжка было. І падаткі былі не тое, што цяпер. Расце ў двары яблыня — заплаці падатак. Трымаеш для сябе кабанчыка — здай свіную скуру дзяржаве. Куры ў двары грабуцца — здай сто яек! Але, як бы тое не было, усе разумелі, што гэта меры вымушаныя. І людзі жылі, працавалі, стваралі сем’і, нараджалі дзяцей». (Газета “Калінкавіцкія навіны”. 1 снежня 2015 г.).
А вось што ўспамінае пра першыя пасляваенныя гады Зіновіч Кацярына Мікалаеўна: “Пасля вызвалення вёскі калгас аднаўлялі ўласнымі сіламі. У вёсцы засталіся адны жанчыны, але трэба было жыць, араць зямлю. Жанчыны самі ўпрагаліся ў плугі і аралі, жалі сярпамі,а дзеці сабіралі на палях каласкі. Днём працавалі ў калгасе, а ноччу – на сваіх агародах, дапамагалі адзін аднаму.
А потым атрымалі першы трактар, і калі пракладвалі першую баразну, сабралася ўся вёска: і старыя, і жанчыны, і дзеці.
У вёсцы была свая піларама, млын. Малоць муку людзі прыязджалі ў Гарочычы са ўсёй акругі.
Пасля вайны адбудавалі і пеньказавод. Вырошчвалі на палях шмат лёну і канопляў. Людзі з суседніх вёсак прыходзілі дапамагаць убіраць лён. Вельмі было развіта ў вёсцы ткацтва. Людзі шмат ткалі рушнікоў, посцілак, палатно, з якога шылі адзенне”.
Дарэчы, сама Кацярына Мікалаеўна працавала на пеньказаводзе вагаўшчыцай і была вельмі здатнай майстрыцай : усё ў яе доме выткана і вышыта ўласнымі рукамі.
Уздымаць народную гаспадарку, па-новаму яе адстройваць у 40-60-я гг. прыйшлося ў неймаверна цяжкіх умовах. Вялікі размах у тыя пасляваенныя гады набыло будаўніцтва.
Першым чынам у вызваленых Гарочычах адрамантавалі будынак школы, у якой размясціўся шпіталь. У 1944 г. ў вёсцы пабудавалі бальніцу. Адбудавалі пеньказавод, які быў спалены падпольшчыкамі ў чэрвені 1942 г. Спачатку пабудавалі пенькаапрацоўчы цэх, а затым ільноапрацоўчы. Завод рыхтаваў сыравіну для Аршанскага ільнокамбіната. На ім працавала больш 90 чалавек. У 1945 г. пры бальніцы адкрылася аптэка. Пачалося і будаўніцтва сельскагаспадарчых пабудоў, жылля для калгаснікаў. Была ў вёсцы і свая пякарня, дзе штодня выпякалі найсмачнейшы хлеб.
У 1952 г. старшынёй калгаса “Савецкая Беларусь” калгаснікі выбралі 35-тысячніка Ткачэнку Эдуарда Лядвігавіча. Выбралі таму ,што добра ведалі гэтага чалавека. Эдуард Лядвігавіч да гэтага працаваў старшынёй Васілевіцкага райвыканкама, нярэдка бываў у Гарочычах сустракаўся з жыхарамі вёскі. Людзі бачылі, як ён аператыўна рашае тыя праблемы, якія яны ўздымалі ў час такіх сустрэч. Тым больш што Ткачэнка, выступаючы на пленуме абкама партыі, сам выказаў жаданне ісці працаваць у вёску, туды, на пярэдні край, куды ў той час партыя накіроўвала лепшых сваіх людзей.
“Такі старшыня нам патрэбен, — гаварылі калгаснікі на справаздачным сходзе. – З ім справы пойдуць у нас…”
Гэта быў цяжкі час для гарачычан. Ураджай – сам на сам. Фермы – убытачныя. Працадзень – мізэрны.
Новы старшыня добра ведаў, што не так проста ўзняць такую слабую гаспадарку. Дастатак прыйдзе да людзей, калі яны самі пачнуць яго ствараць сваімі рукамі. Сваёй працай.
Старшыня пачаў з людзей. Праўленне падабрала дбайных брыгадзіраў. І на фермы накіравала клапатлівых жывёлаводаў”, – напісаў у артыкуле “Сакратар парткома” 17 жніўня 1967 г. пра Эдуарда Ткачэнку журналіст раёнкі Юліян Поляк.
Эдуард Лядвігавіч не быў навічком у сельскай гаспадарцы. Нарадзіўся ў 1907 г. на хойніцкай зямлі, з дзевяці гадоў працаваў пастушком на пана Ванковіча.
У 1919 г. яго бацька Людвіг Антонавіч добраахвотнікам накі-раваўся ў рады Чырвонай Арміі абараняць маладую савецкую рэспубліку. Так і не вярнуўся з палёў баёў больш да роднай хаты. Неўзабаве ад хваробы памерла маці. І юнаку, як адзінаму кармільцу, прыйшлося ўздымаць на ногі трох малодшых сясцёр. Жыццё ў той час само спрыяла хуткаму сталенню. У 20-я гады Эдуард Ткачэнка ўжо працуе старшынёй рабачкама саўгаса “Рудакова” Хойніцкага раёна, затым – старшынёй батрачкама ў Брагіне.
У 1928 г. ён уступае ў рады бальшавікоў і знаходзіцца на перадавых пазіцыях станаўлення Савецкай улады: працуе загадчыкам хаты-чытальні, сакратаром партыйнага бюро, загадчыкам аддзела Пінскага РК КПБ. У гады Вялікай Айчыннай вайны – парторг 2-га дывізіёна 113-й гаўбічнай артбрыгады БМ РГК, старшы лейтэнант, ардэнаносец. Вайну пачаў пад Сталінградам, а закончыў яе ў Балгарыі.
Восем гадоў узначальваў “Савецкую Беларусь” Эдуард Ткачэнка. Ужо ў першы год яго кіраўніцтва калгаснікі адчулі вынікі яго працы. На працадзень выдалі па кілаграму зерня і па рублю грошай. Розніца была адчувальнай, бо да гэтага калгаснікі атрымлівалі на праца-дзень усяго па дзесяць капеек.
Умацоўвалася эканамічна гаспадарка і ў наступныя гады.
Дарэчы, у 1959 г. ў гарочыцкі калгас пасля заканчэння Чырвонабярэжскага тэхнікума механізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі прыбыў ураджэнец Жлобінскага раёна Грахоўскі Аляксандр Адамавіч. Юнака назначылі механікам калгаса.
Да 1965 г. працаваў у Гарочычах будучы старшыня Гомельскага аблвыканкама і першы сакратар Гомельскага абкама КПБ. Тут ён прайшоў кар’ерныя ступенькі: ад механіка калгаса “Савецкая Беларусь” да галоўнага інжынера саўгаса “Калінкавіцкі”.
У 1960 г. калгас “Савецкая Беларусь” далучаецца да толькі што створанага саўгаса “Галявіцы”. І як напісаў Юліян Поляк: “Гарочычане прыйшлі сюды не на правах “бедных родзічаў”. У іх былі прадуктыўныя фермы, яны вырошчвалі параўнаўча нядрэнны ўраджай”.
Камуністы Гарочыцкага аддзялення саўгаса выбралі Эдуарда Ткачэнку сакратаром сваёй партарганізацыі.
Упраўляючым аддзялення быў прызначаны Міхаіл Чарнякоў. Брыгадзірам – Іосіф Чарнякоў. Загадчыкам фермы – Васіль Процка.
У 1964 г. ў выніку раздраблення саўгасаў “Галявіцы” і “Дудзічы”на базе вёсак Гарочычы, Рудзенька, Перадзельнае, Рудніца, Смалянка, Буда, Вішар, Смаглаў, Есіпава Рудня (уваходзілі раней у склад саўгаса “Галявіцы”), Бабровічы, Сельцы, Тарканы, Булаўкі (уваходзілі да гэтага ў склад саўгаса “Дудзічы”) быў створаны саўгас “Калінкавіцкі” з цэнтрам у в. Гарочычы. Асноўным напрамкам дзейнасці гаспадаркі сталі насенняводства і жывёлагадоўля. З цягам часу да іх далучылася і птушкагадоўля.
У 1965 г. ў Гарочычах налічвалася 302 сядзібы, у якіх пражывала 1104 жыхары.
“Многія сельгасработнікі пад уздзеяннем сакратара парт- арганізацыі і кіраўніцтва саўгаса ўзяліся за вучобу, заселі за падручнікі. Варта адзначыць, што толькі сярод камуністаў 27 чалавек сталі вучнямі вячэрняй школы, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. Яшчэ некалькі чалавек сталі студэнтамі-завочнікамі сельгастэхнікумаў і інстытутаў. Сам дырэктар гаспадаркі Баў-суноўскі Мікалай Васільевіч у той час быў аспірантам Мінскага жывёлагадоўчага інстытута, рыхтаваўся да абароны дысер-тацыі.
Менавіта пад кіраўніцтвам творчага тандэма: маладога і энергічнага дырэктара – навукоўцы Мікалая Баўсуноўскага і ўмудронага жыццём, вопытнага сакратара парткама Эдуарда Ткачэнкі саўгас “Калінкавіцкі” стаў рэнтабельнай гаспадаркай, з кожным годам дабіваўся ўсё лепшых вынікаў у працы, што не засталося незаўважаным з боку кіраўніцтва раёна і вобласці”, — напісаў Юліян Поляк.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вы-творчасці , мяса, малака і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі ордэнам “Знак Пашаны” быў узнагароджаны дырэктар гаспадаркі Баўсуноўскі Мікалай Васільевіч, медалём “За працоўную доблесць” даярка Краўцова Марыя Кузьмінічна і сакратар партыйнай арганізацыі Ткачэнка Эдуард Людвігавіч, медалём “За працоўную адзнаку” птушніца Буднік Ларыса Іосіфаўна і брыгадзір Цітова Алена Уладзіміраўна.
У 1967 г. Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР за актыўную працоўную дзейнасць былі ўзнагароджаны птушніцы саўгаса Кароткая Варвара Піліпаўна і Лаеўская Паліна Маісееўна.
Працоўныя подзвігі працаўнікоў саўгаса “Калінкавіцкі” у 1971 г. былі адзначаны яшчэ больш высокімі ўрадавымі ўзнагародамі. Так, даярка Змушка Надзея Дарафееўна і трактарыст Лепік Канстанцін Сцяпанавіч удастоіліся ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга. Медалём “За працоўную адзнаку” была ўзнагароджана рабочая Муха Усціння Прохараўна.
У 1973 г. ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга была адзначана ўдарная праца цялятніцы саўгаса Цітовай Агрыпіны Сяргееўны, ордэнам “Знак Пашаны” — даяркі Пушко Алены Гурынаўны, медалём “За працоўную доблесць” — даяркі Муха Марыі Іванаўны.
У 1975 г. медалём “За працоўную адзнаку” была ўзнагароджана цялятніца Муха Соф’я Пятроўна.
У 1977 г. ордэнам “Знак Пашаны” была адзначана праца цялятніцы Отчык Раісы Ільінічны, медалём “За працоўную адзнаку” — даяркі Юшкавец Марыі Трафімаўны.
У 1988 г. медалём “За працоўную доблесць” былі ўзнага-роджаны даяркі Зіно-віч Вольга Пятроўна і Харлан Тамара Еўдакімаўна.
З 1964 па 1976 г. у саўгасе пабудавалі: адміністрацыйны будынак, два васьмі-кватэрных і 11 аднакватэрных жылых дамоў, малочны комплекс на 400 галоў, лазню, склад ГЗМ, склад запасных частак, пілараму, два кароўнікі на 180 галоў, 5 хлявоў для птушкі, цэнтральную майстэрню на 50 машынамесц, аўтагараж на 5 аўтамашын, зерняток КЗС-5, зернясклад на 1000 т збожжа.
На працу ў гаспадарку ў 60-я прыйшлі маладыя высокаадукаваныя спецыялісты. “У саўгасе задаволены работай галоўнага заатэхніка Леаніда Дарасевіча, старшага прараба Івана Сабко, галоўнага агранома Міхаіла Кавальчанкі, планавіка Сяргея Маскалевіча”, — пісаў у 1967 г. ў раёнцы журналіст Юліян Поляк.
Змяніў на партыйным пасту Эдуарда Ткачэнку аграном Цяцера Уладзімір Васільевіч. Ветэрынарную справу узначаліў галоўны вет-урач Міхаіл Дашкевіч.
У 1968 г. Баўсуноўскага, якога забралі ў Гомель на пасаду гендырэктара аблжываб’яднання, на пасту дырэктара саўгаса змяніў Дарасевіч Леанід Аляксандравіч.
У гады 9-й пяцігодкі (1971-1975) саўгас “Калінкавіцкі” аб’ядноўваў 1343 двары з насельніцтвам 3653 чалавекі. У той перыяд у гаспадарцы налічвалася 5400 га сельгасугоддзяў, з якіх 2700 га былі ворывам. Структурна саўгас складаўся з трох аддзяленняў (Гарочычы, Бабровічы, Буда), у якія ўваходзілі 6 паляводчых брыгад, 3 комплексныя і 5 малочнатаварных ферм.
На 1 студзеня 1976 г. ў саўгасе налічвалася 2876 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку — 1023 каровы. Тэхнічнае ўзбраенне саўга-са састаўляла: 36 трактароў, 33 аўтамабілі, 12 зернеўборачных, 9 бульбаўборачных і 6 сіласа-ўборачных камбайнаў, 19 зерневых сеялак, 10 сенакасілак і г.д.
У 9-й пяцігодцы сярэднегадавая ўраджайнасць зерневых па саўгасу саставіла 13,6 ц/га. Максімальны валавы збор збожжа ў 9-й пяцігодцы быў у 1974 г. – 2632 т, бульбы — 3500 т. Максімальны узровень вытворчасці малака таксама прыпаў на 1974 г. – 1634 т, а вось мяса –на 1972 г. – 223 т.
12 красавіка 1982 г. на месца дырэктара саўгаса назначылі эканаміста па адукацыі Скорба Станіслава Уладзіміравіча, які да гэтага працаваў у Хобным намеснікам старшыні калгаса “Зара” па корманарыхтоўцы. Праўда, доўга ў Гарочычах ён не затрымаўся. Напярэдадні аварыі на Чарнобыльскай АЭС яго змяніў ураджэнец в. Сырод Дулуб Алег Іванавіч.
Алег Іванавіч працоўную дзейнасць пачынаў механікам у калгасе “Зара” ў Хобным, затым пасля заканчэння акадэміі тут жа працаваў галоўным інжынерам. З Хобнага яго назначылі намеснікам старшыні калгаса “Шлях Ільіча” ў Гарбавічы. Адтуль на аналагічную пасаду ў Гарочычы забраў яго да сябе Скорб.
90-я гады паверглі ў глыбокі эканамічны крызіс усе гаспадаркі рэспублікі. Не пазбеглі яго і працаўнікі саўгаса “Калінкавіцкі”.
У 1991 г. аддзяленне Бу-да аддзялілася ад саўгаса “Калінкавіцкі”. Тут была створана самастойная гаспадарка – калгас “Садружнасць”, якую ўзначаліў былы начальнік аддзялення Рубан Уладзімір Пятровіч.
24 лютага 1994 г. газета “Калінкавіцкія навіны” на сваіх старонках надрукавала роздум галоўнага эканаміста саўгаса “Калінкавіцкі” Галіны Нікулінай. Вось што пісала аб стане спраў у саўгасе спецыяліст:
“У мінулым годзе саўгас “Калін-кавіцкі” дасягнуў пэўных поспехаў, нягледзячы на тое, што сельская гаспадарка, як і ўся эканоміка рэспублікі, перажывала глыбокі крызіс. Так, на 251 кілаграм павя-лічыліся надоі малака на адну фуражную карову, на 53 грамы ўзраслі сярэднясутачныя прывагі ў параўнанні з 1992 годам, на 69,8 тоны больш прададзена мяса дзяржаве, значна палепшыліся якасныя паказчыкі па сортнасці малака і ўтрыманню ў ім тлушчу. Атрыманы добры ўраджай ільну. Аднак пры ўсім гэтым вызначаныя рубяжы не дасягнуты, хаця і былі магчымасці і рэзервы таксама.
Напрыклад, застаўся нявыкарыстаным рэзерв павелічэння прадуктыўнасці жывёлы за кошт памяншэння ялавасці матачнага пагалоўя, працэнт якога на сёння ў саўгасе складае 15,5. Толькі з-за ялавасці статка мы недаатрымалі 102 галавы прыплоду, 87 тон малака, г. зн. прадукцыі жывёлагадоўлі на 10 мільёнаў рублёў.
У саўгасе павялічылася колькасць жывёлы хворай лейкозам (склала ўжо 507 галоў), на 97 галоў да ўзроўню 1992 года павялічыўся падзёж. Страты ад падзяжу састаўляюць 3,2 мільёна рублёў. Частка іх пагашаецца за кошт віноўных. Напрыклад, на ферме Рудзенька па віне даяркі загінула 5, а па віне яшчэ дваіх даярак — па трое цялят. Гэтыя факты сведчаць аб недобрасумленнасці некаторых нашых работнікаў у адносінах да даручанай ім справы.
А надоі? Усе працуюць у аднолькавых умовах. А вынікі — розныя. Напрыклад, на ферме ў Бабровічах сярэдні надой за год склаў 1890 кілаграмаў на карову, у Рудзеньцы – 1678, сярэднясутачныя прывагі адной галавы на ферме ў Сельцах – 338 грамаў, на ферме ў Пера-дзельным – 204.
На адной і той жа ферме даярка Дронік доіць 2107 кілаграмаў малака ад каровы, а Слабадзян — толькі 1775 кілаграмаў. Дык вось, калі б мы атрымалі на ўсіх фермах саўгаса летась такі надой, як на ферме ў Бабровічах, то дадаткова атрымалі б 95 тон малака, а калі б прывагі паўсюдна былі такія, як на ферме ў Сельцах, — то дадаткова атрымалі б 37 тон мяса.
Павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі залежыць перш за ўсё ад якасці нарыхтаваных кармоў, збалансаванасці кармавога рацыёну. Страты ад дрэннага, няякаснага корму залежаць не толькі ад надвор’я, але і ў многім кладуцца на сумленне механізатараў, вадзіцеляў, тых, хто займаецца іх нарыхтоўкай. Парушэнне тэрмінаў і тэхналогіі нарыхтоўкі корму вядзе да вытворчасці някласных кармоў, з утрыманнем у іх мінімальнай колькасці карысных рэчываў. Так, у 1993 годзе мы нарыхтавалі 3071 тону сенажу. Быццам бы і нядрэнна. Калі б гэты корм быў класным, ён даў бы 860 тон кармавых адзінак. Але пасля праве-дзеных аналізаў выявілася, што атрымаўся не сянаж, а сілас другога класу. У выніку — толькі 522 тоны кармавых адзінак замест 860. Страчана 338 тон кармавых адзінак. А затраты ж панесены, толькі аддачы належнай не атрымалася. Не адбылося і росту надояў, прываг, затое адбыўся рост сабекошту прадукцыі, а гэта — мінус да прыбыткаў гаспадаркі.
Калі закончыўся 1993 год і мы падлічылі, што маем, стала зразумела, што нам не ўдалося пазбегнуць таго крызісу, які ахапіў усю эканоміку Беларусі. Прыбытак у 16 мільёнаў і рэнтабельнасць у 6,6 працэнта — гэта паказчыкі амаль роўныя нулю.
Нас задаўліваюць крэдыты як фінансава, так і маральна. Так, маючы на 1 студзеня бягучага года агульны доўг па доўгатэрміновых і кароткатэрміновых пазыках у памеры 99 мільёнаў рублёў, нельга адчуваць сябе спакойна і ўпэўнена, асабліва, калі стаўкі за карыстанне крэдытамі раўняюцца 212 працэнтам гадавых.
Прычына такога становішча відавочная — адсутнасць парытэту цэн на прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю. За адзін літр бензіну прыходзіцца расплачвацца чатырма літрамі малака, за дзве тоны салетры — чатырохсоткілаграмовым быком.
Пасля падобных параўнанняў узнікае толькі адна думка: як выстаяць у гэтай сітуацыі, як выжыць саўгасу сёння?
Атрымліваецца вось што. Мяркуйце самі. Сваім калектывам у 250 чалавек саўгас «Калінкавіцкі» з наяўным вытворчым патэнцыялам у 1994 годзе павінен па плану вырасціць 1410 тон збожжа, 300 тон бульбы, 50 тон гародніны, 200 тон ільнотрасты, 30 тон насення рапсу, 180 тон мяса, надаіць 1093 тоны малака. Гэта пры ўмове атрымання сярэднясутачных прываг у 400 грамаў і надоях малака на адну фуражную карову ў 1900 кілаграмаў.
На сёння ўжо заключаны дагаворы аб продажы саўгасам 900 тон малака (у тым ліку — 820 тон саўгаснага) і 180 тон мяса мясцовым перапрацоўчым прадпрыемствам. Даведзены нам і план паставак збожжа дзяржаве — 540 тон, ільнотрасты — 200 тон. Збіраемся прадаць 12 тон рапсу, 25 тон гародніны. Задачы гэтыя можна выканаць. Але выкананне іх патрабуе пэўных матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў. А менавіта: закуп мінеральных угнаенняў у сённяшніх цэнах саставіць — 240 мільёнаў рублёў; закуп гаруча- змазачных матэрыялаў у цэнах мінулага года — 697 мільёнаў рублёў, электраэнергіі — 30 мільёнаў рублёў; зарплата (у разліку — 200 тысяч рублёў сярэднямесячна на кожнага работніка саўгаса з улікам надбавак і прэмій) — 780 мільёнаў рублёў і плюс працэнты за пазыкі банку. І атрымліваем 1820 мільёнаў рублёў. А калі дабавіць набыццё запчастак, іншыя выдаткі, то атрымліваецца, што на 1994 год нам спатрэбіцца два мільярды рублёў. Гэта выдаткі, неабходныя для выканання пастаўленых задач.
Дзе ж і як мы іх атрымаем?
За прададзенае збожжа ў цэнах кантрактацыі на 1994 год (гэта 374 тысячы рублёў за тону жыта), з улікам продажу ячменю піваварнага (611 тысяч рублёў за тону) атрымаем 230 мільёнаў рублёў; за бульбу (па цане 191 тысяча рублёў за тону) — 22,9 мільёна рублёў; за лён (729 тысяч рублёў за тону) — 150 мільёнаў рублёў; за гародніну — 23 мільёны рублёў; за мяса (па цане вышэйшай укормленасці) — 549 мільёнаў рублёў; за малако (першага гатунку) — 266 мільёнаў рублёў. Усяго, такім чынам, — 1255 мільёнаў рублёў. Дзе ўзяць яшчэ 700 мільёнаў рублёў, каб звесці дэбет з крэдытам?
Па разліках бачна, што выйсце можа быць у наступным. Пры гэтых жа затратах трэба на 60 працэнтаў павялічыць вытворчасць сваёй прадукцыі. Пры гэтым раскладзе ўраджайнасць збожжавых павінна быць у саўгасе не менш 32 цэнтнераў з гектара, бульбы — 160 цэнтнераў, ільнотрасты — 40 цэнтнераў. На адну фуражную карову трэба даіць — 3000 кілаграмаў малака, сярэднясутачныя прывагі павінны складваць 640 грамаў.
Другі варыянт: цэны на нашу прадукцыю павінны змяніцца. Так, малако павінна быць не ніжэй 750 рублёў за кілаграм, мяса — не ніжэй 7000 рублёў.
Калі ж цэны не зменяцца, то нам, каб звесці канцы з канцамі, прыдзецца ахвяраваць: замест ста працэнтаў мінеральных угнаенняў прыдзецца ўносіць толькі 10—15 да патрэбнага, самі будзем вырабляць і рэканструяваць запчасткі для тэхнікі, уразаць ліміт ГЗМ, іншыя выдаткі.
Ёсць яшчэ выйсце. Трэба наладжваць падсобныя промыслы. Напрыклад, распрацоўку і продаж лесаматэрыялаў. Па папярэдніх падліках на гэтай справе ўжо сёлета мы зможам атрымаць 150 мільёнаў рублёў. Добры даход зможа прынесці сезоннае вырошчванне гусей, закупленых у калгасе «Іскра». За 2 месяцы гусь вырастае да трох кілаграмаў. Мы плануем набыць 4000 гусянят. Гэта дасць дадаткова ў рэалізацыю 12 тон мяса. Будзе работа і зарплата людзям, а прыбытак складзе 34 мільёны рублёў.
Ёсць і іншыя варыянты. Напрыклад, атрыманне дадатковых даходаў за кошт фарміравання калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці шляхам прыватызацыі асноўных фондаў саўгаса.
На заключэнне скажу наступнае: не так усё безнадзейна, як здаецца на першы погляд. Рэзерваў у нас шмат. I самы галоўны, які не залежыць ні ад якіх эканамічных і палітычных крызісаў, заключаецца ў жаданні ўсіх працаваць заадно, на адзіны канчатковы вынік, строга прытрымліваючыся вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, ра-зумна арганізуючы вытворчасць і добрасумленна выконваючы свае абавязкі”.
Правільна ўсё сказала Галіна Нікуліна, вось толькі рэзервамі гэтымі кіраўніцтва гаспадаркі так і не сумела на той момант разумна распарадзіцца, гэта прыйшлося рабіць іншым.
У 1995 г. Алега Дулуба выбралі старшынёй Гарочыцкага сельсавета, а дырэктарам саўгаса “Калінкавіцкі” прызначылі яго намесніка Піліпца Івана Іванавіча (усяго месяц з паловай адпрацаваў на гэтай пасадзе – І.Г.), які нарадзіўся ў в. Давыдавічы Калінкавіцкага раёна, а прыйшоў у саўгас з пасады намесніка дырэктара Даманавіцкага гароднінасушыльнага завода.
Вось што ўспамінае Іван Іванавіч пра той час:
“Калі я прымаў гаспадарку, яе тэхнічнае ўзбраенне складалі: 7 гусенічных трактароў, 8 калёсных, 1 “Кіравец” і некалькі дабітых аўтамашын. На карову ў саўгасе даілі 1460 кг малака, ураджайнасць збожжавых складала 9,5 ц/га. У жывёлагадоўлі было вельмі неблагапрыемнае становішча па туберкулёзу і лейкозу. Паліва не было. Мінеральных тукаў таксама.
У гаспадарцы было чатыры аддзяленні: Сельцы, Перадзельнае, Рудзенька і Бабровічы. Малочна-таварныя фермы знаходзіліся ў Перадзельным і Рудзеньцы.
Спецыялістамі гаспадаркі ў той час працавалі: Говар Кацярына – галоўны бухгалтар, Нікуліна Галіна –галоўны эканаміст, Герасіменка Эдуард – галоўны аграном, Марцючэнка Уладзімір – галоўны заатэхнік, Грышчанка Дзмітрый – галоўны ветурач і яго жонка Грышчанка Марыя – старшыня прафкама.
Аб’яднаўшы намаганні спецыя-лістаў і рабочых, мы ўсе сілы кінулі на навядзенне парадку ў жывёлагадоўлі. Пачалі аддзяленне і выбракоўку хворай жывёлы ад здаровай.
У той час было вельмі складана будаваць штосьці новае, але мы заняліся рэканструкцыяй жывёлагадоўчых памяшканняў на ўжо існуючых фермах.
Паралельна ў паляводстве заняліся сортаўзнаўленнем: пачалі набываць элітныя гатункі і насенне першых рэпрадукцый. Дамовіліся з хімзаводам і атрымалі мінеральныя тукі ў доўг.
Памятаю, як ва ўрочышчы Смаглей ячмень гатунку “Сябра” аддзячыў нас ураджайнасцю ў 32 ц/га. Гэта было здорава.
Многа тэхнікі бясплатна мы набылі ў Бабровічах пасля вываду авіяпалкоў у Расію. Разжыліся і трыма энерганасычанымі трактарамі Т – 150.
Нашы сумесныя намаганні далі свой плён: за тры гады маёй працы ў саўгасе ўраджайнасць збожжавых вырасла да 25 ц/га, надой малака ад каровы – да 2500 кг.
Заняліся мы ў гаспадарцы і адкормам гусей, якіх бралі ў калгасе “Іскра”, і развядзеннем трусоў.
Усё гэта ў сукупнасці палепшыла эканамічнае становішча саўгаса”.
А вось што напісаў пра стан спраў у саўгасе “Калінкавіцкі” ў 1997 г. загадчык сельгасаддзела раёнкі Уладзімір Смоляр у артыкуле “На ўздыме”:
“Саўгас «Калінкавіцкі» ніколі не хадзіў у эканамічна-працвітаючых. Дзе ўжо там разгонішся, калі ворныя землі — шэры падзол, ды супясі (32 балы па кругу), ні заліўных лугоў, ні масіўных тарфяных меліярыраваных угоддзяў. Ну, а сёння, у наш час, калі ўжо па ўсіх швах рвецца і падае эканоміка ўсяго народна-гаспадарчага комплекса? Тут хоць бы ўтрымацца на тым, што дасягнута, не дапусціць далейшага падзення. Але мінулы год гаспадарка па ўсіх фінансава-эканамічных паказчыках спрацавала не з вялікім, праўда, але ж з «плюсам».
Як гэта дасягнута?
«Хваліцца пакуль што няма чым, але ж стараемся працаваць шчыра». Гэта гаворыць малады дырэктар саўгаса Іван Іванавіч Піліпец.
<…>Новы дырэктар увогуле не «ламаў дроў», не стаў новай «мятлой». Праўда, на пасады галоўнага агранома, галоўнага інжынера і галоўнага энергетыка, ды аднаго з кіраўнікоў комплекснай брыгады давялося прызначыць маладых і больш энергічных спецыялістаў”.
Далей журналіст напісаў пра захады, якія былі зроблены ў галіне раслінаводства:
“Летась кожны гектар ільну даў 700000 рублёў прыбытку. Менавіта таму сёлета плошчы пад лён расшырацца і дасягнуць ужо 100 гектараў. Калі гаварыць аб перспектыве ў раслінаводстве, то вызначальным будзе расшырэнне пасеваў зернебабовых.
Пра кармавыя, то тут таксама расшырэнне плошчаў, карэннае і паверхневае паляпшэнне пашава-сенакосных угоддзяў. Дарэчы, ужо сёння ў саўгасе думаюць, дзе набыць недастаючую колькасць насення канюшыны і іншых злакавых траў. Ёсць намер набыць элітнае і першых рэпрадукцый насенне ячменю, ды завезці недастаючае лепшых сартоў і першых рэпрадукцый насенне бульбы. А ўвогул, усё насенне яравых збожжавых даведзена да нармальных пасяўных кандыцый.
Некалі саўгас лічыўся насенняводчай гаспадаркай па лубіну. Сёлета гэтая культура зноў будзе вернута на палі севазвароту”.
Расказаў Уладзімір Смоляр і пра зрухі ў жывёлагадоўчай галіне:
“Летась надой на карову ў цэлым па саўгасу павялічыўся да ўзроўню папярэдняга года на 189 кілаграмаў. Палепшаны іншыя якасна-эканамічныя паказчыкі: больш малака рэалізавана дзяржаве першым гатункам, вышэй стала і яго базісная тлустасць. У мясной жывёлагадоўлі таксама дасягненні: на 50 кілаграмаў павысілася сярэднямесячная вага адной галавы буйной рагатай жывёлы, пры гэтым большасць жывёлы рэалізавана вышэйшымі кандыцыямі.
I як вынік — дзяржаўныя планы — заказы па рэалізацыі малака і мяса выкананы адпаведна на 107,5 і 107,8 працэнта.
Бадай, самае галоўнае — апошнімі гадамі не дапушчана зніжэння пагалоўя на фермах”.
А завяршыў свой матэрыял загадчык сельгасаддзела расказам пра гасразлік:
“Да апошніх гадоў у «Калінкавіцкім», як і ў большасці калектыўных гаспадарак, лічыць не ўмелі. Правільней кажучы, лічылі аднабока — важылі, мералі, падлічвалі, вынікавалі тое, што ўжо здабыта. Ды і то, гэта была справа рахункова-эканамічнай службы. Усе ж радавыя выканаўцы і нават кіраўніцтва структурных падраздзяленняў мала задумваліся, якой жа цаной здабываецца той жа кілаграм збожжа, малака, мяса і г. д. А навучыць людзей лічыць павінен быў, на думку вучоных эканамістаў, гаспадарчы разлік. Яго спрабавалі і раней укараніць у саўгасе. Даводзілі да кожнага участка, кожнай брыгады, фермы і іншага вытворчага гаспадарчага падраздзялення планава-разліковыя заданні. Ды толькі не заўсёды ўдавалася давесці задуманае да лагічнага канца. Вось чаму і новаму дырэктару, і вопытнаму эканамісту Галіне Нікулінай давялося праявіць нямала намаганняў, каб унутры гаспадарчы разлік «пайшоў». Вучылі людзей на жывых прыкладах. Напрыклад, ці варта карыстацца трактарам (паліва дарагое) для падвозкі і развозу кармоў на фермах, калі гэтую ж работу можна замяніць на конную цягу. Або давялося даказваць даярцы, што ёй выгадней даводзіць малако да вышэйшага гатунку, да вышэйшай базіснай тлустасці, бо і заработак яе (у выглядзе прэміяльных даплат) будзе вышэйшым.
Укаранілі летась поўны гаспадарчы разлік у жывёлагадоўлі. I зрухі — у лепшы бок. Ну, а ўжо сёлета ўвесь саўгас пераходзіць на гаспадарчы разлік.
Не панацэя, безумоўна, для вываду сельскагаспадарчай вытвор-часці з крызісу, але ж пачатак пакладзены”. (“Калінкавіцкія навіны”. 11 лютага 1997 г.).
У красавіку 1998 г. Івана Піліпца назначылі дырэктарам больш буйной гаспадаркі –эксбазы “Ліпава”, ён свае паўнамоцтвы ў саўгасе “Калінкавіцкі” перадаў ураджэнцу Ліпаўскага сельсавета Алісейка Мікалаю Рыгоравічу.
А з 23 чэрвеня 2000 г. гаспадарку ўзначаліў Некрашэвіч Юрый Канстанцінавіч.
Дарэчы, 2000 год стаў годам пачатку юрыдычных пераўтварэнняў у адносінах да саўгаса “Калінкавіцкі”. Так, 10 лістапада 2000г. на базе саўгаса “Калінкавіцкі” ў адпаведнасці з рашэннем Калінкавіцкага райвыканкама было створана камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства (КСУП) “Гарочычы”. 1 жніўня 2007 г. на падставе рашэння Гомельскага аблвыканкама да КСУП “Гарочычы” быў далучаны КСУП “Сеятель-агро” (раней калгас “Сейбіт” в. Казанск – І.Г.).
На падставе рашэння Калінка-віцкага райвыканкама ад 8 жніўня 2008 г. шляхам пераўтварэння на базе КСУП “Гарочычы” створана адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ) “Гарочычы-агра”.
30 чэрвеня 2009 г. ААТ “Гарочычы-агра” рэарганізавана шляхам далучэння да ААТ “Калінкавічыхлебапрадукт”, на яго базе створаны сельгасфіліял “Гарочычы”.
Але і на гэтым юрыдычныя пературбацыі не закончыліся: філіал “Гарочычы” ААТ “Калін-кавічыхлебапрадукт” шляхам лікві-дацыі далучаны з 1 лістапада 2010г. на падставе пратакола № 12 ад 4.10.2010 г. Назіральнага савета ААТ “Калінкавічыхлебапрадукт”, да КПС “Даманавічы”.
А з 1 лістапада 2013 г. сельскагаспадарчыя аб’екты былога саўгаса “Калінкавіцкі” уваходзяць у склад сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Даманавічы-Агра”, якое ўзначальвае ўсё той жа Юрый Некрашэвіч.
Што датычыцца асноўных паказ-чыкаў работы гэтага прадпрыемства, то яны наступныя. Ураджайнасць зерневых у 2015 г. склала 29,4 ц/га, сярэднясутачныя прывагі – 701 г, надой на карову – 4389 кг. Гаспадарка па выніках работы за 2015 г. стала пераможцай раённага спаборніцтва па вытворчасці збожжа і мяса, а таксама пераможцай рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землякарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывелагадоўчых ферм і комплексаў”.

Перасяленцы

Пасля трагедыі на Чарнобыльская АЭС Гарочычы сталі адной з тых вёсак Беларусі, якая прыняла да сябе тых, хто вымушаны быў уцякаць ад радыяцыйнай навалы. Вось што пра гэта на старонках раёнкі напісала тады старшыня прафкама саўгаса “Калінкавіцкі” Марыя Грышчанка:

“Прайшло крыху больш года, калі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС наш саўгас прыняў перасяленцаў з вёскі Надтачаеўка Нараўлянскага раёна. Слова “перасяленцы” ужо аджыло свой век у мове мясцовых жыхароў, таму што 47 сямей, якія прыехалі да нас, зараз сталі паўнапраўнымі членамі нашага калектыву.

Вядома, цяжка ўжывацца на новым месцы, асабліва сталым людзям. З самага пачатку мы ўспрынялі бяду гэтых людзей, як сваю асабістую.Некалькі разоў ездзіў дырэктар саўгаса А.І.Дулуб у Нараўлянскі раён, дзе знаёміўся з людзьмі, цікавіўся, каму і якая дапамога будзе патрэбна ў першую чаргу, хваляваўся , каб жыллё, якое будавалі розныя будаўнічыя арганізацыі, адпавядала патрабаванням.

І вось у вёсцы Гарочычы з’явіліся тры новыя вуліцы – Першамайская, Міру і Кастрычніцкая. Хутка сталі абжывацца людзі. Карэнныя жыхары вёскі ва ўсім дапамагалі навасёлам.

За лік гаспадаркі перасяленцам бясплатна выдзялялася птушка, бульба, аказвалася дапамога ў набыцці хатняй жывёлы. У першую чаргу нарыхтоўвалася сена для іх кароў.

Не было праблем у навасёлаў і з палівам. Праўда, праект домікаў не прадугледжваў будаўніцтва печаў. Зразумела, што для селяніна яны патрэбны, таму многім дапамаглі паставіць і печ.

У адказ на клопаты прыехаўшыя жыць да нас людзі імкнуліся хутчэй узяцца за справу. Майстрам сваёй справы зарэкамендаваў сябе трактарыст Пётр Рыгоравіч Старажэнка. Сумленна працаваў на нарыхтоўцы кармоў, падрыхтоўцы глебы. Зараз ён вядзе сяўбу азімых.

На ўсіх палявых работах вызначаюцца трактарысты У.Ф.Казак, А.М.Казак і іншыя.

У гэтым скліканні стаў дэпутатам Гарочыцкага сельсавета шафёр Іван Макаравіч Пятровіч. Ён займаецца перавозкай камбікармоў на птушкаферму ў вёску Буда.

Дарэчы, там жа добрасумленна працуюць шэсць яго аднавяскоўцаў з Надтачаеўкі. Перавыконваюць нормы выпрацоўкі муж і жонка Марыя Іванаўна і Аляксей Іванавіч Пархоменкі. Яны працуюць на сямейным падрадзе.

На ўсе рукі майстрамі называюць у Гарочычах членаў будаўнічай брыгады У.П.Злобіна, М.А.Пятровіча. Будаўніка Аляксандра Ва-сільевіча Максіменку выбралі сёлета дэпутатам сельскага Савета.

У брыгадзе паляводаў прыклады ў працы паказваюць Н.І.Дрэвіла, В.В.Казак, Л.А.Мельнічэнка.

Сярод жывёлаводаў вызначаецца даглядчык жывёлы Р.П. Дораш. Сам папрасіўся Рыгор Пятровіч на гэту работу. Саўгас вядзяліў нядаўна яго вялікай сям’і чатырохпакаёвы дом. Гэта не адзінкавы выпадак, калі за кароткі тэрмін паляпшаюць жыллёвыя ўмовы новым членам саўгаса.

Прафсаюзны камітэт пра-яўляе пастаянныя клопаты аб пенсіянерах, моладзі. Урачыста праводзілі на заслужаны адпачынак К.В.Пятровіч і У.П.Злобіна. З цеплынёй былі арганізаваны провады ў рады Савецкай Арміі Уладзіміра Старажэнкі. Па накіраванні саўгаса ў Палескі саўгас-тэхнікум імя У.Ф.Міцкевіча на аддзяленне правазнаўства паступіла сёлета Святлана Казак.

Упрыгожваюцца новыя вуліцы вёскі, падрастаюць пасаджаныя клапатлівымі рукамі дрэвы, пачаліся вяселлі. Нялёгка загойваюцца раны памяці, але жыццё працягваецца”. (Газета “За камунізм”. 15 верасня 1987 г.).

У 2006 г. я пазнаёміўся ў Гарочычах з адным з нараўлянскіх перасяленцаў — Целешам Мікалаем Сямёнавічам. На той час пажылы чалавек ужо не працаваў – знаходзіўся на заслужаным адпачынку. А паслужны спіс у ветэрана вайны і працы быў дай Бог.

Аказалася, што Мікалай Ся-мёнавіч – ураджэнец нашага раёна. Ён нарадзіўся ў 1919 г. у вёсцы Крышычы. У 1925 г. пайшоў у школу.

Мікалаю Целешу было ўсяго трынаццаць гадкоў, калі воляй лёсу яму разам з братам і сястрой, бацькам і маці давялося развітацца з роднымі Крышычамі і перабрацца на новае месца жыхарства ва ў Украіну. Сёння ўжо цяжка дакладна ўстанавіць, што паслужыла прычынай таго пераезду, ва ўсякім разе не ад добрай долі людзі сарваліся з месца і паехалі туды, дзе панавалі голад і мор — ішоў 1933 год.

Лёс, аднак, быў літасцівы да сям’і Целешаў у тыя цяжкія 30-я гады мінулага стагоддзя: усе яны выжылі і нават сумелі ўзняцца на некалькі ступеняў уверх у набыцці сацыяльнага статусу.

Мікалай, напрыклад, закончыў Кіраваградскі педагагічны тэх-нікум і паступіў у Кіраваградскі педінстытут; яго брат Фёдар — Віцебскі педінстытут і лётную школу.

Пасля трэцяга курса пед-інстытута, у 1937 г., Мікалая накіравалі на працу дырэктарам Беларускай школы Бальшавіцкага раёна Кіраваградскай вобласці, у якой у той час пражывала шмат беларускіх сем’яў.

А праз два гады па закліку ЦК камсамола ён накіроўваецца на Далёкі Усход для ўмацавання граніц Хабараўскага краю. Гэта быў трывожны перадваенны час, у паветры якога ўсё настойлівей вітала ваенная пагроза. I дзяржава спешна рыхтавалася да вайны. Тысячы маладых адукаваных людзей накіроўваліся на вучобу ў ваенныя вучылішчы.

Курсантам аднаго з іх у 1939 г. стаў і наш зямляк Мікалай Целеш. Вучобу ён пачаў у г. Бікіне Яўрэйскай аўтаномнай акругі, які стаяў на рацэ Усуры, на самай граніцы. Праз год вучобы іх вучылішча ліквідавалі, а недавучаных курсантаў размеркавалі ў ваенныя ўстановы для завяршэння вучобы па розных гарадах Савецкага Саюза. Мікалай трапіў ў Омскае ваеннае вучылішча, якое закончыў ужо пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Першы свой бой лейтэнант Целеш прыняў пад Калініным на Заходнім фронце ў складзе 30-й арміі ў верасні 1941 г. Камандзір дыверсійнага атрада, ён разам са сваімі байцамі быў на самым небяспечным напрамку, вёў вайну ў тыле ворага. Падрывы мастоў, іншыя дыверсіі, вядзенне разведкі ў тыле — вось няпоўны пералік баявых задач, якія даводзілася выконваць атраду Мікалая Целеша пад Ржэвам, Дзмітрыевам, Яльцом.

У сакавіку 1942 г. Целеш з цяжкай кантузіяй трапіў у шпіталь. Пасля вылячэння яго, як вопытнага камандзіра дыверсійнага атрада, накіравалі выкладчыкам на кароткатэрміновыя курсы па падрыхтоўцы малодшых афіцэраў. Толькі не мог паляшук мірыцца са сваёй «спакойнай» пасадай. Ён прасіўся ў бой. I вось ён зноў у дзеючай арміі.

У 1943 г. наш зямляк трапляе ў самае пекла вайны – ён прымае удзел у баях пад Прохараўкай на Курскай дузе і Белградам у якасці камандзіра мінамётнай батарэі.

У рэдкія хвіліны франтавога зацішша Мікалай бярэцца за аловак і малюе, малюе блізкія твары сяброў, жудасныя сляды вайны, пейзажы прыроды, якія немаведама як уцалелі ў страшнай ваеннай сечы.

Да гэтага занятка Целеш прызвычаіўся даўно, яшчэ са школьнай парты. Маляваў, чым прыдзецца: па большай частцы вуглём ды алоўкам, бо на акварэльныя фарбы бацькі грошай не выдаткоўвалі. Дзіцячае захапленне малюнкам у Мікалая ўдасканаліў педагог у педвучылішчы. Ён заўважыў у юнака непамерную прагу да мастацкай творчасці і займаўся з ім індывідуальна. На фронце баявыя сябры спачатку кпілі са свайго камандзіра, маўляў, заняцца няма чым, а затым пранікліся павагай да яго майстэрства, асабліва пасля таго, як камандзір то таму, то другому байцу ўручыў іх партрэты, створаныя сваёй рукой.

Калі ж часу не было, каб пася-дзець з алоўкам, то, закрыўшы вочы, аддаваўся марам: як там жонка, дачушка? Мікалай у 1938 г. ажаніўся. Ды служба і вайна разлучылі яго з роднымі надоўга.

…Вайна для Целеша закончылася ў Парыжы, дзе былы разведчык у якасці афіцэра сувязі Паўнамоцнага прадстаўніцтва СССР займаўся рэпатрыяцыяй савецкіх грамадзян на радзіму.

Дэмабілізаваўся капітан Целеш у 1946 г.

Калі ён прыбыў дадому да бацькоў, яго кіцель упрыгожвалі ордэн Айчыннай вайны, шматлікія баявыя медалі. Першае пытанне пасля абдымкаў, пацалункаў франтавіка з бацькамі: «А дзе ж жонка?», прывяло апошніх у засмучэнне. Глянуўшы адзін на аднаго, яны сказалі: «Замуж выйшла».
Мікалай Сямёнавіч не любіў аб гэтым успамінаць, але любы боль вылечваецца з гадамі. Аднак, тады ён наведаў сваю благаверную, ні слова не сказаў, толькі паглядзеў на яе, ужо цяжарную, пільна, ды на сваю дачушку, што маленькім звярком тулілася да маці, убачыўшы «чужога дзядзьку».

Гэты паварот лёсу паслужыў прычынай вяртання М.С. Целеша з Украіны на радзіму, у Беларусь. Пабыўшы колькі дзён у бацькоў, ён прыехаў у Калінкавічы і стаў на воінскі ўлік. А абласны аддзел адукацыі накіраваў яго на працу ў Нараўлянскі раён, дзе афіцэр-франтавік пачаў вучыць дзяцей спачатку ў Канатопе, затым у Цешкаве.

3 1951 г. Мікалай Сямёнавіч узначаліў школу ў в. Надтачаеўка Нараўлянскага раёна. З гэтым раёнам звязана ўсё яго пасляваеннае жыццё аж да Чарнобыльскай катастрофы.

Яшчэ ў 1946 г. ў Канатопе Мікалай Сямёнавіч пазнаёміўся з настаўніцай пачатковых класаў Марыяй Васільеўнай. Знаёмства вырасла ў сумеснае пачуццё, якое не страціла моцы і да часу нашага знаёмства з педагогам, мастаком і франтавіком у адной асобе.

Вынікам гэтага сумеснага пачуцця стала з’яўленне на свет дваіх сыноў і дачкі, якія зараз ужо на пенсіі, а таксама добры тузін унукаў ды праўнукаў.

Гады педагагічнай дзейнасці М.С. Целеша адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, галоўныя з якіх — медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна” і Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.

Шэсць гадоў, з 1973 па 1979, Мікалай Сямёнавіч аддаў савецкай рабоце — працаваў старшынёй Даўлядоўскага сельскага савета на Нараўляншчыне. У 1979 г. выйшаў на пенсію.

У кастрычніку 1986 года пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС вымушаны быў з Марыяй Васільеўнай пакінуць стаўшы родным Нараўлянскі раён і перасяліцца на гістарычную радзіму – у Калінкавіцкі раён, праўда, не ў Крышычы, а ў Гарочычы.

Ветэран вайны і працы Мікалай Целеш за гады нястомнай працы стварыў шмат цудоўных мастацкіх твораў, многія з іх папоўнілі калекцыі аматараў мастацтва, многія ўпрыгожылі кватэры і дамы сяброў Мікалая Сямёнавіча.

Двойчы ён рабіў персанальныя выставы ў Гарочычах: у Гарочыцкай школе і ў мясцовай бібліятэцы.
На жаль, у 2006 г. гэтага цудоўнага чалавека не стала.

Тую сустрэчу з Целешам арга-нізавала мне загадчыца Гарочыцкай бібліятэкі Казак Таццяна Якаўлеўна – чалавек няўрымслівы і таксама апантаны ў сваёй працы. Як аказалася, яна таксама з перасяленак. Прыбыла ў Гарочычы разам з бацькам у 1986 г. Праўда, не з Нараўляншчыны, а з Хойніцкага раёна, з в. Пагоннае. У Гарочычах закончыла дзесяць класаў. А тут раптам у мясцовай бібліятэцы вызвалілася месца і яго прапанавалі Таццяне. Дзяўчына доўга не вагалася, пагадзілася адразу. Ужо пасля яна завочна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і дагэтуль кіруе Гарочыцкай сельскай бібліятэкай.

За гады сваёй працы Таццяна Якаўлеўна сабрала вялікі краязнаўчы матэрыял пра Гарочычы і іх жыхароў. На паліцах бібліятэкі захоўваюцца прыгожа аформленыя альбомы і папкі, подпісы на якіх гавораць самі за сябе: “Летапіс вёскі Гарочычы”, ”Жыццё вёскі”, “КСУП “Гарочычы”, “Нашы старажылы”, “Мнагадзетныя сем’і”, “Народныя ўмельцы”, “Гарочыцкая сельская бібліятэка”, ”З гісторыі Калінкавіцкага раёна” і г. д.

У сельскай бібліятэцы нельга не заўважыць цудоўна аформленыя кніжныя выставы, прысвечаныя юбілейным і памятным датам. Тут па-дамашняму ўтульна, і прыемна папрацаваць у цішыні кніжнага царства, якое да таго ж напоўнена і мноствам кветкавых раслін, што знайшлі сабе месца, дзякуючы клапатлівым рукам сваёй гаспадыні, на падаконніках, спецыяльных падстаўкаў, на сценах і, нават, на столі.

Таццяна Якаўлеўна стварыла для сваіх маленькіх чытачоў клуб пад назвай “Лесавічок”, задачай якога з’яўляецца фарміраванне ў малодшых школьнікаў экалагічнага светапогляду і культуры, выхавання патрыятызму і вернасці роднаму краю. Дзеці з задавальненнем наведваюць пасяджэнні гэтага клуба.

Ідуць у бібліятэку і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Адным са старэйшых чытачоў бібліятэкі з’яўляецца старажыл вёскі — 90-гадовая Харлан Вольга Паўлаўна, якая проста не мысліць свайго жыцця без знаёмства з навінкамі літаратуры і перыёдыкі. Часты наведвальнік бібліятэкі і пенсіянер, былы ветурач мясцовай гаспадаркі Грышчанка Дзмітрый Фёдаравіч, які не толькі з’яўляецца вялікім аматарам літаратурнай творчасці, але і сам спрабуе сябе ў галіне паэзіі. І няхай не ўсё ў яго атрымліваецца на прафесійным узроўні, але сябры і знаёмыя кажуць паэту-аматару:”Маладец, Фёдаравіч”.

Больш 400 чытачоў абслугоўвае Гарочыцкая бібліятэта, якая ў 2006 г. рашэннем райвыканкама была прызнана лепшай у раёне.

У 1999 г. ў Гарочычы са Смаленшчыны пераехала на новае месцажыхарства і сям’я расіяніна Віктара Фантаненкі. Праўда, жонка Віктара Іванавіча была родам з нашай Убалаці. Фантаненка ў сябе на радзіме працаваў ветурачом, а яго жонка бухгалтарам у таварыстве з абмежаванай адказнасцю, якое ўжо тры гады не плаціла лю-дзям зарплату. Пабываўшы ў гасцях на радзіме жонкі і сустрэўшыся з дырэктарам саўгаса “Калінкавіцкі” Мікалаем Алісейка, які прапанаваў Фантаненкам аналагічныя пасады, зарплату і дом у прыдачу, Віктар Іванавіч рашыў: “Пераязджаем”.

Сёння ўжо Галіна Фантаненка на заслужаным адпачынку, а Віктар Іванавіч, хаця і дасягнуў пенсійнага ўзросту, працягвае працаваць па спецыяльнасці ў сельскай гаспадарцы.

Урачэбная амбулаторыя

Лячэбная ўстанова ў Гарочычах, як паведамлялася ўжо вышэй, з’явілася ў 1945 г. Праўда, называлася яна не Гарочыцкай бальніцай, а Зеляноцкай, а дакладней Зеляноцкім урачэбным участкам.

Бальніцу будавалі ра-зам з калгаснымі плотнікамі і яе работнікі, як расказаў мне ўраджэнец Гарочыч, а цяпер дырэктар Зеляноцкай школы-сада Леанід Чарнякоў, маці якога з першых пасля вызвалення Гарочыч ад немцаў працавала спачатку ў ваенным шпіталі, што размяшчаўся ў Гарочычах, а затым Зеляноцкай участковай бальніцы.

Па яго словах медработнікі выконвалі ўсе ўнутраныя работы па будаўніцтву медустановы. Яны ж самі нарыхтоўвалі дровы для ацяплення на зіму, вырошчвалі агародніну для бальнічнай сталоўкі. З самага пачатку ў бальніцы было 2 сястрынскіх пасты, а таксама радзільнае аддзяленне.

Паколькі Гарочычы ўваходзілі ў склад Зеляноцкага сельсавета Васілевіцкага раёна, то дакладна ўстанавіць, хто працаваў у той час у гэтай лячэбнай установе, не ўдалося. А вось ужо ў кнігах загадаў па Зеляноцкай бальніцы ад 1953 г., якія захоўваюцца ў архіве Калінкавіцкай ЦРБ, вынікае, што Зеляноцкі ўрачэбны ўчастак з 1953 г. , а можа і раней, узначальваў доктар Васільчанка.

Пад яго кіраўніцтвам у бальніцы працавалі зубны ўрач Зябкіна Галіна Ісаеўна, фельчар амбулаторыі Савянок Л. А., фельчар бальніцы Прышчэп Вольга Фёдараўна, патранажная акушэрка Васічкіна Тамара Паўлаўна, медсёстры Дудзянава Ніна Іванаўна, Чарнякова (у дзявоцтве — Лысеўская) Соф’я Іванаўна, Шанько Любоў Ільінічна, Сатырава Марыя Сцяпанаўна, Федарэнка Вольга Прохараўна, Серада Вольга А., дэзынфектар Мельнікава Ніна Максімаўна, санітаркі Кікіліч Кацярына Сцяпанаўна, Смалюга Праскоўя Мікалаеўна, Аліферка А.М., Чарнякова Ганна Паўлаўна, Елецкая Марыя Данілаўна, Зіновіч Яўгенія Іванаўна, павара Зіновіч Ганна Акімаўна, Нікіфарава Таццяна К., загадчык гаспадаркі Назаранка Мікалай Мікітавіч, конюх, а потым вадзіцель Аліферка Канстанцін. У бальніцы была свая палутарка, а затым аўтамабіль “Шкода”, які выкарыстоўваўся ў якасці “хуткай дапамогі”.

1 жніўня 1955 г. на пасаду медсястры ў бальніцу была залічана Цімафеева Ганна Іванаўна, якая мела за плячыма ўжо пяцігадовы стаж працы па спецыяльнасці.

У пачатку 60-х у медустанове з’яўляюцца новыя імёны. Тут пачалі працаваць: медсёстры Багачова Кацярына Іванаўна, Габзалілава З.Х., акушэрка Лянічка Валянціна Пятроўна, патранажная медсястра – Захаранка Вольга Харытонаўна.

Апошні свой загад па бальніцы Васільчанка падпісаў 20 красавіка 1961 г.

2 жніўня 1962 г. загадам галоўнага ўрача Калінкавіцкага раёна Ліўшыца медсястра Зеляноцкай участковай бальніцы Шчарбенка М.К. па асабістай просьбе была пераведзена на пасаду акушэркі Бабровіцкага ФАПа, а акушэрка Бабровіцкага ФАПа Анікеева А.В. перайшла ў Гарочычы на пасаду медсястры.

Загадам галоўнага ўрача Калінкавіцкага раёна ад 6 лістапада 1962 г. ў сувязі з 45-годдзем Кастрычніцкай рэвалюцыі за выдатную работу па абслугоўванню насельніцтва на раённую дошку Гонару была занесена фельчар Зеляноцкай бальніцы Цімафеева, а загадчыцы бальніцы Марыі Лянічка была аб’яўлена падзяка.

21 студзеня 1963 г. на пасаду санітарнага фельчара ў Зеляноцкую бальніцу прынялі Жураўлёву Марыю Паўлаўну, а ўжо ў лістападзе галоўўрач раёна ў шэрагу лепшых медработнікаў раёна аб’явіў ёй падзяку за выдатную работу, а зубны ўрач бальніцы Галіна Зябкіна была занесена на раённую дошку Гонару медыцынскіх работнікаў.

8 жніўня 1963 г. на пасаду загадчыцы Зеляноцкай участковай бальніцы прыбыла выпускніца Віцебскага медінстытута Котава Людміла Іванаўна, а яе папярэдніцу Лянічка М.В. па яе просьбе перавялі на працу ў Калінкавіцкі раддом.

У лютым 1964 г. фельчар Цімафеева А.І. стала ўдзельнікам 1-га з’езда ўрачоў-педыятраў Беларусі.

З верасня 1964 па жнівень 1965 г. бальніцу ўзначальваў урач-педыятр Малахвей Аляксандр Аляксандравіч, са жніўня 1965 г. – выпускнік Віцебскага медінстытута Карась Віктар Міхайлавіч.

3 лістапада 1965 г. Віктар Міхайлавіч напісаў загад № 19 аб заахвочванні супрацоўнікаў бальніцы. Прывядзем яго поў-насцю, паколькі з яго становіцца вядомым, не толькі, хто ў той час працаваў у медыцынскай установе, а і зона абслугоўвання Зеляноцкай бальніцы, якая размяшчалася ў Гарочычах:

“1. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці бальніцы, бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў прысвоіць званне ўдарніка камуністычнай працы з уручэннем пасведчання санітарцы бальніцы Чарняковай Ганне Паўлаўне.

2. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці бальніцы, бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў і актыўны ўдзел у нядзельніках аб’явіць падзяку: Захаранка Вользе Харытонаўне, Анікеевай Асі Васільеўне, Аліферка Ганне Маркаўне, Зіновіч Яўгеніі Іванаўне і ўручыць пасведчанні ўдарніка камуністычнай працы, прысвоеныя ў маі 1965 г.

3. За бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці прысвоіць званне ўдарніка камуністычнай працы санітарцы Убалацкага ФАПа Краўцовай Ганне Іосіфаўне з уручэннем пасведчання ўдарніка камуністычнай працы.

4. Прасіць вышэйстаячыя органы аб прысваенні Убалацкаму фельчарска-акушэрскаму пункту званне калектыва камуністычнай працы з уручэннем вымпела ”Ударнік камуністычнай працы”.

5. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці бальніцы, бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў і актыўны ўдзел у нядзельніках аб’явіць падзяку:

фельчару амбулаторыі Цімафеевай Ганне Іванаўне;
зубному ўрачу Зябкінай Галіне Ісаеўне;
акушэрцы Шанько Любові Іль-інічне;
санітарнаму фельчару Шчарбенка Марыі Канстанцінаўне;
патранажнай акушэрцы Процка Ганне Рыгораўне;
медсёстрам: Савянок Любові Васільеўне,
Сатыравай Марыі Сцяпанаўне,
Лысеўскай (Чарняковай) Соф’і Іванаўне;
санітаркам: Зіновіч Ганне Сця-панаўне,
Кікіліч Кацярыне Сцяпанаўне,
Смалюга Ганне Адольфаўне,
Ялецкай Марыі Дзям’янаўне;
дэзынфектару Мельнікавай Ніне Максімаўне;
повару Рубанік Надзеі Савель-еўне;
загадчыку гаспадаркі Харлану Сцяпану Іосіфавічу;
фельчару Убалацкага ФАПа Прышчэп Вользе Фёдараўне;
фельчару Насавіцкага ФАПа Калейнік Галіне Сяргееўне;
медсястры Насавіцкага ФАПа Краўцовай Кацярыне Міхайлаўне;
санітарцы Насавіцкага ФАПа Варажун Веры;
акушэрцы Бабровіцкага ФАПа Севярынец Любові Іванаўне;
санітарцы Бабровіцкага ФАПа Паўлавай Анастасіі”.

20 чэрвеня 1967 г. ў бальніцу прыйшоў малады стаматолаг, выпускнік Полацкага медвучылішча Гарыст Уладзімір Іосіфавіч.

31 ліпеня 1968 г. галоўным урачом бальніцы прызначылі выпускніка Мінскага медінстытута Русецкага Аляксандра Яфрэ-мавіча. У кастрычніку 1969 г. на пасаду ўрача бальніцы прыйшла выпускніца Днепрапятроўскага медінстытута Блык Ала Свіры-даўна.

Са снежня 1972 па кастрычнік 1974 г. бальніцу ўзначальвала ўрач Прафацілава, а з другой паловы 1975 г. Сарокіна Надзея Аляксандраўна.

У жніўні 1973 г. зубным урачом у бальніцу прыйшла працаваць Хількевіч Тамара Фёдараўна. 10 чэрвеня 1975 г. яе змяніла новы зубны ўрач Карповіч Алена Віктараўна.

У 70-я гады на работу ў бальніцу медсястрой прыйшла і Кісялёва Тамара Міхайлаўна.

9 жніўня 1980 г. на пасаду ўрача-педыятра Зеляноцкай бальніцы заступіла выпускніца Варонежскага медінстытута Барзунова Тамара Гаўрылаўна.

А ў 1985 г. ў Гарочычы прыбыла сямейная пара ўрачоў Мельнікавых. Віктар Іванавіч быў прызначаны галоўным урачом Зеляноцкай участковай бальніцы, а яго жонка Надзея Сяргееўна – урачом-тэрапеўтам.

У 1995 г. стацыянар з Гарочыч, паколькі будынак бальніцы даўно састарыўся і стаў аварыйным, перавялі ў Бабровічы, дзе пасля перадыслакацыі ў Расію лётных палкоў вызвалілася шмат памяшканняў, у тым ліку і будынак былой ваеннай медсанчасці.

А ў Гарочычах, упершыню ў Калінкавіцкім раёне, адкрылі амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Узначаліла яе Мельнікава Надзея Сяргееўна. К таму часу Віктар Мельнікаў ужо быў інвалідам.

За выдатную работу па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва ў 2003 г. Надзеі Мельнікавай была прызначана спецыяльная Прэзідэнцкая надбаўка да зарплаты (першым быў Шэўка Аляксандр Аляксеевіч – галоўны ўрач Калінкавіцкага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання – І.Г.).

А ў 2005 г. пад медыцынскую ўстанову ў Гарочычах перадалі крыло мясцовай школы, у якім дагэтуль размяшчаўся Гарочыцкі навучальна-вытворчы камбінат. У дабротным цагляным будынку зрабілі капітальны рамонт, забяспечылі яго неабходным медыцынскім абсталяваннем, і амбулаторыя прадоўжыла аказваць медыцынскую дапамогу навакольнаму насельніцтву.

Як расказала выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Надзея Мельнікава, зараз у мед-установе працуе 11 чалавек. Гэта фельчар Кісялёва Ірына Аркадзьеўна, якая прыйшла ў мясцовую бальніцу ў 1987 г., участковая медсястра Шапецька Жанна Аркадзьеўна, якая працуе з 1986 г. Затым калектыў медустановы папоўнілі медсястра фізіякабінета Кухта Наталля Мікалаеўна, акушэрка Аліферка Надзея Васільеўна, лабарант Кулік Лілія Генадзьеўна, санітаркі Панкавец Валянціна Гаўрылаўна, Капытаенка Ірына Мікалаеўна. З 2000 г. ў амбулаторыі працуе вадзіцель Чарнякоў Сяргей Васільевіч, з 2005 г. — зубны фельчар Лашук Таццяна Аляксееўна і рабочы па абслугоўванню будынка і абсталявання Альхавік Уладзімір Уладзіміравіч.

Калектыў у амбулаторыі склаўся дружны і надзвычай працавіты. Вынікам агульных намаганняў гэтага калектыву з’яўляюцца заслужаныя перамогі. У 2010 г. Гарочыцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі становіцца пераможцай абласнога спаборніцтва, а ў 2013 г. атрымлівае перамогу ў рэспубліканскім спаборніцтве.

Амбулаторыя сёння абслугоўвае жыхароў 13 вёсак Зеляноцкага і Гарочыцкага сельсаветаў. Радыус абслугоўвання – 25 км.

Старт у дарослае жыццё

Яго, як правіла, кожны з нас атрымлівае ў школе. У Гарочычах земскае народнае вучылішча адкрылася ў 1912 г. Мясцовыя хлапчукі і дзяўчынкі навучаліся Слову Божаму і азам граматыкі ў арандаванай пад школу сялянскай хаце.

З устанаўленнем савецкай улады на базе земскага вучылішча была створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1924 г. навучалася 80 вучняў.

Першы драўляны аднапавярховы будынак школы ў Гарочычах быў пабудаваны ў 1925 г. У ім было чатыры класных пакоі і інтэрнат для настаўнікаў.

У сярэдзіне 30-х гадоў Гарочыцкая пачатковая школа была рэарганізавана ў сямігодку. У 1935 г. ў ёй навучаліся каля 300 вучняў. Паколькі школа вырасла колькасна, то драўляны яе будынак ужо не мог змясціць усіх школьнікаў. На двары школы ўстанавілі тры канфіскаваныя ў так званых кулакоў дамы, такім чынам пашырыліся ўладанні навучальнай установы. Першы выпуск Гарочыцкай сямігодкі адбыўся ў 1933 г.

Калі б не вайна, то ўжо восенню 1941 г. Гарочыцкая школа стала б сярэдняй, бо ў 1940 г. пачаўся набор у старэйшыя класы.

У час разгрому паліцэйскага гарнізона ў Гарочычах будынак школы пацярпеў ад пажару. Адразу пасля вызвалення Гарочыч яго адрамантавалі і ў ім размясціўся шпіталь. А заняткі ў школе пачаліся ў 1944 г. У доме Зіновіч Анастасіі Сідараўны па вул. Зарэчнай са школьнікамі займалася настаўніца Цімафеева Алена Ігнатаўна. Спачатку вучылася каля 20 дзяцей, а да канца года, пасля вяртання многіх сямей з эвакуацыі, колькасць пачатковых класаў павялічылася да чатырох.

Першым пасляваенным дырэктарам Гарочыцкай школы была Малчанава Анастасія Яфімаўна – цудоўны арганізатар навучальнага працэсу. Гэта на яе жаночыя плечы лёг цяжар усіх праблем таго часу па забеспячэнні нармальнага функцыянавання навучальнай установы: рамонт, нарыхтоўка паліва, забеспячэнне падручнікамі, паперай і іншымі. неабходнымі для жыццядзеяння школы рэчамі. Першым яе памочнікам у школьных справах была завуч Міхалка Марыя Канстанцінаўна, якая выкладала англійскую мову.

У 1945 г. дырэктарам школы стаў настаўнік рускай мовы і літаратуры Макарэвіч Антон Васільевіч. У дальнейшым гэты выдатны педагог быў узнагароджаны ордэнам Леніна за значны ўклад у развіццё народнай адукацыі.

У 1952 г. школа стала сярэдняй. Першым яе дырэктарам быў выпускнік Гарочыцкай сямігодкі Цішкевіч Мікалай Паўлавіч. Праўда, праз год ён кіраўніцтва дзесяцігодкай перадаў Ткачову Івану Фёдаравічу, які ўжо меў за плячыма вышэйшую адукацыю.

У 1954 г. адбыўся першы выпуск Гарочыцкай дзесяцігодкі. Сярод першых выпускнікоў –Булаўка Анатоль Арцёмавіч, Клімаў Аляксандр Іванавіч, Аліферка Сяргей Фёдаравіч.

У 1960 г. Мікалай Паўлавіч зноў ўзначаліў родную школу і на працягу наступных 20 гадоў кіраваў ёю. Гэты педагог, яго жыццё і выкананы абавязак перад Радзімай і аднавяскоўцамі патрабуюць больш падрабязнага апавядання.

Мікалай Цішкевіч нарадзіўся 15 лістапада 1923 г. у Гарочычах. Яму яшчэ не было і сямнаццаці гадоў, калі пасля заканчэння сярэдняй школы і паскораных педагагічных курсаў пры аблана яго накіравалі настаўнічаць у в. Дзежба Беластоцкай вобласці (сёння тэрыторыя Польшчы- І.Г.). Да бацькоўскай хаты ў водпуск вярнуўся 15 чэрвеня 1941 г. А праз тыдзень пачалася вайна. Мікалай разам з калгаснікамі-аднавяскоўцамі пераправіў гурты калгаснай жывёлы цераз Дняпро, каб не дасталіся ворагу. Разам з усімі прызыўнікамі яго на фронт не забралі – сельскія настаўнікі мелі бронь. А калі немцы ўварваліся ў вёску, было ўжо позна.

Толькі юнак, які быў лідарам камсамольскай моладзі, не мог мірыцца з тым, што вораг безпакарана топча яго зямлю. Ён стаў падпольшчыкам, а затым і партызанам Калінкавіцкага партызанскага атрада імя Варашылава. А калі на гарочыцкай зямлі паявіўся маскоўскі спецатрад № 14 пад камандаваннем капітана Манзіенкі, Мікалай Цішкевіч становіцца байцом гэтага атрада, а затым і камандзірам групы. Разведка, дыверсіі, разгром варожых гарнізонаў – вось няпоўны пералік ваенных спраў, якія давялося ажыццяўляць на фронце барацьбы з акупантамі маладому педагогу.
У музеі Гарочыцкай школы беражліва захоўваецца баявая характарыстыка на яе былога дырэктара:

“Штаб партызанскага спецатрада № 14 2 снежня 1944 г.

Баявая характарыстыкана камандзіра групы спецатрада № 14

ЦІШКЕВІЧА Мікалая Паўлавіча, 1923 г.н., беларуса, адукацыя сярэдняя.

У партызанскім спецатрадзе № 14 знаходзіўся з лістапада 1942 па ліпень 1944 г.

За перыяд знаходжання ў спецатрадзе № 14 тав. Цішкевіч М.П. праявіў сябе актыўным, смелым і знаходлівым камандзірам у барацьбе з нямецкімі захопнікамі.

На камандзіра групы быў вылучаны з радавога партызана. Будучы радавым, прымаў актыўны ўдзел у крушэнні трох варожых эшалонаў, у баях па разгрому нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў Ліпаў, Давыдаўка, у баі пры акружэнні вёскі Боруск. Выконваў шэраг спецыяльных даручэнняў камандавання атрада па забеспячэнні работы радыёстанцыі.

Камандуючы групай тав. Цішкевіч забяспечыў бесперабойнае назіранне за нямецкім гарнізонам гор. Брэст, а таксама яго група арганізавала да 9 дыверсійных актаў у гор. Брэсце, у выніку дыверсіі знішчана да 120 салдат і афіцэраў праціўніка. Падбіта і знішчана 3 аўтамашыны і дзве павозкі з жывой сілай праціўніка.

Група пад яго камандаваннем прыняла і вяла тры баі з мадзьярамі ў раёне Брэста.

Пры злучэнні з часцямі Чырвонай Арміі ў баі ён быў паранены. За добрыя баявыя дзеянні, якімі нанёс ворагу вялікі ўрон, камандаваннем спецатрада № 14 прадстаўлены да ўрадавай узнагароды.
Камандзір спецатрада № 14 капітан Манзіенка”.

Пасля вайны пра подзвігі спецатрада Манзіенкі ў сваёй кнізе “Капитан Степь уходит в разведку” расказалі савецкім чытачам В.І.Мамантаў і І.Я.Навуменка. А Мікалай Цішкевіч за праяўленыя мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі “Партызану Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені” і “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне (1941-1945 гг.)”.

Двойчы паранены на вайне педагог пасля выздараўлення прасіўся на фронт, але разбуранай гаспадарцы патрабаваліся кваліфікаваныя спецыялісты. Педагога накіроўваюць у распараджэнне аблана, а тое яго — у Гарочыцкую школу. Так, з 1 верасня 1944г. Мікалай Паўлавіч пачынае настаўнічаць у роднай школе. Выкладаў ваенную справу і фізкультуру.

Затым паступіў у Мазырскі настаўніцкі інстытут, пасля – у Мінскі педінстытут. Працаваў настаўнікам гісторыі, класным кіраўніком, завучам, дырэктарам.

15 ліпеня 1999 г. у газеце “Калінкавіцкія навіны” журналіст Віктар Галайда надрукаваў артыкул, які называўся “Настаўнік”. Гэта быў невялічкі нарыс пра Мікалая Цішкевіча. Вось што напісаў тады журналіст пра дырэктара Гарочыцкай школы:

“Стаўшы дырэктарам, ён першым пытаннем, якое паставіў перад раённым кіраўніцтвам, узняў пытанне аб будаўніцтве ў Гарочычах новага будынка школы дзесяцігодкі. Прабіваў, выпрашваў, даказваў, даставаў, хадзіў “на паклоны”. Але свайго дабіўся.

І так амаль дваццаць гадоў. А акрамя ж навучальнага працэса, гаспадарчых клопатаў трэба было шмат часу аддаваць прапагандысцкай дзейнасці, дэпутацкім абавязкам. Некалькі скліканняў ён абіраўся дэпутатам раённага і сельскага Саветаў дэпутатаў, быў нязменным старшынёй участковай выбарчай камісіі”.

У 1965 г. ў Гарочыцкай школе працавала 32 настаўнікі і навучаўся 421 вучань.

Дзякуючы старанням Цішкевіча, у 1970 г. ў вёсцы быў пабудаваны новы будынак каменнай двухпавярховай прасторнай школы са шматлікімі кабінетамі, майстэрнямі, спортзалам і ўсім неабходным для арганізацыі належнага навучальна-выхаваўчага працэсу, разлічанай на 400 вучнёўскіх месцаў.

У 1960 г. за значны ўклад у развіццё народнай адукацыі Мікалай Паўлавіч быў узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”, у 1968 – знакам “Выдатнік народнай асветы”, у 1970 – медалём “За доблесную працу. У гонар 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”. У 1975 г. праца дырэктара і педагога была адзначана знакамі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” і “Ударнік IX пяцігодкі”.

Ёсць у шэрагу ўзнагарод Мікалая Цішкевіча і адна ўнікальная – юбілейная памятная медаль “50 гадоў Ю.А.Гагарыну”. Як сведчыць запіс у пасведчанні да яе:

“Камандаванне і палітычны аддзел Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына узнагароджвае Юбілейным памятным медалём “50 гадоў Ю.А.Гагарыну” Цішкевіча Мікалая Паўлавіча за вялікі ўклад у падрыхтоўку і ажыццяўленне пілатуемых касмічных палётаў.

Начальнік Цэнтра Г.Берагавы

Начальнік палітаддзела П. Клімук 19 мая 1984 г.”

Аказваецца, вучань Мікалая Паўлавіча, выпускнік Гарочыцкай школы палкоўнік Аляксандр Клімаў быў адным з вядучых спецыялістаў Цэнтра падрыхтоўкі па ажыццяўленні пілатуемых касмічных палётаў. Удзячны вучань ніколі, колькі быў жывы (на жаль, рана пайшоў з жыцця), не забываў пра родную школу і сваіх настаўнікаў.

Мікалай Цішкевіч таксама ўжо пайшоў з жыцця. Яго не стала ў 2001 г.

З 1947 і на працягу наступных 47 гадоў у Гарочыцкай школе працавала настаўніцай пачатковых класаў выпускніца гэтай школы Харлан Вольга Паўлаўна (у дзявоцтве – Маскалевіч), якую мы ўжо ўзгадвалі раней. Паколькі нярэдка ў школе не хапала настаўніцкіх кадраў, то Вользе Паўлаўне даводзілася выкладаць і рускую мову, батаніку, працаваць піянерважатай і бібліятэкарам, а заадно і харэографам.

Вольга Паўлаўна – карэнная гарачычанка. Да вайны закончыла 8 класаў. Вучылася добра, была звеннявой і важатай у піянерскім атрадзе.

Як і ўсім яе землякам, ёй нямала давялося нацярпецца ў гады вайны. Дапамагала партызанам. А пасля вызвалення ўключылася ў адраджэнне разбуранай вайной гаспадаркі. Была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»

Напярэдадні яе 90-годдзя 1 снежня 2015 г. ў газеце “Калінкавіцкія навіны” дырэктар Гарочыцкага Дома культуры Віталь Кулік надрукаваў свой артыкул “Маці генерала”, у якім расказаў пра Вольгу Паўлаўну. Прывядзем урывак з гэтага аповяду:

«Скончыўшы Мазырскае педвучылішча, Вольга Паўлаўна ўсё сваё працоўнае жыццё працавала настаўніцай у родных Гарочычах. У яе працоўнай кніжцы толькі чатыры запісы: 1946 г. — прызначана настаўніцай у 1-4 кл., 1982 г. — запіс аб выхадзе на пенсію. А потым і на пенсіі Вольга Паўлаўна яшчэ год працавала настаўнікам беларускай мовы. Пра гэта таксама сведчаць адпаведныя запісы.

Вольга Паўлаўна была і актыўным удзельнікам грамадскага жыцця школы, у 1968 годзе стала членам КПСС (да гэтага часу захоўвае партыйны білет), вяла гурткі і ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.

Дзіўна, але гэтая жанчына і сёння ўсё гэтак жа цікавіцца палітыкай, тым, што адбываецца ў свеце і ў суседняй Украіне. Цяпер ужо з палачкай, але бадзёра ходзіць у краму, зазірае ў бібліятэку. На пытанне аб афармленні ў дапамогу сацработніка, яна махае рукой: «А я што буду рабіць? Ды і дзеці мяне не забываюць!»

А дзеці Вольгу Паўлаўну і на самай справе не забываюць. Іх у яе – чацвёра: дзве дачкі і два сыны. Усе дастойныя, працавітыя. Але асаблівы гонар маці — малодшы сын Віктар, які ў 1978 годзе скончыў Краснадарскае вышэйшае ваеннае вучылішча (ваенны інстытут).

Прысвяціўшы сваё жыццё абароне Радзімы, Віктар Сцяпанавіч зарэкамендаваў сябе граматным і дысцыплінаваным афіцэрам. А скончыўшы Вышэйшую ваенную Акадэмію, займаў розныя камандныя пасады. Даслужыўся да высокага звання генерал-маёра і быў прызначаны на пасаду начальніка Краснадарскага ваеннага інстытута, таго самага, з якога і пачалося яго воінскае жыццё”.
Для многіх дзясяткаў выпускнікоў Гарочыцкай школы Вольга Паўлаўна назаўсёды застанецца іх першай настаўніцай, бо яна была сапраўдным майстрам сваёй справы, чалавекам, які быў шчаслівы сваёй працай.

Шчасліва склалася і асабістае жыццё Вольгі Паўлаўны. У 1947 г. яна выйшла замуж за аднавяскоўца Харлана Сцяпана, з якім пражыла душа ў душу 42 гады. Яе старэйшая дачка Святлана, якая нарадзілася ў 1948 г., працавала фельчарам-акушэрам Бабровіцкай бальніцы. Дачка Людміла, якая з’явілася на свет у 1951г., працавала старшым інжынерам у праектным інстытуце ў г. Мінску. Сын Уладзімір (1953 г.н.) застаўся ў роднай вёсцы, працаваў у мясцовым саўгасе. Малодшы Віктар (1957 г.н.), як ужо сказана вышэй, стаў генералам.

Выпускнік школы 1978 г. Леанід Чарнякоў успамінае: “У школе нас навучалі: Шыкін Сцяпан Данілавіч — матэматыцы, Яроміна Тамара Іванаўна – хіміі, Баўсуноўская Людміла Аляксандраўна – рускай мове і літаратуры, Ткачова Любоў Дзянісаўна – біялогіі”.

У 1985 г. кіраўніком Гарочыцкай школы быў прызначаны матэматык па адукацыі Аляксей Кажадуб, які змяніў на дырэктарскім пасту заўчасна пайшоўшага з жыцця Васіля Врабія.

Аляксей Андрэевіч нарадзіўся ў першы пасляваенны год у в. Марцінавічы Даманавіцкага раёна. Закончыў Казанскую сямігодку, а сярэднюю адукацыю атрымаў у Саснова-Борскай сярэдняй школе.

Хлапец марыў стаць доктарам, таму адразу ж пасля атрымання атэстата сталасці накіраваўся на іспыты ў Гродзенскі медыцынскі інстытут. На жаль, фартуна ў той час была не на яго баку. Не хапіла юнаку прахаднога бала, каб стаць студэнтам медыцынскага інстытута. Крыху пажурыўся Аляксей ды і падаўся ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча набываць рабочую спецыяльнасць.

Затым была армія. Служыў у ракетных войсках у Астраханскай вобласці. Байца, які меў атэстат з добрымі і выдатнымі адзнакамі, адразу ж адабралі ў аператары ручнога навядзення. За тры гады службы сяржант Кажадуб зарэкамендаваў сябе як выдатны спецыяліст і добры салдат. Яго прынялі ў партыю і накіравалі для паступлення ў Ленінградскую ваенна-палітычную акадэмію. Толькі зноў фартуна павярнулася да яго бокам: камандаванне нешта наблытала і дакументы салдата спазніліся ў акадэмію на адзін дзень.

Бацькі-камандзіры прапаноўвалі сяржанту варыянты іншых ваенных устаноў, але Аляксей рашыў ісці сваім шляхам па жыцці. У 1968 г. ён стаў настаўнікам геаграфіі і фізкультуры Каранёўскай школы. Праз два гады перавёўся ў Калінкавіцкі раён, у Будскую васьмігодку, дзе да яе закрыцця адпрацаваў чатыры гады. За гэты час ён завочна скончыў Мінскі педінстытут і атрымаў спецыяльнасць настаўніка матэматыкі.

Чатыры гады Аляксей Андрэевіч выкладаў матэматыку ў Калінкавіцкім вучылішчы меліяратараў, а затым атрымаў прапанову заняць пасаду метадыста, лічы намесніка дырэктара станцыі юных тэхнікаў у Калінкавічах. На гэтай пасадзе і праявіўся арганізацыйны талент здольнага педагога і кіраўніка. Станцыя юных тэхнікаў пачала арганізоўваць выставы-паказы, спаборніцтвы картынгістаў і матацыклістаў, выхаванцы станцыі пачалі прымаць актыўны ўдзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Пра дзейнасць станцыі загаварылі не толькі ў педагагічных колах горада і раёна. Вось таму загадчык райана Міхаіл Малашчанка і прапанаваў Кажадубу ўзначаліць Гарочыцкую школу, калі там наспела патрэба.

— Калі я ў верасні 1985 г. ўпершыню пераступіў ганак Гарочыцкай школы, — успамінае Аляксей Андрэевіч, — у ёй займалася каля 400 вучняў. Акрамя ўраджэнцаў Гарочыч і навакольных вёсак у школе вучылася шмат дзяцей ваенных з Бабровіч, частка з якіх (прапаршчыкі – І.Г.) мелі ўласнае жыллё ў Гарочычах і ў пасёлку Гарочыцкі, а многія здымалі кватэры.

Школа займалася ў дзве змены. Завучам працавала высокаадукаваны педагог і цудоўны чалавек, фізік па спецыяльнасці Карпенка Алла Ануфрыеўна. Фізіку вяла Устаўшчыкова Таццяна Іванаўна. Яна ж была і загадчыцай вячэрняй школы, у якой маглі атрымаць сярэднюю адукацыю тыя дарослыя і рабочыя людзі, якія па нейкіх прычынах яе не атрымалі ў свой час.

Хімію — біялогію вяла Севярын Марыя Паўлаўна. Яна ж затым працавала і завучам. Замежную мову выкладала Новік Зінаіда Ануфрыеўна, працоўнае навучанне – Карпенка Леанід Дзмітрыевіч.

Цішкевіч Міхаіл Паўлавіч быў ўжо на пенсіі, але яшчэ два гады пры мне выкладаў гісторыю. Потым яго змяніў Уладзімір Іларыёнаў, які пры Цішкевічу працаваў у школе настаўнікам фізкультуры.

Беларускую мову ў школе вялі: Шанько Клаўдзія Ільінічна, пачатковыя класы – Булаўка Ганна Фёдараўна, Місевіч Клара Аляксандраўна, Назаранка Валянціна Дзмітрыеўна, Толкач Людміла Іванаўна, Чайкоўская Тамара Сяргееўна. Пачатковую ваенную падрыхтоўку і ўрокі фізкультуры вёў Кабраль Юрый Міхайлавіч. Школьным бібліятэкарам працавала Шарай Тамара Іванаўна.

Не паспелі мы закончыць 1985/1986 навучальны год, як здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Трэба сказаць, што гэта падзея наклала свой адбітак на далейшае жыццё нашай школы. Хаця Гарочыцкая школа і не ўваходзіла ў зону забруджання радыёнуклідамі, штогод па два разы на год мы пачалі вывозіць сваіх выхаванцаў на аздараўленне за межы Беларусі. Нашы школьнікі пабылі на адпачынку і ў Расіі, і ў Прыбалтыцы, і, нават, у Германіі. І трэба адзначыць, што вялікая заслуга ў гэтым належыць майму намесніку па выхаваўчай рабоце Гарысту Івану Пятровічу. Разам з ім мы правялі вялікую работу і па ўздыму фізкультурна-аздараўленчай работы ў навучальнай установе.

Пасля аварыі на ЧАЭС у Гарочычы эвакуіравалі сем’і з Нараўлянскага раёна. У школу прыбылі вопытныя настаўнікі з Нараўляншчыны: матэматык Сямітка Надзея Дзмітрыеўна і настаўнік рускай мовы і літаратуры Чаркоўская Вольга Рыгораўна.

У школе была добра арганізавана вытворчае навучанне, а таксама падрыхтоўка ўласных кадраў. Многія выпускнікі школы вярнуліся ў яе сцены пасля заканчэння вузаў ужо ў якасці настаўнікаў. У іх ліку Севярын Святлана Аляксееўна, Жукаў, Кужэлка і іншыя.

У сярэдзіне 90-х мы пайшлі на эксперымент. Са згоды кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі Гарочыцкая школа тры гады працавала па індывідуальнай навучальнай праграме. Гэта дазволіла нам увесці дадаткова 24 гадзіны вучэбнай нагрузкі, за кошт якой мы павялічылі заняткі фізкультурай, матэматыкай, рускай мовай, адкрылі гурткі выяўленчага мастацтва, харэаграфіі, музыкі.

Многае, што мы задумвалі і рэалізоўвалі падчас майго дырэктарства, удавалася за кошт належнай падтрымкі з боку кіраўніцтва саўгаса “Калінкавіцкі”, які ўзначальваў Дулуб Алег Іванавіч, ільнозавода, якім кіраваў Іосіф Паўлавіч Мацука, і іншых устаноў і арганізацый, якія працавалі ў Гарочычах.

Саўгас, напрыклад, набыў для школы на Гомсельмашы два спартыўных комплексы, пабудаваў цяпліцу, пастаянна аказваў матэрыяльную дапамогу ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні школы метадычнымі дапаможнікамі, інвентаром, сродкамі тэхнічнага навучання. Па выніках кожнай чвэрці, тыя школьнікі, якія заканчвалі яе на “выдатна”, атрымлівалі ад саўгаса грашовыя стыпендыі. Гэта быў вялікі стымул для таго, каб дзеці стараліся вучыцца больш рэзультатыўна.

Вялікую дапамогу саўгас аказваў школе і ў арганізацыі бясплатнага харчавання школьнікаў, заробку грошай на пазабюджэтны рахунак школы. Сталовая ў Гарочыцкай школе была школьнай, а не адносілася, як у іншых, да аб’яднання грамадскага харчавання. Нашы дзеці мелі харчаванне, якое адпавядала ўсім санітарным і фізіялагічным нормам.

На жаль, пасля вываду з Бабровіч воінскіх часцей і адпаведна пераезду на новае месца службы і месцажыхарства ваенных і іх сем’яў, колькасць вучняў у Гарочычах скарацілася да 120.

Аляксей Кажадуб працаваў у Гарочыцкай школе па 2004 год, да выхаду на пенсію. Апошнія тры гады – у якасці настаўніка. Гэты кіраўнік шмат зрабіў па арганізацыі і прапагандзе здаровага ладу жыцця, арганізацыі аздараўленчай, турыстычнай і фізкультурна-масавай работы ў школе, пашырэнню яе матэрыяльна-тэхнічнай базы.

З 2000 г. школу ўзначаліла ўраджэнка в. Саланік Калінкавіцкага раёна, выпускніца Насавіцкай школы і Мазырскага педінстытута Цімашэнка Валянціна Рыгораўна, якая ў 1986 г. па размеркаванні прыбыла ў Гарочычы, каб выкладаць беларускую мову і літаратуру, і вось ужо 30 гадоў працуе ў гэтай навучальнай установе: спачатку настаўнікам, затым – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а цяпер — дырэктарам.

Намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце працуе настаўнік рускай мовы і літаратуры Гамлінская Святлана Васільеўна.

З 1964 г. у Гарочычах пражывала сям’я настаўнікаў Карпенка Леаніда Дзмітрыевіча і Алы Ануфрыеўны. На жаль, Алы Ануфрыеўны ў 2014г. не стала, а Леанід Дзмітрыевіч пераехаў на новае месца жыхарства да дачкі Ірыны.

Педагагічны стаж Алы Ануфрыеўны налічвае 42 гады. Нарадзілася яна ў 1936 г. ў Мінску ў сям’і педагогаў. З 1938 па 1941 г. яна пражывала ў Рагачове, дзе яе бацька Нікіцін Ануфрый Сцяпанавіч працаваў рэктарам Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. У час вайны сям’я знаходзілася ў эвакуацыі ў Арэнбуржскай вобласці. А ў 1944 г. яе бацьку назначылі рэктарам Мазырскага педінстытута, які ў 1959 г. закончыла і яна сама, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка фізікі.

На працу Алу Ануфрыеўну накіравалі ў в. Нахаў Калінкавіцкага раёна. Там яна працавала настаўнікам матэматыкі, завучам школы. Там выйшла замуж за мясцовага хлопца і нарадзіла дачку Ірыну.

Леанід Дзмітрыевіч, які нарадзіўся ў 1935 г., пачаў працаваць з 16 гадоў. Спачатку – загадчыкам мясцовага клуба, затым – вадзіцелем у сельскім савеце. З 1961 г. працаваў у школе: выкладаў маляванне, спевы і музыку. У 1964 г. маладая сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Гарочычы. Ала Ануфрыеўна стала працаваць настаўнікам фізікі і завучам. Тут у іх нарадзілася малодшая дачка Алена.

Леанід Дзмітрыевіч у 1968 г. закончыў Гомельскае музычнае вучылішча, а ў 1984 г. — завочна факультэт агульнатэхнічных дысцыплін Мазырскага дзяржпедінстытута. Доўгі час працаваў настаўнікам працы. Яго вучні неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых конкурсаў па працоўнаму навучанню. Педагагічны стаж Леаніда Карпенкі – 38 гадоў.

Па бацькоўскай сцежцы пайшлі і дочкі, якія з залатымі медалямі закончылі Гарочыцкую школу: Ірына закончыла філасофскі факультэт БДУ і працуе ў Гарадоцкім сельскагаспадарчым каледжы; Алена закончыла Маскоўскі дзяржпедінстытут і працуе настаўнікам гісторыі і замежнай мовы ў г. Дзедаўск Маскоўскай вобласці.

Педагагічную дынастыю Карпенкаў працягвае іх унучка, дачка Ірыны Вікторыя, якая працуе настаўніцай замежных моў.

У педагагічным калектыве школы доўгія гады працавалі педагогі: Зіновіч Алена Цярэнцьеўна, Магонава Клаўдзія Ільінічна, Магонаў Міхаіл Іванавіч, Цімафеева Алена Ігнатаўна.

Гарочычы далі пуцёўку ў дарослае жыццё многім таленавітым людзям.

Напрыклад, сярод ураджэнцаў вёскі, а дакладней пасёлка Гарочыцкі, ёсць яшчэ адзін генерал – Сімчанкоў Алег Віктаравіч. Нарадзіўся ён тут, 10 сакавіка 1963 г.

У 1986 г. закончыў Куйбышаўскі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Інжынер-электрык». У 2001 г. скончыў Маскоўскую акадэмію кіравання МУС Расіі.

Працаваў у выпраўленчых установах Самарскай вобласці. З 2004 г. — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення Федэральнай службы выканання пакаранняў РФ (ГУФСВП) па Пермскаму краю. У снежні 2010 г. прызначаны кіраўніком ГУФСВП па Рэспубліцы Мардовія.

11 верасня 2014 г. генерал-маёр унутранай службы Алег Сімчанкоў Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі прызначаны начальнікам Галоўнага ўпраўлення Федэральнай службы выканання пакаранняў па Прыморскаму краю.

Многія выпускнікі Гарочыцкай школы працавалі, альбо працягваюць працаваць на кіраўнічых пасадах. Напрыклад, Чарнякоў Уладзімір Міхайлавіч доўгі час працаваў намеснікам інстытута Белгіпразем у Мінску. Грышчанка Сяргей Дзмітрыевіч працуе начальнікам чыгуначнай станцыі Калінкавічы, Цітоў Уладзімір Пятровіч – начальнікам чыгуначнай станцыі – у Расіі, Кісялёў Максім Андрэевіч – начальнікам землеуладкавальнай службы Мазырскага райвыканкама, Назаранка Ігар Леанідавіч – начальнікам ДАІ Калінкавіцкага РАУС.

Бадай, няма ніводнай галіны народнай гаспадаркі, у якой бы не працавалі выпускнікі Гарочыцкай школы. Вось, напрыклад, што расказвае пра сваіх аднакласнікаў – выпускнікоў школы 1966 г. стараста класа, цяпер ужо пенсіянер, жыхар Гарочыч Сцепановіч Пётр Міхайлавіч:

“ Я ў 1964 г. закончыў 8 класаў Гарочыцкай школы і паступіў ў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум. Мае ж аднакласнікі прадоўжылі вучобу ў мясцовай школе. Зіновіч Міхаіл Міхайлавіч, напрыклад, закончыў Пушкінскае ваенна-палітычнае вучылішча, даслужыўся да падпалкоўніка. Каваленка Мікалай Уладзіміравіч ўсё жыццё вадзіў пасажырскія цягнікі, ганаровы чыгуначнік. Чарнякоў Леанід Апанасавіч быў дырэктарам цяплічнай гаспадаркі “Крынічнае” ў Мазырскім раёне, на жаль, два гады назад яго не стала. Чарнякова Наталля Піліпаўна працавала юрыстам у Калінінградзе. Тарасевіч Наталля Яўгенаўна была загадчыцай дзіцячага садка на Сахаліне. Іншыя аднакласнікі таксама дастойна працавалі кожны на сваім месцы”.

Сёння ў дзяржаўнай установе “Гарочыцкая школа-сад”, менавіта такі статус мае гэта навучальна-выхаваўчая ўстанова з 1 верасня 2015 г., навучаецца 65 вучняў і выхоўваецца 13 дашкольнікаў. Ва ўстанове працуе 18 педагогаў, трое з якіх з’яўляюцца выпускнікамі школы. Гэта настаўнік беларускай мовы і літаратуры Кошчыц Святлана Аляксееўна, настаўнік пачатковых класаў Харлан Наталля Аляксандраўна і настаўнік фізікі Кужэлка Юрый Міхайлавіч.

І, канешне, завяршаючы размову пра ўстанову, якая дае старт у дарослае жыццё, нельга не ўспомніць пра гісторыю дзіцячага садка, які аб’ядналі са школай у адну ўстанову ў мінулым годзе.

Дзіцячы сад “Бярозка” быў адкрыты ў Гарочычах 2 чэрвеня 1985 г. Будынак дзіцячага садка быў узведзены па тыпавым праекце, і з дня адкрыцця належаў саўгасу “Калінкавіцкі”.

Першай загадчыцай сада была вопытны педагог, майстар педагагічнай працы, вялікі энтузіяст дашкольнага выхавання і проста цудоўны чалавек, адзначаны за плённую працу шматлікімі ўзнагародамі, Зіновіч Ала Яфімаўна.

Змяніла яе Магонава Людміла Сцяпанаўна.

З 1 кастрычніка 1998г. Гарочыцкі дзіцячы сад перадалі на баланс раённага аддзела адукацыі.

У красавіку 1999 г. дашкольную ўстанову ўзначаліла Хаменя Эла Джамілаўна. А ў 2000 г. Гарочыцкі дзіцячы сад стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод дашкольных устаноў раёна. У гэты ж год ён заняў 2-е месца ў раённым фестывалі мастацтваў “На мяжы стагоддзяў”.

Са жніўня 2004 г. сад узначальвала Ісаева Любоў Аляксандраўна.

Са дня свайго адкрыцця дашкольная ўстанова была разлічана на 50 месцаў. Было тры групы. Але ў сувязі з памяншэннем дзяцей і будаўніцтвам у Гарочычах аграгарадка ў 2005 г. палову будынка дзіцячага сада пераабсталявалі пад спартыўны комплекс.

Творчыя людзі

Ёсць сярод выпускнікоў Гарочыцкай школы і свае паэтка і пісьменнік. Гэта Крупіна Святлана Уладзіміраўна (Яўсеенка – у дзявоцтве) і Кулік Віталь Яфімавіч.

Нарадзілася Святлана Яўсеенка ў 1953 г. ў пасёлку Гарочыцкі ў сям’і рабочых. У школу пайшла ў 1961 г. Пасля заканчэння дзесяцігодкі паступіла на філалагічны факультэт Беларусскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па заканчэнні працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры.

Вершы пачала пісаць яшчэ ў час школьнай вучобы. Піша на рускай мове. Тэматыка яе твораў самая разнастайная: ад грамадзянскай да любоўнай лірыкі. Як гаворыць сама Святлана Уладзіміраўна: “Мае вершы – мой дзённік”.

Многія яе творы прысвечаны малой Радзіме – Гарочычам, мясцінам, у якіх нарадзілася і з якіх пайшла ў дарослае жыццё. Адзін з яе вершаў так і называецца “Моей малой родине”.

Моей малой родине

Белый дом на опушке леса,
И цветущих акаций стена;
Алый бархат заката чудесен,
Манит свежестью рос седина.
Каждой клеточкой я вдыхаю
Ароматы цветущих трав,
И от нежности замираю,
Соловьиную трель услыхав.
Ах, какие коленца выводит
Соловей на рассвете у нас!
Птичий хор свою песню заводит —
О любви каждой птахи рассказ.
И ласкает теплом своим солнце
Полосу колосящейся ржи,
К нам заглядывает в оконце,
На полу ярким бликом лежит.
Опрокинулось небо на землю:
Словно гжельской лазури мазки,
Лен цветет; голубою метелью
Разметались вокруг васильки.
Под ногами шуршит подорожник,
Будто мягкий ковер, мурава.
По тропинке иду осторожно,
Лишь траву приминая едва.
Скоро полдень, а солнце в зените
Раскалило песок добела:
И томится повилика в жите,
И устало хлопочет пчела.
Все застыло. От летнего зноя
Каждый ищет тенистый листок,
И спасается все живое
В свой укромный родной уголок.
Вот и мне от невзгод и напастей
Так и хочется ткнуться в траву,
На минуту забыться от счастья,
Что я родиной малой зову.

Ёсць сярод яе твораў і верш пад назвай “Воспоминания детства”.

Воспоминания детства

Картины детства трепетно грустны,
В них — словно взгляд из Зазеркалья:
И равно дорог кустик бузины,
И полевой цветок «иван-да-марья».
И земляничным запахом манит
Зеленый островок в бору сосновом.
Мне кажется, что запах тот хранит
Мое сознанье в измеренье новом.
Поляна ярким светом залита,
И все кругом живет, любовью дышит:
Порханье бабочек, букашек суета,
И ветерок чуть слышно сень
листвы колышет.
Я с жадностью смотрю
в сей странный мир,
Пытаюсь разобраться что есть силы:
Какою пищею скворец кормил
Своих детенышей бескрылых.
Мне интересно все: рассвет, закат,
И мост из радуги на горизонте,
Гроза, вернувшаяся вдруг назад,
Чудесный летний дождь и солнце.
Вот я бегу по лужам дождевым,
Ловлю серебряные нити;
Пар от земли исходит, словно дым…
О, сколько впечатлений и открытий!
Я окунаюсь в детство каждый раз,
Когда невыносимо трудно,
Иль наступает испытанья час —
Ночь напролет прождешь
прихода утра.
Я бережно воспоминания храню,
Я их лелею, нежу и балую;
Не дам погаснуть этому огню —
Ведь не прожить мне жизнь иную.

У Гарочыцкай школе, якую закончыла Святлана Уладзіміраўна, і дзе працавала педагогам-псіхолагам, захоўваюцца і яе празаічныя ўспаміны аб роднай вёсцы гадоў дзяцінства.

“Аб гісторыі сваёй роднай вёскі магу расказаць дакладна толькі тое, што я памятаю са сваіх юнацкіх успамінаў, — напісала Святлана Уладзіміраўна. – Магу расказаць толькі тое, што памятаю з дзяцінства, што запомніла з расказаў майго дзеда і бабулі, бацькі, мясцовых жыхароў.

Мой дзед Яўсеенка Іван Мацвеевіч, 1902 г.н., расказваў, што Гарочычы да вайны былі больш падобны на хутарскія гаспадаркі. У вёсцы людзі жылі паўз раку Абедаўку і ўсцяж сучаснай вуліцы Савецкай.

На станцыі стаяла некалькі асобных дамоў. Але тут знаходзіўся льнозавод, які ў вайну падарвалі, хлебапекарня, лесапілка.

Чыгуначны вакзал у вайну таксама падарвалі (знаходзіўся за будынкам сучаснага вакзала). Пасля вайны пачалі будаваць цагляны будынак новага вакзала за пасадкай, але ўзвёўшы яго першы паверх, будынак пакінулі недабудаваным.

На месцы лесапасадкі, якая раскінулася паўз сцяжынку, па якой людзі ідуць да цягнікоў, знаходзяцца могілкі нямецкіх салдат.

Не ведаю, чаму на іх пасадзілі лес? Відаць, каб сцёрці з твару зямлі страшную памяць аб вайне. А памяць гэта дае пра сябе ведаць вельмі доўга. Памятаю, як у соснах, якія раслі побач з домам, знаходзілі асколкі і кулі, калі рубалі лучыну. Вельмі часта пры распілоўцы дрэў піла натыкалася на засеўшыя ў іх асколкі снарадаў. Такія дровы ў печы трашчалі, а часам у полымі разрываліся засеўшыя ў дрэвах кулі. Гэта было страшна. Маці заўсёды ў час распальвання печы адганяла, каб засцерагчы нас ад непрыемнасцяў. З-за гэтых разрываў печ пастаянна трэскалася. Так працягвалася недзе да сярэдзіны 60-х гадоў, а можа і болей. І дзіўнага ў гэтым нічога не было, бо ўвесь лес у нас быў поўнасцю зрэзаны акопамі і варонкамі ад разрываў вялікіх і малых бомб. Мы ў гэтых варонках збіралі белыя грыбы, якіх расло вялікае мноства.

Што датычыцца ваенных пахаванняў, то, па расказах старажылаў, памятаю, што пасля вызвалення Гарочыч сталі сабіраць загінуўшых у адну агульную магілу за чыгуначным палатном на ўскрайку лесу. Іх складвалі штабелямі, перакладваючы кожны новы рад сасновымі галінкамі. Гэта расказвалі Тарасевічы, якія дапамагалі ў пахаванні байцоў.

У вёсцы знаходзілася школа – доўгі драўляны будынак, у якім да рэвалюцыі знаходзілася земскае народнае вучылішча, а падчас вайны – нямецкі шпіталь, пасля вызвалення – савецкі шпіталь.

На самым высокім месцы за рэчкай мясціліся могілкі, у цэнтры якіх знаходзілася драўляная царква, якую разбурылі прыкладна ў 1964-65 гг. Царква была невялічкай, з купалам гатычнага стылю. Памятаю, што ў царкве былі слупы, якія мы ўпрыгожвалі да царкоўных святаў дзеразой і папяровымі кветкамі. Мне здаецца, што знешне яна была падобна на Юравіцкую драўляную царкву.

Што датычыцца старажытнасцяў, то яшчэ школьніцай я стала сведкай, як нашы школьнікі літаральна на прышкольным участку знайшлі каменную сякеру, скрабкі і каменныя наканечнікі для стрэл. Усё гэта аддалі дырэктару школы Цішкевічу Мікалаю Паўлавічу, які быў гісторыкам і мог правільна ацаніць знаходкі. Думаю, што знойдзеныя прадметы былі не адзінымі ў нашых месцах”.

Творы гарочыцкай паэткі друкаваліся ў Калінкавіцкай раёнцы, часопісе «Вестник» АСБ «Беларусбанк» у 2004 г., зборніку вершаў аўтараў Калінкавіччыны «И волшебство, и вдохновенье» ў 2008 г., альманаху конкурса «Золотая сторофа» №2,3, 2009 г.

Святлана Уладзіміраўна — шматлікі пераможца раённых і абласных паэтычных конкурсаў. Зараз яна з’яўляецца кіраўніком паэтычнага клуба «Бумеранг» у г. Калінкавічы.

Віталь Кулік нарадзіўся ў 1962 г. у суседняй з Гарочычамі вёсцы Рудзенька. У 1979 г. закончыў Гарочыцкую школу, а наступныя два гады, як і большасць юнакоў прызыўнога ўзросту, служыў тэрміновую службу ў радах Савецкай Арміі.

Пасля дэмабілізацыі паступіў у Гомельскае тэхнічнае вучылішча № 21. 1984 год стаў для Віталя знакавым. У гэты год ён закончыў вучылішча і атрымаў спецыяльнасць тэлемайстра, паступіў у Гомельскі політэхнічны інстытут, ажаніўся, у яго нарадзілася дачка, ён пакінуў інстытут і паступіў на звыштэрміновую ваенную службу.

У 1987 г. закончыў Калінінградскае ваеннае авіяцыйнае тэхнічнае вучылішча. Служыў у авіацыі. Пасля расфарміравання воінскай часці ў Бабровічах з 1994 г. працаваў у Калінкавіцкім раённым аддзеле культуры, з 1999 г. – загадчык Гарочыцкага сельскага клуба.

У снежні 2014 г. Віталь Кулік дэбютаваў у абласным літаратурным конкурсе імя Кірылы Тураўскага з раманам “Ведьма полесская” і стаў пераможцам конкурсу ў намінацыі “Адкрыццё году”.

Вось што з гэтай нагоды напісаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Юрый Максіменка:

“Адкрыў для сябе невядомае да гэтага часу імя ў літаратуры – Віталь Кулік. Гэты факт можна назваць громам сярод яснага неба – ніхто раней не ведаў пра існаванне такога аўтара і раптам ён прадэманстраваў свету незвычайны раман. Мабыць, гэта адзін з самых прыкметных празаічных твораў, напісаных літаратарамі Гомельшчыны.

Добрая мастацкая мова, нейкі містычны флёр і займальны сюжэт, уласцівыя раману, дзеянне якога адбываецца ў вядомых мясцінах – на тэрыторыі цяперашніх Калінкавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў. Аўтар добра арыентуецца ў тэме, аб якой піша – ярка і па-мастацку апісаны побыт простага люду, яго звычаі і абрады.

Аўтар трымае ў напружанні да апошняй старонкі рамана. І развязка, вельмі нечаканая, – таксама, як гром сярод яснага неба: ведзьмай палескай аказваецца тая, якую зусім не падазраеш!!! Толькі адзін намёк (сцэна вянчання) дазваляе зрабіць выснову, кім на самой справе была выбранніца галоўнага героя рамана Прохара Чыгіра.

Мова рамана кінематаграфічная – чытаеш і ўяўляеш кожнага героя: сям’ю Чыгіроў, панскія сем’і Вайхоўскіх і Хількевічаў, ведзьму Серафіму і яе дачку-прыгажуню Сцешу…

Ярка, з гумарам выпісаны вобраз вясковага апавядальніка дзеда Лявона. Калі чытаеш апісанне купальскай ночы, ствараецца эфект прысутнасці – здаецца, што становішся сведкам усяго таго, што адбываецца. Пранікненне чытача ў сюжэт рамана – у гэтым прывабнасць і каштоўнасць твора”.
Зараз Віталь Яфімавіч працуе над новым раманам “Волколак”, які запланаваны ім як працяг “Ведьмы полесской”. А ўвогуле, у яго шмат творчых задум.

Уся гордасць свету ад маці

У невялічкім музеі Гарочыцкай школы маю ўвагу прыцягнуў альбом, які называўся “Уся гордасць свету ад маці”. У ім былі сабраны звесткі пра жанчын, якія не толькі дастойна працавалі на гарочыцкай зямлі, але і нарадзілі, выхавалі і далі Свету цудоўных дзяцей.

Пачынаўся альбом з аповяду пра педагога Місевіч Клару Аляксандраўну, стаж працы якой на ніве адукацыі складае 42 гады, 30 з якіх яна аддала Гарочыцкай школе.

Нарадзілася Клара Аляксандраўна 12 студзеня 1942 г. у в. Маісееўка Мазырскага раёна ў сялянскай сям’і.

— Сем гадоў бацькі чакалі сына, хаця ў сям’і ўжо была старэйшая дачка, а нарадзілася я, — успамінае Клара Аляксандраўна. — Ды не ў гэтым была бяда, а ў тым, што ішла вайна, вораг таптаў нашу зямлю, была суровая зіма 1942 г. А ў 1943г. немцы спалілі нашу вёску. Аднавяскоўцы ледзь паспелі схавацца ў навакольных балотах, бо ўжо было вядома, што карнікі спалілі некалькі суседніх вёсак разам з людзьмі, каго, загнаўшы ў хлеў, каго жывым кінуўшы ў калодзежы. Зімой мы жылі ў леснічоўцы сярод лесу. Зіма, па маміных расказах, была вельмі цяжкай. Спалі на халоднай падлозе. Не было ні хлеба, ні солі. Карнікі тры разы ставілі нас да сценкі, каб расстраляць. Вяскоўцы потым успаміналі: калі фашыст накіроўваў на нас аўтамат, я цягнула да яго ручкі – у дзядзі цаца ў руках!
Калі хаваліся ў лесе, я ў 1,5 гады ўпала ў гарачы попел, пад якім было прытухшае вуголле. Вельмі абпаліла ногі, жывот, рукі і твар, побач нікога не было. Крычала ад болю так, што немцы пачулі і зрабілі аблаву. Маме маёй прыйшлося пайсці далей ад людзей. Сястру яна несла на плячах, бо ў той ад прастуды на нагах утварыліся нарывы і вельмі балелі вушы, а мяне – на руках. Мае раны ад апёкаў загнаіліся. Маці думала, што не выжыву. На маё шчасце, у лесе мы сустрэлі незнаёмую бабульку, якая параіла маёй маці прыкласці да ран лісты конскага шчаўя. Маці выканала параду, і я заснула на трое сутак. Калі прачнулася, папрасіла есці. Жывучай аказалася!

Пасля вайны Клара закончыла сямігодку і паступіла ў Гомельскае педвучылішча, якое скончыла ў 1959 г.

У 1962 г. выйшла замуж за Мікалая Місевіча, які быў родам з Касцюковіч Мазырскага раёна. На наступны год у маладой сям’і нарадзіўся першынец – дачка Святлана.

У 1967 г. Клара Аляксандраўна паступіла ў Мазырскі педінстытут на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці “пачатковыя класы”. А на наступны год у іх нарадзілася другая дачка Людміла.

Па заканчэнні інстытута ў сям’і Місевіч нарадзілася дачка Алена.

Клара Аляксандраўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам: яна адбылася як педагог, стала цудоўнай маці. Усе тры дачкі закончылі Гарочыцкую школу. Праўда, кожная выбрала ў жыцці свой шлях.Святлана, напрыклад, закончыла 9 класаў на “выдатна” і паступіла ў Магілёўскае медвучылішча на фармацэўта. Зараз працуе загадчыцай аптэкі ў Бабровічах. Замужам. Мае двух дачок: Вольга пайшла па бабулінай сцяжыне, закончыла Мазырскі педуніверсітэт; Алена паступіла ў Мазырскае медвучылішча.

Людміла закончыла Інстытут культуры ў Мінску і працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы ў аддзеле перыядычнага друку. Таксама замужам. Мае сына Паўла.

Алена закончыла школу з залатым медалём. У Мінскім педінстытуце атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і працуе ў сталічнай гімназіі № 12. Замужам. Мае сына Нікіту.

Што яшчэ трэба маці і бабулі, каб цешыць сябе на заслужаным адпачынку?

Няпростае жыццё дараваў лёс другой гераіне музейнага альбома Чарняковай Анастасіі Ціханаўне.

Нарадзілася яна 20 верасня 1929 г. у в. Гарочычы ў вялікай сялянскай сям’і. З самага дзяцінства Насця працавала на зямлі. Дапамагала бацькам па гаспадарцы. У 1937 г. пайшла ў першы клас, але паспела скончыць толькі чатыры – пачалася Вялікая Айчынная вайна. На долю дзяўчынкі выпалі цяжкія выпрабаванні. Разам з іншымі непаўналетнімі яе ў канцы 1943 г. ледзь не звезлі ў Германію на прымусовыя работы. Па дарозе дзяўчынка змагла збегчы, але немцы зноў схапілі яе і загналі ў перасыльны лагер, што знаходзіўся непадалёку ад в. Турка Петрыкаўскага раёна. І толькі дзякуючы наступленню савецкіх войск лагер быў вызвалены.

У чэрвені 1945 г. Насця з бацькамі вярнулася ў родныя Гарочычы. 15-гадовая дзяўчына пайшла працаваць у калгас. У 1947 г. выйшла замуж за аднавяскоўца Чарнякова Сяргея Васільевіча, які толькі што вярнуўся ў вёску з арміі. Сяргей пайшоў на вайну ў 18 гадоў, вярнуўся інвалідам 2-й групы – быў цяжка паранены ў нагу. Баявыя заслугі салдата былі адзначаны ордэнам Чырвонай зоркі, да якога затым далучыўся ордэн Айчыннай вайны.

У 1950 г. у сям’і Чарняковых нарадзілася першая дачушка. Яна затым паспяхова закончыла Гарочыцкую школу, Гомельскі эканамічны тэхнікум, выйшла замуж, нарадзіла дачок Наташу і Алену, працавала галоўным бухгалтарам саўгаса.

У 1951 г. Анастасія Ціханаўна нарадзіла сына Мікалая. Хлопец адслужыў, завочна закончыў політэхнікум. Вывучыўся на тэхніка-энергетыка. Жыве ў Мазыры. Стварыў уласнае прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны і гандлі ёй. Мае сына Віталія, які з’яўляецца таленавітым хірургам-траўматолагам і ўзначальвае ў Мазыры паліклініку № 4.

У 1952 г. у сям’і Чарняковых нарадзіўся сын Аляксандр. Пасля школы ён вывучыўся на афіцыянта і яму пашчасціла абслугоўваць спартсменаў падчас Алімпіяды ў Маскве ў 1980 г. Зараз жыве ў Мазыры, працуе разам з братам Мікалаем. Жанаты. Мае дваіх дзяцей: Сяргея і Аксану.

У 1954 г. Анастасія Ціханаўна нарадзіла дачку Галіну. Тая, як і брат, вывучылася на афіцыянта, працавала ў Калінкавічах у рэстаране “Прыпяць”. Выйшла замуж за ваеннага і лёс завёў яе ў Кіеў, дзе жыве і цяпер. Мае дачку і сына.

У 1959 г. у сям’і Чарняковых з’явілася яшчэ адна дачка Таццяна. Пасля заканчэння Гарочыцкай школы, яна паехала працаваць у Мазыр. Працуе бухгалтарам у райспажыўтаварыстве. Замужам. Мае сына Яўгена і дачку Насцю.

У 1959 г. Анастасія Ціханаўна была ўзнагароджана ордэнам “Мацярынскай славы” 3-й ступені, а ў 1961-м – ордэнам “Мацярынскай славы” 2-й ступені.

У 1964 г. у сям’і Чарняковых нараджаецца яшчэ адзін сын – Анатоль. Пасля школы вывучыўся на повара. Служыў у Маскве, дзе нядрэнна зарэкамендаваў сябе. Па вяртанні дамоў працаваў поварам у воінскай часці ў Бабровічах. Зараз жыве ў Калінкавічах і працуе на мясакамбінаце. Жанаты. Мае дачку Марыну і сына Станіслава.

Анастасія Ціханаўна ў 1966 г. пайшла працаваць на Гарочыцкі ільнозавод, 11 гадоў адпрацавала брыгадзірам. Тры гады запар займала на заводзе першае месца па вытворчасці льна. Неаднаразова заахвочвалася кіраўніцтвам завода за плённую працу, узнагароджана ганаровым знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”.

У 1977 г. маці-гераіня вымушана была па стану здароўя пайсці на пенсію.

У 1994 г. яна пахавала свайго мужа.

Анастасія Ціханаўна — выдатная рукадзельніца, энергічная, працалюбівая, добрая і клапатлівая гаспадыня. Колькі рушнікоў, посцілак, сурвэтак і іншых вырабаў вышыта яе рукамі! І ўсё гэта дзеля дзяцей, 11 унукаў і 7 праўнукаў.

Асобная навэла ў альбоме адведзена Сцепановіч Фаіне Фамінічне, якая нарадзілася ў маі 1926 г. ў в. Новыя Навасёлкі нашага раёна. Да Вялікай Айчыннай вайны Фаіна закончыла 8 класаў. У гады вайны знаходзілася на акупіраванай тэрыторыі, таму зведала нямала ліха. У пачатку 1944 г., калі фронт падступіў да самых Навасёлак, дзяўчына разам з маці і старэйшай цяжарнай сястрой вымушана была хавацца ад нямецкіх карнікаў у балоце пад Вугламі. Дарэчы, там, у балоце, у люты мароз, якраз на Хрышчэнне, 19 студзеня, сястра нарадзіла дачушку, сённяшнюю жыхарку Гарочыч Грышчанка Марыю Іванаўну. А немцы ледзь не пастралялі іх, знайшоўшы ў балоце. І толькі крыкі парадзіхі і плач нованароджанага дзіцяці кранулі нейкія струны душы карнікаў, якія праявілі да няшчасных жанчын небывалую для фашыстаў на той момант літасць. Гітлераўцы не кранулі бяглянак, а развярнуліся і пайшлі ад іх.

У пачатку 1946 г. у Старыя Навасёлкі дамоў вярнуўся нядаўні франтавы вадзіцель Сцепановіч Міхаіл Пятровіч.

Да вайны ён працаваў на будоўлі ў Мінску, а па вечарах вучыўся на шафёра ў ОСОАВИАХИМе. Жыў па вул. В. Харужай. Калі пачалася вайна, на месцы пражывання схаваў свае дакументы і пайшоў на фронт. І хаця Мінск вельмі пацярпеў у час вайны, частку сваіх дакументаў Міхаілу па вяртанні ўдалося знайсці на месцы былога пражывання. Калі партызанскі генерал Васіль Корж, які на той час працаваў намеснікам міністра лясной гаспадаркі БССР, убачыў гэтыя дакументы, ён сказаў Сцепановічу, што іх дастаткова, і падпісаў распараджэнне аб залічэнні яго ў Мінскую лесатэхнічную школу на курсы па падрыхтоўцы бухгалтараў. Міхаілу хацелася атрымаць спецыяльнасць лесатэхніка, але на яго трэба было вучыцца 1,5 года. А ў Новых Навасёлках ужо чакала Фаіна.

У 1946 маладая сям’я прыбыла на станцыю Гарочычы, дзе Міхаіл стаў працаваць бухгалтарам і вадзіцелем адначасова ў мясцовым лясніцтве. Тут яны пабудавалі сабе дабротны дом. У Міхаіла, на шчасце, былі залатыя рукі. Таму не толькі ўласны дом пабудаваў, але і суседзям дапамагаў у будаўніцтве. А колькі жылля і казарм пабудавалася з яго дапамогай у Бабровічах, куды ён перайшоў працаваць вадзіцелем у 1953 г. і дзе адпрацаваў усё сваё жыццё – не злічыць!

Тым часам Фаіна Фамінічна пайшла працаваць рабочай на Гарочыцкі ільнопункт, які ў 1956 г. ператварыўся ў Васілевіцкі пеньказавод. На гэтым прадпрыемстве яна працавала аж да выхаду на заслужаны адпачынак.

Сцепановічы на сваім прысядзібным участку пасадзілі і вырасцілі добры сад, які ўжо больш паўстагоддзя радуе добрымі ўраджаямі не толькі яго гаспадароў, але і родзічаў, суседзяў і сяброў. Фаіна Фамінічна і Міхаіл Пятровіч нарадзілі і выхавалі пяцярых цудоўных дзяцей.

Старэйшая дачка Ганна закончыла педінстытут. Педагагічную дзейнасць пачала на радзіме бацькоў, у Навасёлкаўскай васьмігадовай школе. Затым да выхаду на пенсію, з 1973 г., працавала настаўніцай гісторыі і геаграфіі ў Капліцкай сярэдняй школе.

Сын Пётр закончыў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум, больш чвэрці стагоддзя адпрацаваў прарабам у саўгасе “Калінкавіцкі”, затым пабудаваў каўбасны цэх у Бабровічах, дзе да выхаду на пенсію працаваў у ахове.

Сын Мікалай пасля Гарочыцкай дзесяцігодкі паступіў у Буда-Кашалёўскі сельгастэхнікум, быў прызваны на тэрміновую ваенную службу. Служыў у марфлоце, у Севастопалі. Пасля курсаў атрымаў спецыяльнасць “тэхнік самалётаў” і званне прапаршчыка: 6 гадоў адслужыў у Германіі, затым нёс службу ў Бабровічах, зараз таксама на пенсіі.

Дачка Марыя закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Выйшла замуж і паехала на Гродзеншчыну. Доўгія гады працавала старшым аграномам-насенняводам Карэліцкай вопытнай сельскагаспадарчай станцыі.

Сын Васіль – намеснік генеральнага дырэктара КУП “Камунальнік Калінкавіцкі”.

8 чэрвеня 2012 г. Міхаіла Пятровіча не стала.

А Фаіна Фамінічна ў маі бягучага года адзначыла сваё 90-годдзе. Зараз яе ў пасёлку Гарочыцкім даглядае старэйшая дачка Ганна.

Цёплымі словамі расказваецца ў школьным альбоме і пра жыхарку Гарочыч Севярын Марыю Паўлаўну.

Нарадзілася Марыя Паўлаўна ў галодны пасляваенны 1946 г. у сям’і працавітых калгаснікаў Дулуба Паўла Міронавіча і Праскоўі Фамінічны. Нялёгкім было жыццё дзяцей у той час. Так, яшчэ зусім малой Марыі давялося заходзіцца плачам ад голаду ў 1946-м, а крышку пазней – радавацца “галамендам”, так у Аўцюках называлі аладкі з падмарожанай і падгніўшай бульбы. А ўжо ў 50-я было “раскошай” купіць 100 грамаў цукерак-падушачак на зароблены падчас уборкі калгаснай бульбы рубель (па старым курсе).

Вучылася Марыя ў роднай Малааўцюкоўскай школе. Вучылася старанна, ды і вучоба давалася лёгка, хоць і прыходзілася сціскаць зубы ад болю ў нагах, якія былі абуты ў старыя і цесныя гумавыя боцікі.

У школе Марыя актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, канцэртах і спектаклях. Не забыла яна пра сцэну і ў сталым узросце, заўсёды прымае актыўны ўдзел у выступленнях Гарочыцкага калектыву мастацкай самадзейнасці як спявачка і вядучая.

Школу Марыя закончыла з залатым медалём. Паступіла і закончыла Віцебскі дзяржаўны педінстытут імя С.М. Кірава. У 1970 г. стала працаваць настаўніцай хіміі ў роднай школе.

Няпроста склаўся асабісты лёс Марыі Паўлаўны. Але яна з годнасцю выхавала дачку Святлану, якая, як і маці, стала настаўніцай.

Марыя Паўлаўна сумленна і шчыра адпрацавала ў школе 34 гады: спачатку ў Малых Аўцюках, затым лёс прывёў яе ў Гарочычы, дзе яна не толькі выкладала хімію, але і 10 гадоў адпрацавала намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце.

Марыя Паўлаўна заўсёды карысталася заслужанай павагай сярод вучняў і калег. Яе лічылі адным з лепшых настаўнікаў хіміі ў раёне, яна была кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі.
Сярод яе выхаванцаў шмат тых, хто паступіў у медінстытуты, універсітэты, тэхналагічныя інсты-туты, таму што хімію ім Марыя Паўлаўна выкладала на самым высокім узроўні.

Зараз Марыя Паўлаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але і цяпер многія школьнікі звяртаюцца да яе за дапамогай па хіміі.

Павагай і пашанай сярод аднавяскоўцаў карыстаецца і Мельнікава Кацярына Іванаўна, якая нарадзілася 22 кастрычніка 1932 г. у Гарочычах, у сям’і, у якой было пяцёра дзяцей: чатыры сястры і брат. Бацька памёр, калі ёй было ўсяго чатыры гады. Маці давялося падымаць адной пяцярых.

Да вайны Каця закончыла два класы Гарочыцкай сямігодкі. “Вайна адняла ў мяне дзяцінства, — гаворыць Кацярына Іванаўна. – А пасляваенная разруха – юнацтва”.

У 1945 г. Каця пайшла ў трэці клас і паспяхова закончыла сямігодку. Падала дакументы ў Мазырскае педвучылішча, але сямейнае матэрыяльнае становішча не дазволіла вучыцца ў ім. Пайшла ў Даманавіцкую дзесяцігодку. Тры гады пешшу хадзіла ў школу.

Пасля заканчэння дзесяці класаў, у 1952 г. уладкавалася рахункаводам у Бабровіцкую вайсковую часць.

У 1976 г. завочна закончыла бухгалтарскае аддзяленне Гомельскага кааператыўнага тэхнікума і 41 год адпрацавала ў Гарочыцкім сельскім спажывецкім таварыстве.

За гады працы не аднойчы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, каштоўнымі падарункамі, а ў 1987 г. – медалём “Ветэран працы”.

У 1955 г. Кацярына Іванаўна выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Мельнікава Аляксея Гурынавіча, а на наступны год у іх сям’і з’явіўся першынец – сын Сашка.

Цяжка давялося маладым: дапамогі чакаць не было ад каго. Усё прыходзілася здабываць сваім мазалём. Паціху пачалі будавацца, пасадзілі сад. А ў лютым 1961 г. на свет з’явіўся другі сынок – Уладзімір.У 1965 г. у сям’і нарадзіўся Сяргей.

Непрыкметна дзеці падраслі і пайшлі ў школу. Ні свету, ні газу ў хаце не было. Урокі рабілі пры звычайнай “керасінцы”, але нягледзечы на гэта дзеці вучыліся добра.

Кацярына Іванаўна з мужам шмат працавалі, ім хацелася, каб дзеці “выйшлі ў людзі”. І выхоўвалі іх у старанні да працы.

Старэйшы Аляксандр вучыўся на “выдатна”, штогод ездзіў на раённыя і абласныя алімпіяды. Калі закончыў восем класаў, яго забралі ў Маскву, у Вышэйшую фізіка-матэматычную школу пры Маскоўскім універсітэце. Там ён закончыў дзесяць класаў і паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, які закончыў з чырвоным дыпломам. Пасля закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках, працаваў у БДУ, зараз па кантракту працуе ў Германіі — прафесарам універсітэта.

Уладзімір і Сяргей таксама добра вучыліся, закончылі Мінскі політэхнічны інстытут.

Дзеці падарылі Кацярыне Іванаўне пяцярых цудоўных унукаў. Унучка Каця, напрыклад, закончыла школу з сярэбраным медалём і Мінскі ўніверсітэт замежных моў. Другі ўнук у час вучобы ў БДУ ездзіў на міжнародную алімпіяду, быў капітанам каманды, заняў 2-е месца па фізіцы і матэматыцы.

З павагай адносяцца ў Гарочычах і да ўраджэнкі вёскі Мельнікавай Алены Цярэнцьеўны, якая нарадзілася 1 мая 1928 г. у сялянскай сям’і Цярэнція і Яўгеніі Мельнікавых. Да вайны Алена закончыла Гарочыцкую сямігодку, разам з аднавяскоўцамі перанесла ўвесь цяжар фашысцкай акупацыі.

Пасля вызвалення раёна ад захопнікаў, у 1944 г. паступіла ў Мазырскае педвучылішча, якое закончыла ў 1947 г. Па размеркаванні трапіла на працу настаўніцай пачатковых класаў у Капаткевіцкі раён. Затым перавялася бліжэй да роднай хаты – стала працаваць у Перадзельнаўскай школе. У 1950 г. выйшла замуж за аднавяскоўца Мельнікава Канстанціна Захаравіча, які працаваў чыгуначнікам у Калінкавічах.

Алена Цярэнцьеўна разам з мужам нарадзілі і вырасцілі, далі вышэйшую адукацыю тром сваім дзецям.

Іх старэйшы сын Аляксандр закончыў Інстытут народнай гаспадаркі ў Алма-Аце. Працаваў эканамістам на заводзе імя Кірава ў Гомелі. Зараз знаходзіцца на пенсіі. Аляксандр падарыў сваім бацькам трох цудоўных унукаў. Старэйшая Алена вучыцца зараз у Францыі ў аспірантуры, там жа выкладае матэматыку. Унучка Наталля закончыла БелГУТ, прафесійна займаецца спортам – майстар спорту па пяцібор’ю. Меншы Аляксандр закончыў школу алімпійскага рэзерву, займаецца фрыстайлам, навучаецца ва ўніверсітэце ў Польшчы.

Дачка Алены Цярэнцьеўны Ларыса закончыла Мінскі політэхнічны інстытут, працавала інжынерам на «Гомсельмашы». Зараз ужо на пенсіі. Яе дачка Ірына працуе ў абласным цэнтры бухгалтарам, дачка Таццяна – урачом, сын Юрый закончыў Маскоўскую духоўную акадэмію і з’яўляецца свяшчэннаслужыцелем праваслаўнага храма ў Грэцыі.

Малодшы сын Алены Цярэнцьеўны Сяргей жыве ў Гарочычах, працуе на ільнозаводзе. Больш падрабязна мы пра яго раскажам крыху ніжэй. Сын Сяргея Пётр закончыў ваенна-транспартны факультэт БелГУТа, служыць у сталіцы Беларусі ў транспартнай камендатуры, лейтэнант. Дачка Маша вучыцца ў абласным ліцэі ў Мазыры.

Сама Алена Цярэнцьеўна жыве ў Гарочычах. У 1984 г. яна выйшла на пенсію. Да гэтага настаўнічала ў малодшых класах у Перадзельным, Зеляночах, у падоўжанай групе Гарочыцкай сярэдняй школы. У 2014 г. засталася без мужа, які пайшоў з жыцця.

Цёплымі словамі адгукнуліся аўтары школьнага альбома і пра маці траіх дзяцей, жыхарку Гарочыч Грышчанка (Радзько – у дзявоцтве) Марыю Іванаўну. Гэтую заслужаную жанчыну і яе сям’ю ў вёсцы ведае, бадай, кожны: ад малога да старога. Марыя Іванаўна, як мы ўжо расказвалі вышэй, з’явілася на свет 19 студзеня 1944 г. у балоце пад час аблавы нямецка-фашысцкіх карнікаў. Яе малая радзіма – вёска Новыя Навасёлкі Калінкавіцкага раёна. Чатыры класы яна закончыла ў роднай вёсцы, сямігодку – у суседняй, Старых Навасёлках, 11 класаў – у Азарычах у 1962 г. Паступіла ў Віцебскі ветэрынарны інстытут, і ў 1967 г. атрымала дыплом вучонага заатэхніка. Па накіраванні прыбыла ў саўгас “Трамлянскі” Калінкавіцкага раёна, дзе і пачала працаваць галоўным заатэхнікам.

Яшчэ ў інстытуце Марыя пазнаёмілася з хлопцам з Магілёўшчыны Грышчанка Дзмітрыем Фёдаравічам. Яна была ўжо на чацвёртым курсе, а ён – на другім. У снежні 1967 г. Марыя і Дзмітрый абручыліся, вяселле справілі на радзіме мужа – у вёсцы Заручча Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. Сёння ўжо гэтай вёсачкі няма на карце Беларусі, як і многія невялічкія населеныя пункты, яна з цягам часу абязлюдзела і адыйшла ў нябыт.

У 1969 г. закончыў вучобу і Дзмітрый. Па накіраванні прыбыў у Калінкавіцкі раён. Дыпламаванага ветурача прызначылі загадчыкам Казанскага ветучастка, а праз два месяцы – галоўным ветурачом саўгаса “Калінкавіцкі”. Марыя ў гэты час была ў дэкрэтным водпуску. Праўда, дэкрэтны адпачынку ў той час быў вельмі непрацяглым – усяго два месяцы. Таму праз два месяцы пасля нараджэння першынца Сярожкі, які сёння працуе начальнікам чыгуначнай станцыі Калінкавічы, яна прыступіла да працы ў саўгасе “Калінкавіцкі” ў якасці заатэхніка – селекцыянера.

Непаседлівая жанчына вельмі лёгка знаходзіла кантакт з любым чалавекам, была душой любой кампаніі, а яе працавітасць была проста незвычайнай. Да таго ж Марыя Іванаўна праявіла сябе здольным арганізатарам і лідарам, за якім ідуць людзі. Таму і пасады ў гаспадарцы ёй прадстаўлялі адпаведныя: галоўны заатэхнік, парторг, старшыня прафсаюзнай арганізацыі.

У 1971 г. у сям’і Грышчанкаў нарадзілася дачка Наташа. Пасля заканчэння Магілёўскага медвучылішча яна 19 гадоў адпрацавала ў Гарочыцкай, затым Бабровіцкай бальніцах медыцынскай сястрой. І толькі пасля выяўлення ў яе алергіі на лекі вымушана была змяніць прафесію, зараз працуе ў Даманавічах на гароднінасушыльным заводзе.

У 1977 г. Марыя Іванаўна нарадзіла меньшанькага Аляксандра. Саша закончыў Гарочыцкую школу з залатым медалём і, як і старэйшы брат, Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту.

Працаваў начальнікам Клічаўскай чыгуначнай станцыі на Магілёўшчыне, зараз – галоўны інжынер па бяспецы Магілёўскага аддзялення чыгункі.

Марыя Іванаўна з 2001 г. знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Разам з мужам працягваюць апрацоўваць уласны агарод, даглядаюць сваіх парсючкоў ды курак, з нецярпеннем чакаюць у госці дзяцей ды ўнукаў, якія пра іх не забываюць. І лепшае свята ветэранаў, калі за адным сталом сабіраюцца іх дзеці з унучкамі, а іх у Грышчанкаў – пяцёра, і адзін праўнучак.

Павагай у вёсцы карыстаецца і маці чацвярых дзяцей Чарнякова Ніна Піліпаўна. Нарадзілася яна ў 1930 г. у Гарочычах у сялянскай сям’і. У час вайны дзяўчынка была ўгнана ў Германію. Нацярпелася ліха, якое і многім дарослым не снілася. Пашчасціла застацца жывой і вярнуцца пасля Перамогі дамоў. Працавала ў роднай вёсцы нянечкай у школьным інтэрнаце, рабочай на ільнозаводзе. З 1985 г. на заслужаным адпачынку.

У 1953 г. выйшла замуж за мясцовага хлопца Чарнякова Васіля Маркавіча, які працаваў вадзіцелем у саўгасе “Калінкавіцкі”.

Ніна Піліпаўна і Васіль Маркавіч нарадзілі і вырасцілі двух сыноў і дзве дачкі. Сын Сяргей,напрыклад, дагэтуль працуе вадзіцелем Гарочыцкай урачэбнай амбулаторыі. Сын Анатоль доўгі час служыў пажарным на мясцовым пажарным пасту, зараз на заслужаным адпачынку. Дочкі: Таццяна працавала ў мясцовым сельсавеце, Наталля – у Калінкавічах у падатковай інспекцыі. Зараз абедзьве на пенсіі.

У 1989 г. Васіля Макаравіча не стала. А Ніна Піліпаўна дапамагала сваім дзецям выхаваць васьмярых унукаў. Напрыклад, унучак Дзіма, сын Анатоля, закончыў спачатку Мазырскі педінстытут і працаваў настаўнікам фізікі, затым закончыў яшчэ адну ВНУ і зараз працуе ў Гомелі ў Следчым камітэце.

Удзельнічае Ніна Піліпаўна і ў выхаванні сваіх праўнукаў. На сёння іх у яе пяцёра. Сама яна – добры і шчодры чалавек, працавітая гаспадыня. Да апошняга часу трымала вялікую гаспадарку.

Траіх дзяцей нарадзіла і выхавала разам з мужам і ўраджэнка Гарочыч Чарнякова Ніна Гурынаўна.
Нарадзілася яна ў 1928 г. Яшчэ калі вучылася ў школе марыла стаць артысткай, бо вельмі добра спявала. Але лёс распарадзіўся па-іншаму. Пачалася вайна. Ніне ішоў 13-ы год. Яе бацьку Мельнікава Гурына Малахавіча прызвалі ў армію. Маці Марыя Харытонаўна засталася дома адна з сямю дзяцьмі. Калі вёску акупіравалі немцы, пачалося самае страшнае. У 1942г. старэйшага брата Ніны Фёдара і яе дваюрадную сястру Надзю пагналі ў Германію. Пра іх лёс мы ўжо расказалі ў главе “Нямецкі “парадак“.

У канцы 1943 г. астатніх членаў сям’і Мельнікавых з аднавяскоўцамі пагрузілі ў грузавікі і павезлі ў Азарыцкі лагер смерці. Раптам у небе з‘явіўся савецкі самалёт. Лётчык, заўважыўшы нямецкія машыны, пачаў скідваць на іх бомбы. Жанчыны, якія пасаскоквалі з машын, пачалі махаць хусткамі. Савецкі лётчык спыніў бамбёжку і паляцеў. У хуткім часе савецкія войскі вызвалілі людзей, і сям’я Мельнікавых вярнулася ў Гарочычы.

Ніна пасля вайны ўладкавалася на працу нянькай у Кімбараўскі дзіцячы дом № 77, што знаходзіўся ў Мазыры. Дзеці, у асноўным сіраты, якіх засталося шмат па Палессі пасля крывапралітнай вайны, часта плакалі, асабліва па начах. Каб супакоіць малых, Ніна пачала спяваць ім свае песні. Аднойчы яе спевы пачула дырэктар дзіцячага дома і прапанавала дзяўчыне паехаць вучыцца ў Мінск на піянерважатую. Ніна згадзілася. Пасля вучобы вярнулася назад і пачала працаваць выхавальніцай. Аднак, у той час адкрылася шмат навучальных устаноў, якія спешна рыхтавалі спецыялістаў для народнай гаспадаркі. Хутка ў дзіцячы дом прыйшлі выпускнікі педвучылішч, а паколькі ў Ніны не было педагагагічнай адукацыі, ёй прыйшлося пакінуць работу ў дзіцячым доме. Яна вярнулася ў Гарочычы. Уладкавалася на працу ў Бабровічах, у ваенны гарадок. Тут пазнаёмілася з маладым чалавекам, якога звалі Мікалай, ён пражываў у суседнім доме. Сталі разам вяртацца дахаты, падоўгу размаўлялі. А ў 1953 г. пажаніліся.

У 1954 г. у іх нарадзіўся сын Віктар. Ніне прыйшлося пакінуць працу ў ваенным гарадку, яна ўладкавалася паштальёнам у Гарочычах. Маленькі Віця ў дзяцінстве часта капрызнічаў, не хацеў класьціся спаць. І маці яму расказвала пра гераічны лёс яго дзядзькі Фёдара. Тым самым яна яшчэ ў дзяцінстве пасеяла ў душы сына прагу да прафесіі мужных. Калі прыйшоў час несці тэрміновую службу, Віктар трапіў у Севастопаль. Там закончыў школу мічманаў. Паслалі яго служыць на Далёкі Усход. Там і праслужыў да самай пенсіі. Віктар жанаты, мае дваіх дзяцей.

У 1959 г. у сям’і Чарняковых нарадзіўся другі сын Анатоль. Ён адслужыў у арміі і вярнуўся ў Гарочычы. Але і яго захапіла вайсковая служба. Ён паступіў на звыштэрміновую службу і нёс яе ў Бабровічах.

Пасля вываду авіяпалкоў з Бабровіч у Расію, даслужваў у Чыцінскай вобласці. Затым вярнуўся дамоў. Жанаты, мае дваіх дзяцей. Зараз працуе на Калінкавіцкім мясакамбінаце.

У 1962 г. Ніна Гурынаўна нарадзіла дачку Ганну. Пасля заканчэння школы, дзяўчына паступіла ў Гомельскае прафесійнае вучылішча, дзе набыла спецыяльнасць повара-кандытара. Накіраванне атрымала на працу ў Жлобін. Там выйшла замуж. Мае дваіх дзяцей. З’яўляецца майстрам сваёй справы. Ва ўсякім разе, як расказала Жлобінская раёнка “Новы дзень”, у час абласнога конкурсу да 60-годдзя вызвалення Беларусі кулінарны шэдэўр Казаковай Ганны Мікалаеўны быў прызнаны лепшым.

Ніна Гурынаўна сорак гадоў адпрацавала паштальёнам у Гарочычах. У дождж і спёку, у мароз і вецер яна дастаўляла дзясяткі кілаграмаў карэспандэнцыі і свежай перыёдыкі ў хаты сваім землякам. За гады сваёй шчырай працы не атрымала ніводнага наракання ад тых, каго абслугоўвала, а ад непасрэднага начальства – толькі падзякі.

Ніна Гурынаўна вельмі ганарыцца сваімі дзяцьмі, беражліва захоўвае ў дамашнім альбоме ўсе газетныя выразкі, якія апавядаюць пра іх поспехі. “Шчасце, — гаворыць шчаслівая маці, — гэта, калі твае дзеці шчаслівыя, калі ты маеш свой працяг у дзецях і ўнуках…”

Выдаўцы рабочых прафесій

29 мая 1981 г. у Гарочычах на базе мясцовай школы адкрылі Гарочыцкі навучальна-вытворчы камбінат, перад якім была пастаўлена задача даваць старшакласнікам Гарочыцкай і навакольных дзесяцігодак па выпуску іх са школ першую рабочую прафесію.

Вось што ўспамінае аб працы гэтага камбіната былы яго кіраўнік Акулевіч Іосіф Іванавіч, які зараз пражывае ў Калінкавічах і знаходзіцца ўжо на заслужаным адпачынку:

— Я закончыў факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і фізікі Мазырскага педінстытута і па накіраванні трапіў на працу настаўнікам працы і фізікі ў Савіцкую школу Калінкавіцкага раёна ў 1977 г. А паколькі бацькі нам пабудавалі дом у Калінкавічах, дзе мая Тамара Аляксандраўна выкладала беларускую мову і літаратуру, то загадчык райана Мікалай Цяслюк прапанаваў мне пасаду завуча ў Гарочыцкім НВК, куды можна было штодня дабірацца з Калінкавіч цягніком. Я з радасцю пагадзіўся, але пачынаць прыйшлося не з кіраўнічай пасады, а з майстра вытворчага навучання.

Дырэктарам НВК быў Бандарчук Іван Маісеевіч, які жыў у Мазыры, а да гэтага працаваў майстрам вытворчага навучання ў Калінкавіцкім ПТВ. З сабой ён прывёў і завуча Сіроціна Юрыя Мікалаевіча, які працаваў з ім у тым жа Калінкавіцкім ПТВ і жыў у Мазыры. Праз год яны па нейкіх прычынах адмовіліся ад працы ў Гарочычах. Мяне назначылі завучам і на працягу наступных трох месяцаў мне адначасова прыйшлося выконваць і абавязкі дырэктара камбіната.

Затым дырэктарам Гарочыцкага НВК прызначылі жыхара Калінкавіч Ківадла Віктара Уладзіміравіча, які дагэтуль таксама працаваў майстрам у Калінкавіцкім ПТВ. Праз год ён таксама пакінуў дырэктарскую пасаду.

Год з паловай мне прыйшлося працаваць і за дырэктара, і за завуча.

У 1988 г. на пасаду дырэктара камбіната прыслалі Цярэшчанку Паўла Андрэевіча. Працаваць з ім была адна асалода. Гэта быў чалавек, пра якіх у народзе кажуць “чалавек на сваім месцы”. У нас да яго у НВК было ўсяго два старэнькіх трактары Т-40. Павел Андрэевіч па сваіх сувязях цераз Мінск набыў два новых МТЗ – 80, плюс усё навясное абсталяванне для вытворчасці бульбы: саджалкі, капалкі, гноераскідвальнікі, акучнікі і г. д.

У першы год дзейнасці НВК мы праводзілі навучанне старшакласнікаў толькі з Гарочыцкай і Даманавіцкай школ. Затым прафесійныя навыкі пачалі даваць школьнікам з Ліпаўскай, Бабровіцкай, Залатушскай, Насавіцкай, Дудзіцкай, і пару гадоў з Замосцеўскай школ.

НВК рыхтаваў для народнай гаспадаркі трактарыстаў-машыністаў шырокага профілю, слесараў па рамонту сельгастэхнікі, швей-матарыстак, малодшых прадаўцоў, кулінараў, малодшы медыцынскі персанал.

Майстрамі вытворчага навучання па трактару працавалі Анучкін Міхаіл Адамавіч, Федарэнка Мікалай Георгіевіч, Шарай Васіль Уладзіміравіч; па гандлі – Гарыст Надзея Міхайлаўна, дарэчы, яна “доўгажыхар” НВК, аддала камбінату 22 гады. Медыцынскіх работнікаў рыхтавала мясцовы ўрач Мельнікава Надзея Сяргееўна, кулінараў – Піліпец Ніна Міхайлаўна, якая прыйшла ў другой палове 90-х да нас завучам, а таксама Мельнік Тамара Пятроўна і Федарэнка Вольга Іосіфаўна.

Майстрам у нас працаваў і былы дырэктар льнозавода Берагаўцоў Міхаіл Маркавіч (ён дырэктарстваваў на льнозаводзе да Іосіфа Мацукі – І.Г.).

90-я гады мінулага стагоддзя былі цяжкімі не толькі для прадпрыемстваў краіны. Цяжкімі яны сталі і для нашага камбіната. Справа ў тым, што тэарэтычную падрыхтоўку ў НВК аплачваў бюджэт, а практычную – гаспадаркі, на базе якіх яна вялася. Адным словам, зарплату майстры вытворчага навучання атрымлівалі па сметах, якія я складаў, у калгасах і саўгасах. У 1991 г., напрыклад, склалася такое становішча, што мы не толькі не маглі заплаціць майстрам, але нават не змаглі атрымаць грошы ад саўгаса “Калінкавіцкі” за здадзенае збожжа, якое вырасцілі на зямельным участку ў 31 га, які нам быў прадстаўлены.

Цярэшчанка не вытрымаў такога становішча і звольніўся, я таксама ўжо вёў перамовы аб пераходзе ў гарадскую школу. І толькі ў апошні момант было прынята рашэнне аб пераводзе ўсіх работнікаў НВК на бюджэт.

У гарачую пару – на пасяўной, уборачнай уся наша тэхніка была задзейнічана на дапамозе мясцовым гаспадаркам. Майстры вытворчага навучання разам з механізатарамі калгасаў-саўгасаў аралі, сеялі, убіралі вырашчаны хлеб і кармы.

Не забывалі мы і пра вытворчы працэс: імкнуліся даць вучням трывалыя веды па выбранай імі прафесіі. Арганізоўвалі для юных аратых міжкамбінатаўскія спаборніцтвы. Рыхтавалі наглядны і раздатачны матэрыял. Рабілі ўсё тое, што дае трывалыя веды і практычныя навыкі.

За гады існавання Гарочыцкага НВК мы далі першую рабочую прафесію 1760 выпускнікам.

У апошнія тры гады работы НВК нам перадалі два старэнькіх камбайны “Ніва” , з якіх мы сабралі адзін дзеючы. На гэтым камбайне мы па спісах сельсавета ўбіралі хлеб на індывідуальных падворках сялян.

1 ліпеня 2003 г. Гарочыцкі НВК ліквідавалі.

Перапрацоўшчыкі «беларускага золата»

21 сакавіка 1992 г. газета “Калінкавіцкія навіны” аж на трох старонках расказала пра жыццё працоўнага калектыву Гарочыцкага ільнозавода. У артыкуле пад назвай “Лён любіць паклон” намеснік дырэктара завода В. Ціхіня ўспамінаў:

“Памяць надоўга захавала дзівосны малюнак з дзяцінства. Непадалёку ад нашай вёскі былі гоні льну. Днём, у пару цвіцення, гэты кавалак поля ператвараўся ў суцэльны ярка-блакітны дыван, надвячоркам, рана-раненька або ў пахмурнае надвор’е той дзівосны дыван мяняў блакіт на аксаміт. Прырода, нібы дбайная гаспадыня выстаўляла на паказ сваё хараство ў цёплы сонечны дзень”.

На жаль, з гадамі знікла ільняное хараство не толькі з людскіх агародаў, але і з калгасных палёў Палесся.

А вось, каму прыйшла ідэя аб размяшчэнні льноперапрацоўчага завода ў Гарочычах у свой час, зараз устанавіць немагчыма. Глеба-кліматычныя умовы Прыпяцкага Палесся былі маласпрыяльнымі для вядзення шырокамаштабнай вытворчасці льну. Хаця, безумоўна, на Палессі яго вырошчвалі са старадаўніх часоў. Ён апранаў і карміў селяніна. Але, у шырокіх маштабах…

Хутчэй за ўсё галоўную ролю ў выбары месца размяшчэння льноперапрацоўчага завода адыграла наяўнасць у Гарочычах чыгуначнай станцыі. Адным словам, як бы там ні было, а ў 1952 г. непрыкметная база па прыёму і закупу льновалакна (у той час у кожным калгасе ўручную вялі перапрацоўку трасты льну і канопляў – І.Г.) набыла статус дзяржаўнага прадпрыемства. А ў 1956 г. адбудаваны завод у Гарочычах атрымаў назву Васілевіцкага пеньказавода.

Васілевіцкі, а затым Гарочыцкі льнопеньказавод за часы свайго існавання зведаў усякага. Былі ў яго і зоркавы час, былі і перыяды заняпаду. Асаблівы росквіт прадпрыемства прыпаў на 50-60 гады мінулага стагоддзя. І гэта зразумела. Менавіта ў той час пачаўся планамерны наступ на палескія балоты: пачалося масіраванае асушэнне малапраходных багнаў і шырокамаштабнае ўвядзенне асушаных тарфянікаў у сельгасабарот.

Значныя плошчы новых зямель засяваліся канопляй. Іх сеялі ледзь не ў кожным калгасе-саўгасе. Канешне, не забывалі і пра блакітны лён.

Канапляныя і льняныя пасевы тых гадоў сталі асноўнай крыніцай грашовых паступленняў сельскіх гаспадарак пасляваеннага часу.

8 кастрычніка 1968 г. планавік Васілевіцкага пеньказавода А.Процка, выступаючы на старонках газеты “За камунізм”, напісаў:

“Слаўную дату-50-годдзе БССР і Кампартыі Беларусі калектыў нашага прадпрыемства сустракае новымі працоўнымі поспехамі. План трэцяга квартала па рэалізацыі прадукцыі выкананы на 109 працэнтаў, звышпланавай прадукцыі выпушчана на суму 145 тыс. рублёў. За дзевяць месяцаў звыш задання прадпрыемства выпусціла 118 тон льновалакна.

Добрых поспехаў дабіўся калектыў пенькацэха. За апошні квартал звыш плана выпушчана 24 тоны пенькапрадукцыі.

На заводзе выраслі сапраўдныя майстры сваёй справы, якія сістэматычна перавыконваюць заданні, даюць прадукцыю выдатнай якасці. Брыгады, якія ўзначальваюць Фаіна Курылава і Марыя Цітова, трымаюць першынство ў юбілейным сацыялістычным спаборніцтве, зменныя заданні яны выконваюць на 115-120 працэнтаў”.

А 1 студзеня 1970 г. у раёнцы з’явілася невялічкая заметка за подпісам дырэктара пеньказавода А.Савельева “Прадукцыі на 90 тысяч рублёў у лік 1970 года”, у якой ён напісаў:

“З высокімі вытворчымі паказчыкамі сустракаюць Новы, 1970, год рабочыя пеньказавода. Стаўшы на працоўную вахту ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна, калектыў завода план вытворчасці валавай прадукцыі выканаў на 105 працэнтаў, у тым ліку па льновалакну на 111 працэнтаў.

Гадавы план рэалізацыі выпушчанай прадукцыі склаў 101 працэнт.

Дзякуючы паляпшэнню тэхналагічных працэсаў павысілася прадукцыйнасць працы і склала 101,3 працэнта да планавай.

У выніку калектыў завода ўжо ў лік 1970 года вырабіў і адправіў дзяржаве прадукцыі на 90 тысяч рублёў”.

З цягам часу ў галіне льноперапрацоўкі пачалі ўзнікаць розныя праблемы: галоўная – сельская гаспадарка зрабіла рэзкі паварот у бок кукурузы. Зразумела, што лён паціху-патроху пачалі выцясняць з палёў севазвароту, а каноплі і ўвогуле звялі. Марудна ішло тэхнічнае пераўзбраенне, адсутнічала належная падрыхтоўка кадраў.

Вось што расказаў, напрыклад, аб гэтым у сваім артыкуле “Усё вырашаюць кадры” на старонках газеты “За камунізм” 11 студзеня 1975 г. сакратар партарганізацыі завода А.Канёк:

“Працяглы час адным з вузкіх месц у вытворчай дзейнасці Гарочыцкага льнозавода заставалася прадукцыйнасць працы. Мы паспяхова спраўляліся з планамі вытворчасці льновалакна і пенькавалакна, а вось прадукцыйнасць працы заставалася нізкай. Напрыклад, за восьмую пяцігодку гэты паказчык удалося выканаць толькі на 99 працэнтаў.

У чым справа, што з’яўляецца тут перашкодай? Над гэтым пытаннем у партыйнай арганізацыі задумваліся не раз. I заўсёды прыходзілі да адной думкі: што стрымлівае наш рост малапрадукцыйнае тэхналагічнае абсталяванне, якое ўстаноўлена на заводзе, нізкі ўзровень механізацыі. Чаго граха таіць, многа было ў нас ручной працы там, дзе мелі магчымасць прымяніць механізмы. Гэта, вядома, давала сябе адчуваць.

Патрэбнасць у прадукцыі, якую вырабляе наш завод, з году ў год узрастае. Гэта, безумоўна, і прымушала нас шукаць шляхі павелічэння яе вытворчасці. Першым крокам на гэтым шляху мы лічылі абнаўленне тэхналагічнага абсталявання на больш прадукцыйнае. Скажу адразу, што з гэтай задачай справіліся параўнальна хутка. Партыйная арганізацыя, заводскі камітэт, дырэкцыя завода папрацавалі нямала і здолелі арганізаваць справу так, што літаральна за некалькі месяцаў усё старое абсталяванне замянілі на навейшае. Адначасова настойліва вырашалі і пытанні механізацыі працаёмкіх працэсаў, якія раней выконваліся ўручную.

Але ўслед за гэтым узнікла іншая праблема – праблема кадраў. Кожны з нас добра разумеў, што з ростам тэхнічнай аснашчанасці неабходна мець людзей высокай кваліфікацыі, здольных кіраваць больш дасканалым абсталяваннем. Тых кадраў, якія маглі б справіцца з такой задачай, было недастаткова. Трэба было рыхтаваць спецыялістаў”.

Рашэнне знайшлі хутка: пачалі накіроўваць сваіх рабочых на вучобу. Тыя з задавальненнем паехалі. У выніку за тры гады колькасць кваліфікаваных спецыялістаў на льнопрадпрыемстве павялічылася аж у 3,5 разы.

Сакратар партарганізацыі сказаў у сваім выступленні:

“Зараз у нас усе майстры змен, кантрольныя майстры маюць спецыяльную адукацыю. А між тым усяго год-два назад на гэтых пасадах працавалі практыкі.

Увага да пытанняў падрыхтоўкі ўласных кадраў не паслабляецца і зараз. Улічваем і такі фактар, як узрост рабочых. У калектыве ёсць людзі, якія не сёння-заўтра пойдуць на пенсію. Таму рыхтуем ім змену.

Вырашэнне кадравага пытання станоўча адбілася і на вытворчых паказчыках. Напрыклад, мінулы, вызначальны год пяцігодкі, мы завяршылі датэрмінова, 27 снежня. Трэба адзначыць, што вытворчае заданне паспяхова выканана па ўсіх тэхніка-эканамічных паказчыках. Гэта нас радуе і натхняе на новыя поспехі. Аднак хочацца сказаць, што дасягнутае намі не даецца лёгка і проста, а здабываецца ў цяжкасцях. I галоўнай цяжкасцю для калектыву лічыцца недахоп сыравіны. Справа ў тым, што гаспадаркі нашай зоны прыкметна скарацілі пасевы льну. Той колькасці льнотрасты, якую нарыхтоўваем на месцы, хапае ўсяго на два месяцы работы.

Асноўную масу сыравіны завозім з іншых абласцей рэспублікі. Для таго, каб выканаць заданне чацвёртага года пяцігодкі, заводу спатрэбілася завезці з Мінскай і Магілёўскай абласцей больш трох тысяч тон ільнотрасты. Вядома, дастаўка яе на такой адлегласці кладзецца вялікім цяжарам на сабекошт прадукцыі і рэнтабельнасць прадпрыемства”.

Вось што ўспамінае пра завод 80-х гадоў яго былы галоўны інжынер, жыхар Гарочыч Мельнікаў Сяргей Канстанцінавіч:

“Пасля заканчэння Гарочыцкай сярэдняй школы кіраўніцтва Гарочыцкага льнозавода дало мне накіраванне на вучобу ў Кастрамскі тэхналагічны інстытут. Закончыў я яго ў 1982г., і прыйшоў на завод, дзе мяне назначылі начальнікам кацельні, паколькі іншых вакантных пасад не было.

На заводзе ў тры змены ў двух цахах працавала каля 200 чалавек.

Дырэктарам прадпрыемства быў выдатны спецыяліст Шамкін Іван Арсеньевіч, які да гэтага працаваў намеснікам дырэктара Церахоўскага льнозавода і добра ведаў усе тонкасці льноперапрацоўкі. На жаль, сям’я Шамкіна не захацела пераязджаць з Церахоўкі ў Гарочычы, і Іван Арсеньевіч, памыкаўшыся паміж заводам і сям’ёй, пакінуў дырэктарскае крэсла. Яго замяніў Уладзімір Ушчапоўскі.

У студзені 1983 г. мне прапанавалі пасаду вызваленага сакратара камітэта камсамола саўгаса “Калінкавіцкі”. І паколькі замкнутае кола заводскай кацельні мяне вельмі прыгнятала (хацелася да людзей), я з задавальненнем пагадзіўся. А ўжо ў жніўні гэтага ж года я працаваў інструктарам Калінкавіцкага гаркама камсамола.

Калі ў 1986 г. вызвалілася пасада галоўнага інжынера на Гарочыцкім ільнозаводзе, вярнуўся на свой завод.

На жаль, Чарнобыльская катастрофа падарвала эканамічны стан ільнозавода”.

У 90-я гады Гарочыцкі льнозавод, які ўзначальваў нядаўні афіцэр, адстаўны падпалкоўнік Іосіф Паўлавіч Мацука, перажываў не лепшы час. Фактычна ён ужо падыйшоў да мяжы банкруцтва: гаспадаркі Калінкавіцкага і навакольных раёнаў пасля Чарнобыльскай катастрофы ў 1986 г. амаль спынілі пасевы льну на сваіх палях. А няма сыравіны, значыць і льноперапрацоўшчыкі засталіся без працы. Толькі дзякуючы прадпрыймальніцтву кіраўніцтва завода, ды ўмяшальніцтву старшыні Ка-лінкавіцкага райвыканкама Мікалая Пранкевіча, калгасы-саўгасы павялічылі льняны клін раёна, а завод прадоўжыў перапрацоўку каштоўнай сыравіны.

Выступаючы на старонках раённай газеты 18 лістапада 1993 г. з артыкулам “Каб багацела наша ніва”, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, старшыня райвыканкама Мікалай Пранкевіч адзначыў:

“У бягучым годзе працягвалася работа па ўзнаўленні вытворчасці лёну. Лепшых вынікаў дабіўся калектыў саўгаса “Калінкавіцкі” (дырэктар А.І.Дулуб). Кожны гектар ільну прынёс 407 тысяч рублёў прыбытку”.

Аднак работа па ўзнаўленні вытворчасці лёну, на жаль, як паказала жыццё, доўжылася непрацяглы час.

У 2010 г. Гарочыцкі льнозавод з-за адсутнасці сыравіны спыніў сваю работу.

Многія гады на гэтым заводзе шчыра адпрацавалі: майстар змены Голуб’еў Петр Іванавіч, брыгадзір Шкурынава Раіса Філімонаўна, яе муж – слесар-наладчык Аляксей Уладзіміравіч, здымшчыца доўгага валакна Сіліверстава Галіна Рыгораўна, упакоўшчык Лашкевіч Казімір Пятровіч, падавальшчыцы трасты Шапецька Ганна Міхайлаўна, Процка Людміла Васільеўна, Ціханенка Ніна Сямёнаўна, энергетык Кужэлка Міхаіл Рыгоравіч, электратэхнік Грышан Віктар Аляксеевіч, павязчыцы доўгага валакна Шапецька Тамара Максімаўна і Цітова Марыя Кузьмінічна, слесары-рамонтнікі Зіновіч Мікалай Клімавіч, Цітоў Аляксандр Цімафеевіч, Процка Рыгор Сцяпанавіч і многія-многія іншыя.

Праз нейкі час завод за сімвалічную плату выкупіла дзяржаўнае прадпрыемства “Рэспубліканскае аб’яднанне “Белаграсервіс”. Завод падрамантавалі, набылі такое-сякое абсталяванне. Працягвалі вырабляць ільновалакно, праўда, далёка ўжо не ў тых маштабах, што было раней. Запусцілі лінію па вырабу пілетаў з саломы. Гандлявалі запчасткамі. Але шчасце адвярнулася ад Гарочыцкага льнозавода. Зараз у чарговы раз паўстала пытанне аб яго закрыцці па прычыне стратнасці і эканамічнай немэтазгоднасці ўтрымання.

Дабротныя будынкі і цэхі зноў будуць выстаўлены на продаж.

Вартавыя лесу

Старэйшы работнік лясной гаспадаркі раёна Шульман Міхаіл Яфімавіч, які жыве ў Азарычах, сцвярджае, што лясніцтва ў Гарочычах утварылася яшчэ да вайны, у 1936 г., у той час, як быў створаны Даманавіцкі лясгас. Па сцвярджэнні ветэрана, у склад Даманавіцкага лясгаса тады ўваходзілі чатыры лясніцтвы: Азарыцкае, Асташкавіцкае, Гарочыцкае і Капліцкае.

Міхаіл Яфімавіч прыйшоў на працу ў лясную гаспадарку ў 1949 г. Дырэктарам лясгаса тады быў Смысёнак Іван Яфімавіч, а ляснічым Гарочыцкага лясніцтва Шараеў, які потым стаў дырэктарам Даманавіцкага лясгаса. Дарэчы, 31 студзеня 1972 г. Даманавіцкі лясгас быў перайменаваны ў Азарыцкі лясгас.

15 гадоў свайго працоўнага жыцця аддаў Гарочыцкаму лясніцтву сённяшні дырэктар Калінкавіцкага лясгаса Піліпейка Міхаіл Міхайлавіч.

— Гэта былі мае лепшыя гады, — успамінае Міхаіл Міхайлавіч. Я прыйшоў у Гарочыцкае лясніцтва, адслужыўшы ў арміі і толькі што закончыўшы Полацкі лесатэхнікум, на пасаду памочніка ляснічага ў 1985 г. Ляснічым тады ў Гарочычах працаваў вопытны лесавод, ураджэнец Гліннай Слабады Судас Мікалай Іванавіч. Ён, дарэчы, змяніў на гэтай пасадзе Салука Уладзіміра Акімавіча.
Калектыў у лясніцтве быў надзвычай дружным і працавітым. Многаму я навучыўся ў сваіх старэйшых сяброў па працы: майстра лесу Каленчыкава Паўла Сцяпанавіча – вялікага эрудыта, педанта і тэхнічнага чалавека; леснікоў Фядосенкі Якава Аляксандравіча з Бабровіч, Піліпца Івана Іосіфавіча з Давыдавіч, Мятлушкі Мікалая Трафімавіча з Казловіч, Бандарчука Мікалая Муфцеевіча з Гарочыч, Белакура Васіля Піліпавіча з Тарканоў; конюха Грышана Васіля Юр’евіча; бухгалтара Карпея Сяргея Аляксандравіча, які жыў на станцыі Гарочычы і любіў прыгаворваць, што завуць яго амаль як Пушкіна, толькі наадварот. Цудоўныя былі людзі, самаадданыя, працавітыя, дружалюбныя. Шкада, што сёння іх ужо няма.

Гарочыцкае лясніцтва заўсёды было вялікім і расцягнутым, яго межы распаўсюджваліся ад Давыдавіч і да Дудзіч паўз чыгунку і за Мінскі шлях у напрамку Туравіч, Гарохава. Былі гады, калі да Гарочыцкага лясніцтва далучалі Шыіцкае, тады межы яго яшчэ павялічваліся.

Працаваць у тыя гады ў лясной гаспадарцы было не проста. З тэхнічнага ўзбраення — сякера, рыдлёўка ды піла “Дружба”. З цяглавай сілы – коні. Быў, праўда, у нас яшчэ “ГАЗ-51”. На ім мы два разы ў дзень вазілі ў Азарыцкі лесацэх на перапрацоўку “цюльку”, так называлі 1,5-мятровы тарнік. Рабочых у лясніцтве не было. Уся работа лажылася на нашы плечы: майстроў і ляснікоў. Мы і пілавалі, мы і грузілі, мы і саджалі лес, мы і шышкі збіралі, і венікі вязалі.

Работы было шмат. Трэба было забяспечыць рубкі ўходу ў маладняках, рубкі прамежкавага карыстання, выбарачныя, санітарныя і г.д. Крыху было лягчэй з пасадкай.На яе часова наймалі жадаючых. Шмат было і саманарыхтоўшчыкаў дроў. Але гэта ўсё трэба было выпісаць, паказаць і пракантраляваць. Бывала, за дзень так налётаешся па лесе, што да канцу дня на хаду засынаеш.

З цягам часу палепшылася тэхнічнае ўзбраенне лясніцтваў. Нам перадалі з Азарыч калёсны “Беларус”. І хаця яму было ўжо 27 гадоў, але заданні выконваць з трактарам было намнога лепш і хутчэй чым з коньмі. Замест “Дружб” прыйшлі “Хускварны” і леснікі не маглі нарадавацца на лёгкія і спрытныя пілкі.

У 2000 г. мне прапанавалі пасаду галоўнага ляснічага Калінкавіцкага лясгаса. Гарочыцкае лясніцтва я пакінуў на свайго памочніка Зелянка Мікалая Іванавіча”.

Мікалай Зелянок, які зараз з’яўляецца начальнікам леса-пітомніка ГЛХУ “Калінкавіцкі лясгас”, на працягу шасці гадоў кіраваў Гарочыцкім лясніцтвам.

З 2007 па 2010 год ляснічым лясніцтва працаваў Козыраў Андрэй Уладзіміравіч, які сёння працуе начальнікам Калінкавіцкага лесапункта лясгаса. Як бачна, Гарочыцкае лясніцтва стала для многіх яе працаўнікоў сапраўднай кузняй кіруючых кадраў лясной гаспадаркі.

З 2010 па 2012 год лясніцтвам кіраваў Змушка Аляксандр Пятровіч, з 2012 па 2015 – Гадлеўская Надзея Аляксандраўна.

Сёння на чале працоўнага калектыву Гарочыцкага лясніцтва, які аб’ядноўвае 24 чалавекі, стаіць малады спецыяліст лясной гаспадаркі Піліпейка Аляксандр Васільевіч.

Лясніцтва на 1 студзеня 2016 г. налічвала плошчу ў 10180,5 га лясных угоддзяў, у асноўным сярэдняспелага ўзросту. Яго гаспадарка падзелена на два майстарскіх участкі, якія ўзначальваюць Аляксандр Бандарчук і Аляксандр Шарай, і 110 кварталаў лесу. Дарэчы, Аляксандр Бандарчук – прадаўжальнік дынастыі вартавых лесу, яго бацька шмат гадоў працы аддаў Гарочыцкаму лясніцтву ў якасці лесніка, аб чым вышэй ужо расказваў Міхаіл Піліпейка, лесніком калісь працаваў і дзед Аляксандра. Ды і сам Аляксандр ужо больш трыццаці гадоў стаіць на варце лесу.

Памочнікам ляснічага працуе малады спецыяліст Бетанаў Аляксей. У лясніцтве 8 леснікоў, 2 трактарысты, 1шафёр, 3 лесарубы, 1 пчаляр. Так – так, Гарочыцкае лясніцтва адзінае з 12 лясніцтваў Калінкавіцкага лясгаса, якое мае ў сваёй гаспадарцы пчолапасеку, што складаецца з 27 пчоласямей. Даглядае пчол з 2001 г. Уладзімір Таўтын. Летась, напрыклад, яго збіральніцы нектару прыняслі ў лясгасаўскую касу 289, 3 кг мёду на суму 18,8 млн. руб.

З 1992 г. лесніком у лясніцтве працуе Мікалай Залеўскі, з 1996г. – Уладзімір Варажун, з 1997г. – Віктар Літошык і Уладзір Цітоў, з 2001г. – воінінтэрнацыяналіст Аляксандр Зайцаў.

Сёлета калектыў лясніцтва ўжо пасадзіў 41,2 га лесу, на 24,6 га правялі асвятленне, здзейснілі прахадную рубку на 14,5 га і выбарачна – санітарную на 15,5 га. І самае галоўнае, гарочыцкія вартавыя лесу не дапусцілі сёлета ніводнага палу лесу.

Лепшы ў рэспубліцы

“Гарочыцкі комлексна-прыёмны пункт гарадскога камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва ў апошнія гады па праву лічыцца адным з лепшых у сістэме быту не толькі раёна, але і рэспублікі. За мінулы год, напрыклад, па выніках рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва яму прысвоена ганаровае званне «Лепшы сельскі комплексна-прыёмны пункт». Працоўная перамога калектыву адзначана ганаровым вымпелам Міністэрства бытавога абслугоўвання насельніцтва БССР і рэспубліканскага галіновага прафсаюза работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва, грашовай прэміяй.

<…> Вось ужо 15 гадоў узначальвае комплексна-прыёмны пункт дэпутат раённага савета народных дэпутатаў, выдатнік службы быту Валянціна Мікалаеўна Кулыба, чалавек няўрымслівы і энергічны.

<…> Усяго на КПП працуе восем чалавек. Аўтарытэтам і павагай карыстаюцца ў калектыве, а таксама ў заказчыкаў брыгадзір, закройшчыца Таццяна Спірыдонаўна Ціхіня, дэпутат сельскага Савета, член выканкома швачка Жанна Аляксандраўна Буднік, кавалер ордэна Працоўнай Славы 3-й ступені швачка Ганна Мацвееўна Гаўрылюк і іншыя. Вырабленыя іх рукамі рэчы вызначаюцца высокай якасцю і элегантнасцю. Неабходна таксама адзначыць і тое, што амаль усе працаўнікі КПП валодаюць сумежнымі прафесіямі. Так, Жанна Буднік па суботах становіцца цырульнікам, Таццяна Ціхіня можа не толькі зрабіць выкрайкі, але і пашыць адзенне.

Нядрэнна ідуць справы ў калектыве бытавікоў і сёлета. Стаўшы на ўдарную працоўную вахту па дастойнай сустрэчы 70-годдзя Вялікага Кастрычніка, яны поўныя рашучасці вытворчую праграму года выканаць да слаўнага юбілею. План лютага, напрыклад, па аказанні насельніцтву бытавых паслуг працаўнікі Гарочыцкага КПП перавыканалі амаль на паўтары тысячы рублёў. Сёння ўжо відаць, што будзе ў цэлым перавыкананы і план квартала”.

Вось так расказвала пра калектыў гарочыцкіх працаўнікоў бытавога абслугоўвання насельніцтва газета “За камунізм” 19 сакавіка 1987 г. у падборцы інфармацый “У Гарочыцкім сельскім савеце”.

А 23 мая гэтага ж года журналістка Паліна Берасцень размясціла на старонках раёнкі свой артыкул “Лепшая ўзнагарода – давер’е людзей”, у якім расказала наступнае:

“Наўрад ці знойдзеш сям’ю ў Гарочыцкім сельсавеце, якая б не карысталася паслугамі мясцовага комплекснага прыёмнага пункта. У зоне абслугоўвання яго — адзінаццаць вёсак, у якіх жыве больш двух тысяч чалавек. Дзевятнаццаць відаў паслуг аказвае КПП насельніцтву. Гэта — выраб адзення і яго рамонт, паслугі цырульні, якія выконваюцца на месцы, а таксама вязка трыкатажу, яго рамонт, рамонт складанай бытавой тэхнікі, паслугі хімчысткі, пральні, пракату і іншыя.

Загадчыца комплекснага прыёмнага пункта Валянціна Мікалаеўна Кулыба, якая працуе тут пятнаццаць гадоў, расказвае аб тым, як арганізуецца прыём заказаў, як расце аб’ём рэалізацыі паслуг, як працуе кожны работнік КПП, якія ствараюцца ўмовы для работы.

— Поспех у нашай справе,— гаворыць загадчыца, — залежыць ад умення, добрасумленнасці, ініцыятывы кожнага з нас, а таксама ад разумення важнасці сваёй працы, яе высокага грамадскага прызначэння. Паспяховаму вырашэнню ўсіх гэтых задач і падпарадкавана дзейнасць нашага калектыву.

Словы Валянціны Мікалаеўны пацвярджаюцца практычнымі справамі. У прасторным светлым будынку КПП размясціліся прыёмны пакой, швейная майстэрня, у асобным памяшканні абсталявана рабочае месца цырульніка.

Заказчык можа пазнаёміцца тут з узорамі новых вырабаў і матэрыялаў, папіць вады, соку, набыць цукеркі, цыгарэты, купіць некаторыя тавары гаспадарчага прызначэння.

Нярэдка работнікі КПП самі ідуць да людзей на дом, а таксама на фермы, у поле, дзе працуюць жывёлаводы, паляводы, каб узяць заказы або даставіць іх, выявіць новыя патрэбы на той ці іншы від паслуг, а разам і рэкламуюць яго карысць.

Заказчыкі і самі ахвотна наведваюць швейную майстэрню, яны давяраюць работнікам службы быту.
Свой абавязак работнікі службы быту Гарочыцкага комплекснага прыёмнага пункта на чале з загадчыцай В. М. Кулыбай бачаць у пастаянным паляпшэнні сельскага сервісу. Таму ў калектыве значная ўвага ўдзяляецца вучобе.

Нядаўна Валянціна Мікалаеўна была на семінары ў Гродзенскай вобласці, прывезла адтуль шмат новых ідэй і задумак, якія хутка думае рэалізаваць для таго, каб больш поўна задаволіць патрэбы жыхароў сельскага Савета ў бытавых паслугах, каб пазбавіць іх ад неабходнасці ехаць дзеля гэтага ў атэлье, майстэрні горада Калінкавічы.

Штодзённыя клопаты аб людзях, імкненне як мага лепш выканаць любое даведзенае заданне дазваляюць гэтаму калектыву з месяца ў месяц, з года ў год выдатна спраўляцца з тым аб’ёмам работы, які на яго ўскладзены. Так, напрыклад, за чатыры месяцы бягучага года перавыкананы план аказання бытавых паслуг насельніцтву на 2,5 тысячы рублёў. Аб’ём паслуг на аднаго жыхара за гэты перыяд склаў 14 руб. 8 капеек пры плане 12 рублёў 83 капейкі.

А па выніках работы за мінулы год, дакладней, па выніках рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва калектыў Гарочыцкага КПП заняў першае месца і ўзнагароджаны вымпелам і грашовай прэміяй.

У поспехах калектыву ёсць вялікая заслуга загадчыцы Валянціны Мікалаеўны, якая змагла накіраваць дзейнасць кожнага працаўніка на паляпшэнне арганізацыі абслугоўвання людзей, павышэнне яго якасці, культуры, якая робіць усё магчымае, каб заказ на любую бытавую паслугу быў прыняты, добра і тэрмінова выкананы.

Па працы і пашана. В. М.Кулыба за сваю плённую працу неаднаразова заахвочвалася каштоўнымі падарункамі і граматамі гарадскога камбіната бытавога абслугоўвання, а таксама Міністэрства бытавога абслугоўвання БССР. У 1982 годзе ёй прысвоена званне «Выдатнік службы быту».

Зараз у працоўных калектывах нашага горада і раёна праходзіць падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя Саветы: ідзе вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Нядаўна такі сход адбыўся ў саўгасе «Калінкавіцкі», на якім ужо другое скліканне запар працаўнікі гаспадаркі аднадушна вылучаюць кандыдатам у дэпутаты раённага Савета народных дэпутатаў па Гарочыцкай выбарчай акрузе № 47 загадчыцу свайго КПП Валянціну Мікалаеўну Кулыба. Яны ўпэўнены, што як і на сваёй асноўнай рабоце, яна энергічна і настойліва будзе выконваць і дэпутацкія абавязкі.

Лепшай узнагароды для сябе, чым давер’е людзей, кандыдат у дэпутаты раённага Савета, загадчыца Гарочыцкага комплекснага прыёмнага пункта не жадае. А заслужыла аўтарытэт і прызнанне ў сваіх аднавяскоўцаў гэтая сціплая і ветлівая жанчына адносінамі да той справы, якой прысвяціла сваё жыццё, і якой аддае энергію, творчасць і ініцыятыву”.

— Валянціна Мікалаеўна да апошняй хвілінкі свайго жыцця засталася вернай сваёй справе. 16 сакавіка 2008 г. мы пасля рабочага дня прама на комплексным прыёмным пункце адзначылі яе 60-годдзе. – расказвае сёння Кулакова Валянціна Сямёнаўна, якая вось ужо год, як працуе адна ў Гарочыцкім КПП. – У той дзень Мікалаеўна сказала нам: “Дзяўчаты, у наступным годзе мой дзень нараджэння будзем святкаваць у мяне дома. Вось дапрацую да водпуска і пайду на адпачынак”.

А 8 мая яе не стала: раніцой ужо сабралася ісці на працу, як раптам стала дрэнна і яна памерла – абарваўся тромб.

Пасля смерці Валянціны Мікалаеўны калектыў КПП пачаў змяншацца, як мінулагодні снег на вясеннім сонейку. Дзяўчаты адна за другой пачалі выходзіць на заслужаны адпачынак, і ў выніку з мінулага года на КПП я засталася адна.

Дарэчы, Валянціна Кулакова нядаўна адзначыла сваё 54-годдзе. 34 гады з іх яна аддала працы ўГарочыцкім КПП. Сама яна родам з Даманавіч. А пасля заканчэння Гомельскага тэхнічнага вучылішча №20 у 1982 г. прыбыла ў Гарочычы, дзе раней праходзіла вытворчую практыку па швейнай справе. Планавала, што на невялікі час, а так атрымалася – на ўсё жыццё. І жыхары Гарочыч, ды і сама Валянціна Сямёнаўна даўно ўжо лічыць сябе тутэйшай, гарачычанкай.

А вось жыхарка Бабровіч Гаўрылюк Ганна Мацвееўна нарадзілася ў Гарочычах у вялікай сялянскай сям’і, у якой было 8 дзяцей.

— Шыць я пачала з 12 гадоў, вышывала спачатку ўручную, — расказвае былая закройшчыца Гарочыцкага КПП. – А ў 9 класе бацька купіў мне швейную машынку. У школе я вучылася добра, але звязваць свой лёс з вышыванкамі не збіралася. Бацька хацеў, каб я стала доктарам. А я вырашыла паступаць у інстытут замежных моў. Толькі, як аказалася, мяне там не надта чакалі.

Прыйшлося ўладкоўвацца на працу. Паступіла на Гарочыцкі льнозавод, якім у 1969 г. кіраваў Цімашэнка з Блажкоў.

У 21 год выскачыла замуж і вырашыла змяніць месца працы. Паехала ў Калінкавічы, каб уладкавацца ў Гарочыцкі комплексны прыёмны пункт, а дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання і гаворыць мне: “Што шыць умееш – гэта добра, а вось падвучыся на закройшчыцу у нас, тады мы цябе і возьмем закройшчыцай у Гарочычы”.

Так я стала вучаніцай закройшчыцы ў Калінкавічах, а праз пару месяцаў, са студзеня 1973 г. ужо працавала ў Гарочыцкім КПП. Калі я прыйшла ў КПП, касірам-прыёмшчыкам, ці загадчыцай, як мы называлі, там працавала Марына Папко, партніхамі Валянціна Кулыба і Таццяна Дземідзенка. Разам са мной прыйшла закройшчыцай Таццяна Ціхіня. У хуткім часе Марына Папко звольнілася, а на яе месца прызначылі Валянціну Кулыба.

Затым да нас прыйшлі партніхі: Варвара Кісель і Галіна Краўцова.

Многа рознага люду прайшло праз КПП: жонкі ваенных з Бабровіч, моладзь, якая папрацаваўшы крыху, падавалася далей. А вось касцяком калектыву заставаліся менавіта мы: Валянціна Кулыба – наша загадчыца, Варвара Кісель, Кужэлка ды я.

У кастрычніку 1988 г. газета “За камунізм” на 2-й старонцы пад рубрыкай “Іх узнагародзіла Радзіма” змясціла фотапартрэт Гаўрылюк і невялічкі подпіс да яго, у якім гаварылася наступнае:

“Ганна Мацвееўна Гаўрылюк працуе закройшчыцай у Гарочыцкім атэлье. І не проста працуе, а ўкладвае ў работу ўсю сваю душу і веды, стараецца, каб зробленыя ёю заказы былі дабротнымі і прыгожымі. Таму і не выпадкова, што ў яе заўсёды многа заказчыкаў.

За дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыялістычным спабор-ніцтве яна ўзнагароджана знакам “Ударнік адзінаццатай пяцігодкі”. А нядаўна сяброўкі па працы павіншавалі яе яшчэ з адной высокай урадавай узнагародай – ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені, якога яна ўдастоена за выкананне заданняў і абавязацельстваў адзінаццатай пяцігодкі” (“За камунізм”. 14 кастрычніка 1986 г.).

Вось ужо 7,5 гадоў заслужаная працаўніца бытавога абслугоўвання насельніцтва знаходзіцца на адпачынку, адпрацаваўшы яшчэ на КПП 3,5 гады пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.

І сёння вопытная закройшчыца не забывае сваёй справы, калі некаму з родных патрабуецца абнова, Ганна Мацвееўна бярэцца за справу, хаця здароўе ўжо не-не ды і напамінае пра тое, што адпачываць трэба як мага больш.

Ветліва і культурна

“У магазіне №9 Гарочыцкага сяльпо заўсёды шмат пакупнікоў. Гэта не толькі жыхары вёскі Гарочычы, але і бліжэйшых вёсак, а таксама горада Калінкавічы. Заўсёды спыняюцца тут і праезжыя машыны, вадзіцелі і пасажыры якіх заходзяць у магазін за пакупкамі.

Ветліва і хутка абслугоўваюць наведвальнікаў загадчыца магазіна Еўдакія Аляксандраўна Маскалевіч, якая працуе ў гандлі ўжо больш дваццаці гадоў, а таксама прадаўцы Валянціна Еўтухаўна Казак, Кацярына Міхееўна Піліпейка, Валянціна Аркадзьеўна Пырх, Наталля Мікалаеўна Сцяпанава. Яны заўсёды клапоцяцца аб дастатковым завозе прадуктовых тавараў, тавараў паўсядзённага попыту рознага асартыменту, аб тым, каб усе рэчы былі раскладзены на прылаўках акуратна і зручна.

З асаблівай увагай адносяцца прадаўцы магазіна да нас, ветэранаў вайны. Па меры магчымасці выконваюць нашы заказы. З задавальненнем мы наведваем магазін, выходзім заўсёды з добрым настроем і патрэбнымі пакупкамі”.

Так напісалі пра сваіх гандляроў ветэраны вайны з Гарочыч, даслаўшы ім сваю ўдзячнасць за шчырую працу ў раёнку, якая была апублікавана 10 кастрычніка 1987 г.

А яшчэ раней, 7 лістапада 1986 г., газета “За камунізм” напісала:

“У вёсцы Гарочычы Еўдакію Аляксееўну Маскалевіч ведаюць усе: і дарослыя, і дзеці. 23 гады працуе яна тут загадчыцай магазіна. Высокае прафесійнае майстэрства, увага да людзей, імкненне як мага лепш задаволіць іх запатрабаванні – вось што характэрна для Е. А. Маскалевіч.

За поспехі, дасягнутыя ў выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў у адзінаццатай пяцігодцы, сёлета Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Еўдакія Аляксееўна Маскалевіч узнагароджана медалём “За працоўную доблесць”.

Нарадзілася Еўдакія Аляксееўна ў 1939 г. у в. Вязавіца ў сям’і Вольгі Іванаўны і Аляксея Іванавіча Хруль. Бацьку свайго яна не памятае, бо з фронту прыйшла пахаронка, у якой паведамлялася, што “чырвонаармеец Хруль Аляксей Іванавіч загінуў смерцю героя ў баях за сацыялістычную Радзіму”.
З дзяцінства спазнаўшая па чым фунт ліха, Еўдакія на ўсё жыццё запомніла, што да людзей трэба адносіцца так, як ты хочаш, каб адносіліся да цябе, і што толькі самаадданай працай можна заслужыць павагу і пашану. І заўжды прытрымлівалася гэтага правіла.

Пасля заканчэння ў 1964 г. магазіна-школы Калінкавіцкага райспажыўсаюза атрымала накі-раванне на працу ў Гарочычы, дзе ўзначаліла магазін “Харчтавары”. З цягам часу завочна закончыла Гомельскі кааператыўны тэхнікум.

У Гарочычах яна сустрэла і сваё шчасце. Гарочыцкі хлопец Сяргей Маскалевіч, які працаваў галоўным эканамістам саўгаса “Калінкавіцкі”, прапанаваў вязавіцкай прыгажуні саю руку і сэрца. Яны пасяліліся побач з магазінам. І ў маладой сям’і ў хуткім адна за другой паявіліся дочкі: Наталля і Святлана.

Муж стаў надзейнай апорай для Еўдакіі, якая мала радаснага бачыла ў сваім безбацькоўскім дзяцінстве і юнацтве. Аднак сямейнае шчасце не было доўгім. Дарожнатранспартнае здарэнне… І Свет перакуліўся на вачах.

Еўдакія Аляксееўна знайшла ў сабе сілы, каб не схіліцца пад ударамі лёсу, яна з галавой увайшла ў работу, бо трэба было жыць далей, расціць і выхоўваць дзяцей, як гэта ў свой час рабіла яе маці, якая пераехала жыць да яе, каб падтрымаць і дапамагчы ў цяжкую хвіліну.

“У Гарочычах пабудавалі новы тыпавы магазін, — успамінае былая загадчыца магазіна больш чым з трыццацігадовым стажам. – Яго зрабілі “куставой базай” у раёне. Мы атрымалі новае гандлёвае абсталяванне, увялі самаабслугоўванне.

Работа была неверагодна цяжкай. Мы ў тыя часы рабілі падворныя абходы: закуплялі ў людзей бульбу і яблыкі, яйкі і мяса, сабіралі другасную сыравіну. Грузілі і разгружалі па некалькі машын з мукой і камбікормам, кавунамі і іншым харчовым таварам.

Але, нягледзечы на цяжкаці, было і цікава. На базе нашага магазіна часта праходзілі семінары перадавога вопыту. Мы вучылі моладзь. Калектыў у нас быў невялічкі, але надзейны”.

З асаблівай цеплынёй гаворыць Еўдакія Аляксееўна пра свайго намесніка Кацярыну Міхееўну Піліпейка, жонку старшыні Гарочыцкага сельскага спажывецкага таварыства Івана Міронавіча Піліпейкі, якая не толькі стала яе надзейнай сяброўкай на усё жыццё, але і названай сястрой.

“Я магла пакінуць на яе не толькі магазін, але і дачку”, — гаворыць Еўдакія Аляксееўна.

З цеплынёй і павагай успамінае яна і пра Валянціну Еўтухаўну Казак, якая трапіла ў Гарочычы з Надтачаеўкі Нараўлянскага раёна пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, Валянціна Еўтухаўна і сёння працягвае працаваць у гэтым жа магазіне.

За шматгадовую добрасумленную працу ў гандлі Еўдакія Аляксееўна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, удастоілася званняў “Ударнік камуністычнай працы” і “Лепшы загадчык магазіна”, неаднаразова выбіралася дэпутатам Гарочыцкага сельскага Савета дэпутатаў.

Старэйшая дачка Еўдакіі Маскалевіч пайшла па мацярынскай сцяжынцы. Яна закончыла фінан-саваэканамічны тэхнікум. Працавала пасля размеркавання ў Ельскім раёне, затым вярнулася ў Гарочычы, працавала ў “маміным”магазіне. Зараз Наталля Сяргееўна – загадчыца гандлёвага аддзела Калінкавіцкага райспажыўтаварыства.

Яе сястра Святлана закончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Скарыны, стала эканамістам.

Добрай славай і не толькі ў Гарочычах карыстаўся і прамтаварны магазін № 1 Гарочыцкага сельскага спажыўтаварыства.

Вось што, напрыклад, са сваіх старонак паведамляла пра яго калектыў газета “За камунізм”:

“Добрых вынікаў у працы дабіваецца камсамольска-маладзёжны калектыў прамтаварнага магазіна № 1 Гарочыцкага сельскага спажывецкага таварыства. Па выніках работы за 1985 год і ў сацыялістычным спаборніцтве па дастойнай сустрэчы XXVII з’езда КПСС ён выйшаў пераможцам сярод гандлёвых арганізацый Калінкавіцкага райспажыўсаюза. Радуюць працоўныя поспехі калектыву і за першы квартал бягучага года. План тут выкананы на 104 %.

З пачуццём адказнасці да сваёй работы адносяцца прадавец Алена Мікалаеўна Колас, старшы прадавец Вікторыя Віктараўна Пацера. У поспехах калектыву ёсць заслуга і загадчыцы магазіна Ганны Іванаўны Сідаравай” (“За камунізм”. 15 мая 1986 г.).

Праз пяць гадоў раёнка пісала пра гэты ж магазін наступнае:

“Люба зайсці ў прамысловы магазін вёскі Гарочычы, дзе загадчыцай гандлёвага прадпрыемства працуе Алена Мікалаеўна Спарыш. Тут можна выбраць сабе па густу дывановыя вырабы, самую сучасную мэблю, тавары для дома і гаспадаркі. Па тым, які парадак пануе ў магазіне, можна меркаваць аб старанні яго калектыву дагадзіць вясковым пакупнікам не толькі шырокім асартыментам прамысловых тавараў, але і ўтульнасцю гандлёвай залы.

— Звычайна за месяц мы рэалізоўваем тавараў на 4 і больш мільёнаў рублёў, — зазначыла ў размове Алена Мікалаеўна. – Імкнёмся цалкам задаволіць попыт хлебаробаў на ўсе тавары прамысловай групы.

Добра адазвалася загадчыца і аб прадаўцу магазіна Але Іванаўне Сідаравай. Яна ахарактарызавала яе як вопытнага работніка, здольнага самастойна вырашаць практычна ўсе пытанні гандлёвага характару.” (“Калінкавіцкія навіны”. 24 лістапада 2001 г.).

Каля трыццаці гадоў адпрацавала ў магазіне на станцыі Гарочычы прадаўцом і загадчыцай Валянціна Міхайлаўна Каваленя.

Акрамя вышэйназваных, працавалі і працягваюць працаваць у гандлёвай сферы Гарочыч шмат іншых заслужаных людзей.
Напрыклад, адзін з іх, мы ўжо яго ўспаміналі – старшыня Гарочыцкага сельскага спажывецкага таварыства Піліпейка Іван Міронавіч – адзіны работнік гандлю ў Калінкавіцкім раёне, які быў удастоены высокага звання “Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР”.

— Нарадзіўся Іван Міронавіч у в.Селішча, што ля Замосця, у 1929 г., — расказвае яго жонка Кацярына Міхееўна, якая і сёння жыве ў Гарочычах. – Маці яго Дар’я Іванаўна працавала радавой калгасніцай, а бацька Мірон Іванавіч –фельчарам у Насавічах. У Івана быў яшчэ малодшы брат.

Пасля заканчэння Замосцеўскай школы ён паступіў спачатку вучыцца на шафёра, затым – у Гомельскі кааператыўны тэхнікум, пасля заканчэння якога ў снежні 1949 г. быў прыняты ў Калінкавіцкі райспажыўсаюз на пасаду інструктара раённай нарыхтоўчай канторы.

Праз чатыры месяцы Івана прызвалі на тэрміновую службу ў армію.

Пасля дэмабілізацыі ў 1953 г., у снежні, Івана Міронавіча прызначылі намеснікам старшыні Гарочыцкага сельспажыўтаварыства па гандлі.

У сакавіку 1956 г. яго перавялі на аналагічную пасаду ў Васілевіцкае сельспажыўтаварыства, а ў чэрвені 1957 г. ён становіцца старшынёй Дуброўскага сельскага спажывецкага таварыства.

У кастрычніку 1959 г. ён зноў вяртаецца ў Гарочычы на пасаду загадчыка гандлёвага аддзела таварыства.

Дарэчы, у гэтым годзе мы з ім і пазнаёміліся. Я сама родам з Замосця. Працавала тады ў калгасе на трусаферме. Старшыня калгаса Няменка за ўзорную працу накіраваў мяне ў 1959 г. на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу ў Маскву. Тры месяцы на гэтай выставе я дэманстравала дасягненні нашага калгаса ў галіне трусаводства. Мяне там узнагародзілі сярэбраным медалём і прыгожым дываном. Прыехала дамоў, і пайшла на Закаванку, каб пасціраць бялізну, сціральных машын у той час не было, таму сціралі на рэчцы. Сціраю, значыць, а тут ён міма да бацькоў у Селішча з цягніка ідзе. Прыпыніўся, загаварыў. Пазнаёміліся, а потым і заручыліся.

У кастрычніку 1961 г. Івана Міронавіча абралі старшынёй Гарочыцкага сельспажыўтаварыства”.

Вось што ўспамінае аб часе сваёй працы ў Гарочыцкім сельспажыўтаварыстве жыхарка Гарочыч Шапецька Вера Уладзіміраўна, якая з 1971 па 2005г. працавала там аргінструктарам і інструктарам па кадрах:

“Нарадзілася я ў Смаглаве. Закончыла Есіпаваруднянскую васьмігодку, а сярэднюю школу – у Гарочычах. Затым паступіла ў Гомельскі кааператыўны тэхнікум на бухгалтарскае аддзяленне. Замуж выйшла за жыхара Гарочыч Шапецька Анатоля Мікалаевіча. У Гарочычах стала працаваць загадчыцай новай саўгаснай сталовай, якую толькі што пабудавалі.

У 1972 г. перайшла на працу ў сельспажыўтаварыства.

Старшынёй у нас працаваў паважаны чалавек – Піліпейка Іван Міронавіч. Яшчэ ў 1968 г. яму за выдатныя поспехі ў развіцці гандлю і грамадскага харчавання Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР”.

Гарочыцкае сельспажыўтаварыства заўсёды было на вышыні. Мы пры Івану Міронавічу заўжды былі ў лідарах па ўсіх пазіцыях. У таварыстве працаваў дружны і вопытны калектыў. Галоўным бухгалтарам у нас працаваў жыхар Убалаці Цімафееў Сцяпан Ігнатавіч – чалавек вялізнага вопыту і перадпенсійнага ўзросту. Яго намеснікам таксама была жыхарка Убалаці Салук Хрысціна Верамееўна. Касірам у нас працавала ветэран таварыства Арцёменка Ева Пятроўна, яна і сёння жыве ў Гарочычах, размяняўшы на сваім вяку 92 год. Бухгалтарам была ўраджэнка Гарочыч Мельнікава Кацярына Іванаўна. Ёй ужо 83 гады, зараз яна знаходзіцца ў дзяцей у Мінску.

Гарочыцкае сельспажыўтаварыства абслугоўвала насельніцтва вёсак: Даманавічы, Авангард, Халоднікі, Тарканы, Бабровічы, Гарочычы, Вязавіца, Ліпава, Ракаў, Ператок, Міроненкі, Рудзенька, Перадзельнае, Вішар, Смалянка, Буда і Есіпава Рудня, Насавічы, Ляскі, Зеляночы, Убалаць, Блажкі, Саланік, Хамічы і Гогалева. А пад 2000 г. перадалі і вёскі Залатушскай старонкі: Лукі, Падлукі, Хатыні, Залатуху, Навінкі.

Івану Міронавічу прыйшлося пакінуць старшынёўскую пасаду з-за аферысткі, якая працавала ў Хатынях. Тая такіх натварыла спраў з прысваеннем грошай, што яе пасадзілі, а дом канфіскавалі, перавезлі яго ў Блажкі, і там з яго зрабілі магазін.

Пасля Піліпейкі старшынёй Гарочыцкага сельспажыўтаварыства працавала Бандарчук Яўгенія Васільеўна, ездзіла з Калінкавіч. Пасля выхаду на пенсію, яе змяніў Сачкоў Анатоль Віктаравіч. Потым кіраўніцтва ў нас мянялася, як пальчаткі, адзін за другім. Калі я выходзіла на пенсію ў маі 2005 г., быў Бычкоў Аляксей Ігнатавіч. Яго змяніла Процка Галіна Міхайлаўна.

Сваё месца я ўступіла сваёй дачцы, якая закончыла гандлёвы тэхнікум”.

— У лістападзе 1973 г. Іван Міронавіч перайшоў на работу ў аддзел рабочага забеспячэння НАД-4, дзе на працягу наступных 16 гадоў працаваў экспедытарам сталовай №16, інспектарам гандлёвай сеткі, тавараведам-брокерам. – расказвае яго жонка Кацярына Міхееўна. – 16 верасня 1989 г. ён выйшаў на заслужаны адпачынак, а 27 красавіка 2011 г. яго не стала.

Бацькоўскую дарогу ў жыцці выбралі і нашы дачушкі. Старэйшая Ала, якая нарадзілася ў 1963 г., закончыла Мінскі тэхнікум савецкага гандлю, працавала ў Гомелі, затым выйшла замуж за ваеннага і пераехала ў Бабровічы. Працавала ў тым жа магазіне ў Гарочычах, што і я, затым – у Бабровічах, два гады назад змяніла спецыялізацыю – працуе на Калінкавіцкім мясакамбінаце.

Малодшая Ліля, нарадзілася ў 1965 г., закончыла Маскоўскі фінансава-эканамічны ўніверсітэт. Выйшла замуж за ваеннага. Зараз жыве ў Варонежы. Працуе ў гарадской адміністрацыі.

А я з 2005 г. на заслужаным адпачынку. Больш трыццаці гадоў свайго жыцця аддала гандлёвай справе”.

Як паведамілі мне ў Калінкавіцкім раённым спажывецкім таварыстве, ў 1974 старшынёй Гарочыцкага сельспажыўтаварыства выбралі Мухіна Міхаіла Уладзіміравіча, якога ў 1977 г. змяніла Бандарчук Яўгенія Васільеўна.

У 1977 г. у Гарочычах згарэў магазін, і галоўны сатырычны часопіс Беларусі не прамінуў, каб не прайсціся па гэтаму факту рэзкім сатырычным пяром, апублікаваўшы міні-фельетон “Гарочыцкая эканомія”:

“На адной з нарад старшыня Калінкавіцкага райспажыўсаюза Міхаіл Міхайлавіч Шарынец запытаў у старшыні Гарочыцкага сяльпо т. Бандарчука:

— На чым бы ты сэканоміў?

— Зрэзаў бы сродкі на супрацьпажарную ахову, — адказаў той. — У нас жа, даражэнькія, ніколі не было пажараў.

— А што, Яўген Васільевіч мае рацыю! — падаў нехта голас.

Прапанову падтрымалі. А неўзабаве перасталі набываць не толькі новае супрацьпажарнае абсталяванне, але не звярталі ўжо ўвагі і на старое.

А сам Шарынец пасля той нарады чакаў звестак з сяльпо: якую эканомію ад гэтага мерапрыемства атрымалі? І дачакаўся…

Аднойчы ўбачыў, як да канторы подбегам, азіраючыся па баках, шыбуе старшыня Гарочыцкага сяльпо Бандарчук:

— Бяда, Міхайлавіч, — ледзь пераводзячы дыханне, крычаў Бандарчук. — У Гарочычах магазін згарэў. Тавараў у тым агеньчыку ажно на цэлых 15 тысяч рублікаў ляснула. Хапіліся былі тушыць. Дык нават дзіравага вядра не знайшлося.

На гэтым, магчыма, можна было б і кропку паставіць. Але ніхто не ведае, аб якой эканоміі пойдзе гаворка на наступнай нарадзе” («Вожык», № 10, 1977 г.).

З верасня 1981 г. кіраўніцтва ў сельспажыўтаварыстве прыняў на сябе Сачкоў Анатоль Віктаравіч. У маі 1991 г. яго змяніў Змушка Віктар Арсеньевіч.

У 1995 г. Гарочыцкае спажывецкае таварыства было перайменавана ў Гарочыцкае гасразліковае рознічнае гандлёвае аб’яднанне, дырэктарам якога працягваў працаваць Віктар Змушка.

У кастрычніку 1998 г. в. а. дырэктара аб’яднання прызначылі Кардакову Людмілу Іванаўну.

З красавіка наступнага года кіраўніцтва аб’яднаннем былоўскладзена на Бычкова Аляксея Ігнатавіча, якога ў красавіку 2002 г. змяніла Процка Галіна Міхайлаўна.

У сувязі з рэарганізацыяй Калінкавіцкага райспажыўтаварыства ў лютым 2000 г. Гарочыцкае гасразліковае рознічнае гандлёвае аб’яднанне было далучана да Калінкавіцкага райспажыўтаварыства ў якасці Гарочыцкага філіяла. А ў выніку другой рэарганізацыі Калінкавіцкага райспажыўтаварыства ў красавіку 2014 г. Гарочыцкі філіял быў далучаны да райспажыўтаварыства ў якасці Гарочыцкага ўчастка рознічнага гандлю.

У Калінкавіцкім райспажыў-таварыстве не змаглі знайсці дакладных звестак пра канкрэтны год утварэння ў Гарочычах сельскага спажывецкага таварыства. З працоўнай кніжкі Івана Піліпейкі, напрыклад, вядома, што прымаў яго на работу ў снежні 1953 г. старшыня праўлення Гарочыцкага спажыўтаварыства Кацман. А ў 1959 г., як сведчаць зарплатныя ведамасці, што захоўваюцца ў Калінкавіцкім райспажыўтаварыстве, старшынёй Гарочыцкага таварыства быў Багачоў Васіль Якаўлевіч. На гэтай жа пасадзе з сакавіка 1964г. працавала Ванітаф’ева Раіса Паўлаўна, а з сакавіка 1968 г. – Басок Аркадзь Генрыхавіч. У студзені 1970 г. яго змяніў у чарговы раз Піліпейка Іван Міронавіч.

Цэнтр адміністрацыйна- тэрытарыяльнай адзінкі

У адпаведнасці з рашэннем Гомельскага аблвыканкама 21 лістапада 1968 г. быў утвораны Гарочыцкі сельскі савет, у склад якога ўвайшлі 7 населеных пунктаў: вёскі Гарочычы, Рудзенька, Перадзельнае, Рудніца, Бабровічы, Сельцы і пасёлак Гарочыцкі. Вёска Гарочычы стала цэнтрам адміністрацыйна — тэрытарыяльнай адзінкі.

28 лістапада на арганізацыйнай сесіі сельсавета быў выбраны яго першы старшыня Федарэнка Іван Савельевіч.

На той час у Гарочычах налічвалася 362 наяўныя гаспадаркі і 1146 жыхароў. Гэта з улікам пасёлка Гарочыцкага.

Міналі гады. Змянялася і знешняе аблічча Гарочыч. Пры гэтым, як кажуць філосафы, змянялася не толькі яго форма, але і змест. Праўда, не ўсё ў лепшы бок. Калі знешняе аблічча вёскі з гадамі толькі прыгажэла, то колькасць яе жыхароў з гадамі памяншалася. Напрыклад, у 1999 годзе ў Гарочычах налічвалася 280 двароў і 603 жыхары, у пасёлку Гарочыцкім — 88 двароў і 185 жыхароў.
У вёсцы працавалі: льнозавод, лясніцтва, чыгуначная станцыя Гарочычы, комплексны прыёмны пункт, ветэрынарны ўчастак, механічныя майстэрні саўгаса, клуб, бібліятэка, яслі – сад, сярэдняя школа, навучальны вытворчы камбінат, сельскае спажывецкае таварыства, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, урачэбная амбулаторыя, аптэка, пажарна-выратавальны пост №13, 3 крамы, сталовая, лазня.

У 2005 г. Гарочычы набылі новы статус – яны сталі аграгарадком.

У вёсцы рэканструявалі і адрамантавалі аб’екты сацкультбыту, заасфальтавалі вуліцы, устанавілі і адрамантавалі агароджы па вуліцах.

У аграгарадку створаны ўсе неабходныя ўмовы для працы, жыцця і духоўнага развіцця чалавека.

Акрамя ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, бытавых паслуг і гандлёвых кропак, на тэрыторыі Гарочыч і пасёлка Гарочыцкі функцыяніруюць аддзяленне паштовай сувязі і філіяла “Беларусбанка”. Дарэчы, узначальвае Гарочыцкае паштовае аддзяленне прафесіянал сваёй справы, пераможца абласных і рэспубліканскіх прафесійных конкурсаў паштавікоў Радкевіч Ганна Пятроўна, якая знаходзіцца на гэтым пасту вось ужо 14 гадоў, пасля таго, як пераехала да нас з Ельскага раёна.

Гарочычы, бадай, адзін з нешматлікіх населеных пунктаў раёна, які мае на сваёй тэрыторыі чыгуначную станцыю, якая па аб’ёму выконваемых работ адносіцца да 5 класа. Тут невялічкі калектыў чыгуначнікаў ажыццяўляе пропуск, злучэнне і абгон пасажырскіх і грузавых цягнікоў, маняўровыя работы, падачу-ўборку вагонаў на пад’язныя пуці, абслугоўванне пасажыраў. А першы цягнік прайшоў цераз станцыю Гарочычы ў лютым 1872 г.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 30 мая 2003 г. № 724 у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў ад 27.08 2014 г. № 840 і рашэннем Калінкавіцкага райвыканкама ад 21.07.2003 г. у рэдакцыі рашэння райвыканкама ад 29.12.2014г. №1633 на тэрыторыі Гарочыцкага сельсавета і аграгарадка Гарочычы ўкаранёны дзяржаўныя сацыяльныя стандарты па абслугоўванню насельніцтва. Усе нарматывы выконваюцца ў поўным аб’ёме, як у галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, так і ў галінах адукацыі, культуры, аховы здароўя, транспарту і сувязі, гандлю і бытавога абслугоўвання.

У сувязі з умацаваннем і ваенізацыяй пажарнай службы ў 1995 г. у Гарочычах быў створаны пажарна-аварыйна-выратавальны пост № 13. Спачатку начальнікам паста быў Фралоў Ігар Уладзіміравіч. Зараз яго ўзначальвае Грышан Сяргей Уладзіміравіч.

Па выніках работы за 2015 г. ПАВП № 13 аграгарадка Гарочычы стаў пераможцам раённага спаборніцтва сярод падраздзяленняў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

У розныя гады кіраўніцтва Гарочыцкім сельскім Саветам ажыццяўлялі: Рубанік Марыя Іванаўна, Аліферка Сяргей Фёдаравіч, Дулуб Алег Іванавіч, Хвастова Людміла Канстанцінаўна.

Па выніках работы за 1999г. Гарочыцкі сельскі савет, які ўзначальвала Людміла Хвастова, заняў другое месца ў раённым спаборніцтве.

З лютага 2004 г. на чале сельсавета стаіць Ражкова Лілія Маісееўна, дэпутат Калінкавіцкага раённага Савета дэпутатаў апошніх двух скліканняў.

З 1995 г. сакратаром сельсавета, а цяпер – кіраўніком спраў сельсавета – працуе ўраджэнка Гарочыч Чарняўская Таццяна Сяргееўна.

Гарочыцкі сельскі савет – самы буйны на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна. Яго плошча складае 10992 га, з іх — 2581 га сельгасугоддзяў і 7730 га лясоў. У яго населеных пунктах пражывае больш за 3000 жыхароў.

— У 2014 г. у час выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, — расказвае Лілія Ражкова, – дэпутатамі Гарочыцкага сельсавета выбрана 11 чалавек – лепшых людзей сельсавета, якія актыўна ўключыліся ў вырашэнне мясцовых праблем.

Для арганізацыі канкрэтнай работы, своечасовага вырашэння актуальных пытанняў, якія ўзнікаюць на нашай тэрыторыі, у населеных пунктах савета на сходах грамадзян абраны і працуюць памочнікі старшыні. У 2015 годзе праведзены 21 сход грамадзян, на якіх вырашаліся самыя надзённыя пытанні жыццядзейнасці вёсак. Добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак, паляпшэнне санітарнага стану, вулічнае асвятленне, медыцынскае і гандлёвае абслугоўванне, правядзенне штогадовага ўдакладнення пагаспадарчага ўліку, правядзенне сходаў грамадзян і святаў вёсак – вось няпоўны пералік пытанняў, якія разглядаліся і пераўтвараліся ў канкрэтныя справы.

Пэўную дапамогу сельвыканкаму ў працы з насельніцтвам аказваюць створаныя на тэрыторыі сельсавета грамадскія фарміраванні. У прыватнасці, рашэннем сельвыканкама створана назіральная камісія, якая два разы ў месяц (2 і 4 чацвер) праводзіць абследаванне дамоў вяскоўцаў на прадмет супрацьпажарнага стану домаўладанняў. У мэтах выкаранення п’янства, як асноўнага фактару гібелі людзей ад пажараў, праводзяцца прафілактычныя гутаркі з грамадзянамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі.

За 2015 год назіральнай камісіяй праведзена абследаванне 466 домаўладанняў і кватэр, што складае 97% ад агульнай колькасці кантраляванай катэгорыі грамадзян (348). За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі назіральнай камісіяй за мінулы год складзена 5 адміністрацыйных пратаколаў, выяўлена 52 парушэнні, якія ўсе выпраўлены. Усе домаўладанні адзінокіх грамадзян, шматдзетных сем’яў, сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, аснашчаны аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі.

Працягвае сваю працу і Гарочыцкі савет грамадскага пункта аховы правапарадку. Летась у ім праведзена 12 пасяджэнняў, на якіх разгледжаны пытанні арганізацыі прафілактычнай і выхаваўчай работы і прымаемыя меры па прафілактыцы п’янства і прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Рэгулярна вядзецца работа па барацьбе з самагонаварэннем. Так, за мінулы год праведзена 18 рэйдаў, у ходзе якіх было выяўлена 9 фактаў.

На пасяджэннях савета разгледжана 26 грамадзян, схільных да здзяйснення адміністрацыйных правапарушэнняў і злачынстваў.

Мэта сумеснай работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання адна – паляпшэнне жыцця і дабрабыту насельніцтва на тэрыторыі Гарочыч і іншых вёсак сельсавета.

Сёння немагчыма ўявіць высокі ўзровень жыцця і матэрыяльнага дабрабыту людзей без добраўпарадкавання населеных пунктаў.

Знешні выгляд гарадоў і вёсак, стан дарог – «візітная картка» любой дзяржавы. Менавіта па іх у многім складваецца першае ўражанне аб узроўні жыцця і духоўнай культуры насельніцтва краіны.
Таму пытанням добраўпарадкавання, азелянення населеных пунктаў і навядзення парадку ў выкарыстанні зямель надаецца павышаная ўвага з боку Гарочыцкага сельвыканкама.

— У 2015 годзе была прадоўжана работа па збору сродкаў самаабкладання, па вырашэнні пытанняў, звязаных з добраўпарадкаваннем вуліц, грамадзянскіх могілак, рамонтам платоў і інш., – расказвае Лілія Ражкова.

Летась жыхарамі сельсавета сабрана 32,2 млн. недэнамініраваных рублёў самаабкладання.

Гэтыя сродкі накіраваны на набыццё дзіцячага спартыўнага комплекса, набыццё фарбаў, бягучы рамонт брацкай магілы ў в. Сельцы, правядзенне святаў вёсак.

Вялікая ўвага надаецца падтрыманню санітарнага парадку на грамадзянскіх могілках і ля помнікаў.
Вельмі многае на тэрыторыі сельсавета ствараецца рукамі саміх жыхароў. Каля дамоў узводзяцца кветкавыя клумбы, газоны, устанаўліваюцца новыя агароджы, фарбуюцца фасады будынкаў. Прыемна, напрыклад, адзначыць домаўладанні такіх жыхароў вёскі, як Кулік, Судас, Дубавец, Казак, Чарнякоў, іншых грамадзян, якія неабыякава ставяцца да сваіх дваровых тэрыторый, фасадаў будынкаў, агароджы, зямлі і кветак.

Велізарную дапамогу ў падтрыманні парадку сельвыканкаму аказваюць: СУП «Даманавічы – Агра», установы культуры і адукацыі, Бобровіцкі ўчастак КУП «Камунальнік Калінкавіцкі» .

За 2015 год на тэрыторыі Гарочыцкага сельсавета знесена 20 састарэлых дамоў і 19 фундаментаў.
У сельгасабарот пасля зносу аварыйнага жылля ўведзена 6,33 га зямель. Усяго ж рашэннем райвыканкама СУП “Даманавічы-Агра” і ГЛХУ “Калінкавіцкі лясгас” перададзена 29,49 га зямлі.

Цяжка прадказаць, якімі будуць Гарочычы праз 50-100 і болей гадоў. Сёння цвёрда вядома адно: на 1 студзеня 2016 г. у аграгарадку разам з пасёлкам Гарочыцкім налічвалася 317 падворкаў і пражывала 700 жыхароў. І яшчэ, калі летась у Гарочычах нарадзілася за год 16 немаўлят, то сёлета толькі за першае паўгоддзе аграгарадок папоўніўся 16 гарачычанамі. А гэта значыць, што жыццё працягваецца, і будучыня ў гэтага населенага пункта ёсць.

Іван Гарыст

ВЁСКА ГАРОЧЫЧЫ

Можна вылучыць тры версіі паходжання назвы “Гарочычы".
Па-першае, веска магла атрымаць сваю назву ад назвы ўрочышча Горкі, што знаходзіцца паміж в.Гарочычы і в.Рудзенька (калі рухацца з Гарочыч, па правы бок ад дарогі бліжэй да в.Рудзенька), якое завецца так таму, што ў ім знаходзяцца (побач з дарогай) пагоркі, якія з'яуляюцца не чым іншым, як курганным могільнікам (зараз засталося два курганы, частка з IX была знішчана пры асфальтаванні дарог, частка раскапана мясцовым памешчыкам). Дакладная храналагічная і культурная прыналежнасць пахаванняў можа быць установлена толькі пасля археалагічных даследванняў. Інфармацыю аб дакладным месцазнаходжанні курганоў (каля 1,5 км. ад Гарочыч) і назве “Горкі" нам паведаміў жыхар в. Гарочычы Чарнякоу Аляксей Пятровіч.
Па-другое, па меркаванні кандыдата філалагічных навук А. Рогалева, назва вёскі паходзіць ад "калектыўнай мянушкі" мясцовых жыхароў - гарочычаў або гароцічаў. Гарочычы - гэта тыя, хто апрацоўвае зямлю. У беларускіх гаворках ужываюцца словы [агарот], [гарот], [гарод], якія абазначаюць сядзібу вяскоўца, добра апрацаваную глебу, наогул, участак зямлі (у тым ліку і абгароджаны). Суфікс -ычы у назве населенага пункта ўказвае звычайна на пэўную супольнасць людзей, якія, напрыклад, з'яўляюцца кроўнымі родзічамі або аб'яднаны агульным заняткам (напрыклад, апрацоўкай зямлі). Той жа суфікс указвае і на час узнікнення назвы -XVI - XVII стст. (але не абавязкова і самога паселішча, што ўскосна пацвярджае і сам А. Рогалеу, пішучы аб тым, што час узнікнення паселішча можа быць і больш раннім - ХІІ-ХІV стст.). Гэтая версія з'яўляецца асноўнай і пацвярджаецца тым, што да другой паловы XIX ст. мы пакуль што не знайшлі пісьмовага ўзгадвання пра вёску. Такім чынам, людзі маглі жыць у іншым месцы, а тут, на самым высокім і сухім месцы, якое акаляла мноства балот, будучыя гарачане мелі свае "гароды". Пасля і самі сталі сяліцца тут.
Па-трэцяе, старыя жыхары часта называюць сваю вёску “Гародчычы". Вядома, гэтую саманазву можна лічыць пацверджаннем папярэдняй версіі (корань -гарод-, [-гарот-]). Аднак, калі ўявіць, што Гародчычы, або Городчичи, і ёсць першапачатковая назва вёскі, то можна выказаць меркаванне аб тым, што менавіта корань "город" (узяты, напрыклад, ад слова "городище") і даі пачатак назве вёскі. Справа ў тым, што большасць з існуючых на Беларусі тапонімаў з асновай "город", указваюць на існаванне ў дадзеным месцы старажытных паселішчаў. Натуральна, жыхары гарадзішчаў маглі апрацоўваць зямлю і мець гарод, аднак апошні варыянт паходжання назвы ўскосна дазваляе нам меркаваць аб існаванні даволі старажытнага паселішча (гарадзішча або нават стаянкі) на месцы вёскі Гарочычы. Земляробы XIX ст. калі і не былі непасрэднымі нашчадкамі старадаўніх жыхароў гэтых мясцін, дык пры правядзенні сельскагаспадарчых работ маглі сустракацца з рэшткамі старажытнай культуры (прыладамі працы), а па-гэтаму і прымянлі назву, звязаную з "горадам".

МЯРКУЕМАЕ МЕСЦА СТАЯНАК ПЕРШАБЫТНАГА ЧАЛАВЕКА ПЕРЫЯДУ КАМЕННАГА I БРОНЗАВАГА ВЯКОЎ

Гісторыя гэта пачалася яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя, калі на прышкольным участку вучні школы, як сцвярджаюць былая школьная настаўніца В.П. Харлан і былая вучаніца школы С.У. Крупіна, знайшлі каменныя прылады працы. Да 1970 года школа размяшчалася ў будынку па вуліцы Савецкая. Вуліца праходзіць па пакатым узгорку, што размешчаны на паўночна-заходнім беразе р. Абедаўка. На паўднёвым схіле ўзгорка і стаяў будынак старой школы (да нашага часу не захаваўся). Школьныя агароды цягнуліся амаль да самай ракі. Вось тут і былі знойдзены гэтыя прылады працы. С.У. Крупіна сцвярджае, што знойдзены былі скрабкі, каменныя наканечнікі стрэл, каменная сякера. Да нашага часу ў школе з тых знаходак захаваліся каменная баявая свідраваная сякера і каменны нож. Відавочна, што сярод тых знаходак была таксама і каменная матыка, пра якую расказваецца ў кнізе "Памяць. Калінкавіцкі раён" і якая была перададзена ў адзін з музеяу г. Мінска. Існуе таксама інфармацыя аб знаходках у вадзе каля шлюза (каля падножжа ўзгорка, каля 200 метраў на паўднёвы ўсход ад былой школы) скрабкоў, востраканечнікаў і іншых рэчаў. Менавіта тут, дзе, магчыма, з'явілася першае паселішча чалавека на месцы нашай будучай вёскі, мы і зрабілі свой наступны прыпынак. Мы сфатаграфавалі схіл узгорка.
Сапрауды, месца тут зручнае для пражывання: адносна высокае і сухое сярод навакольных балот. Адыграла, відавочна, сваю ролю і блізкасць да вады.
Падчас правядзення акцыі вучнямі былі знойдзены (па вуліцах Савецкая і Маладзёжная) і перададзены наступныя рэчы: тры прадметы, яюя нагадваюць скрабкі і камень (велічынёй каля 1,5 см.) са слядамі апрацоўкі (магчыма востраканечнік, або элемент састаўной прылады працы, або адшчэп)
Да сённяшняга дня в. Гарочычы пазначана на археалагічнай карце раёна як месца, дзе знойдзена адна каменная прылада працы (узгадаем перададзеную ў музей матыку).
Наяўнасць дзвюх прылад працы (матыкі і сякеры) дае падставу меркаваць аб наяўнасці пэўнай сістэмы і неабходнасці новых пошукаў у дадзеным накірунку. Ці можна ўявіць існаванне (натуральна, у месцы знаходжання гэтых прылад - вакол будынка старой школы) паселішча перыяду бронзавага веку? Дарэчы, існуючы каля в. Рудзенька могільнік (апісаны вышэй) можа належаць усе тым жа жыхарам бронзавага веку. Канчатковы адказ на гэта пытанне можа даць толькі праведзенае спецыялістамі археалагічнае даследаванне.
Яшчэ большую цікавасць уяўляюць мяркуемыя крамянёвыя прылады працы. Колер матэрыялу светла-шэры і чорны. На гранях прадметаў шматлікія сляды апрацоўкі (аббіцця). Гэтыя предметы ўяўна дзеляцца на дзве групы. Да першай адносіцца каменны нож (які быў знойдзены ў 60-я гады зноў жа каля старой школы). Нож мае чатыры грані, шырокая яго частка ўяўляе сабой лязо (каля 2 см.). Прадмет мае даўжыню каля 15 см. Уражвае грунтоўнасць і якасць яго апрацоўкі. На гранях налічваецца больш за 50 сколаў. Да другой групы належаць прадметы, аб прызначэнні якіх здагадацца цяжэй (нагадваюць яны скрабкі розных памераў: ад 3 да 7 см. даўжынёй, апісаны вышэй прадмет, падобны на адшчэп) з-за больш грубай і прымітыўнай ступені іх апрацоўкі.

РАКА АБЕДАЎКА

Догі час у нашай мясцовасці існуе легенда аб тым, як расійская імператрыца Кацярына II здзейсніла падарожжа з Пецярбурга ў Крым праз свае толькі што далучаныя ўладанні. Маршрут гэты быццам пралягаў і праз наш раён. Адзін са старэйшых жыхароу в. Гарочычы Назаранка Сямён Макаравіч расказвае аб тым, што каля адной з рэк імператрыца са світай заначавала і рака гэтая атрымала назву Ненач. Каля нашай ракі яна спынілася паабедаць, і рака, натуральна, стала называцца Абедаўкай. Пасля чаго Кацярына II пераправілася па мосце, што ў Гарочычах (ён і зараз знаходзіцца на тым жа месцы), на другі бераг і паехала далей на поўдзень у напрамку в. Рудзенька. На першы погляд гэтая легенда пацвярджаецца тым, што дарога ад Есіпавай Рудні, праз урочышча Галевіца, да в. Рудзенька, праз в. Гарочычы і далей на Даманавічы, мела назву "Кацярынінскі шлях", а каля в. Булаўкі (якая таксама знаходзіцца на р. Абедаўка і "прэтэндуе" на тое, што імператрыца праехала праз іх вёску) існуе "Кацюшын лес". Яна ўскосна пацвярджаецца і тым, што самае старажытнае пісьмовае ўзгадванне назвы р. Абедаўка нам пакуль што вядома з 1800 года (неўзабаве пасля апісаных у легендзе падзей). Нам дакладна вядома, што Кацярына II сапраўды падарожнічала ў Крым, але звестак аб тым, што яна праязджала праз нашу мясцовасць пакуль няма. Паміж вёскамі Рудзенька і Есіпава Рудня сапраўды захаваўся насыпаны і абсаджаны бярозамі (наклашт алеі) шлях. Але ж такія шляхі пачалі паўсюдна ствараць на Беларусі пасля далучэння нашых зямель да Расійскай імперыі, што адбылося якраз у праўленне Кацярыны II, а адсюль і назва "Кацярынінскі шлях", якая таксама паўсюдна існуе на Беларусі, нават там, дзе імператрыца і не збіралася бываць. Шляхі гэтыя выконвалі эканамічна-гандлёвыя і ваенныя функцьі. Наш шлях, па меркаванню А.П. Чарнякова, злучаў Есіпаву Рудню з лесапільным заводам.
Аднак адкуль жа паходзіць назва ракі? На жаль, дакладна адказаць на гэтае пытанне мы пакуль што не можам. Мяркуем, што назва сапраўды звязана з трапезай нейкай даволі важнай персоны. Але ж непасрэдных доказаў таго, што гэта была Кацярыны II, няма (з тым жа поспехам гэта можа быць, напрыклад, апошні кароль Рэчы Паспалітай - па часе таксама вельмі блізка да апісваемых у легендзе падзей).
Рэкі - гэта люстэрка прыроды. У іх водах адлюстроўваецца неба, прыбрэжныя расліны, створаныя чалавекам масты, будынкі.
Звесткі аб прыбярэжнай і воднай раслінасці, аб жывёльным свеце, што насяляе вадаём:
1. 3 прыбярэжнай раслінасці на берагах р. Абедаўка сустракаецца частуха, сусак, дзікі хрэн, лапчатка серабрыстая.
2. Калі падысці да вады як мага бліжэй, можна заўважыць, што расце пад вадой.  Прыродныя расліны замацаваны ў групу і знаходзяцца ў вадзе. Найбольш распаўсюджаны гарлачык  жоўты, малы казялец жорсткалісны і інш.
3. Водныя расліны маюць вялікае значэнне для рыбнай гаспадаркі. Іх зараслі насяляе мноства дробных жывёл (водныя насякомыя, уліткі, чэрві, галавасцікі', лічынкі прыбярэжных насякомых - камароў, стракоз, і інш.), якія з'яўляюцца кормам для рыб.
4. У цеплы дзень у вадзе і пад вадой кіпіць жыццё. У траве на беразе ракі можна заўважыць дзесяткі розных відаў насякомых, і ў кожнага свой лад жыцця. 3 насякомых былі знойдзены конікі, кабылкі, стракозы, жук-плывунец. 3 прадстаўнікоў воднай стыхіі сустракаюцца  рыба  акунь, насякомыя: вадамеркі,  дробныя ракападобныя, п'яўкі. 3 малюскаў сустракаюцца прудавікі (лёгачны малюск), смаўжы-шпулькі.
3 мэтай выхавання ў падлеткаў беражлівых адносін да прыроднага багацця краю, адказнасці за свае дзеянні падчас ажыццяўлення паходу праведзена экалагічная акцыя па зборы смецця па беразе ракі.

ЛУГ КАЛЯ Р. АБЕДАЎКА

Луг - раслінная супольнасць, якая ўключае ў сябе шматгадовыя травы, прыстасаваныя да ўмоў сярэдняй вільготнасці. Галоўнае багацце лугу - травы. Яны не толькі прыгожыя, але і карысныя. Сярод іх - кармавыя, лекавыя, меданосныя, дэкаратыўныя. Але ёсць і атрутныя травы-паразіты. Разнастайныя травы і па спосабе вырастання - высокія і нізкія, распластаныя па глебе і паўзучыя, мяккія і шурпатыя, яркацветныя і зусім непрыкметныя. Аснова лугавога травастою - злакі. Да буйных лугавых злакаў прыналежаць цімафееўка лугавая, аўсяніца лугавая, ежа зборная; да дробных - мятлік лугавы, аўсяніца; да нізкіх - палявіца паўзучая, лісахвост каленчаты.
Лепшымі кармавымі злакамі з'яўляюцца цімафееўка і лісахвост. Добра паядаюць жывёлы мяцельчатыя злакі: мятлік, аўсяніцу, касцёр, ежу; злакі з калоссямі, пырай паўзучы.
Сярод бабовых сустракаюцца канюшына лугавая, гарошак мышыны. Бабовыя насычаны бялкамі, таму яны асабліва каштоўныя як корм для жывёл; кветкі змяшчаюць шмат нектару і выкарыстоўваюцца пчоламі. Шматтраўе лугу прадстаулена раслінамі з сямейства складанакветкавых (адуванчык, кульбаба), люцікавых, парасонікавых, ружакветкавых і інш.
Своеасаблівы тасама і жывёльны свет лугу. Тут няма магчымасці для пражывання буйных пазванковых, у невялікай колькасці ёсць толькі дробныя мышавідныя грызуны, краты. Затое тут вялікая колькасць насякомых. Сярод іх апыляльнікі, санітары, драпежнікі, паразіты.

ЧЫГУНАЧНЫ МОСТ ПРАЗ Р. АБЕДАЎКА

Мост знаходзіцца на перагоне Юшкі - Гарочычы. Ён быў разбураны яшчэ ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Партызаны разам з калінкавіцкамі падпольшчыкамі змаглі адагнаць са станцыі Калінкавічы цагнік і знішчылі яго (скінулі ў раку ў тым месцы, дзе быў мост). Потым знішчылі нямецкі рамонтны цягнік, які прыбыў сюды. Падобным чынам партызаны знішчылі тры цягнікі на перагоне Калінкавічы - Дудзічы. Рух на гэтым участку чыгункі фашысты так і не змаглі аднавіць.

МЕСЦА, ДЗЕ Ў XIX ст. ЗНАХОД3ІЎСЯ ВАДЗЯНЫ МЛЫН

Сёння гэта звычайны аўтамабільны і пешаходны мост праз р. Абедаўка, які злучае дзве часткі вёскі, С. М. Назаранка і А.П. Чарнякоў расказваюць, што ў перыяд з пач. XIX да пач. XX стагоддзяў на гэтым месцы знаходзіўся вадзяны млын з мастом праз раку. 3 кнігі "Памяць. Калінкавіцкі раён." даведваемся аб тым, што падобныя млыны маглі існаваць і раней (апісанне млына ў в. Сухавічы, што таксама на р. Абедаўка датуецца 1800 годам). Увогуле вадзяных млыноў на нашай рацэ было шмат. Размяшчаліся яны па рацэ даволі шчыльна, на невялікай адлегласці. Гэта цікавыя для нас звесткі, якія гавораць аб тым, што рака ў той час была значна большай па памерах за сённяшнюю. Старажылы гавораць аб тым, што зімой яны хадзілі на рэчку катацца на каньках і называлі гэта месца возерам. Мясцовая жыхарка В.П. Харлан сцвярджае, што да выпрамлення раю ў 70-х гадах яна вясной разлівалася і вада даходзіла да хат і агародаў. А.П. Чарнякоў сцвярджае, што насупраць будынка старой школы (па вул. Савецкай) на паўднёвым беразе былі знойдзены рэшткі баржы і воску. Такім чынам, мы можам уявіць, што калісьці р. Абедаўка была судаходнай. У 1908 - 1910 гадах быў пабудаваны ветраны млын у іншым месцы, а вадзяны разабраны. Тут быў пабудаваны спачатку драўляны, а ў наш час жалезабетонны мост праз раку.

МЕСЦА, ДЗЕ ЗНАХОД3ІЛАСЯ ДРАЎЛЯНАЯ ЦАРКВА. 
ИЗ ВОСПОМИНАНИЙ ЖИТЕЛЬНИЦЫ д. ГОРОЧИЧИ 
Крупиной Светланы Владимировны
До 11 лет я ходила в церковь вместе с дедом, очень набожным человеком. Церковь располагалась посередине кладбища, как раньше говорили, «на погосте», и была она деревянной. Здание само было очень старое. Помню примерно, как она выглядела: при входе в само здание было невысокое крылечко из 2-3-х ступенек, далее шли просторные сени (мне кажется, что они были темными), а потом и сама церковь. Свод был довольно высоким и поддерживался деревянными столбами, которые прихожане украшали рушниками, обвивали дерезой и бумажными цветами к праздникам Пасхи и Троицы. Снаружи церковь увенчивал четырехгранный пирамидальный шпиль с крестом. Решетчатые окна были расположены высоко над землею. Алтарь располагался, как и полагается, на восточной стороне. Украшен он был множеством икон, ценности которых я не знаю. Мне казалось, что алтарь был богатым. Справа от алтаря стояли певчие.
Церковная утварь была желтого металла, возможно, даже из золота, но была, по-моему, и серебряная чаша для причастия, т.к. мне запомнились разговоры моего отца с дедом, что вино и вода не портились потому, что чаша серебряная. И ещё одно тому подтверждение: когда мы в школе изучали свойства серебра, я сопоставила уже знакомые мне сведения о серебре и поняла, что, действительно, в церкви использовались серебряные чаши.
Мне больше запомнились весенние и летние праздники, так как дед меня брал на службу и всенощную с собой. Постились все, в том числе и я, от чего до сих пор не привыкла переедать. Помню еще, как я в третьем классе с дедом ездила в лес на велосипеде за дерезой, чтобы плести венки для украшения церкви, а через несколько дней мы с классом ходили опять за дерезой для венков для возложения на братские могилы павшим воинам. Это было последнее, что связано с церковью у меня в детстве, т.к. вскоре после этого церковь закрыли. Священником в церкви был Фома (по-местному Хама). Жил он один недалеко от кладбища, после закрытия присматривал за ней, но через некоторое время церковь сожгли, священник умер и похоронен примерно на месте церкви.
Царква знаходзілася на высокім беразе ракі, на могілках. Па меркаванні С.М. Назаранкі, могілкі былі асвечаны каля 1836 года (па ўспамінах яго прабабкі). Праз 10 -15 гадоў адчынілася і царква. Сам С.М. Назаранка сцвярджае, што пабудавана яна была з шалёваных дошак і дах быў жасцяны, што, па яго меркаванні, не можа ўказваць на больш старажытны ўзрост царквы. Часам мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што гэта была капліца, аднак вядома, што Гарочычы некаторы час таму называлі сялом, што можа быць толькі ў тым выпадку, калі ў населеным пункце ёсць царква.
Па ўспамінах С.М. Назаранкі, А.П. Чарнякова і іншых мясцовых жыхароў, царква была зачынена прыблізна ў 1964 - 1965 гадах. Прастаяўшы некалькі гадоў, яна была разрабавана і разбурана (або спалена).
У апошнія гады побач з месцам, дзе стаяла царква, усталяваны званы.
На месцы, дзе знаходзілася царква вучні пад кіраўніцтвам настаўнікаў, правялі археалагічную разведку. Мэта разведкі: збор звестак для пацвярджэння (або аправяржэння) апавяданняў мясцовых жыхароў, удакладнення часу будаўнітва царквы і прычын яе разбурэння; фарміраванне ў вучняў навыкаў працы з рэчавымі гістарычнымі крыніцамі і іх фіксацыі; выхаванне патрыятычных пачуццяў да сваіх родных мясцін, цікавасці да гісторыі і краязнаўства. Абсталяванне, якое прымянялася пры правядзенні разведкі: тапаграфічная карта, компас, фотаапарат, рулетка, папера і пакеты для сабраных матэрыялаў. Пачатку працы папярэднічаў інструктаж аб мэтах і тэхніцы бяспекі. Абследуемая тэрыторыя падзелена на квадраты прыблізна 2x2 метры. Вучні з задавальненнем прынялі ўдзел у разведцы.
Атрыманы наступныя звесткі. Царква сапраўды складалася з двух памяшканняў (сені і само памяшканне). Агульныя памеры будынка (прамавугольнай формы) -4,5x9 метраў.
Асноўныя знаходкі былі зроблены пад слоем травы і лісця ў раёне ўваходу ў галоўнае памяшканне. Знойдзены рэшткі абпаленых бярвенняў і вугаль, што пацвярджае версію аб канчатковым знішчэнні царквы пажарам. Знойдзены драўляны прадмет, падобны на крыж 5x2 см.; невялічкі, каля 1 см. у даўжыню фрагмент драўлянай, пакрытай фарбай іконы каштоўны тым, што па ім можна ўстанавіць характар і састаў фарбы. Падняты 6 цвікоў (некалькі кованых чатырохгранных), пасля даследвання якіх можна вызначыць перыяд будаўніцтва царквы. Знойдзена абліцовачная керамічная плітка (мяркуеца, што на ей ёсць нейкае цісненне). Адшуканы невядомы прадмет, пакрыты, як мяркуецца, слоем воску, - магчыма, фрагмент царкоўнага начыння.

Популярные сообщения

Изображение

Именные списки репатриированных граждан СССР прибывших на Винниковский сборно-пересыльный пункт г. Винники (Украина) и отправленных на сборно пересыльный пункт Полесской области (Беларусь) от 31 июля по 11 сентября 1945 года

Изображение

Список советских граждан насильственно угнанных в немецкое рабство в период временной оккупации немцами Юровичского с/совета, Калинковичского района, Полесской области, БССР

Изображение

Акты расследования злодеяний, совершенных немецко-фашистскими захватчиками против советских граждан при оккупации территории Ельского района от 14 декабря 1944 по 14 февраля 1945 гг.