Боруск

Бацькаўшчына

У 1978 г., напрыканцы вучобы ў інстытуце, у час размеркавання, у мяне быў выбар, куды падацца на работу. Многія мае аднакашнікі марылі пра Мінск, Гомель, іншыя гарады рэспублікі. А я ўбачыў у спісе Калінкавіцкі раён і заявіў: “Еду ў Калінкавічы”. Памятаю, як дэкан факультэта Уладзімір Піскун, які літаральна за некалькі дзён да гэтага сватаў мяне ў аспіранты да Івана Навуменкі ў Інстытут літаратуразнаўства, ад здзіўлення ўтаропіўся на мяне.

А я ўспомніў тады казкі дзеда Кірылы, які ў нешматлікія прыезды да нас са свайго Боруска ў Стадолічы Лельчыцкага раёна, дзе я нарадзіўся і вырас, расказваў нам, малым, пра свайго пеўня, на якім ён зімою возіць з лесу дровы, а вясной арэ поле. Мы з вялікай увагай слухалі байкі дзеда і ўяўлялі таго пеўня памерамі з добрага каня.

Прыпомніліся мне і многія байкі пра аўцюкоў і выпадкі, якія здараліся ў іх вёсках, пра што не раз расказваў мне з братамі бацька.

Уладзімір Ліпскі ў 1995 г. надрукаваў у сваёй кнізе “Аўцюкоўцы” ўспамін “Свіння-самазабойца”, у якім жыхары Аўцюкоў Марыя Васільеўна і Фёдар Цімафеевіч Дулубы расказалі:

“У нас свіння ўзлезла на царкву ды ўпала адтулека. Гэта проўда, каласок…

Бацюшку прагналі, а ў царкве зрабілі клуб. Прыехалі з райвона. Пачалі языкамі мянташыць, а ля парога іх не чутно. Дак от і вырашылі, што для клуба царква негадзяшчая. Давай туды звозіць зерне. Склад ужо зрабілі з царквы.

Неяк зайшла туды свіння. Хаіла, хаіла па вуліцы ды зайшла ў царкву. Наелася зерня і давай па драбіне тупаць уверх. Шырокія прыступкі ў той драбіны. Яна адну адолела, другую, трэцюю і залезла на званіцу. Стаіць і пазірае на Аўцюкі. Ідуць людзі па вуліцы, пачалі крычаць: “ Свіння, свіння на царкве!..”

Яна, бедная, завішчала і… скінулася.

Мы падбеглі, а яна разарваная ляжыць, а ў ёй парасяты варушацца. Паросная была”.

Дык вось пра гэтую свінню я ведаў з бацькавых аповедаў задоўга да выхаду “Аповесці пра каласкоў і калінак” Уладзіміра Ліпскага.

Мяне пацягнула на бацькаўшчыну. І я ў 1978 г. прыехаў працаваць у Калінкавіцкі раён.

Гэта, відаць, ужо з цягам часу слова бацькаўшчына сталі выкарыстоўваць у значэнні: месца, дзе нарадзіўся чалавек, ці краіна, у якой жывеш. А ў першапачатковым варыянце гэтае слова азначала месца нараджэння бацькоў.

Дык вось для мяне бацькаўшчынай у першапачатковым разуменні гэтага слова з’яўляецца Калінкавіцкі раён, у якім за 22 кіламетры на паўднёвы усход ад райцэнтра, на тэрыторыі Вялікааўцюкоўскага сельсавета, размясцілася невялічкая, дажываючая свой век вёсачка Боруск.

Менавіта тут 26 студзеня 1926 г. у сям’і нядаўняга чырвонаармейца Гарыста Кірылы Іванавіча, які, вярнуўшыся са службы ў Чырвонай Арміі, ажаніўся на аднавяскоўцы Лізавеце, нарадзіўся першынец — мой бацька Іван.

Некалі штматлюдны, гаманкі, працалюбівы і жыццярадасны Боруск сёння неяк прыціх, пастарэў, згорбіўся і апусцеў: старыя людзі пакрыху адміраюць, а маладыя падаліся ў горад.

Няма тут больш ні школы, ні магазіна, ні іншых дзяржаўных устаноў. Адно толькі, што і засталося з грамадскіх збудаванняў, дык гэта жывёлагадоўчая ферма, якую некалькі гадоў таму адрадзіў да жыцця сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Дружба-Аўцюкі” на ўскрайку паселішча.

Даўно хацеў больш дэталёва пазнаёміцца з гісторыяй Боруска, ды ўсё заміналі іншыя, больш неадкладныя справы. Але пасля чарговай размовы з малодшай сястрой бацькі, 76-гадовай Марыяй Кірылаўнай, якая ўспомніла пра вайну, узяўся за пяро і пошукі ў архівах.Праўда, што дарма казаць, ёсць у барусканскіх хатах электрычнасць, ёсць аўтобусная і тэлефонная сувязь са светам, у вёску прыходзіць пошта і аўталаўка, але ў ёй ужо амаль не чуваць дзіцячага смеху – на ўсю вёску пяцёра дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. А гэта, як вядома, галоўная прыкмета адмірання вёскі.

Пачаў з дзядоў. Род наш, як расказалі мне малодшыя сястра і брат бацькі: Маня і Алёша, пачаўся з Гарыста Цімаха, бо ў Боруску так і звалі ўсіх нашых – Цімашковы. У Цімаха было трое сыноў: Андрэй, Іван і Мацвей.

Мой прадзед Іван з жонкай Уллянай нарадзілі семярых: Антона, Пацея, Параску, Аўдулю, Кірыла, Аляксандра і Фядору.

Мой дзед Кірыла, які нарадзіўся ў 1901 г., у пачатку 20-х гадоў служыў у крамлёўскім палку, які ахоўваў Леніна. Як і многія барусканцы, што вярнуліся ў вёску пасля тэрміновай службы ў тыя гады, ён заняўся спрадвечнай сялянскай справай: сеяў і расціў хлеб; разам з бабуляй Лізаветай нараджаў і гадаваў дзяцей.

У сям’і майго дзеда Кірылы за маім бацькам адно за адным нарадзіліся: у 1928 г. сын Грышка, які памёр у хуткім ад нейкай дзіцячай хваробы, у 1931 г. дачка Вольга, у 1936 г. сын Пятро. У 1940 г., праз тыдзень пасля свята Пятра, у сям’і паявілася маленькая Манька, а ўжо пасля вайны, у 1947 г., Саша, якога ўсе дагэтуль у вёсцы клічуць Лёшай.Лізавета была пятым дзіцём у сям’і барусканца Барысенка Прохара Савіча з роду, які ў вёсцы клічуць Збароўшчынай. Разам з жонкай Тэкляй, якая ў дзявоцтве таксама паходзіла з Барысенак, нарадзілі 10 дзяцей: Марыю, Хвядору, Марыну, Яўгенію, Лізавету, Сяргея, Архіпа, Міная, Арсена і Цярэнція. У Прохаравай жонкі былі яшчэ браты Аніська і Марцін.

Казацкае паселішча

Абсалютная большасць назваў вёсак і гарадоў захоўвае ў сабе гісторыю паходжання паселішча. Дастаткова толькі пільным позіркам угледзецца ў гэтую назву. Гэтак жа і з Борускам. У корані дадзенай назвы – слова бор. Што такое сасновы бор, вядома кожнаму. Магчыма, па прычыне суседства з сасновымі барамі, якія і сёння акаляюць вёску, яго заснавальнікі некалі і назвалі сваё паселішча Боруском.

У літоўскай мове слова baras азначае ўчастак поля, ніву. Можа быць, хтосьці з першапасяленцаў для назвы свайго паселішча і запазычыў гэтае слова з мовы сваіх продкаў?

Але гэта я так, наўскідку, без спасылак на аўтарытэты.

У 1990 г. у адным з артыкулаў я выказаў меркаванне аб паходжанні назвы в. Боруск ад назвы старажытнага племені барускі (Газета «За камунізм», 11 кастрычніка 1990 г.).

Вывучаючы пазней гістарычныя публікацыі, я натыкнуўся на даследаванні акадэміка архітэктуры Г. Я. Макеева. Вучонага цікавіла: якім на самай справе было імя «дакіеўскага Кіева»?

У зборніку «Пам‘ятки Украині» № 6 за 1993 г. з’явіўся яго артыкул на ўкраінскай мове «Боричев — ядро-гарадзішча Кіева». У 1999 г. у часопісе «Новая кніга Расіі» №3 пад назвай «Сведения об исчезнувшем граде Боричеве» быў апублікаваны гэты ж артыкул, але ўжо на рускай мове.

Генадзь Якаўлевіч выказаў здагадку, узяўшы ў якасці першакрыніц «барычаўскія» тапонімы цэнтра старажытнага Кіева: «Барычаў яр», «Барычаў увоз», «Барычаў цік» і іншыя, што да ўтварэння Кіева на Замкавай гары на суседнім узгорку ўтварылася крэпасць-горад пад назвай Барычаў, якая апасля змяніла сваю назву на Барусцень, а затым на Боруск.

Так што, як бачыце, калінкавіцкі Боруск з часам паўтарыў адну з першапачатковых назваў старажытнага Кіева.

Яшчэ раней старажытны гісторык Герадот у V ст. да н. э . у гл. IV сваёй «Гісторыі», як, зрэшты, і іншыя старажытнагрэцкія і рымскія гісторыкі аж да II стагоддзя н. э. згадвалі ў сваіх трактатах аб вялікай рацэ Усходняй Еўропы Барусцене (пазней – Барысфен, старажытная назва Дняпра – І.Г.) і людзях, якія жылі ў яе даліне — барусцянітах (барысфянітах).

У старажытных грэкаў была легенда, якая сцвярджала, што ад Зеўса і дачкі Барусценя нарадзіўся першы скіф Таргітай, які затым нарадзіў трох скіфскіх цароў – родапачынальнікаў трох скіфскіх плямёнаў.

Барусцень у гэтай легендзе выступае ў якасці старажытнага бога Бора, які быў не толькі богам ракі, але і вярхоўным богам барусцянітаў. Бор у старажытныя часы быў галоўным з найстарэйшых арыйскіх багоў! У Афганістане (старажытнай краіне арыяў – І.Г.) да гэтага часу паказваюць на святую гару Тора-Бора.

Мяркуючы па найстаражытнейшых германскіх легендах, Тор быў богам грому і маланкі (як Зеўс, Юпітэр ці Пярун), а Бор – самім Творцам Сусвету! Прычым дзеці яго — буры (Одзін, Гойнір, Ладзьюр) стварылі ў гэтым Сусвеце ахоўваемы рай — зямлю Мітгард. (А.Н. Веселовский. СОРЯС, вып.6, с.23).

У старажытных грэкаў Бор нейкім чынам ператварыўся ў ледзянога Барэя— бог духа ветру, які жыў недзе на поўначы, мяркуючы па ўсім — на Барусцені-Дняпры. Там знаходзілася і краіна Барэя, так як яшчэ паўночней знаходзілася іншая краіна — Гіпербарэя.

«Паколькі гіпербарэйцаў, як і краіну Гіпербарэю, згадваюць з VIII стагоддзя да н. э. Гамер, затым Гесіёд, Гекатей, Герадот, то і краіна — горад — капішча Барэя (Барусценя, Бору па-руску) існавалі з гэтага ж часу. Зрэшты, Герадот, які ссылаўся на Гамера, не расшыфроўваў імя «Барусцень» (ён не ведаў, што такое «сцень»), не атаясамліваў другараднага ветрадуя Барэя з першарадным арыйскім Творцам Сусвету Борам — ідал якога, трэба меркаваць, стаяў на Замкавай гары над кіеўскай Почайнай – пазней, у горадзе Боруску, Барычаве», — напісаў у сваім артыкуле акадэмік.

Далей Генадзь Макееў напісаў: «На першую змену-карэкцыю імя граду на Замкавай гары (Барусценя на Боруск) паўплывалі натуральнае скарачэнне доўгага імя на кароткае і змена грэцкіх інфарматараў на рымскіх.

Страбон яшчэ пісаў пра Барысфен у I стагоддзі н. э., але ўжо Пталамей у II стагоддзі згадваў у зоне ракі «барыскаў» або «барусцаў».

Рымскія пісьменнікі адкінулі ад грэцкага «Барысфен» бессэнсоўнае для іх «фен» і племя барысфянітаў стала барыскамі, барускамі, барусцамі, відавочна па імені горада Боруска. Але рымляне адлюстравалі толькі мясцовыя рэаліі, мясцовы працэс: рака Барысфен стала «Данапром».
У сваю чаргу акадэмік Ю. К. Бегуноў у сваёй «История Руси» (Том 1: С древних времен до Олега Вешчего. СПб.: Палитэхника. 2007) распавёў наступнае:

«Барусіны, альбо барускі, лясная русь, якая жыла па Дняпры, — гэта аславяніўшыяся скіфы. Клаўдзій Пталамей у сваім «Геаграфічным кіраўніцтве» (44 г. н. э.) называе барускаў у пераліку народаў пасля савараў (або «паўночнікаў», па Шахматаву) і дадае, што яны рассяліліся «аж да Рыпейскіх гор»…

Грэк Зосім у сваёй «Новай гісторыі» (сярэдзіна III ст.) паведамляе, што «барускі» пад імем «боранды» ў саюзе з готамі і карпамі разграмілі Баспорскае царства, калі там правіў цар Саўрамат IV (236-238 гг.), а рымскім намеснікам быў Тыберый Юлій Тейран. І было гэта ў 238 г. Тады пачаўся адток рымскіх ваенных сіл з Крыму, а іх месца занялі сарматы і славяне.

Барусія ж распасціралася ад Ра-ракі (Волгі) да Непры і Карпацкіх гор і да вусця Дуная, але ворагі цяснілі яе з усіх бакоў.

Надышлі нядобрыя часы. Каля 375 г. Барусія была разгромлена.

Вось такая гісторыя старажытнага племені барускаў, ад якіх, відаць, і пайшла назва Боруска, што побач з Вялікімі Аўцюкамі.

Не менш цікавай з’яўляецца і гіпотэза аб заснавальніках Боруска, Вялікіх і Малых Аўцюкоў.

Калі вам давядзецца вывучаць гісторыю Запарожскай Сечы, то вы можаце натыкнуцца на наступную інфармацыю. Запарожская Сеч, як вядома, з XVI па XVIII стагоддзе з’яўлялася ваенным і адміністрацыйным цэнтрам дняпроўскага казацтва,вядомага сваім вольналюбствам, якое размяшчалася ў нізоўях Дняпра, на поўдзень ад цяжкапраходзімых дняпроўскіх парогаў.

Дык вось, пасля разгрому шведаў пад Палтавай, некаторыя запарожцы сышлі на поўдзень, і ў 1710 годзе пры ўпадзенні ў Днепр ракі Каменкі, што на Херсоншчыне, заснавалі новую Сеч.

Аднак па загаду Пятра I яна была разбурана войскамі гетмана Скарападскага і генерала Бутурліна.
Запарожцы адышлі яшчэ далей і зрабілі яшчэ адну спробу заснаваць Сеч у турэцкіх межах. І адразу ж сталі адчуваць прыгнёт з боку крымскіх татараў і нагайцаў. Тады казакі паспрабавалі вярнуцца ў Расію, але Пётр І адхіліў іх просьбу.

Запарожцам удалося вярнуцца на радзіму толькі ў 1735 годзе пры імператрыцы Ганне Іаанаўне.

Канчаткова іх лёс быў вырашаны 5 жніўня 1775 года з падпісаннем расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ маніфеста «Аб знішчэнні Запарожскай Сечы і аб далучэнні яе да Наварасійскай губерні».

Больш за 5 тыс. запарожцаў, сагнаных са сваёй зямлі, сышлі ў Турцыю і заснавалі там Задунайскую Сеч (1775-1828 гг.).

У 1787 г. казацкія старшыны падалі прашэнне на імя імператрыцы, у якім выказалі жаданне па-ранейшаму служыць. Было сфарміравана Вернае войска Запарожскае, якое ўдзельнічала ў руска-турэцкай вайне 1787-1792 гг. Па заканчэнні вайны войска было пераўтворана ў Чарнаморскае казацкае войска і пераведзена на Кубань.

У 1860 годзе Чарнаморскае казацкае войска было зліта з Каўказскім лінейным і стала называцца Кубанскім казацкім войскам.

Частка запарожскіх казакоў, як напісалі затым розныя даследчыкі казачай гісторыі, “… асела ў балотах і твані беларус-кага Палесся, на тэрыторыі Мазырскага павета, маючы на ўвазе, перш за ўсё, вёскі: Боруск, Вялікія і Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага раёна. Для гэтых населеных пунктаў да гэтага часу характэрны вядомыя казацкія прозвішчы: Гаркуша, Малашчанка, Сцепаненка, Ком, Капітан, Шашолка і інш.” (http://dic.academic.ru).

Дарэчы, вядомы беларускі этнограф і фалькларыст Ісак Сербаў у пачатку мінулага стагоддзя ў кнізе «Поездки по Полессью 1911-га і 1912 гг.» вось як характарызаваў жыхароў вышэйназваных населеных пунктаў:

«Рэзка вылучаючыся сваёй знешнасцю і гаворкай сярод навакольнага насельніцтва, яны ўяўляюць надзвычай цікавы этнаграфічны тып. Аўцюк перш за ўсё паўднёвец, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Гаворыць ён скорагаворкай з паўднёва-рускім акцэнтам, адвольна скарачаючы словы. У яго гутарцы можна пачуць такія выразы: «Хоіла мая дзень, або два, ды і нічога не выхоіла». — «Мо бутца трэа?» — «Озьміце-ка я на ба плечы…»

Па ўсёй верагоднасці, запарожскія казакі, якія заснавалі ў XIX ст. вёску, з’яўляючыся далёкімі нашчадкамі барускаў, запазычылі з старажытнай гісторыі і назву свайго паселішча, назваўшы яго Барускі. Так – так, вы не памыліліся, менавіта Барускі. Яшчэ ў 20-30-я гг. мінулага стагоддзя на ваенных тапаграфічных картах вёска занатавана менавіта пад гэтай назвай. Гэта пазней, ужо яна стала называцца так, як сёння, Борускам.

А можа назва паселішча ўзнікла ў яшчэ больш раннія часы? Калі, напрыклад, меркаваць па археалагічных помніках, то людзі ў ваколіцах Боруска пасяліліся на шмат стагоддзяў раней.

За 2 км ад вёскі, ва ўрочышчы Кунаядь, да сённяшніх дзён захаваліся 4 курганы, якія з’яўляюцца старажытнымі сведкамі дзейнасці чалавека ў гэтых мясцінах у глыбокай старажытнасці.

Дарэчы, сама назва ўрочышча ў перакладзе з літоўскай мовы азначае ежа куніцы. (Фасмер М. Этимологический словарь русского языка: В 4-х т.: Пер. с нем. — 2-е изд., стереотип. — М.: Прогресс, 1986).

А па дарозе з Боруска на Хобнае ёсць урочышча, якое называецца Барусек. Там барусканцы і дагэтуль збіраюць грыбы. А да вайны там быў хутар.

Дарэчы, хутары паблізу Боруска былі і ў кутку паміж развілкамі дарог Хобнае-Ужынец-Крышычы.
Па пісьмовых крыніцах Боруск вядомы з XIX ст. як вёска ў Аўцюцэвіцкай воласці Рэчыцкага павета. У 1834 г. яна налічвала 17 двароў, у 1897 г. ужо 38 двароў, у якіх пражывалі 494 жыхары.

У вёсцы на той час былі свая школа граматы і хлебазапасны магазін. (Гарады і вёскі Беларусі. Энцыклапедыя. Том 1. Мінск. «Беларуская энцыклапедыя».2004. с. 535).

“Заснавальнікамі вёскі былі Барысенка, Гаркуша, Гарыст, Капітан, Стома і Судас…”

Ніна Рыгораўна Пырко, 1968 г.н., настаўніца СШ № 1 г. Калінкавічы расказвае:

— Як расказвалі мне мае бацькі і старэйшыя жыхары вёскі, заснавальнікамі Боруска былі Барысенка Сава, Гаркуша Даніла, Гарыст Цімох, Капітан Яўсей, Стома і Судас.

Барысенкаў у вёсцы называлі Збароўшчынай (мая матуля з гэтага роду). Гаркуш (гэта мой род) – Гершунамі. Род Стомы –Зэбзікавы.

Кожны з гэтых радоў затым разросся. Напрыклад, у Барысенкі Савы былі сыны Яўмін, Прахор, Кірэй, Сяргей і Сцяпан. Ужо ў сына Сцяпана Міхаіла – шасцёра дзяцей: Мікалай, Ганна, Пятро, Аляксандра, Еўдакія і Вольга. А ў Прахора Савіча (мой прадзед па бабулінай лініі – І.Г.) дзесяць дзяцей.

Старыя казалі, што на барусканскія землі першапасяленцы перасяліліся з Вялікіх Аўцюкоў. А так гэта ці не, хто яго ведае. Мусіць, у пошуках зямлі людзі сапраўды ішлі на новыя землі, бо ў ХІХ стагоддзі Вялікія Аўцюкі былі самай густанаселенай вёскай на тэрыторыі сённяшняга Калінкавіцкага раёна – у 1848 г. тут было 113 двароў, а ў 1885 г. – 161 двор, у якім пражывала 1025 жыхароў.

З даўніх часоў сярод барусканцаў і аўцюкоў ходзіць легенда аб сваім паходжанні ад беглых людзей. У гады майго дзяцінства ў нас у вёсцы, на Хутары, жыў дзед Гаўрылік з роду Гарыстаў. Дык гэты дзед ўвесь час шукаў золата, якое нібыта затанула ў час праезду па Кацярынінскаму шляху самой Кацярыны II. Наўкола Боруска было шмат балот і багнаў. Дык гэты дзед, як расказвалі аднавяскоўцы, перакапаў лапатай усё ўрочышча Круглае, што знаходзіцца непадалёк ад Боруска, але нічога не знайшоў. Дарэчы, дзед Гаўрылік быў адукаваным і набажным чалавекам,ён у вёсцы, калі хто паміраў, замест свяшчэнніка чытаў малітвы над нябожчыкам.

Мае старэйшыя браты і іх сябры, калі былі малыя, таксама шукалі клад. Як толькі вясенняе сонейка зганяла снег з зямлі, ішлі на Хутар (частка вёскі, якая размешчана крыху з боку ад асноўнай вуліцы, якая мае назву Партызанская – І.Г.) і капаліся там у пяску, шукалі гільзы ад патронаў, якіх засталося шмат пасля вайны. Аднойчы брат знайшоў на Хутары дзве капейкі: адну срэбную, другую – медную. Вось і ўвесь “казацкі” клад, які ўдалося знайсці. Праўда, дзед Гаўрылік меў залатую манету размерам з пятак. Адкуль яна ў яго ўзялася ніхто не ведаў.

Cельскі савет

Адміністрацыйна Боруск з 1917 па 26 красавіка 1919 г. уваходзіў у склад Аўцюцэвіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні, затым Гомельскай губерні. У Аўцюцэвічах быў створаны валасны рэвалюцыйны камітэт, сакратаром якога з 10 студзеня 1920 г. з’яўляўся нядаўні радавы 171-га палка, селянін-барусканец Барысенка Нічыпар Марцінавіч, 1890 г. н.Рэвалюцыйныя і іншыя падзеі першых трох дзесяцігоддзяў мінулага стагоддзя не абышлі бокам і 129-дваровы Боруск, у якім на 1922 год пражывала 965 жыхароў. (УЗДАМ. ф.98, воп. 1, с. 20, л. 14).
Пасля выгнання іншаземных захопнікаў аднавілі сваю работу органы савецкай улады.

25 лютага 1921 г. на сельскім сходзе ў Боруску адбыліся выбары членаў Борускага сельсавета. У выніку тайнага галасавання большасцю галасоў членамі сельсавета былі абраны Гарыст Антон (ён жа быў абраны старшынёй – І.Г.), Стома Андрэй (намеснік старшыні – І.Г.), Пырко Навум (сакратар сельсавета – І.Г.), Заранок Кузьма, Стома Ціт, Буцэнка Рыгор Ал., Буцэнка Цярэнцій (члены – І.Г.).
На гэтым жа сходзе Барысенка Нікіфара і Гарыста Ігната абралі прадстаўнікамі ад вёскі на павятовы з’езд. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 15, л.12).

У склад Борускага сельсавета ўваходзіла толькі вёска Боруск. Па нарматывах таго часу ў сельсавет выбіралі аднаго члена ад 100 жыхароў, але так, каб было не меней пяці членаў.

У адпаведнасці з Пастановай УЦВК “Аб сельскіх Саветах” ад 15 лютага 1920 г. сельскі савет выбіраўся на тры месяцы. Затым ішлі перавыбары.

Так было і ў Боруску. 24 чэрвеня 1921 г. членамі Борускага сельсавета былі абраны Мельнічэнка Макарый, Стома Іван, Пырко Навум, Стома Андрэй, Барысенка Міхаіл. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 15, л.34). А ўжо 14 лістапада ў склад сельсавета былі выбраны Буцэнка Ігнат Пракопавіч, Буцэнка Яфім Іванавіч, Гарыст Мацвей Цімафеевіч, Гаркуша Рыгор Ермалаевіч і Капітан Апанас Нікіфаравіч.

Прадстаўніком на павятовы з’езд абралі Гарыста Андрэя Цімафеевіча. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 15, л.51).
А праз год, 14 лістапада 1922 г., у склад Борускага сельсавета ў чацвёрты раз быў абраны 41-гадовы Стома Андрэй Паўлавіч, які стаў старшынёй, 33-гадовы Гаркуша Карп Андрэевіч (намеснік старшыні – І.Г.), 38-гадовы Стома Дзяніс Канстанцінавіч, 33-гадовы Мельнічэнка Васіль Сцяпанавіч, 32-гадовы Барысенка Нічыпар Марцінавіч і 28-гадовы Стома Мікалай Фёдаравіч.

Усе яны былі з беднякоў, беспартыйныя і малаадукаваныя, за выключэннем Барысенкі Нікіфара, якога абралі сакратаром сельсавета. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 20, л.76).

Дарэчы, пад час выбараў не ўсе маглі прымаць удзел у выбарах, а таксама быць выбранымі. Так, напрыклад, у спіс асоб, якія не мелі права быць выбранымі і выбіраць, у Борускі сельсавет былі занесены 48-гадовы Барысенка Фёдар Максімавіч і 38-гадовы Стома Яўсей Антонавіч, якія раней працавалі ў паліцыі стражнікамі, а таксама “хлебопашцы” (так адзначана ў спісе- І.Г.): 75-гадовы Судас Рыгор Фаміч, 36-гадовы Заранок Васіль Іовавіч, 30-гадовы Стома Нічыпар Антонавіч, 65-гадовы Судас Арцём Нічыпаравіч, 68-гадовы Заранок Нічыпар Кузьміч, 35-гадовы Гаркуша Мітрафан Цімафеевіч, 34-гадовы Гаркуша Іван Рыгоравіч, 73-гадовы Стома Фёдар Ціханавіч, 35-гадовы Судас Пётр Канстанцінавіч, 45-гадовы Барысенка Ілля Максімавіч і 50-гадовы Судас Фама Канстанцінавіч.

Усе гэтыя “хлебопашцы” былі асуджаны выяздной сесіяй Гомельскага губернскага рэвалюцыйнага трыбунала па харчовападаткавых справах. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 20, л.32).

5 лютага 1923 г. барусканцы сабраліся на вясковы сход, на якім абмяркавалі ход спраў у сельскай кааперацыі, а таксама прынялі рашэнне аб арганізацыі ў Боруску хаты-чытальні і адкрыцці школы.
Намеснік старшыні сельсавета Гаркуша Карп падрабязна расказаў сваім аднавяскоўцам аб сутнасці кааператыўнай справы. На падставе Дэкрэта ад 20 сакавіка 1919 г. “Аб аб’яднаных рабоча-сялянскіх кааператывах” у сельскай мясцовасці былі створаны Е.П.О. — адзінае спажывецкае таварыства, якое ажыццяўляла сваю дзейнасць на аснове паявых узносаў. Менавіта спажывецкае таварыства было прызвана садзейнічаць пашырэнню гандлёвай справы.

Старшыня вясковай лавачнай камісіі Барысенка Нічыпар зрабіў справаздачу аб рабоце лавачнай камісіі за 1922 г., выказаў незадавальненне аплатай яе ўтрымання, і прапанаваў здзейсніць перавыбары камісіі.

Яго прапанову падтрымалі. І ў склад новай лавачнай камісіі выбралі членамі: Барысенку Нічыпара Марцінавіча і Гарыста Ігната Канстанцінавіча, кандыдытам – Ком Ануфрыя Радзівонавіча. У кантрольны савет за работай мясцовых гандляроў выбралі Гаркушу Сідара Ер. і Заранка Архіпа Нічыпаравіча, кандыдатам — Гарыста Андрэя Цімафеевіча.

На валасны з’езд, на якім меркавалася здзейсніць перавыбары праўлення Аўцюцэвіцкага Е.П.О., што планаваўся на 18 лютага, вырашылі накіраваць Барысенку Нічыпара Марцінавіча.

Жывое абмеркаванне на вясковым сходзе выклікала і пытанне аднаўлення работы школы. Так, сакратар сельсавета Барысенка Нічыпар выказаўся, “…што закрыццё дзяржаўнай школы ў нашай вёсцы з’яўляецца глыбокай памылкай грамадзян таварыства з аднаго боку і органаў улады з другога”.

Ён прапанаваў “… неадкладна адкрыць у Боруску школу, хоць бы на дагаворных пачатках ці, у крайнім выпадку, хату-чытальню, якая будзе служыць падставай для адкрыцця школы і іншых культурна-асветніцкіх навук”.

Так і было вырашана. Сельскі савет атрымаў заданне заключыць дагавор пад арэнду хаты-чытальні, а ў 1924 г. адкрыць у вёсцы школу 1-й ступені. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 28, лл. 18-19).

У пачатку лютага ў вёсцы сабіраліся яшчэ на адзін сход. У адпаведнасці з распараджэннем павятовага выканаўчага камітэта ад 9.02.1923 г. № 924 трэба было адабраць па вёсках воласці 50 народных засядацеляў, якія будуць прымаць удзел у рабоце народных судоў пад час разбору спраў. Барусканцы выбралі на гэтую ролю сваіх аднавяскоўцаў: Гарыста Андрэя Цімафеевіча, Гарыста Антона Іванавіча, Гаркушу Сідара Ермалаевіча, Стому Панцялея Міронавіча і Стому Ціта Раманавіча. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 27, л. 32).

17 сакавіка 1923 г. адбылося пасяджэнне членаў Борускага сельсавета, на якім яго старшыня Андрэй Стома зрабіў справаздачу аб сваёй рабоце за справаздачны перыяд.

Справаздача малаадукаванага кіраўніка сельсавета была, відаць, настолькі непераканаўчай, што не спадабалася нават яго малаадукаваным калегам па сельсавету. Ва ўсякім разе сухія радкі афіцыйнага пратакола пасяджэння зафіксавалі наступнае:

“З сутнасці дакладу старшыні савета відаць яго масавая бяздзейнасць, якая з аднаго боку заключаецца ў яго стомленнасці, з другога – у адсутнасці ведаў у справе работы сельсавета, што з’яўляецца злачынствам па пасадзе і адсутнасцю работы дзяржаўнага значэння. А таму пасяджэнне
ПАСТАНАВІЛА:

Перавыбраць старшыню сельсавета. Замест А.Стома назначыць яго намесніка К.Гаркушу”.

На гэтым жа пасяджэнні былі прыняты рашэнні: аб зборы на патрэбы школы па вёсцы натуральнага падатку ў выглядзе 20 пудоў жыта; аб стварэнні насеннага фонду ў якасці гарантыі аказання дапамогі бяднейшаму насельніцтву ў выпадку стыхійных бедстваў рознага роду.

Была таксама створана вясковая камісія па барацьбе з самагонакурэннем, у якую ўвайшлі Гаркуша Мітрафан, Буцэнка Раман і Ком Іван. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 28, л. 27).

Адным словам вёска жыла сваімі клопатамі, а мясцовая ўлада па цыркулярах “з верху” накіроўвала яе ў напрамку новых арыенціраў. Больш усяго вясковае сялянства пасля цяжкіх гадоў Грама-дзянскай вайны і палітыкі ваеннага камунізму, калі збожжа выграбалі са двароў пад мяцёлку, цікавілі пытанні фіксаванага падаткаабкладання, наяўнасць уласнага кавалка зямлі і варыянты выхаду з бядотнага становішча. Таму пытанні землекарыстання, развіцця сельскай гаспадаркі былі, бадай, больш актуальнымі, чым перавыбары сельсавета, вайсковая мабілізацыя і іншая штодзёншчына.

У канцы сакавіка, 29 дня 1923 г., у Боруску на вясковым сходзе кагалам абмяркоўвалі пытанні, якія планавалася вынесці на валасную канферэнцыю, што меркавалася на 1 красавіка. Сакратар сельсавета Барысенка напачатку агучыў пытанні, якія выносіліся на канферэнцыю. У іх ліку былі: міжнароднае і ўнутранае становішча; зямельныя пытанні; падаткі ў вёсцы; бягучыя справы; шэфства над 38-м кавалерыйскім палком; выбары дэлегатаў канферэнцыі.

Старшыня сельсавета Карп Гаркуша, дакладваючы аб унутраным становішчы РСФСР, адзначыў, што ”…сельскагаспадарчая вытворчасць, якая з’яўляецца асновай будаўніцтва дзяржавы ў апошні час крайне абяднела і далёка не можа дасягнуць свайго прызначэння”. Па меркаванні сходу барусканцаў прычынай гэтага з’яўляецца адсутнасць матэрыяльных сродкаў для ўзняцця сельскай гаспадаркі.

Пасля доўгіх спрэчак барусканцы таксама адзначылі, што “пры такіх умовах землекарыстання, якія існуюць на гэты час, дзяржава ў дальнейшым можа спаўзці да поўнага жабрацтва”. Сяляне выказалі сур’ёзны папрок у адрас Аўцюцэвіцкага валвыканкама, які “…празмерна пашырае асабістую выгоду сялян в. Аўцюцэвічы, для якіх ўжо намечаны адвод зямлі ля вёсак Сырод і Лозкі, і часткова ля Боруска, а пры такім раскладзе некаторае насельніцтва можа апынуцца ў пакрыўджаным стане”.

Не абмінулі сяляне Боруска і магчымасці выказаць сваё меркаванне паводле арганізацыі ў краіне новай эканамічнай палітыкі (НЭПа):

“Патрэба сродкаў на аднаўленне разбуранай дзяржавы і ўтрыманне Чырвонай Арміі вялікая. Не меншая патрэба і ва ўтрыманні адміністрацыйнага і тэхнічнага складу служачых дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў. Наколькі неабходна існаванне таго і другога, настолькі неабходны і падаткі ў вёсцы, настолькі неабходна дапамога сялянскай гаспадарцы, якая з’яўляецца асновай будаўніцтва дзяржавы.

Калі мы перажывалі цяжар дарэвалюцыйнага і рэвалюцыйнага ваеннага часу, мы не лічыліся ні з якімі патрабаваннямі да нашай сялянскай гаспадаркі, і калі азірнуцца назад, то мы здолелі вынесці столькі цяжару, што гэта дагэтуль з’яўляецца нявылечнай ранай нашай сельскай гаспадаркі. Падаткі мінулых пяці гадоў, асабліва 1921-1923 гг., для нас, сялян, былі крайне непасільнымі, але цяпер мы прыходзім да больш мірнага становішча і пачынаем аднаўляць усё разбуранае, а затым уладкоўваць новае эканамічнае жыццё ў краіне. На сёння наша Чырвоная Армія ўжо скарочана, фабрыкі і заводы, як бачна са зводак, павялічваюць сваю прадукцыйнасць, але патрэба у іх вырабах яшчэ вялікая.

На думку схода, трэба скараціць штат служачых дзяржаўных устаноў і яшчэ больш павялічыць прадукцыйнасць на фабрыках і заводах. Толькі пры гэтых умовах новая эканамічная палітыка можа праводзіцца паспяхова”.

А вось, што тычыцца шэфства над кавалерыйскім палком, то барусканцы адмовілі яму ў гэтым, бо добра разумелі, што гэта дадатковыя паборы з кожнага сялянскага двара.

Дэлегатамі на валасную канферэнцыю выбралі: Гаркушу Міхаіла Рыгоравіча, Стому Ціта Раманавіча, Барысенку Міхаіла Сцяпанавіча, Гарыста Андрэя Цімафеевіча, Гарыста Антона Іванавіча і Буцэнка Ігната Прохаравіча. (УЗДАМ. ф. 98, воп. 1, с. 28, лл. 37-38).

Борускі сельсавет праіснаваў да 10 лістапада 1927 г. і быў ліквідаваны. Вёску Боруск уключылі ў склад Вялікааўцюкоўскага (Аўцюцэвіцкага ) сельсавета Юравіцкага раёна.

«Чырвоны боруск»

Вывучаючы падшыўку газеты “За камунізм” за 1967 год у №№ 65-69, натыкнуўся на нарыс журналіста Юліяна Поляка “Першая баразна”.

Яго пачатак адразу ж заінтрыгаваў:

“У 1929 годзе ў вёсцы Боруск быў створан калгас «Чырвоны Боруск». Адным з яго арганізатараў быў камсамолец Канстанцін Гаркуша, член сельскага Савета. Гэты дваццацідвухгадовы юнак разам са сваім бацькам, усёй сям’ёй назаўсёды парвалі з аднаасобнай гаспадаркай… Іх прыкладу паследавалі аднавяскоўцы.

Ворагі калгаснага ладу, кулакі зненавідзелі і ў той жа час баяліся Канстанціна. Баяліся за яго праўду, яго пылкія выступленні, у якіх ён гнеўна абрушваўся “на эксплуататараў і міраедаў”, баяліся яго аўтарытэту ў вёсцы, яго ўплыву, асабліва на моладзь. Кулакі рашылі забіць Канстанціна”.

Вось, думаю, пашчасціла, раскапаў мала каму вядомую гісторыю пра Боруск. Пачаў чытаць далей:

“Андрэй Цімафеевіч Гарыст крочыў з вугла ў вугал свайго дома і ўсё папыхваў люлькай. Заўсёды, калі ён хваляваўся, быў чымсьці ўстрывожаны, ён не выпускаў люльку з рота.

<…> На доўгай лаўцы, што стаіць уздоўж сцяны, сядзіць яго сын Антон – здаровы хлопец, увесь у бацьку – і тварам, і высокай фігурай, з такім жа хуткім позіркам чорных вачэй, і брат Андрэя Цімафеевіча Мацвей.

Толькі што з дому ўйшлі Мірон Барысенка і Есіп Гаркуша – старыя сябры гаспадара. Часта яны бываюць разам, а ў апошні час не было таго дня, каб не заглянулі да Гарыста. Было ім аб чым пагутарыць…

<…> — Здорава, Андрэй, ты іх ашукаў. Вось убачыш, заўтра ж пабягуць яны за заявамі.

— А мы яшчэ пачакаем. Падавалі першымі, а забяром апошнімі. Няхай спачатку зробяць гэта тыя, хто змагаўся за калгас…

<…> Розуму, сапраўды, не займаць яму, Андрэю Гарысту. Ён сваю справу зрабіў. Сам быццам у баку, за яго дзейнічаюць другія, такія як Мірон Барысенка, Есіп Гаркуша. Нездарма ж іх борускаўцы трапна ахрысцілі: падкулачнікі.

Нямногія ў вёсцы здагадваліся, што Андрэй Гарыст і яго брат Мацвей употай падкопваюцца пад калгас, пад самы яго зародак, разлагаюць людзей, атручваюць іх душы ядам недавер’я да калектыўнай працы.

На сходах, а тады борускаўцы што ні вечар збіраліся, Гарысты звычайна адмоўчваліся, больш слухалі, за іх гаварылі другія.

Затое потым, сустрэўшы свайго аднадумцу або няўстойлівага, слабавольнага, о, тады яны знаходзілі агульную мову, гаварылі, што думалі.

Здзіўляўся старшыня калгаса Рыгор Мартынавіч Барысенка, чаму гэта большасць борускаўцаў павярнулася спіной да калгаса, рэзка змяніла сваю думку. А яна,здаецца, была ужо цвёрдай. Прайшло якіх-небудзь два-тры месяцы, як нарадзіўся калгас, і борускаўцы ўжо парываюць з ім.

Прыходзяць і патрабуюць: вярні, Мартынавіч, коней, аддай, старшыня, быкоў! І гэта тады, калі вось-вось трэба ў поле.

Днямі старшыня быў у Юравічах, у райвыканкаме. Там яму абяцалі даць некалькі новых плугоў, выдзяліць нямнога насення, нават мінеральныя ўгнаенні”.

Чым больш чытаў, тым больш узнікала пытанняў.  На пачатку 20-х гадоў, калі кожны селянін гарбаціўся на ўласным кавалку зямлі, улада клапацілася толькі пра тое, каб з яго садраць паболей хлеба. Як і якім чынам, за кошт чаго селянін атрымлівае гэты хлеб, уладу не хвалявала. Башкавітых, працавітых і моцных гаспадароў, нават, у перыяд ваеннага камунізму, як, напрыклад, Андрэя і Мацвея Гарыстаў, выбіралі членамі сельскага савета, прадстаўнікамі ад вёскі на розныя канферэнцыі і з’езды, у іншыя прадстаўнічыя органы. Моцнымі гаспадарамі і заможнымі сялянамі ўлада на першых сваіх кроках не грэбавала. Але гэта было толькі да таго часу, як пачалася калектывізацыя, курс на правядзенне якой, як вядома, быў распачаты ў 1927 годзе.

Паколькі стаўленне розных пластоў сялянства да стварэння калгасаў і ўступлення ў іх было неаднолькавым (беднякі, як вядома, успрынялі гэтую з’яву станоўча, а сераднякі і больш заможная частка сялян, якіх ахрысцілі “кулакамі”, праяўляла хістанні, стрыманасць, баялася прайграць, страціць уласнасць і нічога не атрымаць узамен), то заможнікі хутка сталі persona non grata, што ў перакладзе з латыні азначае непажаданая асоба.

У 1928 г., пасля таго, як два гады запар у СССР зрывалася выкананне плану хлебанарыхтовак, і прыходзілася зноў уводзіць харчразвёрстку, было прынята рашэнне аб разгроме кулацтва, а дакладней, аб рэпрэсіях супраць заможных сялян. Паралельна ўлады пачалі кампанію па стварэнні калгасаў.

У 1929 г. у друку з’явіўся артыкул І.В.Сталіна «Вялікі пералом», у якім адзначалася, што ў калгасы ідуць не толькі беднякі, але і сярэднякі. Гэта значыла, што надыйшоў час паскорыць тэмпы калектывізацыі. А паколькі інвентару і зямлі для новых гаспадарак не хапала, было вырашана канфіскаваць маёмасць у заможных сялян. І пачаліся рэпрэсіі. Яны насілі жорсткі і масавы характар. Галоў сямей арыштоўвалі, а членаў іх сямей высылалі за межы рэспублікі.

Ахвярамі гэтых рэпрэсій сталі і мае прадзеды – Цімашковы сыны: Іван, Андрэй, Мацвей і іх сем’і, пра якіх пісаў у сваім нарысе Поляк.

Паколькі нарыс пра калектывізацыю рыхтаваўся да 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, то зразумела, што аўтар яго выкарыстаў у сваім творы ідэалагічны штамп таго часу, не грэбуючы пры гэтым асобнымі недакладнасцямі тыпу: “Днямі старшыня быў у Юравічах, у райвыканкаме. Там яму абяцалі даць некалькі новых плугоў, выдзяліць нямнога насення, нават мінеральныя ўгнаенні”.

Сёння, калі чытаеш гэтыя радкі, робіцца смешна ад падобнай падачы матэрыялу. Ну адкуль у 1929 г. у Юравіцкім райвыканкаме было лішняе збожжа, новыя плугі, не кажучы ўжо пра мінеральныя ўгнаенні, якія ў Беларусі пачалі вырабляць толькі ў 1965 г., а ў СССР прыступілі да іх выпуску ў 30-я?

На думку Поляка, відаць, гэтыя выдуманыя ім дэталі больш тонка і ярка адлюстроўвалі падзеі трыццацігадовай даўніны, і гэта можна было б прабачыць.

Але нельга прабачыць таго, што добра вядома кожнаму барусканцу. Члена сельскага Савета, камсамольца Канстанціна Фёдаравіча Гаркушу сапраўды забілі. Але адбылося гэта не па ідэйных ці класавых матывах, а па п’янай лавачцы, з-за дзяўчыны. І зрабілі гэта не “кулакі” Андрэй і Мацвей Гарысты, а, як расказалі мне барусканцы, іх аднавясковец Гарыст Павел па мянушцы Палонік, які пасля таго забойства збег з Боруска, і толькі пасля вайны, амаль праз два дзесяцігоддзі, вярнуўся ў родную вёску, жыў у ёй і пару дзесяцігоддзяў назад памёр.

Рэпрэсіўная машына, якая ўзялася за “кулакоў”, не магла прапусціць такі збег абставін: у вёсцы забілі адзінага камсамольца, і не важна, што забойца вядомы і збег з вёскі, у ёй засталіся тыя, хто супраць калгаса – вось гэта і ёсць ворагі, гэта і ёсць забойцы. І прадстаўнікі ўлады, якія павінны былі правесці следства і ўстанавіць сапраўднага забойцу, ніколькі не пакутуючы ад згрызотаў сумлення, абвінавацілі ў забойстве ні ў чым не павінных людзей.

Гарыста Андрэя і яго сына Антона, Андрэевага брата Мацвея – арыштавалі і расстралялі ў Мазырскай турме. Разам з імі арыштавалі і іх старэйшага брата, майго прадзеда Івана. Але з-за старасці і нямогласці яго адпусцілі да хаты, дзе ён хутка адышоў у нябыт.

Канфіскаваўшы ўсю маёмасць, сем’і раскулачаных выслалі за межы рэспублікі.

Гэтак жа паступілі з многімі іншымі праціўнікамі калгаснага ладу. Напрыклад, сыноў Гарыста Мацвея: Сяргея, 1897 г.н., Цімаха, 1909 г.н., Пятра, 1905 г.н., выслалі ў п. Чэлва Дабранскага раёна Пермскай вобласці. А 15 снежня 1937 г. іх арыштавалі, абвінавацілі ў шпіянажы, і 31 студзеня 1938г. расстралялі.(Книга памяти Пермской области).

27 верасня 1937 г. расстралялі і барусканцаў — “кулакоў”: Буцэнка Ігната Пракопавіча, 1874 г.н., Маскаленка Саву Антонавіча, 1913 г.н., і Мельнічэнка Васіля Сцяпанавіча, 1891 г.н. (Памяць. Калінкавіцкі раён. Мінск. “Ураджай”. 1999. с. 185).

Ад страху за ўласнае жыццё многія сяляне збеглі ў гарады, падаліся ў Сібір, дзе жыццё было крыху лягчэй. Напрыклад, малодшы брат майго дзеда Кірылы Аляксандр (барусканцы яго звалі Алекся), збег у Гомель, асеў у Навабеліцы. І наведаў родны Боруск толькі праз многа гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны, з якой вярнуўся героем — кавалерам баявых ардэноў.

Частка барусканцаў вырашыла перасяліцца ў Сібір. 28 красавіка 1929 г. у Боруску адбыўся арганізацыйны сход грамадзян, на якім быў створаны сельгаскалектыў для перасялення на каланізацыйны перасяленчы фонд у Сібіры.

Сяляне на сходзе зацвердзілі Статут калектыву, выбралі праўленне, у якое ўвайшлі Барысенка Нічыпар Марцінавіч, Гаркуша Фёдар Апанасавіч і Стома Якаў Савіч. Кандыдатамі ў члены праўлення абралі: Барысенку Паўла і Сяргеенка Надзею. У рэвізійную камісію выбралі Буцэнку Рыгора Аляксеевіча, Маскаленку Іллю Антонавіча і Гаркушу Канстанціна Фёдаравіча, кандыдатамі – Барысенку Марата Антонавіча і Барысенку Анісіма Марцінавіча.

У якасці разведчыкаў вырашылі паслаць у Сібір на новыя землі Барысенку Паўла Марцінавіча і Гаркушу Фёдара Рыгоравіча.

25 лістапада 1929 г. у Боруску з удзелам жыхароў вёскі адбылося пасяджэнне прэзідыума Вялікааўцюкоўскага сельсавета, у якім прынялі ўдзел члены прэзідыума: Гаркуша Ціхан (ён жа старшыня сельсавета – І.Г.), Меляшчэня Ц. (ён жа сакратар сельсавета – І.Г.), Драздоў; ад Юравіцкага райвыканкама: Прымак, Сокалаў, Костка, землеўпарадкавальнік Кулак; старшыня КСУД Стома З., упаўнаважаны КСУД Гаркуша Н.; старшыня калгаса “Чырвоны Боруск”, упаўнаважаны па землеўпарадкаванні Гаркуша К., член сельсавета Пырко Ермалай.Жаданне перабрацца на новае месцажыхарства ў Сібір выказалі каля двух дзясяткаў барусканскіх сем’яў. Усе яны пераехалі ў Омскую вобласць. (УЗДАМ. ф. 65, воп. 1, с. 504).

На пасяджэнні разглядалі пытанне аб землеўпарадкаванні калгаса “Чырвоны Боруск”. Даклад па гэтым пытанні зрабіў раённы земляўпарадкавальнік Прымак, які ў сваім выступленні адзначыў, “… што з самага пачатку землеўпарадкаванне калгаса праведзена няправільна, паколькі адступілі ад праекта, які быў зацверджан прэзідыумам райвыканкама”.

Ён жа адзначыў, што старшыня сельсавета Гаркуша і член прэзідыума сельсавета Драздоў “… не аказваюць калгасу ніякага садзейнічання”. Больш таго, “… з заможнай часткай вёскі вядуць агітацыю супраць калгаса і тармозяць землеўпарадкаванне калгаса, не выдзяляюць рабочых”.

Стома, выступаючы на пасяджэнні, заўважыў, “… што члены сельсавета не толькі не хочуць ісці насустрач калгаснаму будаўніцтву, але ж да таго не хочуць і гаварыць пра гэту справу”.

Пырко Ермалай сказаў,”… што яму нічога не вядома пра справу калгаснага будаўніцтва”.

Старшыня сельсавета заявіў:”Мы баімся ісці на працу, заможнікі запужваюць”.

Прадстаўнік райвыканкама Сокалаў на гэта выказаўся рэзка: “Слова “баімся” ні больш, ні менш, як контррэвалюцыя. Т. Гаркуша не пужлівы, таму ён добра ўсё ведае, але ж пад маскай контррэвалюцыі прыкрываецца словам “баімся”. Гэта адступленне ад лініі (партыі — І.Г.), гэта даўленне на землеўпарадкаванне і ніхто яго не падтрымае”.

Гаркуша Ціхон тут жа адрэагаваў:”Драздоў увесь час вядзе агітацыю супраць калгаса, а таксама моцна звязаны з кулацкай часткай і праводзіць з імі падпольныя сходы . І баяцца запужвання не трэба, а трэба прыняць суровыя меры па выкарчоўванню контррэвалюцыйных элементаў”.

А Драздоў у сваё апраўданне прамовіў: “Якія даручэнні мне даваліся. Такія я выконваў”.

У выніку абмеркавання пастанавілі: “… Драздова аддаць пад суд, а Гаркушы аб’явіць строгую вымову. Прыняць усе меры па прыёму ў калгас усіх жыхароў Боруска”.(УЗДАМ. ф. 65, воп. 1, с. 185, л. 129).

У выніку жорсткіх мер, якія смяртэльнай касой прайшліся па найбольш працавітых і гаспадарлівых сялянскіх сем’ях, пад прымусам і страхам, ну і, канешне ж, па добраахвотнаму жаданні пэўнай часткі сялян, калгас у Боруску, як і ў іншых паселішчах Беларусі, быў створаны.

Юліян Поляк у сваім нарысе напісаў:

“Праз год у Боруску зноў арганізоўваецца калгас. І назвалі яго “Чырвоны барэц”. Сімвалічна… “Барэц”. Так, за калгас змагаліся лепшыя адданыя людзі. Косця (Гаркуша – І.Г.), Пётр-кавалерыст (Гаркуша — І.Г.), Рыгор Гаркуша, настаўнік Стась Кавальчук, ізбач Міхаіл Целеш, беднякі Нічыпар Стома, Нічыпар Капітан, Захар Пырко…

Старшынёй стаў камуніст Мікалай Лявонавіч Гаркуша…”

З пачатку 1932 года голад ахапіў раёны поўдня Беларусі. Сотні жыхароў вёсак паміралі галоднай смерцю, а збожжа тым часам везлі на экспарт.Прымусовая калектывізацыя заканамерна прывяла да крызісу сельскай гаспадаркі. У 1932 годзе ў Беларусі рэзка скарацілася пагалоўе жывёлы, агульная вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі зменшылася на 25% у параўнанні з 1926 годам. Беларускія сяляне сталі харчавацца горш, чым у гады НЭПа. Дзяржаўныя цэны на збожжа і іншыя прадукты не кампенсавалі выдаткаў на іх вытворчасць. Яны былі ў 10-12 разоў ніжэй за рынкавыя.

З Тураўскага раёна калгаснікі пісалі: «Калі не дапаможаце, прыйдзецца з’есці сваіх дзяцей».

Але, нягледзячы на відавочны правал палітыкі калектывізацыі, бальшавіцкае кіраўніцтва праводзіла яе самымі жорсткімі метадамі. (Калубовіч А. Крокі гісторыі (Даследванні,артыкулы, успаміны). Беласток-Вільня-Менск: «ГаМакс», 1993, с. 154).

Многія калгаснікі зноў станавіліся аднаасобнікамі, хоць мясцовыя ўлады літаральна выціскалі іх невыноснымі падаткамі, за нявыплату якіх пагражала канфіскацыя маёмасці.

Былі выпадкі, калі ў дамах беднякоў-аднаасобнікаў бальшавікі здымалі з гаспадароў фартухі, кашулі і штаны. Але і гэта не дапамагала.

Ад «галадамору», падобнага ўкраінскаму, беларусаў выратавала бульба. Яе не адпраўлялі на экспарт.

Менавіта тады, у 1932 годзе, быў прыняты сумна вядомы закон «аб пяці каласках», які дазваляў кідаць у лагеры на 10 гадоў галодных сялян толькі за тое, што яны падбіралі каласы, якія засталіся на калгасных палях пасля ўборкі. (Врублевский А.П., Протько Т.С. Из истории репрессий против белорусского крестьянства. 1929-1934. Мн.: «Навука и Тэхніка» 1992.с. 73).

Па гэтым законе ў БССР толькі за два гады (у 1933-34 гг.) асудзілі звыш 10 тысяч чалавек!

Каб калгаснікі поўнасцю не разбегліся па гарадах, у 1932 годзе ў СССР увялі пашпартную сістэму з прапіскай па месцы жыхарства. З гэтага часу ніхто з вяскоўцаў пад пагрозай турмы не мог пакінуць сваё месца жыхарства без пашпарта, які сельскім жыхарам не выдавалі. Так сталінскі рэжым на 35 гадоў ператварыў сялян у сваіх прыгонных рабоў.

Іван ГАРЫСТ

Популярные сообщения

Изображение

Именные списки репатриированных граждан СССР прибывших на Винниковский сборно-пересыльный пункт г. Винники (Украина) и отправленных на сборно пересыльный пункт Полесской области (Беларусь) от 31 июля по 11 сентября 1945 года

Изображение

Список советских граждан насильственно угнанных в немецкое рабство в период временной оккупации немцами Юровичского с/совета, Калинковичского района, Полесской области, БССР

Изображение

Акты расследования злодеяний, совершенных немецко-фашистскими захватчиками против советских граждан при оккупации территории Ельского района от 14 декабря 1944 по 14 февраля 1945 гг.