Некрашоўка павінна жыць. Копач М. Денисов М. Народный голос от 15 июля 1998 года

Некрашоўка павінна жыць


Некрашоўка. 1870 год. Хутар, 5 двароў, 22 жыхары.
1924 год. Хутар, 57 двароў, 268 жыхароў. Пра тэта сведчаць архівы г. Мінска і Мазыра.
І996 год. Вёска, 15 двароў, 36 жыхароў (3 вестак Качышчанскага сельсавета).

Што ж здарылася з гэтай, яшчэ нядаўна немалой вёскай Ельшчыны, дзе 20-30 год назад было каля 100 двароў і больш 200 жыхароў? А цяпер — чатыры-пяць сем'яў тых, чые продкі жылі тут многія дзесяцігоддзі. Астатнія раз'ехаліся...

Трынаццаты год чорная хмара чарнобыльскай бяды вісіць над гэтай некалі шумнай вёскай, якая ўтульна размясцілася на берагах невялічкай рачулкі Чэрцень. Больш 150 год існуе вёска. Многія падзеі прайшлі праз лёс першапасяленцаў і іх патомкаў — Дзянісавых, Малашчанкаў, Капачоў, Мазалёў...

Паявіўся хутар Некрашоўка прыкладна ў канцы першай паловы мінулага стагоддзя на тэрыторыі Кузьміцкай сельскай абшчыны Скараднянскай воласці. Старыя людзі расказвалі: "Памешчыкі суседніх маёнткаў Кузьмічы і Кочышчы пажанілі дзяцей і ад сваіх угоддзяў выдзелілі на беразе Чэртня новай сям'і надзел ворнай зямлі, сенажаці і лесу. На адным з пагоркаў, на левым беразе рэчкі, пабудавалі дом і гаспадарчыя пабудовы, пасадзілі сад. Дом згарэў у апошнюю вайну. Ліпы, грушы і кусты бэзу ў былым садзе захаваліся і сёння, упрыгожваючы вёску. Для абслугоўвання новага маёнтка прымусова былі пераселены з Кузьміч і Кочышч некалькі сем'яў. Тут для іх былі выдзелены таксама надзелы зямлі.

Назва вёскі ўтворана ці ад прозвішча Кузьміцкага памешчыка Некрашэвіча (прозвішча польскага паходжання, пашыранае на Палессі), ці ад імя селяніна Некраша, надзел зямлі якога знаходзіўся тут.

Сяляне ў асноўным займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй. Вакол новага пасялення ў пойме рэчкі Чэрцень былі вялікія плошчы балот, багатыя сенакосамі і пашай для жывёлы. Некаторы прыбытак давалі сялянам рыбалоўства і занятак пчалярствам. Акрамя гэтага ім прыходзілася апрацоўваць памешчыцкую зямлю, нарыхтоўваць корм для гаспадарчай жывёлы, даглядаць яе.

Побач з вёскай праходзіў дзяржаўны Валынскі тракт з Санкт-Пецярбурга на Валынь і ў Падолію. У той час гэта была адзіная дарога ў гарады блізкія і далёкія. Яна была абсаджана бярозамі, а праз балоты намошчаны грэблі і гаці. Некрашоўскія сяляне часта наймаліся для перавозкі дзяржаўнай пошты, чыноўнікаў і іншых пасажыраў, так як на бліжэйшых паштовых станцыях — у Караліне, Скародным, Кузьмічах было ўсяго па шэсць службовых коней, якіх, вядома, не хапала.

У другой палове 19-га стагоддзя на ўскрайку вёскі быў пабудаваны пастаялы двор і карчма для адпачынку праезджых. Пра гэта і сёння напамінае ўрочышча "Карчма".

Пасля адмены прыгоннага права (1861 г.) і ў гэтым лясным, эканамічна адсталым краі пачалі развівацца капіталістычныя адносіны. На Украіну па рэках сллаўляўся і вывозіўся лес, якога тут было шмат. У ваколіцах Некрашоўкі было пабудавана некалькі невялікіх заводаў, дзе выганялі з дрэва смалу, з бяросты — дзёгаць, выпальвалі драўляны вугаль. I сёння ў пяці месцах захаваліся сляды гэтай вытворчасці. Аб гэтым гавораць І назвы некаторых мясцін: Барасцяны завод, Печкі, Смалакурня і іншыя.

На балотах, што акружалі вёску ў канцы мінулага стагоддзя, шчыра працавала экспедыцыя генерала Жылінскага. Нанятыя ім сяляне ўручную, лапатамі, праклалі на ўсіх балотах канавы, спусцілі лішнюю ваду. Аб гэтым і сёння напамінаюць старыя канавы ў некаторых месцах.

Мала што змянілася ў жыцці Некрашоўкі і ў пачатку дваццатага стагоддзя. Сялян пачалі рассяляць па хутарах. Больш 20 сем'яў, у тым ліку сем'і Дзянісава Прохара Васільевіча, Капача Якава Антонавіча, Дзянісава Ціта Іванавіча, Мазаля Пятра Паўлавіча пачалі абжываць новыя ўгоддзі, якія атрымалі далёка ад вёскі.

Змяніўся ў гэтыя гады і ўладальнік некрашоўскага маёнтка. Ім стаў пан Аляксандр (прозвішча ніхто не памятае), які купіў зямлю і дом у былых гаспадароў. Адрозніваўся ён ад другіх памешчыкаў дэмакратычнасцю, чалавечнасцю ў адносінах да сялян. Пан Аляксандр не крыўдзіў некрашоўцаў, памагаў бедным грашыма, хлебам. Старажылы ўспаміналі выпадкі, калі пан разам з сялянамі ратаваў кароў, якія загрузлі ў балоце, прымаў удзел у рамонце дарог і маёнкта. "Добры быў пан", — гаварылі яны.

Трэба сказаць і аб тым, што Некрашоўка карысталася сярод другіх вёсак папулярнасцю. Два галоўныя праваслаўныя святы "Каляды" і "Тройца" адзначаліся тут насельніцтвам многіх суседніх вёсак. Непадалёку ад Некрашоўкі, ва ўрочышчы "Стары Чэрцень" часта праводзіліся сельскія кірмашы. I яшчэ адна цікавая дэталь пра жыццё вёскі таго часу — сумесна з сялянамі-хлебаробамі ў Некрашоўцы жыло некалькі сем'яў яўрэяў-рамеснікаў і гандляроў. Жылі дружна, паважалі звычаі сваіх народаў.

Некалькі змянілася жыццё вяскоўцаў у гады першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. У баях "за Веру, Цара і Айчыну" загінулі браты Капачы — Мікалай і Аляксандр, сыны Якава Калача, а таксама Дзянісаў Гаўрыла Сцяпанавіч. А імёны яшчэ двух забыліся. Тры гады ў германскім палоне знаходзіўся Капач Аўрам Навумавіч. Адны ваявалі на франтах грамадзянскай вайны, другія займаліся сваімі звычайнымі вясковымі справамі, але ўсе чакалі лепшых перамен.

У гады грамадзянскай вайны з вёскі выехаў пан Аляксандр. Цёпла развітаўся ён з некрашоўцамі, раздаўшы ім частку сваей маёмасці, а пані са слязамі на вачах цалавала жанчын. Пазней у яго доме была адкрыта школа. Прыкладна ў 1924 годзе служыўшыя ў конніцы легендарнага Катоўскага жыхары Некрашоўкі Капач Аркадзь Якаўлевіч і Дзянісаў Рыгор Пятровіч былі прыемна здзіўлены, даведаўшыся, што новы камандзір эскадрона — былы пан Аляксандр з іх вёскі, з якім так цёпла развіталіся некалькі год таму назад. Добрым і патрабавальным камандзірам ён быў, чырвонаармейцы паважалі яго. Храбра змагаўся ён у баях з бандытамі.

Успамінаецца пры гэтым расказ старажылаў з суседніх Кузьміч пра тое, як яны пасля рэвалюцыі за дрэнныя адносіны да мужыкоў па-свойму адпомсцілі ранейшаму пану Яну — сцягнулі з могілак у балота мармуровы помнік з партрэтам пана.

Раздзяліўшы панскую зямлю пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, сяляне працягвалі рассяляцца па хутарах. У цэнтры вёскі працавала пачатковая школа. Першай яе настаўніцай была Осіпава, а ў 1924 г. яе замяніў выхадзец з вёскі Кузьмічы Вітко. Некалькі гадоў ён працаваў у вёсцы. Архівы захавалі і такія звесткі: з Кузьміцкага сельсавета Некрашоўка была аднесена ў склад Качышчанскага. У кастрычніку таго ж, 1924 года шэраг пабудоў былога памешчыцкага маёнтка (гумно, хлеў) былі перавезены ў Ельск для пабудовы народнага дома. У школе была ўведзена яшчэ адна абслугоўваючая адзінка — вартаўнік. Праз Чэрцень пабудаваны новы мост. У вёску ішло некалькі газет...

А затым гады калектывізацыі, час трывог і бурных падзей, якія крута перамянілі жыццё сялян. У 1930 годзе быў утвораны калгас імя Чарнякова. Першым яго старшынёю быў выбраны Капач Іларыён Навумавіч. Гэта быў самы адукаваны чалавек у вёсцы, які да рэвалюцыі працаваў пісарам воласці. Сем'і Дзянісава Прохара Васільевіча, Дзянісава Кузьмы Аляксеевіча былі раскулачаны і вывезены з рэспублікі. Апошняму праз некалькі месяцаў дазволілі вярнуцца ў вёску, аднак усю маёмасць, гаспадарчыя пабудовы і жывёлу забралі, аставілі сям'і адну хату.

За якія грахі перад дзяржавай, за якія правіннасці перад аднавяскоўцамі іх так пакаралі? Забралі нажытае за ўсё жыццё, вывезлі на верную пагібель у таёжны край. Ды і якое там было ў іх багацце? На гэта няма адказу і сёння. А былі ж гэта руплівыя гаспадары, добрасумленныя людзі, разумныя працаўнікі. Мала яны ведалі адпачынку: аралі, сеялі, гадавалі жывёлу, расцілі хлеб, былі добрымі будаўнікамі. Таму і жылі крыху лепш, чым астатнія. Быў у іх заўсёды кавалак хлеба на стале, а да яго, у святы ды касавіцу, — кавалак сала. Гэта і выклікала зайздрасць тых, хто не любіў працаваць.

Не выратаваў Дзянісава П. В. ад высялення зварот жыхароў вёсак Некрашоўка і Кузьмічы да органаў улады, у якім яны 30 красавіка 1930 года прасілі не высылаць яго сям'ю, так як "ён ніколі не быў ворагам Савецкай улады, працаваў разам з другімі, ніколі не быў багаты, не меў машын, не карыстаўся наёмнай працай..."

Пад зваротам было 64 подпісы, завераныя членамі Качышчанскага сельскага Савета, жыхарамі вёскі Некрашоўка — Гудам Андрэем Цітавічам і Капачом Кирылай Маркавічам, старшынёю і сакратаром Савета.

Трагічны лес гэтых двух членаў сельсавета ў далейшым часе. 11 сакавіка 1938 года ў г. Мазыры на падставе несапраўдных фактаў Гуд А. Ц. быў расстраляны як вораг народа. Капач К. М. цёмнай асенняй ноччу 1931 года быў сустрэты невядомымі людзьмі на дарозе Чэрцень-Некрашоўка (вяртаўся з сялянскага сходу ў суседняй вёсцы). Яго завялі ў лес, жорстка збілі, знявечылі твар — адрэзалі вушы, і адпусцілі. Да самай смерці над ім насміхаліся аднавяскоўцы, якія не разумелі ўсяго складанага перажытага часу.

Калектывізацыя працягвалася. Не ўсе жыхары вёскі адразу ўступілі ў калгас. Прыглядваліся, разважалі. А органы мясцовай улады чакаць не хацелі. I каб паскорыць тэмпы калектывізацыі дварам "заможных" сялян-аднаасобнікаў даводзіліся высокія нормы абавязковых паставак дзяржаве селыаспрадуктаў, павялічаныя ў два-тры разы размеры грашовых падаткаў.

Не ўсе вытрымлівалі гэта — хто ўступаў у калгас, а хто пакідаў вёску. У архівах можна знайсці рашэнне райвыканкома тых гадоў аб павышэнні падатку на "заможнага" Дзянісава Пятра Іванавіча і шэсць яго аднавяскоўцаў да 200-300 рублёў. А гэта былі ў той час вялікія грошы. Захаваўся і такі дакумент-пратакол групы грамадзян вёскі (усяго 20 чалавек), у якім абвінавачваўся ўладаю і аднавяскоўцамі Дзянісаў Іван Прохаравіч, які не жадаў уступаць у калгас, а зарабляў грошы на будаўніцтве маста, трымаў у сваім доме родзічку, якую лічылі батрачкай. Адчуваючы, што гэта папярэднічае высылцы з вёскі "ў іншыя месцы", Днянісаў I. П. пачаў хавацца ў лесе, ці працаваў на сезонных работах у другіх раёнах. Дома заставалася хворая жонка і пяцёра дзяцей.

Як "вораг народа" (не ўступаў у калгас) быў накіраваны на будаўніцтва канала Масква-Волга Капач Аркадзь Якаўлевіч. А ў 1937-1938 гадах зніклі яшчэ некалькі вяскоўцаў. Поаз некаторы час стапа вядома, што былі расстраляны ў Мазыры Малашчанка Павел Аляксеевіч і Днянісаў Яўхім Трафімавіч. Дзесяць год пазбаўлення волі атрымаў 65-гадовы Дзянісаў Кузьма Аляксеевіч, які ў 1942 годзе памёр у Мардоўскіх лагерах. Яшчэ некалькі чалавек было асуджана на працяглы тэрмін лагераў.

Страшную і нікчэмную ролю ў гэтай справе адыграў аднавясковец. ён выдаваў людзей карным органам як "ворагаў народа". Прозвішча яго не называем таму, што дзесьці жывуць яго дзеці і ўнукі.

Калгас у Некрашоўцы у 1937 годзе назвалі "Абарона Саветаў", так як Старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР Чарвякоў Аляксандр Рыгоравіч, чыё імя насіла гаспадарка, быў таксама аб'яўлены "ворагам народа" і… расстраляны.

А жыццё ў вёсцы ішло сваей чаргою. Людзі прывыкалі да сваей новай долі. Вучыліся жыць у калектыўных формах арганізацыі працы, хаця плацілі за гэта вельмі мала. У гэтыя гады было праведзена сеяленне ўсіх хутароў у адзін калгасны цэнтр. У вёсцы паявіліся дзве новыя вуліцы. I тут не абышлося без насілля. Некаторых хутаран перавозілі на новае месца жыхарства з усімі пабудовамі за 200-300 метраў ад новай вуліцы, каб была прамыя лініі дамоў, ды яшчэ брыгадзіру, — было бліжэй хадзіць і аддаваць загады на работу. А чаго каштавала такое перасяленне людзям, ніхто не хацеў лічыць.

1940 год. Ішло асушэннё балот у раёне. Некрашоўка не была ў баку. На дзесяткі кіламатраў працягнуліся пракапаныя людзьмі канавы, насыпана каля кіламетра дамб, якія адгарадзілі частку поймы Чэртня ад балот. Работы перапыніла вайна...

Дзесяткі мужчын у 1941 годзе былі мабілізаваны на абарону Айчыны. Падлеткі і старэйшыя мужчыны пагналі калгасную жывёлу ў глыбокі тыл. У вёсцы засталіся мужчыны больш пажылога ўзросту, якіх не паспелі мабілізаваць у армію. У канцы жніўня 1941 года ў вёсцы часова пасялілася некалькі ваеннаслужачых, якія не выйшлі з акружэння І чакалі, калі пройдзе небяспека. У вёсцы наладжвалася некаторая падпольная работа: былі знішчаны масты праз Чэрцень і Славечна, разбурана лінія тэлефоннай сувязі. Старастам вёскі па заданию падпольшчыкаў стаў мясцовы каваль Малюк Іван Максімавіч, які не толькі імкнуўся сарваць, але і сабаціраваў выкананне загадаў нямецкіх улад, за што быў расстраляны разам з усёй сям'ёй.

Ужо ў першую ваенную зіму паявіліся ў вёсцы ахвяры акупантаў. У Ельску за падпольную дзейнасць былі павешаны Дзянісаў Міхаіл Цітавіч і салдат-акружэнец. Жыў ён у вёсцы нядоўга, прозвішча яго ніхто не памятае. На чыгуначным праездзе, каля вёскі Багуцічы быў жорстка пакараны карнікамі Капач Мікалай Аўрамавіч. Летам 1942 года некалькі хлопцаў і дзяўчат былі вывезены на работу ў Германію.

Восенню 1942 года ў партызанскія злучэнні Каўпака і Сабурава, якія прыйшлі з бранскіх лясоў на Палессе, у мясцовы партызанскі атрад пайшлі ваяваць больш дзесяці аднавяскоўцаў. Дзянісаў Васіль Пятровіч быў назначены начальнікам штаба атрада, яго брат Міхаіл — памочнікам камісара атрада па камсамолу. Можна заўважыць: ні адзін (!) з жыхароў вёскі не пайшоў у паліцыю і на другую службу фашысцкім уладам, хаця і праводзілася вярбоўка. Пажылыя мужчыны, якія засталіся ў вёсцы — Малашчанка Прохар Аляксеевіч, Мазоль Аляксей Паўлавіч, Капач Аркадзь Якаўлевіч і іншыя вельмі часта па начах праводзілі да чыгункі і шасейнай дарогі Мазыр—Оўруч групы партызанскіх падрыўнікоў. 8 кастрычніка 1943 года за ноч яны правялі праз гэтыя дарогі і далей на Захад 2-ое Малдаўскае партызанскае злучэнне, сфарміраванае на тэрыторыі Нараўлянскага раёна, кое дасягнула потым сваей далекай Радзімы.

Летам 1943 года карнікі спалілі ўсе хаты, калгасныя пабудовы, жорстка расправіліся з выпадкова трапіўшымі ім на вочы людзьмі. Застаўся цэлым толькі адзін дом. Жыхары вёскі хаваліся ў лесе, дзе будавалі зямлянкі і шалашы. Позняй восенню таго ж года мужчыны, якія яшчэ засталіся ў вёсцы, былі мабілізаваны і праз бліжэйшую лінію фронту адпраўлены ў франтавыя часці. У акружаючых вёску лясах жанчыны і старыя, дзеці, галодныя і халодныя, чакалі вызвалення. А па начах можна было ўсё часцей пачуць артылерыйскую кананаду, якая даносілася з боку Дняпра.

7 і 8 студзеня 1944 года праз Некрашоўку і Кузьмічы і далей на Кочышчы і Рамязы ўздоўж заходняга берага Чэртня ў глыбокі тыл праціўніка, выконваючы заданне — адрэзаць адыход Мазырскай групоўкі ворага ў заходнім і паўднёва-заходнім кірунку, прайшлі два кавалерыйскія карпусы савецкіх войск. 11 студзеня быў вызвалены Ельск. Але яшчэ доўгіх 16 месяцаў дзесьці працягвалася вайна, гінулі людзі. У Некрашоўку ішлі звесткі з фронту... А тут на папялішчах людзі тэрмінова капалі зямлянкі для жылля, аднаўляўся калгас. Першым старшынёй апошняга ваеннага года быў былы партызан Кошаль Я. Г., затым інвалід вайны Дзянісаў М. Ц.

Нарэшце прыйшоў радасны май 1945 года. Не для ўсіх ён быў радасным. Амаль палова некрашоўцаў, якія пайшлі на вайну, не вярнуліся. Старшы лейтэнант Панцэвіч Мікалай Васільевіч, камандзір батальёна, загінуў 11.09.1942 г. у баях на Паўночным Каўказе, яго брат, лейтэнант Аляксандр Васільевіч аддаў жыццё 14.10.1944 г. у баях за горад Рыгу. Ужо пасля Дня Перамогі, 13 мая, пры вызваленні Чэхаславакіі загінуў былы настаўнік еяржант Савановіч Цімафей Лявонавіч. Дзесьці на крывавых ваенных дарогах загінулі тры браты Дзянісавы, Мікалай, Рыгор, Іван Пятровічы, Капач Рыгор Якаўлевіч, Сарнаўкі Фядос Міхайлавіч, Дзянісаў Мікалай Аляксандравіч і іншыя адважныя героі з невялічкай палескай вёскі.

У жалобны спіс неабходна дабавіць яшчэ дванаццаць загінуўшых падпольшчыкаў, мірных жыхароў. Пакалечанымі вярнуліся з вайны маёр Дзянісаў Уладзімір Дзям'янавіч, удзельнік бітвы пад Арлом і Курскам, Малашчанка Мікалай Якаўлевіч, Драбянчук Уладзімір Аляксандравіч, Малашчанка Мікалай Апанасавіч.

Жыхары, якія ўцалелі ў час вайны, актыўна ўключыліся пасля перамогі ў аднаўленне разбуранага вайной жылля. Нялёгкая гэта была справа. Не хапала коней, машын, зерня, каб пасеяць. Капалі зямлю лапатамі, запрагалі ў вазы і плугі кароў. Праз некалькі гадоў на месцы выраслі дамы, на калгасных дварах - фермы, сховішча, гараж. Паявіліся машыны. Не ведаючы адпачынку, з рання да позняга вечара працавалі на калгасных палях і фермах былыя франтавікі: Дзянісаў Уладзімір Кірылавіч, Малашчанка Адам Прохаравіч, Капач Аркадзь Якаўлевіч, Дзянісаў Аляксей Васільевіч і многія іншыя. Не адставалі ад іх жанчыны, падлеткі - будучае вёскі. Душой калектыву доўгія гады быў старшыня гаспадаркі - удзельнік вайны, былы рэдактар раённай газеты Бенза Іван Астапавіч. За дзесяць-пятнаццаць гадоў усё было адноўлена. Выраслі будынкі школы, клуба, комплекснага прыёмнага пункта бытавога абслугоўвання насельніцтва, магазіна. Забалочаныя землі ў пойме ракі Чэрцень былі асушаны, ліквідавана мелкаконтурнасць палёў. У пяцідзесятыя гады да калгаса ў Некрашоўцы былі далучаны вёскі Калінавая і Чэрцень. Калгас "Абарона Саветаў" неаднаразова займаў вядучыя месцы ў раёне па вытворчасці прадуктаў сельскай гаспадаркі, многія калгаснікі былі ўдастоены ўрадавых узнагарод. Некалькі слоў пра людзей пасляваеннай Некрашоўкі. Вялікім вучоным - аграрнікам, доктарам навук, прафесарам Расійскай Акадэміі стаў Капач Мікалай Лявонцьевіч. Доўгія гады на дзяржаўнай, партыйнай і грамадскай рабоце знаходзіліся Дзянісаў Леанід Карнеевіч і Капач Міхаіл Аркадзьевіч.

Настаўнікамі, кіраўнікамі сярэдніх школ і добрасумленнымі выхавальнікамі моладзі працавалі Дзянісаў Уладзімір Дзям'янавіч і Дзянісаў Мікалай Андрэевіч. Высокія ваенныя званні атрымалі Дзянісаў Уладзімір Захаравіч і Карпаў Якаў Андрэевіч. Амаль усё жыццё працаваў землеўпарадкавальнікам раёна былы. партызан Дзянісаў Міхаіл Пятровіч. Многія сталі спецыялістамі другіх галін народнай гаспадаркі. Цяпер Некрашоўка ўваходзіць у склад СПК "Рэвалюцыя". У вёсцы з'явілася некалькі новых жыхароў (у асноўным перасяленцы з краін былога СССР). Ёсць надзея, што Некрашоўка не знікне, будзе жыць. Гэты нарыс падрыхтаваны для тых, хто не па свайму жаданню пакінуў Некрашоўку, каму яна сніцца, дзе засталіся магілы родных. Ён напісаны для падрастаючых пакаленняў, каб не забывалі гісторыю роднага краю. Для новых жыхароў- гэта звесткі пра вёску, дзе ім давядзецца жыць і працаваць. Не на пустым месцы яны ж пасяліліся. Некрашоўка жыла, жыве цяпер і павінна жыць...

Капач М
Дзянісаў М.

Популярные сообщения

Изображение

Именные списки репатриированных граждан СССР прибывших на Винниковский сборно-пересыльный пункт г. Винники (Украина) и отправленных на сборно пересыльный пункт Полесской области (Беларусь) от 31 июля по 11 сентября 1945 года

Изображение

Список советских граждан насильственно угнанных в немецкое рабство в период временной оккупации немцами Юровичского с/совета, Калинковичского района, Полесской области, БССР

Изображение

Акты расследования злодеяний, совершенных немецко-фашистскими захватчиками против советских граждан при оккупации территории Ельского района от 14 декабря 1944 по 14 февраля 1945 гг.