Малые Автюки и Александровка

Пісаць гісторыю мясцовасці складана, пісаць гісторыю родных мясцін складана ўдвая. Таму што рызыкуеш быць неаб’ектыўным, таму што баішся прапусціць нешта вельмі важнае і істотнае. Даволі няпроста глядзець на сябе і сваіх землякоў з боку. Але тут ёсць і свае плюсы: та адчуваеш і бачыш навакольны свет, як яны, ты разумееш іх нават тады, калі, магчыма, яны цябе не разумеюць. Аднак Бог даў табе розум і магчымасць атрымаць адукацыю ў тым ліку і дзеля таго, каб быць вышэй гэтага неразумення і стаць голасам сваіх землякоў.

Гэта я пра Малыя Аўцюкі і Аляксандраўку, пра аўцюкоў і даманоўцаў. Малыя Аўцюкі – гэта мой бацька, Аляксандраўка – мая маці. У Аўцюках я нарадзіўся і жыў, закончыў школу, адсюль падаўся ў вялікі свет. У Аляксандраўцы прайшло маё маленства. Тут я хадзіў у дзіцячы сад, тут жыла мая бабуля, тут я любіў гойсаць па пасадцы ўздоўж чыгункі, сюды вяртаўся з вялікага свету і ведаў, што на пероне станцыі Галявіца абавязкова мяне сустракаюць бабуля Алена, дзядзька Валодзя і цётка Валя…

АДКУЛЬ МЫ, ЯКОГА РОДУ-ПЛЕМЕНІ?

Гісторыя населенага пункта, як вядома, пачынаецца з геаграфіі. Аднак ні Малыя Аўцюкі, ні Аляксандраўка на геаграфічнай карце раёна, здаецца, нічым адметным не вылучаюцца. А калі сказаць, што Аўцюкоўскае падняцце (монаклінальны блок, абмежаваны з усіх бакоў разрыўнымі парушэннямі) выдзяляецца з тэктанічных структур у межах Прыпяцкага прагіну, то гэта не кожны нават аўцюк зразумее. Таму скажам, што Малыя Аўцюкі знаходзяцца ў 12 км на ўсход ад Калінкавічы пры шашы Гомель – Брэст і на рацэ Закаванка, што бярэ пачатак з крыніцы за Лозкамі, цягнецца 42 км і ўпадае ў Прыпяць. Аляксандраўка – у 10 км на паўночны ўсход ад райцэнтра. У 19-пач.20 ст. яна – невялікая вёска (усяго 15 двароў), належала Міхайлавым. Тым самым, што валодалі Даманавічамі. Вось чаму аляксандраўцаў празвалі даманоўцамі. Больш старажытныя звесткі пра вёску адсутнічаюць.

Куды складаней з Аўцюкамі. Кім яны толькі не былі ў гістарычных пісьмовых крыніцах: і Аюцічамі, і Антуцэвічамі, і Аўцюцевічамі. Адным словам, шмат заблытанага і невядомага ў гісторыі вёскі, пачынаючы з самой назвы. Верагодна, назва населенага пункта – патранімічная, інакш кажучы, паходзіць ад імя або прозвішча першапасяленца. А вось быў гэта Аўтух (Еўціхій) ці Антук (Антоній), сёння ўжо ніхто дакладна не адкажа.

Ёсць, праўда, больш верагодная версія – мясцовае паданне пра ўцёкаў, якія ратаваліся ад крымскіх татараў. (Але ніяк не пра старавераў, якія быццам бы ўцяклі ад царкоўнай рэформы партыярха Нікана: па-першае, сапраўдныя стараверы і сёння, праз тры з паловай стагоддзі, захоўваюць сваю самабытнасць; па-другое, рэформа партыярха Нікана праведзена ў сяр. 17 ст., а Аўцюкі па вядомых пісьмовых крыніцах згадваюцца на сто з гакам гадоў раней.) Здарыцца гэта магло ў канцы 15 ст. То быў вельмі неспакойны час, ці не штогод татары рабавалі наш край. З 1488 г. Княства Літоўскае стала нават плаціць крымскім татарам даніну – штогадовыя адкупныя. А перад тым, у 1482 г., староста мазырскі Міхаіл Гашны паспешліва пабудаваў замак для абароны ад надакучлівых татараў. Пры старосце Гашным да Мазырскага замка былі прыпісаны 42 вёскі, сярод іх і Айцюцевічы.

Неспакойны час з нападамі, рабаваннем, забойствамі і вывадамі палону працягваўся ці не цэлае стагоддзе, аж пакуль князь Міхал Глінскі не разбіў татараў у славутай бітве пад Клецкам (5 жніўня 1506 г.). Але неўзабаве князь сам узняў антыдзяржаўнае паўстанне. Асноўныя валоданні Глінскіх былі на Палессі (цэнтр – Тураў). На дапамогу Глінскаму рынула 50-тысячная маскоўская армія, з поўдня зноў сталі нападаць татары. У 1534 г. яна захапілі і спалілі Мазыр, праз год агнём і мячом па тутэйшых мясцінах прайшла армія ваяводы Целяпнёва і князя Аўчыны-Абаленскага. Як было не ўцякаць, не ратавацца ад такой навалы?

Але ўжо праз 17 гадоў адноснага міру і аднаўлення разбураных гарадоў і вёсак Аўцюкі (Айцючыцы) згадваюцца ў вопісе Мазырскага замка (1552 г.), дзе жыхары названы “людзьмі гаспадарскімі” (дзяржаўнымі). Аўцюкі, найверагодней, былі тады адным сялом (менавіта сялом, з праваслаўнай царквою). Сярод гаспадароў называюцца Касцюк Велічкавіч, Шоя Велічкавіч, Васіль Крупячынін, Сідар Дзянісовіч, Сцяпан Кузевіч, Нестар Курыловіч, Васіль Ясковіч, Міхей, брат яго, потым брат яго Андрэй, брат жа іх Трухан Дашковіч, Амельян Сенкевіч, Яўсей Кузцэвіч, Сямён Філістовіч, Марка Панкратовіч, Іван Прыхожы, Мікіта Велічкавіч, Атрахім Пашкевіч, Сяргей Дашковіч, Лук’ян Яўсеевіч, Васіль Катовіч, Занько Хадоравіч, Марк Ласуціч. Яны павінны былі даваць на Мазырскі замак 248 л меду і 17 рублёў серабром.

У якім месцы першапачаткова знаходзілася сяло, цяжка сказаць, але дакладна не там, дзе цяпер знаходзяцца вёскі Вялікія і Малыя Аўцюкі. Гэта пазней яны рассяліліся і сталі называць адны другіх запольцамі і забродцамі. (Цікава, што ў дакуменце 1560 г. “Абмежаванне сёлаў Мазырскага павета” менавіта сяло Заполле размяжоўвалася з Аўцюцевічамі.) Адказ маглі б даць археалагічныя матэрыялы Аляксандра Ляўданскага, які ў 1929 г. праводзіў археалагічныя раскопкі ў Аўцюках. Аднак у 1937 г. гісторык быў расстраляны, а яго археалагічныя запісы і знаходкі загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Магчыма, пазказка – урочышча з назвай Селішча, дзе і магло быць даўняе сяло.

Тут самы час сказаць, што аўцюкі не былі спрадвечнымі пасяленцамі ў краі. Прыкладна за пяць стагоддзяў да іх гэтыя мясціны аблюбавалі дрыгавічы. (Прынамсі, так сцявярджае археалогія.) Але ў патоку перасяленцаў маглі быць і прадстаўнікі іншых славянскіх плямёнаў. Прозвішча Севярын наводзіць на думку, што сярод іх яўна былі севяране. Адзін з канцоў вёскі (самы вялікі, які займае цэнтральную вуліцу) называецца Севярыны. А яшчэ – Жаралы (ст.-слав. “крыніца”, “выток”, “пачатак”). Назвы іншых канцоў вёскі – яшчэ адна дадатковая падказка да вывучэння даўняй гісторыі населенага пункта. Напрыклад, Жаглі. “Жагляваць” на ст.-слав.мове – “плысці па вадзе”. Так што менавіта Жаралы і Жаглі ёсць месцы самага першага пасялення ў Малых Аўцюках. Рэчыцкая і Афіцэрская – пазнейшыя вуліцы-канцы ў вёсцы. Першая ўтварылася паабапал шляху, што ішоў з Каленкавіч каля Ладыжына, лесам, пра Аўцюкі на Замосце, Васілевічы і да Рэчыцы. Другая (Афіцэрская) – ужо пасляваенны тапонім. А пра тое, што ўцёкі былі не першымі і не апошнімі перасяленцамі ў гэтыя мясціны, свдчаць прозвішчы балцкага паходжання – Есьман, Шашолка, Судас, Таўтын.

Як жылі, чым займаліся першыя насельнікі аўцюкоўскай мясцовасці? Адказ адназначны – земляробствам. У здабыванні хлеба надзённага яны карысталіся такімі прыладамі працы, як рала, наральнікі, сашнікі, рыдлёўкі, сякеры, косы, сярпы, ступы, жорны, маслабойкі, льнотрапалкі, часалкі і інш. Вырошчвалі пшаніцу, ячмень, проса, кармавыя бабы, гарох, лён, каноплі, яравое жыта. Парэшткі хатніх жывёл сведчаць пра занятак жывёлаводствам. Натуральна, прамышлялі паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, бортніцтвам. Усе гэтыя заняткі першапасяленцы ўцёкі-аўцюкі перадалі сваім нашчадкам, яны амаль без змяненняў дажылі да 20 ст.

Навакольныя балоты з багатымі радовішчамі руды наводзяць на думку, што і кавальская справа ў гэтай мясцовасці была на добрым узроўні. Зусім побач знаходзіцца Есіпава Рудня – месца здабычы балотнай руды. (Між іншым, спецыялісты сцвярджаюць, што і сёння яна мае даволі высокую якасць, нават па сусветных мерках.)

З суседзямі і вялікім светам Аўцюкі звязваў тракт, што ішоў з Азарыч на Даманавічы і далей аж да Юравіч і меў гандлёвае і вайсковае значэнне.

Нягледзячы на тое, што навакольныя мясціны спрадвеку заставаліся глухім кутком Палесся ад да часу правядзення чыгункі ў 1885 г., жыццё мясцовага люду нельга назваць спакойным і размераным. Пасля крымскіх татараў і маскоўскіх войскаў самай бязлітаснай разбуральнай сілай сталі казацкія загоны. Гэта быў сапраўдны жах у канцы 16 ст. Гвалт і смерць неслі яны мірнаму насельніцтву. Магчыма, аўцюкі і самі былі не супраць спаўна паспытаць казацкай вольніцы. Пэўна, і прозвішчы з той пары захаваліся такія: Буцэнка (ст.-укр. “буцун”, “буцура” – бузацёр), Гарыст (ст.-бел. “гарст”, “герст” – зачыншчык, важак), Дулуб (укр. “тулуб” – тулава), Гаркуша (урк. “картавы”), Варабей. А тыя, што працягвалі займацца мірнай праца й, вымушаны былі ці не штогод прысягаць на вернасць то вялікаму князю літоўскаму, то вялікаму князю маскоўскаму, то казацкім атаманам Налівайку, Палавусу, Залатарэнку, Нячаю. Як на гора, сталі здарацца неўраджайныя гады з голадам і морам, эпідэмія чумы. Ад таго чаму захаваўся цікавы дакумент – чалабітная братоў Грышкі і Івана Менгінскіх да маскоўскага цара з просьбай замест ранейшага валодання Аўцюцевічы даць іншае, Бераслаўскае, што ў Маскоўскай дзяржаве. (Не вытрымалі браты, не справіліся з аўцюкамі!) Цікавы дамент тым, што абедзьве вёскі названы як адна – Аўцюцевічы.

Па першым раздзеле Рэчы Паспалітай Аўцюкі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі і засталіся ў дзяржаўнай уласнасці. У 1801 г. па новым тэрытарыяльна-адміністрацыйным дзяленні Аўцюкі засталіся цэнтрам воласці ў 3-м стане (цэнтр – Васілевічы) Рэчыцкага павету Мінскай губерні. У самой вёсцы кіраваў сельскі сход, які абіраў старэйшыну, размяркоўваў зямлю паміж гаспадарамі, падаткі, разглядаў спрэчкі, нёс адказнасць за членаў абшчыны, вырашаў пытанне па кандыдатурах на адпраўку ў рэкруты. У “Рэвізскіх казках” таго часу сказана, што ў Малых Аўцюках пражывала 256 душ сялян мужчынскага полу.

А ўжо ў 1821 г. ў справаздачы па тым жа Рэчыцкім павеце адзначаны хваляванні дзяржаўных сялян у Аўцюках. Прычына – значны налогавы ўціск і надахоп ворнай зямлі. Пасля ўваходжання ў Расійскую імперыю побач з’явілася вёска Аляксандраўка, частка зямель адышла пад вёску і належала памешчыку Міхайлаву.

Праблемнае пытанне вырашылася амаль праз 40 гадоў. У прашэнні ад 25 студзеня 1860 г. гаворыцца: “У 1858 г. пры састаўленні праекта праверачнай люстрацыі грамада сялян сяла Малыя Аўцюцевічы з прычыны цеснаты паселішча і недахопу прыдатных для хлебаробства зямель просім аб прадстаўленні запасных участкаў ва шрочышчы Сірад для перасялення сямей А. Р. і П. Р. Дулубаў, Ц. Есьмана, М. Дулуба, А. Векі, І. Севярына, І. Дулуба і А. Кома”.

Прашэнне было задаволена. Так узнікла вёска Сырод.

Дарэчы, па інвентары 1800 г. ўпершыню згадваецца і ўрочышча Галявіца (“галявіца” – пустое, незанятае месца), якое набудзе значэнне і заселіцца людзьмі пасля пракладкі тут чыгункі.

У 1874 г. пад кіраўніцтвам інжынера Жылінскага пачынае ажыццяўляцца праект асушэння палескіх балот. У 1878-1880 гг. былая рэчка Закаванка стала каналам Закаванка.

Пра тагачаснае сяло ёсць звесткі ў кнізе “Апісанне цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі. Вып. VIII.”: “Сяло Аўцюцевічы знаходзіцца ў 3-й благачынніцкай акрузе Рэчыцкага павету, размешчана ў нізіннай, лясістай і адасобленай мясцовасці… Праваслаўная царква існуе тут з незапамятнага часу. Сучасная прыходская Параскевіеўская царква, размешчаная пасярод паселішча, пабудавана ў 1850 г. дзяржаўным коштам на суму 14 тыс.рублёў серабром. Будынак драўляны, фундамент каменны, у выглядзе падоўжанага крыжа, з адным глухім купалам на сярэдзіне царквы, другім такім жа над алтаром і калакольняю ў франтоннай частцы. Дах жалезны, пафарбаваны, як і сцены, маслянай фарбай. Вокны размешчаны ў два ярусы, дзвярэй чацвёра. Унутранае памяшканне мае ў плошчы 35 сажэняў2 (≈ 75 м2). Да ацяплення не прыстасавана”.

Згадваецца і Богаслужэбнае Евангелле ў ліст, абкладзенае аксамітам, з сярэбранымі ўпрыгожаннямі, якое ахвяраваў царкве ў 1757 г. мясцовы жыхар Пракоп Есьман.

У склад прыхода тады ўваходзілі Малыя і Вялікія Аўцюкі, Боруск, Глінная Слабада, Лозкі, Сырод, Аляксандраўка. Усіх прыхажан налічвалася 1307 душ мужчынскага і 1439 душ жаночага полу. Усе яны былі дзяржаўнымі сялянамі і займаліся хлебаробствам. Адзначаючы рэлігійна-маральны стан прыхажан, аўтар прызнаў яго здавальняючым. Настаяцелем царквы з 1851 г. з’яўляўся Гаўрыіл Турцэвіч.

У тагачаснай літаратуры (“Памятная кніга Мінскай губерні” за 1873 і 1874 гг.) сустракаюцца прозвішчы лекараў, якія, найверагодней, паходзілі з Аўцюкоў. Гэта вольнапрактыкуючы ўрач Гаўрыіл Казіміравіч Есьман і малодшы ардынатар Бабровіцкага ваеннага шпіталя калежскі асэсар Канстанцін Аляксандравіч Севярын.

У 1870 г. у Малых Аўцюках было 30 двароў і прыкладна 200 жыхароў, праз 16 гадоў у сяле ўжо 95 двароў і 620 жыхароў. Такога дэмаграфічнага росту Аўцюкі яшчэ не ведалі ў сваёй гісторыі. Ён працягваўся да пачатку першай сусветнай вайны і дасягнуў лічбы амаль 1400 жыхароў. Наступная хваля дэмаграфічнага росту прыйдзецца толью на 60-я-70-я гады 20 ст., калі колькасць двароў дасягне лічбы 600, а колькасць жыхароў 2000 чалавек.

Расла і Аляксандраўка. Калі ў 1882 г. тут налічвалася 15 двароў і каля 80 жыхароў, то ўжо ў 1909 г. перапіс насельніцтва зафіксаваў 63 двары і 446 жыхароў. Няхітры падлік паказвае: штогод вёска павялічвалася амаль на дзве сядзібы і 13 чалавек.

Першым, хто заўважыў характэрныя адметнасці аўцюкоў, IX этнаграфічную асаблівасць, быў беларускі фалькларыст і этнограф Ісак Сербаў. Вось што ён пісаў у сваёй кнізе «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914): «Мясцовыя дрыгавічы зауважна адрозніваюцца ад палешукоў як па знешнасці, так і па ладу жыцця. Тут відаць народ крэпкі, прыгожы і жыццярадасны. Асабліва мілавіднасцю вылучаюцца жанчыны. Прытым яны яшчэ і выдатныя рукадзельніцы… Больш за іншых затрымалі мяне «аўцюкі», што насяляюць два суседнія сялы Вялікія і Малыя Аўцюцевічы або проста Аўцюкі. Рэзка выдзяляюцца яны сваёй знешнасцю і говарам сярод навакольнага насельніцтва і ўяўляюць надзвычай цікавы этнаграфічны тып. Аўцюк, найперш паўднёвы, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Гаворыць ён скарагаворкай з паўднёва-рускім акцэнтам, зусім адвольна скарачаючы словы. У жывой мове, напрыклад, можна пачуць такія выразы: “Мо бутца трэа? – Озьміт-ка ее на ба плечы»; «Хоіла моа дзень, або два, дый нічого не выхоіла». Тое самае заўважаецца ў змяненні галосных гукаў. Так, напрыклад, галосны «у» пераходзіць у «ы»: хамыт, стрына, мыха і г.д. Акрамя таго, у говары аўцюкоў захаваліся формы і звароты рускага праязыка. Напрыклад, чуюцца такія выразы: «Маці, дось тобе седзець, будземо обедаці» — «Хто знацьме про стары горад…»   Іцціму дзве версце пеша…».

НАБЫТКІ І СТРАТЫ САВЕЦКАГА ЧАСУ

Грамадзянская вайна і замежная інтэрвенцыя сталі для вёсак паўтарэннем падзей з часоў татарскіх і казацкіх нашэсцяў. Белыя, красныя, польскія легіянеры, кайзераўскія войскі, атрады Булак-Балахов1ча… Колькі перабыло іх за тры гады на гэтай зямлі, колькі пакут і бед яны прынеслі людзям. Фронт па некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі па лініі Галявіцы – Аляксандраўка – Малыя Аўцюкі. Мабыць, толькі аўцюкам з IX прыроджаным аптымізмам і пачуццём гумару па сілах было перажыць такую навалу. Мне пашанцавала. Малым я слухаў апавяданні суседак бабак Ганны Арсеніхі і Лены Куры, відавочцаў тагачасных трагічных падзей, але значна пазней усвядоміў гумарыстычную паэтыку IX апавяданняў — літаральна як у фільме «Вяселле ў Малінаўцы»: «Баста, хлопцы, улада мяняецца.» Сапраўды, гумар нярэдка ратуе чалавека ў складаных сітуацыях. Гэга я таксама ўсвядоміў дзякуючы сваім землякам.

Аднак былі сярод аўцюкоў і тыя, хто душой і сэрцам прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю, стаў байцоў Чырвонай Арміі і апантаным агітатарам за новую ўладу і новае жыццё. Гэта Павел Андрэевіч Века, Пётр Кірылавіч Севярын, Іларыён Сцяпанавіч Малашчанка, Пётр Дзмітрыевіч Севярын, Аляксей Фёдаравіч Века, Карп Сцяпанавіч Малашчанка. У гады грамадзянскай вайны граміў махноўцаў Аляксандр Яфімавіч Севярын, а пасля вайны разам з аднавяскоўцам Ніканорам Яфрэмавічам Дулубам працавалі ў органах ЧК ў Севастопалі і Сімферопалі.

Рана ці позна, але пасля вайны заўсёды настае мір. Вясной 1923 г. сялян Аўцюкоўскай воласці сабралі на сход, які абазвалі незразумелым словам «канферэнцыя». У архіве захавалася наступная пастанова таго схода: ‘»Канферэнцыя заклікае працоўны народ да аднаўлення разбуранай гаспадаркі сваімі сіламі. Работа празмерна цяжкая, аднак, нягледзячы на гэга, аднаўляюцца чыгункі, фабрыкі, сельская гаспадарка… Мы прызнаем унутраную і знешнюю палітыку савецкай улады як правільную і заклікаем насельніцтва воласці ўсямерна падтрымліваць урад у яго імкненні ўзняць сельскую гаспадарку». Ці здагадваліся кемлівыя аўцюкі, што для іх гэта далёка не апошні прымусовы сход? А, можа, ківалі згодна галовамі валасному і павятоваму начальству і хітра пасміхаліся сабе ў вусы, трымаючы свае сапраўдныя думкі пры сабе?

Праз год, у ліпені 1924 г.. на карце Беларусі з’явіўся Калінкавіцкі раён у складзе 12 сельсаветаў. Сярод іх быў і Малааўцюкоўскі сельскі Савет. Першым старшынёй стаў Севасцьян Севярын, сакратаром Севасцьян Дулуб. Да Вялікай Айчыннай вайны пасаду старшыні займаў М. А. Дулуб, Стэфан Века, Улас Шашолка. Тады ж у склад Малааўцюкоўскага увайшлі ліквідаваныя Сыродскі і Аляксандраўскі сельсаветы. Пачынаўся перыяд нэпа, і ўсе прыкметы гаварылі за тое, што жыццё рухаецца сапраўды да чагосьці новага — трывалага і заможнага.

Але ранняй вясной 1930 г. ўлады зачынілі Параскевіеўскую царкву, забаранілі свяшчэнніку праводзіць богаслужэнне і адпраўляць царкоўныя абрады. Было ад чаго нацярожыцца аўцюкам…

6 кастрычніка 1929 г. ў Аляксандраўцы было створана таварыства вогнеупорнага будаунщтва. Старшынёй яго стаў Якуб Загальскі. Мэтай таварыства, у якім працавалі 46 чалавек, стала вытворчасць і рэалізацыя вогнеўпорных і іншых дапаможных будаўнічых
матэрыялаў (цэгла, цэмент, бетон, чарапіца, калодзежныя круп для бетонных калодзежаў).
Падчас калектывізацыі ў пачатку 30-х гадоў у Аўцюках быў створаны калгас «Чырвоны
Кастрычнік», у Аляксандраўцы – калгас «1 Мая». У Аляксандраўцы меўся склад
Калінкавіцкага спажыўтаварыства, у Аўцюках размяшчалася адна з 13-ці пажарных
каманд раёна. У сярэдзіне 20-х гадоў адчынілася хата-чытальня, якой загадваў Васіль
Нічыпарук. У 30-я гады па праекце асушэння палескіх балот побач з Ауцюкамі
(прыкладна 1,5 км на паўднёвы ўсход) быў створаны завод «К1М» па здабычы торфу, а ў
Аляксандраўцы луга-меліярацыйная станцыя. Па вузкакалейцы, якая агінала Аўцюкі з
захаду, торф вазілі на станцыю Галявіца, грузілі ў вагоны і адпраўлялі на торфабрыкетны
завод у Васілевічы.

Мірную працу перапыніла новая вайна. «Быў такі ўдалы выхадны дзень – цёплы, сонечны, – расказвала некалі светлай памяці баба Параска, дзянна майго бацькі. Мы са старым у вотведах былі ў Ганкі Бындзінай. Яна тады свайго Аркадзя нарадзіла. Гасцюем, аж тут прыбягае хлопец з сельсавета і кажа: вайна. Усім мужчынам трэба сабрацца каля сельсавета. Дзе ж было гуляць? Подбежкам пайшлі дадому. А па сялу ўжо бабы галосяць, мужчыны да сельсавета збіраюцца.  Пайшоў і мой стары. А там ужо быў чалавек у форме, мабыць, з ваенкамата. От ён ім нешта гаварыў-гаварыў, а тады пастроіў і павёў ў Каленкавічы на зборны пункт».

Каля трохсот аўцюкоў сталі ў строй па першым прызыве ў чэрвені-жніўні 1941 г., амаль паўтары сотні – жыхароў Аляксандраўкі. Большасць з іх так і не вернуліся ў родныя мясціны. Яны паснулі вечным сном пад Масквой і Ленінградам, у брацкіх магілах у Арлоўскай, Курскай, Смаленскай, Калінінскай абласцях Расіі, Чарнігаўскай, Днепрапятроўскай, Кіеўскай, Харкаўскай абласцях Украіны, у Літве, Польшчы, Усходняй Прусіі, Югаславіі, Германіі. Многія з таго першага прызыву прапалі без вестак. Прозвішчы аўцюкоў і аляксандраўцаў выбіты на абелісках у Петрыкаўскім, Жыткавіцкім, Калінкавіцкім, Бабруйскім, Пінскім раёнах роднай Беларусі. Яны назаўсёды засталіся “салдатамі ганаровай варты міру ў маўклівым каравуле”. Архіпавы, Атаман, Бонікі, Барысенкі, Вараб’і, Жарало, Загальскія, Ігнатовічы, Калыбенкі, Лахмаковы, Ляўковічы, Назаранкі, Севярыны, Сопаты, Сычы – з Аляксандраўкі, Багдановічы, Бондары, Буцэнкі, Векі, Гаркушы, Дулубы, Есьманы, Канановічы, Лозькі, Малашчанкі, Радзькі, Севярыны, Смолічы, Супруны, Шашолкі – з Малых Аўцюкоў. Калі дзе-небудзь на чужой старане вам на вочы трапіцца адно з гэтых прозвішчаў на абеліску, ведайце: гэта напэўна ваш зямляк, ваш аднавясковец…

Былі сярод аўцюкоў і такія, хто не змірыўся з акупацыйным рэжымам і падаўся ў партызаны. Павел Фёдаравіч Багдановіч, Уладзімір Іванавіч Века, Вольга Ільінічна Дулуб, Уладзімір Макаравіч Есьман, Лідзія Рыгораўна Есьман, Мікалай Яфімавіч Есьман, Фёдар Радзівонавіч Малашчанка, Яфім Максімавіч Севярын, Панас Сцяпанавіч Дулуб.

Вызваленне прыйшло ў Аўцюкі і Аляксандраўку ў студзені 1944 г. Немцы стварылі тут умацаваную лінію абароны, якая пралегла ад Аляксандраўкі праз Малыя Аўцюкі да Вялікіх Аўцюкоў. Прарыў гэтай лініі з’яўляўся ключом да вызвалення Калінкавіч… Тры брацкія з сотнямі забітых байцоў Савецкай Арміі яскравей усіх дакументаў сведчаць пра жорсткія баі, якія тут ішлі. Сярод пахаваных у Аляксандраўцы – Герой Савецкага Саюза Куманёў. Відавочцы тагачасных падзей успаміналі, што амаль тыдзень пасля вызвалення воды Закаванкі былі рудымі ад крыві…

У 1945 г. настала доўгачаканая Перамога. У вёску з вайны пачалі вяртацца франтавікі. Яны адразу браліся за працу – аднаўлялі ўласныя селішчы, аднаўлялі разбураную гаспадарку. Але больш за 300 чалавек так і не прыйшлі з той вайны. У Малыя Аўцюкі не вярнуліся 217 чалавек, у Аляксандраўку – 95.

Ужо ў першыя гады мірнага жыцця на поўную магутнасць запрацавалі торфзавод “КІМ” і Галявіцкая луга-меліярацыйная станцыя. На працягу наступных двух дзесяцігоддзяў гэтыя прадпрыемствы ўваходзілі ў лік перадавых у раёне, іх працоўныя калектывы выконвалі і перавыконвалі гадавыя і пяцігадовыя планы. Дырэктарам торфзавода працаваў Даменнікаў (памёр у 1958 г. на 59-м годзе жыцця), дырэктарам ЛМС – Шаплыка.

Аднавілі сваю работу калгасы. 19 студзеня 1946 г. калгас “Чырвоны Кастрычнік” узначаліў Сяргей Пятровіч Супрун. Праз тры гады яго змяніў Іосіф Іванавіч Чарнякоў. З 1952 г. на пасадзе старшыні калгаса працаваў Ісак Раманавіч Каробка (пазней працаваў у якасці намесніка парторга мясакамбіната), а 21 сакавіка 1956 г. кіраўніком гаспадаркі стаў Дзмітрый Сяргеевіч Севярын. Праз паўтары гады старшынёй быў абраны Васіль Іванавіч Табулін, з імем якога звязаны самыя высокія дасягненні гаспадаркі.

У верасні 1958 г. раённая газета паведамляла, што ў 550 дамах жыхароў вёсак Малыя Аўцюкі і Аляксандраўка запалілася “лямпачка Ільіча”.

У пасляваенны перыяд старшынямі Малааўцюкоўскага сельсавета абіраліся Фёдар Ісакавіч Севярын (22.01.1946 – 1.12.1949), Анатоль Міхайлавіч Сырамалотаў (1.12.1949 – 9.08.1951), Пётр Пятровіч Супрун (24.08.1952 – 4.03.1953), Яфім Савасцьянавіч Есьман (4.03.1953 – 5.03.1955), Дзмітрый Сяргеевіч Севярын (5.03.1955 – 21.03.1956), Ісак Фёдаравіч Супруноўскі (21.03.1956 – 24.03.1961), Павел Барысавіч Дулуб (24.03. 1961 – 19.12.1963, 15.06. 1972 – 13.03.1989), Сцяпан Рыгоравіч Стома (19.12.1963 – 8.08.1969), Святлана Пятроўна Савіцкая (8.08. 1969 – 15.06.1972), Мікалай Міхайлавіч Змушка (1989-2007), Міхаіл Іванавіч Дулуб (з 2007 г.).

Сакратаром сельсавета многа гадоў працаваў Каленік Пятровіч Дулуб (1944-1963, а ў перыяд 9.08.1951 г. – 24.08.1952 г. ён нават быў абраны на пасаду старшыні). Затым на пасадзе сакратара працавалі Лідзія Якаўлеўна Комар (1963-1969), Міхаіл Харытонавіч Малашчанка (1965-1966), Лідзія Рыгораўна Есьман (1969-1979), Тамара Уладзіміраўна Дзенісенка (1979-1982), Марыя Якаўлеўна Дулуб (1982-2005).

17 чэрвеня 1950 г. гаспадаркі “1 Мая” і “Чырвоны Кастрычнік” былі аб’яднаны ў адзіны калгас “Чырвоны Кастрычнік” з цэнтральнай сядзібай у Малых Аўцюках. А 7 сакавіка 1960 г. на базе калгасаў “Чырвоны Кастрычнік” Малааўцюкоўскага і імя Кірава Вялікааўцюкоўскага сельсаветаў, а таксама Галявіцкай машынатрактарнай станцыі, створанай ў 30-я гады, з’явіўся саўгас “Галявічы”. У 1973 г. гаспадарка стала племсаўгасам – вядучай племянной гаспадаркай па развядзенні свіней, а таксама буйной рагатай жывёлы.

З 2001 г. саўгас стаў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемствам (КСУП) “Галявічы”. У 2006 г. яна ліквідавана, тэрыторыя далучала да СВК “Дружба” з цэнтральнай сядзібай у Сыродзе і стала называцца СВК “Дружба-Аўцюкі”.

У розны час гаспадарку ўзначальвалі Павел Філіпавіч Шаплыка, Васіль Іванавіч Табулін, Мікалай Сямёнавіч Рубцоў, Мікалай Рыгоравіч Зінавенка. Апошнім кіраўніком быў Уладзімір Аляксандравіч Есьман – ураджэнец в. В. Аўцюкі, пры якім адбыўся поўны эканамічны заняпад гаспадаркі.

За высокія вытворчыя дасягенні многія работнікі гаспадаркі былі ўдастоены ўрадавых узнагарод. Кавалерам ордэна Леніна стаў механізатар Сцяпан Аксёнавіч Карнеявец, ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга – жывёлавод Іван Якаўлевіч Века, загадчыкі вытворчых участкаў Рыгор Макаравіч Гаркуша і Павел Іванавіч Багдановіч, дырэктар саўгаса Васіль Іванавіч Табулін, ордэна “Знак Пашаны” – механізатары В. Л. Сідарчук і У. І. Галкін, А. Б. Саламаха і В. К. Сопат, М. А. Стома і Я. Р. Малашчанка, звеннявы А. П. Жарало, ордэна Працоўнай Славы ІІІ ст. – механізатар Канстанцін Пятровіч Есьман, жывёлавод М. А. Стома, медаля “За працоўную доблесць” В. А. Шашолка, медаля “За працоўную адзнаку” – Р. М. Гаркуша.

Званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі” прысвоена механізатару Сцяпану Аксёнавічу Карнеяўцу.

Сцяпан Аксёнавіч Карнеявец нарадзіўся ў 1917 г. ў в. Аляксандраўка. Закончыў 7 класаў Малааўцюкоўскай СШ. Яго працоўная біяграфія пачалася ў 1939 г. ў якасці трактарыста. Затым быў перапынак: у 1941-1945 гг. ён ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

У 1950 г. Сцяпан Карнеявец прыходзіць на работу механізатарм на Галявіцкую лугамеліярацыйную станцыю, а праз тры гады ён быў пераведзены памочнікам брыгадзіра трактарнай брыгады.

З моманту стварэння саўгаса “Галявічы” і да выхаду на заслужаны адпачынак Сцяпан Аксёнавіч працаваў механізатарам у гэтай гаспадарцы.

За поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці ў 8-й пяцігодцы Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Сцяпан Аксёнавіч Карнеявец быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Пастановай бюро Калінкавіцкага райкама КПБ ад 22 чэрвеня 1971 г. занесены ў раённую кнігу Славы.

Паважаюць і шануюць аднавяскоўцы памяць пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – сваіх землякоў. Сярод іх адметнае месца належыць Я. Ф. Сопату.

У пачатку красавіка 2009 г. радавому салдату Вялікай Айчыннай Якаву Філіпавічу Сопату споўнілася 96 гадоў. Ён – карэнны жыхар вёскі Аляксандраўка. Тут нарадзіўся, тут вучыўся, тут ажаніўся. Тут жа ў 1933-м у якасці грузчыка Галявіцкага механізаванага лесапункта пачаў сваю працоўную біяграфію. Затым былі вадзіцельскія курсы і праца шафёрам на тым жа лесапункце.

Шафярыў Якаў Філіпавіч да самага выхаду на пенсію. Многія гады ён з’яўляўся персанальным вадзіцелем аднаго са славутых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна – Васіля Іванавіча Табуліна, дырэктара племсаўгаса “Галявічы”.

Ёсць у яго біяграфіі і іншая адметная старонка. Якаў Філіпавіч – адзін са старэйшых ветэранаў вайны. Але значны ўзрост не з’яўляецца для яго нейкім асаблівым цяжарам. Куды больш цяжкая ноша – перажытыя страты родных і блізкіх, дарагіх сэрцу людзей на жыццёвай дарозе. Гэта хвалюе яго значна мацней за І групу інваліднасці. А яшчэ – ніякія думкі і надзённыя клопаты не здольныя засланіць у яго памяці ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну. Ад першага яе дня да апошняга.

“Мяне забралі ў той жа дзень, у нядзелю 22 чэрвеня, – гаворыць Якаў Філіпавіч. – Ваенкамат накіраваў мяне ў 5-ы гаубічны полк (камандзір – маёр Волгін), які знаходзіўся ў Мышанцы.

Жорсткія баі пад Кузнецкам, Падольскам, Тулай. Затым франтавыя дарогі прывялі Я. Ф. Сопата пад Сталінград. А летам 43-га 101-ю гаубічнаю брыгаду, дзе ён служыў, перакінулі на Курскую дугу. Пасля былі баі на І Украінскім фронце, вызваленне Кіева і ўсёй Украіны, выхад на заходнія рубяжы дзяржавы і вызваленне еўрапейскіх краін.

Ваенны лёс быў літасцівы да Якава Філіпавіча, убярог ад гібелі. Франтавымі дарогамі ён прайшоў ад Мышанкі да Масквы і ад Масквы да Берліна. Таго, што ён пабачыў і перажыў, хапіла б на некалькі чалавечых біяграфій. Але першы дзень вайны быў і застаецца ў яго памяці назаўсёды. Як і дзень апошні:

“Нічога падобнага я больш ніколі не адчуваў за свой доўгі век, – прызнаецца ён. – Наша брыгада стаяла на беразе Шпрэе. Была ноч. І раптам аб’явілі: вайне канец. Што тут пачалося! Паўсюдная страляніна разарвала начную цішыню. Але крыкі: “Ура!” перакрывалі неверагодны гул залпаў. Мы плакалі і смяяліся адначасова, абдымаліся і цалаваліся. Мы адчувалі шчасце, якое нельга расказаць ніякімі словамі”…

ШКОЛА – УЧОРА, СЁННЯ, ЗАЎТРА

Першае ўпамінанне пра школу ў населеным пункце адносіцца да першай паловы 19 ст. У “Памятнай кніжцы Віленскай навучальнай акругі за 1878-1879 навучальны год” гаворыцца: “У сяле Малыя Аюцічы ў 1842 г. адкрыта народнае вучылішча ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча адпускаецца 139 рублёў 15 капеек з казначэйства і 85 рублёў 25 капеек са збораў з дзяржаўных сялян”.

Ў той час школу наведвалі 31 хлопчык і 4 дзяўчынкі. Гэта былі дзеці заможных сялян і свяшчэнніка. Да 1875 г. настаўнікам Малааўцюкоўскага народнага вучылішча працаваў Аляксандр Сямёнавіч Рубановіч.

У 1861 г. у Малых Аўцюках адкрылася таксама царкоўна-прыходская школа. Пад школу быў адведзены ўчастак насупраць царквы. Па першым часе школа існавала як народная і складалася з аднаго камплекта. Наведвалі школу 50 дзяцей, з якіх дзве дзяўчынкі – дочкі мясцовых папа і млынара. Іншых дзяўчынак бацькі ў школу не пускалі.

Асноўнымі прадметамі ў гэтай школе былі царкоўна-славянская мова і Закон Божы. Мясцовы жыхар П. З. Дулуб успамінаў: “Нам, дзецям простых сялян, вучыцца ў школе было цяжка. Не было ў нас ні кніжак, ні сшыткаў. Каб вывучыць урок, трэба было абегчы ўсю вёску, таму што адна кніга была на ўсіх. Яе бераглі, як святыню. Нас у школе вельмі білі, асабліва поп за Закон Божы. Поп часцяком прыходзіў п’яны. У выніку такой вучобы я нічаму так і не навучыўся”.

У 1911-1935 гг. настаўнікам у школе працаваў Аляксандр Андрэевіч Нячаеў. Многія старажылы вёскі вельмі добра памяталі гэтага чалавека. (Яго сын Яўген, 1920 года нараджэння, выпускнік Малааўцюкоўскай школы, з першага дня быў на вайне. Ён загінуў у 1943 г.)

У 1919 г. школа стала двухкамплектнай, на работу сюды прыйшла маладая настаўніца, дачка апошняга малааўцюкоўскага свяшчэнніка Ніна Аляксандраўна Ждановіч (яе сястра Людміла працавала настаўніцай у суседняй Аляксандраўцы). Школа размяшчалася ў двух памяшканнях: адно з іх – былы папоўскі дом, другі быў перавезены з вёскі Зеляночы.

У 1932 г. школа стала сямігадовай, складалася з двух камплектаў і называлася школай калгаснай моладзі. Цяпер яна займала тры будынкі, у ёй вучылася 300 дзяцей. У 1935 г. адбыўся першы выпуск. Сярод выхаванцаў школы былі Ірына Самойлаўна Севярын – у будучым перадавая калгасніца-свінавод, дэпутат райсавета дэпутатаў, кавалер медалі “За працоўную доблесць”, Пётр Арсенцьевіч Севярын – ваенны лётчык, маёр у адстаўцы (жыў у Маскве), Іван Фёдаравіч Севярын – партыйны работнік, галоўны рэдактар раённай газеты ў 1957-1961 гг., Іван Міхайлавіч Севярын – афіцэр (жыў у Маскве), Панас Сцяпанавіч Дулуб – камандзір партызанскага ўзвода (загінуў у гады вайны), Якаў Пятровіч Супрун – партызан (загінуў у гады вайны), Канстанцін Рыгоравіч Севярын – настаўнік (памёр).

У Вялікую Айчынную вайну на фронце змагаліся з ворагам Павел Іванавіч Есьман – маёр (жыў у Кіеве), Марк Паўлавіч Дулуб – пракурор (жыў у Львове), Мацвей Пятровіч Дулуб – настаўнік у в. Ляскі, Іван Фёдаравіч Севярын, Вольга Ільінічна Дулуб – настаўніца, Пётр Арсенцьевіч Севярын, Ефрасіння Нікіфараўна Дулуб – медыцынскі работнік, Праскоўя Майсараўна Есьман – настаўніца.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны школа не працавала, яе памяшканні былі прыстасаваны пад казарму.

Пасля вызвалення школа аднавіла сваю работу. Заняткі праходзілі па хатах сялян. Першы пасляваенны выпуск сямігодкі адбыўся ўжо ў 1947 г. Толькі ў 1955 г. ў вёсцы пабудавалі новую школу, якая ў наступным годзе стала сярэдняй. А да гэтага часу ў 8-10 класы вучні хадзілі ў Вялікія Аўцюкі.

У 1957-1958 навучальным годзе адбыўся першы выпуск сярэдняй школы – 15 выпускнікоў. Многія вучні паступілі ў тэхнікумы, ваенныя вучылішчы і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У 50-я-60-я гады дырэктарам школы працаваў Б. Ланда, настаўнікамі – Г. Д. Кулагіна, К. Г. Севярын, Н. А. Рылаўцава, А. А. Кір’янава, Г. І. Хміленка, Е. С. Буглак, Зінаіда Якаўлеўна Лысенка, Галіна Дзмітрыеўна Кулагіна, Натан Навумавіч Гоман, Уладзімір Арцёмавіч Хмура, Зелянок, Зінкевіч, Ксіння Цярэнцьеўна Севярын, Алена Сяргееўна Варывода, Марыя Якаўлеўна Загальская.

У 70-я-80-я гады у школе працавалі Аркадзь Уладзіміравіч Зарэцкі, Клара Сямёнаўна Спевак, Галіна Міхайлаўна Яўгенева, Валянціна Мікалаеўна Збуржынская, Людміла Паўлаўна Беніваленская, Яўгенія Сямёнаўна Радчук, Аляксандр Купрыянавіч Кавалёў, Ганна Міхайлаўна Карнеявец, Ганна Антонаўна Кір’янава, Святлана Уладзіміраўна Варабей, настаўніцкі калектыў узначальваў Павел Пятровіч Бірылаў. Пры школе адкрыўся вучэбна-вытворчы камбінат, у якім выкладалі Вячаслаў Андрэевіч Рабчыкаў, Мікалай Пятровіч Горб, Аляксей Андрэевіч Брэль і інш. Настаўнікамі роднай школы сталі і многія яе выпускнікі. Гэта Марк Паўлавіч Дулуб, Уладзімір Мікалаевіч Барысенка, Зінаіда Васілеўна Малашчанка, Аляксей Пятровіч Века, Еўдакія Сяргееўна Ярасевіч, Марыя Паўлаўна Севярын, Тамара Ільінічна Саламаха, Вольга Станіславаўна і Валянціна Станіславаўна Парэпскія, Галіна Пятроўна Гаркуша, Вольга Яўгеньеўна Хмура, Наталля Міхайлаўна Камыш, Кацярына Іванаўна Сопат, Людміла Уладзіміраўна Зінавенка, Святлана Мікалаеўна Філіповіч, Таццяна Васілеўна Малашчанка, Іна Аляксандраўна Пацкевіч, Галіна Анатолеўна Ларысава, Марына Уладзіміраўна Хмура, Марыя Аляксандраўна Камыш, Людміла Валер’еўна Барашкова, Святлана Пятроўна Есьман, Таццяна Мікалаеўна Калыбенка. Многія выпускнікі працуюць у школах нашага раёна, а таксама іншых абласцей Беларусі. Настаўніцкі калектыў пасля П. П. Бірылава ўзначальвалі М. Я. Загальская, С. П. Кадол, у цяперашні час дырэктарам школы з’яўляецца Аляксандр Уладзіміравіч Германенка.

Мяняўся калектыў школы, прыбаўлялася вучняў. У 1973 г. быў пабудаваны новы трохпавярховы цагляны будынак школы, заняткі ў якім пачаліся 17 лістапада таго ж года. У 1976 г. школа перайшла на кабінетную сістэму адукацыі.

Па стану на 2008 г. Малааўцюкоўскую школу з залатым медалём закончылі больш за 40 вучняў, з сярэбраным – больш за 30.

Школа з поўным правам ганарыцца сваімі выпускнікамі. Міхаіл Пятровіч Супрун – дырэктар Гомельскага леса-гаспадарчага аб’яднання, Уладзімір Паўлавіч Шаплыка – былы першы сакратар ЦК камсамола Беларусі, Мікалай Сяргеевіч Сталяроў – генерал-маёр авіяцыі, Сяргей Уладзіміравіч Барысенка – лаурэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі ў вобласці навукі і тэхнікі 1997 г., Павел Мікалаевіч Багдановіч – доктар тэхнічных навук, прафесар, Валянціна Пятроўна Вішнеўская (Дзенісенка) – доктар псіхалагічных навук, вядучы спецыяліст інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, палкоўнік, Тамара Міхайлаўна Радзько – заслужаны работнік сферы бытавога абслугоўвання Рэспублікі Беларусь.

І, безумоўна, шырока за межамі нашага раёна ўжо стаў вядомы Рэспубліканскі фестываль гумару “Аўцюкі”, які праводзіцца ў Малых і Вялікіх Аўцюках раз на два гады.

 ***

“Аўцюкі – сяло бальшоя, можна горадам назваць…” На жаль, не пра ўсё і не пра ўсіх аўцюкоў і даманоўцаў. Сярод маіх землякоў было і ёсць шмат здольных, таленавітых і працавітых людзей, якія ўмеюць не толькі жартаваць. Таму працяг будзе, абавязкова!

Аляксандр Века

Популярные сообщения

Изображение

Именные списки репатриированных граждан СССР прибывших на Винниковский сборно-пересыльный пункт г. Винники (Украина) и отправленных на сборно пересыльный пункт Полесской области (Беларусь) от 31 июля по 11 сентября 1945 года

Изображение

Список советских граждан насильственно угнанных в немецкое рабство в период временной оккупации немцами Юровичского с/совета, Калинковичского района, Полесской области, БССР

Изображение

Акты расследования злодеяний, совершенных немецко-фашистскими захватчиками против советских граждан при оккупации территории Ельского района от 14 декабря 1944 по 14 февраля 1945 гг.