Определение значений слов и названий мест на Ельщине

А

    Альшанцы – у гэтым месцы расце шмат кустоў алешніка, адсюль і назва (в.Засінцы).

    Анзельмаўка – атрымала сваю назву ад імя немца Анзеля, якому належалі гэтыя землі. (в. Роза Люксембург).

Б

   Белае балота – урочышча, якое знаходзіцца ў 3 км. ад вёскі Санюкі. Вясной там цвіце шмат белых пушыстых кветак.

   Белагор’е – атрымала сваю назву ад таго, што ў гэтай мясцовасці, недалёка ад вёскі Валаўск, ёсць вялікая гара з белага пяску.

   Бензін лес – па ўспамінах жыхароў вёскі Зашыр’е калісь, вельмі-вельмі даўно, на гэтым месцы быў вялікі лес, у якім расло шмат розных дрэў. Людзі аблюбавалі гэты куток дзеля жыцця. Дзеля таго, каб распрацаваць тут палі, яны вырубвалі лес і палілі яго, а каб попел не прападаў дарэмна, выкарыстоўвалі яго, як угнаенне. Пазней людзі сталі прадаваць попел багацеям і зараблялі на гэтым грошы. Аднаго такога чалавека, які прадаваў багата попелу, звалі Бенза. Гэтай справай ён займаўся ўсё жыццё. Адсюль і назва – Бензін лес.

    Берасцяная печ – як успамінаюць старажылы вёскі Засінцы, назва пайшла ад таго, што ў лесе была зроблена печ і ў ёй з берасты гналі дзёгаць.

    Боркі – як успамінаюць жыхары вёскі Дзвіжкі, раней гэтыя землі належалі пані Какуранавай і населялі іх выхадцы з Заходняй Беларусі: палякі. З недарэчнага спалучэння гэтых назваў і атрымала назву гэтае ўрочышча.

    Брадкі – такую назву мае нізіннная мясцовасць, дзе пераходзілі балота ў брод (в. Санюкі).

    Бярэзавае – калісьці, яшчэ да рэвалюцыі, пражывала ў вёсцы Кочышчы сям’я Кручка Макара Мікіціча. Глава сям’і быў вельмі добрым майстрам і ладным гаспадаром. Аднойчы вырашыў ён пераехаць з Кочышч на хутар і пабудаваць сабе хату. Але на месцы, якое ён выбраў, рос вялікі і густы бярэзнік. Але гаспадар не баяўся цяжкасцей і пачаў карчаваць лес. Патроху-патроху ён расчысціў дзялянку і пабудаваў сабе сядзібу, розныя пабудовы і пачаў там жыць. На хутары дзед выкапаў калодзеж і ў гэтым калодзежы была вельмі смачная вада. Хутара даўно ўжо няма, застаўся толькі калодзеж і назва “Бярэзавае”.

В

    Варына палянка – па паданню, якое існуе ў вёсцы Дабрынь, тут рос некалі лес. Пахатнай зямлі было мала і людзі разраблялі ў лесе палянкі, сеялі там збожжа альбо бульбу. На адной з такіх палянак, пад час жніва, і нарадзіла дачку Вара. З тых часоў і пайшла назва “Варына палянка”.

    Васілеўскія – урочышча з такой назвай знаходзіца недалёка ад вёскі Санюкі. Гэта лугавіна каля лесу, якая калісьці належала нейкаму Васілю.

    Верхаў – справа ў тым, што з вёскі Падгалле, якую акружалі балоты, былі відны толькі вярхі вялікага лесу. Ад гэтага і пайшла назва ўрочышча.

    Верхаў – урочышча з такой назвай ёсць і ў вёсцы Засінцы, а называецца так таму, што знаходзіцца зверху над полем.

    Ваўчкоў круг – па успамінах старажылаў вёскі Засінцы урочышча атрымала сваю назву, таму што там вадзілася шмат ваўкоў.

Г

    Гайка – урочышча ля вёскі Засінцы атрымала сваю назву ад вузкакалейкі, якая была загачана насыпам для яе пабудовы.

    Гало – назва пайшла ад таго, што на гэтым месцы калісьці было ”голае” балота і нічога на ім не расло (в. Валаўск).

    Гарадзішча – невялікі пагорак у полі ля вёскі Санюкі. Магчыма калісьці, там было старажытнае паселішча людзей.

    Грабнік – такую назву мае месца, якое знаходзіцца паміж Зашыр’ем і Прачомышлямі. У мінулым тут рос лес з адных грабаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы, пад час адступлення, замініравалі амаль увесь гэты лес. Дзеці, гуляючы ў лесе, знайшлі гэтыя міны. Яны мала ўяўлялі сабе, што знайшлі смяротныя цацкі. І здарылася трагедыя: дзеці падарваліся на мінах. Зараз на гэтым месцы поле, але людзі яго ўсяроўна называюць “Грабнікам”.

    Груд – так жыхары вёскі Санюкі называюць невялікі луг на ўзвышанай мясцовасці.

Д

    Дзелянкі – так санюкоўцы называюць месца пасадкі дубовага і грабавага лесу.

Ж

    Жэлонскі мост – урочышча за вёскай Кавалі, сваю назву атрымала ад назвы ракі Жэлонь.

З

    Загароўская гара – сваю назву ўрочышча атрымала ад прозвішча жыхара вёскі Засінцы Загароўскага. У свой час на гэтай гары стаялі ў стойле каровы.

    Засінцаўскія пакосы – зараз на гэтым месцы знаходзіцца паша, а раней, напэўна, у вёсцы Засінцы тут былі самыя буйныя сенажаці.

    Змітрыцкая – так жыхары вёскі Санюкі называюць палянку ў лесе, дзе засталіся рэшткі былых палёў, якія некалі абрабляліся вяскоўцамі.

К

    Каверток – зусім недалёка ад Зашыр’я ёсць вельмі маляўнічы і незвычайны куток. Тут раней за ўсіх распускаюцца кветкі. І квітнее іх вялікае мноства. Падснежнікі і адуванчыкі, сон-трава і купальніца… З ранняй вясны і да позняй восені дыван з кветак упрыгожвае гэта дзівоснае месца. Сюды здаўна любяць прыходзіць дарослыя і дзеці. Старыя людзі назвалі гэта месца – Каверток.

    Кайдобы – урочышча мае такую назву таму, што на гэтым месцы былі жэлаб і калдоб і ў іх заўсёды стаяла вада (в.Засінцы).

    Казённы лес – панскі або царскі лес. Як гавораць жыхары вёскі Падгалле да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў гэты лес забаранялася хадзіць сялянам дзеля збору ягад, грыбоў, нарыхтоўкі дроў. Уладальнікам гэтага лесу быў пан.

    Каркуцы – гэта быў хутар, дзе жыло некалькі пакаленняў вялікай сям’і. Урочышча атрымала назву ад іх прозвішча (в.Валаўск).

    Карлавае балота – з успамінаў старажылаў вёскі Дабрынь мы даведаліся, што раней тут жыў пан, які меў сваіх сялян. Аднаго з іх звалі Карл. Аднойчы ён украў у пана мех збожжа і вырашыў схаваць яго ў лесе. А да лесу патрэбна было прайсці праз балацянку (месца, якое зарасло хмызняком і напоўненае вадою). Карл ішоў уночы і ўтоп, а мех з зернем так і ляжаў на купіне.

    У наш час гэтыя мясціны асушылі і пусцілі ў севаабарот гаспадаркі. А вось назва так і засталася – Карлавае балота.

    Касцелішча – узгорак у вёсцы Санюкі з рэшткамі старых панскіх польскіх могілак. Кажуць, што ў даўнія часы там стаяў касцёл і таму пайшла такая назва.

    Косцераў дуб – побач з вёскай Зашыр’е была дзіўная мясціна і раслі там пяць вялізных дубоў. У адным з іх было вялікае дупло. У той час жыў чалавек, якога звалі Косця. І вымушаны быў гэты Косця хавацца ад лютага пана ў гэтым дупле. Аднойчы схаваўся ён у гэтым дупле і, па аповедам старажылаў, пазбег смяротнага пакарання. З цягам часу з пяці дубоў застаўся адзін, а гэту мясціну з таго часу людзі сталі называць Косцераў дуб.

    Крыніца – так называюць мясцовасць вакол крыніцы (в. Санюкі).

Л

    Лісіны востраў – калі ехаць ад Зашыр’я па лясной дарозе ў бок вёскі Валаўск, а потым ісці па сцяжынцы наперад, можна натрапіць на невялічкі востраў сярод балота. Старыя людзі кажуць, што калісьці гэта месца славілася вялікай колькасцю ліс. Гэта быў аблюбаваны куток паляўнічых. Ні адзін з іх ні разу не вяртаўся дамоў з гэтага вострава без здабычы. Адсюль і назва – Лісіны востраў.

    Ляскі – сярод балот, на ўзвышшы, рос невялікі лясок. Ад гэтага і пайшла назва гэтага ўрочышча (в.Падгалле).

    Ляхаўшчына – такую назву атрымала ўрочышча ў вёсцы Санюкі, дзе некалі жылі палякі.

М

    Малуша – урочышча атрымала назву ад імя дачкі пана Азеля: Малушкі, якому некалі належала гэта мясцовасць. Праз некаторы час пан прадаў лес перасяленцам з Кіеўскай губерніі. Лес людзі высеклі, выкарчавалі і атрымалі поле, луг і толькі назва мясцовасці нагадвала аб былым уладальніку (в.Дзвіжкі).

    Мар’іна хата – у гады вайны на гэтым месцы была пабудавана хата, у якой жыла мастачка Марыя Клімава. Менавіта яе імя дало назву ўрочышчу (в.Засінцы).

    Масееў круг – лугавіна, якая некалі належала чалавеку па імені Маісей (в.Санюкі).

    Млынок – гэтае ўрочышча знаходзіцца за вёскай Грышы. Тут некалі знаходзіўся млын, адсюль пайшла і назва.

Н

    Найманаўка – атрымала сваю назву ад прозвішча немца Наймана, які прыдбаў гэты кавалак зямлі (в. Роза Люксембург).

П

    Панскае – такую назву мае лес, які расце ля вёскі Дабрынь. Гавораць, што раней тут жыў пан і гэты лес належаў менавіта яму.

    Панскі садок – так называюць месца у вёсцы Санюкі, дзе раней жыў панскі эканом.

    Панцялеіха – урочышча атрымала сваю назву ад прозвішча Панцялееў. Гэты чалавек раней обо жыў, або працаваў у гэтых мясцінах (в.Засінцы).

    Першы лес – такую назву атрымаў бліжэйшы да вёскі Санюкі лес.

    Печкі – так называецца нізіна з ямамі ў дубовым лесе. Па ўспамінам старажылаў вёскі Санюкі некалі там выраблялі дзёгаць.

    Печы – так жыхары вёскі Дабрынь называюць хваёвы лес. Распавядаюць, што ў мінулым тут былі печы у якіх варылі смалу, якую тут і здабывалі.

    Пратаўка – назва паходзіць ад бел. слова праць.  Як успамінаюць старажылы вёскі Засінцы раней ля рэчкі быў Ніжылаў луг, дзе мылі бялізну.

    Пятрыцкая - так жыхары вёскі Санюкі называюць палянку ў лесе, дзе засталіся рэшткі былых палёў, якія некалі абрабляліся вяскоўцамі.

Р

    Равок – калісь, яшчэ да вайны, паміж вёскамі Млынок і Данілаўка была вырыта вялікая канава. Яна была вельмі глыбокая, з крутымі берагамі і перайсці з аднаго берага на другі было немагчыма. Канава была як сапраўдны роў. І людзі назвалі гэтае месца “Равок”. З якой мэтай ён быў вырыты, амаль ніхто не памятае. Вестак аб гэтым вельмі мала. Старажылы кажуць, што мясціны там былі балоцістыя. Калі вясною раставаў снег, альбо ішлі моцныя праліўныя дажджы, роў ратаваў ад патаплення, уся вада сабіралася з палеткаў і сцякала ў яго. А калі было засушлівае лета, сюды хадзілі па ваду дзеля паліву. Аднойчы на адным з берагоў заўважылі крыху відны ручаёк. Раскапалі зямлю і вырылі ямку, вада бруілася з-пад зямлі. Добрыя людзі ўкапалі туды драўляную дзежку, павесілі кружку і сталі хадзіць да “Раўка” па крынічную ваду. А яна была вельмі халоднай, смачнай і празрыстай. Зараз гэты роў зусім не глыбокі, парос лесам, кустамі ажыны, травой. А крынічка і цяпер бруіцца і колькі б не чэрпаў з яе вады, яна хутка напаўняецца (в.Млынок).

    Рэбедавы штаны – існуе вельмі цікавае паданне аб гэтай назве. У вёсцы Дабрынь славіўся сваім майстэрствам каваль Канавод Рыгор, але ніхто не хацеў ведаць яго сапраўднае прозвішча, усе звалі Рэбедам. Гэтая мянушка перайшла да яго ад дзеда. Верхняя вопратка тады шылася з сукна, якое ткалі з воўны. Гэтае сукно валілася і выкарыстоўвалася для пашыву вопратак. На вопратку дзеда Рыгора не хапіла сукна чорнага колеру і на спіне ўставілі белы клін. Радасць ад абноўкі была нядоўгай, бо разам з белым клінам прыставілі і мянушку “Рэбед” (у значэнні адносна прыметніка “рабы”). Рэбедамі сталі называць увесь род Канавода Рыгора, які таксама ўнёс свой уклад у гісторыю вёскі. У пачатку 20-х гадоў ён жыў на хутары, меў некалькі дзесяцін зямлі. Але большая частка яе была заросшая хмызнякамі, пасярод якіх існавала балацянка. Колькі сіл прыйшлося укласці, каб адваяваць у прыроды гэты кавалак зямлі. І калі на ім, на здзіўленне людзям, закрасавала жыта, апошнія не прамінулі заўважыць: “Цудоўнае жыта ўрадзіла ў “Рэбедавых штанах”. І сапраўды, гэтае поле нагадвала форму штаноў.

Т

    Татарскі брод і Татарская горка – па ўспамінам жыхароў вёскі Валаўск праз   гэтыя мясціны праходзіла татарскае войска ў часы татара-мангольскага іга.

    Толшч – жыхары вёскі Засінцы гавораць, што назва пайшла ад таго, што ў гэтай мясцовасці расло шмат вялікіх і тоўстых у абхваце дубоў.

    Тхарынец – урочышча атрымала назву ад таго, што ў далёкім мінулым у гэтым месцы вадзілася шмат тхароў (в. Валаўск).

Х

    Хмаленскі круг – раней у гэтай мясцовасці быў хутар і належыў ён чалавеку па прозвішчу (мянушцы) Хмаль ці Хмаля. Гэтае месца вельмі багатае на ягады і быццам вабіць жыхароў вёскі Дабрынь сваёй прыгажосцю: “Паглядзіце на лясны дзівосны свет!”

Ч

    Чырвонае – раней, як гавораць с таражылы вёскі Валаўск, тут расло шмат каліны і рабіны. І калі ягады спелі усё наўкол чырванела.

Ш

    Штаны – на гэтым месцы было поле, зробленае па форме штаноў (в. Засінцы).

Ю

    Юркаў круг – сёння гэта луг, дзе мясцовыя жыхары займаюцца выпасам свойскай жывёлы. А раней, як успамінаюць старажылы вёскі Дабрынь, на гэтым месцы было поле селяніна Юркі. У яго было шмат зямлі, некалькі працаўнікоў-сялян, валы, якія апрацоўвалі глебу. Юрка шмат часу аддаваў працы на сваёй зямлі, атрымоўваў ураджаі, але гэтага хапала, каб расплаціцца з сялянамі і карміць жыўнасць. І так працягвалася з года ў год. Юркава мара не збылася, не выйшла з селяніна пана. З гэтых мясцін ён пераехаў у вёску, а гэтае месца з гадамі зарасло, і, як успамін, засталася толькі назва “Юркаў круг”.

    Ёсць шмат урочышчаў, назвы якіх паходзяць ад прозвішч або імёнаў уласных людзей, якія жылі або працавалі у гэтай мясцовасці: “Кручкава”, “Лявонава балота”, “Сачыкава яма”, “Васілёва лядо”, “Загароўская бель”. Але дакладна невядома, хто былі гэтыя людзі (в. Засінцы).

    Так сама ёсць шмат урочышчаў паходжанне назваў якіх дакладна невядома: “Карытнае”, “Салодзічы”, “Мураўіны мох”, “Рудніцкі брадок”, “Дымарка”, “Лосева”, “Жоўтая яма”, “Чорны мох” (в. Грышы); “Улляддзе” (в. Засінцы); “Жэлязкі”, “Нівіцы”, “Ханкоў”, “Калоды” (в. Валаўск); “Пед”, “Рыкусы”, “Рэнцаў лес”, “Скарасцецкае”, “Лукашовае”, “Аполькавае” (в. Роза Люксембург”).

    Вельмі мала дадзеных захавалася аб паходжанні назваў урочышчаў, якія знаходзяцца паблізу вёскі Санюкі: Старжамох – лес непадалёку ад балота; Тажылаўка – нізіна ля рэчкі; Вомх – частка хваёвага лесу; Вашчоўнікі – невялікая лугавіна ля дарогі; Лазнішча – участак хваёвага лесу; Бронка – балоцістая мясцовасць з заросшым лясным возерам.

Популярные сообщения

Изображение

Именные списки репатриированных граждан СССР прибывших на Винниковский сборно-пересыльный пункт г. Винники (Украина) и отправленных на сборно пересыльный пункт Полесской области (Беларусь) от 31 июля по 11 сентября 1945 года

Изображение

Список советских граждан насильственно угнанных в немецкое рабство в период временной оккупации немцами Юровичского с/совета, Калинковичского района, Полесской области, БССР

Изображение

Акты расследования злодеяний, совершенных немецко-фашистскими захватчиками против советских граждан при оккупации территории Ельского района от 14 декабря 1944 по 14 февраля 1945 гг.