Гряда

За 30 кіламетраў на поўдзень ад раённага цэнтра і на захад ад Юравіч, у пойме Прыпяці, раскінулася вёска Града – маляўнічы куточак Палесся. Прыгожыя тут мясціны, асабліва вясной, калі ўсё пачынае рухацца ў рост і квітнець. Навокал – зялёныя лугі, жоўтыя ад дзьмухаўцоў; палі, на якіх зелянеюць азімыя; багаты грыбамі, ягадамі і рознай жыўнасцю лес, у якім схавалася рака Прыпяць…


Паэт Васіль Андрыеўскі, які нарадзіўся і вырас у Градзе, прысвяціў шмат сваіх вершаў мілым сэрцу мясцінам:
Трымціць чарот пад лёгкім ветрам,
Хінуцца цені да вады,
Пануе боскае паветра
Каля бярозавай Грады.
Хлапчук бялявы, кірпаносы
Сцяжынкай вузкаю брыдзе,
Што праз вільготныя пракосы
На бераг возера вядзе.
Малы хвалюецца, вядома, —
Крыху праспаў світальны клёў,
Аднак упэўнены: дадому
Ён прынясе багаты ўлоў.

Прыгожа ў гэтай вёсцы і сёння. Зараз, праз 70 гадоў пасля вызвалення, нават і не верыцца, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны тут адбылася страшэнная трагедыя. Але аб усім па-парадку.

Крыніцы сведчаць 

Па пісьмовых крыніцах Града вядома з 18 стагоддзя. Тады гэтая вёска была ў складзе Мазырскага павета Мінскага ваяводства. У 1793 годзе, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, яна ўвайшла ў склад Ра-сійскай імперыі. У Градзе тады налічвалася толькі 13 двароў.

У сярэдзіне 19 стагоддзя вёска ўваходзіла ў склад аднайменнага маёнтка земляўладальніка М.Ф. Куляша і адносілася да Рэчыцкага павету. Пражывала ў Градзе больш за 150 жыхароў. Гаспадар маёнтка і вёскі ў 1876 годзе валодаў 436 дзесяцінамі зямлі. Града таго часу адносілася да Юра-віцкага царкоўнага прыходу.

У пачатку 20 стагоддзя ў Градзе пражывала больш 300 жыхароў. Тут быў арганізаваны калгас. Працавалі вятрак і кузня. Амаль 60 сялянскіх дзетак навучаліся ў вясковай пачатковай школе.

У 1940 годзе ў вёсцы было 90 двароў, пражывала каля 400 жыхароў.

Трагедыя ў Градзе

1 снежня 1943 года нямецкія акупанты спалілі вёску.  Згарэла 80 двароў. Той ноччу Града тройчы, пры святле пажараў пераходзіла з рук у рукі. У акружэнне трапіў 3-і батальён 519-га стралковага палка 81-й стралковай дывізіі і загінуў у няроўным баі з фашыстамі. Толькі цудам засталіся ў жывых два чалавекі – радыст Раман Ігнаткін і камандзір агнявога ўзвода 45-міліметровых гармат Аляксандр Цяраеў. Каб увекавечыць памяць загінуўшага батальёна, на месцы трагедыі ў 1988 годзе быў адкрыты Памятны знак.

Той жудасны зімовы дзень памятаюць многія старажылы Грады.

Дажыць бы да Дня Перамогі…

Напрыклад, Юлія Іваненка, 85-гадовая жыхарка вёскі. Вайну Юлія Іосіфаўна сустрэла 13-гадовай дзяўчынай. Яе бацька Іосіф Бяляй быў стваральнікам і першым старшынёй мясцовага калгаса.

А калі пачалася вайна, ён займаў пасаду старшыні Антонаўскага сельсавета.

Па рашэнні Калінкавіцкага райкома партыі Іосіф Бяляй, як і многія другія камуністы, быў пакінуты на акупіраванай тэрыторыі для арганізацыі партызанскага руху. Спачатку ён быў камісарам атрада імя Фрунзе, а потым стаў камісарам другой Калінкавіцкай партызанскай брыгады. Ён праводзіў вялікую работу сярод насельніцтва. Пасля гутаркі з ім людзі бралі ў рукі зброю і ішлі ў партызаны. Пад адхоны ляцелі эшалоны, ішлі на дно Прыпяці параходы…

З-за гэтага ўся сям’я Іосіфа Бяляя аднойчы была арыштавана.

— Нас трымалі ў Юравічах, — успамінае Юлія Іосіфаўна. — Там у адной з яўрэйскіх хат немцы зрабілі сапраўдную турму, нават рашоткі на вокны паставілі…

У гэтай турме іх пратрымалі некалькі дзён, а затым накіравалі ў Мазыр, дзе вязні знаходзіліся ў няволі яшчэ некалькі месяцаў.

— Мы з жахам чакалі кожнай суботы, бо менавіта ў гэты дзень у турме станавілася на некалькі чалавек менш. Па суботах фашысты расстрэльвалі людзей і скідалі іх у яму. Цяпер на месцы той ямы знахо-дзіцца Мазырскі Курган Славы.

Калі ў суботу ўвечары ты застаўся жывы, значыла, пражывеш яшчэ тыдзень, — успамінае жанчына.

Пасля бітвы пад Сталінградам расстрэлы ў турме сталі здарацца ўсё радзей. Аднойчы вязняў вывелі на пляцоўку, дзе камендант горада выбіраў сабе служанку для хатніх работ. Яму патрэбна была дзяўчынка-сірата, але ў той момант сярод палонных ніводнай сіраты не аказалася, і ён забраў Юлю.

Неяк дзяўчына, што прыслужвала ў суседнім доме, перадала Юліі запіску ад бацькі. Ён клікаў дачку да сябе. Узяўшы з сабой толькі хусцінку, Юля Бяляй збегла ад гаспадароў да бабулі ў Стрэльск, а ўжо адтуль партызаны пераправілі яе праз раку ў Граду.

— У вёсцы фашыстаў тады не было, і бацька пусціў нас з маці дадому. Некалькі дзён мы жылі спакойна, знайшлі рэшткі збожжа, змалолі на жорнах і нават спяклі хлеб. Потым і навогул прыйшла добрая вестка: вёску занялі салдаты Чырвонай Арміі. Жыхары радасна сустракалі чырвонаармейцаў. У Градзе, як і ў суседніх Шарэйках, хавалася шмат людзей з Юравіч. Гадзін у 9 раніцы ў вёску прыйшлі вызваліцелі.

А познім вечарам наляцелі фашысты. Пачаўся страшэнны бой. Людзі хаваліся дзе маглі, хто паспеў — уцёк у лес. Тым часам немцы падпалілі вёску, згарэла 80 дамоў. А салдаты трэцяга батальёна, абараняючы нас, загінулі ў баі, — распавядае Юлія Іосіфаўна.

Баі за Граду працягваліся аж да 8 снежня, а канчаткова вызвалілі яе толькі 13 студзеня.

Зруйнаваную вёску адбудавалі нанова. Пасля вайны ўлады выдзелілі пагарэльцам дзялянку лесу і валоў. Кожны будаваў сабе новую хату, як мог. У суседніх вёсках бралі насенне, каб хоць нешта вырасціць на агародах.

Камісар Бяляй пасля вайны з уласцівай яму энергіяй аднаўляў народную гаспадарку, разбураную ворагам.
Юлія Іваненка і зараз успамінае мінулае са скрухай:

— Як мы тады жылі? Не было мне і пятнаццаці гадоў, а я ўжо працавала ў калгасе. Хадзіла на любую работу.

Са сваім мужам Пятром Іваненкам Юлія Іосіфаўна нарадзіла і выгадавала трох сыноў і адну дачку. Зараз у жанчыны восем унукаў і чатыры праўнукі.

— Захварэла нешта, — уздыхае Юлія Іосіфаўна. – Да дня Перамогі хаця б дажыць. Такі ж дзень…

Мы прыехалі ў Граду за тыдзень да Вялікадня, таму да многіх старых ужо папрыязджалі дзеці: падлогу памыць, бялізну замяніць.

Свая хата лепш за ўсе…

За мыццём падлогі мы засталі і дачку Кацярыны Акуленкі Веру Васільеўну.

— Маці вунь сядзіць, — паказала нам жанчына. – Толькі сёння прывезла яе. Будзе тут летаваць. А мы па чарзе — прыязджаць і даглядаць яе. Інакш нельга. Ужо пяць гадоў, як маці аслепла.

Кацярына Адамаўна пачала губляць зрок адразу пасля смерці свайго мужа Васіля Піліпавіча. Спачатку аслепла на адно вока, потым і на другое.

Васіль Акуленка, якога няма ўжо сем гадоў, некалі быў загадчыкам мясцовай фермы. Яго жонка хадзіла працаваць у калгас.

— Работы тады было шмат, як і людзей у вёсцы. А зараз што? Апусцела Града. Каб дзеці ўлетку не прыязджалі ў бацькоўскія хаты, амаль нікога б і не было, — смуткуе Кацярына Адамаўна. – А раней тут быў клуб, пачатковая школа і магазін.

Акуленкі выгадавалі трох дачок (адну з іх маці ўжо перажыла), сёння ў Веры Адамаўны ёсць пяць унукаў і праўнучка ў Гомелі.

Нягледзячы на тыя выпрабаванні, што выпалі на яе долю, Кацярына Адамаўна, якой у жніўні споўніцца 80 гадоў, не развучылася ўсміхацца. Хаця б таму, што зноў апынулася ў сваёй хаце:

— Тут я з палкай, ды ўздоўж сцяны магу на двор выйсці, нагамі патупаць. А ў горадзе што? Сядзі дзень і ноч на адным месцы на дзясятым паверсе! Не дай Божа каму такога, як мне…

“Гляджу тэлевізар і галашу…”

У наступнай хаце, куды мы завіталі, жыве Надзея Арцюшэнка. Жанчына па сённяшні дзень не страціла надзею дазнацца, дзе склаў галаву ў баі з немцамі яе бацька Васіль Лаўрэнавіч Сіраш.

— Бацьку я зусім не ведала. Ён пайшоў на фронт, калі мне год быў. Нават фотаздымкаў яго не захавалася – усе згарэлі, калі вёску спалілі. І год нараджэння яго не ведаю. Кожны раз гляджу “Чакай мяне” і галашу: знаходзяць жа людзі сваіх родных. Мой большы сын аб’ездзіў шмат памятнікаў, брацкіх могілак, кажа – у адным толькі Прудку Васілёў Сірашаў некалькі, — уздыхае Надзея Васільеўна. — Маці нас гадавала адна. Мяне і Лаўрэнція – брата. Працавала, бы тая пчала, з ранку да цемры. А я, як пайшла ў кароўнік, так з яго 24 гады і не вылазіла. Мужык мой – Рыгор – працаваў у калгаснай брыгадзе. Потым вазіў пошту на матацыкле. Той матацыкл яго і згубіў — разбіўся. Мінула ўжо 22 гады…

Галоўная радасць, што засталася ў Надзеі Васільеўны, тое, для чаго хочацца жыць – яе дзеці: тры сыны і дачка, а таксама ўнукі і праўнукі. Дачка жыве ў Добрушы, таму да маці прыязджае не часта. Затое сыны ў яе пастаянныя госці.

Кавалер ордэна “Знак Пашаны”

Новенькі плот вакол наступнай хаты яшчэ пахне свежараспілаваным дрэвам. А за ім бачны некалькі вулляў. Няўжо тут жыве пчаляр?

— Не мае гэта вуллі, — адказвае гаспадар на наша пытанне. – Сын вырашыў заняцца пчоламі. А на новы плот сельвыканкам дошкі выдзеліў, а мы з сынам паставілі. Мужчыну, што завіхаўся па гаспадарцы на двары зваць Віктар Бяляй.

Як расказаў Віктар Пятровіч, прыказка “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” якраз пра яго.

Ён з 12 да 60 гадоў працаваў на ферме жывёлаводам, нават быў узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. Яго жонка Марыя Іванаўна шмат гадоў была загадчыцай фермы.

Супругі выгадавалі чацвярых дзяцей.

Старэйшага сына і жонкі Віктара Пятровіча, на жаль, ужо няма. Два сыны жывуць у Мазыры, дачка Надзя – у Рагачове.

— Ездзяць да мяне. Агарод садзім. Пчол, вунь, завялі. Буду глядзець. Што ж зробіш? – пытаецца мужчына.
А гаспадарка, скажу я вам, у яго і без пчол вартая павагі — конік Васька, куры, індыкі, качкі, індакачкі, кароўка з малым цяляткам, чатыры каты і сабачка. Віктар Бяляй сам доіць карову і даглядае гаспадарку.
— А вы схадзіце да маёй кумы, — параіў Віктар Пятровіч. – Паглядзіце на яе падворак. Яе гаспадарка яшчэ больш за маю! Адных катоў толькі сем! (смяецца). А вунь і яна сама ідзе, напэўна, па траву індыкам хадзіла.
Глядзім у той бок, куды паказвае Віктар Пятровіч. Бачым сагнутую папалам бабулю, якая ледзь ідзе, перастаўляючы перад сабою поўны кош травы.

Гаспадары птушкафермы

Марыя Іваненка, прысеўшы на лаву, расказала, што пахрысціла ў Віктара Пятровіча ўсіх дзяцей, потым пачала распавядаць пра сваё жыццё-быццё. Жыве яна з мужам Леанідам Васільевічам Прахарэнка, які зусім хворы.

— Майму Лёню ўжо 82 гады, ледзь ходзіць. Мне будзе 76. А бачыце, якая сагнутая? Нават аўталаўка ў мяне пад хатай становіцца, — распавядае Марыя Іванаўна. — Я шмат гадоў адпрацавала ў горадзе ў СУ-180 у аддзяленні цеплаізаляцыі. Там і мужыка свайго спаткала. Ён працаваў на бульдозеры. Але мы з Леанідам не распісваліся, таму і прозвішчы ў нас розныя. Так усё жыццё і пражылі. Сюды прыехалі, калі мая матка зламала ногі. Яна трымала вялікую гаспадарку, трэба было дапамагаць…

Мы папрасілі Марыю Іванаўну паказаць падворак, пра які казаў яе кум.

Вось гэта гаспадарка! Ведаеце, у яе ж сапраўдная птушыная ферма! Індыкі з распушанымі, нібы ў паўлінаў, хвастамі, куры розных колераў, чорныя індакачкі, на хляве сядзіць прыгажун-певень. Яшчэ некалькі бегаюць па двары.

— Гэта яшчэ што? Раней у нас па сто індычанят выводзілася, прадавалі. Каня трымалі, некалькі кароў, свіней. Ды і летась у нас яшчэ было два парасяці, — працягвае жанчына. – А сёння на сяле засталося толькі два кані ды адна карова. Раней два статкі кароў пасцілі, у кожным — прыблізна па сорак галоў. Дванаццаць коней было ў вёсцы…
Пра Марыю Іваненка калінкавіцкая “раёнка” пісала яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя, як пра лепшую даярку Градской малочнатаварнай фермы калгаса імя Леніна. Больш за дваццаць працоўных вёсен сустрэла яна на ферме. Спачатку працавала цялятніцай, потым даяркай. Калі калгас закупіў цэлую групу племянных першацёлак у Добрушскім раёне, на ферме аднадушна вырашылі перадаць іх Марыі Іванаўне – ведалі, што яна справіцца, не падвядзе. Гэтая група каровак павінна была стаць племянным ядром для ўзнаўлення дойнага статку ўсяго калгаса. Тады Марыя Іваненка нават ледзь не стала чатырохтысячніцай – у 1988 годзе яна надаіла па 3943 кг малака на кожную карову. А праз год усё-такі дасягнула 4000-й лічбы.

Салдацкая ўдава

У Надзеі Купрыенка дома былі госці: у гэты дзень да яе завітала сястра з Мазыра з пляменнікам Андрэям з суседняй Украіны. Надзеі Адамаўне не так даўно споўнілася 94 гады. Але выглядае яна значна маладзей.

— Гэта, напэўна, таму, што ў нашай сям’і было шмат доўгажыхароў, — адказвае жанчына. – Мой бацька пражыў 93 гады, а дзед навогул 110. Затое мужу майму ў пяць разоў менш было лёсам адмерана… Не прыйшоў з фронту…

Сямнаццацігадовай дзяўчынай пай-шла яна замуж за Пятра Купрыенку з Абухаўшчыны. Яшчэ да вайны нарадзіла сына Грышку.

— Жылі мы ў Абухаўшчыне. Калі немцы яе палілі, я ўцякала з дзіцём на руках спачатку ў Ломыш, потым у Тунеўшчыну… Страху нацярпелася. А хіба ж я адна такая была? – уздыхае жанчына. — Сястру маю пакойную Ганну немцы забралі працаваць у Германію, а мой родны брат Іван Дунай (такое было маё прозвішча ў дзявоцтве) дайшоў ажно да Берліна.

Калі нас вызвалілі, бацька зрабіў нейкую будачку, у якой мы і жылі, пакуль не збудавалі сабе новую хату.

Да пенсіі Надзея Адамаўна працавала ў брыгадзе: сеяла і церла лён, каноплі, грэбла сена. А дома яе чакала свая гаспадарка і кросны.

— Ведаеце, я заўсёды спявала, — кажа Надзея Адамаўна. – У горы і ў радасці. Яшчэ і ў хор на рэпетыцыі паспявала бегаць. Мы нават у Мазыры выступалі.

Замуж другі раз не пайшла, адна гадавала сына Рыгора, які зараз жыве далёка ад маці, ажно ў Саратаве. Даглядае жанчыну сацыяльны работнік з Юравіч, ды малодшая сястра Маня. Дарэчы, Марыі Адамаўне самой ужо 84 гады, але некалькі разоў на тыдзень яна прыязджае да сястры з Мазыра.

Руплівая гаспадынька

Зоя Вяргеенка працавала даяркай на мясцовай малочнатаварнай ферме. Яе працоўны стаж складае ажно 38 гадоў: рана пайшла працаваць, як і многія ў той цяжкі пасляваенны час.

— Мой бацька загінуў недзе пад Тулай. З таго дня, як ён пайшоў на фронт, мы не атрымалі ад яго ніводнай звесткі. Маці адна гадавала мяне і брата. Трэба ж было ёй дапамагаць, — тлумачыць Зоя Рыгораўна. – А потым ужо яна мне дапамагала, калі я чацвярых дзяцей нарадзіла.

Муж Зоі Рыгораўны — Рыгор Іванавіч – калі яны пазнаёміліся, працаваў на водным транспарце на Прыпяці. Стаўшы сямейным чалавекам, перайшоў у скотнікі.

Пяць гадоў таму жанчына аўдавела. Але сумаваць ёй не даюць дзеці і ўнукі. Кожныя выхадныя хто-небудзь абавязкова да яе прыязджае.

Вось і нядаўна ў гэтай руплівай гаспадынькі нехта пабываў: клумба з цюльпанамі акуратна праполана – нідзе ні зялінкі, плот і шалёўкі на вокнах — пафарбаваныя, у хаце – чысціня і парадак.

— Ну за хатай я яшчэ і сама магу прыгледзець, — адказвае жанчына. – Хадзіць цяжка, але ж у мяне ёсць палачка-памочніца. – З гаспадаркі трымаю толькі курэй, сабачку ды коціка. Свіней ужо няма – няма сілы чыгуны ім цягаць. Цяпер добра: усё ў аўталаўцы за пенсію можна купіць: і мяса, і малако.

Зоя Рыгораўна расказала, што ў яе пяць унукаў і адна праўнучка, якія часта яе адведваюць. А яшчэ прызналася, што вельмі любіць чытаць “раёнку” і глядзець тэлевізар.

Карову пешшу ў Мазыр завяла…

Кацярыне Бяляй нядаўна споўніўся 81 год. Але, калі мы зайшлі на яе падворак, жанчына несла за спіной вязанку дроў, а ў хаце падсыхала нядаўна вымытая падлога.

— Якія ж гэта дровы? – пытаецца Кацярына Кузьмінічна. – Тонкія галінкі. Бачылі б вы, сколькі я ў маладосці на сабе цягала! І дровы, і сена. Пешшу ў Мазыр карову вадзіла прадаваць!

Кацярына Кузьмінічна не баялася ніякай работы. З малых гадоў хадзіла з бабамі ў брыгаду. Падрасла – пайшла даіць кароў. Дваццаць гадоў даіла. І потым яшчэ дзесяць – ужо пасля афармлення на пенсію.

Замуж Кацярына Бяляй пайшла ў 27 гадоў. “Не было мне калі хлопцаў шукаць! Трэба было сена насіць ды кароў даіць!” — растлумачыла.

Міхаіл Бяляй працаваў трактарыстам. Разам выгадавалі і паставілі на ногі чацвярых дзяцей. Дзве дачкі жывуць у Гомелі, адна – у Калінкавічах. Сын – у Мазыры. У гэты дзень ён як раз прыехаў да маці – арудаваў лапатай — ускопваў градку пад сунічнік.

Наступнай, да каго мы зайшлі, была Ганна Вяргеенка. Успамінаючы сваё жыццё, жанчына не магла стрымаць слёз.

— Дваіх дзяцей перажыла, — пажалілася нам Ганна Рыгораўна.

– Сын у арміі ў 19 гадкоў загінуў. Дачка таксама маладой памерла – было ёй толькі 44 гады… І дзеда я свайго ўжо пахавала. Такому жыццю, як у мяне ніхто не пазайздросціць!

Добра, што ў гэтай жанчыны ёсць яшчэ двое дзяцей, унукі і праўнукі. Ганна Вяргеенка расказала, што перанесеныя страты вельмі падкасілі яе здароўе: чатыры разы ўжо ляжала ў бальніцы пад капельніцамі. Ёй ужо і не верыцца, што ў маладосці яна была руплівай і вясёлай, вельмі любіла спяваць і працаваць. Шмат гадоў адпрацавала ў калгасе свінаркай, потым была даяркай. Быццам, гэта і не з ёю было. І не яна чакала свайго мужа Валеру з арміі, і не да яе прыходзілі ў сваты яго маці з сястрою…

Удваіх весялей

Марыя Бабіна святкуе свой дзень нараджэння акурат у Дзень Перамогі.

Праўда, калі яна нарадзілася, стаяў звычайны майскі дзень. Бо было гэта за год да таго, як на градскую зямлю ступілі фашысцкія боты.

У школу амаль не хадзіла — не было ў чым. Таму рана пайшла працаваць. Старшыня калгаса выдаў ёй спраўку на пашпарт, і дзяўчына накіравалася ў пошуках лепшай долі ў Мазыр. Некалькі гадоў працавала ў сталовай прыбіральшчыцай. У горадзе пазнаёмілася з маладым хлопцам, які зайшоў у сталовую перакусіць. Іван Бабін з вёскі Матрункі працаваў у Мазыры трактарыстам. Хутка яны пажаніліся. І Марыя прывезла свайго Івана ў Граду. Працавалі ўдваіх у калгасе імя Леніна. Ён — на трактары, яна — даіла кароў. Была перадавой даяркай.

Івана Андрэевіча няма ўжо 18 гадоў. Але пасля сябе ён пакінуў толькі добрую памяць і дваіх дзяцей. Іх дачка Святлана жыве ў Ельску, а сын Мікалай – разам з маці ў Градзе.

Мікалай Іванавіч працуе слесарам у Юравіцкім філіяле КУП “Камунальнік Калін-кавіцкі”.

Маці і сын трымаюць гаспадарку, сеюць агарод.

Марыя Рыгораўна на жыццё не скардзіцца, з сынам ёй жыць весялей, чым было б адной. Ёсць з кім пагутарыць. Разам працуюць, разам адпачываюць, вечарамі гля-дзяць тэлевізар.

— Маці вельмі любіць глядзець “Поле цудаў”, “Чакай мяне” і “Давай пажэнімся” – мабыць, хоча сабе дзеда з медалямі знайсці, — жартуе Мікалай Іванавіч.

А Марыя Рыгораўна на гэта толькі ўсміхаецца.

Я не магу сцвярджаць, што мы зайшлі ва ўсе хаты. Граду цяжка назваць малым паселішчам. З вясны па восень тут кіпіць жыццё. Бо ў бацькоўскія хаты на лета злятаюцца дзеці. Тут яны сеюць агароды, адпачываюць на свежым паветры, любуюцца непаўторнай прыродай, прывозяць дзяцей.

З адной маленькай дачніцай Лізай, якая зацікаўлена назірала за нашымі перамяшчэннямі па вёсцы, мы пазнаёміліся. Дзяўчынка расказала, што тут калісьці жылі яе прабабуля і прадзядуля – бацькі яе бабулі. А сёння яна са сваімі дзядуляй і бабуляй прыязджае сюды. Тут Лізе вельмі падабаецца. Можна ўволю ездзіць на веласіпедзе, няма машын, як у горадзе, шмат катоў і розных цікавых птушак.

Хутка ў Градзе будзе шмат людзей: пачнецца сезон водпускаў і летніх канікул у школе.

Адным словам, жыццё працягваецца.

Популярные сообщения

Изображение

Именные списки репатриированных граждан СССР прибывших на Винниковский сборно-пересыльный пункт г. Винники (Украина) и отправленных на сборно пересыльный пункт Полесской области (Беларусь) от 31 июля по 11 сентября 1945 года

Изображение

Список советских граждан насильственно угнанных в немецкое рабство в период временной оккупации немцами Юровичского с/совета, Калинковичского района, Полесской области, БССР

Изображение

Акты расследования злодеяний, совершенных немецко-фашистскими захватчиками против советских граждан при оккупации территории Ельского района от 14 декабря 1944 по 14 февраля 1945 гг.